Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лозка. Народныя гульні.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
272.38 Кб
Скачать

Захоп у ступу

Хлопцы, сабраўшыся гуртам, бяруць ступу, у якой звычайна таўкуць куццю, абвязваюць яе нiжнюю частку вяроўкай i цягаюць па вулiцы. Параўняўшыся з домам, дзе ёсць паўналетняя дзяўчына-нявеста, заходзяць туды, ставяць пасярод хаты ступу i там сярод жартаў i смеху намагаюцца захапiць якую-небудзь рэч, што належыць дзяўчыне: хустку, чаравiк i г.д. Зрабiўшы такi захоп ("грабеж"), кладуць яго на ступу i працягваюць свой драпежны набег на iншыя хаты, дзе жывуць нявесты. Ступа служыць дакорам векавусе--нявесце, якая не выйшла замуж леташнiм Мясаедам. Сабраўшы дастаткова розных "дзявоцкiх" рэчаў-"грабяжоў", хлопцы нясуць iх у карчму, а туды прыходзяць дзяўчаты выкупляць свае рэчы. Грошы, якiя хлопцы выручалi за "грабяжы", iдуць на агульны пачастунак.

(Зап. у 1897 г.святар С.М.Дзем'яновiч у в.Гатава Слонiмскага павета.)

А мы сеялi, сеялi лянок

У карагодзе ўдзельнiчае неабмежаваная колькасць дзяўчат. Усе становяцца ў круг тварам супраць ходу гадзiннiкавай стрэлкi. Левымi рукамi трымаюць злучаныя нiжнiя вуглы фартушкоў. Правыя -- у вольным становiшчы. Выканаўцы "простым крокам" (рух 1) рухаюцца ўперад i спяваюць:

А мы сеялi, мы сеялi лянок.

На гэтыя словы дзяўчаты правай рукой "чэрпаюць" у фартушку "зерне". Потым адводзяць яе ўбок i, акцэнтуючы узмахам, выцягваюць уперад, iмiтуючы пасеў зерня.

Працягваючы спяваць:

Мы сеялi, прыгаварвалi,

Мы сеялi, прыгаварвалi,

дзяўчаты "простым крокам" праходзяць у тым жа напрамку i паўтараюць 2 разы рухi, якiя былi выкананы на словы першага радка.

На словы:

Чабатамi прыкалачывалi (1 раз)

дзяўчаты "крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" (рух 2) рухаюцца ўперад у тым жа напрамку.

На словы:

Чабатамi прыкалачывалi (2 раз)

дзяўчаты "трайным крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" (рух 3) рухаюцца кожная па сваiм кружочку, блiжэй да цэнтра. (Мал.14). Пад канец фразы дзяўчаты скрыжоўваюць перад сабой сагнутыя ў локцях рукi. На словы:

З боку на бок паварачывалi

"крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" паварочваюцца ўлева на месцы на 180о.

Працягваючы спяваць:

Ох, удайся, удайся, лянок,

Ты удайся, лянок беленькi,

Ох, удайся, лянок беленькi,

Палюбi мяне, мой мiленькi,

дзяўчаты, злучыўшы ўнiзе памiж сабой рукi, "трайным крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" рухаюцца па крузе супраць ходу гадзiннiкавай стрэлкi, адначасова расшыраючы яго .

Перапёлачка

Удзельнiцы ходзяць па крузе, узяўшыся за рукi. У сярэдзiне -- салiстка, якая iлюструе рухамi, жэстамi i мiмiкай усё тое, пра што пяюць астатнiя выканаўцы:

А ў перапёлкi ручкi баляць.

Ты ж мая, ты ж мая

Перапёлачка,

Ты ж мая, ты ж мая

Невялiчкая*.

А ў перапёлкi ножкi баляць.

А ў перапёлкi ды каленцы баляць.

А ў перапёлкi грудцы баляць.

А што перапёлка рана ўстае.

А ў перапёлкi ды старэнькi муж.

А ў перапёлкi дзеткi малыя.

Дзеткi плачуць, есцейкi просяць.

А ў перапёлкi хлебца няма.

(Чурко Ю. Вянок беларускiх танцаў.)

*Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.