
- •Спецыфіка старажытнай літаратуры
- •1. Умовы ўзнікнення і асаблівасці бытавання старажытнай літаратуры.
- •2. Перыядызацыя.
- •Літаратура Старажытнай Русі
- •Арыгінальная літаратура Старажытнай Русі
- •2. Творчая спадчына Клімента Смаляціча.
- •3. Творчасць Кірылы Тураўскага.
- •І. Летапісанне
- •Іі. “Слова пра паход Ігаравы”
- •Літаратура перыяду станаўлення вкл (хіv – пач. Xvі ст.)
- •Агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне
- •Літаратура Адраджэння. Агульная характарыстыка
- •Мікола Гусоўскі
- •Андрэй Рымша
- •Сымон Будны
- •Царкоўна-палемічная літаратура перыяду Контррэфармацыі
- •Пётр Скарга
- •Іпацій Пацей
- •Свецкая публіцыстыка перыяду Рэфармацыі. Андрэй Волан (Волян)
- •Леў Іванавіч Сапега
- •Стафан Зізаній
- •Хрыстафор Філалет
- •Лявонцій Карповіч
- •Мялецій Сматрыцкі
- •Іосіф Вельямін Руцкі
- •Гісторыка-мемуарная літаратура
- •Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі)
- •Афанасій Філіповіч
- •Перакладная літаратура хvі – хvіі стагоддзяў
- •Зараджэнне і развіццё сілабічнай паэзіі
- •Сімяон Полацкі
- •Літаратура пераходнага перыяду (другая пал. Хvіі – хvііі ст.)
- •Літаратура барока
- •Літаратура Асветніцтва
Агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне
Самым значным жанрам беларускай літаратуры 14 – пач. 16 ст. быў летапіс. Паводле зместу і агульнага характару летапісы падзяляюцца на дзяржаўныя і мясцовыя, аднак рэзкай мяжы паміж імі няма. Вытокі беларускіх летапісаў – у мясцовых паданнях і справавой пісьменасці, у традыцыях гістарычнай прозы і летапісання Старажытнай Русі. На Беларусі летапісы пачалі складвацца ў эпоху феадальнай раздробленасці (12 – 14 ст.), аднак гэтыя тэксты не зберагліся. Найбольш раннім даследчыкі лічаць Полацкі летапіс, які не захаваўся. Сляды яго – у Іпацьеўскім і, магчыма, у Кіеўскім летапісах. Рускі гісторык 18 ст. В.Тацішчаў абапіраўся пры напісанні сваёй “Истории российской” не нейкі летапіс, створаны ў Полацку.
Вядомы па ўрыўках Смаленскі летапіс 14 – пач. 15 ст. Ён змешчаны ў рускіх і беларускіх летапісных зводах 15 – 16 ст. Гістарычныя запісы вяліся таксама ў Слуцку, Пінску і інш. беларускіх гарадах.
І. “Летапісец Вялікіх князёў літоўскіх”.
У 15 – 16 ст. пад уплывам новых гістарычных умоў (заканчэнне этнічнай кансалідацыі і палітычнай цэнтралізацыі беларускіх зямель) характар летаісання Беларусі істотна змяніўся, мясцовыя летапісы заняпалі, узніклі агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы, якія складаліся на беларускай мове пераважна беларускімі летапісцамі. З новых, агульнадзяржаўных пазіцый пададзены гістарычныя падзеі ў “Летапісцы Вялікіх князёў літоўскіх”, першай арыгінальнай спробе кароткай гісторыі Літвы і Беларусі. Адна з галоўных ідэй твора – ухваленне цэнтралізатарскай палітыкі беларуска-літоўскіх князёў. Увогуле складанне летапісаў было справай палітычнай, бо кожны аўтар адлюстроўваў інтарэсы свайго асяроддзя, асноўную ўвагу надаваў падзеям агульдзяржаўнага значэння.
Прыярытэт адкрыцця беларуска-літоўскага летапісання належыць прафесару Віленскага універсітэта І г н а т у Д а н і л о в і ч у. Ён знайшоў Супрасльскі спіс 1430 – 46 гг., у якім знаходзіўся “Летапісец”, і ў пачатку 1820-х гг. апублікаваў літаратурны помнік у часопісе “Віленскі дзённік”.
“Летапісец” напісаны ў форме суцэльнага апавядання, а не ў традыцыйнай пагадовай форме, па сваёй сутнасці гэта гістарычная хроніка (у 16 – 18 ст. летапісы называюцца пераважна хронікамі). Твор складаецца з двзюх частак – уласна летапісца і аповесці пра Падолле.
