
- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Анамастыкон рамана андрэя мрыя
“ЗАПІСКІ САМСОНА САМАСУЯ”
Раман Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя” вылучаецца ў беларускай мастацкай літаратуры выразным нацыянальным каларытам, багаццем моўна-стылістычных сродкаў, сярод якіх асаблівая роля адводзіцца анамастыкону – разнастайным уласным імёнам, прозвішчам, мянушкам, тапонімам як адметным тэкстаўтваральным і мастацка-выяўленчым адзінкам, якія ў гэтым творы амаль усе, апрача асноўнай, ідэнтыфікуючай (назыўной) функцыі, валодаюць канатацыйнымі адценнямі. Доўгі час гэты твор быў у забыцці і лічыўся “пасквілем на савецкае жыццё”. І толькі з канца 80-х гадоў ХХ ст. у беларускіх часопісах, зборніках навуковых прац пачалі з’яўляцца арыгінальныя артыкулы такіх вядомых даследчыкаў, як І. Чыгрын, Я. Лецка, П. Васючэнка, І. Шчарбакова, А. Казлоў, Дз. Бугаёў, М. Мішчанчук, С. Шчэрба, І. Штэйнер, М. Якалцэвіч, В. Назараў, М. Чаеўская і інш., у працах якіх аналізуюцца самыя розныя аспекты гэтага таленавіта напісанага рамана. А ў 1997 г. З. Драздова выдала манаграфію “Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі: Стылявыя асаблівасці”, у якой у жанрава-стылявым плане разглядаецца майстэрства гэтых беспадстаўна забытых празаікаў-узвышэнцаў. “Запіскі Самсона Самасуя” А. Мрыя цяпер агульнапрызнана з’яўляюцца значным дасягненнем усёй беларускай сатырычнай прозы: адметнасць твора і ў абагульняльным размаху сатырычных карцін, і ў выбары самога аб’екта высмейвання, і ў разнастайнасці спалучэння сродкаў сатырычнай абмалёўкі персанажаў, сатырычных фарбаў, і ў глыбіні мастацкага спасціжэння сучаснага яму жыцця [Драздова З., 1997, с. 53]. Даследчыкамі адзначаецца квяцістасць і багацце моўна-выяўленчых сродкаў гэтага твора: адметны і разнастайны лексікон, пачэрпнуты пераважна з жывых народных гаворак, які насычаны трапнымі і нечаканымі параўнаннямі, эпітэтамі, прыказкамі і прымаўкамі, фразеалагічнымі адзінкамі, умела пабудаванымі дыялогамі, маналогамі, вар’іраваннем у іх элементаў розных стыляў. Яго мова вызначаецца адсутнасцю аднастайнасці і сухой канстатацыі фактаў у апісаннях учынкаў персанажаў і пейзажных замалёвак. Усё гэта сведчыла, што ў тагачасную беларускую літаратуру прыйшоў самабытны і арыгінальны мастак са сваім адметным стылем, праз які выразна дэманструецца імкненне да абагуленасці, эвалюцыя ад звычайнай інфармацыйнасці – прывязкі да канкрэтнага факта – да мастацкай заглыбленасці, праблемнасці і філасафічнасці. Палітра разнастайных прыёмаў стварэння мастацкіх вобразаў у А. Мрыя надзвычай багатая: асабліва выдзяляецца ў апісанні персанажаў разнастайны народны гумар, гіпербалізацыя, парадзіраванне, гратэск. Напрыклад, В. Назараў звярнуў увагу на паслядоўнае карыкатурызаванае апісанне знешняга выгляду персанажаў, іх онімаў, вельмі трапныя псіхалагічныя характарыстыкі ў дыялогах і маналогах дзейных асоб, паслядоўнае выкарыстанне моўных штампаў, казённых формул (парадзіруецца мова дзяржаўных устаноў, канцылярыт), падаюцца поўныя бязглуздзіцы самавыкрывальныя заўвагі, нарэшце “аўтарам” рамана становіцца сам галоўны герой і інш. [Назараў В., 2006, с. 107].
Яго стылю ўласцівы лаканізм, асабліва пры апісанні адмоўных з’яў і ўчынкаў персанажаў, дзе пераважаюць простыя, неразвітыя сказы, выяўляецца сцісласць дыялогаў і маналогаў. “Каб мы паставілі мэту падлічыць, колькі ў тэксце сказаў простых, неразвітых, то і без машыннай дапамогі прыйшлі б да высновы пра іх абсалютную большасць”. Творчай манерай, як лічыць М. Мішчанчук, Андрэй Мрый, відаць, найбольш блізкі да Антона Чэхава, Янкі Брыля, а з сатырыкаў – Міхаіла Зошчанкі [Мішчанчук М., 2003, № 9, с. 61]. У цэлым значэнне гэтага рамана “далёка перасягае значэнне творчасці аднаго пісьменніка”, а ўлічваючы тое, што ў беларускай літаратуры традыцыі гэтага жанру не такія ўсталяваныя, напрыклад, як у рускай, і не атрымалі належнага развіцця і адпаведнай ацэнкі, раман А. Мрыя ў наш час лічыцца найвышэйшым дасягненнем беларускай сатырычнай прозы.
Заслуга А. Мрыя ў тым, што ў гэтым сваім самым значным творы ён празорліва, з выкарыстаннем мастацкіх умоўнасцей, мабыць, адзін з першых апісаў набліжэнне страшнай агульнанацыянальнай бяды, якая заключалася ў абесчалавечванні людзей, у пазбаўленні іх такіх спрадвечна ўласцівых ім якасцей, як дабрыня, шчырасць, спагадлівасць, сумленнасць, сувязь са сваім народам, сваёй культурай, ператварэнні іх у бязлікую і бяздушную масу, гатовую да выканання любога загаду. Найбольш поўна ўвасобіліся гэтыя асаблівасці ў вобразе Самсона Самасуя – узоры тупога казарменнага паслушэнца. Такія, як Самсон, людзі стануць актыўнымі памагатымі пры сталінскай машыне [Лецка Я., 1993, с. 7]. Фактычна гэтым раманам А. Мрый, як падкрэсліў даследчык яго літаратурнай спадчыны А. Казлоў, нібы падвёў агульную рысу, характэрную для бюракратызму, які атрымаў сваё актыўнае развіццё ў новай кіруючай сістэме. Пісьменнік, ствараючы раман, думаў не толькі пра сёння, але і пра будучыню краіны, лёс нацыі [Казлоў А., 2003, с. 22].
А. Мрый, пішучы гэты твор, абраў самую складаную форму мастацкага пісьма – травесційную, у якой пераствараў, перайначваў рознымі мастацкімі сродкамі агульны змест, інакш кажучы, ён пераўвасабляўся ў Самсона Самасуя – невука, дэмагога і кар’ерыста і намаляваў гратэскава негатыўны, дэфармаваны вобраз эпохі 20-х гадоў ХХ ст. Такім чынам, сродкамі сатыры ён актыўна змагаўся з “перакосамі”, “анамаліямі” паслякастрычніцкага перыяду як ненармальнай з’явай, выклікаў у чытачоў недавер да тых, хто гаварыў адно, а рабіў другое, не будаваў, а руйнаваў гуманістычныя асновы жыцця [Мішчанчук М., 2003, с. 55]. Мова гэтага твора, як адзначыў А. Казлоў, – асобная тэма, якой неабходны свой даследчык.
Пры аналізе гэтага рамана, прысвечанага пераважна высвятленню ролі онімаў у стварэнні цэласнага мастацкага тэксту, мы ставілі на мэце паказаць: а) чым матываваны выбар анамастычных адзінак яго аўтарам; б) у чым і як праяўляюцца іх асноўныя мастацкія функцыі (онімаў) у сукупнасці з іншымі кампанентамі мастацкага тэксту; в) якія прыёмы з ужываннем онімаў выкарыстоўваў пісьменнік для максімальнай і мэтазгодна апраўданай рэалізацыі выяўленчых функцый такіх адзінак у мастацкім творы. Такім чынам, на гэтым творы, аналізе яго сюжэту, мастацкіх вобразаў, выбары онімаў выразна выяўляецца творчая пазіцыя А. Мрыя як мастака, які мэтанакіравана, з улікам ідэйнага зместу рамана, традыцый сваіх папярэднікаў ставіўся да падбору самых розных онімаў як важнейшых кампанентаў мастацкага тэксту.
