Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
бхарата дантэ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
488.45 Кб
Скачать

VII. Сорамна, на жаль, прыгадваць цяпер ганьбу роду чалавечага! Дык калі мы не можам абмінуць яе, не зважаючы, што чырвань сораму на твар кладзецца і душа працівіцца, то закранём яе коратка.

О прырода нашая, вечна да граху схільная! О ад пачатку і заўсёды зладзейства поўная! Не сталася дастатковым для цябе пакаранне, калі ў скрусе пасля першага граху ты выгнаная была з радзімы радасці13 ? Ці не дастаткова, што з-за паўсюднай разбэшчанасці і жорсткасці роду твайго толькі адзіны дом уратаваны быў, а ўсё табе падуладнае ў патопе загінула, ды яшчэ за злачынствы твае звяры зямныя і нябесныя паплаціліся? Сапраўды гэтага было дастаткова. Але як прыказка гаворыць: «І траціны не пераскочыш», ты, няшчасная, на няшчасным кані скакаць вырашыла. Вось так, чытач, ці то забыўся чалавек, ці то важнаю не палічыў першую навуку і на сінякі не звярнуў увагі, але ў ганарлівай дурасці сваёй упарты трэці раз на біццё пайшоў.

І ў сэрцы сваім уявіў непакаяны чалавек, Нямбродам-веліканам падвучаны, што майстэрства яго не толькі пераўзыходзіць прыроду, але і самога Стварыцеля Бога, і пачаў узводзіць вежу на зямлі Сямнар, названай пасля Бабілонам, што значыць «змяшэнне», па якой да неба ўзысці спадзяваўся з намерам не толькі зраўняцца, але самога Творцу пераўзысці.О бязмежная міласць улады нябеснай! Які б бацька ад сына свайго столькі знявагаў выцерпеў? Але, уздымаючы на яго не варожую пугу, а бацькоўскую і другім разам да ўдараў звыклую, ён сына бунтоўнага міласэрным ды памятным урокам пакараў.

Род чалавечы ўвесь амаль сышоўся на гэтую нядобрую справу: адныя загады давалі, другія праектавалі, трэція муры будавалі, іншыя іх раўнялі, яшчэ іншыя тынкоўку клалі, каменне здабывалі, а іншыя яго то па зямлі, то па моры цягнулі, а іншыя розную другую работу рабілі, пакуль ударам з Неба не закруціла іх нечакана такое змяшэнне, што ўсе, хто адзінай мовай у працы карыстаўся, загаварылі на мностве адрозных моваў, працу спынілі і больш ужо згаварыцца не маглі. Бо толькі ў тых, хто тую ж самую работу рабіў, адна мова захавалася: свая ў дойлідаў, свая ў тых, хто каменне насіў, свая ў тых, хто яго апрацоўваў, і здарылася гэтак з усімі працаўнікамі. І колькі было розных асобных заняткаў для задуманай справы, столькі ж моваў і падзялілі з тых часоў род чалавечы, і чым высакародней занятак быў, тым горшая і немілагучная мова іх зрабілася.

Тыя ж, хто асвячоную мову захавалі, там не прысутнічалі і садзеенага не ўхвалялі, але з глыбокаю агідаю работнікаў асмейвалі. Ды былі яны колькасці меншай і, як мы лічым, паходзілі ад семені Сімава, трэцяга сына Ноя: ад яго пайшоў народ Ізраіля, што на самай старажытнай мове гаварыў да самага свайго рассялення. 14 распаўсюдзіўся род наш праз мноства розных адгалінаванняў, урэшце дайшоў і да краёў заходніх; тады, можа ўпершыню, разумныя вусны напіліся з усіх рэк Еўропы ці прынамсі з некаторых. Але ці ўпершыню яны як іншаземцы з’явіліся, ці вярнуліся ў Еўропу як тубыльцы, аднак людзі гэтыя прынеслі з сабою тры свае мовы: і адныя з іх абралі сабе паўднёвую частку Еўропы, другія паўночную; а трэція, якіх мы грэкамі называем, часткова Еўропу, часткова Азію занялі.

