Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
бхарата дантэ.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
488.45 Кб
Скачать

XVII. А цяпер патлумачыць варта, чаму мы нашай знаходцы надаем азначэнні «бліскучая», «галоўная», «прыдворная» і «правільная»; такім чынам мы лепей пакажам, што яна сабою ўяўляе.

І найперш абвясцім, што мы разумеем пад азначэннем «бліскучая» і чаму яго ўжываем. А кажам мы «бліскучая», бо маем на ўвазе тое, што бляск надае і само ярка блішчыць; так называем мы бліскучых мужоў або таму, што яны ў бляску магутнасці сваёй асвятляюць іншых справядлівасцю і міласэрнасцю, або таму, што яны ў бляску адукаванасці сваёй цудоўна адукоўваюць, як, напрыклад, Сенека і Нума Пампілій. А народная гаворка, пра якую мы гаворым, узвышаная ёсць адукаванасцю і магутнасцю, і прыхільнікаў сваіх узвышае гонарам і славай.

Адукаванасцю, як бачым, яна ўздымае таму, што са шматлікіх грубых італійскіх словаў, са шматлікіх заблытаных маўленчых абаротаў, са шматлікіх брыдкіх гаворак, са шматлікіх просталюдных націскаў выйшла такой адрознай, такой стромкай, такой дасканалай і вытанчана шляхетнай, якой Чына да Пістоя ды сябар яго паказваюць яе ў сваіх Канцонах.

А ўзвышанасць і магутнасць яе відавочныя. У чым жа болей магутнасці, як не ў тым, што яна можа кіраваць сэрцамі людзей такім чынам, каб рабіць нежаданае жаданым і жаданае нежаданым, як рабіла яна і робіць?

А што годнасцю яна ўзвышаная, тое несумненна. Хіба ж служкі яе не пераўзыходзяць славаю ўсялякіх каралёў, маркізаў, графаў і шляхціцаў48 ? Гэта не мае патрэбы ані ў якіх доказах. А як услаўляе яна блізкіх сабе, мы і самі ведаем, і выгнаннем нашым дзеля яе салодкай славы пагарджаем.

Таму заслужана бліскучай мы яе абвясціць павінны.

XVIII. Не без падставаў мы надаем гэтай бліскучай народнай гаворцы і другое азначэнне, называючы яе галоўнай. Бо, падобна таму, як дзверы цалкам залежаць ад восі і, за паваротам яе рухаючыся, адчыняюцца або ўсярэдзіну або вонку, так і ўвесь сойм гарадскіх гаворак паварочваецца туды і сюды, рухаецца ці спыняецца ў залежнасці ад той, што сапраўднай галавой сям’і з’яўляецца. Хіба ж не выкараняе яна дзень за днём церні з італійскага гушчару? Хіба ж не прышчапляе парасткаў і не перасаджвае новых дрэўцаў? Чым яшчэ займаюцца старанныя яе земляробы, як не памянёнымі прышчэпамі ды праполкаю? Таму і заслугоўвае яна такога значнага наймення.

А прычына таго, што яна завецца прыдворнай, у тым, што калі б Італійцы мелі каралеўскі двор, то сталася б яна палацінскай49 . Бо калі каралеўскі двор з’яўляецца апірышчам усяго каралеўства і найсвятлейшым кіроўцам усіх яго частак, то і гаворка гэтая для ўсіх агульнай быць павінна, а не заставацца ў нечай прыватнай уласнасці, і належыць ёй гасцяваць і пры двары знаходзіцца; ніякі іншы прытулак такой госці, як народная гаворка, пра якую мы размаўляем, не варты. І таму ўсе наведвальнікі ва ўсіх каралеўскіх дварах заўсёды карыстаюцца бліскучай народнай гаворкай; у выніку атрымліваецца, што нашая бліскучая народная гаворка вандруе, бы іншаземка, і прытулак знаходзіць у мізэрных прытулках, бо каралеўскага двара ў нас няма.

Заслугоўвае яна і наймення «правільная», бо правільнасць ні што іншае ёсць як праверка таго, што правілам трэба апрацоўваць; а паколькі шалі для падобнага вымярэння толькі ў найвышэйшых урадах маюцца, то ўсё добра вымеранае і выкананае можа правільным называцца. Значыць гэта, што народная гаворка, узважаная вышэйшай італійскай Курыяй, наймення правільнай заслугоўвае.