1. Перш чым паказаць гістарычныя падзеі 14 ст., беларускія храністы даюць перадгісторыю, пачынаюць аповед з часоў княжання Гедыміна. У пралогу расказваецца пра падзеі пасля смерці Гедыміна, барацьбу за ўладу яго сыноў. Княжанне Альгерда (каля 30 гадоў) не адлюстравана (аднак ёсць размова Кейстута з Альгердам). У полі зроку аўтарскай увагі – дзейнасць Кейстута, Ягайлы і Вітаўта.
Храніст вельмі падрабязна распавядае пра жорсткую, бескампрамісную барацьбу Кейстута Гедымінавіча з пляменнікам Ягайлам Альгердавічам. Адзін з самых напружаных момантаў твора: Кейстут, даведаўшыся пра змову Ягайлы з немцамі, штурмам бярэ Вільню. Ягайла вяртае горад і княжацкі прастол сабе. Усё гэта паказана праз дыялогі. Расказваецца пра смерць Кейстута: Ягайла запрасіў яго ў госці нібыта, каб заключыць мір, і здрадліва задушыў яго (слугі задушылі). Сын Кейстута Вітаўт быў заняволены ў Крэве, аднак яму ўдалося ўцячы, апрануўшыся ў жаночае адзенне.
Далей расказваецца пра барацьбу Вітаўта з Ягайлам, яго паходы на ўдзельных беларускіх і ўкраінскіх князёў – аповед вядзецца з пазіцыі прыхільнікаў Вітаўта і Кейстута, якія намаляваны з сімпатыяй і спачуванем. Вяч.Чамярыцкі выказвае меркаваннен, што першая частка “Летапісца” створана ў канцы 14 ст. у асяроддзі, блізкім да Вітаўта.
Другая частка ўласна “Летапісца” складаецца з кароткіх самастойных апавяданняў розных па зместу, часам сюжэтна не звязаных. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэты тэкст напісаны ў пач. 15 ст. смаленскім епіскапам Герасімам ці чалавекам з яго асяроддзя. У тэксце шмат біблейскіх цытат, уключаны апавяданні пра злачынствы князёў. Такім чынам, уласна “Летапісец” створаны ў два этапы, потым да яго далучылася аповесць пра Падолле.
“Летапісец” не быў закончаны, ён перапыняецца паведамленнем пра сустрэчу Вітаўта з зяцем, маскоўскім князем Васіліем Дзмітрыевічам (1396).
2. “Аповесць пра Падолле” пачынаецца з часоў Альгерда, расказваецца пра асноўныя этапы далучэння падольскіх земляў да ВКЛ, пачынаючы з перамогі Альгерда над трыма татарскімі ханамі. Аўтар паведамляе пра лёс чатырох сыноў Карыята Гедымінавіча, пасланых на Падолле пасля перамогі над татарамі.
“Аповесць” – цэласны, закончаны твор – далучана да “Летапісца” з мэтай абгрунтаваць гістарычнае права ВКЛ на Падолле. Створана ў пач. 30-х гг. 15 ст. у асяроддзі патрыятычна настроеных беларускіх феадалаў. Стыль твора пазбаўлены царкоўнаславянізмаў, нагадвае стыль тагачасных дзяржаўных актаў.
Як першы вопыт гісторыі ВКЛ “Летапісец” меў вялікі поспех у чытачоў. Аднак ён не мог задаволіць іх, бо не даваў сістэмнага апісання мінулага, шмат якія значныя гістарычныя падзеі не былі ў ім асветлены. Гэты ананімны твор не ліквідаваў вострай патрэбы ў грунтоўнай, пададзенай у прасторавай і часавай перспектыве, роднай гісторыі. Аднак ён удала пачаў яе і склаў першую вельмі важную частку І-га агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага зводу.
ІІ. “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года”.
Першы летапісны звод інакш называецца “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года”, бо менавіта гэтым годам датуецца ў ім апошні запіс. Задума стварыць свой летапісны звод узнікла ў часы Вітаўта (1350 – 1430). Пачатак летапісу звязваюць з 20-мі гадамі 15 ст., завершаны у 1446 годзе, ужо пасля смерці Вітаўта.
У летапісе спачатку сцісла выкладаецца гісторыя старажытнай Русі 11 – 13 ст., пасля Маскоўскага і Літоўскага княстваў 14 – першай пал. 15 ст., а ў самым канцы змяшчаецца “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”.
Звесткі па гісторыі Русі за 854 – 1427 гг. запазычаны з з рускіх летапісаў, тэкст якіх істотна скарочаны, месцамі адрэдагаваны, але змешчаны на мове арыгінала. З мясцовых твораў увайшлі
т.зв. Смаленская хроніка, якая ўключае аповед пра грамадзянскую вайну ў ВКЛ,
апавяданне пра паўстанне “чорных людзей” у Смаленску,
“Пахвала Вітаўту”,
смаленскія пагадовыя запісы за 1432 – 46 гг,
“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”.
