Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Метад.указанні да курсавых і дыпломных работ.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
197.12 Кб
Скачать

Метадычныя указанні па напісанню тэарэтычнай часткі дыпломнай работы Выбар тэмы дыпломнага даследавання

Пры выбары тэмы дыпломнай работы улічваецца яе актуальнасць, адпаведнасць абранай тэмы сучаснаму стану і перспектывам развіцця айчыннай тэатральнай культуры, пэўны мастацкі змест (дыпломнай работы).

Пры выбары тэмы дыпломнага праекта трэба ўлічваць наступнае:

  • папярэдні ўдзел студэнта ў навукова-творчай рабоце кафедры, універсітэта, іншых мерапрыемствах (як навуковага характару, так і творчых);

  • папярэднюю вучэбна-навуковую работу (напісанне курсавых работ па спецыяльных дысцыплінах, якія выкладаюцца на кафедры) і творчую работу (удзел у творчых паказах, самастойная творчая работа і г.д.);

  • абраная тэма дыпломнай работы павінна арганічна ўваходзіць у вытворчыя планы баз практыкі, устаноў культуры, мастацтва і адукацыі, навучальна-эстэтычных цэнтраў, суадносіцца з аб’ектыўнымі і суб’ектыўнамі фактарамі арганізацыйна-творчага працэсу;

  • тэма дыпломнай работы павінна таксама несці навукова-творчы характар, раскрываць як навуковы, так і творчы патэнцыял студэнта.

Праца з літаратурнымі першакрыніцамі

Падбор літаратуры па тэме дыпломнай работы:

  • сістэматызацыя рабочага (навуковага) матэрыялу па праблемах, па тэмах, па аўтарах (навуковых выданняў);

  • улічванне ступені распрацаванасці таго ці іншага пытання ў навуковых даследаваннях вучоных-тэарэтыкаў і практыкаў;

  • авалоданне культурай бібліяграфічнага апісання выкарыстанай літаратуры, а таксама інтэрнэт-крыніц (згодна правілаў афармлення работ такога тыпу: прозвішча аўтара, яго ініцыялы, назва работы, месца, дзе яна /работа/ была надрукавана /горад/, назва выдавецтва, год выдання, колькасць старонак выдадзенай работы). (Напрыклад: Баравік, Р.І. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў / Р.І.Баравік. – Мінск: Бел. ун-т культуры, 2000. – 143 с.). Асаблівасці афармлення артыкулаў, якія надрукаваны ў часопісах і газетах (прозвішча аўтара артыкула, яго ініцыялы, назва часопіса /газеты/, год выдання, нумар часопіса /дата выдання газеты/, нумар старонак). (Напрыклад: Тюрина, Т. Кто – действует, кто – исполняет… /Т.Тюрина //Театр. – 1989. – №3. – С. 124 – 130.);

  • авалоданне культурай цытавання першакрыніц: абраная для цытавання фраза (абзац) бярэцца ў двукоссе, пасля заканчэння цытаты даецца спасылка на крыніцу (парадкавы яе нумар прыводзіцца ў квадратных дужках [...] адпаведна спісу выкарыстанай літаратуры, які расстаўляецца па алфавіту) з указаннем старонкі, якая цытавалася. (Напрыклад, цытата з вышэйпрыведзенай кнігі Р.І.Баравіка, якая ў мяркуемым спісе выкарыстаных крыніц можа быць пазначана пад нумарам 5: “Рэжысёрская канцэпцыя дае магчымасць праз канкрэтныя творы мастацтва зразумець не толькі жыццёвыя працэсы, прыроду праблемных з’яў у самім мастацтве і пранікнуць у псіхалогію грамадскай асобы, але і адкрыць самыя розныя сувязі і якасці жыццёвых падзей, а таксама асаблівасці іх праяўлення у тым ці іншым відзе мастацтва” [5, с. 5]);

  • падрыхтоўка спецыяльных картак з бібліяграфічным апісаннем выкарыстанай літаратуры (па прыведзеных вышэй прыкладах).

Тэхналогія навучання асновам навукова-даследчай работы

Этапы напісання дыпломнага праекта (падрыхтоўка тэарэтычнай часткі работы):

  • сагласаванне плана, парадку і тэрмінаў падрыхтоўкі тэарэтычнай часткі дыпломнага праекта;

  • структура тэарэтычнай часткі дыпломнай работы: уводзіны, асноўная частка (змест дыпломнай работы), заключэнне (высновы), спіс выкарыстаных крыніц, дадатак (дадаткі).