Але ж казаць, што яна вымераная ў найсвятлейшым італьянскім двары, смешна, бо гэткага ў нас не маецца. Няцяжка, аднак, на тое запярэчыць. Бо, няхай няма ў Італіі адзінага агульнага ўраду, падобна ўраду Германіі, у чальцах яго тым не менш недахопу не адчуваецца; і як чальцы памянёнага ўраду аб’ядноўваюцца адзіным Гаспадаром, так чальцоў нашых аб’ядноўвае жыццядайнае святло розуму. Таму лічыць, што няма ў Італійцаў адзінага вышэйшага кіраўніцтва, было б хлуслівым, паколькі хоць і не маем Гаспадара, але ёсць у нас Курыя, не зважаючы на тое, што цела яе падзеленае.

ХІХ. І вось гэтая народная гаворка, якая паказана бліскучай, галоўнай, прыдворнай і правільнай, па сцвярджэнні нашым ёсць тая самая, што завецца народнай італійскай мовай. Бо накшталт таго, як знойдзецца нейкая народная гаворка, якая належыць Крэмоне, адшукаецца і такая, што належыць усёй Ламбардыі; а як адшукаецца тая, што належыць усёй Ламбардыі, знойдзецца і гэткая, што належыць усёй левай Італіі; а паколькі магчыма знайсці ўсе гэтыя народныя гаворкі, так магчыма знайсці і тую, што належыць усёй Італіі цалкам. І падобна таму, як адна завецца крэмонскай, другая – ламбардскай, а трэцяя – гаворкай паловы Італіі, так і гэтая, што ўсёй Італіі належыць, завецца народнай італійскай гаворкай. Бо карыстаюцца ёю ў Італіі выбітныя майстры паэтычных твораў на роднай мове – Сіцылійцы, Апулійцы, Тасканцы, Раманьёльцы, Ламбардцы і мужы абедзвюх Марак50 .

І паколькі, як абяцана было на пачатку гэтай працы, намер наш быў выкласці вучэнне пра народнае красамоўства, то ад яе, як ад найвыбітнейшай рухаючы крокі свае, пакажам мы ў наступных кнігах, каго лічым мы вартым карыстацца ёю, і чаму, і якім чынам, а таксама дзе, і калі, і да каго звяртацца на ёй патрэбна. А па асвятленні рэчаў гэтых будзем імкнуцца мы распавесці пра ніжэйшыя народныя гаворкі, сыходзячы паступова да той, што толькі адной сям’і належыць.

Працяг у №3(29)/2004

Пераклад і каментар Аксаны Данільчык

Пётр Альвернскі, чыя дзейнасць прыпадае на 1150–1180 гг., не быў старэйшым майстрам.

Дантэ мае на ўвазе сябе самога.

Г. зн. на лаціне.

«Фарсалія» (ІІ).

Па сутнасці Дантэ з’яўляецца першым дыялектолагам Італіі.

Што ты гаворыш, сіньёр?

Як вы пажываеце?

Хутчэй за ўсё, Дантэ не ведаў, хто менавіта стварыў сатырычныя песні.

Па вяртанні з Кашолі сустрэў я жанчыну з Ферма, што йшла вельмі хутка, скора, скора.

Гэта здарылася пад вечар, у месяцы кастрычніку.

Як справы?

Самыя старажытныя паэты Італіі жылі на Сіцыліі, асабліва вядомыя былі паэты пры двары імператара Фрыдрыха ІІ.

І тое, што вада агню пакіне,

Як доўга здзекваўся з мяне Амур.

Абедзве канцоны былі створаны Гвіда дэлле Калоннэ.

Так па-грэцку называлася Сіцылія, што значыць трохканцовая.

Дантэ не раз усхваляў караля Сіцыліі як палітыка, што імкнуўся паяднаць Італію.

Райка – дурань, няварты чалавек, слова, забароненае Евангеллем ад Мацея, якое Дантэ ўжывае, каб выказаць сваю незадаволенасць феадаламі, што не жадалі яднацца пад адзінай уладай.

Караля Сіцыліі з 1296 па 1337 г., сына Кастанцы, дачкі караля Манфрэда, і Пэдра ІІІ Арагонскага.

Карл ІІ Анжуйскі (пам. у 1309), кароль Неапаля.

Джавані, маркіз Манферацкі (пам. у 1305 г.) і Адзо VIII, маркіз д’Эстэ (пам. у 1308), забойца бацькі і здраднік.

