Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
асновная частка.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
280.58 Кб
Скачать

1.2 «Культура шляху» як аснова тыпалогіі вобразаў вандроўнікаў

Паняцце вандроўніцтва, якое суадносіцца з катэгорыяй руху ў прасторы-часе, уяўляецца адной з найважнейшых формаў сацыякультурнага развіцця чалавецтва. На канцэптуальным узроўні пра з’яву вандроўніцтва можна гаварыць як пра найстаражытнейшы архетып, зафіксаваны артэфактамі сусветнай культуры, дзе ў ходзе матэрыяльна-духоўнага засваення розных з’яў жыцця кожная з культур валодае асабліва значным і спецыфічным гістарычным «вопытам руху» [26, с. 3]. Вобраз вандроўніка атрымаў шырокае распаўсюджанне ў літаратурах розных краін, у тым ліку славянскіх, і можа быць ахарактарызаваны як архетып ― «вобраз, што праходзіць праз усю чалавечую культуру; матыў вечны; агульначалавечая сімволіка» [37].

Сярод вобразаў вандроўных герояў вылучаецца вялікая колькасць тыпаў, кожны з якіх мае свае адметныя характарыстыкі, у тым ліку этнічныя. У сувязі з гэтым узнікла паняцце «культура шляху», якое падразумявае комплекс этнічных традыцый ― звычаяў і нормаў паводзін, рэчыўных атрыбутаў і ўяўленняў, звязаных з перамяшчэннем. Да іх адносяцца: «матэрыяльная культура (прыдарожнае жыллё, дарожная вопратка і разнастайныя рэчавыя атрыбуты, ежа, сродкі перамяшчэння), духоўная (абрады і ўяўленні), сацыянарматыўная (статусы і нормы паводзін вандроўных людзей) ― па сутнасці, усе бакі жыцця» [33, с. 8].

Гэта не азначае, што прастора, сабраная ў цэласнасць вандроўнымі, падарожнымі матывамі, абавязкова складае ідэальную семантычную аднароднасць. «Найчасцей адбываецца якраз супрацьлеглае: ва ўтвораным адзінстве сыходзіцца ў напружаным суіснаванні незлічонае мноства сэнсавых і вобразна-змястоўных апазіцый» [12, с. 152]. Мабыць, з гэтай прычыны адзін і той жа вандроўны вобраз у розных творах, розных сітуацыях можа трактавацца па-рознаму, набываць супрацьлеглае значэнне. Акрамя таго, кожная з літаратур мае свае, найбольш распаўсюджаныя нацыянальныя тыпы герояў-вандроўнікаў, што абумоўлена ментальнымі рысамі этнасу.

Вандроўніцтва стала лейтматывам для многіх еўрапейскіх літаратур, дзе яно знайшло сваё выяўленне ў распаўсюджанні «вандроўных сюжэтаў». Першыя круцельскія раманы, героем якіх быў валацуга-бяздомнік, рыцар-авантурыст, з’явіліся ў Іспаніі ў канцы XV стагоддзя. Звычайна ў іх выкрываліся норавы і заганы грамадства, вандроўніцтва герояў малявалася на фоне нацыянальнага жыцця з мясцовым побытавым каларытам. Герой еўрапейскага круцельскага рамана звычайна супрацьпастаўлены пэўнай супольнасці сумленных людзей ці па нейкай прычыне выключаны з яе. Ён трапляе ў іншае, чужое для яго асяроддзе, у якім адчувае сябе няўтульна. У фінале рамана круцель маральна ўдасканальваецца, багацее, заводзіць сям’ю, дасягае сваёй мэты або здзяйснення мары і вяртаецца на радзіму. Вандроўнік у такім кантэксце часта з’яўляецца носьбітам аўтарскай ацэнкі, ён адлюстроўвае памылкі і заганы грамадства і людзей з яўнай мэтай іх выпраўлення [38].

