
- •Спецыфіка старажытнай літаратуры
- •1. Умовы ўзнікнення і асаблівасці бытавання старажытнай літаратуры.
- •2. Перыядызацыя.
- •Літаратура Старажытнай Русі
- •Арыгінальная літаратура Старажытнай Русі
- •2. Творчая спадчына Клімента Смаляціча.
- •3. Творчасць Кірылы Тураўскага.
- •І. Летапісанне
- •Іі. “Слова пра паход Ігаравы”
- •Літаратура перыяду станаўлення вкл (хіv – пач. Xvі ст.)
- •Агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне
- •Літаратура Адраджэння. Агульная характарыстыка
- •Мікола Гусоўскі
- •Андрэй Рымша
- •Сымон Будны
- •Царкоўна-палемічная літаратура перыяду Контррэфармацыі
- •Пётр Скарга
- •Іпацій Пацей
- •Свецкая публіцыстыка перыяду Рэфармацыі. Андрэй Волан (Волян)
- •Леў Іванавіч Сапега
- •Стафан Зізаній
- •Хрыстафор Філалет
- •Лявонцій Карповіч
- •Мялецій Сматрыцкі
- •Іосіф Вельямін Руцкі
- •Гісторыка-мемуарная літаратура
- •Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі)
- •Афанасій Філіповіч
- •Перакладная літаратура хvі – хvіі стагоддзяў
- •Зараджэнне і развіццё сілабічнай паэзіі
- •Сімяон Полацкі
- •Літаратура пераходнага перыяду (другая пал. Хvіі – хvііі ст.)
- •Літаратура барока
- •Літаратура Асветніцтва
Літаратура пераходнага перыяду (другая пал. Хvіі – хvііі ст.)
Літаратура пераходнага перыяду ўключае ў сябе 2 этапы: літаратура позняга барока (другая пал. 17 ст. – першая трэць 18 ст.) і асветніцтва (з 50 – 60-х гг. 18 ст.). Ранняе барока развіваецца ў межах Контррэфармацыі (першая пал. 17 ст.).
Літаратура барока
Беларускае барока (ад італьянскага barocco – “вычварны”, “мудрагелісты”), як і еўрапейскае, нараджалася ў эпоху Контррэфармацыі і было вынікам росту нацыянальнай свядомасці народа. Літаратуры барока ўласціва:
Эмацыйная напружанасць, драматызм, апеляццыя не да розуму (як у рэнесансавай літаратуры), а да пачуцця.
Спалучэнне сярэднявечных і рэнесансавых традыцый з фальклорнымі.
Кантрастнасць, “сумяшчэнне несумяшчальнага”, сінтэз высокага і нізкага.
Стварэнне навакольнага свету ў “знаках”, “эмблемах”, а не “капіраванне” яго ў вобразах.
Раздвоенасць, няпэўнасць героя, які ўвесь час вагаецца паміж аптымізмам і песімізмам, памкненнямі духу і патрэбамі цела, радасцю жыцця і перспектывай непазбежнай смерці.
Дынамічнасць кампазіцыі, пышная дэкаратыўнасць, ускладненасць формы, метафарычнасць мовы, выкліканыя жаданнем здзівіць, уразіць.
У беларускім барока вылучаюцца розныя стылявыя тэндэнцыі – “шцілі”. “Высокае”, элітарнае барока звязана са старабеларускай традыцыяй, характарызуецца рытарычнай узнёсласцю, фармальнай ускладненасцю, сімвалічнасцю (у паэзіі – С.Полацкі, А.Белабоцкі). “Сярэдняе” барока, запатрабаванае прадстаўнікамі шляхты, актыўна выкарыстоўвала заходнееўрапейскія традыцыі, не губляючы сувязь з народнымі (Д.Рудніцкі). “Нізкае”, народнае барока прадстаўлена калядкамі, інтэрмедыяй, батлейкай, інтымна-песеннай лірыкай. Нягледзячы на барацьбу паміж стылямі, яны часта плённа ўзаемадзейнічалі.
1. Паэзія. Асаблівай стылявой разнастайнасцю вызначалася беларуская барочная лірыка. У эпоху ранняга барока (пач. 17 ст.) развіваецца любоўная, сатырычная і грамадска-філасофская паэзія. Прамежкавае становішча паміх сатырычнай і грамадска-філасофскай барочнай лірыкай і бурлескна-сатырычнай паэзіяй эпохі Асветніцтва займаюць звярыныя гратэскі Дамініка Рудніцкага (1676 – 1730).
