
- •Пра народнае красамоўства
- •VII. Сорамна, на жаль, прыгадваць цяпер ганьбу роду чалавечага! Дык калі мы не можам абмінуць яе, не зважаючы, што чырвань сораму на твар кладзецца і душа працівіцца, то закранём яе коратка.
- •V. Наконт глыбіні думак, мы, бадай, дастаткова сказалі, прынамсі ўсё, што патрабуецца для нашай працы; пяройдзем цяпер да велічнасці вершаў.
- •VII. І цяпер задача нашая ў тым, каб асвятліць велічныя словы, якія заслугоўваюць таго, каб ва ўзвышаным стылі знаходзіцца.
- •XV. Дык паспрабуем жа цяпер коратка даследаваць тое, што ад італьянскага гушчару38 застаецца.
- •XVII. А цяпер патлумачыць варта, чаму мы нашай знаходцы надаем азначэнні «бліскучая», «галоўная», «прыдворная» і «правільная»; такім чынам мы лепей пакажам, што яна сабою ўяўляе.
- •VII. Сорамна, на жаль, прыгадваць цяпер ганьбу роду чалавечага! Дык калі мы не можам абмінуць яе, не зважаючы, што чырвань сораму на твар кладзецца і душа працівіцца, то закранём яе коратка.
XV. Дык паспрабуем жа цяпер коратка даследаваць тое, што ад італьянскага гушчару38 застаецца.
І скажам адразу, што, бадай, не надта памыляюцца тыя, хто Балонцаў лічыць валадарамі найпрыгажэйшай гаворкі, бо ад Імалійцаў39 , Ферарцаў і Модэнцаў, якія іх атачаюць, ва ўласную гаворку яны сёе-тое пераймаюць; відавочна, што тое ж самае робяць і ўсе іншыя ў дачыненні да сваіх суседзяў, як Сардэла40 паказвае адносна сваёй Мантуі, што суседнічае з Крэмонай, Брэшыяй ды Веронай: ён хоць і быў вялікім знаўцам красамоўства, ды не толькі ў вершах, але і ва ўсялякага роду выказваннях пазбягаў роднай гаворкі. І сапраўды, памянёныя грамадзяне ад Імалійцаў бяруць мяккасць і пяшчотнасць, ад Ферарцаў і Модэнцаў пэўную гартаннасць, уласцівую Ламбардцам, якая, мы думаем, у тамтэйшых жыхароў ад сумяшэння з прышлымі лангабардамі засталася. І з гэтай нагоды сярод Ферарцаў, Модэнцаў і Рэджыйцаў мы аніводнага вершатворцу не знаходзім, бо з прычыны схільнасці сваёй да гартаннасці ніякім чынам не могуць яны засвоіць прыдворную народную гаворку, каб не надаць ёй пэўнай калянасці. Яшчэ больш датычыцца гэта Падуанцаў, што замест «molto» гавораць monto.
Адпаведна, калі Балонцы бяруць, як сказана, і адтуль і адсюль, то падаецца мэтазгодным, што іх гаворка шляхам сумяшэння супрацьлегласцяў застаецца ўраўнаважанай да пахвальнай прыемнасці; гэта, па разуменню нашаму, несумненна так і ёсць. І таму з тымі, хто ставіць іх вышэй па народнай гаворцы, маючы на ўвазе толькі гарадскія гутаркі Італійцаў, мы ахвотна згаджаемся; калі ж яны аддаюць увогуле балонскай народнай гаворцы перавагу, то мы з імі ў нязгодзе разыходзімся. Бо яна не такая, якую мы называем прыдворнай і бліскучай, таму што калі б яна гэткай з’яўлялася, то ні вялікі Гвіда Гвініцэллі, ні Гвіда Гізільеры, ні Фабруцца, ні Анэста41 , ні іншыя вершатворцы Балоньі ад уласнай гаворкі не ўхіляліся б, а былі яны бліскучымі майстрамі і цудоўна разбіраліся ў народнай гаворцы. Вялікі Гвіда:
Madonna, ’l fino amor c’a vui porto;42
Гвіда Гізілеры43 :
Donna, lo fermo core;44
Фабруца:
Lo meo lontano gire;45
Анэста:
Piu“ non attendo il tuo soccorso, Amore46.
