Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Старажытная літаратура.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
496.13 Кб
Скачать

Гісторыка-мемуарная літаратура

У другой палове 16 стагоддзя традыцыйнае летапісанне па-сутнасці заняпала, яму на змену прыйшлі разнастайныя творы, у якіх адлюстроўвалася жыццё грамадства і народа, – сямейныя дзённікі, мемуары, хранографы і інш. Усе яны ствараліся па гарачых слядах падзей, вызначаліся ўзрослай увагай да простага чалавека і яго побыту.

Фарміраванне беларускай мемуарыстыкі звязана з наступнымі фактарамі:

  1. трансфармацыя летапіснай манеры ў дзённікавую;

  2. алітаратурванне афіцыйна-справавога пісьменства;

  3. індывідуалізацыя апавядання ў паломніцкай літаратуры – аповед будуецца як апісанне вандроўкі канкрэтнага чалавека;

  4. страта сярэднявечных маральных ідэалаў і разбурэнне рэнесансавых уяўленняў пра гарманічнасць асобы.

Асаблівасцю гісторыка-мемуарнай літаратуры быў яе свецкі характар, усе падзеі грамадскага жыцця перадаваліся праз прызму суб’ектыўнага бачання асобнага чалавека, што ў значнай ступені прадвызначыла гуманістычны і дэмакратычны характар літаратуры пазнейшых перыядаў.

“Допісы” Філона Кміты-Чарнабыльскага, ваеннага і палітычнага дзеяча ВКЛ, паказваюць, як алітаратурвалася справавое пісьменства. Збераглося 30 лістоў, якія Ф.К-Ч дасылаў з Оршы (быў аршанскім старастам) у Вільню членам дзяржаўнай рады ВКЛ. Першы з іх датаваны 1573 г., астатнія – 1574. Гэта службовыя данясенні пра ваенна-палітычную стуацыю на ўсходніх межах, становішча ў Маскоўскай дзяржаве (прымаў удзел у вайне з маскоўцамі), руска-татарскія адносіны і інш. Вылучаюцца лісты да трокскага кашталяна Я.Валовіча, з якіх выразна паўстае асоба аўтара, раскрываюцца яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. У адным з лістоў да Валовіча (№ 13) выкладае сваю біяграфію, адхіляе абвінавачанні ў дзяржаўным злачынстве (служыў на памежжы, арганізоўваў разведвальную дзейнасць), падкрэслівае адданасць ВКЛ. Допісы напісаны на добрай беларускай мове, з выкарыстаннем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры.

“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” Мацея Стрыйкоўскага (напісана па-польску). Аўтар нарадзіўся ў мястэчку Стрыкаў у Польшчы ў 1547 г., з 1570 г. жыў на Беларусі (Слуцк, Сямяцічы) і ў Літве. Пяру Стыйкоўскага належыць прысвечаная гісторыі Польшчыі ВКЛ вершаваная хроніка “Ганец цноты...” (1574), празаічна-вершаваная хроніка “Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага” (1575 – 78), шэраг вершаў і паэм.

Самым значным і вядомым яго творам стала “Хроніка...” (1582), крыніцамі якой паслужылі летапісы, дзяржаўныя дакументы, творы антычных гісторыкаў, успаміны, уласныя назіранні. “Хроніка...” напісана ў празаічна-вершаванай форме: у празаічны тэкст уводзяцца паэтычныя ўстаўкі пра асобныя падзеі (напр., Грунвальдскую, Клецкую, Аршанскую бітвы), аўтарскія прысвячэнні беларуска-літоўскім мецэнатам. “Хроніка...” – першая друкаваная гісторыя ВКЛ – вызначаецца шырынёй ахопу падзей. У ёй выкладзена гісторыя княства ад легендарнага Палемона да часоў Стафана Баторыя, змешчаны звесткі пра культуру Беларусі, помнікі археалогіі, архітэктуры і жывапісу. Твор карыстаўся вялікай папулярнасцю на Беларусі, Украіне і ў Літве, некалькі разоў перакладаўся ў Расіі. На беларускую мову ўпершыню перакладзены ў канцы 16 – пач. 17 ст.

“Перагрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю” Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі) прысвечана апісанню падарожжа ў Іерусалім (“перагрынацыя” – паломніцтва). Чарнавік ствараўся паміж 1584 – 1601 гг. па-польску, перакладаўся на лацінскую (1601 – першая публікацыя) і беларускую мовы. Апрацоўваючы дарожныя нататкі, Радзівіл надаў свайму аповеду форму лістоў да сябра. Ён меў на мэце перагледзець агульныя ісціны і літаратурныя шаблоны, механічна перанесеныя з мінулага, і выкласці самастойныя меркаванні.