Забяры мяне з полымя, калі пажадаеш.

Я б хацеў, каб хлопчык плакаў.

Дама, сказаць Вам жадаю...

Іду шчасліва я, ахоплены каханнем радасным...

Дантэ памыліўся, бо тасканскі лёг у аснову італьянскай літаратурнай мовы, аднак паэт застаўся верным ідэі, што цэлае складаецца з лепшых частак. Прынцып арыстоцелеўскі, але прыстасаванне яго да лінгвістыкі ёсць вынаходніцтвам Дантэ.

Спадкаемца Гвітонэ (пам. каля 1296); палемізаваў з Гвіда Гвініцэлі.

Суддзя з Пізы, дзве яго канцоны, што захаваліся, маюць рысы мясцовай фанетыкі.

Хутчэй за ўсё, Барталамеа Маката з Сіены.

Брунэта Лаціні, аўтар «Скарба» (на французскай мове), настаўнік Дантэ.

Дык будзем есці, раз іншай справы няма.

Пяхота фларэнційцаў праз Пізу йдзе.

Клянуся Богам, што жывецца добра гараджанам Луккі.

Калі б адмовіўся я ад Сіены!

Хто так сказаў?

Ці прыйдзеш на спатканне?

Гвіда Кавальканці, Лапа Джані і Дантэ Аліг’еры.

Сын гвельфа Альберыга (гл. Пекла, ХХХІІІ, 118).

Клянуся ранамі Бога, ты не пабачыш.

Лацінізаваная форма імя Альдабрандзіна Медзабаці з Падуі.

Вобраз пераклікаецца з першай песняй «Пекла».

Жыхароў горада Імалы.

Славуты італьянскі трубадур, пам. у 1269 г.

Паэты з Балоньі Фабруца дзі Тамазіна і Анэста дэльі Анэсці , у вершах якіх сустракаліся элементы «новага стылю».

Высокая да вас любоў, Мадонна...

З твораў гэтага паэта нічога не захавалася, яго ідэнтыфікуюць з Гвіда дзі Ларэнца Гізільеры.

Дама, вернае сэрца.

О мой далёкі шлях.

Я дапамогі не чакаю ад цябе, Амур.

Народную італьянскую мову.

Тут разуменне славы пісьменніка набліжаецца да рэнесансавага ўхвалення чалавека-творцы.

Каралеўскі і імператарскі двор у часы Фрыдрыха ІІ Гагенштаўфена быў на Сіцыліі.Пасля смерці яго сына Манфрэда Італія страціла той цэнтр, які мог бы садзейнічаць узнікненню вытанчанай прыдворнай мовы, паняцце «прыдворны» не адпавядае ў Дантэ паняццю «cortigiano» XVI ст., а мае сярэднявечнае значэнне.

Трэвіскай і Анконскай.

Пра народнае

красамоўства

Кніга Першая

І. Паколькі нам невядома, каб хто іншы перад намі разглядаў калі-небудзь вучэнне пра народную гаворку1 , і мы лічым гаворку гэтую ўсім неабходнаю, бо не толькі мужчыны, але і жанчыны, і дзеці згодна з магчымасцямі сваімі імкнуцца да яе далучыцца, і жадаем неяк прасвятліць розум тых, хто блукае па плошчах быццам сляпы, часцяком прымаючы за тое, што наперадзе, тое, што ззаду, з дапамогаю Слова з Нябёсаў пасланага, пастараемся гаворцы простага люду карысці надаць не так наліваючы сок нашага розуму ў яе келіх, як скарбы яе збіраючы і ад іншых прымаючы, і злучым разам лепшае, каб стварыць найсаладзейшае пітво мядовае2 .

Але паколькі кожнае вучэнне не толькі апісаць трэба, але і раскрыць яго прадмет, каб стала вядома, што ёсць тое, чым яно займаецца, мы скажам, што пад народнаю гаворкаю разумеем тую, да якой далучаюцца дзеці, якіх яна атачае, калі пачынаюць адрозніваць першыя гукі; ці, карацей кажучы, пад народнаю гаворкаю мы разумеем тое, што без усялякіх правілаў ад карміцелькі цераз прыпадабненне засвойваецца. Існуе яшчэ іншая гаворка, якую Рымляне называлі граматыкай3 : і такую ж Грэкі маюць ды іншыя народы, але не ўсе: не многім дадзена авалодаць ёю, бо патрабуюцца час і пра- цяглае навучанне, каб спасцігнуць правілы яе і дактрыну.