Анамастыкон “Запісак Самсона Самасуя” вельмі адметны, выразна запамінальны і нацыянальна каларытны, гэта не толькі вядомыя ўсім уласныя адзінкі, а і выдуманыя фантазіяй А. Мрыя, створаныя мастаком на падставе самых розных апелятываў, якія выразна падкрэслівалі каларыт і своеасаблівасць усходняй Магілёўшчыны. Онімы ў гэтым творы ўяўляюць сімбіёз агульнавядомых (кніжных) беларускіх і прастамоўных адзінак, уласцівых пераважна народна-дыялектнай мове: Самсон, Лявон, Ягор, Андрэй, Багдан, Мікіта, Зоя, Яўтух, Свердзялюк, Беленькая, Люсарэнка, Торба, Мамон, Дусік, Гарачы, Юзька, Анэля, Сашок, Більдзюкевічыха, Сандрыгайліха, Вокунь, Цыба, Сахвейка, Сапрон, Хадорка; аказіянальных онімаў-наватвораў: Пушкінзон, Тэрорчык, Лініха, Соміха, Цыцоха, Абжэра, Выбейдуха, Злыбядуха, Лахмандуда, Самасуй, Шандарака, Соша-Доша і інш., а таксама з іншых моў, выкарыстаных для спецыфічнага, кантэкстуальна абумоўленага называння персанажаў рамана: Афелія, Мефістофель, Мілэдзі, Джэк. Такія адзінкі ў творы не толькі індэнтыфікуюць персанажы (аб’екты), а і выконваюць мастацка-эстэтычную задачу – з’яўляюцца іх індывідуальнымі або сацыяльнымі характарыстыкамі. Пісьменнік імі не проста кампануе мастацкі тэкст: з дапамогай онімаў, шматлікіх бюракратычных штампаў, тагачасных грамадска-палітычных тэрмінаў, лозунгаў, падпраўленых фразеалагізмаў і іншых сродкаў ён перастварае мову ўсяго твора, а такія гатовыя ў сваёй большасці або створаныя дзеля мастацкай мэты ці падпраўленыя пісьменнікам адзінкі, як і фразеалагізмы, дыялектызмы, набываюць пад пяром мастака выразную адметнасць, становяцца прыдатным спосабам, інструментам, каб найбольш дакладна намаляваць вобраз, эмацыйна і пераканальна перадаць галоўную ідэю. У беларускай мастацкай літаратуры савецкага перыяду наўрад ці ёсць пісьменнікі, у якіх бы так наглядна, паслядоўна і выразна, як у А. Мрыя, прасочвалася ўважлівае і мэтанакіравана прадуманае стаўленне мастака да выбару онімаў, якія ў сваёй сукупнасці ствараюць анамастычную прастору цэлага твора з улікам аўтарскай канцэпцыі, жанру, мастацкага метаду, часу яго напісання, этнакультурнага рэгіёна, які абраны пісьменнікам як аб’ект мастацкага адлюстравання. Такім чынам, пісьменнік праз онімы дасягаў вяршынь мастацкасці, а моўны аспект набываў гарманічнасць, выразнасць, свежасць і індывідуальна-аўтарскую адметнасць – якасці, без якіх не існуе сапраўдны твор літаратуры. Характарыстычнасць, экспрэсіўнасць літаратурных онімаў у тэксце найчасцей рэалізуецца ў выніку іх семантычнай двухпланавасці: апелятыўнае значэнне агульнай адзінкі накладваецца на ўласна анамастычнае, што на фоне ўсяго твора памацняе яе кантэкстуальную сутнасць і робіць антрапонім, айконім гаваркім. Онімы ў гэтым рамане таксама перадаюць і адметны нацыянальна-культуралагічны фон, ілюструючы выразна гэтымі адзінкамі індывідуальна-аўтарскія асаблівасці стылю. Мастацкая функцыя такіх адзінак выяўляецца, канкрэтызуецца, дапаўняецца і праз апісальныя выразы – своеасаблівыя аўтарскія перыфразы, сінонімы, метафары і шырокі кантэкст (параўнаем у гэтай сувязі іншыя класічныя прыклады з беларускай мастацкай літаратуры з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Коласа, К. Крапівы, І. Навуменкі і інш.: Кручкоў, Гарлахвацкі, Туляга, Бугай, Кудлаты, Жарстак, Лагода і інш.). Большасць падобных онімаў у гэтым рамане ўтворана ад апелятываў – назваў рыб і іншых жывёлін, а персанажы па волі мастака, змешчаныя ў дзіўную атмасферу рэальнасці і гратэску, сапраўды сваімі манерамі, паводзінамі, знешнім выглядам нагадваюць пэўных жывёлін, а не людзей: Сом – старшыня райвыканкама, флегматычны, паважны. “Аднае жонкі яму мала!” Вакол яго ў Шапялёўцы, як піша П. Васючэнка, даволі ўтульна атабарыліся дробныя “рыбіны местачковага маштабу”, іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету, якія праз апісанне ўчынкаў ачалавечваюцца на вачах у чытача [Васючэнка П., 1989, с. 40]. Лін – бухгалтар райвыканкама, прыгожая Крэйна Шуфер – “дзяўчына вулічнага маштабу”, доктар Крутагалоў, настаўнікі: Мамон, Гыля, Цыба, Юрлік –“высокакваліфікаваны хам”, Крутарожкава, Зязюлька, Анэля Цыцоха – “смазлівая божая цёлачка”, старшыня саюза паляўнічых – Дулянок, сын начміла (начальніка міліцыі) піянер з гаваркім імем Тэрорчык, перапісчыца выканкама Зоя Люсарэнка, кулак Рыгор Лахмандуда, начпошты Белабрыська, загадчык сямігодкі Малахольны, суддзя (мясцовы філосаф) Торба – “атрутнік, шкодны эксплуататар працоўнай думкі рабочых і сялян”, прыватнік-доктар Зэлік, Хайка Каплун – гаспадыня кватэры, вінны кантралёр Смятана-Бурчайла, мастак Бялянка, вясковая дзяўчына Хадорка Белабокая, загадчык нардома, мясцовы паэт з “шалёнай фантазіяй” Ягор Гарачы па мянушцы Пушкінзон, старшыня прафбюро Мілёнак, загадчыца жанаддзела (бабкома) Домна Лузбан, тэлефаніст Свердзялюк, дзелавод Арон Шык, скульптар Бэд, піянерка Палага Кулік, камсамолец Дусік, сялянка Суклета Жлоба, ветфельчар Бясхвосцік, аграном Агнісцік – “вантробшчык дзявочага сэрца”, іншыя персанажы: Лявон Шандарака (Лёвачка), браты Галавасцікі, Беларыбка, селянін вёскі Галадранка Яўтух Абжэра, Шкулік – “чалавек барахольнага маштабу”, пародзістая сучка па мянушцы Мілэдзі і інш.
Частка прозвішчаў у гэтым рамане – аказіянальныя аўтарскія наватворы, якія з’яўляюцца ўдалымі тэкстаўтваральнымі і стылёваўтваральнымі адзінкамі – сродкамі стварэння “навізны”, экспрэсіўнасці, пэўнага каларыту і інш. (Пушкінзон, Самасуй, Лахмадуда, Выбейдуха, Злыбядуха, Смятана-Бурчайла, Цыцоха, Тэрорчык і інш.). Майстэрства мастака ў выбары, стварэнні такіх аказіяналізмаў найперш выяўляецца ў іх словаўтваральнай структуры: чым большы кантраст аказіяналізма і нечым падобнага на яго стандартызаванага оніма, тым большы камічны эфект такі онім можа выклікаць у чытача. Частка такіх адзінак, створаных А. Мрыем, кантрастуе, адрозніваецца ад традыцыйна ўсталяваных мадэляў прозвішчаў (у беларускай анамастыцы сфарміраваліся ўстойлівыя анамастычныя стандарты, якія замацаваны ў нашай свядомасці і падрабязна апісаны М. Бірылам, Г. Усціновіч і інш. даследчыкамі – В.Ш.). Такім чынам, камізм, гумар, іронія ў гэтым творы дасягаецца тым, што А. Мрый умела ствараў аўтарскія наватворы-онімы, улічваючы класічныя прыклады і асноўнае мастацка-эстэтычнае патрабаванне да такіх адзінак: скампанаваны яны па непрадуктыўных або малапрадуктыўных ці спецыфічных (не частых) словаўтваральных тыпах, г. зн., з парушэннем законаў “эмпірычнай прадуктыўнасці” (В. Рагаўцоў, А. Земская). У такіх літаратурных онімах стылістычная і эмацыянальна-эстэтычная сутнасць анамастычнай семантыкі, як сведчаць даследчыкі, значна большая і выразная ў кантэксце, чым першасная, уласцівая іх апелятыўным кампанентам. Такі выбар самых розных онімаў для індэнтыфікацыі літаратурных персанажаў сведчыць аб настойлівых пошуках аўтарам неабходных з улікам мастацкіх задач імёнаў і прозвішчаў персанажам, “аб уменні пісьменніка мысліць імёнамі” (А. Рогалеў), аб імкненні мастака перадаць з дапамогай оніма духоўную сутнасць мастацкага вобраза.
