
- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
У беларускай анамастыцы традыцыйна выкарыстоўваюцца антрапонімы, утвораныя спосабам асноваскладання, – аб’яднання ў адну адзінку двух-трох прозвішчаў: Дунін-Марцінкевіч, Вярыга-Дарэўскі, Рак-Міхайлоўскі, Воўк-Левановіч, Лада-Заблоцкі, Корш-Саблін, Доўнар-Запольскі, Эпімах-Шыпіла, Бут-Гусаім, Гарват-Гарбач-Гаўрук і інш. Семантычна такія адзінкі блізкія да антрапонімаў тыпу Белавус, Чарнамор, Вяршыгара і інш., што ўтвораны сінтаксічна-марфалагічным спосабам, якіх у беларускай антрапаніміі, паводле аналізу М. Бірылы і Г. Усціновіч, 835 адзінак, што складае 1, 48 % ад агульнай колькасці (56 300) усіх прозвішчаў, засведчаных на беларускім этнаграфічным арэале. Такія онімы ў мастацкіх тэкстах найчасцей, чым звычайныя прозвішчы, сумяшчаюць дыферэнцыйную функцыю, уласцівую ўсім анамастычным адзінкам, з мастацка-эстэтычнай, выяўленчай і ўжываюцца “не проста як імя, г.зн. сродак вылучэння дадзенага персанажа (аб’екта) сярод іншых аднародных, але і як сродак характарыстыкі”. (В. Міхайлаў). Гэтая разнавіднасць прозвішчаў традыцыйна ў грамадстве лічыцца шляхецкай, дваранскай, іх гісторыя стварэння і функцыянавання прасочана больш паслядоўна і выразна ў параўнанні з іншымі мадэлямі анамастычных адзінак. З’яўленне беларускіх двайных ці нават трайных прозвішчаў у ХVІ–ХVІІІ стагоддзях сярод шляхты не было рэдкасцю. Найчасцей шляхецкі гонар, маёмасны статус станавіліся прычынай таго, што пры заключэнні шлюбу ніводзін з маладых не хацеў развітвацца са сваім прозвішчам, у выніку чаго з'яўляліся прыдомкі – спецыфічныя кампаненты, якімі падкрэсліваўся маёмасны статус носьбіта двайнога антрапоніма. Напрыклад, журналіст Юрась Ляшкевіч, прасачыўшы па шматлікіх юрыдычных і царкоўных дакументах свой радавод, які цесна звязаны са Століншчынай, устанавіў, што яго сучаснае прозвішча Ляшкевіч у шматлікіх дакументах ужывалася ў спалучэннях: Зяновіч-Ляшкевіч-Альпенскі або Зяновіч-Ляшкевіч, або Ляшкевіч-Альпенскі, або "пан Ляшкевіч герба Налонч, які мае прыдомкі Зяновіч-Альпенскі" (Гл.: "Звязда", № 1-2, 1998). У частцы такіх шляхецкіх прозвішчаў адзін з прыдомкаў указваў на вотчынную прыналежнасць, паселішча, якім валодалі першыя носьбіты такога прозвішча: Ляшкевіч-Альпенскі (Альпень – вёска пад Столінам), Друцкі-Падбярэзскі (Друцк – у свой час адміністрацыйны цэнтр княства), Бялыніцкі-Біруля і інш. Даследчыца прозвішчаў беларуска-літоўска-польскага пагранічча Ю.А. Гурская выявіла на шырокім лінгвістычным і культурна-гістарычным фоне наступныя двайныя прозвішчы, што ў пераважнай большасці належалі старажытным шляхецкім дынастыям: Аўгуліс-Аўгулевіч, Беразавецкі-Кміта, Бонч-Бруевіч, Барэйка-Барэйковіч, Барэйша-Высоцкі, Война-Аранскі, Война-Пліхта, Война-Рамейка-Ясянецкі, Война-Сокаль, Воўк-Карачэўскі, Воўк-Ланеўскі, Воўк-Левановіч, Гедройць-Юрача, Грум-Гржымайла, Друцкі-Горскі, Друцкі-Любецкі, Друцкі-Сакалінскі, Друцкі-Талачынскі, Дырмонт-Сівіцкі, Ёдка-Даневіч, Ёдка-Наркевіч, Ёдка-Паўловіч, Забельскі-Шчыт, Зяновіч-Карсак, Карафа-Корбут, Корбут-Зелязніцкі і інш. Усяго 63 такія антрапонімы (гл. Ю.А. Гурская. Имя собственное: этимология, национально-культурный потенциал, концептуализация. Диссерт. на соиск. уч. степени доктора филол. наук. Приложение. – Минск: БГУ, 2008. – С. 38–39). Праўда, у савецкі перыяд дваранскія, шляхецкія прозвішчы былі не ў модзе, у той час праходзіў працэс іх актыўнага разбурэння і вынішчэння. Лічылася нават заганным быць афіцыйна засведчаным пад двайным ці трайным найменнем. Пра гэта ўскосна сведчаць, напрыклад, успаміны пісьменніка Юрыя Гаўрука: «Здзіўляла мяне двайное і нават трайное прозвішча бацькі: Гарват-Гарбач-Гаўрук. Адкуль узялося такое дзіўнае спалучэнне, ніхто мне не растлумачыў, павялося яно, мабыць, яшчэ з часоў прыгону. Пазней гэта прозвішча раскалолася. Старэйшы брат Сцяпан пакінуў сабе прозвішча Гарбач, а бацька і яго малодшыя браты – Гаўрук. «Гарват» паступова адваліўся».