Бо словы гэтыя зусім адрозныя ад слоў гараджанаў балонскіх.
Цяпер, паколькі ніхто, на нашую думку, не мае сумненняў адносна іншых правінцыйных гарадоў Італіі – а калі хто і мае, то мы яго не лічым вартым якіх-небудзь тлумачэнняў – нам няшмат абмеркаваць застаецца. Таму, адкласці нашае сіта жадаючы і разгледзець хутчэй тое, што ў ім засталося, скажам, што гарады Трэнта, Турын ды Александрыя настолькі блізка да межаў Італіі знаходзяцца, што калі б нават замест іх агіднай народнай гаворкі апынулася б найцудоўнейшая, то з-за сумяшэння з чужынскімі гаворкамі мы б італійскай яе не прызналі. Таму, раз мы шукаем бліскучую італійскую гаворку, то там мы гэтага знайсці не зможам.
XVI. Пасля таго як прабеглі мы паляваннем па ўсіх гушчарах і выганах Італіі і не адшукалі пантэры, якую высочвалі, каб знайсці яе, з большым розумам пашукаем, датуль, пакуль тая, што ўсюды чуваць, але нідзе не відаць, нарэшце не патрапіць злоўленая ў нашыя сеткі.
Зноў узяўшыся за паляўнічыя свае прылады, сцвярджаем мы, што ў кожным родзе рэчаў павінна быць адна, з якой мы раўняем і ацэньваем пэўнага тыпу прадметы і па якой мераем усе астатнія; гэтаксама, як пры вылічэнні ўсё па адзінцы вымяраецца і называецца большым ці меншым у залежнасці ад таго, наколькі далёка стаіць ад адзінкі ці да яе набліжаецца; і паколькі ўсе колеры па белым вымяраюцца і называюцца больш ці менш бачнымі ў залежнасці ад таго, бліжэй ці далей яны стаяць ад белага. І гэтаксама, як мы мяркуем аб рэчах па іх колькасці і якасці, мы можам меркаваць пра любы прэдыкат ці субстанцыю: інакш кажучы, кожную рэч вымяраем сярод падобных па той, што ў дадзеным родзе найпрасцейшай з’яўляецца. А таму, што і нашыя ўчынкі на пэўныя тыпы падзяляюцца, знайсці варта такую прыкмету, па якой яны вымярацца будуць. Сапраўды, паколькі мы дзейнічаем проста як людзі, маем для гэтага дабрадзейнасць (у агульным сэнсе гэтага слова), бо па ёй мяркуем, добры чалавек ці дрэнны; а паколькі дзейнічаем мы і як грамадзяне, то маем закон, па якім добрага ці дрэннага грамадзяніна вызначаюць; і паколькі дзейнічаем мы як Італійцы, то маем вядомыя самыя простыя прыкметы і звычаі, і строі, і маўленні, па якіх вымяраюцца і ацэньваюцца ўчынкі Італійцаў. А найбольш высакародныя ўчынкі Італійцаў не з’яўляюцца ўласнасцю ніякага асобнага горада Італіі, а належаць ім усім разам: вось тут цяпер і можна адрозніць тую народную гаворку, за якой мы палявалі і якая ў кожным горадзе адчуваецца ды ні ў адным не хаваецца. Аднак яна можа адчувацца ў адным больш, чым у другім, накшталт найпрасцейшай субстанцыі – Бога, што адчуваецца больш у чалавеку, чым у жывёле; у жывёле больш, чым у расліне; у расліне больш, чым у мінерале; у мінерале больш, чым у элеменце; у агні больш, чым у зямлі; і найменшая колькасць – адзінка больш адчувальная ў лічбе няцотнай, чым у цотнай; і найпрасцейшы колер – белы – больш адчуваецца ў светла-жоўтым, чым у зялёным.
Такім чынам, мы знайшлі тое, што шукалі47 , і сцвярджаем, што ў Італіі маецца бліскучая, галоўная, прыдворная і правільная народная гаворка, якая складае ўласнасць кожнага і аніводнага паасобку італійскага горада, па якой усе гарадскія гаворкі італійцаў вымяраюцца, ацэньваюцца і параўноўваюцца.