Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Апошняя карэктура.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.45 Mб
Скачать

Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі

[Рэцэнзія на манагр.: Г.М. Мезенка, Віцебшчына ў назвах вуліц: манаграфія ў 2-х ч. / Г.М. Мезенка – Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2008. – Ч. 1. – 363 с.; Ч. 2. – 254 с.] // Веснік Мазыр. дзярж. пед. ун-та імя І.П. Шамякіна. – 2009. – № 2 (23). – С. 176–179

Гісторыю беларускіх паселішчаў –гарадоў, вёсак, мястэчак – нельга глыбока і ўсебакова даследаваць без авалодання самай неабходнай інфармацыяй пра урбанонімы – назвы ўнутрыгарадскіх і ўнутрысельскіх аб’ектаў. Дастаткова адзначыць, што урбанонімы, як і іншыя разнавіднасці анамастычных адзінак, з’яўляючыся свайго роду помнікамі духоўнай культуры народа, уваходзяць у “трывалую і аб’ектыўную сістэму гісторыка-культурных і прасторава-часавых вех жыцця паселішчаў” (М. Гарбанеўскі). А таму ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. у беларускай анамастыцы вельмі выразна выдзеліўся асобны напрамак – урбананімія – сукупнасць уласных імёнаў унутрыгарадскіх тапаграфічных аб’ектаў, існаванне якога пераканальна ўсебакова абгрунтавала прафесар А. Супяранская ў сваёй класічнай працы “Общая теория имени собственного” (М., 1973). Дадзеныя гэтай навукі, як пераканальна паказана ў даследаваннях М. Зелянкова, У. Ніканава, І. Чарновай, А. Данілавай, Г. Бандарук, В. Жучкевіча, А. Рогалева, З. Краўчанкі, М. Гарбанеўскага, Н. Падольскай, А. Шырокава і інш., набываюць асаблівую значнасць: самыя розныя звесткі з урбананіміі даюць магчымасць атрымаць найбольш поўнае ўяўленне не толькі пра значныя аб’екты ў мінулым унутры паселішчаў, пра іх рэльеф і тапаграфію, а таксама пра гаспадарчае, гандлёвае, сацыяльнае жыццё, асаблівасці мясцовага кіравання і інш. Значным дасягненнем усходнеславянскай анамастыкі ў гэтым напрамку з’явіліся манаграфіі і шматлікія артыкулы прафесара Г. Мезенкі, з імем якой фактычна звязана станаўленне і ўсебаковае комплекснае апісанне урбананіміі Беларусі. Зробленае гэтай даследчыцай за апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай анамастыцы, гаворачы словамі Янкі Брыля, “не сорамна пакласці ад імя Беларусі на міжнародны стол”. У канцы 2008 года прафесар Г. Мезенка апублікавала чарговую грунтоўную манаграфію ў дзвюх частках “Віцебшчына ў назвах вуліц” агульным аб’ёмам 617 стар., у якой упершыню ў гісторыі беларускага мовазнаўства комплексна даследаваны ўнутрыгарадскія і ўнутрысельскія назвы аб’ектаў Віцебшчыны, раскрыта паходжанне і ўтварэнне шматлікіх урбанонімаў і віконімаў, іх матывацыі, растлумачаны прычыны перайменавання гарадскіх і сельскіх вуліц, плошчаў і інш., якія мелі месца на працягу апошніх двух стагоддзяў. У манаграфіі засведчаны назвы ўсіх паселішчаў вобласці, дзе функцыянуе ці функцыянаваў той ці іншы урбанонім, віконім, прыводзіцца поўны рэгістр гэтых адзінак з Віцебскай вобласці, што ўжываліся ў розныя часы. У гэтай сувязі варта адзначыць, што калектывам, якім яна кіруе, падрыхтавана і апублікавана яшчэ адна комплексная манаграфія, прысвечаная даследаванню анамастычных адзінак гэтага рэгіёна “Віцебшчына ва ўласных імёнах: мінулае і сучаснасць” (Віцебск, 2006, 238 стар.), у якой таксама ўсебакова даследуецца сучасны стан і гістарычнае фарміраванне розных формул іменавання жыхароў Віцебшчыны ў ХVІ–ХХІ стст.: праведзена апісанне мужчынскіх і жаночых уласных імёнаў, імёнаў мянушак у розныя перыяды, размежаваны іх структура, семантычныя і лінгвагеаграфічныя асаблівасці і аспекты. Такое комплекснае апісанне анамастыкону канкрэтнага рэгіёна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца арыгінальным, наватарскім і, безумоўна, заслугоўвае ўхвалы і падтрымкі, асабліва ўлічваючы найноўшыя сучасныя метады даследавання анімічнага матэрыялу, што выкарыстаны і рэалізаваны ў манаграфіях Г. Мезенкі і ў працах яе паслядоўнікаў. Вывучэнне урбанонімаў Віцебшчыны з’яўляецца цікавым і запатрабаваным па некалькіх прычынах: гэты рэгіён паўночнага ўсходу Беларусі мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй, на працягу некалькіх стагоддзяў там адбываліся актыўныя славяна-балцкія міжмоўныя працэсы, якія адлюстраваліся і ва урбананіміі. Унікальная гэтая тэрыторыя і ў сэнсе гісторыка-культурнай спадчыны: на Віцебшчыне нарадзіліся такія вядомыя асобы, як Е. Полацкая, Ф. Скарына, С. Полацкі, А. Сапуноў, М. Бахцін, М. Шагал, А. Багатыроў, В. Быкаў, П. Машэраў, М. Лынькоў, Р. Барадулін, далёка за межамі Віцебшчыны і Беларусі вядомы Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік, сядзіба І. Рэпіна ва ўрочышчы Здраўнёва. У гады войнаў, а іх на тэрыторыі Віцебшчыны было, мабыць, больш, чым у іншых краях, гэты рэгіён Беларусі, як сведчаць самыя розныя крыніцы, падвяргаўся самым вялікім апусташэнням. Як пісаў Я. Рапановіч, аўтар “Слоўніка назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці” (Мн., 1977), у гады Вялікай Айчыннай вайны там былі вынішчаны цэлыя раёны: у сакавіку 1943 г. на тэрыторыі былога Асвейскага раёна, які пасля вайны не быў адноўлены, карнікі сцерлі з зямлі 158 паселішчаў, 3450 жылых будынкаў, поўнасцю спалілі раённы цэнтр Асвея, мястэчка Кахановічы. І такіх прыкладаў даволі многа. На Віцебшчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, паселішчаў становіцца ўсё меней. Віцебшчына – гэта унікальны ў гісторыі Беларусі край класічнай партызанскай барацьбы, дастаткова назваць імёны М. Шмырова, У. Лабанка, П. Машэрава, вядомыя ўсяму свету. Страта паселішчаў, іх назваў – гэта і вынікі калектывізацыі, урбанізацыі і інш. За 46 гадоў (1930–1976 гг.), напрыклад, у Ноўкінскім сельсавеце Віцебскага раёна, як піша Я. Рапановіч, не стала 93, а ў Шумілінскім раёне – 503 паселішчаў. Гэта, мабыць, асноўныя прычыны змяншэння колькасці айконімаў, урбанонімаў, віконімаў, самых розных мікратапонімаў. Сабраць, сістэматызаваць, растлумачыць іх паходжанне, словаўтварэнне, прасачыць шляхі іх замен у шматлікіх выпадках, даць навуковае абгрунтаванне заменам і з’яўленню новых анамастычных адзінак – гэта, відаць, асноўная задача даследчыкаў сучаснай урбананіміі і віканіміі. Дасягненне пастаўленай мэты, як сведчаць структура і змест манаграфіі, вырашалася наступнымі задачамі, якія, на нашу думку, паспяхова рэалізаваны. Даследчыца з самых розных крыніц сабрала урбананімную і віканімную лексіку 21-го раёна Віцебшчыны; разгледзела фарміраванне назваў зон анімічнай прасторы, выявіла матывацыю урбанонімаў і віконімаў розных тыпаў, раскрыла паходжанне назваў унутрыгарадскіх і ўнутрысельскіх аб’ектаў, вызначыла прычыны іх перайменаванняў, якія адбываліся ў другой палавіне ХХ – пачатку ХХІ ст., зафіксавала страчаныя назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў, па магчымасці прывяла найбольш поўныя зводы ўнутрыгарадскіх назваў мінулых часоў.