Андрэй (Ян) Белабоцкі – прадстаўнік “высокага штылю” ў паэзіі барока. Дакладных звестак пра гады яго жыцця не захавалася: хутчэй за ўсё, нарадзіўся ў сярэдзіне 17 ст. у Слуцку (гады жыцця невядомыя). Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся за мяжой (Італія, Францыя, Іспанія), быў пратэстаскім прэсвітэрам у Слуцку, настаўнічаў у Магілёве. У 1686 – 91 гг. у складзе дэлегацыі Рэчы Паспалітай наведаў Кітай. Ратуючыся ад езуітаў, вымушаны быў пераехаць у Маскву, дзе перайшоў у праваслаўе і прыняў імя Андрэй.
Галоўны літаратурны твор А.Белабоцкага – “Пентатэугум, або пяць кніг кароткіх”, напісаны на царкоўна-славянскай мове. Галоўная яго ідэя – асуджэнне марнасці зямнога жыцця і выказванне страху перад смерцю. Для “Пентатэугума”, як і іншых твораў барока, характэрна падкрэсленая эмацыйнасць, кантрастнае супрацьпастаўленне зямнога і нябеснага, жыцця і смерці, дабра і зла – шырока выкарыстоўваецца антытэза. Твор напісаны ў вычварнай барочнай манеры, у ім суіснуюць царкоўнаславянскія і антычныя традыцыі, узвышаны стыль пісьма спалучаецца з лексікай зніжанай стылістычнай афарбоўкі. Надзвычай вобразна апісваецца карціна Нябеснага Суда, аднолькава страшныя пакуты цароў, князёў, баяр і рабоў. У пэўным сэнсе гэты твор з’яўляецца працягам інфернальнай (ад лац. пекла) тэмы ў свецкай паэзіі, пачатак якой паклаў Дэнтэ. У мастацкіх адносінах твор недасканалы, ён паказвае нежыццядзейнасць старых літаратурных традыцый у новую эпоху.
2. Гістарычная проза. Да барочнай гістарычнай прозы адносіцца напісаная па-польску “Магілёўская хроніка”, якая ахоплівае перыяд з 1526 па 1746 гг. Крыніцамі твора паслужылі польскія хронікі, гістарычныя запісы, архіўныя дакументы, уласныя назіранні аўтараў, успаміны відавочцаў апісаных падзей. Хроніка ўяўляе сабою летапісныя пагадовыя запісы, аднак з канца 17 ст. аповед нагадвае дзённікавыя запісы і ўспрымаецца як своеасаблівы дзённік горада. Большую частку хронікі напісаў магілёўскі купецкі стараста Трафім Сурта (звесткі з 1693 па 1701 г.), працягваў працу супрацоўнік (рэгент) гарадской канцылярыі Юры Трубніцкі (звесткі з 1701 па 1746 г.), дапаўнялі твор яго сын Аляксандр і ўнук Міхаіл (запісы даведзены да 1856 г.). Стыль вызначаецца эмацыйнасцю і кантрастнасцю, у творы шмат займальных гістарычных звестак (пра новаўвядзенні Пятра І, яго наведванне Магілёва – уязжаючы ў горад цар сказаў “Права, ізрядна”), драматычных момантаў (апісанне горада і яго насельнікаў у час Паўночнай вайны, 1701 – 1708 гг.). Пад уздзеяннем барокавай паэтыкі (метафарычнасці, узнёсласці) летапіснае паведамленне ператвараецца ў мастацкі твор – гістарычнае апавяданне. Напрыклад, аўтар паэтычна і вобразна гаворыць пра напад на горад у 1708 г. шведскага войска: звяртаецца да горада і згадвае значэнне яго назвы Магілёў – г.зн. магутны леў. У 1708 г. “Марс, завастрыўшы свае клыкі і зубы, аблупіў з цябе [горада] аздобную львінуюшкуру і абвалок цябе чорным і грубым мяшком”, у выніку чаго Магілёў стаў магілаю для яго грамадзян.
