
- •Уводзіны
- •Глава 1 матыў шляху і тыпалогія вобразаў вандроўнікаў у сусветнай мастацкай традыцыі
- •1.1 Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху
- •1.2 «Культура шляху» як аснова тыпалогіі вобразаў вандроўнікаў
- •1.3 Дамінантныя рысы вандроўнікаў у рускай літаратурнай традыцыі
- •Глава 2 мастацкая канцэпцыя вобраза вандроўніка ў літаратуры хх стагоддзя
- •2.1 Метафара шляху і вандроўныя героі ў творах Янкі Купалы
- •2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў у эпічных жанрах беларускай літаратуры першай трэці хх стагоддзя
- •2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі ў рамане хх стагоддзя
- •Заключэнне
- •Спіс выкарыстаных крыніц
2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі ў рамане хх стагоддзя
Вандроўнік — традыцыйны вобраз у славянскіх літаратурах. Гэты тып героя служыць абагульненню гістарычнага вопыту, выяўленню народнай думкі, пропаведзі вечных маральных каштоўнасцей і ў гэтым збліжаецца з вобразам летапісца. Значнасць падобнага мастацкага тыпа надае і тое, што ў ХХ стагоддзі ён актыўна ўводзіцца ў раманнае дзеянне і нават становіцца сюжэтаўтваральным, як у рамане рускага пісьменніка-эмігранта Міхаіла Асаргіна «Сведка гісторыі» (з прычыны стылёвай адметнасці мастацкага маўлення М. Асаргіна мы падаём цытаты з яго раманаў на мове арыгіналу). Як вядома, прататыпам «бесприходого попа», выхадца з прыуральскай губерні, айца Якава Кампінскага, з’яўляецца даўні знаёмы пісьменніка публіцыст-краязнаўца і кніжнік-бібліёграф Якаў Васільевіч Шастакоў (1870—1919), забіты ў час грамадзянскай вайны ў Пярмі.
«В… тетрадочках, на обеих сторонах линованных страниц, отец Яков записывал ход лично им наблюденных достопамятных событий, а также доверия заслуживающие слухи, с предпочтением — которых не было в газетах. Тетрадок с собой не возил, кроме последней, а, заполнив, оставлял… на сохранении у верных людей… <…> Все любопытно отцу Якову! Кипит Россия — и отец Яков стоит у котла со своей ложкой, вынутой из всевмещающего портфеля. Вперед других не суется, а если возможно, тихонько и неазартно зачерпнет похлебки. Лю-бо-пытно! Но в общем — его дело сторона, он только частный наблюдатель жизни, смиренный свидетель истории. В мемуарах своих, конечно, поместит все, но это уже для потомства, а не ради пустого разговора» [3, с. 74].
Сёння ён у Маскве, паведамляе М. Асаргін, заўтра ў Пецярбургу, праз тыдзень у Волагдзе, ва Уфе, у Разані, зімой — па гарадах, летам — на Волзе і Каме, ад Рыбінска да Астрахані, ад Ніжняга да Пярмі… І паўсюль у яго знойдуцца сябры і знаёмыя, ласкавы прыём і прытулак. Ніхто не ведае дакладна, навошта вандруе айцец Якаў, і ніхто не здзіўляецца яго дальнім пералётам. І толькі адзін «таинственный человек», з якім айцу Якаву давялося начаваць разам пад Масквой «на даче почтенной, у земляка и старого знакомого, большого либерала, помогавшего революционерам», спытаў яго дзеля жарту:
«— А может быть, вы — опасный человек, отец Яков? Чем вы подлинно занимаетесь — никому не ведомо» [3, с. 74].
Ніхто ніколі не папракнуў айца Якава ў нетактоўнасці: сам ён слухаць слухае, але пачутае па чужых хатах не разносіць.
