
- •Спецыфіка старажытнай літаратуры
- •1. Умовы ўзнікнення і асаблівасці бытавання старажытнай літаратуры.
- •2. Перыядызацыя.
- •Літаратура Старажытнай Русі
- •Арыгінальная літаратура Старажытнай Русі
- •2. Творчая спадчына Клімента Смаляціча.
- •3. Творчасць Кірылы Тураўскага.
- •І. Летапісанне
- •Іі. “Слова пра паход Ігаравы”
- •Літаратура перыяду станаўлення вкл (хіv – пач. Xvі ст.)
- •Агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне
- •Літаратура Адраджэння. Агульная характарыстыка
- •Мікола Гусоўскі
- •Андрэй Рымша
- •Сымон Будны
- •Царкоўна-палемічная літаратура перыяду Контррэфармацыі
- •Пётр Скарга
- •Іпацій Пацей
- •Свецкая публіцыстыка перыяду Рэфармацыі. Андрэй Волан (Волян)
- •Леў Іванавіч Сапега
- •Стафан Зізаній
- •Хрыстафор Філалет
- •Лявонцій Карповіч
- •Мялецій Сматрыцкі
- •Іосіф Вельямін Руцкі
- •Гісторыка-мемуарная літаратура
- •Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі)
- •Афанасій Філіповіч
- •Перакладная літаратура хvі – хvіі стагоддзяў
- •Зараджэнне і развіццё сілабічнай паэзіі
- •Сімяон Полацкі
- •Літаратура пераходнага перыяду (другая пал. Хvіі – хvііі ст.)
- •Літаратура барока
- •Літаратура Асветніцтва
Мялецій Сматрыцкі
(1577 – 1633)
Мялецій (Максім Герасімавіч) Сматрыцкі нарадзіўся на Украіне ў шляхецкай сям’і палеміста, пісьменніка, рэктара Астрожскай школы. Скончыў філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, вучыўся у нямецкіх універсітэтах. Па рэкамендацыі Канстанціна Асрожскага быў настаўнікам у сына князя Саламярэцкага (пасля Л.Зізанія). Разам з вучнем Багданам Саламярэцкім шмат ездзіў па Еўропе. У 1607 годзе вярнуўся на радзіму, жыў пад Мінскам, выступаў з прамовамі і пропаведзямі, пад уплывам якіх многія вернікі выйшлі з падпарадкавання уніяцкіх святароў, звярнуліся да праваслаўя. Сматрыцкі садзейнічаў стварэнню ў Мінску праваслаўнага брацтва, настаўнічаў у праваслаўных брацкіх школах. Неўзабаве ён накіраваўся ў Вільню, дзе пазнаёміўся з пісьменнікам-палемістам Лявонціем Карповічам.
Пісаў па-польску. Вылучаюцца 2 перыяды творчасці М.Сматрыцкага – першы, дауніяцкі, і другі, уніяцкі (пасля 1627 г.).
І. Першы перыяд.
Свой першы твор “Антыграфі” М.Сматрыцкі выдаў у Вільні ў 1608 г. У кнізе, накіраванай супраць твораў “Ерасі...” і “Гармонія...” уніята Іпація Пацея, выкарыстоўваецца багатая метафарычная сімволіка, яна напісана ў стылі барока і прысвечана уніяту Янушу Астрожскаму (Сматрыцкі прыкрываўся імем уніяцкага магната, каб захаваць кнігу ад знішчэння).
Адным з лепшых твораў М.Сматрыцкага з’яўляецца “Трэнас, альбо Плач усходняй царквы” (1610), выдадзены ў Вільні пад псеўданімам Тэафіла Арталога (Праўдаслоў). За паэтычны стыль, яркую вобразную мову, умелае выкарыстанне фальклорнай і біблейскай сімволікі, паэтыкі і рытмікі народных галашэнняў, эмацыйнасць і пераканальнасць “Трэнаса” яго аўтара называлі Златавустам, а сам твор – “жамчужынай славянскага барока”.