Ва ўводзінах даецца абгрунтаванне выбару тэмы дыпломнай работы, вызначаецца яе актуальнасць, навуковая навізна, мэта і задачы, а таксама прадстаўляецца рэжысёрская канцэпцыя абранага твора і г.д.).

У асноўнай частцы дыпломнай работы, падзеленай на главы, раздзелы, падраздзелы, пункты асвятляюцца ўсе пытанні, звязаныя з тэарэтычным асэнсаваннем абранай тэмы:

- аналіз творчасці аўтара;

- аналіз абранага драматургічнага твора;

- аналіз пастаўленага спектакля.

У заключэнні падсумоўваюцца вынікі праведзенай работы (у адпаведнасці з пастаўленымі мэтай і задачамі).

Спіс выкарыстаных крыніц складаецца з навуковай, навукова-папулярнай літаратуры, артыкулаў, мемуарнай літаратуры, аўтарскіх твораў (п’ес), а таксама з інтэрнэт-матэрыялаў, якія размяшчаюцца па алфавіту (спачатку кірыліцай, потым лацініцай), кожнаму асобніку прысвойваецца парадкавы нумар.

У дадатках прыводзяцца эскізы мастацкага афармлення спектакля, фотаздымкі і ілюстрацыі, эскізы касцюмаў, дэкарацый, афіша, праграмка, запрашальныя білеты і інш., пратаколы прыёмкі спектакля (акты ўкаранення вынікаў дыпломнай работы – спектакля – у вытворчасць), знешняя рэцэнзія, водгук навуковага кіраўніка, па магчымасці – відэазапіс пастаўленага спектакля.

Работа над навуковым тэкстам, яго формай.

Тыпалагічныя параметры тэкста

Афармленне тытульнага ліста (не нумеруецца) з усімі рэквізітамі (міністэрства культуры, універсітэт, кафедра, назва дыпломнай работы, аўтар (дыпломнай работы), курс, нумар групы, факультэт, навуковы кіраўнік, мастацкі кіраўнік курса, месца і год напісання дыпломнай работы) (гл.: Дадатак 2).

Змест дыпломнай работы (пачатак нумерацыі тэкста дыпломнага праекта – унізе, у цэнтры; заўсёды старонка “2”) – уключае ўсе структурныя раздзелы дыпломнага праекта, якія заўсёды абазначаюцца вялікімі літарамі: УВОДЗІНЫ; ГЛАВА (1, 2, 3, etc., нумеруюцца арабскімі лічбамі) і іх назва, раздзелы (1.1, 1.2, 1.3, 2.1, 2.2, 2.3, etc.) і іх назва, падраздзелы (1.1.1, 1.1.2, 1.1.3, etc.) і іх назва, пункты (1.1.1.1, 1.1.1.2, 1.1.1.3, etc.) і, калі патрэбна, іх назва; ЗАКЛЮЧЭННЕ; СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ; ДАДАТАК (дадаткі) з указаннем (у змесце) старонак, на якіх яны знаходзяцца.

Уводзіны, правілы напісання. Вызначэнне актуальнасці і навізны тэмы дыпломнай работы, яе мэты і задач (прыкладна 4 – 5), рэжысёрскай канцэпцыі мяркуемай пастаноўкі.

Структура ўводзінаў (асобныя падраздзелы): уступ (увядзенне ў праблему), актуальнасць дыпломнай работы, мэта і задачы дыпломнай работы (вызначаюцца індывідуальна), навізна. Падраздзелы: аб’ект даследавання, метады і метадалогія даследавання, а таксама структура дыпломнай работы прызначаюцца толькі для работ тэарэтычнага плана. Уводзіны да дыпломнага праекта не павінны перавышаць 3 (5 – для тэарэтычных работ) старонак тэкста. У падраздзеле “Мэта і задачы даследавання” фармулюецца мэта работы і задачы, якія неабходна вырашыць для яе (мэты) дасягнення. Не трэба фармуляваць мэту як “Даследаванне...”, “Вывучэнне...”, паколькі гэтыя словы ўказваюць на працэс дасягнення мэты, а не на саму мэту.