Падобнай жыццёвай стратэгіяй кіруецца і іншы герой М. Асаргіна (раман «Сіўцаў Вражак»), стары солдат Рыгор: «словоохотлив, однако на вопросы отвечал кратко, без пустых слов, осуждающе и мудро» [3]. Гэта таксама своеасаблівы сведка гісторыі. Былы дзяншчык маладога афіцэра, пакалечанага на фронце, які з гэтай прычыны пайшоў на самагубства, Рыгор стаў вандроўнікам, прычым не столькі ў сацыяльным, колькі ў духоўным сэнсе. Гналі яго ў дарогу «сиротство и монашество суровой его мысли». Герой ідзе ў Кіеў. Засталася ў яго «теперь на Свете… только прочная вера в сурового Бога, ушедшего из Москвы в мать городов русских, а может, и дале. Говорили — не дойти. Но кому хранить и терять нечего, тот — свободный землепроход. Хаживали по Руси во все концы странники… за истиной и милостыней... никто не миновал Киева» [47]. Стары салдат — адзін з носьбітаў «простой житейской правды, искателей истины вековечной». Аўтар апавядае, як непаспешліва, упарта, крок за крокам «подале уводил Григорий к местам святого упокоения старую Русь. Не с гиком и проклятьями, как уводили ее другие, не в кладях и чемоданах, не под охраной штыков, которым судьба не сулила вернуться, — но старым путем богомолов и странников». Сюжэтная лінія, звязаная з вобразам Рыгора, дае дакладнае ўяўленне аб асаблівасцях міфалагічнай кампазіцыі. «Не беглец, не родине изменник, не трус, а отрясший прах лжи и осмелевшего бесчестья» [47]. Абцякаючы яго, «с пулеметным треском катилась волна ненависти, смерти, а то и просто озорства и охальства, и все за свободу, и все за свободу, а в чем свобода?». Гэта толькі адно з рытарычных пытанняў, якія ставіць М. Асаргін, выкарыстоўваючы ў выяўленні асабістай пазіцыі чалавека і творцы прыём «перададзенай трыбуны», характэрны для літаратуры «эпохі рубяжа».
Вобраз вандроўнага лірніка ў рамане беларускага пісьменніка У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» нельга назваць сюжэтаўтваральным, але, нягледзячы на сваю эпізадычную прадстаўленасць, ён выконвае надзвычай важную функцыю ў выяўленні аўтарскай канцэпцыі галоўнага героя. Ім з’яўляецца патомны дваранін Алесь Загорскі — вымышлены герой, які дзейнічае ў рамане разам з гістарычнымі асобамі, і асабліва цесна звязаны, сюжэтна і светапоглядна, з Кастусём Каліноўскім. Князь Аляксандр Загорскі, згодна з задумай пісьменніка, павінен быў зрабіцца адным з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. Яшчэ падлеткам Алесь знаёміцца са сваім аднагодкам Кастусём. Іх сустрэча адбываецца на радзіме Каліноўскага, у беларускім мястэчку Свіслач, падчас кірмашу. Менавіта ў гэтым эпізодзе У. Караткевіч і ўводзіць у сюжэтнае дзеянне вобраз старога лірніка. «Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану». Каля яго амаль не было людзей, бо «не даць — грэх, а даць не было чаго» [15, c. 273]. Сляпы вандроўнік спяваў песню пра турэцкага караля, што чорнай хмарай наступаў на «белыя землі» — «усю зямлю… бедную сватаць». І пра гэта «страшна гулі струны» [15, c. 274]. Алесь хацеў пакласці на ліру срэбны паўрубель, але яго даволі груба прыпыніў хлопец — як пазней высветлілася, Каліноўскі. Менавіта ў яго маналогу і выяўляецца сутнасць вобраза вандроўнага музыкі. Алесь даведаўся, што старога за паўрубель маглі адвесці ў паліцыю: «у бедных… бываюць толькі медныя грошы» [15, c. 275]. Кастусь таксама паведаміў, што страшна б’юць вандроўных лірнікаў, лічаць іх падазронымі людзьмі, нязлоўленымі злодзеямі і злачынцамі, а ў песнях пра турэцкага цара бачаць намёк на цяперашняга самадзержца: «…Ды старому ― ў вуха. А на ліру ― нагою. <…> Кніг пазбавілі ― хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля» [15, c. 277]. Гэтыя словы падкрэсліваюць у вобразе вандроўнага лірніка рысы народнага заступніка, духоўнага правадыра.