І д э й н ы з м е с т і к а м п а з і ц ы я. Галоўная тэма “Трэнаса” – крытыка каталіцкай царквы, яе догмаў, маральнага вобліку святароў. Сматрыцкі параўноўваў жыццё пад гнётам каталіцтва з рабствам і заклікаў вызваліцца ад яго. Асаблівую ўвагу ён звяртаў на абвяржэнне аднаго з асноўных дагматаў каталіцкай царквы пра бязгрэшнасць папы, крытыкаваў паражанае духам скнарасці і нажывы духавенства.
М.Сматрыцкі звярнуўся і да вельмі актуальнага на той час пытання царкоўнай уніі, прычыны ўвядзення якой ён бачыў у маральным разлажэнні святароў. Ён абвінавачваў уніяцкіх епіскапаў, якія падпісалі Берасцейскі дакумент, у здрадніцтве і заклікае іх да пакаяння.
Згодна з традыцыяй твор пачынаецца эпікграмай на герб Вішнявецкіх, складаецца з 2-х прадмоў і 10-і разделаў, розных ў ідэйна-тэматычных адносінах. У трэцім і чацвёртым прыводзяцца выказванні старажытных багасловаў, раздзелы з шостага па дзесяты прысвечаны раскрыццю рэлігійна-дагматычных праблем. Найбольш цікавыя ў мастацкіх адносінах два першыя раздзелы, яны яскрава сведчаць пра выключны талент Сматрыцкага як пісьменніка-палеміста.
У цэнтры твора – вобраз праваслаўнай маці-царквы, якая плача і пакутуе. Гэты вобраз успрымаецца як вобраз Маці-Радзімы, дзеці якой чыняць здзек на ёю: “Жаль жа мне беднай, жаль жа няшчаснай! Ах, з усіх бакоў з маёмасці абрабаванай! ... Бяда мне, нязосным цяжарам прыгнечанай! Рукі ў кайданах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на клубах, меч над галавою двувостры...” (І раздзел). У сваім плачы-ляманце царква пастаянна згадвае мінулыя слаўныя і светлыя для яе часы. Яна з горыччу расказвае пра сваіх дзяцей, што замест дабрыні і пашаны ганьбяць яе, нянавісцю плацяць за любоў. Пакрыўджаная царква пагражае такім дзяцям праклёнам, адмаўляе ім у розуме, называе бязглуздымі. Аднак аўтар не верыць, што гэтыя словы будуць пачутыя (“Да жалезнай сцяны, ці, хутчэй, на вецер іх пускаю?”). У ІІ раздзеле ўсходняя царква звяртаецца з просьбай да сына адумацца і вярнуцца, перасцерагае, каб не даваў падстаў праклясці яго, просіць ушанаваць яе і атрымаць благаславенне божае.
Рысы барока ў творы:
сумяшчэнне сярэдневечных і рэнесансавых традыцый (сімволіка-алегарычны сэнс – накіраванасць да чалавека, зварот да магнацкіх сем’яў);
вычварнасць, ускладненасць стылю, метафарычнасць мовы;
апеляцыя не да розуму, а да пачуццяў;
кантраснасць, сумяшчэнне высокага і нізкага (узнёсласць, пафаснасць і адначасовае ўжыванне грубых, простамоўных слоў пры характарыстыцы сыноў царквы).
Безумоўна, за такую вастрыню і смеласць, аўтару пагражала небяспека. На выдаўцоў “крамольнай” кнігі па ўказу Жыгімонта ІІІ абрынуліся рэпрэсіі: рэдактар і карэктар Лявонцій Карповіч трапіў у турму, на 9 год была зачынена брацкая друкарня ў Вільні, значная колькасць экзэмпляраў была адабрана, за набыццё кнігі пагражаў вялікі грашовы штраф, самога ж аўтара ад пакарання выратаваў псеўданім.