Асноўная частка дыпломнай работы падзяляецца на главы, раздзелы, падраздзелы і, калі патрэбна, пункты. Кожная новая глава пачынаецца з новай старонкі, новы раздзел, падраздзел, пункт – на той жа старонцы. Кожная з глаў павінна мець закончаны выгляд, з невялікім падсумоўваючым вынікам, які магчыма пачынаць са слоў: “Такім чынам, ...”. Пры напісанні дыпломнай работы студэнт абавязаны рабіць спасылкі на крыніцы, з якіх ён запазычвае матэрыялы. Не дазваляецца пераказванне тэкста іншых аўтараў без спасылак на выкарыстаныя матэрыялы, а таксама цытаванне чужога тэкста без выкарыстання двукоссяў. Аб’ём асноўнай часткі работы – да 25 – 35 старонак тэкста (для тэарэтычных работ можа быць болей).

Заключэнне з’яўляецца вынікам прадзеланай студэнтам работы, яе высновай. Тэкст яго не павінен перавышаць 1,5 – 2 старонак, у ім павінны быць прадстаўлены вынікі работы ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія былі пастаўлены аўтарам дыпломнага праекта перад пачаткам працы над ім.

Дадатковыя матэрыялы і парадак іх выкарыстання

ў дыпломнай рабоце

У структурны раздзел “Дадатак (дадаткі)” уключаецца дапаможны матэрыял – ілюстрацыі, малюнкі, схемы, фотаздымкі і г.д. Дапаможны матэрыял фарміруецца ў выпадку неабходнасці больш поўнага раскрыцця зместа дыпломнага праекта, ацэнкі яго практычнай значнасці. Колькасць дадаткаў вызначаецца аўтарам дыпломнага праекта.

У гэты раздзел уключаюцца:

- тэксты інсцэніровак празаічных твораў, па якіх створаны спектакль;

- фотаздымкі, ілюстрацыі асобных фрагментаў спектакля;

- табліцы, схемы;

- малюнкі, эскізы касцюмаў, дэкарацый;

- афіша, праграмка, запрашальныя білеты на спектакль;

- дакументы, якія падцвярджаюць практычную значнасць ДР (пратаколы прыёмкі спектакля /акты ўкаранення вынікаў дыпломнай работы ў вытворчасць/), творчую характарыстыку аўтара дыпломнага праекта (характарыстыку з месца працы для студэнтаў завочнай формы навучання) і інш.

Тэхнічныя патрабаванні да афармлення дыпломнай работы

Правілы афармлення:

- мова напісання – беларуская ці руская;

- мінімальны аб’ём дыпломнай работы – 30 старонак камп’ютарнага набору;

- тэкст дыпломнай работы набіраецца на камп’ютары (тэкставы рэдактар Word, шрыфт тыпу Times New Roman памерам 14 пунктаў) на стандартнай паперы (фармат А-4). Памеры палёў (рамка): левае поле – 30 мм, правае – 10 – 15 мм, верхняе і ніжняе – па 25 мм. Колькасць знакаў у радку – 60 – 70 (уключаючы інтэрвалы паміж словамі), міжрадковы інтэрвал – 18 – 20 пунктаў, колькасць радкоў на старонцы – 37 (+- 3). Нумерацыя старонак арабскімі лічбамі – унізе, у цэнтры, пачынаючы са старонкі 2 (тытульны ліст не нумеруецца). Пры наборы тэкста дазваляецца выкарыстоўваць камп’ютарныя магчымасці для акцэнтавання ўвагі на пэўных вызначэннях, тэрмінах, важных словазлучэннях і інш., прымяняючы для гэтага розныя тыпы шрыфту: курсіў, паўтлусты шрыфт, паўтлусты курсіў, выдзяленне з дапамогай рамак, разрадкі, падкрэслівання і інш.

Тэкст асноўнай часткі дыпломнай работы падраздзяляецца на главы, раздзелы, падраздзелы і, калі патрэбна, пункты.

Загалоўкі структурных частак дыпломнай работы “Змест”, “Уводзіны”, “Глава”. Заключэнне”, “Спіс выкарыстаных крыніц”, “Дадатак (дадаткі)” друкуюцца вялікімі літарамі ў сярэдзіне радкоў паўтлустым шрыфтам памерам на 1 – 2 пункты больш, чым шрыфт асноўнага тэкста. Такім жа чынам друкуюцца загалоўкі глаў.

