Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
дыпломны праект.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
152.5 Кб
Скачать

1.2. Паходжанне свята “Купалле”, асноўныя абрады і звычаі.

Першае ўпамінанне пра Купалле знаходзім у Цвярскім летапісу пад 1175 г., у Іпацьеўскім жа летапісу ў запісе 1262 г. гэта свята ўжо ўпамінаецца пад яго сучаснай назвай: «Литва изгнаша ездов на каноун Ивана дни на сама Коупаль”. Як каляндарная дата сустракаецца назва Купалы ў старажытнабеларускіх граматах ХІV ст. пасля прыняцця хрысціянства царква вяла жорсткую барацьбу з язычніцкім святам Купалля. Так, у Гусцінскім летапісу яно называецца д'ябальскім заняткам, а ўдзельнікі свята – вар'ятамі: «Сему Купалу, бъсу, еще и донынъ... безумный память совершають, наченше іюня 23 дня... съ вчера собираются простая чадь обоего полу, и препоясавшеся былием вознетают огонь, индъ же поставляют зеленую ветвь, и емшеся за руць около обращаются оного огня, поюще своя песни, преплетающие Купаломъ, потом через оный огонь прескакують»[3с.5]. Хрысціянская царква з мэтай знішчэння Купальскай абраднасці прымеркавала да гэтага дня - дзень Іаана Хрысціцеля, у выніку свята атрымала назву Івана Купалы. Тых, хто хадзіў на Купалле не дапускалі да прычашчэння, да шлюбу. У Вільне у г.Роса было язычніцкае капішча, дзе адзначалі Купалле, хрысціянскія служкі зняслі капішча, паставілі храм і зрабілі могілкі, увялі святкаванне кірмашоў і фэстаў - рэлігійных храмавых святаў у гонар Іаана Прэдцечы, і складаліся яны з богаслужэння, гандлю кветкамі і застолля. Але ўсё роўна знішчыць Купалле не ўдалося.[12с.32]

На маю думку, найбольш бліжэй да ісціны стаяць тыя даследчыкі, якія тлумачаць генезіс абрадаў і назвы Купалля наяўнасцю салярных уяўленняў у старажытнага чалавека, што былі ў далёкім мінулым асноўнымі ў свяце летняга сонцастаяння. Свяшчэнны купальскі агонь і звязаныя з ім прыметы, павер'і, абрадава-магічныя дзеянні былі ў цэнтры купальскай урачыстасці. Гэты агонь, паводле ўяўленняў старажытнага чалавека, увасабляў само сонца, якое абагаўляў і якому пакланяўся старажытны чалавек і пазней у вачах земляроба, на думку А.Патэбні, «купальскі і іншыя агні мелі моц даваць ураджай і праганяць смерць не самі па сабе, а таму, што ўвасабляюць сонца». У святкаванні Купалля сляды салярнага культа ўпляталіся ў адзіны комплекс першабытных уяўленняў і дзеянняў. Асноўныя з іх — распальванне кастроў, але разам з тым заўважаюцца звязаныя з рытуальнымі агнямі ачышчальныя абрады, вера ў прадуцыруючыя ўласщвасці агню. Іван-Купала з'яўляецца адным з самых ушанаваных свят у беларусаў і ў наш час.

Падчас летняга сонцастаяння росквіт прыроды дасягае свайго апагею: каласаваць на палях пшаніца, грэчка і проса, заквітнелі лён і бульбачка, скончыўся прыплод ў жывёл. Таму нашы продкі ў гэтыя дні імкнуліся аддзячыць Матухну-Прыроду за добры ўраджай, паляванне, удой і цяленне ў хатніх жывёл. Людзі здзяйснялі ахвярапрынашэнні і імпрэзай Івана-Купалы паказвалі яднанне з прыродай.

Яшчэ з раніцы дзязўчыны і жанчыны з песнямі накіроўваліся ў поле, на сенажаць з мэтай збору купальскай травы. Падчас збору спявалі.