Хутчэй за ўсё летапіс ствараўся ў Смаленску ў асяродку духавенства, якое падтрымлівала аб’яднаўчую ідэю беларуска-літоўскіх князёў у межах ВКЛ, еднасці ўсходніх славян, а гэтая ідэя асноўная ў творы.
У летапіс уключана “Пахвала Вітаўту” (“Похвала о великом князи Витовте”, “Сказанне пра вялікага князя Вітаўта”) – арыгінальны помнік беларускай старажытнай літаратуры ранняга перыяду, адзін з першых твораў беларускай свецкай панегірычнай прозы. “Пахвала” створана невядомым аўтарам у Смаленску ў канцы 1430-х гг., вядома ў 4-х рэдакцыях, адна з іх увайшла ў летапіс. Твор напісаны ўрачыста-ўзвышаным, панегірычным стылем, што дасягаецца шырокім выкарыстаннем кніжнай лексікі і архаічных моўных формаў.
Ж а н р а в а я а д м е т н а с ц ь. У “Беларуска-літоўскім летапісе 1446 года” (першым агульнадзяржаўным беларуска-літоўскім зводзе) спалучаюцца традыцыйная, пагадовая форма выкладу са звязным апавяданнем пра мінулае, гістарычныя аповесці з кароткімі дзелавымі запісамі, літаратура і дакумент. Асобныя творы зў складзе зводу – найбольш значныя з’явы ўласна беларускай літаратуры 15 ст. і стаяць каля вытокаў беларускай гістарычнай прозы.
ІІІ. “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”.
У першай пал. 16 ст. завяршаецца працэс фарміравання беларускай, літоўскай і ўкраінскай народнасцяў. Адбываецца актыўны рост грамадска-гістарычнага і нацыянальнага самапазнання, узнікае цікавасць да пытанняў паходжання асобных народаў, правячых дынастый. У гэтых умовах была спроба стварыць новую гісторыю Літвы і Беларусі – “Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” (другі летапісны звод, напісаны ў 20-я гг. першай пал. 16 ст.).
“Хроніка ВКЛіЖ” – арыгінальны помнік гісторыяграфіі і грамадска-палітычнай думкі ВКЛ першай пал. 16 ст. – напісана ў форме гістарычнай аповесці, без датавання падзей. У творы сцвярджаецца рымскае паходжанне літоўскіх князёў, продкі якіх на чале з патрыцыям Палемонам нібыта ўцякаючы ад імператара Нерона апынуліся ў Прынямонні і заснавалі тут гарады. Легенда, аднак, не з’яўляецца народным паданнем. Імёны некаторых герояў аўтар узяў з Іпацьеўскага летапісу, але выкарыстаў іх вельмі вольна. У летапісе шэраг грубых фактычных памылак і недарэчнасцяў. Напрыклад, полацкі Сафійскі сабор, паводле “Летапісу”, пабудаваны не Усяславам Чарадзеем, а літоўцам, будова яго адбываецца на стагоддзе пазней; згодна храналогіі аўтара, за 12 стагоддзяў з часоў Нерона і да Батыя ў Літве змянілася толькі тры пакаленні князёў.
Разам з тым асобныя месцы хронікі маюць навукова-пазнавальную каштоўнасць: гістарычныя паданні пра бітвы з татарамі, пра паходы Гедыміна на Украіну, апісанні некаторых паганскіх звычаяў і інш. Цікавасць уяўляе расповед пра каханне караля Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл. Адлюстраванне бытавых і інтымных бакоў жыцця прадстаўнікоў вышэйшых саслоўяў было новай з’явай у беларуска-літоўскім летапісанні.
Варта падкрэсліць, што Русь на фоне магутнай Літвы выглядае бездапаможнай, слабай, з’яўляецца толькі полем для шырокай актыўнасці літоўцаў. Гэта абумоўлена палітычнымі поглядамі аўтара, які лічыў ВКЛ не літоўска-славянскай, а выключна літоўскай дзяржавай.
Гісторыя ВКЛ даведзена да часоў Гедыміна і заканчваецца паэтычнай легендай пра заснаванне ім Вільні. (Гедыміну прысніўся сон, нібыта на Лысай гары стаіць жалезны воўк і гучна вые. Яго галоўны вяшчун Лідзейка патлумачыў, што воўк азначае горад, слава якога будзе грымець на ўвесь свет).
