
- •Спецыфіка старажытнай літаратуры
- •1. Умовы ўзнікнення і асаблівасці бытавання старажытнай літаратуры.
- •2. Перыядызацыя.
- •Літаратура Старажытнай Русі
- •Арыгінальная літаратура Старажытнай Русі
- •2. Творчая спадчына Клімента Смаляціча.
- •3. Творчасць Кірылы Тураўскага.
- •І. Летапісанне
- •Іі. “Слова пра паход Ігаравы”
- •Літаратура перыяду станаўлення вкл (хіv – пач. Xvі ст.)
- •Агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне
- •Літаратура Адраджэння. Агульная характарыстыка
- •Мікола Гусоўскі
- •Андрэй Рымша
- •Сымон Будны
- •Царкоўна-палемічная літаратура перыяду Контррэфармацыі
- •Пётр Скарга
- •Іпацій Пацей
- •Свецкая публіцыстыка перыяду Рэфармацыі. Андрэй Волан (Волян)
- •Леў Іванавіч Сапега
- •Стафан Зізаній
- •Хрыстафор Філалет
- •Лявонцій Карповіч
- •Мялецій Сматрыцкі
- •Іосіф Вельямін Руцкі
- •Гісторыка-мемуарная літаратура
- •Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі)
- •Афанасій Філіповіч
- •Перакладная літаратура хvі – хvіі стагоддзяў
- •Зараджэнне і развіццё сілабічнай паэзіі
- •Сімяон Полацкі
- •Літаратура пераходнага перыяду (другая пал. Хvіі – хvііі ст.)
- •Літаратура барока
- •Літаратура Асветніцтва
Іосіф Вельямін Руцкі
(1573 ці 1574 – 1637)
І.В.Руцкі – трэці уніяцкі мітрапаліт пасля Міхаіла Рагозы і Іпація Пацея. Ён кіраваў уніяцкай царквой больш за 2 дзесяцігоддзі і гэты час быў для яе найбольш значным. Пазней сцвярджалі: “Калі М.Рагоза аднавіў унію, Пацей яе ўтрымаў, то Руцкі яе ўмацаваў, пашырыў і зрабіў сапраўднай царквою”.
Нарадзіўся ён у вёсцы Рута Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Рутка ў Навагрудскім раёне) у шляхецкай пратэстанцкай сям’і. Па традыцыі ад назвы мясцовасці і пайшло яго прозвішча Руцкі. Паводле меркавання некаторых вучоных, яго продкам быў рускі дваранін Вельямінаў, які ці то трапіў у палон ці быў перабежчыкам, але апынуўся ў ВКЛ. Пачатковую адукацыю Руцкі атрымаў у Навагрудку, потым скончыў Віленскую кальвінісцкую школу, у сталіцы стаў схіляцца да каталіцтва. Вучыўся за мяжой (Чэхія, Баварыя), атрымаў ступень доктара філасофіі.
У 1599 г. (або 1600 г.) пехатой выправіўся ў Рым, дзе па рэкамендацыі ордэна езуітаў і самога папы рымскага перайшоў у праваслаўе і паступіў у грэчаскую калегію, якая рыхтавала будучых іерархаў уніяцкай царквы для Усходу. У 1603 г. вярнуўся на радзіму, у Вільні зблізіўся з мітрапалітам Іпаціем Пацеем. Як перакладчык Руцкі суправаджаў да Масквы папскага пасланеца Паўла Шымана, які праз Вільню ехаў у Персію для арганізацыі лігі супраць варожых каталіцызму туркаў. У той час у Маскве на царскім троне быў польска-літоўскі стаўленік Ілжэдзмітрый, які ў Персію іх не пусціў, а загадаў вярнуцца назад.
Восенню 1607 г. пад уплывам І.Пацея і І.Кунцэвіча, Руцкі стаў манахам Святатроіцкага манастыра ў Вільні, хутка быў пасвячоны ў сан дзяка, а затым прэсвітэра. Калі ж архімандрыт віленскага Святатроіцкага манастыра адмовіўся прыняць царкоўную унію, І.Пацей захапіў гэты манастыр і прызначыў на месца архімандрыта Руцкага. З таго часу пачалося цеснае супрацоўніцтва І.Пацея з І.Руцкім, якога першы зрабіў сваім намеснікам і надзяліў вялікімі паўнамоцтвамі.
