
- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
У творах Якуба Коласа выразна выяўляецца ўмелы падбор, дыферэнцыяцыя прозвішчаў, якія характарызуюць іх носьбітаў паводле нацыянальнай прыналежнасці. У яго тэкстах ужываюцца тыпова беларускія, польскія, рускія, украінскія, яўрэйскія, нямецкія і іншыя онімы. Адрозніваў пісьменнік і прозвішчы, уласцівыя тагачасным сацыяльным групам насельніцтва – сялянам, шляхце, царскім чыноўнікам, прадстаўнікам розных узроставых груп і рэлігійных канфесій. Сваім літаратурным персанажам мастак слова падбіраў ці ствараў прозвішчы па агульнавядомых беларускіх анамастычных мадэлях па аналогіі з онімамі, якія былі характэрны, для яго радзімы – Міншчыны, або тымі, якія ён сустракаў у іншых мясцінах Беларусі. Як вядома, асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы – з’явы грамадскага жыцця, якія выкліканы сацыяльнымі зносінамі і ў сістэме моўнай практыкі выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці са стылістычнымі патрабаваннямі і канкрэтнымі сацыяльна-абумоўленымі фактарамі і нормамі [Вікторка 2003, с. 326], а ў мастацкай літаратуры – з улікам фальклорных, нацыянальных традыцый, густаў і схільнасцяў пісьменніка.
Я. Колас нават адрозніваў прозвішчы, уласцівыя пэўным рэгіёнам Беларусі і суседніх з ёю тэрыторый, прычым некаторыя з такіх онімаў ён суправаджаў адпаведнымі лінгвістычнымі, этнаграфічнымі і іншымі каментарыямі. Лукаш Леўчанка, дваранін па паходжанню, прыблукаў з Украіны і аставаўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха [К-с, ІХ: с. 422]. Мадэль прозвішчаў на -енка, -анка – тыповая для ўсходу Украіны і ўсходу Беларусі. У творах гэтага пісьменніка названы анамастычны фармант у прозвішчах літаратурных персанажаў значна абмежаваны: Леўчанка, Ахрэменка, Дзячэнка, Базыльчанка, Мішчанка, Насенка – усяго, як намі падлічана, 6 антрапонімаў. У сувязі з шырокім ужываннем прозвішчаў на -енка) ў Падняпроўі і Левабярэжнай Украіне, дзе яны ахопліваюць у асобных рэгіёнах да 60 працэнтаў карэнных жыхароў, гэту мадэль нярэдка лічаць тыпова ўкраінскай, што зусім не правільна, бо названая мадэль тыповая і для беларусаў з усходу рэспублікі. Падрабязна межы арэалаў прозвішчаў на -енка вызначылі на Украіне і Беларусі вядомыя вучоныя Ю. Радзько і М. Бірыла. Між іншым, як было заўважана іншымі лінгвістамі (У. Ніканаў і інш.), ні Ю. Радзько, ні М. Бірыла не ўстанавілі ў межах бытавання гэтай мадэлі самага істотнага – пашырэнне прозвішчаў на -енка ідзе не па мяжы беларускай і ўкраінскай моў, а з поўначы на поўдзень, аб’ядноўваючы ўсходніх украінцаў з усходнімі беларусамі і адрозніваючы тых і другіх ад астатніх украінцаў і беларусаў. Гэтыя відавочныя парадоксы міжмоўнага ўзаемадзеяння пакуль яшчэ нікім не растлумачаны. Гэты факт ускосна сведчыць, што Я. Колас верагодней за ўсё інтуітыўна правільна арыентаваўся на тыповыя анамастычныя мадэлі роднай яму Міншчыны, а таму частымі і натуральнымі для яго літаратурных персанажаў будуць прозвішчы на -овіч, -евіч, -скі, -цкі, «сялянскія» прозвішчы, утвораныя ад звычайных апелятываў, а таксама з чыстай асновай: Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа падлоўчы з гэтым не згаджаўся. «Я – ліцвін», – з нейкай гордасцю зазначаў пан падлоўчы, і сваю належнасць да