Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Б. Тарашкевіч ''Беларуская граматыка для школ''...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
790.02 Кб
Скачать

Лекцыя 25.

А. 1. Што азначаюць такiя словы: i, а, на, ад, да, з, без, цераз, пад, над? Цi яны азначаюць прадмет, цi асаблiвасьць прадмету, цi асаблiвасьцi асаблівасьцяў?

2. Вось такiя словы: вучань, здарэнне, белы, вясёлы, тры, сто, я, мой, едзе, сьвецiць i г.д. - цi маюць самастойнае значэньне i што азначаюць?

§ 29. Усе словы можна падзялiць на дзьве клясы: самастойныя i несамастойныя. Самастойныя паказваюць прадмет, асаблiвасьцi прадмету або асаблiвасьцi асаблiвасьцей. Да самастойных належаць прадметнiк, прыметнiк, лiчэбнiк, займеньнiк, дзеяслова, прыслоўе. Несамастойныя часьцiны не азначаюць анi прадмету, анi асаблiвасьцей; яны служаць толькi для таго, каб злучаць i звязываць самастойныя часьцiны мiж сабою.

Б. Перапiсаўшы, падчыркнi несамастойныя словы:

Чайка наскочыла на камень. Прыйшла чапля ў госьцi к жураўлю. Рыбакi ад’ехалi ад берагу. Паднялося сонца над лесам. Дзецi жывуць пры бацькох. На стральца i зьвер бяжыць. Найшла каса на камень. Болей слухай, а меней гавары. Абы бяда, а шыя будзе. Гара з гарою ня сходзiцца, а чалавек з чалавекам назаўсёды. I без папа ведама, што ў нядзелю сьвята. Глухi не дачуе, дык прыложыць. Ня зыч лiха другому, каб не давялося самому.

Лекцыя 26.

А. 1. Зьвярнi ўвагу на словы, друкаваныя курсывам:

Прыйшла чапля у госьцi к жураўлю. Лiс дабраўся да курэй. Найшла каса на камень. Паднялося сонца над лесам. Дзецi сядзелi пад дубам. Рыбакi ад'ехалi ад берагу. Селянiн паехаў у лес па дровы. Сабака стаяў перад гаспадаром. Няма торгу бяз звадкi.

Адкажы: цi гэтыя словы самастойныя , цi не?

2. Цi можна сказаць, напрыклад, так: лiс дабраўся да курам, найшла каса на каменем i падобна?

§ 30. Прадлог. Такiя несамастойныя словы , як ад, да, на, над, пад, к, цераз, перад, праз, прад, у, па, за, аб i падобныя называюцца прадлогамi. Яны знаходзяцца прад скланяным словам i кiруюць яго склонам (паложаны прад - прадлог).

Калi прадлог кiруе склонам, то лiчыцца асобным словам i пiшацца асобна. Каб даведацца, цi прадлог кiруе склонам, трэба паставiць адпаведнае пытаньне такiм спосабам: Найшла каса (на што?) на камень. Дзецi жывуць (пры кiм ?) пры бацькох.

Калi-ж прадлог так прырос да скланянага слова (прадметнiка або прыметнiка), што не кiруе яго склонам, то тады такога пытаньня паставiць нельга, i прадлог пiшацца разам, напр.: насеньне, прадлог, дапамога, запiска. Тутака слова без прадлога або зьмяняе сэнс, або зусiм трацiць яго.

З дзеясловам прадлог творыць адно слова i пiшацца разам: паехаць, дабрацца, узяцца, прадлажыць i г.д.

Б. Перапiсваючы, пастаў перад прадлогам адпаведныя пытаньнi, як паказа-на ў § 30:

Мы ўвайшлi ў хату. Кола наехала на камень. Голуб кружыўся над хатай. Мы дайшлi да хаты праз гадзiну. Сонца зайшло за гару. Цесьля звалiўся з страхi. Падскочыў аж пад столь. З касой пагоды ня ждуць. З плеч ды ў печ. Ты ад варот, а ён цераз плот. Шалёная муха укусiла за вуха. На галодны зуб добра й гэта. Над першым арлом i сарока з калом. Наняўся, як прадаўся. Тады маю, як ў руках трымаю. Адважны не баiцца няўдачы. У ленi баляць каленi.