
- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
Мясцовы каларыт у мастацкім творы, які сродкамі мовы традыцыйна перадаецца тыповымі для пэўнай тэрыторыі рэгіянальнымі анамастычнымі назвамі, асабовымі ўласнымі імёнамі, разнастайнымі тапонімамі, прозвішчамі, этнаграфічнымі і іншымі дыялектызмамі, стаў у сучаснай беларускай літаратуры неад’емным стылявым кампанентам, які набыў асаблівасць актуалізатара камунікацыі «для рэалістычнага паглыблення твора, свядомай «прывязкі» яго да адпаведнай мясцовасці ці рэгіёна ў цэлым» (М. Грынчык).
Рэдка знайсці сярод беларускіх пісьменнікаў, хто б не звяртаўся, напрыклад, да праблем і сюжэтаў Палесся. У ліку тых, хто пераканальна ў сваіх творах адлюстраваў асаблівасці гісторыі, прыроды, самабытнай культуры, этнаграфіі, мовы, фальклору, анамастыкі насельніцтва гэтага краю, неабходна назваць Янку Купалу, Якуба Коласа, Янку Маўра, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменку, Івана Шамякіна, Барыса Сачанку, Віталя Вольскага, Рыгора Барадуліна, Янку Сіпакова, Уладзіміра Дубоўку, Усевалада Краўчанку, Піліпа Пестрака, Веру Палтаран, Фёдара Янкоўскага, Уладзіміра Верамейчыка, Міколу Мятліцкага, Віктара Казько, Міколу Ракітнага, Рамана Сабаленку, Анатоля Грачанікава, Леаніда Дранько-Майсюка, Яўгенію Янішчыц, Міколу Пракаповіча, Андрэя Федарэнку, Анатоля Сыса, Анатоля Бароўскага, Васіля Ткачова, Івана Капыловіча, Міколу Капыловіча, Уладзіміра Ліпскага і інш.
Ніводзін з гэтых пісьменнікаў, перадаючы самыя розныя асаблівасці гэтай адметнай паўднёвай часткі Беларусі, не абыходзіўся без рэальных або створаных па ўсталяваных мадэлях выдуманых паэтонімаў, якія апелятывамі, асацыятыўнымі і словаўтваральнымі асаблівасцямі онімаў нагадвалі існуючыя і тыповыя для значнай часткі поўдня Беларусі тапонімы або разнастайныя і характэрныя Палессю антрапонімы. Безумоўна, творы, насычаныя мясцовымі моўнымі элементамі, карцінамі побыту, прыродаапісальнымі замалёўкамі не павінны быць данінай натуралізму, што, дарэчы, часам уласціва некаторым нарысам. Сапраўдныя мастакі слова інтуітыўна адчуваюць неабходнасць увядзення ў твор натуральных анамастычных адзінак, тыповых для пэўнага, звычайна акрэсленага ў часе і прасторы рэгіёна. У мастацкіх творах названых пісьменнікаў пра Палессе, як сведчыць аналіз, прысутнічае мастацкая заглыбленасць, шырыня погляду на гэты край і на жыццё ў цэлым, лірычна-музычная настраёвасць і інш.