А. Мрый – майстар мастацкай дэталі, асабліва ў выкарыстанні онімаў пры апісанні партрэта персанажа, яго ўчынкаў. Імя і прозвішча героя ў спалучэннях з перыфразамі, трапнымі параўнаннямі, эпітэтамі, метафарамі, тагачаснымі штампамі-азначэннямі, алюзійнымі кампанентамі і інш. атрымлівае кантэкстуальна неабходнае мастаку семантычнае і мастацка-эстэтычнае напаўненне, а роля оніма ў такім фрагменце ўскладняецца, становіцца часам вызначальнай і надоўга запамінаецца чытачу: У яе [Сошы-Дошы – В.Ш.] блакітныя вочы, выпукленыя, як бурбалкі вадзяныя, тонкі нос Клеапатры, лебядзіная шыйка, стрыжаная галава і добра абсталяваны грудны сектар [ЗСС, с. 94]; Яе сапраўды звалі Сахвейка, але ўсе прызвычаіліся зваць Соша-Доша… [ЗСС, с. 106]; Адна з дзяўчын – настаўніца Цыцоха, кабета так сабе. Другая – новая тэлефаністка Мычка, якая знаёмілася з працаю, дзяўчынка беленькая, уся ў кужалёвых кудзерках, з лёгкадумным бляскам у вачох [ЗСС, с. 93]. Нават канцэнтрацыя онімаў, іх парадак размяшчэння ў абмежаваным кантэксце могуць ствараць выразны мастацкі малюнак і фон. Напрыклад, А. Мрый прадуманым насычэннем кантэксту гаваркімі онімамі стварае каларыт местачковай кампаніі – людзей, аб’яднаных агульнымі падыходамі ў наладжванні адпачынку:
– Добра! Можаце і мяне кааптаваць у склад цёплай кампаніі! – сказаў Шкуліку. Ён запісаў мяне (Самсона Самасуя – В.Ш.), узяў грошы і потым пералічыў удзельнікаў:
– Будуць: Торба, Мамон, Гарачы, Юзька Гыля, Смятана-Бурчайла з жонкай, Свердзялюк, Хвэя без жонкі, Самчык, настаўніца Крутарожкава, настаўніца Зязюлька, тэлефаністка Горбік…
– Зразумела, будуць яшчэ Зычок, Дулянок, Кудлянок і ўся сям’я Галавасцікаў [ЗСС, с. 46-47]. Як аўтарскі прыём ампліфікацыі або нагнятання тут выкарыстаны: аднастайныя паводле словаўтварэння і семантыкі наборы прозвішчаў, іх высокая канцэнтрацыя ў абмежаваным кантэксце (намёк, што такіх персанажаў у Шапялёўцы даволі многа), антанімічныя спалучэнні онімаў, незвычайныя аказіянальныя онімы-кампазіты і ўдакладненні-азначэнні да іх і інш. Ігнараванне некаторых пералічаных вышэй мастацкіх умоўнасцей і патрабаванняў у выбары літаратурных онімаў пры абмалёўцы пісьменнікамі сцэн і сітуацый, задуманых паводле сюжэту, часам прыводзіць да непераканальнасці напісанага. Так, Якуб Колас тактоўна і далікатна рабіў заўвагі такому інтэлектуалу і дасведчанаму пісьменніку, як Міхась Лынькоў, за непрадуманы выбар прозвішчаў у рамане-эпапеі “Векапомныя дні”: “Хацелася б, каб раман сапраўды стаў “векапомным раманам”… Не таўшчыня кнігі, не лік старонак яе павінны займаць аўтара. Трэба шліфаваць мову, кожнае слова і сказ… Зварочваюць на сябе ўвагу і прозвішчы персанажаў рамана: Дудок, Дудзік, Падудзік. У паасобку прозвішчы як прозвішчы, але калі іх паставіць у адну шарэнгу, дык выходзіць смешна. Там, дзе аўтар хоча падаць гумарэску, смеху не атрымліваецца (выпадак на кірмашы са Слімаком і з “Кепкаю”). Калі Гогаль даваў сваім персанажам такія прозвішчы, як Цяпкін-Ляпкін, Сабакевіч, Неўважай-Карыта і інш., дык там усё апраўдана, як у творы сатырычным. Але якое апраўданне можа быць для прозвішча сумленнага, дадатнага савецкага чалавека, як Масладуда?” [К-с, ХІІ, с. 363].
Наступны фрагмент з “Запісак…” А. Мрыя якраз і сведчыць, што ён умела падбіраў прозвішчы і мэтанакіравана іх выкарыстоўваў, ствараючы з іх дапамогай паўнакроўныя мастацкія вобразы: Багародзіца была два разы замужам. Першы раз была замужам за Курыцай, а другі раз за Курапатай. Як Курыца, так і Курапата былі арандатарамі ў пані Більдзюкевічыхі…[ЗСС, с. 47]. Онімы Курыца і Курапата ў гэтым рамане створаны прыёмам катамаран і кваліфікуюцца ў антрапаніміцы як онімы-блізняты, пра што сведчаць іх семантычныя і словаўтваральныя асаблівасці, а таксама паслядоўнае, толькі парнае ўжыванне ў кантэксце. Параўн. у гэтай сувязі аналагічныя штучныя онімы Бобчынскі і Добчынскі ў камедыі М. Гогаля “Рэвізор”. Камічны эфект дасягаецца тым, што такія адзінкі, як і некаторыя іншыя з гэтага твора, выразна гаваркія, за якімі традыцыйна замацоўваюцца пеяратыўныя канатацыі, матываваныя іх апелятывамі.
Кожны вобраз у рамане А. Мрыя раскрываецца з выкарыстаннем онімаў, іншых сродкаў і ўспрымаецца як карыкатура. Носьбіты такіх антрапонімаў – аматары інтрыг, яны нярэдка пераступаюць нормы маралі, у большасці сваёй здольныя зрабіць толькі нешта на сваю карысць. Так, загадчык культаддзела РВК Самсон Самасуй – галоўны персанаж твора, “спружына культуры” ў Шапялёўцы – яркі прадстаўнік савецкага бюракратычнага апарату, ён, як падкрэслена зрабіў акцэнт А. Мрый, усюды “сам суецца” туды, дзе яму няварта было б з’яўляцца. Яго імя і прозвішча – цэнтральны элемент анамастычнай прасторы твора. Антрапаформула Самсон Самасуй, вынесеная ў абсалютную пазіцыю як кампанент загалоўка рамана, заўсёды ў цэнтры ўвагі чытача. Яна з’яўляецца і своеасаблівым ключом да правільнага ўспрымання твора, уяўляючы своеасаблівую лаканічную характарыстыку, скампанаваную на кантрастывах: Самсон – узвышанае імя-алюзія на антычнага асілка, які, паводле біблейскай міфалогіі, валодаў незвычайнай сілай, якая захоўвалася ў яго доўгіх валасах. Утворана імя ад старажытнаяўрэйскага апелятыва, які меў значэнне ‘магутны, моцны, адважны, люты’. Параўн. таксама, што традыцыйна скульптуры антычнага Самсона ўпрыгожваюць фасады палацаў, іншых раскошных будынкаў. І штучна створанае мастаком сінтаксічна-марфалагічным спосабам прозвішча з выразным гутарковым адценнем Самасуй: у ім аб’яднаны ў адно слова кампаненты ад займенніка сам і дзеяслова саваць: суе (сябе) → сам + суй → самасуй → Самасуй. Параўнаем таксама падобныя ў літаратурнай і народна-дыялектнай мовах кампазіты самагон, самасей, самапас, самапал і інш. Такім чынам, у гэтым оніме выяўляецца “змяшанне планаў сацыяльнай суаднесенасці кампанентаў антрапаформулы”, заснаванай на своеасаблівым алагізме, што нярэдка ў літаратуры выкарыстоўваецца як мастацкі прыём. Параўн. у Я. Коласа Амелька Шчыт – персанаж апавядання “Драматург і лірычны паэт” (гл. пра гэты онім больш падрабязна на наступных старонках). Не выпадкова настаўнік Мамон, жартуючы з Самсона, адзначаў: “У цябе ўсё мужыцкае, а пуза панскае”, а бацька Самасуя, селянін Сапрон, з іроніяй гаварыў, што сын “хварэе на пана”, г. зн. паводзіць сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы звычкі, імкненне да раскошы. І гэта сапраўды так, калі, напрыклад, успомніць, што ён, вясковец, сялянскі сын, не можа запрэгчы каня, але з якой увагай у гэтай сувязі Самсон, нібы прафесійны акцёр, падбіраў і камплектаваў свой пярэсты і шматлікі гардэроб, як ён ставіўся да сваёй мужыцкай знешнасці. Дарэчы, запаўняючы анкету, ён адзначаў: “Я з мужыкоў”. Пацвярджае Самсон сваё паходжанне і тым, што ягоны розум выразна мужыцкі, і гэта, як ён пераконвае, абумоўлена нават носам у форме бульбіны, яго паплечнікі лічаць Самасуя “дурылам ва ўсесаюзным маштабе”. Яго мова – выразны сродак самавыражэння. Як сінонімы да ўласнага імя і прозвішча Самасуя выкарыстоўваюцца ў творы рэплікі-характарыстыкі, своеасаблівыя перыфразы, дадзеныя Самсонам сабе: “Я – сябра РВК”, “Я – асноўны рычаг культуры ў раёне”, “Я – сябра праўлення таварыства прыхільнікаў “здыхаты на буржуазію”, “Я – сябра жаночай камісіі РВК”, “Я – сябра таварыства “Няхай гадуюцца дзеткі”, “ Я – райліт і райахова здароўя, райМОПР, райхім…; Я – раённы інспектар працы; Я – сябра раённай абортнай камісіі” і інш. [ЗСС, с. 59]. Ампліфікацыя, нагнятанне “Я” ў гэтым кантэксце – выразны мастацкі прыём, выкарыстаны А. Мрыем, якім выдатна ілюструецца самасуеўшчына ў гэтым творы: суецца куды трэба і куды нятрэба – арганізоўвае сход па выкрыцці ворагаў Савецкай улады, выступае на паказальным грамадска-таварыскім судзе, займаецца “шалёнай барацьбой з рэлігіяй”, праводзіць аблаву на блудных сабак, трэніруе пажарнікаў, ён ініцыятар “пазбавіць свінняў паказвацца на вуліцы” ў Шапялёўцы, прапаноўвае “зарэгістраваць у трохдзённы тэрмін усіх сабак і кошак і гэтым даць магчымасць статорганам ведаць лік сабачага і кацінага насялення рэспублікі ў мэтах экспартных магчымасцяў”, Самасуй арганізоўвае мітынгі, выступае на грамадскіх сходах, галасуючы за таго (тое), за каго большасць, актыўна супрацоўнічае ў мясцовым друку ў газеце “Пераможны кліч Шапялёўскага райвыканкома”, пішучы бязглуздыя нататкі, у якіх асуджае “несучасныя метады кіравання”, у любоўных заляцаннях і ўцехах ён настолькі актыўны, што “ледзь не заціснуў Крэйну вяроўкай свайго кахання”. Разам са сваім сябрам Мамонам выступае за знішчэнне рэлігійнага таварыства “Божыя дзеці”, ініцыіруе правядзенне “сонечнай аздараўленчай кампаніі” за новы быт, а таксама стварэнне арганізацыі “ШАЧ” – Шапялёўскай асацыяцыі чырванаскурых, якой была “наладжана раённая шапялёўская алімпіяда, прычым ва ўсіх галінах алімпійскіх гульняў” – у выніку вытаптаныя градкі мясцовых сялян, спустошаныя навакольныя пасевы, “склычанае жыта”, “зафэканая бульба” – і ўсюды бессэнсоўная абсурдная мітусня, паказуха і самавыкрыццё гэтага недалёкага выскачкі.