3. Аўтабіяграфічная проза. У пераходны перыяд працягваюць развівацца традыцыі мемуарстыкі. Важная асаблівасць такой прозы – ператварэнне успамінаў-мемуараў у жанр біяграфічных прыгод-авантур. Яркім прыкладам сталі “Авантуры майго жыцця” (на польскай мове) наваградскай лекаркі Саламеі Рэгіны Пільштыновай-Русецкай (1718 – пасля 1760). За сваё жыццё яна памяняла некалькі мужоў і шмат месцаў жыхарства. Ад першага мужа, лекара-немца Якуба Гальпіра, за якога выйшла ў 14-гадовым узросце, навучылася медыцыне. Адразу пасля вяселля маладая сям’я пераехала ў Стамбул. У нататках Русецкая вельмі высока ацэньвае свае здольнасці, называючы сябе “доктарам медыцыны і акулістыкі”. Іракскі медык навучыў яе лячыць хваробы вачэй, італьянец – лацінскай мове, яна магла сама выпісваць рэцэпты. Русецкая карысталася папулярнасцю ў Турцыі: лячыла жанчын ў гарэме, а таксама мужчын (паводле мусульманскіх законаў, мужчына не меў права лячыць жанчын, а жанчына – мужчын, хрысціянка ж Саламея мела такую магчымасць). Саламея жыла ў Босніі, Трансільваніі, наведвала Аўстрыю, працавала лекаркай у доме Мікалая Радзівіла Рыбанькі. Некаторы час жыла ў Расіі пры двары Ганны Іаанаўны, станоўча характарызавала яе фаварыта Бірона, якога рускія вельмі не любілі. Апошнія гады правяла ў Стамбуле, планавала наведаць Святую Зямлю.
Калі пра грашовыя справы і лекарскія поспехі Русецкая піша, згодна з барочнай традыцыяй, падрабязна і шматслоўна, то згадкі пра дзяцей займаюць усяго адзін абзац. Пра ўласных дзяцей Саламея не клапацілася: пакінула іх на палюбоўніка, які зачыніў аднаго сына ў падвале, дзе той загінуў; дачку аддала на выхаванне ў заможную сям’ю; старэйшы сын у дарослым узросце прыязджаў з пасольствам у Турцыю, але не выказваў да маці цёплых пачуццяў.
Нататкі гэтай жанчыны-авантурысткі ўспрымаюцца як займальны і цікавы літаратурны твор. Аўтарка ўсведамляла мастацкія вартасці сваёй кнігі і збіралася надрукаваць яе, для чаго падрыхтавала заключную частку “Песня мае кампазіцыі”, вытрыманую ў барочных традыцыях. Аднак упершыню па-польску твор выйшаў толькі ў 1957 г., у перакладзе М.Хаўстовіча на беларускую мову – у 1993 г. (С.Кавалёў. П’еса “Саламея і аматары”, 1996).
4. Сатырычная проза перыяду ранняга барока прадстаўлена ананімным творам “Прамова Мялешкі” і “Лістом да Абуховіча”, напісаным мазырскім (наваградскім, слуцкім – ?) шляхцічам Цыпрыянам Камунякам. У абодвух творах упершыню выкарыстоўваецца мастацкая фантазія.
“Прамова Мялешкі” (20 – 30-я гг. 17 ст.) уяўляе сабой літаратурную містыфікацыю – яна стылізавана пад прамову рэальнай гістарычнай асобы, мсціслаўскага кашталяна Івана Мялешкі, на варшаўскім сойме 1589 г. у прысутнасці караля. Невядомы аўтар, хутчэй за ўсё, выхадзец са шляхецкага асяроддзя, робіць Івана Мялешку выразніка дэмакратычных і патрыятычных ідэй. Апавяданне пабудавана па прынцыпу кантраста: супрацьпастаўляюцца часы Жыгімонта I з эпохай Жыгімонта ІІI, паказваецца перавага першага караля, які не давяраў “немцам” (іншаземцам”) –“немцаў, як сабак не любіў, а Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў”.
Аўтар выдае сябе за недарэку, што не разумее новых звычаяў, прынесеных іншаземцамі, (напр., пеўні лепш за гадзіннікі), аднак за вонкавай спрошчанасць бачыцца яго занепакоенасць лёсам роднага краю і яго насельнікаў. На мараль мясцовай шляхты замежнае аказала негатыўны ўплыў: “многа тутака такіх ёсць, што хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла і ваняець”. Даходлівасць, экспрэсіўнасць, вобразнасць мовы зрабіла “Прамову” папулярным творам, які шмат разоў перапісваўся і перавыдаваўся ў 17 – 19 ст.