З гэтых дзвюх гаворак паўсюдна больш высакароднай ёсць народная; і таму, што перш-наперш выкарыстоўваецца чалавечай істотай, і таму, што ўвесь свет ад яе асалоду мае, хоць і падзеленая яна на словы і выразы адрозныя; і таму, што для нас ёсць больш натуральная, тым часам як другая хутчэй штучная.

І намер наш аб больш высакароднай паразважаць.

ІІ. Яна нашай галоўнай гаворкай з’яўляецца: і я кажу нашай не таму, што існуюць іншыя гаворкі, апрача чалавечай; але сярод усіх істотаў толькі чалавеку слова было дадзена, як толькі яму неабходнае. Ні анёлам, ні звярам непатрэбна было слова, было б яно ім зусім без карысці, а Прырода адкідае тое, у чым карысці няма.

Калі ж мы захочам больш уважліва разгледзець да чаго імкнёмся ў размове, то ўбачым, што толькі да таго, каб выказаць іншым думкі розуму нашага. А паколькі анёлы для выяўлення сваіх добрапрыстойных думак надзвычайную хуткую разумовую здольнасць маюць, дзякуючы якой бачныя адзін аднаму або самі па сабе, або пасяродкам таго найсвятлейшага люстэрка4, дзе яны адбіваюцца ва ўсёй прыгажосці і прагна сябе сузіраюць, то зразумела робіцца, што не маюць яны патрэбы ні ў якім слоўным знаку. А калі нехта згадае якога з неба выгнанага, то ёсць два спосабы адказаць: па-першае, калі гаворка ідзе пра рэчы дабру неспрыяльныя, то няварта ўвагу на іх звяртаць, раз не захацелі яны даручыць сябе Божаму Провіду; па-другое, і гэта найлепш, тым дэманам, каб выявіць адзін перад адным сваю падступнасць, не патрабуецца ведаць нічога іншага, апрача таго, што яны ўжо добра ведаюць, бо спазналі адзін аднаго яшчэ да свайго падзення.

Гэтаксама і звярам, істотам ніжэйшым, што кіруюцца толькі інстынктам сваім, слова не было дадзена, бо тыя, што належаць да аднаго віду, маюць аднолькавыя паводзіны і звычкі і па ўласных могуць іншых пазнаць; а тыя, што да розных відаў належаць, не толькі ў слове патрэбы не маюць, але займелі б ад яго шкоду, бо няма паміж імі ніякіх прыязных зносінаў.

А калі хто запярэчыць нам, што змей, які размаўляў з першай жанчынай, і асліца Валаамава словы прамаўлялі, то мы адкажам, што праз асліцу анёл, а праз змея д’ябал дзейнічалі, каб жывёлы гэтыя рухалі сваімі органамі такім чынам, што ў выніку голас іх гучаў як сапраўдная гаворка, не зважаючы на тое, што моваю асліцы рык стаўся, і сіпеннем сталася мова змея. Калі ж хтосьці возьмецца супрацьлеглае даказваць, з таго зыходзячы, што Авідзій у V частцы «Метамарфозаў» гаворыць як сарокі5 размаўляюць, то мы адкажам, што гэта ён фігуральна кажа, іншае маючы на ўвазе. Калі ж настойваць будзе, што і цяпер сарокі ці іншыя птушкі размаўляюць, скажам мы, што дзеянне іх гэтае ёсць не мова, а пэўнае прыпадабненне голасу чалавечаму; бо прыпадабняюцца яны ў гучанні, а не ў слове. Там, дзе на слова «сарока» адказваюць таксама «сарока», адбываецца нішто іншае як гукавое ўзнаўленне ці імітацыя таго, хто першы сказаў.

Такім чынам відавочна, што слова было толькі чалавеку дадзена. А чаму яно для яго неабходным стала, паспрабуем коратка паказаць.

ІІІ. Дык вось, раз чалавек не прыродным інстынктам рухомы, а розумам, і розум здольнасцю разважаць ці меркаваць ці выбіраць у асобнага чалавека гэтак адрозніваецца, што кожны такой сваёй асаблівасцю задаволены, мы лічым, што ніхто не разумее іншага чалавека па сваіх уласных учынках і страсцях, як між жывёламі адбываецца. Але і пасяродкам духоўнага сузірання, як анёлы, не могуць яны адзін аднаго спасцігаць, бо дух чалавечы ў грубай і цёмный цялеснай абалонцы хаваецца6 .