Рэгіянальныя онімы маюць свае адметнасці: ім звычайна ўласцівы як асноўная прыкмета пэўныя дыялектна-этнаграфічныя асаблівасці, праз такія адзінкі асацыятыўна перадаецца не толькі мясцовы, лакальны каларыт, на які нярэдка накладваюцца гістарычныя, эканамічныя, культуралагічныя канатацыі і інш. Літаратурныя ж онімы, апрача гэтых асноўных асаблівасцей (адраснай, дыферэнцыйна-прасторавай), выконваюць яшчэ і кумуляцыйную, а таксама ідэйна-эстэтычную і некаторыя іншыя: першая з іх знаходзіць сваё выражэнне ў адметным для ўсіх уласных імёнаў нацыянальна-культуралагічным кампаненце", другая – у яго ідэйна-эстэтычным аспекце, што дазваляе пісьменніку "праз онімы, уведзеныя ў кантэкст, выражаць свой светапогляд і ацэнку адлюстраванага ў творы, перадаваць думкі і пачуцці персанажаў [Я. Верашчагін, В. Кастамараў]. З выкарыстаннем разнастайных рэальных онімаў, слоў-храматонімаў, дыялектызмаў, іх разнавіднасцей, тэматычных прафесіяналізмаў у спалучэнні з іншымі разнавіднасцямі лексічных адзінак, што характарызуюць самыя розныя паняцці і катэгорыі этнакультурнага зместу, пісьменнікі ствараюць мастацкі тэкст, насычаны багатай інфармацыяй, які незалежна ад яго жанравай спецыфікі ўяўляецца цэласным структурна-сэнсавым адзінствам, служыць асноўнай мэце мастацкай камунікацыі – уздзеянню на чытача і данясенні да яго задуманай пісьменнікам ідэі. Такім чынам, ствараецца агульны мастацкі фон і тэкст як дынамічнае камунікатыўнае ўтварэнне вышэйшага ўзроўню. Анамастычны канцэпт, словы-дамінанты ў такім арганізаваным адзінстве звычайна матывуюцца ідэйным зместам твора, часам яго стварэння, пазіцый аўтара, яго ўменнем праз выбар слова, яго варыянты ўздзейнічаюць на чытача (слухача), мэтанактравана арыентуючыся, напрыклад, для фармавання агульнай семантычнай структуры мастацкага тэксту на словы-этнаграфізмы, на тыя лексічныя, пераважна анамастычныя адзінкі, якія выразна дэманструюць паняцці этнакультурнага характару і ў сукупнасці ствараюць у дасведчанага чытача вобразныя алюзіі, асацыяцыі, а таксама перадаюць каларыт рэгіёна, часу. Такі падыход у выбары онімаў Палесся выразна прасочваецца на фоне агульнай творчасці У. Верамейчыка, М. Мятліцкага, С. Шах, Я. Янішчыц і іншых паэтаў, ураджэнцаў Палесся. У сувязі з гэтым пісьменнікі, як сведчыць аналіз іх творчасці, прадумана, мэтанакіравана ставяцца да выбару адпаведных анамастычных адзінак для стварэння натуральнай для пэўнага рэгіёна "анамастычнай прасторы" ў мастацкім тэксце.
Вядома, што анамастычная прастора любога мастацкага твора фармуецца не стыхійна, а складаецца з сукупнасці мэтанакіравана падабраных паэтонімаў – разнастайных тапонімаў, асабовых уласных імёнаў, мянушак, прозвішчаў, іншых анамастычных адзінак, а літаратурныя персанажы (аб’екты) атрымліваюць онімы выбраныя або створаныя мастаком у залежнасці ад агульнай канцэпцыі твора, яго жанравай спецыфікі і той функцыі (камунікатыўнай і мастацка-эстэтычнай), якую пісьменнік адводзіць кожнаму літаратурнаму герою (аб’екту) ў сюжэтных калізіях. Так, характэрныя асаблівасці прыроды Палесся, яго нялёгкай гісторыі пераканальна перадаюць добра падабраныя гаваркія тапонімы, на паходжанне і празрыстасць семантыкі якіх падкрэслена звярнуў увагу ў мастацкім тэксце Віталь Вольскі: Прыслухайцеся да такіх назваў палескіх сёл, як Белая Лужа, Жоўты Бераг, Ставок, Прудок, Бродніца, Парэчча, Макрэц, Гліна, Пяскі, Замошша, Рагозна, Арэхава, Бярозцы, Сосны, Вербавічы. У гэтых назвах трапна і выразна адлюстраваны прыродныя асаблівасці нізіннага, лясістага, балоцістага і пясчанага краю... Мясцовыя жыхары часта дамешвалі да жытняй мукі кару дрэў, сухія травы, мох і розныя карэнні. Памяць аб гэтых нядобрых часах захавалася ў такіх красамоўных назвах палескіх вёсак, як Караеды і Махаеды. Удумайцеся ў сэнс гэтых слоў!.. (В.Вольскі. «Падарожжа па краіне беларусаў»).