А на Купалу

Рана сонца йграла,

На добрыя гады,

На цеплыя восы,

На хлебы-ўраджаі..

Ой, рана-рана на Яна

Ды хораша сонейка шпацыравала,

I зямля стагнала з Купала,

Дарожка звінела пекла песень...

Па народных павер'ях, неабходнасць выканання песень падчас збору травы і кветак была выклікана імкненнем перадаць ім лекавую і цудадзейную моц. Аднак купальскае свята было злучаны не толькі з культам раслін. Важнае значэнне спрадвеку надавалася агню, і менавіта купальскі агонь з'яўляўся своеасаблівым абаронча-, магічным ачышчальным сродкам. На купальскае вогнішча зносіліся старыя рэчы, спальванне якіх сімвалізавала вечнае абнаўленне жыцця. Агонь атрымлівалі ад трэння драўляных брусоў. Як знак сонца паднімалі на шчасце запаленае кола. Адным з важных момантаў былі скачкі хлопцаў і дзяўчын праз вогнішча, агонь якога валодаў цудадзейнай уласцівасцю ачышчэння. Таксама дзяўчыны займаліся варажбой: апускалі вянкі ў раку і, сочачы за рухам вянка, рабілі высновы пра свой далейшы лёс.[4с.21]

3 Купальем злучаюць дзіўную легенду пра кветку папараці (папараць-кветка), на які сыходзщь агонь Пяруна, і роўна апоўначы папараць заквітае на некалькі імгненняў агністым колерам. Трэба злавіць гэты момант, і тады ўсе жаданні ўладальніка кветкі папараці спраўдзяцца, ён будзе ведаць аб усім, што адбываецца ў свеце. У легендах гаворыцца, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца чароўным святлом. Ёсць павер'е, што ў гэту ноч праводзяць гулі разнастайныя чараунікі і ведзьмы, крадучы канёў, адбираючы малако ў кароў. Каб абараніцца ад нячыстай сілы, гаспадары вешалі над уваходам ў хату крапіву ці вострыя прадметы, пра якія нячыстая сіла магла б парэзацца: іголкі, сярпы[10с.45].

У XIX - пачатку XX ст. напярэдадні свята, вечарам моладзь наладжвала масавае шэсце па вуліцах вёскі. Усе ўпрыгожвалі сябе зелянінай, дзяўчаты - вянкамі, падпярэзваліся палыном, запальвалі доўгія шасты і з песнямі, крыкамі падыходзілі да кожнай хаты, запрашаючы ўсіх на Купалле. У сваім асяроддзі моладзь выбірала распарадчыка свята, так званага ўрадніка, якога ўпрыгожвалі зелянінай больш за іншых і які займаўся падрыхтоўкай: загадваў хлопцам і дзяўчатам ісці па вёсцы, збіраць усялякую ўсячыну - старыя чобаты, анучы, лахмоцце, рыззё, луб, сасновую кару, лапці і г.д. Пасля таго, як гэтага ламачча была назбірана цэлая вялгзная куча, тады бралі на адной сядзібе каня, на другой - колы, на трэцяй - аглоблі і вывозілі за некалькі разоў сабраныя непатрэбныя рэчы ў поле для распальвання вечарам купальскага вогнішча. У іншых населеных пунктах на Беларусі гурт дзяўчат і хлопцаў нёс старое кола, якое, прыйшоўшы за вёску, на скрыжаванне дарог, абмазвалі дзёгцем, абмотвалі саломай і, прымацаваўшы да шаста, запальвалі. Перакрыжаванне дарог вельмі семантычна значны локус у сістэме архаічнага светапогляду славян. Тут, паводле народных вераванняў беларусаў, у купаль­скую ноч збіраліся ведзьмы. Паводле вераванняў беларусаў-палешукоў, «Ведзьмы ж да ведзьмары ў гэтую ноч пасюдаюць з сябе ўсюсенькую адзежу да так голыя й ходзяць па палёх да па сенажаці, збіраюць там розныя зёлкі, робяць у збожжы закруткі ці перажоны, або зажоны, збіраюць з травы росу, каб цягнуць сабе спор з тых кароў, якія тут пройдуць, ці робяць якія-небудзь іншыя чары» [9с.39].