А пасля ад адной і той жа мовы, што выйшла ад пакарання змяшэннем, узялі пачатак розныя народныя гаворкі, як мы далей пакажам. Бо ўся прастора ад вусця Дунаю ці балотаў Меаційскіх15 амаль да заходніх межаў Англіі16 , Італіі, Францыі і Акіянам абмежаваная,– гэта прастора адной мовы; хоць урэшце праз славянаў, венграў, тэўтонаў, саксаў, англічанаў і мноства іншых народаў на розныя гаворкі разгалінавалася. Адзіная агульная прыкмета, якая толькі і засталася ў памянёных народаў, тая, што пры сцвярджэнні ўсе яны кажуць «йо».17 Пачынаючы ад гэтай мовы, інакш кажучы ад межаў Венграў на ўсход, другая гаворка заняла ўсю прастору, што адтуль Еўропай завецца і прасціраецца яшчэ далей.

А ўсю астатнюю частку Еўропы займае трэцяя мова, хоць сёння мы знаходзім яе ў трох выглядах: бо адныя, сцвярджаючы, кажуць «ок», другія «ойль» і трэція «сі`», а менавіта Гішпанцы, Французы ды Італьянцы, Відавочная прыкмета, што тры гаворкі гэтых народаў паходзяць ад адной і той жа мовы, ёсць у тым, што шмат чаго ў іх аднолькавымі словамі называецца: як «Deus», «celum», «amorem», «mare», «terram», «est», «vivit», «moritur», «amat» і мноства іншых. З гэтых народаў тыя, што вымаўляюць «ок», займаюць заходняю частку паўднёвай Еўропы, пачынаючы ад межаў Генуэзцаў. А тыя, што кажуць «сі`», займаюць паўднёвую ад гэтых межаў усходнюю частку, да таго мысу Італіі, якім пачынаецца Адрыятычнае мора, і да Сіцыліі. А тыя, што гавораць «ойль», робяцца для іх жыхарамі поўначы: бо з усходу маюць Германцаў, з поўначы і з захаду закрывае іх англійскае мора і аддзяляюць горы Арагона; на поўдні замкнёныя яны правансальцамі і схіламі Апенінаў.

ІХ. Цяпер мы павінны пацвердзіць выказаную намі думку, бо намер наш — тое даследаваць, наконт чаго няма ніякай аўтарытэтнай думкі, інакш кажучы, прасочым разыходжанні, якія адбыліся ў адзінай цэласнай мове. І, памятаючы, што надзейней і карацей ісці шляхам знаёмым, мы пагаворым аб нашай мове, астатнія ў баку пакідаючы: бо тое, што рацыянальна ў адной мове, гэткім жа ёсць і ў іншых.

Такім чынам, мова, пра якую мы гутарку вядзём, ёсць трыадзіная, як раней сказана было: таму адныя кажуць «ок», другія «сі`» і трэція «ойль». А тое, што гэта на пачатку змяшэння адзіная была мова (аб чым вышэй мы сказалі) ясна відаць з таго, што сыходжанні маюцца ў многіх словах, пра што знаўцы красамоўства сведчаць: такое падабенства не стасуецца з тым змяшэннем, якое з нябёсаў абрынулася на Бабілонскае будаўніцтва. І знаўцы ў многіх словах сыходзяцца, а найперш у слове «amor» (каханне). Гаральд дэ Брунэль18 :Sim sentis fezelz amics,

per ver encusara Amor.19

Кароль Наварскі20 :