Грамадска-літаратурная дзейнасць. Стаўшы уніяцкім мітрапалітам пасля смерці Пацея (1613), Руцкі разгарнуў бурную дзейнасць па ажыццяўленні сваіх ідэй, якія выношваў яшчэ ў Рыме і пасля выклаў у спецыяльным трактаце “Разважанні нейкага русіна аб выпраўленні ладу грэчаскага абраду” (1605). Ён марыў пра пашырэнне уніі па ўсім праваслаўным Усходзе і з гэтай мэтай нават ездзіў у 1615 – 16 г. у Маскву, а таксама спрабаваў узмацніць уніяцкі ўплыў у Кіеве. Хацеў адрадзіць праваслаўную царкву ВКЛ на прынцыпах уніяцтва.
Шмат сіл і энергіі аддаваў Руцкі палемічнай барацьбе, ён быў вядомым пісьменнікам-публіцыстам свайго часу, напісаў шэраг лістоў, пасланняў і палемічных твораў на беларускай і польскай мовах. І.Руцкі выступаў на дыспутах з праваслаўнымі і пратэстантамі, палемізаваў з Мялеціем Сматрыцкім, дзеячамі брацкага руху, настойліва імкнуўся правесці уніяцкія ідэі ў жыццё.
Асабліва гарачую палеміку І.Руцкі вёў з М.Сматрыцкім. У 1621 г. уніяцкі мітрапаліт прасіў караля схапіць праваслаўных уладык як самазванцаў і бунтаўшчыкоў і нават выклікаў Сматрыцкага на свой суд. Той у адказ напісаў твор “Апраўданне (верыфікацыя) нявіннасці”, на які Руцкі стварыў трактат “Двайная віна” (1621), як адказ на твор М.Сматрыцкага “Абарона нявіннасці (верыфікацыі)” узнік “Экзамен абароны” (1622) Руцкага. Гэтыя палемічныя творы сёння маюць гістарычнае значэнне як крыніцы пазнання эпохі. У іх спрэчка вялася галоўным чынам вакол пытання, каму належыць права прызначэння на царкоўныя пасады (манарху ці найвышэйшай духоўнай асобе). Паводле Статута ВКЛ, усе пасады раздаваў кіраўнік дзяржавы, Руцкі таксама абараняў выключнае права манарха. Сматрыцкі ж лічыў, што сан мітрапаліта можа быць атрыманы ад Канстанцінопальскага патрыярха.
Акрамя таго, Руцкі выступіў супраць публікацыі Сматрыцкім прыватных лістоў караля і сенатараў у “Абароне невіноўнасці”, што стала адной з першых спроб абароны аўтарскіх правоў. У палемічных творах Руцкі выкарыстоўвае разнастайны мастацкія прыёмы, мова твораў вобразная, стыль паэтычны. Усё гэта сведчыць пра літаратурны талент іх аўтара.
З мэтаю падрыхтоўкі і выхавання патрэбных кадраў ён накіраваў сваю дзейнасць на развіццё школьнай справы, рэарганізацыю і ўмацаванне інстытута манаства. У 1607 г. Руцкі заснаваў у Вільні першую базыльянскую школу (духоўную семінарыю) і потым прыкладаў вялікія намаганні, каб пашырыць сетку такіх школ, у якіх выкладалі і “рускую” (беларускую) мову. Другой важнай справай, якой ён аддаў шмат сіл, было стварэнне ў ВКЛ ордэна Св.Базыля (Васіля Вялікага). Ролю базыльянскага ордэна ў гісторыі уніяцкай царквы ў ВКЛ справядліва параўноўвалі з роляй ордэна езуітаў ва ўмацаванні ў гэтай дзяржаве ідэй каталіцызму.