Такія рэальныя і створаныя фантазіяй пісьменніка онімы памацняюць рэгіянальную праўдападобнасць мастацкага твора, перадаючы спецыфічны каларыт. Гэта найперш дасягаецца вывераным наборам тыповых для пэўнай мясцовасці і створаных фантазіяй пісьменніка анамастычных адзінак, якія выразна падкрэсліваюць, напрыклад, асаблівасці флоры, рэльефу – гэтай некалі вельмі забалочанай і лясістай часткі поўдня Беларусі: Глухі востраў, Доўгі брод, Гнілое балота, Курані, Забалацце, Вялікі Бор, Замошша. Такія словы на фоне шырокага кантэксту выяўляюць празрыстасць унутранай формы, яны, улічваючы зразумелую не толькі аўтару семантыку апелятываў гэтых онімаў, лёгкія на ўспрыманне чытачом, ствараюць па ходу сюжэту натуральнае ўяўленне аб мясцовасці, асаблівасцях наваколля, укладзе жыцця мясцовага насельніцтва. У мове пісьменнікаў такія адзінкі, як і дыялектызмы, гаворачы словамі У. Дубоўкі, «маюць сувязь у гучанні і будове з рэштай агульнавядомых слоў», узбагачаюць рэгіянальны кампанент і агульны змест твора. Такім чынам, шматлікія рэальныя і выдуманыя онімы, уведзеныя ў мастацкі тэкст, пачынаюць жыць сваім самастойным літаратурным жыццём, з’яўляючыся каларытным увасабленнем агульнанацыянальных і мясцовых асаблівасцей беларускай зямлі, выступаюць як выразны стылістычны сродак. Рэгіянальны каларыт, які ў мастацкім тэксце ствараецца шырокім выкарыстаннем дыялектызмаў, характэрных для пэўнага рэгіёна онімаў, онімаў-алюзій, онімаў-сімвалаў падрабязным апісаннем бытавых рэалій, выконвае ў творах некалькі функцый: апрача назыўной, такія паэтонімы істотна пераасэнсоўваюцца, па-мастацку ўзбагачаюцца ўмела пададзенай самай разнастайнай інфармацыяй, этымалагізуюцца спецыфічнымі заўвагамі, рэплікамі аўтара або літаратурных персанажаў, каментарыямі, узятымі ў дужкі, двукоссі і інш., у якіх звычайна ўтрымліваюцца мала вядомыя звесткі з мінулага і адметнага пра аб’ект і інш.
І калі ў звыклых, натуральных для беларускай мовы онімах канатацыйны аспект слова выступае аслаблена, нейтральна (Гомель, Орша, Пятро, Ярашэвіч і інш.), то, напрыклад, у назвах «малой радзімы» мастака, апетых у яго творах, пераважна дамінуюць онімы, ускладненыя нацыянальна-рэгіянальнымі і нацыянальна-культуралагічнымі канатацыямі, алюзійнымі элементамі, дзе ў той ці іншай меры выяўляецца біяграфічны, гістарычны, этнаграфічны, міфалагічны, фалькларыстычны і іншы аспекты такіх адзінак (Мікалаеўшчына, Нёман, Прыпяць, Альбуць, Глінішчы, Загор’е, Багацькаўка, Саматэвічы, Давыд-Гарадок, Боркі, Вялікі Бор, Цімкавічы, Бабчын, Ліхаўня і інш.). У гэтых онімах выразна актуалізуюцца апасродкавана-асацыятыўныя асаблівасці, навеяныя ўспамінамі пісьменніка пра вядомых у наваколлі асоб, гістарычнымі падзеямі, уражаннямі яго дзяцінства, ускладненымі іншым жыццёвым вопытам. У творах сапраўдных майстроў мастацкага слова, як сведчыць аналіз іх творчасці, онімы малой радзімы пісьменніка выступаюць “як індывідуальныя моўныя элементы, што пранізваюць усю структуру мастацкага твора і вызначаюць узаемасувязь і ўзаемадзеянне ўсіх кампанентаў тэксту” (В. Вінаградаў).