ліцвінаў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча – Баранкевіч – мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі [К-с, ІХ, с. 42]. Праўда, катэгарычнасць Я. Коласа адносна прозвішчаў на -скі, -цкі, што яны польскія, не пацвярджаецца сучаснымі даследаваннямі: на ўсходнеславянскай этнічнай тэрыторыі яны найбольш пашыраны ва ўкраінскай мове, дзе, як падлічана, яны складаюць 17 %. Сярод іншых тыпаў ім там належыць першае месца. На Беларусі ж прозвішчы на -скі, -цкі складаюць каля 10 % і займаюць другое месца, найбольш прадуктыўныя яны на Гродзеншчыне, Міншчыне – радзіме Я. Коласа і на ўсходзе Віцебшчыны [Бірыла 1988, с. 29]. Між іншым у беларускай і рускай мастацкай літаратуры сталася так, што прозвішчы літаратурных персанажаў з фармантамі на -скі, -цкі пераважна ўжываюцца для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў дваранства, шляхты, арыстакратаў, паноў і розных падпанкаў або выскачак з прэтэнзіяй на шляхецтва (Быкоўскі, Кабылінскі, Крыніцкі, Заблоцкі, Знасілоўскі, Цыбульскі і інш.). Улічваючы створаную традыцыю і асаблівасць такіх анамастычных суфіксаў, некаторыя пісьменнікі, у тым ліку і Я. Колас, нярэдка выкарыстоўваюць іх у спалучэнні з апелятывамі значна заніжанага семантычнага плана, ствараючы такім чынам антрапонімы-прозвішчы, якія ў пераважнай большасці не сустракаюцца ў рэальнай антрапаніміцы. Параўн.: Гарлахвацкі, Лютастанскі, Вашамірскі, Лятальскі і інш. У Я. Коласа: Зязюльскі, Сучынскі, Лапсярдацкі і інш. Часта гэтую асаблівасць прозвішчаў на -скі, -цкі пісьменнікі творча рэалізоўваюць у сатырычных творах для стварэння характарыстычных антрапонімаў. Параўн.: у І. Ільфа і Я. Пятрова: Старахамскі, Бешанскі, Шакальскі, Сундучанскі і інш. [Мариненко И., 1990, с. 127].
Між іншым у мастацкай літаратуры гэтая традыцыя, магчыма, ідзе ад фальклору. Так, Г. Параскевіч у беларускіх прыказках выявіла і апісала характарыстычна-ацэначнае ўжыванне шляхецкіх прозвішчаў на -скі, -цкі тыпу Казлоўскі, Бараноўскі, Далецкі, якія ўжываюцца ў спалучэнні са словам пан. Высокая сацыяльна матываваная форма такіх прозвішчаў, на яе думку, якая ўказвае на прыналежнасць іх носьбітаў да шляхты, напаўняецца заніжаным зместам іх апелятываў (казёл і баран – сімвалы тупасці і зазнайства), у выніку чаго антрапонімы набываюць іранічнае адценне: Старшы пан Казлоўскі, як пан Бараноўскі, хоць абыдва шляхта. Апрача таго, такія прозвішчы ў прыказках выконваюць і дадатковую стылістычную функцыю, выступаючы ў тэксце як своеасаблівы троп, раўназначны ў пэўнай меры метафары [Параскевіч Г., 1984, с. 82]. А ўкраінскі даследчык онімаў Ю. Радзько адзначаў, што ў час фарміравання такіх прозвішчаў існавала «тэндэнцыя да іх арыстакратызацыі», калі да першапачатковага ўтварэння дадаваўся суфікс -скі (-цкі), у выніку чаго атрымлівалася шляхецкае прозвішча [Редько Ю., 1966 с. 20]. У творах Я. Коласа прозвішчаў, утвораных гэтым спосабам, даволі многа, яны складаюць, па нашых падліках, больш за 24 % ад агульнай колькасці такіх адзінак, ужытых у яго мастацкіх творах. Антрапонімы названага тыпу на тэрыторыі Мінскай вобласці, як высветліў А. Лаўрэнаў, складаюць каля 20 % ад агульнай прааналізаванай ім колькасці, што перавышае агульнабеларускі паказчык у два разы [Лаўрэнаў А., 2002, с. 93].
