Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
асновная частка.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
280.58 Кб
Скачать

Заключэнне

Аналіз навуковай літаратуры па тэме даследавання, праведзеныя назіранні і аналіз корпусу мастацкіх тэкстаў дазваляюць зрабіць наступныя вывады:

1. Шлях як філасофская катэгорыя ў літаратуры выяўляецца як вобраз, сімвал, метафара, матыў і ўключае ў сябе шэраг гуманітарных аспектаў. Гэта міждысцыплінарны феномен, які можа разглядацца з пазіцый філасофіі, міфалогіі, гісторыі, культуры. У сусветнай культуры канцэпт шляху звязаны з анталагічнай праблематыкай і адносіцца да ліку ўніверсальных. Прастора шляху не ўтварае ідэальную семантычную аднароднасць. Шлях у народнай культуры, рэлігіі і міфалогіі можа суадносіцца з жыццём, падарожжам героя ў іншасвет, пераходнымі рытуаламі, станаўленнем асобы, пошукам сэнсу жыцця і ідэалаў. Семантыка і сімволіка матыву шляху сфарміравалася гістарычна пад уплывам грамадскага ладу, культуры і рэлігіі. Дарога і шлях з’яўляюцца сімваламі лёсу, пакут, выпрабаванняў, выбару, таму часта канцэптуальная метафара «жыццё ― шлях» змяшчае ў сабе семантычнае звяно «страта ― набытак» (або «страта ― пошук ― набытак»). Матыў «шляху ― дарогі» схільны да сваёй мастацкай трансфармацыі ў гістарычным ходзе літаратурнага развіцця, што і тлумачыць магчымасць рознага трактавання аднатыпных вобразаў.

2. Вобраз вандроўніка ― гэта вобраз-архетып; ён атрымаў шырокае распаўсюджанне ў літаратурах розных краін. Вобраз вандроўнага героя ў заходнееўрапейскіх літаратурах (валацуга-бяздомнік, рыцар-авантурыст, круцель, філосаф, астраном) даволі істотна розніцца ад аналагічнага вобраза ва ўсходнеславянскіх літаратурах, што тлумачыцца рознымі абставінамі гістарычнага развіцця, грамадскім ладам і культурай. Існуе вялікая колькасць тыпаў вандроўных герояў, якія вылучаюцца атрыбутамі знешнасці і побыту, мэтамі, паводзінамі, асаблівасцямі камунікацыі. Паводле «культуры шляху» іх умоўна падзяляюць на тры тыпы: тыя, хто сыходзіць з пастаяннага месца жыхарства («ушельцы»), падарожныя («путники») і «прышэльцы». Адным з самых пашаноўных вандроўнікаў паводле гісторыка-культурнай традыцыі славян, з’яўляўся старац, багамолец.

3. Вобраз вандроўніка ў рускай і беларускай літаратурах мае як рысы тыпалагічнага падабенства з прычыны свайго агульначалавечага зместу, так і ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Аб’ядноўваюць вобразы вандроўных людзей пэўныя філасофскія, рэлігійныя хрысціянскія, унутраныя ці знешнія, ідэі. Вандроўныя героі рускай літаратуры – гэта жабракі, гандляры, беглыя сяляне, богашукальнікі, адшчапенцы-выгнаннікі. У беларускай літаратуры гэта найчасцей старцы, багамольцы, музыкі, прарокі, ілжэпрарокі, прыземленыя карыслівыя жабракі, абяздоленыя беднякі, пазбаўленыя роднага кутка, шукальнікі шчасця на чужых дарогах ― у іх па-мастацку адбіваюцца як спрадвечныя каштоўнасці беларусаў, так і іх супярэчлівыя, часам супрацьлеглыя, уяўленні аб каштоўнасцях жыцця на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Вобраз-архетып вандроўніка ў беларускай і рускай літаратурах набывае ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Можна сцвярджаць, што ў рускай і беларускай літаратурах вобразу вандроўніка адведзена асаблівая канцэптуальная роля як выразніка духоўных ідэалаў.

4. Матыў шляху ў яго метафорыка-сімвалічным значэнні надзвычай пашыраны ў творчасці Я. Купалы. У нашаніўскі перыяд праз вобразы шляху і вандроўных герояў выяўляўся матыў беззямельнасці, бездарожжа, блукання. З імі звязаны і экзістэнцыйныя праблемы: пераломны выбар у жыцці, вызначэнне лёсу. Вобразы, якія абумоўлены матывам шляху, нясуць у сабе шмат канатацый, багацце трактовак. Гэта тлумачыцца ўласцівасцю катэгорыі шляху да трансфармацыі ў сувязі з гістарычнымі падзеямі, зменамі ў грамадстве і культуры. Часта шлях сімвалізуе кардынальныя жыццёвыя выпрабаванні, рэпрэзентуе трагедыю пасіянарнай асобы. У драме «Раскіданае гняздо» аўтар паказвае патэнцыяльныя магчымыя шляхі выхаду з «раскіданасці»: з жыцця ў смерць, з жыцця ў жыццё, на «вялікі сход». Старац у драме – гэта увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, аптымізму і веры ў перамены; мастацкі носьбіт рысаў евангельскага прапаведніка і лірніка. Праз вобразы вандроўнікаў Старца і Незнаёмага, за якімі ідуць, раздзяліўшыся, Зяблікі, выяўляецца асноўная ідэя драмы. Маштабнасць і эстэтычнае багацце матыву шляху і абумоўленых ім вобразаў у мастацкай спадчыне Я. Купалы надаюць ім значэнне нацыятворчых.

5. Вобразы вандроўнікаў у разгледжаных намі буйных эпічных творах славянскіх літаратур ХХ стагоддзя паказаны напярэдадні або ў эпіцэнтры значных гістарычных падзей, на якія была багатая эпоха. У раманным дзеянні мы назіраем як скразныя, так і сюжэтаўтваральныя вобразы герояў-вандроўнікаў, якія па сваім значэнні ў пэўнай ступені працягваюць тэндэнцыю выразнікаў пэўнага гуманістычнага і рэлігійнага пафасу, але, акрамя таго, у кожным з вандроўных герояў дыялектычна спалучаюцца рысы «сведкі» гісторыі як летапісца (абагульняе гістарычны вопыт, выяўляе народную думку) і рысы суб’екта гістарычнага працэсу, духоўнага лідара ў плане ўздзеяння на светапогляд сучаснага герою грамадства.