На Гродзеншчыне адну з дзяўчат упрыгожвалі кустом (так як на Палессі на Троіцу) і перад купальскай ноччу з песнямі вадзілі яе ад хаты да хаты, а хлопцы аблівалі іх вадой. А калі недалёку была рэчка або возера, то куста кідалі ў ваду.

Да раніцы моладзь купалася ў рэках, пампавалася па ранішняй расе, сустракала ўзыход сонца, у гонар якога і святкавалася Купалъе. Казалі, што ў купальскую раніцу сонца "гуляе" - двоіцца, троіцца і пераліваецца рознымі кветкамі.

Салярны культ.

Аснову звычаяў Іванава дня складалі магічныя дзеі, генетычна звязаныя з культам сонца. 3 Сонцам быў звязаны будучы ўраджай, багацце траў і раслін, прыплод скаціны, шчаслівае жыццё людзей. Агонь увасабляў сабою Сонца.

Як пісаў Пётр Хмара ў сваіх сказах аб багах крывіцкіх: «Старажытныя сказы крывічаў, данеслі да нас паданні пра купальскі агонь. Слухайце людзі легенды зямлі нашай: Па начах калі сонейка ў вырай хавалася хадзілі па зямлі моцы злыя, слугі чарнабогавыя, чарты хвастатыя, ведзъмы пачыналі гул чорныя, з людзей здзекваліся, безабаронных страшылі. I запальвалі крывічы агонь, што прынёс ім бог Ярыла і разганяў той агонь сцені чорныя, людзей цешачы, цеплыню даючы.»[9.с57],

Агонь выконваў цэлы шэраг функцый, якія заключалі ў сабе: а) урадлівае; б) засцерагальнае; в) ачышчальнае; г) гаючае значэнні. Вось чаму такімі важнымі ў купальскім абрадзе з'яўляюцца кастры. Як правіла яны былі вялікіх памераў, каб жыта ўдалося высокім, а ўраджай багатым. Купальскі агонь запальвалі спосабам трэння драўляных брускоў адзін аб другі. У тых месцах, дзе было мала дроў, касцёр імітавала вялізная куча крапівы.

Ачышчальная і гаючая функцыя вогнішча заключалася ў спальванні ў ім старых рэчаў, адзежы хворых дзяцей. Рытуальным было спальванне "мая"- засохлай зеляніны, якою ўпрыгожвалі хаты на Троіцу. Дымам ад "мая", а таксама спецыяльна спаленных лекавых раслін акурвалі дзяцей, хворых. Часта вакол вогнішча абводзілі жывёлу.

Культ вады.

Побач з культам Сонца ў купальскім абрадзе вельмі важны культ вады. У беларусаў вада складае прадмет асобага шанавання, асабліва крынічная. На Купалле хлопцы і дзяўчаты спраўляюць рытуальнае купаніе ў рэках, азёрах, вадаёмах, таму што вада валодае ў гэтую ноч магутнай гаючай, жыватворнай, жыццёвай і пладаноснай сілай. Яна, па паданню робіць людзей прыгожымі. Аналагічны сэнс носіць на Купалле Умыванне ранішняй расою (24 чэрвеня) і качанне па расе ў жыце. З культам вады звязана і гаданні на вянках - вянкі пускаюць на ваду і глядзяць: куды яны прыплывуць, у той бок дзяўчына пойдзе замуж. Калі ж вянок патоне, гэта прадвяшчае няшчасце ці нават смерць.[9с.51]

Агонь і вада - гэта стыхіі-антаганісты, дыяметральна супрацьлеглыя па свайму зместу і функцыях. Таму на Купалле з мэтай іх прымірэння часта сумяшчаюць абодва культы. Вогнішчы распальваюць на плытах, якія плывуць на рэках ці азёрах. У вянкі, што пускаюць на ваду, устаўляюць запаленныя свечкі.