І ў Я. Коласа значная частка прадстаўнікоў польскіх і беларускіх княжацкіх дынастый, паноў, падпанкаў, чыноўнікаў, ганарлівых, пыхлівых, але нярэдка бедных беларускіх шляхцюкоў мае прозвішчы, якія заканчваюцца на – скі, – цкі: Пржылуцкі, Ракоўскі, Дэмбіцкі, Барнацкі, Кржывіцкі, Ладунскі, Патоцкі, Пацяйкоўскі, Галандзеўскі, Ліскоўскі, Сучынскі, Зязюльскі, Бацяноўскі, Тарбецкі і інш. Сучынскі – аб’ездчык у лясніцтве князя, дзе паводле сюжэту жыў і працаваў Паўлюк Трывай – галоўны персанаж апавядання «Тоўстае палена». Пісьменнік рэплікай Паўлюка раскрывае сутнасць гэтага гаваркога оніма, звязваючы яго з апелятывам сука – (лаянк.) пра подлага, нізкай маралі чалавека: – От гад! Праўдзвы сабака. Вельмі верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш міласць заслужыш у князя? [К-с, ІV, 146]. Канатацыйны бок гэтага прозвішча выяўляецца праз параўнанні паводзін аб’ездчыка з сабакам, які верна служыць свайму гаспадару (князю). Традыцыйна ў народзе словы гад, сабака, басяк набылі асуджальнае, лаянкавае значэнне, называючы нягоднікаў, злосных, шкодных асоб. Аформлена прозвішча па ўсталяванай і вядомай у беларускім фальклоры мадэлі тыпу Казлоўскі, Бараноўскі, якія нярэдка яшчэ ўжываюцца ў спалучэнні са словам пан, выступаючы ў такой антрапаформуле як свайго роду сімвалы тупасці і зазнайства. Узмацняе саркастычную, пеяратыўную сутнасць оніма ў гэтым кантэксце параўнанне чалавека (аб’ездчыка) з жывёлай, чым дасягаецца вызначальна-выкрывальная ацэнка яго маральных якасцяў. Інтэнсіфікатарамі іроніі, якая на фоне кантэксту выяўляецца ў прозвішчы, з’яўляецца: 1. прыём ампліфікацыі: гад..., сабака..., верны служака..., басяк; 2. кантраст паміж узуальнай формай оніма (аформлены на ўзор падвышаных шляхецкіх прозвішчаў) і яго этымалагічнай, а таксама фальклорнай сутнасцю; 3. ужыванне ў звязным кантэксце з прозвішчам слоў-эпітэтаў гад, сабака, басяк, якія маюць выразна выражаную форму пеяратыўнай ацэначнасці.
Адрозніваў Я. Колас і прозвішчы на -скі, -цкі, якія належалі беларускаму праваслаўнаму духавенству. Безумоўна, пісьменнік ведаў, што храмы раней будавалі ў гонар рэлігійных датаў і дзеячоў, якіх афіцыйная царква залічвала ў лік святых, а таму ў гарадах і вёсках будаваліся благавешчанскія, пакроўскія, успенскія і іншыя саборы і цэрквы. А святары, якія неслі богаслужэнне ў такіх цэрквах, храмах, нярэдка набывалі прозвішчы тыпу Благавешчанскі, Пакроўскі, Успенскі. Таму зусім натуральна ўспрымаецца эпізод з аповесці «У глушы Палесся», насычаны царкоўнай лексікай, у якім дзяк Бацяноўскі абураўся, што на яго мала звяртае ўвагі малады настаўнік Лабановіч, затое дзячок ганарыўся, што з ім знаюцца вядомыя ў наваколлі людзі, «можна сказаць, з прозвішчамі на ўсе двунадзесятыя святы складаюць кола яго знаёмства: Спаскі, Успенскі, Благавешчанскі, Уздзвіжанскі, Богаяўленскі, Срэцэнскі і іншыя. Гэта калі ўзяць па духоўнай лініі, а калі далучыць сюды людзей свецкіх! Не злічыш!» [К-с, ІХ, с. 287].