Канатацыйна ўзбагачанымі ўспрымаюцца ў апісаннях, рэпліках персанажаў і аўтара варыянты онімаў тыпу Лініха, Мамон-Мамося, Соміха, Свердзялюша, аказіянальныя апісальныя выразы (кантэкстуальныя перыфразы), аўтарскія словы-сінонімы да імя і прозвішча Самсона Самасуя – “класава нявытрыманы баец”, “дэкласаваны мешчанін”, “чортаў сын”, “вучоная раскірэка”, “Хадора святая”, “сляпы крот”, “паперапсуй”. Самасуеўшчына як грамадская з’ява тых часоў, адзначыў М. Мішчанчук, – гэта прыстасаванства да ўсялякіх абставінаў і няўменне жыць па-чалавечы, бюракратызацыя жыцця паводле рэцэптаў “чырвоных чыноўнікаў”. Невуцтва, палітыканства, дэмагогія, кар’ерызм, уласцівыя самасуеўшчыне, пазней (1939 г.) паўстануць у абліччы Гарлахвацкага (камедыя К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”) [Мішчанчук М., 2003, с. 60]. Такім чынам, Самсон Самасуй і Гарлахвацкі – гэта онімы-алюзіі, створаныя на падставе ўсталяваных традыцый класічнай літаратуры, зыходным пачаткам якой умоўна можна лічыць творчасць М. Гогаля, у якой трэба выдзеліць вобраз Чычыкава (паэма “Мёртвыя душы”). Самасуя ў новых умовах і ў новым адзенні, як піша З. Драздова, мы пазнаём у створаным Крапівой вобразе Гарлахвацкага (прозвішча па-свойму характарызуе гэтага “вучонага”). Ці не А. Мрый натхніў яго на гэта? Бо вядучыя рысы лжэвучонага Гарлахвацкага былі як быццам нанава адкрыты ў жыцці сатырыкам Крапівой…, а ў пасляваеннай літаратуры з’явіўся літаратурны двайнік – гэта мележаўскі Дубадзел, які вылучаецца на фоне іншых персанажаў “Палескай хронікі” празмернай дэмагогіяй, балбатнёй у шматлікіх і пустых прамовах і выступленнях, у якіх, як ён лічыў, развенчваў капіталізм і яго памагатых [Драздова З., 1997, с. 40]. Збліжае гэтыя персанажы і іх онімы-кампазіты (Самасуй, Гарлахвацкі, Дубадзел), блізкая словаўтваральная, а таксама лексіка-стылістычная характарыстыка іх апелятываў. Адсюль і семантычная празрыстасць, алюзійнасць названых антрапонімаў. Праз выяўленне ўнутранай формы такіх онімаў пры ўважлівым чытанні мастацкіх тэкстаў прасочваецца і аўтарская ацэнка зробленага такімі персанажамі.
Дарэчы тут адзначыць, што ў адрозненне ад іншых персанажаў рамана, створаных фантазіяй А Мрыя, вобраз Самсона Самасуя спісаны пісьменнікам. Ён нявыдуманы і многімі асаблівасцямі нагадвае прататыпа. Жыццёвы двайнік Самасуя, як устаноўлена даследчыкамі творчасці пісьменніка, працаваў у 20-х гадах ХХ ст. старшынёй цэнтральнага бюро краязнаўства БССР, меў прозвішча Казак, быў вельмі абмежаваным, бяздарным і самазадаволеным чыноўнікам. Тыповыя рысы Самасуя – камфанабэрыя, зазнайства, безапеляцыйнасць, самалюбства – спісаны з Казака. У створаным Мрыем Самасуі ўсе пазнавалі Казака і часта смяяліся з яго партрэта. Нават называлі Самасуем, бо роля старшыні ЦК краязнаўства да Казака стасавалася як анекдот.
Такім чынам, выкарыстоўваючы багаты вопыт класічнай літаратуры, А. Мрый у новых умовах у вобразе Самсона Самасуя стварыў сатырычны тып “пустапарожняга балбатуна, невука і дэмагога, які свае кар’ерысцкія разлікі і грамадскі паразітызм надзейна маскіруе спрытным жангліраваннем узвышанай парадна-напышлівай фразеалогіяй, напорыста-агрэсіўным выкарыстаннем ходкіх лозунгаў і паказушных палітычных кампаній” [Бугаёў Дз., 1993, С. 229–248].
Айконім Шапялёўка – назва мястэчка, у якім паселены А. Мрыем галоўныя персанажы твора, відаць, роднасны інфінітыву шапялявіць – невыразна вымаўляць некаторыя гукі, што з’яўляецца свайго роду намёкам на нейкае адхіленне ад нормы, а як мастацкі сродак, як адзначана даследчыкамі (З. Драздова), уяўляе сабой сатырычную метафару, указваючы, намякаючы на нейкае скажэнне, скрыўленне, непаўнацэннасць. Такія ж гаваркія, празрыстыя паводле семантыкі і іншыя назвы паселішчаў: вёска Галадранка, у якой жыве Яўтух Абжэра, “які мае рост 2,3 метры, а вагу 7 пудоў, не мае пуза, а есць як у прадонніцу” [ЗСС, с. 107], а таксама назвы-айконімы Дрыгавічы, Галалобаўцы, Забягаеўка, Вялікія Насы і інш., якія лаканічна характарызуюць не толькі паселішчы, а і іх жыхароў, даюць магчымасць аўтару стварыць свежыя непаўторныя вобразы.
Дарэчы, літаратурным двайніком Яўтуха Абжэры ў трылогіі Я. Коласа “На ростанях” выступае поп Пражорыч, прататыпам якога, як сведчаць успаміны самога пісьменніка, быў айцец Мікалай Прорвіч – вялікі аматар добра і багата паесці. Пісьменнік свядома падправіў яго прозвішча, змяніўшы Прорвіч на Пражорыч, гэтым прыёмам Я. Колас пазбаўляўся пэўнай дакументальнасці і хранікальнасці, якая прысутнічае на некаторых старонках гэтага мастацкага твора.