Культ расліннасці.

Напярэдадні купальскай ночкі, пад вечар дзяўчаты і жанчыны адпраўляюцца на луг, у поле, лес збіраць купальскія травы і кветкі - зёлкі, якія к гэтаму часу дасягалі асобай гаючай сілы.

Збіралі лекавыя расліны. Імі, пасля асвячэння ў царкве, лячылі на працягу года членаў сям і жывёлу. Цэлы шэраг раслін валодаў магічнай, прыварожваючай сілай. Яны называліся "прываротным зеллем". 3 іх дапамогай дзяўчына прыварожвала да сябе жаніха. Кветкі яна ўплятала у вянок, аздабляла імі валасы, вопратку.

Раслінны культ на Купалле цесна пераплятаецца з салярным. Аб гэтым сведчаць такія абрады, як перакідванне вянкоў паміж дзяўчатамі і хлопцамі праз вогнішча; акурванне жывёл спаленнымі на кастры гаючымі травамі спальванне чучала з салом, упрыгожванне дрэва "Марэны".

Расліны і травы ў купальскую ночку валодалі не толькі гаючай, але і чароўнай сілай. Крапіва бараніла ад злых сіл і чар, увасабляла сабою агонь (сонца) і надзяляла тымі ж уласцівасцямі, што і яны. Яна таксама з'яўлялася раслінай, звязанай з аграрнай магіяй. Крапіву дабаўлялі ў хлеб. Купальскія травы кідалі ў печ у час навальніцы для таго, каб у міласцівіць бога грому Перуна.

У беларусаў, як і ў іншых еўрапейскіх народаў, існавала мноства павер'яу, звязанных з купальскай ноччу. Анімістычныя ўяўленні аб свяце адлюстроўваліся ў павер і, што ў гэты дзень у прыродзе адбываецца нейкі пераварот: па зямлі ходзяць ведзьмы, духі, звяры, і ў вогуле ўсё жывое вядзе між сабой размовы, дрэвы пераходзяць з месца на месца і размаўляюць паміж сабой.[12с.47]

Асабліва многа павер'яў, легендаў і паданняў захавалася аб папараці-кветцы. Яны былі занатаваны этнографамі і фалькларыстамі мінулага стагоддзя ў раёнах Беларусі. У народзе папараць лічылі Перуновай кветкай. Паводле падання на яе зыходзіў агонь Перуна і яна загараецца прыгожай кветкай. Людзі надзялялі яе чарадзейнай сілай, верылі, што ўладальнік яе можа зрабіцца нябачным, адамкнуць і замкнуць любыя замкі, зразумець размовы звяроў і птушак, знайсці скарб, які з'яўляецца ў выглядзе агеньчыкаў на кустах, кветках, папараці.

У Беларусі вядома многа рознаварыянтных паданняў пра селяніна, які, знайшоўшы папараць-кветку, станавіўся ўсевядомым, а згубіўшы яе, траціў гэтую якасць. У сярэдзіне XIX ст. у павер і аб Сцяпане-селяніне (які знайшоўшы папараць кветку, а тую адабраў у яго пан) ужо ўплятаюцца сацыяльныя матывы.

Яшчэ адна легенда - пра купальскага дзядка, які ходзіць ноччу з кошам і збірае кветкі папараці. Калі пры сустрэчы з ім разаслаць белы абрус, то дзядок кіне на яго адну кветку. Тады застаецца схапіць яе і хуценька разрэзаўшы далонь правай рукі, схаваць пад скурай: адтуль нячысцік не дастане.[10с.35]