Варта тут адзначыць, што ў рускай і беларускай мастацкай літаратуры, асабліва паслярэвалюцыйнага перыяду, выпрацаваліся няпісаныя патрабаванні да падбору прозвішчаў літаратурным персанажам: найчасцей фарманты – оў, – аў, – еў, – ын, – ін у прозвішчах атрымлівалі станоўчыя або нейтральныя персанажы, а фарманты на –скі –цкі – пераважна адмоўныя [Суперанская А., Суслова А., 1981, с. 132]. Праўда, у беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, наадварот, некаторыя антрапонімы літаратурных герояў з фармантамі – оў, – еў, – ын, – ін выкарыстоўваліся часам для ідэнтыфікацыі адмоўных персанажаў – прадстаўнікоў царскай адміністрацыі. У дзяржаўны апарат кіравання ў губернях Паўночна-Заходняга краю ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай прызначаліся пераважна прадстаўнікі з этнічна расійскіх губерняў, якія паслядоўна праводзілі палітыку русіфікацыі карэннага насельніцтва. Таму, напрыклад, заканамерным трэба ўспрымаць у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча царскіх чыноўнікаў Кручкова, Пісулькіна, прозвішчы якіх аформлены пісьменнікам па тыпова рускай словаўтваральнай мадэлі, кантрастнасць якіх асабліва выразная на фоне палеска-беларускіх прозвішчаў іншых персанажаў камедыі.
Прычым па задуме пісьменніка ў творах Я. Коласа антрапонімы (прозвішчы) літаратурных персанажаў на –скі, –цкі, а таксама з іншымі фармантамі ўскладняліся і некаторымі іншымі спецыфічнымі асаблівасцямі польскай фанетыкі і марфалогіі: Дэмбіцкі, Кржывіцкі, Балбоцкі, Крулеўскі, Галандзеўскі, Дамброўскі, Пржылуцкі, Длугошыц, Гжыб, Пшэбора, Гедвіла, Пшывара і інш. Імпліцытна падкрэсліваюць іх чужароднасць, адметнае фанетычнае ўжыванне ў прозвішчах спалучэнні гукаў: крж, мбр, длуг, гж, пш, што, безумоўна, бярэцца пад увагу чытачом ці тымі, хто ўспрымае нязвыклы тэкст на слых. Гэта і вынік ідэалагічнай запраграмаванасці, чужароднасці такіх онімаў, якія падсвядома праз прозвішча павінны былі перадацца і чытачу. Некаторыя польскія паводле Я. Коласа онімы ў мастацкім тэксце суправаджаюцца этнаграфічнымі ўдакладненнямі, лінгвістычнымі каментарыямі. Вось, напрыклад, як у аповесці «Дрыгва» падрабязна, адначасова з прозвішчам пісьменнік уводзіць у мастацкі тэкст іншыя гісторыка-этнаграфічныя звесткі пра патомка старога польскага магнацкага роду: Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта – котлішча старога польскага роду. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла як умацаваная вякамі непарушная спадчыннасць. І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу, захісталася гэта спадчыннасць ад подыху вялікай рэвалюцыі... Цяпер пан Длугошыц вярнуўся ў сваё радавое гняздо, вярнуўся як чалавек, які тапіўся і якога адратавалі ад смерці. Даволі было аднаго толькі абеглага погляду на палац, каб адразу ўбачыць, што гэта — старасвецкая рэзідэнцыя багатай, радавітай польскай фаміліі... [К-с, VІІ, с. 304]. Ці не выкарыстаў Якуб Колас для ідэнтыфікацыі гэтага выдуманага ім персанажа прозвішча вядомага польскага гісторыка і дыпламата, аўтара шматлікіх прац пра гісторыю Польшчы Яна Длугаша (1415 – 1480 г.г.), якое, магчыма, пісьменнік часткова змяніў па аналогіі з трансфармаванымі на польскі анамастычны ўзор некаторымі беларускімі шляхецкімі прозвішчамі: Акінчыч → Акінчыц, Аксючыч → Аксючыц і г.д. А рэальнае прозвішча Юзафа Болбата, гаспадара хутара з апавядання «Хатка над балотцам» пісьменнік яшчэ больш свядома спаланізаваў, далучыўшы да асновы оніма самы тыповы для польскай антрапанімікі суфікс -цкі: Болбат – Балбоцкі і падабраўшы літаратурнаму персанажу іншае імя, – Зыгмусь. Па сацыяльным становішчы пан Зыгмусь і пані Даміцэля, яго жонка, належаць да збяднелай польскай шляхты і нічым не адрозніваюцца ў гэтым плане ад звычайных сялян. Яны, пакрыўджаныя лёсам, вандруюць па свеце, шукаючы свайго месца пад сонцам.