De fin amor si vient sen et bontč.21

Месэр Гвіда Гвініцэлі22 :Né fč amor prima che gentil core

né gentil cor, prima ch’amor, natura.23

Цяпер высветлім, чаму на тры часткі гэтая мова першапачаткова падзялілася і чаму кожная з гэтых трох частак падзяляецца ўжо ў сабе самой, напрыклад, гаворка правай часткі Італіі адрозніваецца ад гаворкі левай (бо Пізанцы гавораць інакш чым Падуанцы); і чаму нават блізкія суседзі ў гаворцы адрозніваюцца, як, напрыклад, Міланцы і Веронцы, Рымляне і Фларэнтыйцы; а таксама тыя, хто да аднаго роду належыць, як Неапалітанцы і Гаэтанцы24 , Равэнцы і Фаэнційцы, і, што яшчэ больш дзіўна, грамадзяне аднаго і таго ж горада, як у Балоньі жыхары Прадмесця Святога Фелікса і жыхары Галоўнай Вуліцы25 . Усе гэтыя відавочныя адрозненні і адметнасці мовы зразумелымі робяцца, калі з аднаго і таго ж разважання зыходзіць.

Сцвярджаем мы, што ніводны вынік не існуе без пэўнай прычыны, таму што вынікам і з’яўляецца, бо ніводнае дзеянне не ўзнікае з нябыту. А ў такім разе ўся наша мова (апрача той, што Бог стварыў разам з чалавекам) згодна з воляй чалавека была пераапрацаваная пасля таго змяшэння, якое сталася нічым іншым як забыццём першапачатковай мовы, і паколькі чалавек істота вельмі няўстойлівая і зменлівая, то і мова не можа быць трывалай і непарушнай, і гэтак жа, як усё, што чалавек мае, як, напрыклад, звычкі і вопратка, павінна змяняцца ў залежнасці ад адлегласці, часу і месца. Такім чынам, не варта сумнявацца ў тым, што мова мяняецца «з цягам часу», а лепей, думаем мы, мець гэта на ўвазе: бо варта нам прыгледзецца да іншых нашых дзеянняў, як робіцца відавочным, што мы куды больш ад нашых старажытных продкаў адрозніваемся, чым ад самых аддаленых сучаснікаў. Таму смела можна сцвярджаць, што калі б цяпер уваскрэслі старажытныя жыхары Павіі, то адрозную ад сучасных яе жыхароў мову яны б выкарыстоўвалі. І няхай не здаецца тое, пра што мы гаворым, больш дзіўным, чым сустрэча з пасталелым юнаком, чыйго сталення мы не бачылі: бо незаўважнымі для нас застаюцца тыя змены рэчаў, што паступова адбываюцца, і чым больш часу патрабуецца для перамянення рэчы, тым больш нязменнай яна для нас застаецца. І таму не здзіўляемся мы, калі людзі, якія па развагах сваіх мала ад жывёлаў адрозніваюцца, лічаць, што грамадзяне аднаго і таго ж гораду заўсёды нязменнаю моваю карыстаюцца, бо змены ў мове аднаго гораду адбываюцца паступова, а жыццё чалавека па прыродзе сваёй вельмі кароткае. І калі, як мы сказалі, мова аднаго і таго ж народу з цягам часу паступова змяняецца і не можа яна нязменнай заставацца, то ў тых народаў, што асобна і аддалена адзін ад аднаго жывуць, яна безумоўна па-рознаму змяняцца павінна, падобна да таго, як змяняюцца іх звычкі і вопратка, што не ад прыроды і не ад грамадскай супольнасці паходзяць, але адпаведна мясцінам і густам людзей нараджаюцца.

Адсюль зыходзілі вынаходнікі граматычнай навукі, якая ёсць не што іншае як вучэнне пра нязменную тоеснасць, незалежную ад часу і мясцовасці. З таго моманту, як з агульнай згоды многіх народаў выпрацаваліся яе правілы, яна не падвяргаецца ўздзеянню волі асобнага чалавека, і ў выніку гэтага змяняцца не можа. А прыдумалі яе для таго, каб з-за зменлівасці маўлення, што па свавольстве асобных людзей адбываецца, ніякім чынам, нават часткова, не скажаліся меркаванні і дзеянні старажытных або тых, што ад нас месцам пражывання адрозніваюцца.