Такой словатворчасцю з айконімамі і прозвішчамі А. Мрый прадоўжыў класічныя традыцыі беларускай і рускай літаратуры, закладзеныя папярэднікамі. Так, у ранніх апавяданнях Я. Коласа можна выявіць айконімы-характарыстыкі Галадранка і Галапузоўка (апав. “Соцкі падвёў”), пісьменнік такімі адзінкамі дакладна перадаваў сацыяльны і маральны стан жыхароў такіх паселішчаў. Падобныя па семантыцы апелятываў айконімы тыпу Заплатава, Гарэлава, Няелава, Дыравіна, Неўражайка ў класічнай паэме “Каму на Русі жывецца добра” ўмела абыгрываў М. Някрасаў. Дарэчы, такіх айконімаў было даволі многа ў самых розных рэгіёнах Беларусі. Так, В. Жучкевіч у манаграфіі “Топонимика Белоруссии” (Мн., 1968) прыводзіць наступныя: Скулавічы, Худзені, Гразная, Свіное, Халуі, Жыраспёры, Кукішы, Бяда, Цуцкі, Звягі, Торбінка, Пляшыўцы, Каросцін, Лапці, Парасятнікі, Бяднішкі і інш. (с. 94). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1964 г. было перайменавана больш за 300 паселішчаў з падобнымі назвамі. Праўда, у той перыяд было засведчана і многа неабдуманых перайменаванняў, напрыклад, неабгрунтаваныя замены айконімаў, звязаныя з рэлігіяй, тыя, што нагадвалі рэаліі былога дзяржаўнага ладу і інш. тыпу Манастыр, Ігумен, Карнілавічы, Юдзенічы, Раманава і г.д. У Расіі, іншых краінах былога Савецкага Саюза паступова вяртаюцца да былых назваў, уласцівых і тыповых для нацыянальнай і рэгіянальнай анамастыкі. Параўн.: Калінін → Цвер, Куйбышаў → Самара і г. д. На жаль, у беларускай тапанімічнай сістэме яшчэ да нашых часоў існуюць чужародныя, надуманыя і асацыятыўна непрымальныя для беларускага нацыянальнага анамастычнага ландшафту айконімы тыпу Сірэнеўка, Забіяка, Рашыцельны, Барба. Пра што пераканальна пісалі ў сваіх артыкулах і манаграфіях Л. Лыч, Г. Мезенка, В. Лемцюгова, Я. Рапановіч, Г. Цыхун і інш. даследчыкі, аналізуючы змены ў тапаніміцы ў савецкі перыяд.
Унутраны сэнс такіх айконімаў, прозвішчаў літаратурных персанажаў у гэтым творы часам раскрываецца ў сціслых апісаннях: “…настаўніца Цыцоха, кабета так сабе, смазлівая божая цёлачка”, “Свердзялюк жывы быў, як уюн. У два махі пазнаёміў мяне з дзяўчатамі, якія марылі аб моцным, на ўсё жыццё расцягненым каханні…” Дзе ты цяпер, Свердзялюша? Каму ўсміхаюцца твае містычна-звярыныя, часоў неаліту ці бронзы вочы, такія непераможныя для жанчын?” … З’ехаў ён, кінуў Шапялёўку … Свердзялюк перажыў гэтую стадыю шалёнства і ад палігаміі пасля пакутнай барацьбы з сабою перайшоў да манагаміі.. Ужо і адростак ёсць у яго” [ЗСС, с. 92–93]. Параўн. сугучны гэтаму прозвішчу назоўнік свердзел – інструмент для свідравання дзірак. У народна-дыялектнай мове свердзялюк тое ж, што і свідроўшчык, свідравальшчык – рабочы, які займаецца свідраваннем. У гэтай сувязі варта звярнуць увагу і на інфінітыў свідраваць, які апрача прамога значэння “рабіць свердлам адтуліны”, мае і пераносныя: “непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні)”, “раздражняць нюх рэзкім пахам”, “пільна ўглядацца ў каго-, што-н.” і інш., што, відаць, і стала падставай пісьменніку на яго аснове стварыць такое алюзійна насычанае прозвішча.
Онімы, утвораныя ад апелятываў, нярэдка абыгрываюцца ў тэксце, каб перадаць дасціпнасць або камічнасць сітуацый. Так, А. Мрый, выкарыстоўваючы з’яву амафоніі як мастацкі прыём, на якую таксама звярнула ўвагу і М. Якалцэвіч [Якалцэвіч М., 2006, с. 46], дзеля гумару ствараў каламбуры, супастаўляючы ў параўнальна сціслым кантэксце празрыстыя па семантыцы онімы і сугучныя або блізкія па гучанні агульныя адзінкі. Напрыклад, онім Крутагалоў і фразеалагізм “адкруціць галаву” – забіць знішчыць: “… дохтарша … паехала ў адпачынак, а доктар Крутагалоў (каб яму галаву адкруціла) паехаў на эпідэмію трасцы”, ”ды ён і не доктар быў, а захапляўся жаночай фігуральнай структурай. Як прыйдзе ў бальніцу прыгожая дзяўчына, дык ён загадае ёй распрануцца ды тры з паловай гадзіны выстуквае, вымацвае яе” [ЗСС, с. 96]. Дарэчы тут адзначыць, што літаратурнага двайніка Крутагалова – урача сексолага-псіхатэрапеўта Мікалая Мікалаевіча Матрацава (звярніце ўвагу на прозвішча – В.Ш.) вывеў у наш час Уладзімір Верамейчык у сатырычнай гумарэсцы “Местачковы секс”. Пасяліў яго Верамейчык у мястэчка Навінкі ў самым сэрцы Палесся, куды той, паводле сюжэту, пераехаў з Мінска. Матрацаў неадкладна вырашыў пачаць сексуальную адукацыю навінкаўцаў: арганізаваў лікбез па эротыцы, правёў шокавую тэрапію і мазгавую атаку па шырокаму спектру пытанняў сексу. Усюды закрасаваліся афішы, якія запрашалі навінкаўцаў паслухаць лекцыі на сексуальную тэму. Вось пералік некаторых з іх: “Эрагенныя зоны”, “Карэкцыя эрэкцыі”, “Тэхніка сексу ў перыяд распаду эканамічных сувязей” і інш. … Мужчын ён аглядаў бегла, адным вокам, а вось жанчын абавязкова распранаў дагала.
– Праходзьце, даражэнькая… Распранайцеся… Ага, уся… Па форме нуль… Лягайце на канапку… Усё зробім па-людску [Верамейчык У., 1994, с. 17].
Амаль усе персанажы гэтага рамана захапляюцца ўцехамі, каханнем. Самсон Самасуй, напрыклад, намячае “трохгадовы план заляцанняў”, у душы ён папракае сябе, што цікавіцца болей спадніцай, чым дзяржаўнай справай. Жанчына для яго – “баядэрка”, да якой цягне “дзікае мужчынскае пачуццё, спрадвечны стымул працягу плямя людскога”. “Жанчына – цікавая, але не патрэбная ў нашым будаўніцтве рэч. Не толькі звярыны інстынкт быў падставай майго закахання ў дзяўчыну, але нейкі зусім ценкі матэр’яльны магнез”. Гэтай усясільнай жарсці, як піша І. Штэйнер, падвержаны ці не ўсе жыхары слаўнага мястэчка, пачынаючы ад Сома і завяршаючы Свердзялюком… Не меншымі па велічнай жарсці памкненнямі вылучаюцца і прадстаўніцы найпякнейшай паловы чалавецтва, згадаем і Крэйну Шуфер, што падарыла ласкі многім, і настаўніцу Цыцоху, Сошу-Дошу…, чарговых каханак тэлефаніста, якія вымушаны хавацца ў шафах. Іх надзвычай лёгка спакусіць, бо, нягледзячы на знешнюю наіўнасць, яны значана разумнейшыя за сваіх калег-ахвяраў [Штэйнер І., 2006, с. 49].
Каламбурна абыграў А. Мрый і прозвішча бухгалатара Ліна: “…толькі Торба паспрабаваў “зразумець” Ліна і абараніць прынцыпы вольнага кахання: – Лін? Кожны з нас лін…” [ЗСС, с. 86]. У апошнім выпадку таксама выяўляецца і этымалагізацыя прозвішча Лін. У выніку таўталагічнага супастаўлення ўласнага і агульнага назоўнікаў агаляецца ўнутраная сутнасць семантычна выразнага і асацыятыўнага оніма: на першы план выстаўляецца яго прамое значэнне, асабліва калі мець на ўвазе, што лін – гэта рыба тлустая, слізкая (гл. народныя параўнанні: гладкі, як лін [Янкоўскі Ф., 1992, с. 375], слізкі, як лін [Янкоўскі Ф., 1992, с. 405]. Такім чынам, каламбур у гэтых кантэкстах з’яўляецца эфектыўным сродкам стварэння камічнага эфекту, які рэалізуецца нечаканым супастаўленнем уласных і агульных адзінак, заснаваных на амафоніі. У рамане пісьменнік падрабязна малюе партрэт Ліна, у якім многа чаго ад рыбін і іншых жывёлін: “Лін быў досыць уважысты чалавек, у маіх гадох, бялявы, з доўгімі, пухнатымі, як вафлі, вусамі, блакітна-шэрымі мяккімі, з маслянай вільгаццю вачыма і ружовым, як у свінёнка, тварам. Зірнуўшы на яго, адразу можна было канстатаваць, што гэты індывід мае значныя дасягненні ў галіне сістэмнага палявання за ідэйна трухлявымі, але чароўнымі мяшчанкамі. Мяне моцна разанула па сэрцы, калі я пераканаўся, што Лін (і прозвішча як у сук улеплена!) зусім не слухае даклада, а шчыльна, як вуж, абкруціўся каля Крэйны і мілосна нешта напявае ёй.” [ЗСС, с. 48]. “Якая ж мне справа да таго, што Крэйну прызмусіў Лін і выпіў да дна келіх дзявоцтва?... Яна сваю полавую волю аддала Ліну, гэтай адыёзнай рыбе? Што тут дзіўнага? Адзін любіў, другі кахаў, а трэці ўзяў! Так кажа Торба і мае рацыю. Каб Лін не закахаўся ў дзяўчыну, магчыма, ніхто і не прыкмеціў бы, што Крэйна – краля, якіх няма ў адміністрацыйных і этнаграфічных межах БССР” [ЗСС, с. 86]. У рамане Лін – гэта і онім-характарыстыка – “кваліфікаванае падла”, ён разам з суддзёй Торбам абараняе прынцыпы “вольнага кахання”. Не выпадкова жонка Ліна, вярнуўшыся нечакана з курортаў, застала яго з Крэйнай – “дзяўчынай вулічнага маштабу”, мясцовай “Афеліяй”, “якую трэба накіраваць у Салавецкі манастыр”, і чапялой “спыніла… залёты свайго бугайчыка” [ЗСС, с. 77]. Кантэкстуальнымі сінонімамі да гаваркога оніма Лін у розных фрагментах тэксту выступаюць словы падла, бугайчык, вуж (як вуж) і інш., якія памацняюць асацыятыўны патэнцыял такога прозвішча. У творы дзейнічаюць і іншыя нечым падобныя персанажы: не толькі Сом і Лін. Гэта і Свердзялюк, які быў замардаваны адначасным каханнем пяці дзяўчын.