Апісанне ўзаемаадносін Балбоцкіх, знешні выгляд, асаблівасці іх мовы, этнаграфічныя ўдакладненні і падрабязнасці іх побыту зроблены пісьменнікам з вялікім майстэрствам і выклікаюць ў чытача лагодны гумар ці спачуванне. Пісьменнік антрапонімы Даміцэля і Зыгмусь паслядоўна ўжывае толькі ў спалучэнні са словамі пані і пан, чым на фоне кантэксту дасягаецца алагізм як своеасаблівы, уласцівы для творчай манеры Я.Коласа, аўтарскі прыём, пабудаваны з мэтай камізму па страце лагічных сувязяў у мове і паводзінах персанажаў. Узмацняецца гэта і выкарыстаннем у кантэксце польска-беларускай «трасянкі» ў дыялогах і маналогах, разгорнутых антанімічных паралеляў і іншых супастаўляльных канструкцый, вызначальнымі дамінантамі якіх у складаных сказах (іх частках) выступаюць уласныя найменні пані Даміцэля і пан Зыгмусь: Пан Зыгмусь і пані Даміцэля родам з-пад Сувалак. Яны зусім не паны. Калі ж іх называюць панамі, то з тае толькі прычыны, што яны родам з Польшчы і гавораць па-польску... Пан Зыгмусь загадае зварыць «кіслэго», а пані Даміцэля паставіць на плітку «цыгунэцак з грохем», — і сварка гатова; ... у пані Даміцэлі хворыя ногі і каўтун на галаве, а пан Зыгмусь з’яўляецца як бы жывым аргументам вядомай тэорыі Дарвіна аб паходжанні чалавека [К-с, V, с. 261]. Натыкнешся, бывала, на гэты дуэт і мімаволі разбярэ нейкі смех, бо словы і тон гэтага раманса і запал, з якім спяваюць пан Зыгмусь і пані Даміцэля, так не адпавядаюць тым асобам, з чыіх вуснаў выходзіць: пані Даміцэля мае гадоў пад пяцьдзесят, а пан Зыгмусь на пяць гадоў болей. І паскупілася прырода на хараство для іх, ды мала таго — яна пакрыўдзіла іх... [К-с, V, с. 262].
У некаторых беларускіх шляхецкіх, паводле Я. Коласа і іншых, сацыяльна падвышаных прозвішчах (Зязюльскі, Тарбецкі, Сучынскі, Бацяноўскі, Будан-Рыльскі, Срэтун-Сурчык, Ромава-Рымша-Сабур, Буцянёў-Храптовіч і інш.) выяўляецца іх семантычна празрысты падтэкст, спецыяльна ажыўлены мастаком слова праз аўтарскія каментарыі, удакладненні, заўвагі. Так, прозвішчам Зязюльскі ў трылогіі пісьменнік не без іроніі надзяліў аднаго з панямонцаў, які колісь быў багатым чалавекам, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Але непрыкметна з’ехаў ён на бзік, адышоў на задні план, страціў пашану і былую славу... Здарылася праява, якая зрабіла яго ледзь не героем сярод панямонцаў. Месяц таму назад, ужо калі Зязюльскі меў 53 гады, у яго жонкі радзіліся блізняты. Гэты факт падняў курс Зязюльскага на біржы панямонскага жыцця. Аб ім зноў загаварылі [К-с, ІХ, с. 202–204].