Так, тапонім Палессе ў сувязі з яго шырокім ужываннем у творах літаратуры стаў выступаць абагульняльным знакам вялікіх і малых мастацкіх тэкстаў, набыў па волі пісьменнікаў (не толькі ўраджэнцаў гэтага краю – В.Ш.) асаблівасць оніма-сімвала. У шэрагу выпадкаў яго выкарыстоўваюць як бібліонім у якасці загалоўка мастацкіх твораў або іх частак. Параўн.: зборнік вершаў А. Грачанікава «Палессе», кніга нарысаў В. Вольскага «Палессе», цыкл апавяданняў Б. Сачанкі «Палессе», «Палескія рабінзоны» Я. Маўра, «Палеская рапсодыя» У. Дубоўкі, трылогія І. Мележа «Палеская хроніка», раман В. Казько «Цвіце на Палессі груша», зборнік вершаў А. Дудара «Палескія ночы», апавяданне У. Краўчанкі «Вясна на Палессі» і інш.
Некаторым пісьменнікам уласціва як мастацкі прыём спроба апісання і этымалагізацыі рэальных онімаў, у тым ліку і іх паходжання. Дзеля гэтага шырока выкарыстоўваюцца факты з розных крыніц, якія інтэрпрэтуюцца з народнымі легендамі, паданнямі, уласнымі ўражаннямі ад убачанага і пачутага ў час наведвання розных куткоў краю. Віталь Вольскі, напрыклад, пачынаючы сваю грунтоўную кнігу-нарыс «Палессе», адзначаў: «А што такое Палессе? Што азначае гэтае слова? Па звычцы я зазірнуў у слоўнік Даля. Палессе – «дробны лес, лясістая старана». Так сказана ў слоўніку. З назвы, якую нашы продкі далі гэтаму краю, відаць, што асноўнае, найбольш характэрнае для яго – лес. Ёсць у слове «палессе» яшчэ і другі сэнс – «паляванне, звярыны промысел». Слова «палясоўшчык» мела калісьці той жа сэнс, што і слова «паляўнічы».
Спачатку «паляваннем» называлася, мусіць, здабыванне звера ці птаха толькі ў полі, а «палессем» – толькі ў лесе. Потым слова «палессе» было цалкам выціснута словам «паляванне», якое пачалі ўжываць ва ўсіх выпадках, незалежна ад таго, дзе яно адбываецца, у полі ці ў лесе. Слова «палессе» засталося ў сучаснай мове толькі як геаграфічнае разуменне, як назва мясцовасці. «Палессе» – лясісты край, таксама як «Паазер’е» – край азёрны» (В.Вольскі. «Палессе»).
У ранніх творах Якуба Коласа назва Палессе ўвасабляла не толькі лакальную фізіка-геаграфічную частку ўсходняй Еўропы паміж Бугам і Дняпром, а і сімвалізавала аддалены, забыты Богам і людзьмі «край лясоў, край балот», «усё балоты ды балоты!», «хоць бы поле заблішчала, Хоць бы вёска ўжо хутчэй!» Да Кастрычніцкай рэвалюцыі гэтая назва пераважна была сімвалам глухога, закінутага краю, яго эканамічнай і культурнай адсталасці. У тагачаснай творчасці Я.Коласа онім Палессе ўваходзіў у структуру загалоўкаў наступных твораў: «Палеская глуш» – адзін з варыянтаў назвы трылогіі «На ростанях», апавядання «Палеская вёска», вершаў «Палескія вобразы», «Вечар на Палессі», «Вясна на Палессі», аповесцяў «У глыбі Палесся», «У палескай глушы», драмы «У пушчах Палесся» і інш. У яго творах онім Палессе ці яго варыянты – кампанент у структуры наступных складаных назваў: Палеская нізіна, Мазырскае Палессе, Пінскае Палессе, Рэчыцкае Палессе, Савецкае Палессе. Гэтая назва, яе варыянты засведчаны ў 39 мастацкіх творах і пісьмах пісьменніка і ўжываюцца ў яго тэкстах 212 разоў [Анамастычны слоўнік, с. 436–438]. У сучаснай мастацкай і навуковай літаратуры тапонім Палессе (першае ўпамінанне якога адносіцца да 1274 г. (А.Рогалеў), засведчаны з самымі разнастайнымі азначэннямі: Убарцкае Палессе, Рэчыцкае Палессе, Брэсцка-Пінскае Палессе, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе, Мазырскае Палессе, Мазырска-Пряпяцкае Палессе, Беларускае Палессе, Надпрыпяцкае Палессе, Прыпяцкае Палессе, Пінскае Палессе, Літоўскае Палессе, Украінскае Палессе, Гомельскае Палессе, Драгічынскае Палессе, Правябярэжнае Палессе, Валынскае Палессе, Глухое Палессе, Малое Палессе, Чарнігаўска-Сумскае Палессе і інш.