Манаграфія Г. Мезенкі “Віцебшчына ў назвах вуліц” у дзвюх частках наватарская ў многіх адносінах. Нават пералік тэм і параграфаў сведчыць, што даследчыца ў многім ідзе сваім самастойна абраным шляхам, па цаліку, распрацоўвае тыя аспекты беларускага анамастыкону, якія да гэтага часу былі белай плямай анамастычнага палетка. Напрыклад, “Унутрыгарадскія – унутрысельскія назвы: падабенствы і адрозненні”, “Унутрыгарадскія – унутрысельскія назвы і кагнітыўны ўзровень моўнай асобы”, “Страчаныя назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў. Былыя перайменаванні”, “Урбанонімы і віконімы – асобныя разрады тапонімаў”. “Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці урбананіміі і віканіміі на мяжы стагоддзяў” і інш.

Да ўсяго сказанага вышэй варта дадаць, што арыгінальнасць і актуальнасць гэтай працы памацняецца тым, што падобныя даследаванні да апошняга часу характарызаваліся нізкай ступенню распрацаванасці праблем урбананімікі, невысокім выкарыстаннем гэтых адзінак пры вывучэнні гісторыі Беларусі і гісторыі беларускай мовы, адсутнасцю дасканалых узораў і поўных зводаў назваў унутрыгарадскіх і асабліва ўнутрысельскіх аб’ектаў.