Як бачым, пісьменнік прозвішчам Зязюльскі, відаць, іранічна падказваў, намякаў, што гэты персанаж сваімі паводзінамі, адносінамі да калег нагадвае зязюлю – птушку, якая нясецца, падкідвае яйкі ў гняздо іншым птушкам, якія потым выводзяць з іх птушанят, гадуюць іх без удзелу зязюлі. Такім чынам, антрапонім, створаны пісьменнікам на аснове вядомага ўсім апелятыва і на ўзор шляхецкіх прозвішчаў, падкрэсліваў спецыфічны паразітызм яго носьбіта, яго марнатраўства. А калі паразважаць больш заглыблена, то можна думку, абуджаную антрапонімам, прадоўжыць, звярнуўшы ўвагу на словы пісьменніка, што не ў гаспадара, а «ў яго (Зязюльскага – В.Ш.) жонкі радзіліся блізняты». Магчыма, што запозненыя блізняты – гэта дзеці зусім не Зязюльскага, якому ўжо 53 гады, а нейкага іншага прайдохі-панямонца, які «падкінуў» яму ў хату-гняздзечка адразу аж двое «зязюлек».
Не без іроніі намаляваны пісьменнікам вобраз пана Тарбецкага ў апавяданні «У двары пана Тарбецкага». Устаноўлена, што прататыпам галоўнага героя з’явіўся надзвычай скупы, пыхлівы і ганарлівы гаспадар мінскага дома з прозвішчам Тарбецкі, у якога ў 1926 г. жыў з сям’ёю Якуб Колас. Пісьменнік, мабыць, спецыяльна не мяняў прозвішча гэтага персанажа, інтуітыўна адчуваючы, што яно добра будзе «працаваць» у тэксце апавядання, спалучаючыся са словам «пан», на раскрыццё характару галоўнага героя апавядання. ...калі хто назаве пана Тарбецкага «грамадзянінам», то Тарбецкі крывіцца, а скажаш «таварыш Тарбецкі» — адварочваецца і гаварыць з табой не хоча. А назавеш «пан Тарбецкі», тады вочы яго пазіраюць лагодна і ён робіцца другім чалавекам. Адсюль і выходзіць, што яго трэба называць — пан Тарбецкі [К-с, V, с. 172]; Першы, хто выступіў у гэты дзень на сцэне, быў сам пан Тарбецкі. Ён толькі што адамкнуў калодзеж і стаяў у двух кроках ад яго, залажыўшы рукі ў рукавы чырвонага кажуха. У губах дымілася досыць паважная, запраўленая ў тоўсты муштук цыгара — уласная прадукцыя пана Тарбецкага з яго ўласнай плантацыі. Непадалёку ад калодзежа на сцяне аднаго з трох дамоў пана Тарбецкага было напісана мелам уласнай рукой: «Не заплаціўшы грошы, браць ваду забараняецца». Гэты надпіс сведчыў, што гаспадарскае вока пана Тарбецкага не драмала [К-с, V, с. 173]. Такім чынам, спалучэнне пан Тарбецкі на фоне шырокага кантэксту ўспрымаецца як іранічны жарт, пабудаваны на алагізме: у аснову прозвішча Тарбецкі, утворанага па ўзору шляхецкіх антрапонімаў, пакладзены семантычна заніжаны апелятыў торба – жабрацкі мяшок, і ў спалучэнні са словам пан ствараецца нерэальны вобраз, які ў чытача выклікае іронію. Параўн.: у беларусаў торба – сімвал жабрацтва [БРС, 1962, с. 920]. Прысутнічае ў спалучэнні «пан Тарбецкі» і такая з’ява, як астэізм – разнавіднасць іроніі, калі праз пахвалу перадаецца знявага. Унутраным фактарам з’яўлення канатацыйнага прырашчэння ў спалучэнні «пан Тарбецкі» з’явілася тэкставая (кантэкстуальная) этымалагізацыя гэтага оніма (торба Тарбецкі), а таксама мэтанакіранава задуманая пісьменнікам «неабходнасць даць эмацыянальна-экспрэсіўную назву таму ці іншаму прадмету, дзеянню, асобе і г.д. Напрыклад, з эмацыянальна-экспрэсіўным адценнем адмоўнага характару сталі ўжывацца ў савецкі час словы барыня, пан» [Красней В., 1986, с. 171].