У час перадрамантычнага руху «Шторму і націску» ў нямецкай літаратуры ўзнік тып героя-вандроўніка ― носьбіта бунтарскіх пачуццяў. Вандроўніцтва часта выяўляецца як пратэст героя супраць мяшчанскага жыцця; для таго, каб спазнаць багацце свету, вандроўніку абавязкова трэба пакінуць асяроддзе, у якім яму цесна. Вандроўнік заўсёды ў дарозе, уся яго маёмасць ― толькі невялікая торба за плячыма. Вандраванне героя выразна супрацьпастаўлена нерухомасці, статычнасці, нязменнасці грамадства, для яго лепей памыляцца, чым заставацца бяздзейным. Вандроўнік, бадзяга, хадзяка знаходзіцца ў апазіцыі да дамаседа, мешчаніна, але яго барацьба з прозай жыцця заканчваецца, як правіла, традыцыйна: у рэшце рэшт ён прыстасоўваецца да грамадства і знаходзіць сябе ў пэўнай дзейнасці (у нямецкай літаратуры распаўсюджаны вандроўныя рамеснікі, астраномы, вучоныя дактары) [38].

Характар славянскіх герояў-вандроўнікаў істотна розніцца ад аналагічных вобразаў у заходнееўрапейскіх літаратурах. Увогуле імкненне да вандравання, падарожжаў не характэрна для славян, гэта хутчэй за ўсё выключэнне з правілаў, таму звычайна вобразу вандроўнага героя ў славянскіх літаратурах надаецца пэўнае гуманістычнае, філасофскае, рэлігійнае гучанне. Асобна адзначым рускіх. Гэта «рухомы этнас з самасвядомасцю аселага» [33, с. 8]. З аднаго боку, аселасць ― важная этнавызначальная і дыферэнцыяльная прымета, адзін з базавых элементаў самасвядомасці, якая фарміравалася ва ўмовах шматвекавога супрацьстаяння гэтага этнасу. А з другога боку, «працэс фарміравання рускага этнасу адбываўся на фоне пастаянных перамяшчэнняў» [33, с. 8].

У навуковых працах назапашаны звесткі аб гістарычных формах перамяшчэнняў, іх накірунках і ролі ў фарміраванні этнічнай тэрыторыі. У рускіх бытаапісальных нарысах ХІХ ― пачатку ХХ стагоддзяў зафіксаваны назіранні адносна ладу жыцця асобных катэгорый вандроўнага люду: жабракоў, вандроўнікаў-багамольцаў, беглых сялян, гандляроў і інш., прыводзяцца звесткі пра асаблівасці іх побыту і аргатычныя мовы. Фалькларыстыка назапасіла мноства тэкстаў, актуальных у дарозе, якія выкарыстоўваюцца вандроўнымі людзьмі або тымі, хто апавядае пра падарожжы. Існуюць нават этнаграфічныя даследаванні і раздзелы, прысвечаныя сродкам перамяшчэння і дарожнай амуніцыі. Аднак шматлікія даследаванні «культуры дарогі» разрозненыя і несістэматызаваныя. Т. Б. Шчапанская абагульняе і сістэматызуе звесткі пра ўяўленне шляху, дарогі, з’яву вандравання ўвогуле, вылучаючы і разглядаючы гэта ў дзвюх традыцыях ― міфарытуальнай і сацыянарматыўнай. Да міфарытуальнай традыцыі адносяцца дарожныя рытуалы і фальклор, сімволіка і атрыбутыка ― усе знакавыя элементы культуры дарогі. У рамках сацыянарматыўнай традыцыі разглядаюцца дарожныя нормы, статус чалавека ў дарозе (ён вызначаў нормы паводзін), структуры дарожных супольнасцей, тыпы і нормы сувязей [33, с. 10]. Паводле гэтых традыцый даследчыца вылучае шэраг тыпаў і падтыпаў вандроўнікаў, падзяляючы іх на тых, хто сыходзіць з пастаяннага месца жыхарства («ушельцев»); падарожных («путников»), да якіх адносяцца разбойнікі, асілкі, старцы і старыцы і інш.; і «прышэльцаў», сярод якіх вылучае непазнаных (як Незнаёмы ў Я. Купалы ці Нявідны ў Я. Коласа), гасцей, варажбітоў, знахароў, вандроўных рамеснікаў, вандроўнікаў у імя Божае (да іх належаць жабракі, багамольцы, вандроўныя святыя, вестуны, бацькі-заснавальнікі), самазванцаў, вандроўных лідараў. Кожны з тыпаў мае свае характэрныя рысы, адрозніваецца паводзінамі, што зафіксавана ў фальклоры. Многія тыпы ўласцівы і беларускай літаратуры, але маюць нацыянальную адметнасць.