У савецкі час Палессе ў творах Якуба Коласа, Янкі Купалы і іншых пісьменнікаў – гэта ўжо не сумны непраходны край суцэльных лясоў і грузкіх бязмерных балотных абшараў, наадварот, у іх тэкстах гэты онім стаў уяўным сімвалам перамогі новага ладу над старым: Шуміць і гамоніць Савецкае Палессе, і новыя акорды гучаць у гэтым шуме і ў гэтым гомане [Я.Колас «Дрыгва»]. У той час як даніна модзе некаторыя традыцыйныя назвы паселішчаў, якія нібыта мелі немілагучныя, абразлівыя ці іншыя асаблівасці, што не адпавядалі тагачасным сацыяльна-эканамічным і ідэалагічным пераменам, былі заменены на новыя, штучныя, у якіх, на думку іх стваральнікаў, адлюстроўваліся надзеі і спадзяванні на лепшае жыццё, ушаноўвалася памяць пра вядомых дзеячоў, сімвалізаваліся станоўчыя з’явы ў грамадстве і інш. Такой анамастычнай адзінкай у той перыяд з’яўляўся і онім Палессе, асабліва з азначэннем Новае, Савецкае. Ім былі заменены некалькі айконімаў на Гомельшчыне: Палессе – паселішчы ў Петрыкаўскім (да 1964 г. Падканаплішча), Рэчыцкім (да 1938 г. Папоўкі), Светлагорскім (да 1939 г. Кабыльшчына), Новае Палессе (да 1964 г. Каросцін) у Лельчыцкім, Палеск у Ельскім і іншых раёнах.
Мясцовыя газеты ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны таксама ў сваіх загалоўках утрымлівалі ці ўтрымліваюць кампанент Палессе ці яго варыянты: «Камуніст Палесся», «Жыццё Палесся», «Бальшавік Палесся», «Новае Палессе», «Палескія навіны» і інш. Гэты часты тапонім нярэдка паўтараецца ў афіцыйных назвах шматлікіх калгасаў, саўгасаў, навучальных устаноў, вытворчых аб’яднанняў, дзяржаўных арганізацый Гомельшчыны і Брэстчыны, што, безумоўна, збядняе традыцыйную і самабытную гаму анамастычных адзінак, вядомых з даўніх часоў у гэтым гэгіёне.
У творах асобных пісьменнікаў, прысвечаных апісанню канкрэтнага рэгіёна, выразна выяўляецца аўтабіяграфізм як уласцівасць іх адметнай манеры творчасці, які сродкамі мовы перадаецца канцэнтраваным насычэннем мастацкіх тэкстаў мясцовымі словамі-дыялектызмамі тапанімічнымі назвамі, спецыфічнымі для пэўнай этнічнай тэрыторыі рэальнымі асабовымі імёнамі, мянушкамі, прозвішчамі. Частка такіх адзінак ствараецца пісьменнікамі штучна, пераважна на свой густ, але з улікам агульнавядомых для гэтага краю анамастычных мадэляў, звычайна на падставе асацыятыўнага падабенства, разнастайных аналогій і мастацкіх алюзій з улікам «лакальнай прывязкі» аб’екта (суб’екта) да пэўнага, неабходнага паводле сюжэту рэгіёна і інш. Як мастацкі прыём, што ўласцівы некаторым пісьменнікам, яны падкрэслена падрабязна тлумачаць паходжанне і гучанне мясцовых тапонімаў, звяртаючы ўвагу на адрозненне такіх онімаў ад афіцыйных адпаведнікаў, прыводзячы ўласныя каментарыі і народнае тлумачэнне такіх назваў. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца творчасць Ф.Янкоўскага.