Прозвішча дзяка Бацяноўскага з трылогіі «На ростанях» таксама характарыстычнае ў мастацкай канве літаратурнага твора: унутраны змест яго падказвае ўдумліваму чытачу, што яго носьбіт – тыповы прадстаўнік часткі адсталага духавенства з глухога, забытага Богам і людзьмі кутка Палесся (параўн.: Бацяноўскі і бацян – у дыялектнай мове бусел – тыповая птушка неабсяжных палескіх балотаў) [СБГПЗБ, І, с. 176 ]. Звярніце ўвагу: прататыпам Бацяноўскага, як устаноўлена, быў дзяк з прозвішчам Хацяноўскі, якое Я.Колас свядома «падправіў», і яно «загаварыла», арганічна ўпісаўшыся ў агульны тэкст твора. Магчыма, таксама, што Я.Колас, выбіраючы такое прозвішча надзвычай цікаўнаму дзячку, ведаў і выкарыстаў легенду, паводле якой бусел (бацян) – гэта чалавек ці анёл, пакараны Богам за празмерную дапытлівасць; даручаную яму торбу ці гаршчок з сабранымі там нячыстымі жывёлінамі-гадамі ён павінен быў кінуць, не развязваючы, у прадонне, ды не стрымаўся, развязаў паглядзець і выпусціў усіх тых пачварын на зямлю. Ператвораны ў птушку, цяпер ён мусіць лавіць усё тое, што некалі выпусціў, ачышчаць зямлю. Стаўшы птушкай, бацян ціснецца бліжэй да чалавека, селіцца побач ці нават на стрэхах хат... [Бел. міф., 2002, с. 204]. Сваімі паводзінамі дзяк Бацяноўскі сапраўды нечым нагадваў бацяна, якога Бог пакараў за празмерную цікаўнасць.
Вядома, што шляхецкія прозвішчы ў мастацкай літаратуры пад пяром пісьменнікаў робяцца аб’ектам вычварнай аўтарскай іроніі, сродкам своеасаблівага мастакоўскага здзеку. Гэта выразна праяўляецца ў двайных ці трайных шляхецкіх прозвішчах, дзе складанае найменне дае магчымасць пісьменніку дасягаць выключнай выразнасці ў абмалёўцы і характарыстыцы літаратурнага персанажа. Параўн.: Ляпкін-Цяпкін, Аболт-Абалдуеў, Брава-Жыватоўскі, Смятана-Бурчайла і інш. Карыстаўся такімі прозвішчамі і Я. Колас: Будан-Рыльскі, Срэтун-Сурчык, Ромава-Рымша-Сабур і інш. Пра такія прозвішчы мы вядзем размову на наступных старонках.
Такім чынам, лексіка-стылістычны аналіз прозвішчаў у творах Якуба Коласа сведчыць, што пісьменнік творча падыходзіў да іх падбору: адрозніваў, дыферэнцыяваў онімы беларускага сялянства, шляхты, царскіх чыноўнікаў, духавенства, прадстаўнікоў розных народаў і г.д., падкрэсліваў спецыфічнасць іх апелятываў, фанетычныя, марфалагічныя і іншыя асаблівасці. Онімы ў яго тэкстах з’яўляюцца выразнымі сродкамі тыпізацыі і сацыяльнай дыферэнцыяцыі, а таксама выступаюць як важныя тэкстаўтваральныя кампаненты ў складанай сістэме экспрэсіўна-стылістычных сродкаў.