“Ліст да Абуховіча”, напісаны Іванам Цыпрыянам Камунякам, імітуе прыватнае пасланне і датуецца 6 ліпеня 1655 г. Сатыра ў ім накіравана супраць аднаго чалавека – былога смаленскага ваяводы Піліпа Казіміра Абуховіча. Таму праблематыка твора вузейшая, чым “Прамовы”. Аўтар абвінавачвае Абуховіча, які 25 верасня 1654 г. здаў горад маскоўскаму войску на чале з Міхаілам Шэіным, у баязлівасці і бяздзейнасці, здрадніцтве і прадажніцтве. Вобраз адрасата ствараецца пры дапамозе гратэска. Мова твора вобразная рытмізаваная, аўтар выкарыстоўвае народныя прыказкі і прымаўкі, трапныя, сакавітыя параўнанні: “Лепей было, пане Філіпе, сядзець табе ў Ліпе”, “А тыя копы (хабар) пастрыгуць не аднаго ў хлопы”, “Калі б дагэтуль пісарам быў, то б чалавекам слыў”.
Для “Ліста да Абуховіча” і “Прамовы Мялешкі” характэрны грубаваты народны гумар, важныя палітычны праблемы раскрываюцца з дапамогай побытавых матываў, умоўнасць спалучаецца з натуралістычнай канкрэтыкай, (“Уваляўся ёсць у вялікую славу, як свіня ў гразь, горш то ся стала, калі хто ўпадзе ў новым кажусе ў густое балота, у злом разуменню, у абмовах людскіх і ў срамоце сядзіць...” – “Ліст да Абуховіча”). Творы маюць выразныя адзнакі “нізкага” барока. Да барочнай парадыйна-сатырычнай прозы адносяцца таксама “Казанне рускае” і “Грамата, напісаная да святога Пятра” (канец 17 ст).
5. Драматургія барока. Менавіта ў эпоху барока ўзніклі першыя беларускія п’есы. Пераважна гэта былі інтэрмедыі – кароткія камічныя п’есы, што разыгрываліся паміж актамі асноўнай лацінамоўнай ці польскамоўнай драмы (сюжэты для драм браліся ў асноўным са Святога пісання, антычных і гістарычных твораў). Інтэрмедыі мелі характар побытавых замалёвак з жыцця беларускіх гарадоў і мястэчак, часам адлюстроўвалі некаторыя сацыяльныя супярэчнасці, таму персанажамі станавіліся прадстаўнікі розных слаёў грамадства. Кожная дзеючая асоба размаўляла на мове, адпаведнай свайму асроддзю: сяляне, прадстаўнікі гарадскіх нізоў – па-беларуску, ксёндз, студэнт – на латыні, шляхціч – па-польску. Тыповыя героі школьных інтэрмедый: селянін, вучань, яўрэй, чорт, салдат. Першым беларускамоўным героем стаў шавец з інтэрмедыі Каспара Пянткоўскага “Цімон Гарадзілюд”. Часта за кошт таго, што героі твораў гаварылі на розных мовах і не разумелі адзін аднаго, ствараўся камічны эфект.
На сёння вядома больш за 20 беларускіх інтэрмедый, якія ставіліся ў езуіцкіх школьных тэатрах у Полацку, Нясвіжы, Пінску, Гародні, Мінску, Бабруйску, Слуцку і іншых гарадах Беларусі (“Чорт Асмалейка”, “Іван і царкоўны стораж” і інш.).
У часы барока папулярным у Беларусі стаў і лялечны тэатр батлейкі. З’яўленне яго звязана са святамі Каляд і Хрышчэння, калі шкаляры і хрысціянскія семінарысты (а пазней – сяляне і рамеснікі) хадзілі з батлейкай па вёсках і мястэчках. У рэпертуары батлеек былі інтэрмедыі і народныя драмы, сярод якіх вялікай папулярнасцю карысталіся творы “Цар Ірад” і “Цар Максіміліян”.
Драма “Цар Ірад”, напісана на мяшанай руска-беларускай мове, вызначаецца антыманархічнай накіраванасцю, выкарыстоўвае біблейскі сюжэт: жорсткі цар Ірад за свае грахі апынаецца перад абліччам смерці і моліць яе аб адтэрміноўцы, аднак смерць не хоча слухаць цара і адсякае яму галаву.
У аснову народнай драмы “Цар Максіміліян” пакладзены канфлікт паміж уладаром-паганцам Максіміліянам і яго сынам-хрысціянінам Адольфам. Цар хоча, каб сын вярнуўся да паганства. Сын не згаджаецца і атрымлівае пакаранне смерцю, але за яго помсціць верны слуга Аніка, які забівае цара.
Беларуская народная драма характарызуецца сінтэзам элементаў трагедыі і камедыі-фарса, натуралістычных дэталяў і ўмоўнасцяў. Яна стала адной з самых цікавых з’яў беларускага барока.