
- •Уводзіны
- •Глава 1 матыў шляху і тыпалогія вобразаў вандроўнікаў у сусветнай мастацкай традыцыі
- •1.1 Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху
- •1.2 «Культура шляху» як аснова тыпалогіі вобразаў вандроўнікаў
- •1.3 Дамінантныя рысы вандроўнікаў у рускай літаратурнай традыцыі
- •Глава 2 мастацкая канцэпцыя вобраза вандроўніка ў літаратуры хх стагоддзя
- •2.1 Метафара шляху і вандроўныя героі ў творах Янкі Купалы
- •2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў у эпічных жанрах беларускай літаратуры першай трэці хх стагоддзя
- •2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі ў рамане хх стагоддзя
- •Заключэнне
- •Спіс выкарыстаных крыніц
1.3 Дамінантныя рысы вандроўнікаў у рускай літаратурнай традыцыі
Вобраз вандроўніка атрымаў шырокае распаўсюджанне ў літаратурах многіх краін, прычым, як адзначалася, у розных літаратурах пераважае той ці іншы тып вандроўніка, абумоўлены гісторыяй, традыцыямі народа, асаблівасцямі яго культуры (у заходнееўрапейскіх літаратурах ― круцель, пілігрым, авантурыст, вучоны; у славянскіх літаратурах ― жабрак, старац, музыка, багамолец, манах-паломнік). Зразумела, што вобразы вандроўных герояў у беларускай і рускай літаратурах па сваім ідэйным змесце, тыпалогіі, мастацкай функцыі маюць шмат агульнага, але маюць і пэўныя адрозненні.
У адрозненне ад еўрапейскіх герояў, «рускія імкнуцца зразумець жыццё не праз веды. Рускі ідэал — не фаўстаўская вучонасць, рускі ідэал — святасць, — сцвярджае К. Лявонцьеў. — Рускага чалавека бесперапынна хвалюе пытанне: як жыць праведным жыццём? Ён заўсёды заняты пошукам шляхоў да такога жыцця, таму часта ў рускай літаратуры сустракаецца вобраз стомленага жыццём вандроўніка, які шукае свабоду ў сваім блуканні і беднасці — бо «кожны, хто жыве на зямлі, ёсць вандроўнік» [38]. «Вандроўніцтва» — глыбінная рыса рускай натуры. Бераг ракі, мора, «край свету» заўсёды былі ў Расіі месцамі, куды імкнуўся народ.
Правобраз рускага духоўнага вандроўніка ўзнік у «смутны час» (канец XVI — пачатак XVII стагоддзя) на глебе татальнага пашырэння вандроўніцтва па ўсёй Расіі. У адрозненне ад заходнееўрапейскага героя, у яго дамінуе пачуццё безвыходнасці, выключанасці з гісторыі. Блуканне такога «адшчапенца» вымушанае і не мае на мэце гераічных подзвігаў [38].
Пашырэнне вандроўніцтва ў Расіі ў час і пасля праўлення Пятра І мае свае гістарычныя прычыны. Пастулаты старога ўкладу жыцця былі падарваны рэформамі. Патрыярхальныя традыцыі аслаблі, а новыя яшчэ не былі сфарміраваны. П. Чаадаеў у «Філасофскіх пісьмах» звяртаў увагу на ўнутраны стан гістарычнай беспрытульнасці ў рускіх: «Паглядзіце вакол сябе. Ці не здаецца, што ўсім нам не сядзіцца на месцы? Мы ўсе маем выгляд вандроўнікаў. Ні ў кога няма пэўнай сферы існавання, не патрэбны добрыя звычкі, ні для чаго няма правілаў; няма нават пачуцця дому; няма нічога, што прывязвала б і абуджала ў вас сімпатыю ці любоў, нічога трывалага; усё сыходзіць, не пакідаючы і следу ні вонкі, ні ўнутры нас. У сваіх дамах мы быццам на прыпынку, у сям’і маем выгляд чужаземцаў, у гарадах мы здаёмся качэўнікамі, і нават больш, чым качэўнікі, якія пасвяць свае статкі ў нашых стэпах, бо яны мацней прывязаны да сваіх пустыняў, чым мы да нашых гарадоў» [38].
Рускі тып вандроўніка пасля праўлення Пятра І укараніўся не толькі ў мужыцкім асяроддзі (беднякі-валацугі, адшчапенцы-выгнаннікі, юродзівыя бадзягі), але і ў жыцці арыстакратычнай і разначыннай інтэлігенцыі (вандроўнікі-багамольцы, богашукальнікі, паломнікі); другая палова XVIII стагоддзя ў Расіі была часам пачатку богашукальніцтва ў арыстакратычных колах [38].