З’яўленне гэтага твора ў значнай ступені актывізавала царкоўна-рэлігійную палеміку. Каб нейтралізаваць ўражанне ад “Трэнаса”, езуіты і уніяты выдалі адразу некалькі твораў супрацьлеглай накіраванасці (“Перастарога” П.Скаргі, “Перыгорыя” І.Марахоўскага), дзе Сматрыцкі называўся зрдраднікам, агентам Масквы. Аднак гэта не зменшыла ўплыву кнігі на грамадства.
У гэты ж перыяд Сматрыцкі займаецца падрыхтоўкай падручніка “Граматыкі славенскія правільная сінтагма”, які выйшаў у 1618 – 19 гг. Абапіраючыся на папярэднія “Адэльфотэс” і “Граматыку славенску” Лаўрэнція Зізанія, Сматрыцкі першым у гісторыі славянскага мовазнаўства стварыў поўны, сістэматызаваны курс граматыкі царкоўнаславянскай мовы (вылучыў 4 часткі – арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс, прасодыю). “Граматыка” Сматрыцкага стала ўзорам для сербскай, расійскай, балгарскай, харвацкай граматык. М.В.Ламаносаў назваў гэты падручнік “вратамі” сваёй вучонасці
У 1617 г. Сматрыцкі прыняў манаскі пострыг, а ў 1620 г., калі была адноўлена вышэйшая праваслаўная іерархія, стаў архіепіскапам Полацкім, епіскапам Віцебскім і Мсціслаўскім (было 3 епіскапы – праваслаўны, уніяцкі, каталіцкі). У гэтым жа, 1620 г., М.Сматрыцкі напісаў “Казанне на пахаванне Лявонція Карповіча”, якое стала яркім помнікам аратарскай прозы.
У 1620-я гг. Сматрыцкі прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, пісаў лісты антыуніяцкай накіраванасці, у абарону праваслаўя стварыў палемічныя “Апраўданне нявіннасці”, “Абарона нявіннасці” (1621), “Юстыфікацыю” і “Супліфікацыю” (1623). Усё гэта, аднак, не перашкодзіла яму ў хуткім часе адмовіцца ад сваіх ідэй і твораў і прыняць бок уніятаў, супраць якіх ён так горача і непрымірыма выступаў.
ІІ. Уніяцкі перыяд.
Кульмінацыяй барацьбы паміж праваслаўнымі і уніятамі стала ў 1623 г. паўстанне гараджан Віцебска , падчас якога быў забіты уняцкі епіскап Іясафат Кунцэвіч. Сматрыцкі быў аб’яўлены саўдзельнікам забойства свайго суперніка па епісапскай кафедры. Ён вымушаны быў пакінуць Вільню, таемна выехаў у Кіеў, потым падарожнічаў па Блізкі Усходзе – наведаў Палесціну, Егіпет, Грэцыю. Ад Канстанцінопальскага патрыярха Кірылы Сматрыцкі прывёз граматы, згодна з якімі праваслаўныя брацтвы пазбаўляліся пэўных правоў. Зразумела, праваслаўныя з абурэннем прынялі гэта.
У 1627 г. Сматрыцкі пераходзіць ва уніяцтва і піша антыправаслаўныя творы. Так у “Апалогіі” (1628) выступіў з асуджэннем праваслаўных пісьменнікаў Стафана Зізанія, Клірыка Астрожскага і інш., называючы іх творы ерэтычнымі. Але на жнівеньскім праваслаўным саборы 1628 г. ён зноў выступіў супраць уніі і адрокся ад “Апалогіі”. Нягледзячы на гэта, Сматрыцкі зноў неаднаразова выступіў супраць праваслаўя ў публіцыстычных трактатах “Пратэстацыя” (1628), “Паранезіс” (1629), “Экзатэзіс” (1629). М.Сматрыцкі выказваў думку, што супраціўленне уніі парушае спакой у дзяржаве. Аднак гэтыя творы, якія сведчылі пра душэўны неспакой і разгубленасць іх аўтара, не мелі такога поспеху, як некалі антыуніяцкія трактаты.