Канатацыйная сутнасць некаторых анамастычных адзінак рэалізуецца ў гэтым творы не толькі праз асацыяцыі і мастацкае асэнсаванне іх апелятываў тыпу сом→Сом, торба→Торба, домна→Домна, а і праз комплекснае выкарыстанне іншых лексічных, марфалагічных, словаўтваральных, графічных, акцэнталагічных сродкаў, шырокага кантэксту, рэмарак, аўтарскіх заўваг, каментарыяў і інш. Так, скажэнне натуральных беларускіх прозвішчаў іх носьбітамі часам выкарыстоўваецца пісьменнікамі як мастацкі прыём для стварэння іроніі, насмешкі пры апісанні знешняга выгляду персанажаў тых, хто выракаўся роднасных каранёў, сваёй мовы: Курапата быў высокі, шкілетны чалавек, з безнадзейна выцягнутым абліччам, калі нас знаёмілі, першы назваў сябе Курыца, з націскам на “ы” (ЗСС, с. 54). Параўнаем у гэтай сувязі скажэнне ў соцыуме ў наш час некаторымі беларусамі сваіх прозвішчаў тыпу Козел, Баран, Петух і інш. Такім чынам, пісьменнік, падаючы акцэнталагічны варыянт Куры́ца, лаканічна характарызуе тыповага прыстасаванца, які свядома перайначвае сваё прозвішча, каб пазбавіцца семантычнай празрыстасці, якая ўласціва некаторым тыповым беларускім онімам. У замене традыцыйнага для беларусаў прозвішча праяўляецца і такая эстэтычная з’ява, як набілізацыя – акультурванне, імкненне замяніць нібыта не зусім прыгожае імя на больш прыдатнае, мілагучнае і эстэтычна выверанае, але эфект ад такой замены, як бачым, дыяметральна процілеглы. Онімы ў гэтым кантэксце – элементы тонкай іроніі, сарказму. Між іншым, такія эўфемістычныя замены прозвішчаў, якія поўнасцю супадаюць з іх апелятывамі – словамі з разнастайнымі канатацыйнымі прырашчэннямі, даволі часта сустракаюцца ў беларусаў. Змянялі свае прозвішчы нават пісьменнікі, якія першымі павінны рэагаваць на скажэнні і паказваць прыклады правільнага і ўмелага абыходжання з такімі адзінкамі, якія ў некаторых народаў разглядаюцца як помнікі духоўнай культуры. Так, Я. Скрыган у кнізе “Некалькі хвілін чужога жыцця” з іроніяй успамінаў, як у гады маладосці яго сябар, будучы пісьменнік Сымон Баран, змяніў сваё прозвішча на Сымон Баранавых, пра што потым доўга шкадаваў. Вядома таксама, што онім Буйла ўтвораны ад агульнага назоўніка буйвал – буйная жвачная жывёліна атрада парнакапытных з грузным тулавам і кароткай шыяй [ТСБМ, І, с. 416]. Вобразна, своеасаблівай мянушкай Буйла маглі назваць і чалавека, высокага здаравяка, аднак беларуская паэтэса Канстанцыя Буйла (сапраўднае прозвішча Канстанцыя Калечыц – В.Ш.) свядома скажала яго на Буйло́, называючы сябе на французскі лад, пра што пісаў У. Юрэвіч, аналізуючы такія анамастычныя адзінкі [Юрэвіч У., 1992, с. 142]. Параўн. вядомыя французскія прозвішчы Гюго, Дзюкло, Дзідро, Фуко, у якіх націск на канцавым складзе – заканамерная асаблівасць.
Праўда, ёсць выпадкі, калі А. Мрый часам губляе пачуццё меры. Так, ён, парадыйна стылізуючы вядомыя кітайскія прозвішчы, як было заўважана літаратурнымі крытыкамі, у некаторых выпадках перабіраў меру прыстойнасці: змененыя ім рэальныя замежныя онімы Чан Кай Пшы і Ка Ка Фэн успрымаюцца натуралістычна грубаватымі [Бугаёў Дз., 1993, с. 239]. Не лепшым чынам – натуралістычна, без пачуцця меры, намаляваны аўтарам адзін з “барацьбітоў з рэлігіяй”, іранічна вульгарны атэіст з гаваркім прозвішчам Лявон Шандарака, які “шандарахаў” на сцэне ў час дыспуту з “божымі дзецьмі”, “калі Лёвачка вытвараў некалькі досыць гулкіх гукаў і супакойна сышоў са сцэны. Гэты салют зрабіў моцнае ўражанне як на веруючых, так і на бязбожныя масы” [ЗСС, с. 109]. Двухсэнсоўна, натуралістычна ўспрымаюцца і словы Сома, які ўшчувае Самасуя за палкія імкненні да чароўных жанчын і незвычайную яго юрлівасць і раіць яму хутчэй жаніцца.
Натуралістычна, пагардліва ўспрымаецца і эпізод, у якім Самсон Самасуй разам з Домнай Лузбан – загадчыцай жанаддзела (“гаварыла ультранізкім басам і смела магла б прымаць удзел не толькі ў жаночым, але і ў мужчынскім чэмпіянаце”, “яе смела можна назваць “мядзвігай”, а шапялёўскія жанчыны за бязлітаснае змаганне Домны з мяшчанскім укладам жыцця празволі загадчыцу “Бабкома” “танабілем”) прымалі ўдзел у вырашэнні “пяці абортных спраў”. Сутнасць першай персанальнай справы ў тым, што браты Галавасцікі, жывучы на хутары ў бацькі, “ад сыці шалеюць, ад іх чалядка – маладая жанчына, збіралася рабіць аж 8-ы аборт! Яны і грошы даюць!” [ЗЗС, с. 63]. Відавочна, што тут аўтар страціў пачуццё меры. Такое апісанне ўспрымаецца як цынічнае.
З выразным натуралізмам, грубавата, выяўляючы сялянскае (празрыстае) успрыняцце лацінскіх адпаведнікаў, абыгрывае пісьменнік фітонімы – мясцовыя назвы грыбоў: – Я зірнуў на Мікіту. У адной руцэ ў яго былі нейкія сушаныя грыбы, а ў другой карэц з вадой. Мікіта тлумачыў:
– Тут два грыбы. Адзін, во гэты – завецца чортава яйцо, дужа палзіцельны грыб ад рэзі ў пузе, трэба яго праглынуць ды запіць во гэтай сцаленнай вадой з крынічкі. А калі не пасобіць, дык тады праглынуць другі грыб. Ён завецца пірдзіна, дужа смярдзючы грыб, але ўсё як рукой зніме.
Прыродавед схапіў грыб у рукі:
– Дзіўна! Як народ кавярае навуковыя назвы. Гэты грыб па латыні завецца лікапердум. Відаць, што тут была калісьці досыць высокая культура, калі ў народзе была пашырана латынская тэрміналогія.
А мне зусім не было справы да лікапердума. [ЗЗС, с. 97].
У гэтым кантэксце А. Мрый свядома, з мэтай стварэння камізму, збліжае мясцовую назву грыба, у якой празрыстасць семантыкі даволі відавочная і непрыстойна выразная, з яе лацінскім адпаведнікам лікапердум, як кваліфікуе яе мясцовы настаўнік Яжджыль. Апісальная рэпліка мясцовага прыродаведа “Як народ кавярае навуковыя назвы” ўзмацняе камізм невядомага ў народзе слова, ужытага ў дыялогу настаўніка і селяніна.
Камічна намаляваны ў рамане суддзя Торба, мова якога перанасычана шматлікімі прыказкамі і прымаўкамі. З. Драздова празрыстасць гэтага прозвішча местачковага “філосафа” звязвае з яго апелятывам, бо ён такія народныя выслоўі выкарыстоўвае з любой нагоды, трапна характарызуе імі тую ці іншую сітуацыю, “адны бярэ са скарбонкі народнай мудрасці, другія – прыдумляе сам. Выслоўі сыплюцца з яго, як з торбы” [Драздова З., 1997, с. 69]. Некаторыя з такіх выразаў, створаных Торбам, на думку Самсона Самасуя, “вядуць чалавека на шлях самадурства і прафсаюзнай недысцыплінаванасці”. І сапраўды, як атрымалася паводле сюжэту рамана, у яго “моцных прыказках, дзівацкіх прыслоўях” была выяўлена “ідэалагічная небяспека”, пра якую на таварыскім судзе гучна заявіў Самасуй.