Між іншым, у дарэвалюцыйныя часы на Мазыршчыне маёнткам Барбароў валодаў пан Горват, а ў суседняй Нароўлі ён меў вінакурны завод і прадпрыемства па выпуску кандытарскіх вырабаў. Цяпер гэта кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін». Як нам здаецца, пісьменнік Ю. Гаўрук свядома не хацеў гаварыць аб сваім шляхецкім паходжанні, асабліва калі ўлічыць, што ён у трыццатыя гады быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і доўгія гады працаваў на самых цяжкіх вытворчасцях у Карэліі, Усходняй Сібіры, Рэспубліцы Комі і інш.
Дарэчы тут адзначыць, што частка беларусаў, асабліва беларусы-католікі, маюць двайныя і нават трайныя ўласныя імёны. Прыкладам могуць быць факты з біяграфіі нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі Тадэвуша Касцюшкі, які меў трайное імя Андрэй-Тадэвуш-Банавентура. Даследчыкі яго жыццёвага лёсу паведамляюць, што першае імя Касцюшкі Андрэй – праваслаўнае, другое (Фадзей-Тадэвуш) – уніяцкае, трэцяе Банавентура – каталіцкае. Адсюль і непаразуменні з датай яго нараджэння. Адны лічаць яе 4 лютага 1746 года паводле запісу аб хрышчэнні ў Косаўскім касцёле, іншыя называюць 30 лістапада 1745 года на той падставе, што хрысцілі яго спачатку ў праваслаўнай царкве і далі імя ў гонар Святога Андрэя першазваннага, свята шанавання памяці якога прыпадае на гэты дзень (Краязнаўчая газета, 2009, №31(288) С. 71).
У творах беларускай, рускай, украінскай мастацкай літаратуры, фальклоры такія двайныя прозвішчы выкарыстоўваюцца не толькі для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў шляхты, дваранства. Там яны выконваюць і традыцыйна замацаваную за гэтай мадэллю мастацка-эстэтычную функцыю – алюзійна пацвярджаюць радавітасць, высакароднасць шляхты, а ў сатырычных творах такія онімы, іх носьбіты – аб’екты своеасаблівага сарказму, іроніі мастакоўскіх здзекаў, насмешак. Параўнаем, напрыклад, у рускай літаратуры класічныя персанажы з твораў М. Гогаля, М. Някрасава, А. Чэхава тыпу Цяпкін-Ляпкін, Неўважай-Карыта, Сквазнік-Дмуханоўскі, Аболт-Абалдуеў, Перасвет-Жаба і інш.
Гэтая мадэль антрапонімаў, як лічаць А. Супяранская і А. Суслава, пад уплывам беларускага шляхецкага анамастыкону атрымала прадуктыўнасць і ў рускай мове. У прыватнасці, яны адзначаюць, што асаблівую цікавасць уяўляюць двайныя прозвішчы, часткі якіх пачынаюцца на адзін і той жа гук або склад, утвараючы каламбурныя спалучэнні. Часцей за ўсё гэта прозвішчы польска-літоўска-беларускага паходжання: Тур-Тубельскі, Грум-Гржымайла, Біруля-Бялыніцкі, Серб-Сербін, Міклуха-Маклай, Бонч-Бруевіч, Ян-Янчэўскі і інш. Некаторыя з такіх адзінак узніклі на тэрыторыях з неаднародным нацыянальным складам як вынік рознай у часе і характары пісьмовай фіксацыі імя адной і той жа сям’і. Двайныя і нават трайныя антрапонімы дапамагалі таксама размежаванню асобных галін старажытных дваранскіх родаў: Варанцовы-Вельямінавы, Варанцовы-Дашковы, Мусіны-Пушкіны і інш. [Суперанская А., 1981, с. 26].