Сабраныя купальскія кветкі ў далейшым з'яуляліся сродкам магічных варожбаў ахоўнай скіраванасці. Купальскія кветкі выкарыстоўвалі таксама для індывідуальнай варажбы на ўланы лёс. Напярэдадні Купалля кветкі, вядомыя пад імем "купалка", кожны паасобку збіраў, хавау і чакаў: расцвіце бутон яго кветкі ці не. Калі зусім не распусціцца, то верылі, што гэты чалавек хутка памрэ; утыкалі купалку пад абразы, і калі яна на наступны дзень аказвалася раскрытай, гэта абазначала выкананне жадання, і наадварот. Акрамя практычнага значэння, збор кветак траў нёс у сабе яшчэ і эстэтычную функцыю: у час падрыхтоўкі да свята плялі вянкі і ўпрыгожвалі сябе зелянінай, падпярэзваліся перавяслам з кветак і зёлак. Вянкі ў далейшым былі прадметам варажбы аб лёсе, таму кожная дзяўчына імкнулася сплесці свой вянок лепей за іншых. Збор кветак і пляценне вянкоў заўсёды суправаджалася выкананнем песен.

На Міншчыне ў гэтым фрагменце свята гучала вельмі паэтычная па змесце песня-купалка:

Пойдзем, пойдзем лугам,

Лугам зеляненькім,

А ў лузе цвітуць цвяточкі,

Там дзяўчаты водзяць таночкі,

Многа песен спета Пра шчодрае лета,

Толыкі Ганначка не спявае,

У буйных травах кветкі збірае.

Кветкі збірае,

У вянок уплятае.

Пакаціся вяночак у дварочак,

Дзе жыве мой мілы дружочак..

Хай ён знае, знае,

Хто яго чакае,

Хай вячэрняй роснаю парою

У луг зялёны прыйдзе за мною.

Пойдзем, пойдзем лугам,

Лугам зеляненькім,

А у лузе цвітуць цвяточкі,

Там дзяўчаты водзяць таночкі. [7.с110]

Другім этапам падрыхтоўчай часткі свята з'яўлялася збор паліва для вогнішча, які вызначаўся актыўным удзелам жыхароў той мясцовасці, дзе святкавалася Купалле.

У Мінскай губерні арганізацыяй падрыхоўкі Купалля займаўся спецыяльна абраны кіраўнік, якога звалі "ураднік" (ад старасл. "радзіць"- кіраваць, камандаваць).

У некаторых купальскіх легендах XIX ст. выразна адчуваецца ўплыў хрысціянскай ралігіі: ахвотнік знайсці агняцвет павінен быў знайсці ў глухім лесе мясціну, дзе расце папараць, акрэсліць вакол сябе замкнутае кола асвячонай крэйдай, запаліць грамнічную свечку, асвячоную ў царкве: чытаць боскую кнігу і чакаць, калі расцвіце папараць не звяртаючы увагі на перашкоды нячыстай сілы, ад якой яго абараняла лінія, акрэсліная свянцонай крэйдай. [7с.98]

Сярод легендаў, паданняў, прымет і павер'яў купальскага свята значная колькасць належыць вераванням аб нячыстай сіле. Існавала перакананне, што ў гэты дзень ведзьмы робяць заломы ў жыце, пасылаюць чарвякоў у гарлачы, заводзяць людзей у дрыгву, страшаць дзікім зверам; чараўніцы напойваюць кароў расой і тым адбіраюць у іх малако; выпраўляючыся на Лысую гару на шабаш ведзьмаў, яны забіраюць сялянскіх коней.

Таму трэба выконваць цэлы шэраг засцярог. Людзі павінны насіць пры сабе засцярогі ад ведзьмарак і русалак. Сяляне ў адтулінах, зробленных у хляве, вешалі крапіву, дзядоўнік і грамнічныя свечкі для абароны жывёл ад псавання і хваробы.

Купальскае свята мела масавы характар і ператваралася не толькі ў яскравае абрадавае дзейства, на якое збіралася большасць жыхароў вёскі, але і ў форму іх творчага самавыяўлення.

