Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Старажытная літаратура.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
496.13 Кб
Скачать

Літаратура Адраджэння. Агульная характарыстыка

У 16 ст. Беларусь уступіла ў новы этап гістарычнага развіцця, падрыхтоўка якога пачалася яшчэ ў сярэдзіне 15 ст. Да гэтага часу ў асноўным завяршылася этнічная кансалідацыя беларускіх земляў, сфарміравалася беларуская народнасць, былі ліквідаваны рэшткі феадальнай раздробленасці, узмацнілася цэнтралізацыя краіны – пачалася эпоха сталага феадалізму.

Сацыяльнай базай Адраджэння на Беларусі былі гарады, якія ў 16 ст. перажывалі ўздым у сваім развіцці. Вылучылася саслоўе мяшчан, юрыдычна яго кансалідацыю замацоўвала Магдэбургскае права, з якім уводзілася самакіраванне, замацоўвалася асабістая свабода гараджан ад ўдады феадалаў. Новай з’явай было мецэнацтва: адукаваныя магнаты апекавалі здольных маладых людзей. Напрыклад, Эразм Вітэліус апекаваў Міколу Гусоўскага, двор Радзівілаў у Нясвіжы быў своеасаблівым культурным цэнтрам. Вялікую ролю ў тагачасным грамадстве выконвала шляхта, яе высокае становішча і прывілеі замацоўваліся Статутам ВКЛ (1529, 1566, 1588 гг.). Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё краіны, такім чынам, стала адным з імпульсаў для выспявання адражэнскіх ідэй.

У культурна-гістарычным плане 16 ст. на Беларусі было эпохай Адраджэння (ад франц. Renaissance – адраджэнне). Сам тэрмін “адраджэнне” быў уведзены італьянскім мастаком, гісторыкам мастацтва Д.Вазары. Гэты час стаў залатым векам беларускай літаратуры і засведчыў сябе дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага, Л.Сапегі, А.Рымшы і інш.

Акрамя сацыяльна-эканамічных прычын (наступленне эпохі сталага феадалізму), існаваў шэраг гістарычна-грамадскіх прычын узнікнення і развіцця беларускага Адраджэння:

  1. Паўднёваславянскі ўплыў з яго паваротам да ўнутранага жыцця чалавека;

  2. Шырокае развіццё ў 14 – 15 ст. рэлігійна-царкоўнага асветніцтва з увагай да аналітычна-разумовага пачатку;

  3. Абуджэнне асобы праз чытанне летапісаў, у якіх увасаблялася гістарычнае мінулае народа (нездарма першай паэмай Араджэння стала паэма пра Грунвальд “Пруская вайна” Я.Вісліцкага, а цэнтральным героем “Песні пра зубра”М.Гусоўскага – князь Вітаўт);

  4. Уплыў польскага і чэскага Адраджэння, а праз іх – кантакты з заходнееўрапейскім Рэнесансам.

Светапогляд гэтай эпохі вызначалі ідэі рэнесансавага гуманізму: прызнанне чалавека свабоднай і моцнай істотай, яго магчымасці самому вырашаць уласны лёс, гарманічна развівацца і самаўдасканальвацца, сцвярджэнне прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцяў. Усходнеславянскае, у тым ліку і беларускае, Адражэнне гістарычна з’ява больш позняя ў параўнанні з еўрапейскім, аднак тыпалагічна блізкая, мае тыя ж характарыстыкі:

    1. Зварот да ідэалаў антычнасці;

    2. Антрапацэнтрычны характар, які супрацьстаяў сярэдневечнаму тэацэнтрызму (грэч. тэас – бог). У цэнтры ўвагі Адраджэння – чалавек зямны з усмі яго радасцямі, разам з тым боскі пачатак не адмаўляўся;

    3. Прынцып уседазволу, пафас радасці жыцця, абумоўленыя разбурэннем догмаў, цікавасцю да ўсяго на свеце (напрыклад, у палітыцы ўседазвол спарадзіў макіявелізм, у грамадскім жыцці – шляхецкія вольнасці);

    4. Культ ведаў, развіццё навук, а таксама ўздым мастацтва (у Еўропе – дзейнасць Мікеланджала, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Каперніка, час геаграфічных адкрыццяў Калумба і Магелана);

    5. Своеасаблівы светапоглядны дуалізм: уздымаючы на п’едэстал чалавека-творцу, адраджэнец і на Бога глядзеў як на творцу, дэміурга-мастака;

    6. Увага да народных моў, якія ігнараваліся сярэднявеччам, дзе лаціна і царкоўнаславянская былі культавымі і мовамі навукі.

Побач з гэтымі агульнымі рысамі беларускага Адраджэнне мае свае спецыфічныя асаблівасці.

 Найперш яно характарызуецца сінтэзам усходняй, грэка-візантыйскай, і заходняй, рымска-каталіцкай, культурных плыняў.