Варта таксама адзначыць, што Г. Мезенка ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ў гэтай манаграфіі ў асобную разнавіднасць урбанонімаў выдзеліла і пераканальна абгрунтавала неабходнасць аналізу унутрысельскіх лінейных назваў – віконімаў, якія да апошняга часу не былі аб’ектам даследавання. У славянскай анамастыцы пакуль адсутнічаюць работы, у якіх разглядалася б рэпрэзентацыя кангнітыўнага ўзроўню моўнай асобы скрозь прызму віканіміі – сукупнасці назваў унутрысельскіх аб’ектаў. Гэты пласт анамастычных адзінак, як пераканальна паказала даследчыца, складае асобны фрагмент агульнай моўнай карціны свету. Такія онімы адлюстроўваюць самабытныя рысы ментальнасці сельскага жыхара, стэрэатыпы ўспрыняцця і асэнсавання ім рэчаіснасці. У манаграфіі адзначана, якія адметнасці мае віканімія ў параўнанні з падобнымі ўнутрыгарадскімі лінейнымі і нелінейнымі анамастычнымі адзінкамі: у адрозненне ад урбананіміі, асноўным паказчыкам прэцэдэнтнасці імені для сельскага жыхара становіцца сувязь носьбіта імені з канкрэтным населеным пунктам. Складальнікамі прэцэдэнтнага віканімікону, як і урбананімікону, як устаноўлена ў працы, выступаюць чатыры кампаненты: беларускі (69,3 %), былы савецкі (18,1 %), рускі (11,1 %), заходнееўрапейскі (1,5 %). Нельга не звярнуць увагу на тое, што ў адрозненне ад беларускай урбананіміі, дзе лідзіруе рускі тэкст культуры (66 %), у вікананіміі прыкметна пераважае беларускі кампанент.

Ва урбананіміі савецкага перыяду замацаваліся шматлікія антрапонімы – прозвішчы выдатных асветнікаў, паэтаў, вучоных, мастакоў, архітэктараў, артыстаў, як сведчыць праведзены аналіз такіх імёнаў, якія найбольш ярка прадстаўляюць сусветную культуру, усяго ва урбананіміі Беларусі ў 90-х гадах ХХ ст. выкарыстоўвалася каля 1500 антрапонімаў: гэтая група назваў, даследаваная Г. Мезенка, у абласных цэнтрах прадстаўлена 154 імёнамі: 70 імёнамі пісьменнікаў; 47 – вучоных; 14 – кампазітараў; 13 – мастакоў; 7 – артыстаў. Нацыянальны кампанент у гэтай групе нешматлікі, “ва урбананіміконе большасці беларускіх гарадоў многа падобнага, праўда, у Мінску знайшла сваё адлюстраванне “сталічная” спецыфіка – урбананімныя комплексы больш дэталізаваныя, шырэй прадстаўлены нацыянальны кампанент”.

У гэтай сувязі нельга пагадзіцца з даследчыцай, якая, правёўшы глыбокі аналіз выяўленага матэрыялу, адзначае, што ў гарадах “складальнікамі прэцэдэнтнага антрапанімікону выступаюць 4 кампаненты: рускі (66 %), беларускі (20 %), заходнееўрапейскі (9 %), былы савецкі (5 %). Нельга таксама не звярнуць увагі на тое, як сцвярджае Г. Мезенка, што ўсё ж “рускі тэкст” культуры пераважае, што гаворыць пра унікальнасць беларускай духоўнасці” (с. 25). Тое, што традыцыйна беларускі кампанент складае толькі 20 % у агульным антрапаніміконе, а рускі 66 % і былы савецкі 5 %, хутчэй за ўсё сведчыць не пра “унікальнасць беларускай духоўнасці”, а вельмі пераканальна дэманструе масавую дэнацыяналізацыю і русіфікацыю айканіміі і урбананіміі, якая афіцыйнымі органамі самымі рознымі сродкамі і спосабамі праводзілася ў былым СССР у 30–80-я гады ХХ ст. не толькі ў БССР, а і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, штотыднёвік “Аргументы і факты” (1989, № 3) адзначаў, што з 648 вуліц Мінска 333 (больш за палову) паўтараюць назвы маскоўскіх. Яшчэ адзін прыклад падобнага падыходу да беларускіх анамастычных адзінак прыводзяць у “Народнай газеце” (1994, 1 снежня) С. Крапівін і М. Сафонаў: “Калі ў 1918 г. марксіст-рамантык Канегісер пальнуў у марксіста-палача Урыцкага, то з гэтага выпадку перайменавалі сяло ў Гомельскім павеце. Але тое, што адбылося пасля стрэлу бальшавіка Нікалаева ў бальшавіка Кірава, канчаткова перайшло межы разумнага. У кожным больш значным паселішчы, дзе колькасць вуліц перавышала тры, адна з іх абавязкова атрымала імя Кірава.

Вось які пералік назваў гарадоў і раёнаў пададзены ў даведніку «СССР. Административно-территориальное деление»: Кіраў (2 гарады), Кіраваград (2), затым Кіравабад, Кіравакан і дзесяткі Кіраўскаў, Кіраўскіх – усяго 74 назвы. Сёл, вуліц – тых без ліку...

Працоўныя вёсак Мінскай вобласці, лічы, па сённяшні дзень аб'яднаны ў 11 калгасаў імя Кірава. Усіх мемарыяльных кіраўскіх назваў на беларускай зямлі не злічыць. А калгасаў імя Янкі Купалы на Міншчыне два...”