Асобныя вобразы герояў-вандроўнікаў з’яўляюцца прэцэдэнтнымі. Часцей за ўсё гэта біблейскія прэцэдэнты. Так, у аснову шэрагу твораў заходнееўрапейскіх літаратур пакладзена легенда пра Вечнага Жыда. Паводле яе, іудзей-рамеснік не дазволіў прыхінуцца да сцяны свайго дома, каб адпачыць, Ісусу Хрысту, калі той нёс крыж. За гэта іудзей быў пакараны блуканнем па зямлі да другога прышэсця і вечнай людской пагардай. Своеасабліва, з папраўкай на гістарычны кантэкст, гэты легендарны вобраз пераасэнсоўваецца як «сведка гісторыі» ў рамане І. Ільфа і Я. Пятрова «Залатое цяля», дзе ёсць устаўны «Аповед Астапа Бэндэра пра Вечнага Жыда». Яго герой прывандраваў у 1919 годзе ў Кіеў. Там у гэты час гаспадарылі пятлюраўцы. І павялі яго да кураннога атамана.
«―Жыд? — спытаў атаман з вясёлым здзіўленнем.
― Жыд, — адказаў вандроўнік.
― А пастаўце яго да сценкі, — ласкава сказаў куранны.
― Але ж я Вечны! — закрычаў стары.
― Маўчы, жыдоўская морда! — радасна закрычаў чубаты атаман. — сячы яго, хлопцы-малойцы!
І Вечнага вандроўніка не стала» [14, с. 467—468]. У гэтым эпізодзе прачытваецца пратэст пісьменнікаў-гуманістаў не толькі супраць такой канкрэтна-гістарычнай праявы інталерантнасці, як антысемітызм, а і супраць знішчэння рэлігійных і культурных традыцый. «…Стары мог бы распавесці шмат цікавага калі б у канцы кожнага стагоддзя пісаў мемуары» [14, с. 467].
Адметны вобраз вандроўніка створаны класікам польскай літаратуры У. Рэймантам у рамане «Мужыкі». Імя вандроўніка — Рох, што таксама ўказвае на прэцэдэнтнае паходжанне вобраза героя. Рох — гэта імя асабліва пашаноўнага каталіцкага святога. Як сведчыць паданне, Рох нарадзіўся ў Францыі ў ХІІІ ст. ў сям’і губернатара. Калі юнак страціў бацькоў, ён раздаў усю маёмасць бедным і выправіўся паломнікам у Італію, дзе ў той час панавала чума. Рох пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы хворых на чуму і ацаляючы іх малітваю і крыжовым знакам. Хутка ён сам захварэў на чуму, быў выгнаны з горада і чакаў галоднай смерці ў закінутай лясной хаціне. Сабака прынёс яму хлеб, і хутка святы пачаў папраўляцца, а потым вярнуўся на радзіму. Тут ён адмовіўся назваць сваё імя і, па загадзе роднага дзядзькі, апынуўся, як шпіён, у турме, дзе і загінуў. Пасля смерці Рох быў апазнаны па знаку крыжа на грудзях, якім быў пазначаны пры нараджэнні [48].
Жыццёвыя перыпетыі героя У. Рэйманта сведчаць аб перайманні пісьменнікам легендарнага сюжэта. Вобраз Роха шмат у чым спрыяе вырашэнню адной з задач, пастаўленых аўтарам, — «…адлюстраваць усю містэрыю польскага жыцця» [28, c. 8]. Герой, як і кожны персанаж «у складаным, шматгалосым хоры эпічнага аповеду… вядзе сваю партыю» [28, с. 13]. Рох у рамане — праведнік і народны абаронца, настаўнік і суцяшальнік. Савецкае літаратуразнаўства знаходзіла некаторую заганнасць у мастацкай канцэпцыі гэтага вобраза, сцвярджаючы, што ён быццам бы сведчыць «аб магчымасці прымірэння класавых груп у імя агульнанацыянальных патрыятычных задач» [28, с. 13]. Аднак сёння ў гэтым якраз і бачыцца адна з вартасцей вобраза вандроўніка Роха.