Перадаючы спецыфічны біяграфізм, ствараючы рэгіянальны каларыт, малюючы рэалістычныя палотны свайго часу, Я.Колас на падставе ўласнага вопыту, напрыклад, шырока выкарыстоўваў як аналаг анамастыкі ўсёй Радзімы-Беларусі сялянскі анамастыкон роднага Панямоння, уласцівы канцу ХІХ – пачатку ХХ ст. Таму натуральна ў паэме «Новая зямля» ўспрымаюцца чытачом пераважна архаізаваныя цяпер наступныя спецыфічныя ўласныя імёны: Баўтрук, Гілёрык, Зыдоры, Амброжык, Доніс, Іканор, Пабіян, Самусь, Самабыль, Пронька, Пранцысь, Акуля, Аршуля, Марцыля, Каруся, Маланка, Праксета, Саламея і інш.: Ой, ты куме, мой кумок, Бадай табе трасца ў бок! А бадай ты не дажыў: Дзе ты ўночы прападаў? Ці не быў ты ў Цацэлі Або Тэклі ў Марцэлі, Або, можа, у Югалі? [К-с, ІІІ, с. 109].
Архаізаванае ў наш час імя Карусь пісьменнік часта ўжываў у сваіх празаічных і вершаваных творах, называючы ім пераважна простых сялян, што, на нашу думку, сведчыць аб папулярнасці і высокай частотнасці гэтага імя ў асяроддзі вяскоўцаў, у тым ліку і землякоў Якуба Коласа: Ад Каруся ізноў да Каруся пайшоў: Двух я маю дзядзькоў Карусёў [К-с, ІІІ, с. 120]. З гэтым імя таксама вядомы літаратурныя персанажы ў апавяданнях «Дзяліцьба», «Соцкі падвёў», «Недаступны», «У балоце», «Кірмаш», «За дождж», «Па дзяцькох», у паэмах «Новая зямля», «Сымон-музыка» і інш. Выкарыстоўваў паэт у «Новай зямлі» і жаночы варыянт гэтага імя – Каруся. Аб асаблівай прыхільнасці Якуба Коласа да гэтага імя сведчыць і тое, што ён на самым раннім этапе сваёй творчасці ўжываў яго для ўтварэння псеўданімаў Дзяцька Карусь, Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, пад якімі ў газетах «Наша ніва» і «Наша доля» у 1906 г. былі апублікаваны першыя літаратурныя творы класіка нашай літаратуры [Саламевіч Я., 1983, с. 189]. У творах Якуба Коласа і іншых пісьменнікаў такія імёны выразна ілюструюць аўтабіяграфізм яго твораў, эксплікуюць этнаграфічны кантэкст, становячыся дзейсным сродкам нацыянальнага каларыту і выяўлення патрыятычных пачуццяў мастацкага слова да роднага кутка, адкуль бяруць вытокі яго унікальнай творчасці.
Такія онімы з твораў Якуба Коласа, як сведчаць успаміны, былі дарагімі і мілагучнымі для пісьменніка, бо, напрыклад, паэма «Новая зямля» – самы біяграфічны яго твор – напісаны на падставе багатых успамінаў і ўражанняў класіка пра родныя мясціны, дарагіх яму сваякоў і землякоў. Таму выбар імёнаў, прозвішчаў, разнастайных тапонімаў у гэтым мастацкім тэксце аб’ектыўна «вызначаецца эстэтычнай пазіцыяй аўтара, моўнай культурай таго асяроддзя, да якога належыць персанаж, адносінамі да яго творцы (пісьменніка), адным словам, усёй сукупнасцю прынцыпаў наймення выдуманых і невыдуманых герояў і эмацыянальна-стылістычным фонам твора» [Фралоў М., 1990, с. 168].
З асаблівай пашанай, увагай Якуб Колас ставіўся да родных яму назваў Стаўбцоўшчыны. Так, тапонім Мікалаўшчына (Мікалаеўшчына) ўжываецца пісьменнікам не толькі як назва яго роднага паселішча, а і як абагульненая назва забітых дарэвалюцыйных паселішчаў царскай Расіі: І Люсіна, і Пінкавічы, і шматлікія паселішчы Палесся, дзе пачалася мая настаўніцкая работа больш за сорак гадоў назад, – усе яны былі такімі ж беднымі, закіданымі, цеснымі і забітымі Мікалаўшчынамі [К-с, ХІ, с. 371]. Некаторыя свае творы пісьменнік падпісваў псеўданімам Мікалаевец [Саламевіч Я., 1983, с. 189].