На гэтым фоне не ўспрымаецца як канцэптуальнае наступнае выказванне: “Уласцівы урбананіміі і віканіміі спосаб канцэптуалізацыі свету часткова універсальны, часткова нацыянальна-спецыфічны” (с. 24). Відаць, гэтае абагульненне з’яўляецца абгрунтаваным, але, як мы мяркуем, толькі не ў дачыненні да сучаснай беларускай урбананіміі і нават віканіміі, паколькі нацыянальна-спецыфічнай нават часткова яна не ўспрымаецца, пра што сведчаць не толькі факты, якія мы называлі, але і наступныя, пра якія будзе весціся палеміка.

Думаецца, што таксама непераканальным з’яўляецца і крытэрый, абраны аўтарам, што фактам, які рэзка адрознівае віканімію ад урбананіміі Беларусі, – гэта “поўная абыякавасць сельскіх жыхароў да заходнееўрапейскай культуры” (с. 28). У якасці пацвярджэння такога аргумента адзначаецца, што ў беларускай віканіміі ёсць толькі адна вуліца, названая ў гонар Томаша Зана – польскамоўнага паэта-рамантыка, удзельніка вызваленчага руху, дарэчы, ураджэнца вёскі Мясота сучаснага Маладзечанскага раёна. Упамінанне Тамаша Зана ў гэтым кантэксце не зусім правамернае, бо гэта быў апалячаны беларус, які пісаў па-польску, але яго творчасць, як і творчасць яго сябра Адама Міцкевіча, грунтавалася на беларускіх рэаліях і беларускім фальклоры. Кастусь Цвірка пра Тамаша Зана пісаў наступнае: ён паходзіў з тыповай беларускай шляхты. Сапраўднае яго прозвішча Зань. Так гучала і прозвішча Тамаша, але ў час вучобы ў Віленскім універсітэце яно чамусьці “пацвярдзела”. Дзед Тамаша Зана – таксама Тамаш – быў бурмістрам у Радашковічах. Продкі Зана па мацярынскай лініі жылі ва Уздзе. Былі яны уніятамі. А гэта адзначае, што ўсе яны ў мінулым – праваслаўныя [гл.: Цвірка Кастусь. Дарогамі Тамаша Зана. – “Полымя”, 1992. – № 5. – С. 163]. Не лічаць жа ў наш час, напрыклад, Святлану Алексіевіч рускай пісьменніцай, хоць большасць яе твораў напісана на рускай мове.

Фактычна любы сельскі жыхар верагодней за ўсё пры выбары крытэрыяў для называння ўнутрысельскіх аб’ектаў, відаць, арыентуецца не на заходнееўрапейскую і не на ўсходнееўрапейскую, азіяцкую ці іншую культуру, а выбера тую назву, якая створана калектыўным розумам і вопытам жыхароў вёскі або суседніх паселішчаў. Іншая справа, што сельскім і гарадскім жыхарам рабіліся “прапановы зверху”, а таму як вынік дыктату ў беларускай віканіміі і урбананіміі, як пацвярджэнне да сказанага, засведчана 132 вуліцы ў гонар А. Пушкіна, 130 – у гонар М. Горкага, 68 – у гонар І. Мічурына, 64 – у гонар М. Астроўскага і г.д. Для параўнання з беларускімі імёнамі, засведчанымі ва урбананіміі, адзначым, што “структура функцыянальнага поля беларускай культуры такая”: вуліц у гонар Я. Коласа – 114, Я. Купалы – 111, М. Багдановіча – 14, П. Броўкі – 7, І. Мележа – 5. Спашлемся і на факты, засведчаныя ў мастацкай і навуковай літаратуры: “На Беларусі ёсць многа вуліц К. Варашылава, А. Неўскага, М. Калініна і г. д., а вось вуліца Вашчылы ўсяго адна. Мала ў нас найменняў, звязаных з імёнамі дзеячаў старажытнай беларускай культуры, навукі, асветы: Ф. Скарыны, К. Тураўскага, С. Полацкага, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, I. Дамейкі, Э. Пякарскага, М. Доўнар-Запольскага, В. Дуніна-Марцінкевіча і многіх іншых. Патрыятычнае выхаванне на нацыянальных каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа ў 30–70-я гады ў нас было зведзена да нуля, што яскрава адбілася на фактах тапанімікі. Пра гэта, напрыклад, вельмі пераканальна пісаў К. Тарасаў у нарысе «Заезная карчма»: «Вуліцы Грунвальдскай у нас няма нават у тых гарадах, якія пасылалі сваіх сыноў на бітву з тэўтонцамі. Не існуе і вуліцы Лышчынскага. Хіба ж мысліцель не заслужыў? А хто бачыў на дамах шыльдачкі з імёнамі Афанасія Філіповіча, Усяслава Чарадзея, Давыда Гарадзенскага, князя Альгерда, Канстанціна Астрожскага, Андрэя Полацкага? Імя Глінкі ўшанавана ў назвах вуліц дзевяці беларускіх гарадоў, а вось Манюшка забыты нават у Мінску, дзе ён нарадзіўся і ствараў музыку, дзе, дарэчы, жылі ўсе пакаленні ягоных продкаў. I ўжо зусім не паддаецца разуменню, чаму імя генералісімуса, графа Рымнікскага, князя Італійскага А. Суворава нададзена вуліцам у 35 беларускіх гарадах і 24 мястэчках, 23 калгасах, а імя беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, вучонага, мысліцеля, гуманіста – толькі сямі вуліцам і аніводнаму калгасу. Між тым Скарына праславіў Беларусь, а Сувораў хадзіў па ёй з войскам, пагашаючы народныя паўстанні. Безумоўна, ён геніяльны палкаводзец, але нельга асэнсаваць такое нізкае схіленне галавы перад ваенным талентам аднаго з душыцеляў Пугачоўскага паўстання і ўсвядоміць, што дазваляе аддаваць забыццю ці цьмяна асвятляць выдатных дзеячаў уласнай гісторыі. Спіс такіх, мякка кажучы, недарэчнасцей можа заняць шмат старонак” (гл.: Тарасаў К. Памяць пра легенды.– Мн., 1990. С. 191). Думаецца, што даследчыцы больш акрэслена як галоўнаму спецыялісту ў галіне беларускай урбананіміі патрэбна было выявіць сваю пазіцыю да так званых “мемарыяльных” урбанонімаў, якія раней не з’яўляліся часткай рускай і беларускай тапаніміі, а, наадварот, для нашай культуры яны экстрасістэмныя і былі да 1917 г. адзінкавымі. Вядома, што “мемарыяльныя” урбанонімы (назвы вуліц), як і айконімы (назвы паселішчаў), што зацвярджаюцца афіцыйна на дзяржаўным узроўні Указамі для ўшанавання і праслаўлення пэўных асоб, не з’яўляліся тыповай асаблівасцю ранейшай тапанімічнай сістэмы. Такія адзінкі былі рэдкім выключэннем сярод айконімаў і урбанонімаў ва ўсёй царскай Расіі. Вядомы даследчык урбананіміі Масквы і іншых рэгіёнаў Расіі М. Гарбанеўскі сярод “мемарыяльных” да падзей 1917 г. называе толькі адзінкавыя айконімы пераважна ў гонар царскай дынастыі: Екацярынбург, Екацярынадар, Паўлаўск, Нікалаеўск, Александропаль і некаторыя іншыя, сярод урбанонімаў – метафарычныя тапанімічныя ўтварэнні, што ўзніклі ў выніку сімвалічнай трансанімізацыі: вул. Екацярынінская, вул. Скобелеўская, вул. Нікалаеўская і інш.

