Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
бхарата дантэ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
488.45 Кб
Скачать

V. Наконт глыбіні думак, мы, бадай, дастаткова сказалі, прынамсі ўсё, што патрабуецца для нашай працы; пяройдзем цяпер да велічнасці вершаў.

Наконт гэтага вядома, што нашыя папярэднікі карысталіся ў сваіх канцонах рознымі вершамі, гэтаксама, як і нашыя сучаснікі, але і дасюль мы не знаходзім у вершаскладанні аніводнага верша, даўжэйшага за адзінаццаціскладовы, ці карацейшага за трохскладовы. І хоць італійскія лірыкі карыстаюцца і трохскладовым, і адзінаццаціскладовым, і ўсімі прамежкавымі відамі верша, часцей за ўсё ўжываюць яны пяціскладовы, сяміскладовы і адзінаццаціскладовы, а пасля іх ды перад іншымі – трохскладовы.

З усіх гэтых вершаў найбольш велічным з’яўляецца адзінаццаціскладовы, як па працягласці, так і па прасторнасці для думкі, моўнай будовы і слоў; і выразнасць усіх іх павялічваецца ў ім моцна, што абсалютна відавочна; бо з павелічэннем важкага павялічваецца і вага. І цудоўным чынам узважвалі ўсе гэта майстры, пачынаючы канцоны з памеру такога, як Герард дэ Барнэль:

Ara ausirez encabalitz cantars;13

(хоць і здаецца, што гэты верш дзесяціскладовы, насамрэч ён адзінаццаціскладовы, бо дзве апошнія зычныя не належаць папярэдняму складу, і няхай у іх няма ўласнай галоснай, яны тым не менш моцы складовай не губляюць: прыкметай гэтага ёсць тое, што рыфма завяршаецца адным галосным, чаго не магло б адбыцца, калі б там не меўся на ўвазе другі). Кароль Наварскі:

De fin Amor si vient sen et bonte;14

(дзе, калі разгледзець націск і яго прычыну, відаць, што верш гэты адзінаццаціскладовы); Гвіда Гвініцэлі:

Al cor gentil repara sempre Amore;15

Суддзя дэлле Калонэ з Месіны:

Amor, che lungiamente m’hai menato;16

Рэната д’Аквіна:

Per fino amore vo si lietamente;17

Чына да Пістойя:

Non spero che giammai per mia salute;18

і сябар Чына:

Amor, che movi tua vertu dal cielo.19

І хоць дадзены верш, як відаць, і так самым знакамітым з’яўляецца, то калі ён спалучаецца нейкім чынам з сяміскладовым, нават калі першынство захоўвае, робіцца яшчэ больш выдатным і яшчэ больш узвышаным і велічным. Але хай гэта высветліцца надалей. Так, мы гаворым, што наступны за гэтым, самым вядомым, памерам ідзе сяміскладовы. Пасля яго мы ставім пяціскладовы, а пасля трохскладовы. А дзевяціскладовы з той нагоды, што патроеным трохскладовым з’яўляецца, або ў пашане ніколі не быў, або як надакучлівы з карыстання выйшаў. Вершы з цотнай колькасцю складоў зрэдку выкарыстоўваюцца20, бо адпавядаюць яны сутнасці сваіх лічбаў, што ніжэй за няцотныя, як матэрыя ніжэй за форму, стаяць.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, бачым мы, што самым велічным з’яўляецца памер адзінаццаціскладовы, і гэта тое, што мы паказаць імкнуліся. А цяпер застаецца толькі сказаць наконт узвышаных маўленчых зваротаў і высокіх словаў, і, нарэшце, падрыхтаваць пруткі ды кіі, каб паказаць, якім памерам абяцанае плеціва або канцону плясці трэба.

VI. Паколькі ўвага нашая засяроджана на бліскучай народнай гаворцы як на самай высакароднай сярод усіх іншых, мы пазначылі рэчы вартыя таго, каб ёю быць ухваленымі, як вышэй паказалі, і абралі для гэтага памер канцоны як найвышэйшы з усіх памераў, і каб мець магчымасць яму навучыць, падрыхтавалі ўжо сёе-тое, а менавіта склад і верш, а цяпер гутарку павядзём наконт будовы.