Загалоўкі раздзелаў і падраздзелаў друкуюцца малымі літарамі (акрамя першай вялікай) паўтлустым шрыфтам з памерам шрыфта асноўнага тэкста (14).

Пункты, як правіла, загалоўкаў не маюць. Пры неабходнасці загаловак пункта друкуюць з абзацавага водступа паўтлустым шрыфтам з памерам шрыфта асноўнага тэкста (14).

У канцы загалоўкаў глаў, раздзелаў і падраздзелаў кропку не ставяць. Калі загаловак састаіць з двух ці болей сказаў, іх раздзяляюць кропкай (кропкамі), апошні сказ – без кропкі. У канцы загалоўка пункта ставяць кропку.

Адлегласць паміж загалоўкам (за выключэннем загалоўка пункта) і тэкстам павінна складаць 2 – 3 міжрадковых інтэрвалы. Калі паміж двума загалоўкамі тэкст адсутнічае, то адлегласць паміж імі ўстанаўліваецца ў 1,5 – 2 міжрадковыя інтэрвалы. Адлегласць паміж загалоўкам і тэкстам, пасля якога ідзе загаловак, можа быць больш, чым адлегласць паміж загалоўкам і тэкстам, да якога ён адносіцца.

Кожную структурную частку дыпломнай работы трэба пачынаць з новай старонкі.

Нумерацыя глаў, раздзелаў, падраздзелаў, пунктаў, ілюстрацый, малюнкаў, схем і г.д. даецца арабскімі лічбамі без знака “№” паўтлустым шрыфтам (як і загаловак).

Нумар главы і дадатка ставіцца пасля слоў “Глава” і “Дадатак”. Структурныя раздзелы “Змест”, “Уводзіны”, “Заключэнне”, “Спіс выкарыстаных крыніц” не нумеруюцца.

Раздзелы нумеруюцца ў граніцах кожнай главы. Нумар раздзела ўключае нумар главы і парадкавы нумар раздзела, якія раздзелены кропкай. Напрыклад, “1.3” – трэці раздзел першай главы.

Падраздзелы нумеруюцца ў граніцах кожнага раздзела. Нумар падраздзела ўключае парадкавыя нумары главы, раздзела, падраздзела, падзеленыя кропкамі. Напрыклад, “2.3.2” – другі падраздзел трэцяга раздзела другой главы.

Пункты (калі патрэбна) нумеруюцца арабскімі лічбамі ў граніцах кожнага падраздзела. Нумар пункта ўключае парадкавыя нумары главы, раздзела, падраздзела, пункта, падзеленыя кропкамі. Напрыклад, “1.2.3.1” – першы пункт трэцяга падраздзела другога раздзела першай главы.

Загаловак главы друкуецца з новага радка, які ідзе пасля нумара главы. Загалоўкі раздзелаў, падраздзелаў, пунктаў друкуюць пасля іх нумара праз прабел. Пункт можа не мець загалоўка.

У канцы нумерацыі глаў, раздзелаў, падраздзелаў, пунктаў, а таксама іх загалоўкаў кропка не ставіцца. (Напрыклад: “ГЛАВА 1 БЕЛАРУСКАЯ КЛАСІКА: ЗВАРОТ ДА РОДНЫХ КАРАНЁЎ”).

Фотаздымкі, ілюстрацыі наклейваюцца на старонку, нумеруюцца (арабскімі лічбамі). Напрыклад, “іл. 2” (ілюстрацыя 2), “фота 3” і г.д. Кожны з малюнкаў, табліц, схем таксама мае свой парадкавы нумар, напрыклад, “мал. 4”, “табліца 2”, “схема 3”. Ілюстрацыі, фотаздымкі, малюнкі, табліцы, схемы і г.д. падпісваюцца, кропка ў канцы нумара ілюстрацыі, фотаздымка, малюнка, табліцы, схемы і іх наймення не ставіцца.

Дыпломная работа афармляецца ў спецыяльную папку ці пераплятаецца. Колькасць прадстаўляемых экзэмпляраў дыпломнай работы – 1. Дадаткі да дыпломнай работы размяшчаюцца пасля спіса выкарыстаных крыніц з новай старонкі з парадкавым нумарам гэтай старонкі ці у выглядзе асобнага тома.