Такім чынам, вельмі тыповай, масавай і характэрнай прыкметай савецкай пары стала “звышпрадуктыўнасць трансанімізацыйнай метафары (перш за ўсё адантрапанімнай – В.Ш.) шляхам стварэння дзесяткаў тысяч мемарыяльных тапонімаў, назваў-прысвячэнняў, назваў-сімвалаў, а таксама спецыфічных спалучэнняў – пэўнага роду метафар і метанімій (айконімы тыпу Вароўскі, Дзяржынскі, Леніна, Мендзялеева, Нагінск, Сечанава і г. д.)”. Айконімы, урбанонімы і іншыя наватворы, што з’явіліся на карце тагачаснага СССР, а гэта дзесяткі тысяч “мемарыяльных” адзінак, якія ў сукупнасці ўяўляюць вялізныя віртуальныя камуністычныя могілкі – ад вуліц Карла Лібкнехта і Клары Цэткін да завулкаў тыпу Паўліка Марозава і тэрарыста Сцяпана Халтурына. Гэта і іншыя культавыя мадэлі, якія былі ўласцівы іменна савецкаму перыяду, былі даведзены да поўнага абсурду” 1[Горбаневский М., 2008, с. 4].

У цэлым, як мы ўжо адзначалі, манаграфія Г. Мезенкі “Віцебшчына ў назвах вуліц” – у многіх адносінах арыгінальная і патрэбная ў беларускай анамастыцы праца, якая адкрывае перспектыву і дае магчымасць даследчыкам глыбока і ўсебакова вывучаць унутрыгарадскія і ўнутрысельскія аб’екты і іх назвы. На жаль, выдадзена яна абмежаваным тыражом (усяго 100 асобнікаў), што адразу робіць яе бібліяграфічнай рэдкасцю.

АСАБЛІВЫ КЛОПАТ НАВУКОЎЦА

[Рэцэнзія на кн.: Лыч, Л. Назвы зямлі беларускай / Л. Лыч. – Мінск: «Універсітэцкае», 1994] // Полымя. – 1996. – № 3. – С. 282–286

Прыемнай навіной для лінгвістаў, гісторыкаў, географаў, пісьменнікаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай нашага народа, з'явілася выданне кнігі вядомага беларускага вучонага Леаніда Лыча «Назвы зямлі беларускай», якая ўбачыла свет у канцы 1994 года ў выдавецтве «Універсітэцкае». Сваю чарговую працу гэты руплівы даследчык духоўнай спадчыны беларускага народа прысвяціў землякам-магілянам (з вёскі Магільнае Уздзенскага раёна на Міншчыне), якія настойліва, гадамі змагаліся за аднаўленне сваёй спрадвечнай назвы, што ў 1979 годзе была гвалтам заменена на Нёман.