Сталіся такім чынам неабходнымі для роду чалавечага пэўныя разумовыя і пачуццёвыя знакі для выказвання думак; таму што для ўспрымання ад розуму і для перадачы ў розум знак павінен быць разумовым, і калі не існуе іншай магчымасці для перадачы чагосьці ад аднаго розуму да другога іначай як праз пачуцці, то гэты знак павінен быць і пачуццёвым, бо калі б ён быў толькі разумовым, то не мог бы працінаць, а калі б толькі пачуццёвым, то ні з розуму не мог бы ўспрымацца, ні ў розум перадавацца.

І гэта ёсць пацвярджэннем высакароднасці прадмету, які намі разглядаецца, з той прычыны, што ён пачуццёвы, бо гэта гук, і разумовы, бо азначае што-небудзь адпаведна нашаму жаданню.

IV. Што толькі чалавеку мова дадзена была з вышэйсказанага вынікае. Цяпер, мы лічым, трэба паглядзець, хто з людзей яе найперш атрымаў і што ён найперш сказаў; і каму, дзе і калі, а таксама на якой мове першапачаткова выказаўся.

Згодна з тым, што гаворыцца на пачатку Быцця, там, дзе Святое Пісанне распавядае пра паходжанне свету, вынікае, што раней за ўсіх загаварыла жанчына, тая саманадзейная Ева, якая д’яблу спакусліваму адказала: «Давай пакаштуем плод дрэваў райскіх: але Бог забараніў нам есці плады таго дрэва, што пасярод Раю расце, і загадаў нам да яго не датыкацца, каб не ўмерці». Ды не зважаючы на тое, што ў Пісанні найперш жанчына загаварыла, мэтазгодна тым не менш лічыць, што першым загаварыў чалавек; і неразумна дапускаць, што такое цудоўнае дзеянне роду чалавечага распачыналася не ад мужчыны, але ад жынчыны. На падставе развагаў мы і лічым, што першапачаткова Адаму мова была дадзена Тым, хто і форму яму надаў.

А што пасля вымавіў голас першага размоўцы не павінна выклікаць сумненняў у кожнага мудрага чалавека: ім сталася слова «Бог» або Эль, ці ў якасці пытання ці ў якасці адказу. Сапраўды, неразумным і абсурдным здаецца, што хоць нешта магло быць названа чалавекам раней за Бога, які чалавека па сваім вобразе і падабенстве стварыў. Бо пасля грахоўнага падзення роду чалавечага ўсялякая гаворка стала пачынацца з «heu»7 ; і адсюль вынікае, што да гэтага кожная гаворка радасным словам пачыналася, а паколькі не існуе радасці па-за Богам, а толькі ў Ім, і сам Бог ёсць радасць, то і вынікае, што той, хто спачатку загаварыў, перш за ўсё сказаў «Бог».

Ды адсюль іншае сумненне нараджаецца: як мы раней казалі, чалавек загаварыў, каб даць адказ і, калі так і сталася, то адказваць ён павінен быў Богу: і раз ён адказаў, то падаецца, што першым Бог загаварыў, і гэта, здавалася б, пярэчыць таму, што мы раней казалі. І на сумненне гэтае мы запярэчым, што чалавек мог цудоўна адказаць на запытанні Бога без таго, каб Богу выказацца спатрэбілася на той мове, пра якую мы гутарку вядзем. І сапраўды, хто сумнявацца можа наконт таго, што ўсё схіляецца перад воляю Божаю, ад якой усе рэчы паходзяць, якой кіруюцца і захоўваюцца? І раз паветра рухаецца ўладаю ніжэйшай прыроды, служкаю і стварэннем Бога з такімі зменамі магутнымі, што грыміць громам, зіхаціць маланкаю, вадою паліваецца, снегам сыпле і градам грукоча, то ці не рухаецца яно па Божым загадзе, каб даць гучанне словам, якія раздзяляе Той, хто і найбольшыя рэчы раздзяліў? Хіба не так?

На гэта і на іншае, мы ўпэўнены, адказ дастатковы дадзены.