“Перагрынацыя” – твор шматаспектны, мазаічны, унутранае адзінства фрагменты набываюць, дзякуючы вобразу аўтара, які паўстае перад чытачом як рэнесансавая ўсебакова развітая асоба. Тут упершыню аўтарская асоба стала аб’ектам свядомага мастацкага даследавання.

“Успаміны” Яна Цадроўскага (на польскай мове) таксама можна аднесці да жанру літаратурнага падарожжа. У 1637 г. ён у свіце Багуслава Радзівіла наведаў Германію, Галандыю, Данію, Францыю, Англію. Ва ўспамінах адлюстраваны і малюнкі з жыцця беларускага народа, напрыклад, страшны голад на Міншчыне ў 1656 г. Асабліва каларытна пададзена карціна пагрому езуітамі пратэстанцкай абшчыны ў Вільні. Яна ўзрушвае сваім трагізмам, апісаннем вандалізму, які выявілі езуіты ў адносінах да пратэстантаў.

“Дыярыуш” Самуіла Маскевіча складаецца з двюх частак – дзённікавай (1594 –1604) і мемуарнай (1605 – 1621), напісаны па польску. Асаблівасць твора, яго вартасць і каштоўнасць заключаюцца ў аб’ектыўным выкладзе сваіх назіранняў, асутнічае дыдактычна-павучальніцкі характар, якім вызначаліся дзённікі многіх тагачасных мемуарыстаў, напісаныя непасрэдна для выхавання дзяцей і ўнукаў.

С.Маскевіч каларытна апісвае побыт Масквы пачатку 1600-х гг., куды ён трапіў у складзе каралеўскга войска РП напярэдадні паўстання Мініна і Пажарскага. Норавы і звычаі гараджан яго здзівілі. Як еўрапеец ён быў уражаны стаўленнем маскоўцаў да жанчын: пакоі размешчаны ў задняй частцы двара, ключы ад якіх трымае гаспадар, грэхам і сорамам лічыцца баярскай жанчыне паказацца на людзі нябеленай. Аўтар гаворыць пра “грубыя” адносіны маскоўцаў да веры: напрыклад, калі польскі кароль падступіў да Смаленска, месцічы пачалі ўцякаць і свае пажыткі паскладалі на абразы.

Пры апісанні падзей Смутнага часу аўтар нібы ўздымаецца над асяроддзем, паўстае як вытанчаны інтэлігент. Ён абектыўна, непрадузята характарузуе сваякоў, шляхцічаў, манатаў, часам – і парадкі Рэчы Паспалітай.

“Дыярыуш” Багуслава Казіміра Маскевіча. Аўтар, як і бацька, рана пачаў ваенную службу, удзельнічаў у вайне супраць Б.Хмяльніцкага на баку РП, быў непасрэдным удзельнікам карных экспедыцый. У творы ярка апісана Запарожская Сеч, шмат батальных сцэн, вайна паказана з усёй яе жорсткасцю, разбурэннямі і ахвярамі. Палітычныя сімпатыі Б.Маскевіча на баку ўлад РП, а не паўстанцаў, якія, на думку мемуарыста, падрывалі адзінства дзяржавы. Тым не менш ён асуджаў жорсткасць, з якой войскі вынішчалі людзей.

Г і с т а р ы ч н а я  п р о з а таго часу прадстаўлена “Баркулабаўскім летапісам” – адзіным летапісным творам, які захаваўся. Ахоплівае перыяд ад 1563 г. па 1603 г. (гаворыцца таксама пра заснаванне Магілёва ў 1526 г., Берасцейскі сейм 1545 г.). Напісаная невядомым жыхаром вёскі Баркулабава (Магілёўшчына) хроніка ўяўляе сабою летапісны звод, які складаецца з кампанентаў розных тыпаў:

  1. уласныя назіранні аўтара за жыццём вёскі Баркулабава;

  2. запісы, лісты, пераказы апавяданняў іншых асоб;

  3. афіцыйна-дзяржаўныя і прыватныя дакументы эпохі;

  4. легенды і паданні фальклорнага паходжання.

Толькі па знешніх прыкметах хроніка працягвае старую летапісную традыцыю. 1603 – 1608 гг. – мемуарная частка, створаная баркулабаўскім святаром Фёдарам Філіповічам, дзе ўпершыню ў беларускай літаратуры ўводзіцца тэма вёскі. Вялікая ўвага надаецца падзеям грамадска-палітычнага жыцця (прыняцце царкоўнай уніі, Смутны час у Расіі (Лжэдзмітрыі). Хроніка напісана на жывой беларускай мове таго часу.