Мабыць, з таго ўжо далёкага часу ў няўрымслівага гісторыка абудзілася жаданне дабівацца справядлівасці і змагацца за вяртанне шматлікім беларускім паселішчам іх натуральных назваў, што агулам і без разбору ў масавых маштабах былі заменены на Беларусі ў 30–70 гады. Дастаткова ўспомніць: у той час паралельна з заменай няўдалых, абразлівых, немілагучных найменняў (Махаеды, Ушыўцы, Кабыльнікі, Авечкі, Жаробнае, Плешкі, Быкі і інш.) пракацілася хваля вынішчэння самабытных, арыгінальных народных назваў. Без узгаднення з людзьмі і без асаблівых падстаў былі заменены сотні тапонімаў: Раманава на Леніна, Карпілаўка і Рудобелка на Акцябр, Ігумен на Чэрвень, Койданава на Дзяржынск, Алеськая на Роза Люксембург, Дрыса на Верхнядзвінск, Каралін на Ельск, Прапойск на Слаўгарад, Манастыр на Першамайск, Шацілкі на Светлагорск, Белы Бераг на Красны Бераг і г. д. Толькі ў 1964 годзе «па просьбах працоўных» было перайменавана больш за 300 назваў населеных пунктаў. А зроблена ўсё гэта было ў большасці выпадкаў антыдэмакратычна, непісьменна, з жахлівым парушэннем тагачасных законаў, з ігнараваннем нацыянальнай спецыфікі. Напрыклад, вёскі Раманава, Раманаўка і інш., якіх мноства на Беларусі, ніякіх адносін да царскай дынастыі Раманавых не мелі. Дрыса гучыць не горш, чым Харкаў і Херсон, аднак гэтыя назвы на Украіне ў звышпільных чыноўнікаў з лінгвістычнымі схільнасцямі асацыяцый не выклікалі. Нашы ж змагары з народнай тапанімікай паказвалі ўзоры ўдарнай працы на ніве вынішчэння ўсяго беларускага. Гэта ў тыя гады не па волі народа, а па волі манкуртаў-майстроў ад тапанімікі з'явіліся на Беларускі «шэдэўры» агульнасаюзных узораў тыпу Сірэнеўка, Адчаянны, Баец, Барба, Бязбожнік, Герой, Дзвігацель, Дзевятае Студзеня, Забіяка, Зара Новай Жызні, Зара Свабоды, Красная Плошчадзь, Луч Сонца, Непабядзімы, Пабядзіцель, Пуцяводная Звязда, Рассветная, Рашыцельны, Спутнік Міра, Уютны, Шлях Селяніна і многія іншыя.

Па сутнасці, Леанід Лыч быў, мабыць, першы з гісторыкаў, хто ўслед за шчырым і нястомным рупліўцам на ніве беларускай навукі і культуры Фёдарам Янкоўскім смела загаварыў аб натуральнасці, чысціні ў нацыянальнай тапанімічнай сістэме. Вопыт даследчыка і змагара з бюракратыяй, накоплены ў папярэднія гады, даў магчымасць Л. Лычу падрыхтаваць шэраг публікацый, прысвечаных праблемам беларускага нацыянальнага адраджэння, станаўлення і развіцця беларускай нацыі і яе мовы. Асаблівы клопат навукоўца ў апошнія гады – беларускія тапанімічныя назвы. Уважлівы чытач беларускай перыядычнай прэсы можа ўспомніць яго праблемныя артыкулы «Асцярожна: гісторыя», «Біяграфія ў геаграфіі», «Назвы бацькаўшчыны: вярнуць страчанае» і інш., што былі апублікаваны ў «Звяздзе» і ў «ЛіМе». Зараз Леанід Лыч узначальвае Тапанімічную камісію Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Веларусь, задачы якой – на дзяржаўным узроўні ахоўваць тапанімічныя назвы Беларусі, распрацоўваць заканадаўчыя акты адносна ўжывання гэтых анамастычных адзінак у адпаведнасці з гістарычнымі і моўнымі традыцыямі, даваць кваліфікаваныя парады і рэкамендацыі ўсім зацікаўленым асобам і дзяржаўным структурам, улічваючы самыя разнастайныя патрабаванні да такіх назваў.