V. Мяркуючы тым часам не без рацыі, як па вышэйшых, так і па ніжэйшых рэчах, што да самога Бога першы чалавек звярнуў слова сваё, на ўсіх падставах мы кажам, што гэты першы носьбіт мовы загаварыў адразу пасля таго як Адухаўленчай Дабрадзейнасцю быў натхнёны. Аднак мы лічым, што ў чалавеку больш чалавечна пачутым быць, як слухаць; каб і яго пачулі і сам ён слухаў, бо чалавекам з’яўляецца. Відавочна, што раз той, хто ёсць Творца і ўсялякай дасканаласці Аснова і Прыхільнік, подыхам сваім першага чалавека дасканалым стварыў, то падаецца нам зразумелым, што высакародная істота найперш пачула, а потым была пачутая.

Калі ж нехта ў жаданні запярэчыць пакажа нам, што чалавеку патрэбы не было ў размове, бо самотны ён быў, а Бог без словаў спасцігае ўсе нашыя думкі раней за нас саміх, то мы з адпаведнай суджэнням аб Вечнай Волі пачцівасцю кажам, што, не зважаючы на тое, ведаў ці прадбачыў Бог – а для Бога гэта тое самае – нявыказаную думку першага размоўцы, Ён дазволіў яму загаварыць, каб у выяўленні такога вялікага дару праславіўся і Той, хто адарыў так шчыра. І таму верым мы, што па міласці Божай цешымся з упарадкаванага выяўлення пачуццяў нашых.

Адсюль можам мы вызначыць тое месца, дзе ўпершыню слова прагучала: бо калі чалавек адухоўлены быў па-за межамі Раю, то й прагучала яно па-за ім, калі ж у Раі, то там і ёсць месца першай гаворкі.

VI. Па той прычыне, што людзі ў стасунках сваіх шматлікімі мовамі карыстаюцца, з-за чаго многія і ў шматслоўі гэтак жа разумеюцца, як і без словаў, варта пашукаць нам такую мову, якой напэўна карыстаўся чалавек без маці, без яе малака, што ні дзіцёнкам ніколі не быў, ні дарослым.8

У гэтым, як і ў многіх іншых рэчах, айчынаю для большасці сыноў Адама стаўся вялікі горад Пьетрамала9. Аднак у кожнага розум бессаромны настолькі, што ён лічыць месца, дзе нарадзіўся, самым найлепшым месцам пад сонцам, і да таго ж кожны хваліцца сваёй гаворкай, гэта значыць матчынай мовай, перад усімі астатнімі, і такім чынам лічыць яе тою, на якой Адам гаварыў. Але мы, каму айчына – свет10 , як рыбам акіян, хоць перш як зубы займелі ваду з Арно пілі11, і ў нашых сэрцах так Фларэнцыю носім, што за любоў сваю пакутуем ад незаслужанага выгнання, больш на рацыі, чым на пачуццях грунтуем асновы нашага суджэння. І хоць для асалоды ці спакою сэрца нашага нідзе на зямлі няма месца прыгажэйшага за Фларэнцыю, але, пераглядаючы творы паэтаў ды іншых пісьменнікаў, у якіх свет апісаны цалкам і па частках, і разважаючы пра розныя часткі свету і пра іх размяшчэнне адносна палюсоў і экватарыяльнага круга, вызначаем і цвёрда вырашаем, што ў многіх краях і гарадах болей шляхетнасці і хараства, чым у Таскане і Фларэнцыі, сынам і грамадзянінам якой мне суджана быць, і мноства плямёнаў і народаў ужываюць куды больш салодкую і карысную за італьянскую мову.

Вяртаючыся цяпер да нашага прадмету, скажам, што пэўная форма маўлення12 была вынайдзена Богам разам з першаю душою. Я кажу «форма», маючы на ўвазе і назвы рэчаў, і пабудову словаў, і іх вымаўленне: і гэтую форму кожны, хто на мове гаворыць, ужываў бы, калі б па прычыне самаўпэненасці чалавечай, яна не знікла, як далей мы пабачым.

Гэтай формай маўлення Адам мовіў; і пасля ўсе яго нашчадкі аж да ўзвядзення вежы бабілонскай ці інакш кажучы «вежы змяшэння»; гэтую форму атрымалі ў спадчыну сыны Гэбера, што ад яго габрэямі называцца сталі. Пасля змяшэння яна толькі ў іх захавалася, каб Збавіцель наш, што па чалавекалюбстве сваім у іх павінен быў нарадзіцца, карыстаўся моваю міласці, а не змяшэння.

Сталася такім чынам габрэйская мова першаю, якую вусны чалавечыя стварылі.