Менш распаўсюджаны ў беларускай літаратуры тып «старыцы». Канцэпцыя вобраза жанчыны-жабрачкі Агаты з рамана У. Рэйманта «Мужыкі» тыпалагічна падобная да асабовай канцэпцыі Габруся з апавядання У. Галубка і Купалавага Старца. Агата пакорліва прымае свой лёс і, не крыўдуючы на сваякоў, ідзе жабраваць: «Па свеце пайду, дабрадзей, па людзях… А госпад наш міласцівы, беднага чалавека не пакіне…» [28, с. 17]. Яе заўсёднае вітанне — «Слава Ісусу!». Сімволіка імені сведчыць, што жанчына-носьбіт добрая, даволі настойлівая ў дасягненні мэты, не любіць плакаць і скардзіцца на лёс. Агата звычайна стрыманая, умее схаваць і радасць, і гора [32, с. 255]. Жанчына-жабрачка мае даволі неардынарную мэту: «Шмат гадоў яна толькі пра тое і думала, каб, калі прыйдзе яе смяротны час, памерці ў роднай вёсцы, у хаце, на ложку з пярынаю, пад абразамі, так, як паміраюць ўсе паважаныя людзі. <…> Ніколі яна не сунулася да ўладарных і багатых, не наракала на свой лёс, бо цвёрда верыла, што ўсё на зямлі даецца па волі божай і грэшны чалавек не можа нічога змяніць. І толькі патаемна, нясмела прасіла ў бога прабачэння за ганарлівасць, марыла і малілася аб адным ― каб яе пахавалі, як хаваюць паважаных гаспадынь» [29, с. 13]. Агата і сапраўды настойліва ідзе да дасягнення сваёй мэты, бо ўсё жыццё бадзялася па чужых вуглах, спала на саломе. Яна ўсе ж сабрала сабе і падушкі, і пярыну, і прасціны: «…Ёсць усё, што трэба! Яна несла з сабою васковую свечку, якую выпрасіла, калі яе нанялі маліцца над нейкім нябожчыкам, і бутэльку са святой вадой. Купіла і новае крапідла, і абразок Чанстахоўскай божай маці, які, паміраючы, будзе трымаць у руках» [29, с.14]. Моцна перажывала жанчына, калі даведалася, што сваякі без яе ведама пазычылі яе пярыну, парушылі яе мару, сапсавалі тое, што збіралася гадамі: «Агата не дагаварыла ― нешта сціснула ёй горла. <…> Так… Пярыны няма. А пакінула ж зусім новую. Ні разу на ёй не спала. Столькі часу па пер’ечку збірала, каб памерці на пярыне, як усе паважаныя гаспадыні. А яе забралі!.. Яе душылі слёзы, сэрца амаль разрывалася ад болю. Доўга малілася яна, доўга плакала і доўга жалілася Іісусу на сваю крыўду» [29, с. 24]. Праз лінію жанчыны-жабрачкі своесабліва актуалізуецца звязанае з матывам шляху семантычнае звяно «страта ― набытак». Вобразы Роха і Агаты, выступаючы мадыфікацыямі аднаго і таго ж тыпу вандроўнага героя, выяўляюць, між тым, розныя сутнасці.
Такім чынам, у галерэі эпічных герояў ХХ стагоддзя вылучаецца вобраз вандроўніка, паказаны напярэдадні або ў эпіцэнтры бурных гістарычных падзей. У кожнай з літаратурных асоб, да якіх мы звярнуліся, дыялектычна спалучаюцца традыцыйныя рысы вобраза-архетыпа, рысы «нацыянальнага нязменнага» з канкрэтна-гістарычнымі рысамі суб’екта гістарычнага працэсу, «сведкі гісторыі», яе своеасаблівага летапісца, духоўнага лідара ў плане ўздзеяння на светапогляд сучаснага герою грамадства.