Хай будзе вядома, што будовай мы называем правільнае спалучэнне слоў, як, напрыклад, «Aristotiles phylosophatus est tempore Alexandri»21. Бо тут правільна спалучаюцца пяць слоў, ствараючы адзіную будову, адносна якой трэба перш за ўсё мець на ўвазе, што адна будова бывае адпаведнай, а другая неадпаведнай. А паколькі мы шукаем – калі прыгадаць як след пачатак нашага адступлення – рэчы толькі найвышэйшага гатунку, няма ў пошуках нашых месца неадпаведнаму, як таму, што не заслугоўвае нават найніжэйшай прыступкі дабраякаснасці. Дык няхай жа саромеюцца, хай саромеюцца доўбні, што так бесперапынна і самаўпэўнена да канцонаў імкнуцца. Такія ж яны нам смешныя, як і сляпы, што ў фарбах разбірацца бярэцца. Мы ж, як відаць, толькі адпаведнай будовы шукаем.

Але чакае нас не меншы па цяжкасці выбар перш чым мы дасягнём той будовы, да якой імкнёмся, інакш кажучы да найбольш вытанчанай і шляхетнай. Шмат ступеняў маўленчай будовы маецца: немудрагелістая, што ўласцівая людям неадукаваным, напрыклад, «Petrus amat multum dominam Bertam»22; існуе чыста штучная, уласцівая стрыманым навукоўцам або настаўнікам, напрыклад, «Piget me, cunctis pietate maiorem, quicunque in axitlio tabescentes patriam tantum sompniando revisunt»23; ёсць штучная і прыгожая ў тых, хто павярхоўна рыторыкай авалодаў, як «Laudabilis discretio marchionis Estensis et sua magnificentia preparata cunctis, illum facit esse dilectum»24; ёсць і штучная, і прыгожая, і ўзвышаная адначасова ў выдатных пісьменнікаў, напрыклад, «Eiecta maxima parte florum de sinu tuo, Florentia, nequicquam Trinacriam Totila secundus adivit»25. Гэтую ступень будовы мы называем найвышэйшай, і яна з’яўляецца той, да якой у пошуках дасканаласці мы, як і гаварылі, імкнёмся.

Толькі такой будовай складалі бліскучыя канцоны, напрыклад, Гарард:

Si per mos Sobretots non fos26.

Фалькет Марсэльскі:

Tan m’abellis l’amoros pensamen27.

Арнальда Даніэла:

Sols sui che sai lo sobraffan, chem sorz28.

Амерыга Бэльнуй:

Nuls hom, non pot compir addreciamen29.

Амерыга Пэкульяна:

Si com l’arbres che per sobrecarcar30.

Кароль Наварскі:

Ire d’Amor qui en mon cor repaire31.

Суддзя з Месіны:

Anchor che l’aigua per lo focho lassi32.

Гвіда Гвініцэлі:

Tengo de folle empresa, a lo ver dire33.

Гвіда Кавальканці:

Poi che de doglia cor conven ch’io porti34.

Чына да Пістойя:

Avegna ch’io aggia piu per tempo35.

Сябра Чына:

Amor che ne la mente mi ragiona36.

Не дзівіся чытач, што згадалі мы столькі аўтараў, бо тую моўнаю будову, якую мы называем найвышэйшай, інакш паказаць не можам як падобнымі прыкладамі. І, магчыма, каб прызвычаіцца да гатага, за ўсё карысней было б табе пазнаёміцца з узорнымі паэтамі, гэта значыць з Вяргіліем, Авідзіем у «Метамарфозах», Стацыем і Луканам, ды з іншымі, што выдатнай прозай пісалі, таксама як з Цітам Лівіем, Плініем, Францінам37 , Паўлам Арозіем ды многімі іншымі, пазнаёміцца з якімі сяброўка нашая самота запрашае. Дык няхай жа сцішацца прыхільнікі невуцтва, якія Гвітонэ д’Арэцца ўслаўляюць і некаторых іншых, што ніяк не адвучацца ў словах і моўнай будове прыпадабняцца натоўпу.