Падрыхтоўчая частка свята ў большасці раёнаў Беларусі пачыналася зборам кветак, раслін, траў. Гэтай справай займаліся дзяўчаты і жанчыны. Самым лепшым перыядам для збірання лекавых раслін лічылі купальскія дні гэта быў час найвялікшага росквіту раслін, а значыць і назапашвання ў іх лекавых рэчываў. [6.с50]

У Мінскай губерні пасля поўдня яшчэ да захаду сонца на вёсцы раздавалася заклікальная песня - гэта спявалі хлопцы, запрашаючы дзяўчат "зелле капаць", і збіраць на лугах кветкі:

Ходзіць Ян па вуліцы,

Да й памалу,

Просіць дзяўчат

Да й на Купалу.

Сягодня Купала,

Заўтра Ян,

Завець ён,

Наш добры пан.[7с.101]

Вясёлым гуртом з двароў высыпаюць на вуліцу прыбраныя дзяўчаты, бяруцца адна з другой за рукі і шчыльнай доўгай сцяной у некалькі радоў накіроўваюцца на лугі, нястомна спяваючы песні... Вось дабраліся да лугу. Хлопцы і дзяучаты пачынаюць збіраць кветкі.

На захадзе сонца ў двор "урадніка" збіраліся хлопцы, якія прыносілі салому, "май", (бярозкі, якімі былі прыбраны хаты на Сёмуху), непатрэбныя ў гаспадарцы дэталі, непатрэбную вопратку, анучы абутак, прычым збіралі гэтае паліва ва ўсіх жыхароў вёскі, далучаючы іх тым самым да ўдзелу ў свяце.

Трэцім падрыхтоўчым фрагментам свята быў збор удзельнікаў. 3 гэтай мэтай арганізатары ладзілі масавы карагод - шэсце па вёсцы. Удзельнікі шэсця спыняліся каля кожнай хаты, пелі песні, запрашаючы на ігрышча.

Каго нету на вулщы?

Купала на Івана

А Лукіркі нету на вуліце.

Бадай, легла калодаю дубоваю...

Асаблівасці вячэрніх абходаў у некаторых мясцінах Беларусі, мяркуючы па фальклорных зашсах 70-ых гг. ХХст., з'яўляліся не толькі запрашэнне жыхароў на свята, але і просьбы аб абдорванні купальнікаў:

Добры вечар добрым людзям Завём мы вас на Купала.

Купаленька ноч маленька,

Ці дарыце, ці адкажыце,

Ты, Женечка-хазяечка,

Выйдзі к нам без спадніцы,

Вынесі ты нам пшаніцы,

Сівалачку-серабраначку,

Хлеба буханку, мяса лапатку Вынесь ты нам. [7с.76]

Яднанне запрашэння і просьбы аб абдорванні - гэта адзін з найбольш старажытных фрагментаў купальскага абходу, які мае свае падабенства ў калядных, валачобных і куставых абрадах. [13.с68] Магчыма, гэта было жаданнем атрымаць плату за пэўную работу, якую выконвалі ўдзельнікі абходу, запрашаючы людзей на свята, дзе яны праз удзел у розных магічных рытуалах маглі паспрыяць плену гаспадаркі і сям’і. Каля кожнай хаты купалінкі раскладалі вогнішчы, ачышчаючы яе ад "нячысцікаў", абдорвалі гаспадароў і іх дачок кветкамі, жадаючы ім быць такімі ж прыгожымі і сакаўнымі. Этнаграфічнай асаблівасцю і спецэфічнай рысай купальскіх абходаў з'яулялася абрад ваджэння куста, звязаны ў сваёй аснове з культам расліннасці. Гэты абрад, які мае падабенства з украінскім "таполя", рускай "бярозкай" і славянскімі "краліцамі" (Югаславія), быў адметнай рысай святкавання Сёмухі на Піншчыне.