Як ужо адзначалася, нярэдка двайнымі шляхецкімі прозвішчамі падкрэслівалася веліч радавітых шляхецкіх родаў, знакамітых магнатаў. Так, Г. Кісялёў зрабіў спробу паказаць, які ўклад унеслі шматлікія Карафа-Корбуты ў навуку, культуру Беларусі, Польшчы... Даследчык запісаў успаміны аднаго з нрадстаўнікоў Карафа-Корбутаў, які наступным чынам тлумачыць узнікненне свайго экзатычнага прозвішча, якое, як прасочана, пашырана ў асноўным каля Слуцка, Бабруйска, Петрыкава, Глуска. «Фамілія Карафа-Корбут утварылася шляхам аб’яднання двух родаў (дваранскіх фамілій): Карафа – італьянцы, Корбут – палякі (мабыць, трэба разумець – беларусы – В. Ш.). Пра польскага камерсанта Корбута вядома, што ў XVIII ст. ён меў канцэсіі на гандаль сукном у многіх краінах Еўропы. На гэтых раздарожжах яго дачка сустрэлася з італьянскім афіцэрам графам Карафа (імёны іх невядомыя) і выйшла за яго замуж... У перыяд пашпартызацыі (1930) у Кацярынаславе нам выдалі пашпарты з выдаленнем з прозвішча адной літары «ф», тое ж адбылося і з Міхалам Іванавічам Карафа-Корбутам на Беларусі. Хоць у пасведчаннях аб нараджэнні было два «ф». I ў мінулым адбываліся такія ж казусы... Радаводная карта, якую я бачыў у сябе дома, выглядала так: на тоўстым белым кардоне, падклееным ззаду батыстам, велічынёю ў разгорнутым выглядзе з паверхню аднатумбовага пісьмовага стала. У левым верхнім рагу карты радавы герб. Праз усю карту ад герба прозвішча: КАРАФФА-КОРБУТ. У кожным квадраціку значылася мужчынскае імя. Імёны былі шматнацыянальныя, у тым ліку мноства беларускіх, рускіх, польскіх, італьянскіх, французскіх» (гл.: Кісялёў Г. Хто вы, Карафа-Корбуты? – «Полымя». – 1992. – № 3. – С. 180).
Пісьменнік Уладзімір Ліпскі, высвятляючы спрадвечныя карані шляхецкага роду Вікенція Дуніна-Марцінкевіча, устанавіў, што радаводны герб беларускага песняра мінулага стагоддзя называўся “Лебедзь”. Ён меў наступныя выявы: на чырвоным полі – срэбраны лебедзь. I ў кляйноце над шлемам такі ж лебедзь. Велічная птушка з узнятымі крыламі ўпэўненай постаццю выклікае давер, павагу і замілаванасць. Яна цвёрда стаіць на кароне. Яна гатова ўзляцець з яе ў нязведаныя высі. Пачцівая птушка, – разважае далей У. Ліпскі, – як бы ў аснове падмурка герба і на яго вяршыні, на самай кароне. Гэта знак таго, што род Марцінкевічаў даўні, чысты і знакаміты. Гісторыя гэта пацвярджае: герб “Лебедзь” засведчаны яшчэ ў сярэдневечча, з 1257 года. Ім карысталіся 215 сем’яў. Адны з “прыдомкамі” Дунін, іншыя – без яго. Старажытны герб мелі Дуніны-Баркоўскія, Дуніны-Галавінскія, Дуніны-Вольскія, Дуніны-Раецкія. Пад гэтым слаўным знакам хадзілі і нейкія Дуніны-Ліпскія, але пра іх пакуль невядома ні радка. Карысталіся “Лебедзем” дваранскія роды: Аўдыцкія, Баневічы, Бельскія, Багдановічы, Буйніцкія, Бутрымовічы, Бжэзінскія, Галінскія, Граеўскія, Гурскія, Камароўскія, Краеўскія, Кудрэвічы, Любінскія, Маеўскія, Мажэйкі, Петрашкевічы, Пілецкія, Сямашкі, Тамашэвічы, Валадкевічы, Завішы, Жукоўскія, Янчэўскія... (Гл.: У. Ліпскі. Дунін-Марцінкевіч і пінская шляхта. – "ЛіМ", 11 лютага 1994).