Рускі вандроўнік з’яўляецца своеасаблівай усходняй мадыфікацыяй еўрапейскага вандроўніка, але з рускай душой і рускім мясцовым каларытам. У першай палове XIX стагоддзя для рускай літаратуры характэрны тып вандроўніка, дзейнага па натуры, але надламанага. Ён бяжыць на Каўказ, да цыганаў (як пушкінскі Алека), чаркесаў, казакоў. Ён бяжыць з горада, імкнецца знікнуць, схавацца ад цывілізацыі, як істота, якая не знайшла сабе карыснай справы. Гэты тып уцекача, адшчапенца, вандроўніка у вялікай колькасці варыянтаў з’яўляецца ў рускай літаратуры. Адчуванне стану гістарычнай беспрытульнасці прывяло да нараджэння трох характэрных тыпаў душэўнага складу героя: пушкінскага рамантычнага, лермантаўскага дэманічнага і гогалеўскага гратэскнага (лічыцца, што апошні ― мадыфікацыя дэманічнага тыпа) [38].
Пачуццё гістарычнай бяздомнасці ў інтэлектуальных герояў рускіх раманаў канца XIX стагоддзя часта ўскладняецца трагізмам трансцэндэнтальнай беспрытульнасці, звязанай са стратай Бога. Рускіх пісьменнікаў у першую чаргу хвалюе пытанне: які хаатычны будзе свет, калі знішчыць Бога са светапогляду і светаразумення, як прапанаваў гэта Ніцшэ? «Пад пустым, астранамічным небам у людзей заканамерна прачнецца пачуццё адзіноты і богазабытасці. Да гэтага часу мы ўсе каштоўнасці зводзілі да Хрыста як каштоўнасці абсалютнай. Пасля знішчэння Яго са светабудовы што мы паставім замест Яго? Няўжо сябе, калі мы такія агідныя?» — пісаў Ф. М. Дастаеўскі [38]. У фармулёўцы пытання адчуваецца крытыка скептыцызму Асветніцтва, якое паставіла ў цэнтр светабудовы чалавека і ўсемагутнасць розуму. Рускія пісьменнікі жадалі ўзнавіць былую ролю рэлігіі, якую яна страціла ў выніку распаўсюджання асветніцкіх ідэй. «Раман XIX стагоддзя вяртаецца да хрысціянскіх традыцый, робіцца тэургічным», — адзначае Г. П. Фядотаў [38]. Лепшыя яго героі змагаюцца, аднак, за дасягненне не толькі «асабістай святасці, але і грамадскай справядлівасці». Таму ў літаратуры з’яўляецца шмат вобразаў, у якія ўкладаецца і пэўнае рэлігійнае, маральнае гучанне. На працягу стагоддзяў у рускай літаратуры існаваў жанр «раман-вандроўніцтва». Пазней этнаграфічны дарожны дзённік далучыўся да багатых традыцый псіхалагічнага рамана. Рускія пісьменнікі другой паловы XIX стагоддзя выкарыстоўвалі ўсё, што назапасілася ў гэтым жанры, пачынаючы з «круцельскіх» раманаў Чулкова і Нарэжнага, працягваючы вандраваннем Радзішчава, пошукамі пушкінскага Анегіна, дарожным дзённікам Пячорына і прыгодамі Чычыкава. З’яўляюцца героі, якія не толькі змяняюць месцы тапаграфічна, а самі змяняюцца маральна (Раскольнікаў, Дзмітрый Карамазаў, Няхлюдаў). Мэта і кірунак іх вандраванняў іншыя. Ф. Дастаеўскі і Л. Талстой раскрываюць некалькі этапаў пазнання ісціны сваімі вандроўнікамі, прычым кожны этап утрымлівае моманты асэнсавання памылак і прыходу да новай праўды.
Вандраванне паломніка набывае характар пакаяння. Героі рускіх раманаў выпраўляюцца ў дарогу грэшнымі, даходзячы да Сібіры праведнымі людзьмі. У душы кожнага паломніка павінна разыгрывацца ісусаўская драма сусветнага маштабу. Згодна рэлігійнай традыцыі, неспакойнымі ў рухах прынята было паказваць людзей грэшных, мітуслівых. Святыя былі супакойлівымі і нерухомымі. Таму ў жыціях святых звычайна адсутнічае апісанне шляху, які прывёў іх да святасці. Лічылася, што грэшны чалавек павінен прайсці праз пакуты і страты, каб атрымаць як дар спакойнае шчасце; павінен перамагчы розныя цяжкасці і перашкоды, што сімвалізуюць пачуццёвую прыроду чалавека, для таго, каб магла ўваскрэснуць прырода духоўная. «Бяздомны круцель толькі бадзяецца па свеце ― духоўны вандроўнік ідзе па шляху да Нябеснага Чалавека » [38].
Адным з найбольш яркіх тыпаў вобраза манаха-паломніка з’яўляецца вобраз Івана Флягіна з аповесці М. С. Ляскова «Очарованный странник».