Але ў раёнах Цэнтральнай і Паўночна-Усходняй Беларусі абрад "ваджэнне куста" быў перанесены на Купалле, што можна вытлумачыць геаграфічным размяшчэннем пазначаных тэратарыяльных зон, дзе значна пазней зацвітае расліннасць. На ролю "куста"-сімвала квітнеючай прыроды - выбіралі дзяўчыну, якую ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, лісцем і кветкамі. У народных уяўленнях раслінасць, якой упрыгожвалі выканаўцу ролі "куста", надзялялі гаючымі, ахоўнымі і імітацыйнымі якасьцямі.[11с.56]

У XX ст. абрад "куста" страціў сваю мапчную скіраванасць і ператварыўся ў яскравае тэатралізаванае купальскае дзеянне, у якім дзяўчаты і падлеткі запрашалі жыхароў вёскі на свята.

Вячэрнія купальскія абходы хат завяршаліся зборам у загадзя вызна- чанным месцы. У Мінскай губерні такім месцам быў падворак распарадчыка свята. Шэсце да места святкавання ўяўляла яскравую, маляўнічую працеію. У святочных уборах галоўную ўвагу звярталі на жаночыя галавы і абутак. Мужчыны ў лапцях ці ботах, а жаночы пол выхваляецца яшчэ панчохамі і падвязкамі. Удзельнікі шэсця ўпрыгожвалі сябе зелянінай, вянкамі, падпяразваліся палыном, запалвалі доўгія кіі. Пачыналі шэсце юнакі, якія неслі на доўгіх жэрдках, густа абмазанных дзёгцем ці смалой, палаючыя калёсы. За імі шумным гуртом - дзяўчаты з карабкамі і чыгункамі ежы, бабы з кулагай, мужчыны з патрэбнымі запасамі гарэлкі.

Паўсюль у Беларусі шэсце суправаджалася масавым выкананнем купальскіх песень, напрыклад:

Ішла Купала сялом, сялом,

Закрыўшы вочкі пяром, пяром,

На Івана Купале. (Паўтараецца пасля кожных двух радкоў.)

Закрыушы вочкі пяром, пяром,

Вітала хлопцаў чалом, чалом,

Вітала хлопцаў чалом, чалом,

Свяціла ночкі агнём, агнём,

Пляла вяночкі шаўком, шаўком,

Слыла Купала цяплом, дабром,

Слыла Купала цяплом, дабром,

Славу Купале пяём, пяём. [7.с59]

Важным момантам падрыхтоўкі свята з’яўлялася мастацкае афармленне месца дзеяння і раскладванне вогнішча.

Пляцоўку для будучага кастра спецыяльна падрыхтоўвалі. Касцёр павінен быў быць вялікі, бачны здаля, таму што, згодна з павер'ямі, чым большую плошчу асвеціць яго полымя, тым больш шчодра сонца будзе саграваць і асвятляць зямлю. Полымя вогнішча павінна быць "да нябёсаў". Та­му ў славян здаўна быў звычай распальваць агонь на пагорках або на вяршынях гор; у в. Лошыца Мінскага павета - на лузе за вясковай карчмой.[11с.76]

Купальскія песні арганічна ўплецены ў абрады і складаюць яго неад'емную частку. Іх пачыналі пець ужо напярэдадні абраду, калі днём ці пад вечар дзяўчаты і жанчыны ішлі збіраць купальскія зёлкі. Самай першай песняй, якая адкрывала купальскі абрад, была "Сягоння Купале, заўтра Ян". Напеў гэтай песні і яе ладавая арганізацыя вылучаюцца значнай старажытнасцю. Ён імправізацыйны і архаічны:

Сягоння Ян, заутра Йван.

Дзеўкі зёлкі збіралі.

Што за зёлкі, не зналі

I да цара паслалі.

А цар зёлак не пазнаў, (па 2 разы)

Да цароўны ён паслаў.

А царэўна пазнала,

Усю праудочку сказала

Гэты зёлкі-купалкі,

Гэты дзеўкі-паненкі.

Варыянт песні для "хлопцаў" - "Сягоння Купала, заўтра Ян".

Сягоння Купала, заўтра Ян,

Будзець хлопчыкі, ліха вам.