Тыпы герояў-вандроўнікаў могуць вылучацца і паводле адносін да ўласнасці. «У першую чаргу, гэта класіфікацыя ў залежнасці ад ступені валодання ўласнасцю: тыпы маёмных, маламаёмных і беднякоў. …Тыпы тых, хто не адносіцца да ўладальнікаў, утвараюць «дэкласаваныя элементы, люмпены, «бяссрэбранікі па перакананнях», жабракі, убогія, багамольцы і да т. п.» [13, с. 219]. У Бібліі (плач Іераміі) словы «бедны» і «жабрак» маюць пераносны сэнс: яны абазначаюць чалавека рахманага, ціхмянага, які пераносіць усялякія выпрабаванні і спадзяецца на Бога.

У даўнія часы вандраваць мог амаль кожны чалавек, які меў на гэта тыя ці іншыя прычыны і падставы. Дапамога такім людзям ежаю і начлегам практычна была незафіксаваным законам. Гаспадары ведалі свае абавязкі, а госці ― правілы паводзін у чужой хаце. Людзей, якія ўсё жыццё аддалі дарозе, было няшмат. Пажыццёвымі вандроўнікамі былі святыя Апосталы і прапаведнікі. Стараннасць у прыёме такіх падарожных лічылася вялікай дабрачыннасцю і адзначана ў Святым Пісанні [35]. Адносіны да жабракоў і багамольцаў вызначаліся згодна з Евангеллем ад Матфея: «…калі вы не зрабілі гэтага аднаму з… меншых, то не зрабілі мне» (Мф 25, 45). Праўда, з кожнага правіла былі выключэнні. Аб гэтым гаворыць, у прыватнасці, Л. Калюга («Іллюк-даследчык»): «У нас старац, бывае, просіцца, нанач каб пусцілі, дык усе хаты пройдзе і, калі Іллюка дома не застане, мусіць проці ночы ў дарогу ісці, кленучы Баркаўцы і баркаўчанаў. Чаго ўжо ён не зычыць: каб і згарэлі, і спапялелі, каб ніякага знаку на тым месцы не засталося, дзе мы цяпер жывём. <…> Каб за гэту ноч адны вугольчыкі на іх [хаты] месцы засталіся… Можна было б хоць рукі пагрэць» [3, с. 49].

Як адзначае Т. Б. Шчапанская, раней людзям дарог ― жабракам, падарожным, багамольцам ― прыпісваўся, а нярэдка прадпісваўся (павінны былі спецыяльна весці сябе, як вандроўнікі гэтага класа) статус старцаў [33, с. 191]. У наш час сітуацыя кардынальна змянілася. Зараз вандроўнікамі, у адрозненне ад падарожных-паломнікаў, сталі называць амаль усіх людзей, адарваных ад дому, тых, чые вандраванні не маюць духоўнай мэты, а таксама людзей з сумніўнымі маральнымі якасцямі, непрадказальнымі паводзінамі, а часта і псіхічна хворых. У наш час вандроўніцтва як падзвіжніцтва дабрачыннасці вычарпала сябе і трансфармавалася ў бадзянне [35].