Яшчэ ў 12 – 13 ст. пачалося перамяшчэнне візантыйскіх рукапісаў, а пасля і філолагаў у Еўропу – праз усходнеславянскія землі, Балканы – у Германію, затым у Італію – калыску еўрапейскага Рэнесансу. Італьянцы адкрывалі для сябе Арыстоцеля і Платона непасрэдна з грэчаскіх арыгіналаў, што паклала падмурак уласна заходнееўрапейскаму гуманізму. На ўсходніх славян візантыйская культура ўздзейнічала праз другі паўднёваславянскі ўплыў і выявілася, прынамсі, у творчасці Грыгорыя Цамблака. Таму калі ідэі заходнееўрапейскага Адраджэння пачалі пранікаць у ВКЛ, то яны нібыта прараблялі зваротны шлях, па якім ішлі ў Еўропу з Візантыі. Такім чынам, беларускае Адраджэнне, як і ўвогуле ўсходнеславянскае, узнікла на скрыжаванні заходняй і ўсходняй культур.

 На Беларусі Адраджэнне адбывалася са спазненнем у параўнанні з класічным, італьянскім, і развівалася паралельна з Рэфармацыяй, а пазней існавала ва ўмовах развіцця контррэфармацыі і барока.

Рэфармацыя (ад лац. reformatio – змяненне) – рэлігійна-культурны рух у Еўропе, які набыў форму барацьбы з каталіцкай царквой. Гэты рух узнік у Заходняй Еўропе і звязаны з імёнамі Марціна Лютэра, Жана Кальвіна. Рэфармацыя была самастойнай, паралельнай Рэнесансу з’явай, аднак таксама вынікала з асветніцкіх традыцый сярэднявечча, з яго ерэтычных плыняў. Выдатнымі фігурамі беларускай Рэфармацыі сталі С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан.

Сярод прычын узнікнення на Беларусі ў 16 стагоддзі Рэфармацыі былі наступныя: прысваенне касцёламі зямельнай уласнасці, злоўжыванні грашовымі сродкамі, парушэнне нормаў абету, хрысцянскіх запаветаў і інш. Таму рэфармацыйны рух выступаў за чысціню веры, яго асноўнгым лозунгам быў “За Бога, але без папы рымскага”.

Храналагічна беларускае Адраджэнне абмяжоўваецца 16 ст., у 17 ст. яму на змену прыходзіць барока. Рэфармацыйны рух працягваў развівацца і ў 17 ст., ва ўмовах Контррэфармацыі.

Як адзначалася, для беларускай літаратуры 16 ст. стала залатым векам. Важнай асаблівасцю новай літаратуры было арганічнае спалучэнне ў ёй традыцый старабеларускага прыгожага пісьменства з новымі ідэямі і мастацкімі прынцыпамі. У гэты час літаратура перастае быць ананімнай, зараджаюцца індывідуальныя пісьменніцкія стылі, узнікае лірыка (яе вытокі – у панегірычнай паэзіі). Пачынальнікам беларускай лірыкі свецкага і рэлігійна-духоўнага зместу стаў Ф.Скарына. Плённае развіццё атрымаў эпас і публіцыстыка: з’явіўся шэраг буйных паэм, найбольш значныя з якіх “Пруская вайна” Я.Вісліцкага, “Песня пра зубра” М.Гусоўскага; публіцыстычнае майстэрства выявілі ў сваіх прадмовах Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі і інш.

Яшчэ адна адметнасць беларускай літаратуры гэтага часу ў тым, што побач творчасцю на народнай мове (творочасць Ф.Скарыны) адбываецца і росквіт нова-лацінскага мастацтва (Я.Вісліцкі, М.Гусоўскі, Э.Вітэліус, Ян Радван). Многія ўсходнеславянскія дзеячы культуры, якія вучыліся ва універсітэтах Еўропы, бачылі, што Захад мае цмянае ўяўленне пра іх Радзіму і імкнуліся прадставіць яе гісторыю ў мастацкіх творах.

Ян Вісліцкі

(≈ 1480 – 90 – 1516 або 1520)

Біяграфічных звестак пра Яна Вісліцкага захавалася вельмі мала. Дата яго нараджэння дакладна невядомая: паходзіў з нязнатнай сям’і, з Беларусі, з мясцін над ракой Вісліцай, хутчэй за ўсё каля Клецка, адсюль яго прозвішча – Вісліцкі. У 1506 г. скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве са ступенню бакалаўра, у 1510 – 12 гг. працаваў у гэтым універсітэце магістрам і чытаў курсы па Еўкліду, Арыстоцелю, Цыцэрону і Альберту Вялікаму. У рэктарскіх актах ён пазначаны як “рутэнус” (русін). Ян Вісліцкі – аўтар аднаго з самых знакамітых твораў на лацінскай мове – паэмы “Пруская вайна”. Акрамя таго, вядомыя яго вершы “Ода да караля Жыгімонта”, “Элегія да Багародзіцы дзевы Марыі”, “Эпіграма на зайздросніка”.