Ай, будзе ліха ліхое,

Пагоняць сучак у поле. (па 2 разы)

А тых сучак трыццаць шэсць.

Ды ўсе яны ў адну шэрсць.

Адна сучка падласа.

Гэта хлопчык вам на мяса.[7с.90]

Самой Купалцы прысвечаны цэлы цыкл песень. Сярод іх песня, у якой Купалка паўстае ў вобразе маці, якая купае свае дзіця ў сонечных прамяннях - "злоце".

Ішла Купалка на плоце ,

Купала сына ў злоце.

Ой, сынку, сынку мілейшы.

Прасі ў Бога пагоды.

Будуць дзевачкі хадзіці,

Будуць песенкі піяці.

Будуць хлопчыкі іграці,

Будуць унучкі слухаці.[7с.90]

У полі ідуць па мяжы і, аблюбаваўшы месца як мага далей ад вёскі і засеянай нівы, раскладваюць вялікае вогнішча. Кідаюць у яго пудзіла, пяюць пра Івана Купалу.

Купала на Івана, Купала!

Дзе Купала, начавала?

Купала на Івана, Купала!

Упала у Пятра, у Паўла.

Як, Купала ўжывала?

Ужывала кашку з перцам,

Рыбку з перцам...

Прыкладам больш позняй купальскай песні, ужо гарадскога раманскага складу, можа служыць "Купалінка", запісаная Г.І.Цітовічам. Мелодыя яе вылучаецца гібкасцю, прыгажосцю, выразнасцю. [8.с98]

Купалінка, купалінка,

Цёмная ночка,

Цёмная ночка,

А дзе ж твая дочка?

Мая дочка ў садочку Ружу, ружу поліць,

Ружу, ружу поліць,

Белы ручкі коліць.

Кветачкі рвець, кветачкі рвець,

Вяночкі звівае,

Вяночкі звівае,

Слёзкі пралівае.

Вогнішчы былі настолькі звязаны з самой сутнасцю купальскага свята, што іх таксама называлі "Купалай".

Хадзі Іван на вулку к нам,

Лажы, Іван, купалку нам.

Распальванне купальскіх кастроў з'яўлялася грамадскай справай усёй вёскі ці горада. Пляцоўка для вогнішчаў мела свае канструктыўныя асаблівасці. У асобных месцах (Барысаўскі, Ігуменскі, Мінскі, Слуцкі, Мінскай губерні.) старое кола, аблітае дзёгцем, насаджвалі на жэрдку, якую убівалі ў зямлю так, каб кола высока гарэла. Калі адно кола згарыць, запальвалі іншае.

Падобны факт усталёўвання і спальвання колаў адзначаны мноімі этнографамі, якія тлумачаць, што кола адлюстроўвае салярны культ, сімвалізуе сонца ў старадаўніх уяўленнях людзей.

У асноўным, у раёнах Беларусі ўдзельнікі купальскага свята, акрамя падрыхтоўкі вогшнішча, яшчэ і ўпрыгожвалі месца дзеяння зелянінай. Само месца, дзе збіраліся абгароджвалі, абсаджвалі зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, кіёчкамі накшталт зялёнага тыну, плятня... Гэта быў тып месца свяшчэннага, запаветнага. У непагадзь загадзя рабілі шатры з зялёных свежых дрэў, а ў добрае надвор'е закопвалі ў зямлю некалькі зялёных дрэў, якія потым, на заканчэнне свята, выкарыстоўвалі ў якасці паліва. [11.с78]

Падобнае афармленне стварала прыгожую паэтычную атмасферу ўспрымання дзеі з эстэтычнага пункту гледжання. Разам з тым падобная планіроўка была ідэальнай формай прасторавага вырашэння самой ілэі свята, таму што бярозкі, пастаўлены наўкруг, і касцёр з колам ці бочкай на жэрдцы з'яўляліся вобразным адлюстраваннем сонца, сімвалічнай выявай галоўнага культу свята летняга сонцастаяння.