Пераклад з італьянскай мовы

Аксаны Данільчык

Працяг у №2(28) 2004 >>

Дантэ карыстаецца традыцыйным прыёмам рытарычнага ўступу. Вядома, што ў Італіі ХІІІ ст. былі распаўсюджаны трактаты аб паэзіі правансальцаў, пытанні паэтыкі закраналі ў сваіх творах Брунэта Лаціні і Франчэска да Барбэрына, аднак задума паэта была шырэй , бо дытычылася пытанняў развіцця мовы.

Сімвалізуе салодкасць праўды, якая павінна напоўніць душы тых, хто блукае, быццам сляпы.

Доўгі час граматыкай у Італіі называлася лаціна.

Нішто іншае як Бог.

Міт пра спаборніцтва з Музамі дачок Піэра, тэсалійскага цара, пасля чаго яны былі ператвораны ў сарок.

Згодна з вучэннем Тамаша Аквінскага ды іншых схаластычных мысляроў анёлы не маюць цела.

На жаль; як шкада!

Адам не быў ні дзіцёнкам, ні дарослым, паколькі стварыў яго непасрэдна Бог.

Паселішча ў Апенінах пасярэдзіне шляху з Фларэнцыі ў Балонью іранічна згадвалася ў гаворках фларэнтыйцаў.

Паколькі культура не мае межаў, Дантэ абвяшчае сябе грамадзянінам свету.

У лацінскім тэксце Дантэ блытае, называючы Арно Сарно.

Старажытнагабрэйская мова.

Зямнога Раю.

Такім чынам адбылося засяленне ўсіх ці амаль усіх земляў.

Антычная назва Азоўскага мора.

Г.зн.Ірландыі.

Гэтае слова ёсць і сёння ў некаторых скандынаўскіх мовах.

Вядомы трубадур другой паловы ХІІ ст. з Праванса, адзін з галоўных стваральнікаў так званага «trobar clus» —«замкнёнага стылю паэзіі».

Калі пачуе верны сябар, павінен вінаваціць ён каханне.

Ціба IV, граф Шампанскі (1201-1253), кароль Навары з 1234 года.

Паходзяць ад высокага кахання і мудрасць, і дабро.

Вядомы італьянскі паэт ХІІІ ст. з Балоньі, заснавальнік «новага салодкага стылю».

Кахання няма без шляхетнага сэрца, Асобна яны не існуюць.

Жывуць у адной частцы Італіі — Кампаньі.

Некаторыя раёны вялікіх гарадоў гаварылі на розных гаворках, што тлумачылася перш за ўсё сацыяльнымі прычынамі.

Невядомы Дантэ

Дантэ Аліг’еры мы ведаем перш за ўсё як стваральніка «Боскай камедыі», а між тым у яго ёсць іншыя творы, якія заслугоўваюць не меншай увагі. Адным з іх з’яўляецца трактат «Пра народнае красамоўства» («De vulgari eloquentia»), прысвечаны пытанням мовы і паэтыкі.

Згадаем, што менавіта ў ХІІІ ст. закладваліся тыя падмуркі, на якіх пасля расквітнела культура Рэнесансу. Гэта час актыўнага развіцця моў, што было асабліва важна для Італіі, бо лацінская мова, якая з 350 года стала афіцыйнаю моваю хрысціянскай рэлігіі, на Апенінскім паўабтоку захоўвала пазіцыі адзінай пісьмовай мовы даўжэй, чым у іншых еўрапейскіх рэгіёнах, і жывая гаворка насельніцтва заставалася ў становішчы так званага volgare, нявартага фігураваць на пісьме. Толькі выпадкова і быццам супраць волі аўтараў volgare пачынае трапляць у напісаныя лацінай дакументы канцылярый, статуты, прававыя акты натарыусаў і суддзяў, якія іншым разам дзе-нідзе ўключалі размоўныя формы або фразы з намерам падкрэсліць пэўнае сведчанне.