Прачытаўшы новую кнігу Л. Лыча «Назвы зямлі беларускай», у якой ёсць раздзелы «Мова зямлі – памятка гісторыі», «Тапанімія як увасабленне жыцця і быту народа», «Міжэтычныя працэсы ў люстэрку тапаніміі», «Страты і шляхі адраджэння нацыянальнай тапаніміі», «Дарагі набытак гісторыі і культуры»* пераконваешся, што вучоны на праблемныя для нашага часу пытанні мае свой адметны пункт гледжання. Ён выступае паслядоўным абаронцам і прыхільнікам нацыянальнай тапанімічнай сістэмы, а самыя тапонімы ў яго ацэнцы (гэтага якраз і не хапала некаторым нашым знакамітым вучоным) разглядаюцца як найкаштоўнейшыя нацыянальныя помнікі, якія ў кожнай цывілізаванай краіне шануюцца і ахоўваюцца. Вопыт народаў былога Савецкага Саюза пераконвае, што там людзі хутчэй за нас пазбаўляюцца бяспамяцтва і манкуртызму, якія культываваліся, ў нас стагоддзямі. На новых картах гэтых народаў зноў з]явіліся Санкт-Пецярбург, Цвер, Ніжні Ноўгарад, Самара, Луганск, Уладзікаўказ, Бішкек, Хаджэнт, Марыупаль, Рыбінск, Іжэўск і многія іншыя спрадвечныя найменні. Мы ж гадамі ламаем коп'і, каб пераканаць апанентаў з вялікадзяржаўным складам мыслення, што, напрыклад, замена назвы Менск на Мінск была вынікам не лінгвістычных (як гэта спрабавалі даказаць, тэндэнцыйна падбіраючы факты, напрыклад, некаторыя гісторыкі), а сацыяльна-палітычных працэсаў, накіраваных на вынішчэнне ўсяго беларускага. А распачата гэта было высо-кімі партыйнымі інстанцыямі ў перыяд першай хвалі рэпрэсій (1929–1933 гг.) супраць надуманых і фальсіфікаваных «нацдэмаў». У апошні час у архівах АН Беларусі даследчыкі знайшлі дакументы, якія яшчэ раз пераконваюць, што – маніпуляцыі з назвамі МенскМінск былі прадыктаваны і інспіраваны зверху, з ігнараваннем грамадскай думкі, з парушэннем нацыянальных традыцый і элементарнай логікі.

У сувязі з гэтым Л. Лыч, безумоўна, правільна ставіць пытанне аб прад'яўленні прэтэнзій да той часткі элітарнай навуковай і творчай інтэлігенцыі (маецца на ўвазе яе склад у 50–60-я гг.), якая, атрымліваючы з народнай кішэні большыя за іншыя катэгорыі людзей сумы на сваё забеспячэнне, у адказны для Беларусі момант не выступіла ў абарону нацыянальнай тапанімікі. Вучоны справядліва піша, што не так балюча і трагічна ўспрымаўся б цяпер вандалізм 1964 года на ніве беларускай тапанімікі, калі б наша навука і куль-тура знаходзіліся ў зародкавым стане, адсутнічалі б людзі заслужаныя і прызнаныя, са званнямі акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, са ступенямі дактароў навук. На той час меліся даволі аўтарытэтныя навуковыя калектывы – акадэмічныя інстытуты мовазнаўства і гісторыі, прамы абавязак якіх пры ўсіх акалічнасцях ад-стойваць натуральнасць народных назваў, сачыць за парадкам у тапанімічнай гаспадарцы, выхоўваць у новых пакаленняў павагу да яе.

Але ж выразна праявіўся сіндром нацыянальнага нігілізму...

Улічваючы, што кніга адрасавана масаваму чытачу, Л. Лыч падсумоўвае шматлікія вядомыя і менш вядомыя факты з гісторыі беларускіх тапанімічных назваў. I ўсюды адчуваецца яго клопат пра адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, нашай мовы, духоўнай спадчыны. I не важна, напрыклад, была бітва нашых продкаў пад Магільным з татарамі ці не, галоўнае, што людзі, якія нарадзіліся і жывуць там, вераць легендзе, змест якой – услаўленне мужнасці і адданасці сваёй радзіме, пашана змагарам, якія злажылі свае галовы, змагаючыся з заваёўнікамі за сваю незалежнасць. I, відаць, у дадзеным выпадку Л. Лыч свядома не звяртаў увагі на выказванне вядомага гісторыка М. Ермаловіча, які ставіць пад сумненне існаванне бітваў нашых продкаў з татарамі пад Магільным і Крутагор’ем (Койданавам). На думку М. Ермаловіча, Магільнянская і Койданаўская бітвы – гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў XVI стагоддзі для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія нібыта толькі адны і маглі супроцьстаяць мангола-татарскім заваёўнікам (гл.: М.I. Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1991. С. 53).

Як нам здаецца, Л. Лыч услед за У. Юрэвічам, А. Рогалевым і некаторымі іншымі беларускімі даследчыкамі анамастычных назваў ажыццявіў удалую спробу запоўніць прагал, які існаваў у навукова-папуляр-ным вывучэнні беларускіх тапонімаў. Бо тое, што было зроблена раней у гэтай галіне навукі, уяўляла ў пераважнай большасці чыста навуковую рас-працоўку праблем беларускай тапанімікі (працы В. Лемцюговай, Г. Мезенкі, большасць прац В. Жучкевіча). У перыяд сучаснага беларускага рэнесансу, масавай зацікаўленасці станаўленнем нашага этнасу, каранямі нашай нацыі ў кожнага свядомага грамадзяніна Беларусі заканамерна праяўляецца павышаная ўвага да роднага паселішча – сваёй маленькай радзімы. I безумоўна, у гэтай кнізе чытач знойдзе для сябе адказы на многія пытанні. Дарэчы, зазначым, што ў рускай тапанімічнай навуцы такіх прац даволі многа. Дастаткова назваць Л. Успенскага, В. Ніканава, А. Суперанскую, Э. Мурзаева, В. Неразнака, А. Папова і іншых.