Вяртанне Яна Вісліцкага ў нацыянальную літаратуру адбылося зусім нядаўна, дзякуючы Якаву Парэцкаму (пераклаў урыўкі з паэмы “Пруская вайна” на рускую мову і апублікаваў іх у 1973 г.) і Віктару Дарашкевічу (раздзелы ў кандыдацкай дысертацыі). На беларускую мову твор перакладзены Жанай Некрашэвіч-Кароткай (“Маладосць”, 1997, № 12).

Паэма “Пруская вайна” займала 1057 з 1354 радкоў паэтычнага зборніка, выдадзенага ў Кракаве ў 1516 г., адзіны экзэмпляр якога захаваўся ў Ягелонскай універсітэцкай бібліятэцы. Напісаны гекзаметрам твор прысвечаны важнай падзеі ў жыцці ВКЛ і Польскай Кароны – пермозе над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве (15 ліпеня 1410 г.) войскаў Ягайлы і Вітаўта. У звароце да прафесарскага Ягелонскага універсітэта Паўла з Кросны Я.Вісліцкі падкрэсліваў, што ён пісаў паэму, каб узняць баявы дух народа, умацаваць памяць аб слаўнай бітве, каб гэтая памяць “стала суровым і пагрозлівым урокам для ворагаў”. У адрозненне ад “Песні пра зубра” М.Гусоўскага, арыентаванага на заходнееўрапейскага чытача, “Пруская вайна” напісана для тых, “хто мае ў сэрцы любоў да славы Айчыны”.

Паэма “Пруская вайна” – твор гераічнага зместу, першы па часе напісання ў рыцарскім эпасе славян. Тут упершыню вылучаны беларусы, а таксама акрэслены межы ВКЛ як агульнай дзяржавы продкаў сучасных беларусаў, украінцаў і літоўцаў. Для еўрапейскага чытача паэма адкрывала невядомы край, яго прыроду і насельнікаў.

Кампазіцыйная будова паэмы. Твор мае некалькі структурных частак: 1. Верш-заахвочванне. Вісліцкі звяртаецца да свайго настаўніка прафесара Паўла з Кросны, удзельніка Таварыства паэтаў, падтрымаць твор, напісайць да яго вершаваны ўступ.

2. Празаічны зварот да Паўла Кроснінскага, у якім Я.Вісліцкі сцісла расказвае творчую гісторыю паэмы, успамінае некаторыя факты ўласнай біяграфіі, піша, што ён “народжаны амаль у цэнтры варварства”, “у самай глыбі няпольскіх зямель” – значыць на Беларусі, – называе сябе выхаванцам Польшчы. (Аўтар прапагандуе характэрную для Адраджэння з’яву мецэнацтва).

3. Аргументы да трох кніг – сціслы пераказ зместу кожнай часткі.

4. Тры кнігі, прысвечаныя каралю Жыгімонту І Старому.

У першай кнізе расказваюцца легендарныя паданні пра гісторыю Польшчы: пра стваральніка дзяржавы Ляха, уладара Крака (аўтар параўноўвае яго з Аляксандрам Македонскім), яго дачку Ванду (лёс якой падобны да лёсу Сапфо – таксама страціла розум). Як і іншыя паэты-новалаціністы, Вісліцкі ставіць гісторыю ў кантэкст біблейскай і агульнаеўрапейскай, таму вельмі часта выкарыстоўваюцца крылатыя выразы, параўнанні, спасылкі на творы антычных аўтараў – Авідзія, Гарацыя, Вергіля.

Другая кніга – аповед пра родны край паэта. Аўтар стварае маляўнічыя пейзажы, якія спалучае з гістарычнымі выкладкамі, характарыстыкай народаў – насельнікаў гэтых мясцін: жмудзінаў-літоўцаў, беларусаў (упершыню беларусаў называе беларусамі). Галоўным ворагам Я.Вісліцкі лічыць тэўтонаў, якія спачатку дапамагалі ўсталёўваць хрысціянства, а пасля пачалі прагнуць неабмежаванай улады над сармацкімі землямі (тэрыторыя Польшчы і ВКЛ). Ягайла з Вітаўтам выступаюць супраць заваёўнікаў. Прычым Ягайла пачынае бой толькі пасля малітвы, у час якой з’явіўся вобраз святога Станіслава і паабяцаў падтрымку. Ян Вісліцкі падкрэслівае, што Ягайлу падпарадкоўваецца Вітаўт, войска якога амаль разбіта, хаця, паводле летапісаў, князь ВКЛ першым уступіў у бой. Аўтар пяе славу польскаму каралю, параўноўвае яго з сонцам, ставіць вышэй за грэчаскіх і рымскіх воінаў.

Трэцяя кніга сюжэтна не звязана з дзвюма першымі: тут апавядаецца пра абранне Ягайлам жонкі, у якім прымаюць удзел алімпійскія багі Юпітэр і Венера. Абранніцай становіцца “прыгажуня-русінка”, віцебская князёўна Соф’я Гальшанская. Расказваецца пра будучае каралеўскіх нашчадкаў, сярод іх пачэснае месца зойме Жыгімонт, які зможа аднавіць былую веліч і славу Радзімы. Мэта гэтай кнігі – уславіць наступнікаў Ягайлы.