Жабракі часта называліся ў народзе старцамі незалежна ад узросту. Цікава, што сярод падарожнікаў часта сустракаліся людзі неакрэсленага полу (гендарнага статусу). Пры гэтым апавядальнікі спецыяльна падкрэсліваюць іх сімвалічную бясполасць. Паводле дарожнай міфалогіі і фальклору, прамы шлях у свет вандроўніцтва быў наканаваны і людзям, якія выпадалі з рэпрадукцыйных структур ці адхіліліся ад нарматыўнай рэпрадуктыўнай траекторыі ― старым дзевам, удовам, дзяўчатам з нагулянымі дзецьмі, а пасля ― самім гэтым дзецям. Іх не асуджалі, звычайна казалі: «Божая справа», «Божыя дзеці» і «Бог ім суддзя» [33, с. 191].

Як ужо адзначалася, сярод герояў-вандроўнікаў у славянскіх літаратурах даволі часта сустракаюцца багамольцы, што тлумачыцца шырокай распаўсюджанасцю людзей гэтага статусу ва ўсходнеславянскіх краінах. Пасля наведвання святога месца яны разыходзіліся па сваіх вёсках, паведамлялі ўсім, каго сустракалі, легенды, аповеды пра цудатворныя вылечванні, святыя мясціны, давалі парады, дзяліліся ўражаннямі, перадавалі вопыт іншых багамольцаў і мясцовых жыхароў [33, с. 314]. У «Кнізе прамудрасці Іісуса, сына Сірахава» пра карыснасць падарожжаў гаворыцца так: «…Хто падарожнічаў, той памножыў веды. Шмат бачыў я ў сваім вандраванні, і я ведаю больш за тое, што кажу…» (Сірах 34, 4).

Акрамя простых багамольцаў, якія выпраўляліся да святыні сітуацыйна, туды накіроўваліся яшчэ і «прафесійныя» багамольцы, жабракі-багамольцы, для якіх падобнае вандроўніцтва было сталым ладам жыцця і сродкам яго падтрымання. Разносячы па вёсках на продаж крыжыкі, просвіркі, збіраючы грошы на святыя месцы, яны жылі на міласціну, якую ім давалі з большай ахвотай, чым простым бадзягам. Распаўсюджанне вандроўнікамі як «крызіснай інфармацыі са святых месцаў… так і міфалогіі саміх святыняў… садзейнічала падтрыманню іх славы, а разам з тым і камунікатыўнай значнасці» [33, с. 315].

У беларускай літаратуры даволі часта сустракаецца вобраз вандроўнага лірніка. «Лірнікам» з сівой даўніны называлі народнага спевака на Украіне і ў Беларусі. Акрамя таго, на Украіне спявак, які выконвае песні і «думы» пад гукі кобзы ці бандуры, называўся кабзаром [39]. Такія сацыяльна-мастацкія ўсходнеславянскія тыпы, як лірнік, гусляр, кабзар, маюць агульныя рысы, бо «ў некаторых старадаўніх славянскіх помніках слова «гуслі» часам ужываецца для называння інструментаў увогуле», а ў іншых «пад назвай гусляў разумеюцца струнныя іструменты, у адрозненне ад духавых і ўдарных» [40]. У фальклоры і літаратуры вобраз народнага спевака нясе ідэю свабоды творчасці і асабістага самавыяўлення.

У канцы ХІХ ― пачатку ХХ стагоддзяў існаваў значны пласт вандроўных рамеснікаў (у беларускай сацыяльнай і мастацкай прасторы гэта пераважна краўцы і іх памочнікі, «чаляднікі»). Ім, як і многім «прышэльцам», нярэдка прыпісвалася магічная сіла, знахарства. Выкананне працы па найме ― адзін са сродкаў інтэграцыі «прышэльца» ў структуру аселага супольніцтва. Статус вандроўнага рамесніка забяспечваў начлег на ўвесь перыяд працы (які іншы раз спецыяльна расцягваўся), пэўны даход, дадатковыя падарункі і пачастункі. Як адзначаюць даследчыкі-фалькларысты, найбольш высокі статус вандроўнага рамесніка мелі печнікі, адзін з найбольш нізкіх ― пастухі (з той прычыны, што жабракі, бадзягі, валацугі часам пераапраналіся ў пастухоў: зімой міласціну збіралі, а летам у пастухі наймаліся) [33, с. 411].