Пачаткам гісторыі італьянскай мовы і італьянскай літаратуры лічыцца 960 год, калі быў зроблены першы запіс па-італьянску ў судовым дакуменце. Такім чынам, італьянская літаратура ў ХІІІ ст. была яшчэ вельмі маладой, але яна вызначалася развіццём лірычнай паэзіі трох школ – сіцылійскай, балонскай і тасканскай, кожная з якіх унесла ў фармаванне літаратурнай мовы свае дыялектныя рысы, і ўсё ж асновай італьянскай мовы стаў тасканскі дыялект. Напрыканцы ХІІІ ст. Фларэнцыя выдзялялася сярод іншых гарадоў Італіі як значны эканамічны і гандлёвы цэнтр, дзе развіццё гарадскога саслоўя адбывалася хутчэй, чым у іншых частках Італіі, а ў нядоўгім часе літаратурная традыцыя, што ўвасобілася ў школе dolce stil nuovo і мела вельмі таленавітых прадстаўнікоў, у тым ліку і маладога Дантэ, пакінула далёка за сабою і феадальную лірыку «сіцыліянцаў» – аматараў правансальскага стылю, і прадстаўнікоў навуковай лірыкі, і нават самога заснавальніка новага кірунку Гвіда Гвініцэлі з Балоньі. Мова твораў новай школы, і самога Дантэ ў прыватнасці, у аснове якой ляжала тасканскае маўленне, у значна большай ступені была італьянскаю, чым мова сіцылійскіх паэтаў з моцнаю сумессю правансальскіх і нават старафранцузскіх элементаў.

У трактаце «Пра народнае красамоўства» Дантэ імкнецца ўсхваліць народную гаворку і выкласці правілы маўлення. Твор напісаны на лацінскай мове, каб пераканаць адукаваных людзей у вартасцях volgare, якім яны грэбавалі. Напачатку аўтар звяртаецца да біблейскай гісторыі ўзнікнення першай мовы, а пасля сумяціцы Бабілона – да яе раздзялення на мноства розных моў — такім чынам узнікаюць мовы «ок» (правансальская), «ойль» (французская) і «сі» (італьянская).

Дантэ ўзняў перш за ўсё праблему літаратурнай мовы, маючы на ўвазе моўную разнастайнасць Італіі, дзе налічвалася 14 розных дыялектаў. Разглядаючы іх, ён прыйшоў да высновы, што ніводзін не можа прэтэндаваць на ролю volgare illustre, той мовы, паводле якой павінны вымярацца і выпраўляцца мясцовыя гаворкі. Паэт разумее, што бліскучай італьянскай мовай з’яўляецца тая літаратурная мова, якой карысталіся найбольш слынныя пісьменнікі, ад сіцылійцаў да тасканцаў, сярод якіх Дантэ мае на ўвазе і сваю сціплую асобу, згадваючыся пад імем «сябра Чына да Пістойя».

Трактат так і застаўся незакончаным (ён перарываецца на сярэдзіне чатырнаццатага раздзела), аднак і ў такім выглядзе гэта праца мела вялікае значэнне для італьянскай культуры і літаратуры, асабліва для паэзіі. Рускі даследчык творчасці Дантэ А.М.Еўлахаў зазначыў: «Генію Дантэ мы абавязаны тым, што першая тэорыя раманскага мастацтва амаль супала з самім узнікненнем гэтага мастацтва ў Італіі. Факт небывалы!»1.

Еўлахаў А.М. Трактат Данте «De vulgari eloquio». Очерк из истории романской филогии// Дантовские чтения. 1998.– М.: Наука, 2000.