На нашу думку, семантыку, асацыятыўны фон апелятыва торба ў дачыненні да прозвішча суддзі з Шапялёўкі трэба разумець крыху шырэй, калі ўлічыць, што ў беларускай мове, апрача прамога значэння, у ім ёсць іншыя, напрыклад: “мяшок старца як сімвал жабрацтва”, а таксама фразеалагізмы: давесці да торбы; дайсці да торбы; з торбай ісці; пусціць з торбай (па свеце). І сапраўды, мова местачковага філосафа давяла яго да торбы, пусціла з торбай па свеце. А “дапамог” яму ў гэтым яго сябра Самсон Самасуй, які сваёй дэмагогіяй на судзе здаў экзамен на “вытрыманага” і паслухмянага выканаўцу загадаў начальства.
Парадыйна значымай у тэксце ўспрымаецца і мянушка Мілэдзі – пародзістай сучкі, якая належала бухгалатару райваканкама Ліну, суперніку Самсона за руку “ры́бачкі” Крэйны. Такім выбарам гэтага заоніма А. Мрый іранічна выяўляў стаўленне тагачаснага грамадства або яго часткі да ўсяго буржуазнага, таго, што было звязана з былым дзяржаўным ладам – тытуламі, званнямі. Параўн.: мілэдзі – тытул знатнай замужняй жанчыны або жонкі лорда ў Англіі, а таксама пачцівы зварот да яе. У рамане ёсць нават цэлы раздзел “Смерць Мілэдзі”, у якім з гумарам паведамляецца, што Самасуй і яго сябры, займаючыся непатрэбнымі справамі, адстрэльвалі прыблудных сабак, але выпадкова забілі і Мілэдзі – любімую сучку Ліна. У мрыеўскім кантэксце мянушка сучкі выклікае і адпаведныя асацыяцыі, пра якія з гумарам апавядае І. Штэйнер, аналізуючы асаблівасці “Запісак…”. “У гэтым палкім памкненні да чароўных жанчын беларускі персанаж [Самсон Самасуй – В.Ш.] нагадвае французска-іспанскіх герояў згаданых плутовских раманаў, невыпадкова няшчасная сучачка, забітая ў час грандыёзных падзей, насіла слынную мянушку Мілэдзі, што адразу выклікае пэўныя асацыяцыі са славутым творам А. Дзюма” [Штэйнер І., 2006, с. 52].
Стылю аўтара ўласціва ўмелае ўключэнне такіх адзінак у кантэкст твора. Так, выкарыстоўваючы спосабы даўно апрабаваныя літаратурнай традыцыяй, А. Мрый як мастацкі прыём паслядоўна называе персанажы спалучэннем назоўніка-ідэнтыфікатара і оніма тыпу начміл Какоцька, піянер Тэрорчык, тэлефаніст Свердзялюк, настаўнік Калабуха, старшыня рэўкома Беларыбка; семантыку оніма ў кантэксце нярэдка дапаўняюць, раскрываюць апісальныя выразы, параўнальныя звароты: “смех яго быў, як у акулы імперыялізму”, “… з ёю быў Лін, Лін! Якім чынам ён прыплыў сюды, калі яго з намі не было? Гэта адыёзная рыба ўзбунтавала ўсю кроў маю…” [ЗСС, с. 58], “ і прозвішча як у сук улеплена!” (пра Ліна) [ЗСС, с. 48]. Такім чынам, пісьменнік абыгрывае ўнутраны сэнс оніма, выяўляючы яго сугучнасць з апелятывам, і ўключае прозвішча ў кантэкст са словамі, якія пераважна ўжываюцца пры апісанні насельнікаў азёр і рэк.
Настаўнік Юрлік – “высокакваліфікаваны хам”, яго прозвішча асацыятыўна збліжаецца з назоўнікам юрлівец – чалавек, якому ўласціва павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў [ТСБМ, V, с. 486]. І сапраўды, у рамане растлумачана, што яго цікавяць толькі “прыгожыя дзяўчыны і шахматы; цапкія, нібы што ўсё мацаюць, рукі… ” [ЗСС, с. 53], знешне ў яго “жывыя, шэрыя, з нейкім вясёлкавым бляскам, вочы, карпаты, у форме піпачкі, нос” [ЗСС, с. 53]. Яго асноўны занятак – уцехі і заляцанні да жанчын. Вось фрагмент з рамана, які яскрава характарызуе гэтага разбэшчанага кавалера: “Юрлік незадоўга перад гэтым на нейкай вечарыне наладзіў сістэматычнае паляванне на жанчын. Першай ахвярай была настаўніца Зязюлька, якая публічна, у прысутнасці шырокіх савецкіх мас, абразіла яго, па-першае, абазваўшы яго высокакваліфікаваным хамам, па-другое, змазаўшы яго па твары нечаканай і выразнай па гуку поўхай; па-трэцяе, не паспеў Юрлік ачухацца і нейкую абарону ці рэабілітацыю прыдумаць, як Зязюлька новую поўху прыляпіла ўжо левай рукой і хутка знікла з вачэй усіх прысутных. Гэты інцыдэнт меў дзіўны вынік: настаўнік Юрлік загарэўся нястрыманым імкненнем да Зязюлькі і шукаў выпадку зноў па-сяброўску гаварыць з ёй” [ЗСС, с. 38].
Піянер Тэрорчык – сын Анэлі, жонкі начміла (начальніка міліцыі) Какоцькі: імя Тэрорчык – гэта онім-пародыя на шматлікія новыя імёны, што ўзнікалі ў першыя гады Савецкай улады тыпу Рэўдзіт, Сталіна, Трактар, Рэм і падобныя. У аснове аказіянальнага імя піянера апелятыў тэрор – палітыка расправы з класавымі праціўнікамі з выкарыстаннем насілля і фізічнага знішчэння. Параўн., модныя ў 20-30-я гады ХХ ст. выразы белы тэрор, чырвоны тэрор, бязлітасны тэрор. Лац. terror – страх, жах. Такія імёны нясуць шматлікі намёк на тое, што ў той перыяд, як піша пра гэта Дз. Бугаёў, да класавай барацьбы падключалі і дзяцей, свядома выхоўвалі ў іх гатоўнасць прымаць удзел у маральным тэроры, нават калі ён скіроўваўся супраць блізкіх, сваякоў [Бугаёў Дз., 1993, с. 239]. Камізм з ужываннем оніма-наватвора дасягаецца тым, што ён створаны пісьменнікам з парушэннем усталяванай у соцыуме моватворчай традыцыі (тэрор→ Тэрорчык), гэты аказіяналізм на фоне іншых адзінак утрымлівае навізну і “свежасць” успрымання і выразна кантрастуе з мясцовымі, перважна “сялянскімі” гутарковымі імёнамі, якімі надзелены іншыя персанажы з Шапялёўкі. Параўнайце, напрыклад, імёны-наватворы, якія ў 20–30-я гг. ХХ ст. узніклі ў тагачасным грамадстве: Даздраперма, Дызель, Гіпатэнуза, Трактар і інш.
З гумарам паведамляецца, як па ініцыятыве Самасуя і яго аднадумцаў у Шапялёўцы спрабуюць замяніць некаторыя урбанонімы, якія нібыта не адпавядалі ідэалогіі новага дзяржаўнага ладу: Бальнічную – на вуліцу таварыша Сома; вуліцу Хадароўскую – на вуліцу Вызвалення жанчын ад пялюшак, нават мястэчка Шапялёўку прапаноўвалі перайменаваць у Сомск, у гонар таварыша Сома – старшыні мясцовага РВК, аднак кіраўнік раёна не даў згоды на такі крок, але не быў супраць назваць вуліцу ў яго імя і зусім не пярэчыў наконт бюста т. Сома ў шапялёўскім музеі. Парадыйна ўспрымаюцца і частыя лозунгі, заклікі, створаныя Самасуем і яго паслядоўнікамі: “Праз карняплоды да сацыялізму!”, “Хараство ў масы”, “Прэч карлікавую гаспадарку!” “Пі ваду свежую, чыстую, вароную! Не плюй у крыніцу!” “Далоў усмішку міжнароднага капіталу!” (Лозунг каля школы –сямігодкі); “Не будзем хварэць! Даём слова павялічыць жорсткую працоўную дысцыпліну на 14 проц.” (Лозунг каля бальніцы).