Галоўны герой прайшоў шэраг жыццёвых выпрабаванняў, але свайго лёсу не пазбегнуў («вымалены» і «абяцаны Богу» сын). Уся аповесць пранізана хрысціянскімі матывамі і сімволікай. Сам аповед жыцця «волата-чарнарызца» пачынаецца з размовы аб царкоўных правілах, згодна з якімі забараняецца маліцца за душы самагубцаў. Іван Флягін (Галаван) уключаецца ў размову і паведамяе сваю гісторыю сыходу ў манастыр. Падлеткам ён выпадкова забівае манаха. Уночы да яго прыходзіць прывід забітага і прарочыць: «А вось табе знаменне, што будзеш ты шмат разоў гінуць і ні разу не загінеш, пакуль прыйдзе твая сапраўдная пагібель, і тады ты згадаешь матчына абяцанне за цябе і пойдзеш у чарнарызцы» [22, с. 20]. Прароцтва здзейснілася. Вобразы і думкі, звязаныя з хрысціянскімі каштоўнасцямі, з’яўляюцца ў Івана яшчэ ў свецкім жыцці. У час вымушанага знаходжання ў татарскіх стэпах падаюцца яму такія вобразы: «…Глядзіш сам не ведаеш куды, і раптам перад табою акрэсліцца манастыр ці храм, і ўспомніш хрышчоную зямлю і заплачаш» [22, с. 53]. Усё, што мае сувязь з царквой, Хрыстом і хрысціянскімі святымі, асацыіруецца ў вандроўніка з радзімай, асабліва далёка ад яе: «Як ты можаш на Мікалая Цудатворцу не спадзявацца і яму, рускаму, толькі дзве грыўны, а сваёй мардоўскай Керамеці паганай цэлага бычка! Ідзі прэч… я з табою не паеду, калі ты гэтак Мікалая Цудатворцу не паважаеш» [22, с. 65]. І як бы Іван Флягін ні сцвярджаў, што не верыць у дапамогу малітвы, у момант моцнага душэўнага хвалявання ён ёю карыстаецца: «Я ад жаху ледзь на зямлю не ўпаў, але прытомнасці зусім не страціў… Я стварыў у галаве малітву, і што ж? ― бачу перад сваім тварам якраз твар Грушы …» [22, с. 109].
Флягін звязвае сваё жыццё з манастыром, праўдзячы прароцтва, і гэтым быццам замыкае шэраг сваіх няшчасцяў: «…так я ўзяў і пайшоў у манастыр» [22, с. 122]. Там ён знаходзіць супакой, адкрывае ў сабе дар празарліўца, робіць прароцтвы, якія суняць не можа нават абраз «Святое маўчанне». Герой прадказвае хуткую вайну і рыхтуецца аддаць у ёй жыццё за свой народ, перад гэтым выпраўляючыся на маленне ў Салаўкі і Саватыю. Апошні факт пацвярджае ў яго характары жыццёвую неабходнасць вандроўніцтва (ігумен раіць адпусціць яго: «…праганіце яго куды-небудзь далей выбегацца, можа, засядзеўся ён на месцы…» [22, с. 129]).
Звернемся яшчэ да аднаго вобраза рускай літаратуры, створанага М. Горкім. Вандроўнік Лука з п’есы «На дне» ― носьбіт шэрагу супярэчнасцей, галоўная з якіх палягае ў наступнай дылеме: ён праведнік ці прыстасаванец? У адрозненне ад старцаў-багамольцаў, Лука ні за каго не моліцца, а Бога часцей за ўсё згадвае ў бытавых момантах, з выпадку, у нейкай нечаканай сітуацыі (калі яго амаль не прыдушылі ў момант падслухоўвання): «Я… я самы… О госпадзі Ісусе Хрысце!» [11, с. 34]; у ходзе размовы: «Праўда, мілы! Дай табе госпадзі… дапамажы табе Хрыстос!» [11, с. 44]. Герой сам прызнаецца падчас свайго аповеду аб праведнай зямлі, што «не заўсёды праўдай душу вылечыш» [11, с. 43]. Імя героя можа ўказваць на яго амбівалентную сутнасць, акцэнтуючы, з аднаго боку, святасць, а з другога ― на роднасную семантыку з рускім словам «лукавый». І ўсё ж такі пэўная доля філасофскай і хрысціянскай праўды ў яго словах ёсць: «Усе, значыць, роўныя…» [11, с. 18], «Ён [чалавек] ― які ні ёсць ― а заўсёды мае сваю каштоўнасць…» [11, с. 23], «Я толькі кажу, што, калі хто каму дабра не ўчыніў, той і дрэнна зрабіў…» [11, с. 30], «У што верыш, тое і ёсць…» [11, с. 31], «Любіць – жывых трэба…» [11, с. 36], «Астрог добраму не навучыць, і Сібір не навучыць… а чалавек – навучыць… так! Чалавек можа дабру навучыць… вельмі лёгка!» [11, с. 42], «Хто шукае – знойдзе» [11, с. 44].
Такім чынам, характэрнымі рысамі вандроўніка ў творах рускай літаратуры выступаюць праўдашукальніцтва, асэнсаванне жыцця праз святасць, імкненне да асабістай свабоды; звычайна праз вандраванне рускі герой унутрана самаўдасканальваецца (грэшнік у выніку вандроўніцтва, паломніцтва становіцца на шлях выпраўлення). Акрамя таго, праз вобразы вандроўных герояў нярэдка па-мастацку транслююцца грамадскія заганы і рознага роду адхіленні ў маральным стане асобы і грамадства.