Умела выкарыстоўвалі такія прозвішчы з мастацка-эстэтычнымі мэтамі Я. Купала, Я. Колас, Я. Брыль, У. Караткевіч, Ф. Янкоўскі і інш. Прасочым гэта на прыкладах з іх твораў. У некаторых беларускіх шляхецкіх, паводле Я. Коласа, і іншых сацыяльна падвышаных прозвішчах (Будан-Рыльскі, Срэтун-Сурчык, Ромава-Рымша-Сабур, Буцянёў-Храптовіч і інш.) выяўляецца іх празрысты падтэкст, спецыяльна ажыўлены мастаком слова праз апелятывы, аўтарскія каментарыі, удакладненні, заўвагі.
Шляхецкім паводле структуры з’яўляецца прозвішча Будан-Рыльскі ў драме Я. Коласа “Вайна вайне”, якое пісьменнік выкарыстаў для ідэнтыфікацыі земскага начальніка, афіцэра царскай арміі, зацятага прыхільніка старога рэжыму. У кантэксце драматург абыгрывае яго, падбіраючы да оніма сугучныя, штучна створаныя онімы і апелятывы: Марына: План іх пякельны. Мы, – кажа гэты Будан-Рыльскі, – пастроім так, што іхняе братанне самі немцы расстрэльваць будуць Сцеражыцеся! Вы можаце загубіць тысячы людзей, вас змяшаюць з прахам: артылерыя папярэджана і падгатавана, яна на іх баку.
Алесь. Будан-Рыльскі! Удалае імя! Будан-Бруднае Рыла! [К-с, Х, с. 172].
Такім чынам, драматург іранічнай рэплікай Алеся раскрывае канатацыйны бок оніма і робіць гэтае знешне высакароднае прозвішча негатыўна заніжаным, ажыўляючы семантыку апелятыва і выяўляючы ў ім сугучнасць з кампанентамі прозвішча: Рыльскі – Рыла, бо рыла – гэта лыч у свінні, а таксама абразлівы сінонім-характарыстыка твару чалавека ды яшчэ з прыдомкам-азначэннем Брудны. Такім чынам, актуалізатарам іроніі і пеяратыўнай экспрэсіўнасці ў гэтай складанай антрапаформуле з’яўляецца постпазіцыйнае выкарыстанне ў рэпліцы персанажа змененага варыянта прозвішча (Будан-Бруднае Рыла) са стылістычна зніжанай афарбоўкай, якая ў гэтым кантэксце выразна кантрастуе з афіцыйным варыянтам гэтага сацыяльна падвышанага оніма. Сарказм у гэтым ускладненым кампанентамі прозвішчы памацняецца інтэнсіфікатарамі з процілеглым значэннем “удалае імя” і, безумоўна, празмернай структурнай нязвыкласцю, якія, на думку Б. Унбегауна, звычайна ўласцівы штучным, прыдуманым онімам [Унбегаун Б., 1989, с. 194]. Прысутнічае ў рэпліцы Алеся і мастацкая этымалагізацыя оніма, у выніку якой каламбурна збліжаюцца словы-антрапонімы без іх семантычнай роднасці (Рыльскі і Рыла). Канатацыйны кампанент у семантыцы гэтага грувасткага антрапоніма рэалізуецца праз мімезісныя рэдублікаты, што выступаюць не “копіяй” афіцыйнага прозвішча, а яго трансфармаванымі рэпрэзентамі (са змяненнем усталяванай анамастычнай мадэлі і павелічэннем кампанентаў складанага цэлага). Канатацыйная сутнасць створанай пісьменнікам антрапаформулы ўзмацняецца і слыхавой алітэрацыяй, якая выразна выяўляецца пры вымаўленні пачатковых кампанентаў перайначанага прозвішча: Б – Бр – Р – Будан-Бруднае Рыла (звычайна пра нешта брыдкае, непрыемнае – В. Ш.).
Такія шляхецкія прозвішчы ў мастацкай літаратуры пад пяром пісьменнікаў нярэдка робяцца аб’ектам вычварнай аўтарскай іроніі, сродкам своеасаблівага мастакоўскага здзеку. Складанае найменне дае магчымасць мастаку дасягаць выключнай выразнасці ў абмалёўцы і характарыстыцы літаратурнага персанажа: Класны пакой і кватэра настаўніка былі ў такім непрыглядным стане, што Лабановіч падумаў: “Куды я папаў?” Шум расчыненых дзвярэй патрывожыў сон ляжаўшага чалавека. Ён заварушыўся, з-пад дзяругі паказалася ўскудлачаная чарнявая галава. Лабановіч адразу пазнаў, каму яна належыць: на ложку ляжаў тутэйшы настаўнік з громкім прозвішчам на дваранскі лад – Срэтун–Сурчык [К-с, ІХ, с. 381].