У рамане каларытна намаляваны вобраз “песняра” Ягора Гарачага (Пушкінзона), “прыдуркаватага рыфмаплёта” з “шалёнай фантазіяй”, які напісаў і ўсюды чытаў паэму “За тваім гарбатым носам нічога не бачу”, уяўляючы сябе сапраўдным паэтам. Назвы яго іншых “твораў” таксама яскрава сведчаць пра асаблівасці “творчасці” Гарачага. Гэта паэмы “Кроў і залеза”, “Дні мае крутыя”. Адметныя сваім камізмам і іншыя метафарычныя загалоўкі твораў мясцовых драматургаў. Гэта “Пратарачка жыцця”, адным з аўтараў якой быў Самсон Самасуй, а таксама п’еса “Мараль т. Закандырына” ў 7 дзеях і 48 малюнках, дзе галоўную ролю было прапанавана выконваць Самасую, а п’еса “Каханне пад прымусам” была напісана піянеркай Палагай Кулік. Камічна ўспрымаецца і мяркуемыя назвы мясцовай газеты: “Чырвоная пуга”,”Чырвонае шапялёўскае вока”, “Гостры чырвоны зуб”. Тут, відаць, пісьменнік іранічна намякаў на тое, што ў 20-30 гады ХХ ст. у беларускую тапанімічную сістэму хлынулі шматлікія неабдуманыя анамастычныя адзінкі з кампанентамі Красны, Чырвоны тыпу Красны Курган, Чырвоны Кут, Красны Рог, Чырвоны Пільшчык, Чырвоная Зорка і г. д. Толькі ў Гомельскай вобласці падобных найменняў больш за 70.
Саркастычна-іранічна гучаць і іншыя анамастычныя найменні, напрыклад, эргонім – “ШАЧ” – шапялёўская асацыяцыя чырванаскурых, створаная па ініцыятыве Самасуя, для правядзення ў жыццё “сонечнай аздараўленчай кампаніі” сярод моладзі ў Шапялёўцы; Лізка нацый – назва Лігі нацый, якую Самасуй у сваім дакладзе для сялян перайначыў, “каб быць больш зразумелым” і паказаць “па-нашаму кажучы, што імперыялістычны коўбух жарэ чалавечае мяса пад прыкрыццём папяровага бюрактарызму, якую правільней трэба назваць Лізкай нацый і сцервай сусветнай – такая паскуда яна!” [ЗЗС, с. 102]. Апісальнае квазітлумачэнне эргоніма Ліга нацый з выкарыстаннем народнай этымалогіі, у якой Самасуй нібыта аднаўляе ўнутраную форму першага кампанента (каб сялянам было зразумела), узмацняе камізм палкай прамовы. У свядомым скажэнні, “пераліцоўцы” некаторых уласных адзінак выяўляецца травесційнасць як мастацкі прыём (ператварэнне высокага ў нізкае, сур’ёзнае ў смешнае – В.Ш.), уласцівая стылю А. Мрыя, і заснаваная на ўсталяваных класічных традыцыях рускай і беларускай мастацкай літаратуры. Параўн., напрыклад, у самых розных творах мэтанакіраванае скажэнне запазычаных слоў у мове персанажаў і “выраўноўванне” іх на ўзор зразумелых кожнаму беларусу: акупанты → абскубанды, Англія → Ангелька, пісуар → пісявар, кампанія → кумпанія і інш. (прыклады з твораў Я. Коласа, К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, растлумачаныя ў працах В.В. Шура, В.І. Рагаўцова – В.Ш.). У гэтым творы А. Мрый у палкай прамове Самсона Самасуя свядома перайначвае эргонім Ліга нацый у Лізку нацый і такім чынам этымалагізуе гэты онім, “пераліцоўваючы”, збліжаючы ў ім першы кампанент з дзеясловам лізаць – перан., зневаж. цалаваць: лізаць → лізка. Параўн. таксама вядомыя ў нашай мове фразеалагізмы лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) – уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць. Такое мэтанакіраванае скажэнне натуральна ўспрымаецца ў абсурдна-сумбурным выступленні Самасуя перад сялянамі.
Апелятыў прозвішча шапялёўскага паэта Гарачы – мнагазначны і надзвычай асацыятыўны, што, відаць, стала падставай пісьменніку для стварэння з яго выкарыстаннем каларытнага літаратурнага антрапоніма: гарачы перан. – страсны, палкі, вельмі моцны, напружаны, інтэнсіўны, запальчывы, нястрымны. Параўнаем таксама фразеалагізмы: гарачая галава, гарачая кроў, па гарачых слядах, пад гарачую руку, усыпаць гарачых і інш. Саркастычна ўзмацняе, падкрэслівае ў кантэксце прагу да славы гэтага абмежаванага і недалёкага графамана яго семантычна празрысты псеўданім Пушкінзон, праз які іранічна намякаецца, што Гарачы – гэта нібыта “паслядоўнік” Аляксандра Пушкіна, бо літаральна Пушкінзон → сын Пушкіна. Быў такі сацыяльны тып у жыцці – паэт Гарачы. І няважна, як зазначае З. Драздова, як ён зваўся – Гарачы ці Гучны (апошняе прозвішча фігуруе ў коласаўскім сатырычным апавяданні “Драматург і лірычны паэт”, дзе чытач сустракае літаратурных двайнікоў мрыеўскага героя – Арцёма Гучнага і Амельку Шчыта) [Драздова З., 1997, с. 37]. Такім чынам, дапаўняюць каларытна намаляваны рознымі моўнымі сродкамі вобраз Гарачага яго двайнікі, створаныя Я. Коласам: У Амелькі быў прыяцель Арцём Гучны… Сапраўднае імя і прозвішча яго было Нічыпар Калюга, а Арцёма Гучнага ён прыдумаў і так падпісваўся пад сваімі творамі, пераважна лірычнымі вершамі, бо ўжо такая пісьменніцкая традыцыя [К-с V, с. 294]. У выніку намаляваныя Якубам Коласам і Андрэем Мрыем вобразы графаманаў Арцёма Гучнага, Амелькі Шчыта, Ягора Гарачага (Пушкінзона) успрымаюцца як іранічныя алюзіі на асоб без таленту, што прэтэндуюць на гучную славу. У такіх выразна гаваркіх онімах, як сведчаць навуковыя абагульненні, актуалізуюцца, дамінуюць не назыўныя, а разнастайныя канатацыйныя асаблівасці і шырокі асацыятыўны фон. У гэтых творах антрапонімы Арцём Гучны, Амелька Шчыт, Ягор Гарачы – семантычныя онімы-блізняты, яны ў кантэксце ўяўляюць спецыфічную разнавіднасць анамастычнай сінаніміі, створанай вядомым прыёмам катамаран. Вопыт сусветнай мастацкай літаратуры сведчыць, што такія штучныя онімы-сінонімы разглядаюцца як вынік рашчаплення адной антрапанемы, нават “калі б яны з’явіліся не адначасова, іх можна было б успрымаць як імёны адной асобы”. Параўн. у гэтым плане ў рускай літаратуры персанажы М. Гогаля Бобчынскі і Добчынскі ў яго класічнай камедыі “Рэвізор”. У Бобчынскага і Добчынскага, як піша пра гэтых бязлікіх правінцыйных дваран А. Супяранская, адзін твар на дваіх [Суперанская А., 1973, с. 304].
У прыведзеных прыкладах з твораў Я Коласа і А. Мрыя выразна выяўляецца парадыйнасць, якая рэалізуецца не толькі сэнсавымі асацыяцыямі і алюзіямі, выкліканымі семантычным падабенствам або кантрастнасцю апелятываў, ад якіх утвораны літаратурныя прозвішчы або псеўданімы вясковых графаманаў: гарачы → Гарачы, гучны → Гучны, (звернем увагу: паэзія Гучнага якраз і не гучала, не стварала ўражання), а таксама іх словаўтваральнымі асаблівасцямі (утвораны лексіка-семантычным спосабам ад былых якасных прыметнікаў). Дарэчы, гэтая мадэль у прозвішчах не асабліва пашыраная ў сучасным беларускім антрапаніміконе. Па падліках даследчыкаў, такіх прозвішчаў у беларусаў, утвораных ад прыметнікаў, усяго 932 (1,65 % ад агульнай колькасці ўсіх такіх адзінак) [Усціновіч Г., 2005, с. 75]. Аднак такая словатворчасць атрымала прадуктыўнасць у першыя гады Савецкай улады, асабліва ў асяроддзі тагачаснай творчай інтэлігенцыі пры стварэнні імі “гучных” псеўданімаў. Праўн. такія онімы ў Зміцера Жылуновіча – Гартны, Шчыры Беларус, Вартавы; у С. Плаўніка (З. Бядулі) – Вольны, Чырвоны, Ярыла Чырвоны, Падарожны; у А. Пальчэўскага – Вясковы, у А. Астрэйкі – Бравы, Востры, Вядомы, Жорсткі, Зорны; у П. Броўкі – Баравы; у А. Бабарэкі – Чырвоны, Адам Чырвоны, Гаротны; у В. Таўлая – Бунтарны, Горны; у С. Серады – Дарожны; у Р. Сабаленкі – Заравы; у А. Ушакова – Бязмежны і інш., выкарыстоўваліся таксама дзеля гэтага і шматлікія іншыя, блізкія па семантыцы апелятываў-назоўнікаў: Каліна (псеўданім А. Бабарэкі і Р. Барадуліна), Гудок (псеўданім І. Дварчаніна), Беларус Камуніст (псеўданім З. Жылуновіча), Звястун (псеўданім П. Пестрака) і інш.