У кнізе, на нашу думку, не хапае радзела, дзе б была зроблена ацэнка публікацый беларускіх тапанімістаў – папярэднікаў і сучаснікаў Л. Лыча: В. Жучкевіча, В. Лемцюговай, Г. Мезенкі, А. Рогалева, I. Ласкова і іншых. Справа ў тым, што да некаторых актуальных праблем беларускай тапанімікі названыя аўтары падыходзяць па-рознаму. Не ўсё, што апублікавана, асабліва гіпотэзы пра паходжанне некаторых назваў паселішчаў, міжэтнічныя кантакты, працэсы станаўлення этнагенезу і ўзаемадзеяння плямёнаў і іх сляды ў тапаніміцы можна ўепрымаць як бясспрэчныя ісціны. А такіх фактаў цяпер у тапанімічнай навуцы больш чым дастаткова. I, безумоўна, ацэнка раней апублікаванага такім даследчыкам, як Л. Лыч, садзейнічала б стабілізацыі навуковых абагульненняў па ўзнятых праблемах, кансалідавала б навуковыя намаганні па галоўных напрамках гэтай надзвы-чай важнай для нашага часу навукі.

Чытаючы слоўнікі назваў населеных пунктаў Беларусі, падрыхтаваныя Яўгенам Рапановічам, уважліва вывучаючы карту нашай Бацькаўшчыны, міжволі звяртаеш увагу, што ў тапанімічнай сістэме беларусаў, апрача ўласна беларускіх найменняў, замацаваліся, адаптаваліся і прыжыліся некаторыя імёны, прозвішчы, этнанімічныя назвы іншых народаў, пра што даволі паслядоўна і пераканальна апавядае Л. Лыч і ў раздзеле «Міжэтнічныя працэсы ў люстэрку тапаніміі» Аднак, як нам здаецца, дысанансам гучыць выказванне аўтара пра тое, што, напрыклад, яўрэі, якія ў нас на Беларусі жывуць з XIV стагоддзя, не маюць у тапаніміі Беларусі ніводнай назвы этнанімічнага паходжання. Пагартаўшы слоўнікі Я. Рапановіча, можна адшукаць перайменаваныя ў савецкі час назвы Жыдава Буда на Магілёўшчыне, Жыдаўка, Жыдавічы на Міншчыне, Жыдзевічы, Жыдаўшчына, Жыдомля на Гродзеншчыне. З яўрэйскай слабады, якую заснаваў нейкі Давыд у 1847 годзе, вядзе сваю гісторыю вёска Давыдаўка, якая цяпер фактычна акружаная шматпавярховымі дамамі і злілася з Гомелем.

Асобныя этымалогіі тапонімаў Беларусі ў народзе знаходзяць пацвярджэнне ў легендах і наіўных тлумачэннях, абумоўленых пражываннем у пэўных мясцінах яўрэяў. Нагадаем вядомую даволі шырока легенду пра ўзнікненне горада Мазыра (Гл.: кнігу В. Шура. З гісторыі ўласных імёнаў. Мн., 1993. С. 65). На Піншчыне ведаюць легенду пра паходжанне назвы мястэчка Моталь, дзе ў даваенныя часы асноўнай часткай насельніцтва былі яўрэі. А саму назву Моталь звязваюць з яўрэйскім імем ці прозвішчам: «У нас возера таке е, у яго ўпадае Ясельда і з яго выцякае. Па гэтай рацэ плылі дубы. I плыў раз адзін яўрэй Моталь. Угледзеў вон тут остраў і дужа па-раднеў, панаравіўся яму той остраў. Супыніўся, пастроіў хату і стаў жыць з сям'ёю сваёй. Тады пачалі сяліцца іншыя людзі. I назвалі вёску Моталь. I цяпер так завом» (Гл.: «Легенды і паданні». Мн., 1983. С. 306). Мы ўжо не гаворым пра шматлікія мікратапонімы ў ваколіцах мястэчкаў і гарадоў, у якіх нярэдка яўрэі былі асноўнаю часткаю насельніцтва ў даваенныя гады.

У кнізе пераважае сацыяльны аспект аналізу асобных тапанімічных назваў рэспублікі. Разам з тым мы амаль штодзённа сутыкаемся з праблемамі вуснага функцыянавання тапанімічных найменняў, з праблемамі правапісу, перакладу іх з беларускай мовы на іншыя і наадварот, іх суадне-сенасцю з аналагічнымі назвамі ў іншых мовах. Сваіх даследчыкаў чакаюць забытыя «рэпрэсіраваныя» тапанімічныя адзінкі і зусім новыя, нярэдка няўдалыя, анамастычныя найменні, якія патрабуюць грунтоўнай лінгвістычнасацыяльнай экспертызы. I, безумоўна, добрым дарадцам, патрэбнай працай у вырашэнні гэтых актуальных і другіх праблем будзе новая кніга Леаніда Лыча.