Як было высветлена, гэтае рэальнае двайное прозвішча пісьменнік свядома крыху змяніў, увёўшы ў мастацкі тэкст трылогіі. Устаноўлена, што пасля працы на Піншчыне К. Міцкевіч (Я. Колас) быў пераведзены настаўнікам у Верхмень (цяпер Смалявіцкі раён на Міншчыне), там ён замяніў настаўніка Трафіма Мікітавіча Сертун–Сурчыка, які дэградаваў як асоба, як настаўнік абыякава, безадказна ставіўся да свайго асноўнага занятку – навучання і выхавання дзяцей [Жыгоцкі М., 1993, с. 13]. Адсюль, мабыць, трэба выяўляць і пазіцыю Я. Коласа да падбору прозвішча адпаведнаму персанажу трылогіі: пісьменнік мэтанакіравана ў першым слове двайнога ўласнага наймення памяняў месцам гукі–літары ў пачатковым складзе, і антрапонім найперш ператварыўся ў трапнае слова-характарыстыку з выразным негатыўным падтэкстам: Сертун–Сурчык → Срэтун–Сурчык. А фармаванне вобразаў у творах Я. Коласа, як правіла, вельмі часта пачынаецца з апісання партрэта персанажа, яго прозвішча або мянушкі. Магчыма, што тут пісьменнік улічваў і яшчэ адну характэрную асаблівасць такіх сацыяльна падвышаных прозвішчаў: у асяроддзі польскай, беларускай, украінскай шляхты, магнатаў двайнымі прозвішчамі падкрэслівалася веліч радавітых шляхецкіх дынастый, іх багацце, высакароднасць. Такія антрапонімы, як мы ўжо адзначалі, нярэдка пачыналіся з аднолькавых складоў ці аднолькавых гукаў: Карафа-Корбут, Бялыніцкі-Біруля, Гарват-Гарбач-Гаўрук, Бонч-Бруевіч. Гэтыя асаблівасці выяўляюцца і ў прозвішчы Срэтун–Сурчык, аднак апісанне паводзін гэтага гора–інтэлігента, шляхціца, яго знешні выгляд, бытавыя ўмовы, створаныя ім самім, сведчаць, што Срэтун–Сурчык – поўная процілегласць тым, хто быў носьбітам такіх прывілеяваных прозвішчаў, хто працягваў традыцыі некалі знакамітай і высакароднай шляхты. У такім кантэксце прысутнічае і такая стылістычная фігура, як астэізм – пахвала ў форме знявагі, аформленая ўжываннем разгорнутай іроніі, у выніку якой сацыяльна падвышанае і знешне высокароднае прозвішча набывае зневажальна-камічны эфект. Такім чынам, пісьменнік з дапамогай антрапоніма свядома падкрэсліваў неадпаведнасць у паводзінах чалавека, які, маючы высакароднае прозвішча, будучы інтэлігентам, паводзіў сябе далёка не па-шляхецку. Выраджэнне беларускай шляхты, якая страчвала свае лепшыя якасці, традыцыі адзначаў Я. Колас і ў эпізодзе суда над Лабановічам і яго сябрамі: За суддзямі, таксама захоўваючы саслоўныя традыцыі, ішлі: напышлівы прадстаўнік дваранства, мінскі губернскі маршалак Ромава-Рымша-Сабур, член управы Яцкевіч, які прыбыў замест гарадскога галавы [К-с, ІХ, с. 684]. Непамерную пыхлівасць, недаступнасць маршалка падсвядома падкрэслівала і яго трохіменне – Ромава-Рымша-Сабур, у якім у першых двух словах паўтараюцца з нязначнымі зменамі кампаненты Ром-Рым, якімі на інтуітыўным узроўні ці, магчыма, нават мэтанакіравана па задуме Я. Коласа, іранічна намякаецца, падказваецца чытачу, што ўладальнік такога грувасткага антрапоніма – нашчадак ці не рымскай арыстакратыі, самай знакамітай і самай старажытнай ва ўсёй Еўропе. Між іншым, у легендзе пра паходжанне бязмерна багатых нясвіжскіх Радзівілаў паведамляецца, што пачынальнікам гэтага княжацкага роду быў Дорспрунг – высакародны патомак рымскай арыстакратыі, які нібыта морам дабраўся да Літвы-Беларусі і заснаваў там паселішча Раманову (Новы Рым). А як вядома, бацька Я. Коласа – Міхал Міцкевіч быў лесніком ва ўгоддзях нясвіжскіх Радзівілаў.