Т. Б. Шчапанская, даследуючы тыпы вандроўных людзей, адзначае: «Статус «прышэльца» ў вёсцы амбівалентны ў сэнсе нявызначанасці. Такога падарожнага маглі ідэнтыфікаваць як з нячыстай, так і з боскай сілай. Характэрны статусы прышэльца як «божага чалавека» (убогага, жабрака), а ў некаторых выпадках яго прымалі за «прарока» ці нават «вандроўнага святога». Гэта таксама форма міфалагізацыі прышэльца, а тым самым і вывядзення яго за рамкі звычайных камунікатыўных нормаў» [33, с. 428].

Адна з распаўсюджаных формаў жыццезабеспячэння ў дарозе ― папрашайніцтва. Прасілі міласціну не толькі пагарэльцы і жабракі, але і простыя падарожнікі, вандроўнікі-багамольцы. Прафесійныя жабракі хадзілі ў манастырскай вопратцы, нярэдка атрыманай падчас начлегаў у манастырах. Падыходзячы да хаты, яны зацягвалі малітву, а сляпыя вандроўнікі славіліся выкананнем духоўных вершаў, якія яны пачыналі спяваць, падыходзячы да вёскі [33, с. 429]. Аповеды вандроўнікаў пра наведаныя святыя месцы і паказ прынесеных адтуль рэчаў дазвалялі ідэнтыфікаваць іх як багамольцаў і забяспечвалі большую міласціну і павагу. Часам, як адзначалася, «прышэльца» прымалі за боскага пасланца, а то і самога Бога [33, с. 433 ― 434], як у рамане У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Сярод вандроўнікаў рознага тыпу вылучаюцца вестуны ― носьбіты своеасаблівай камунікатыўнай актыўнасці. У іх рэпертуары зафіксаваны духоўныя вершы, павучанні і прароцтвы, чуткі, погаласкі і плёткі. Прамовы вестуноў былі арыентаваны пераважна на жаночую аўдыторыю (жалобныя апавяданні пра няшчасны лёс, жаласлівыя песні, малітвы да Багародзіцы), што з’яўлялася паспяховай ўмовай забеспячэння начлегам і харчаваннем. Гэта звязана яшчэ і з тымі абставінамі, што ў традыцыйным уяўленні, «падаваць жабракам ― жаночая работа», а «мужыкі падаюць рэдка, толькі ў адсутнасць баб». Шмат, калі не большасць, вандроўніцкіх тэкстаў мелі яркую дыдактычную, павучальную накіраванасць; у іх часта згадваюцца грахі, перш за ўсё жаночыя, адхіленні ад нормы, якія абуджаюць пачуццё віны і стымулююць пэўныя дзеянні [33, с. 444].

Такім чынам, вандроўны герой ў заходнееўрапейскіх літаратурах ― гэта традыцыйна авантурыст, круцель, маргінал або вучоны ці філосаф. Ён даволі істотна розніцца ад аналагічнага вобраза ва ўсходнеславянскіх літаратурах, што тлумачыцца рознымі абставінамі гістарычнага развіцця, грамадскім укладам і культурай. Тып вандроўніка аб’ядноўвае вялікую колькасць герояў, якія адрозніваюцца сваімі мэтамі, паводзінамі і стылем узаемаадносін з людзьмі, асаблівасцямі камунікацыі, знешнім выглядам. Вобразы вандроўных герояў можна размежаваць паводле розных аспектаў (уласнасць, паводзіны, рэчавыя і побытавыя атрыбуты, асаблівасці камунікацыі). Найбольш дэталёва распрацаваная класіфікацыя вобразаў рускіх і ўвогуле славянскіх вандроўнікаў («ушельцев», «путников» і «пришельцев») будуецца на паняцці «культура шляху» як комплексу этнічных традыцый, звычаяў і сацыяльных нормаў паводзін, рэчыўных атрыбутаў і ўяўленняў, звязаных з перамяшчэннем.