ІV. “Хроніка Быхаўца”
Пазначаная ў “Хроніцы ВКЛіЖ” тэндэнцыя да алітаратурвання гістарычных запісаў, белетрызацыі апавядання, свядомае ўвядзенне мастацкай прыдумкі атрымала працяг у “Хроніцы Быхаўца” (трэці звод). Названы твор па імені беларускага шляхціча з-пад Ваўкавыска, якому ў першай пал. 19 ст. належаў гэты рукапіс (арыгінал згублены). Тэкст захаваўся дзякуючы гісторыку Тодару Нарбуту, які ў 1846 г. упершыню апублікаваў твор (некаторыя даследчыкі нават лічаць хроніку фальшыўкай і прыпісваюць аўтарства Нарбуту). Хутчэй за ўсё, аўтарамі хронікі былі людзі, цесна звязаня з арыстакратамі, прадстаўнікі шляхты ВКЛ..
“Хроніка Быхаўца” заснавана на матэрыялах папярэдніх летапісаў і хронік: 1 – легендарная гісторыя Літвы ад Палемона да Гедыміна, перададзеная па “Хроніцы ВКЛіЖ”; 2 – запазычаныя з Галіцка-Валынскага летапісу звесткі пра князя Міндоўга і яго сына Войшалка, абыдзеныя папярэднім храністам; 3 – “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года” (акрамя “Пахвалы Вітату”). Аўтар “Хронікі Быхаўца” значна дапоўніў летапіс новымі гісторыка-літаратурным матэрыялам. Дакладнка невядома, якім годам заканчваецца “Хроніка”, захаваныя ў спісе Быхаўца звесткі абрываюцца на 1506 годзе.
Імкнучыся стварыць максімальна поўную гісторыю ВКЛ, аўтар шырока выкарыстоўвае вусную інфармацыю бывалых людзей. Заключная частка (падзеі канца 14 – пач. 16 ст.) створана на аснове асабістых уражанняў храніста і ўспамінаў сведкаў.
Цэнтральная тэма “Хронікі” – ваенна-патрыятычная. Шмат старонак прысвечана апісанню вялікіх паходаў і бітваў. Храніст выбраў самыя яркія старонкі беларуска-літоўскай гісторыі, каб вызваць у чытачоў адчуванне гонару за сваё мінулае.
Адчувальная тэндэнцыя да гераізацыі гісторыі ВКЛ. Храніст свядома белетрызуе гістарычны аповед, аднак імкнецца надаць уласнай трактоўцы падзей праўдападобнасць, каб чытач паверыў яму. Аўтар перш за ўсё клапоціцца не пра гістарычную дакладнасць, а пра мастацкую. Так, пры апісанні Грунвальдскай бітвы ён насуперак агульнавядомым фактам сцвярджае, што крыжакі былі разбітыя войскамі Вітаўта, а “войсква ляцкие ничого им не помагали, только на то смотрели”.
Калі ў папярэдніх хроніках падзеі апісваліся з пэўнай дыстанцыі і ў трафарэтна, то ў “Хроніцы Быхаўца” аб’ект набліжаецца да чытача, які становіцца як бы непасрэдным удзельнікам падзей. Так, у “Беларуска-літоўскім летапісе 1446 года” толькі коратка паведамляецца пра забойства Жыгімонта – у “Хроніцы Быхаўца” падрабязна расказваецца пра падрыхтоўку змоўцаў, канкрэтна апісваецца месца дзеяння і наглядна адлюстроўваецца момант злачынства, што стварае эфект прысутнасці чытача.
Акрамя таго, тут няма высакамерных адносінаў да гісторыі Русі, усходніх славян, аднак заўважаецца тэндэнцыя супрацьпастаўлення “літоўскіх” паноў польскім, імкненне даказаць перавагу першых. Катэгарычна сцвярджаецца, што шляхта ВКЛ больш старажытнага і знакамітага роду, чым польская. У асобных месцах хронікі ярка выяўленыя варожыя адносіны да Польшчы.
Такім чынам, агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне, выкарыстоўваючы літаратурныя традыцыі Старажытнай Русі, з’яўляецца арыгінальным і самабытным. А.Лойка назвае 3 асноўныя адрозненні летапісання перыяду ВКЛ ад летапісання Кіеўскай дзяржавы:
наплылыў рамантычна-фантастычных элементаў (уключэнне легендаў, напрыклад, пра Палемона) – па-мойму, пункт вельмі спрэчны.
крышталізацыя ў летапісах аб’ёмных фрагментаў, па-мастацку цэласных і закончаных, увядзенне некаторых элементаў псіхалагізацыі;
шырэйшы ў параўнанні з кіўескімі летапісамі ўплыў хрысціянскага гуманізму, пэўная дэмакратызацыя героя (князь у шэрагу выпадкаў саступае месца “учтивому люду”, мяшчанам, часам – прасталюдзінам).
Беларуска-літоўскія летапісы і хронікі маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне. Свецкія паводле зместу і сярэднявечныя па характару, цесна звязаныя са сваім часам, яны выявілі вядучыя сацыяльна-палітычныя тэндэнцыі эпохі, ідэі гераізму і патрыятызму.