У артыкуле «Дарагія землякі» (1947 г.) пісьменнік адзначаў: Даўно мяне цягне свой родны куток, дзе я гадаваўся, вучыўся, дзе правёў свае маладыя леты, куток, якога я не бачыў з 1915 г. З гэтага часу я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне. Сніліся мне і Канцывалокі, і Міхалаў крыж, і Дуброўкі, і Лядзіны, і Бервянец, і Раймусава шырокая, і Высокі бераг, і сотні іншых урочышч, якія цяжка пералічыць і назвы якіх быць можа забыліся або перайначыліся [К-с, ХІ, с. 214]. Пра гэта ж яго паэтычныя радкі, навеяныя ўспамінамі аб родных мясцінах, іх назвах: Разгарні гэту кніжку, дружок, Прачытай, Бярвенец і Лявонаў лужок, Прыгадай Ды прыпомні Карчэведзь, Кліны і ўздыхні: Адышлі, адзвінелі яны, Нашы дні [К-с, П, с. 365]. Я.Колас ганарыўся сваёй радзімай, назвамі Бацькаўшчыны. Вось што ён гаварыў пра гэта Максіму Лужаніну: «Паслухай толькі, якія прыгожыя назвы ў нашых мясцінах: Негарэлае, Коласава, Стоўбцы, Ацэдала, Арцюхі, Акінчыцы, Шацілаўка, Свержанскія маргі, Свержанская града, Альбуць, Мікалаўшчына. Любата! І ў кожнай назве свой сэнс прытоены. Стоўбцы могуць паходзіць і ад слупа і ад стапца ў граблях. Пра Акінчыцы яшчэ мудрэй можна прыдумаць. Ці не чуцён тут дзеяслоў – акінуць, значыць – глухі куток, акінуты богам і людзьмі...» [Лужанін М., 1997, с. 21].
Любоў да краявідаў роднай Стаўбцоўшчыны, сваіх землякоў Я.Колас перадаў сваім дзецям. Свайму меншаму сыну Міхасю ён прысвяціў паэму «Міхасёвы прыгоды», дзе шмат малюнкаў роднага яму Панямоння. Ужо ў сталым узросце Міхась – сын класіка нашай літаратуры, стаўшы доктарам фізіка-матэматычных навук, успамінаў, што ўсёю душою прыкіпеў да прыроды, родных мясцін яго бацькі, назаўсёды палюбіў прынёманскія краявіды. Ён, як піша С.Белы, неаднойчы прызнаваўся:
– Ведаю, дзе Акінчыцы, грэбля, Арцюхі, Чортаў камень, Смалярня, Лядзіны, Цёмныя Ляды... Ну і, вядома, славутая Альбуць. Я іх неаднойчы бачыў у сне, мроіў імі, у думках дзесяткі разоў прабягаў па родных сэрцу мясцінах. Што бацьку было міла, тым і сына адарыла... Кожны год я езджу туды, да сваіх вытокаў, каранёў. Бяру з сабой дзяцей і збіраюся і ўнукам паказаць радзіму прадзеда... [Белы С., 1996, с. 10].
Родная зямля мясцовыя назвы ў яго творах, як адзначаюць даследчыкі, не столькі паэтычна ўмоўныя, эстэтычна высокія, колькі звычайныя, дакладныя геаграфічнымі, этнаграфічнымі, прыродаапісальнымі назіраннямі аўтара. І сапраўды, пералічаныя мікратапонімы ваколіц вёскі Мікалаеўшчыны лёгкія для разумення. Напрыклад, Канцывалокі – складанае слова, утвараюць яго два назоўнікі канцы і валокі ў форме множнага ліку. Канец – мяжа, край; Валока – былая мера зямлі (прыблізна 21 га). Лядзіны – ад назоўніка ляда – расчышчаная мясціна ў лесе пад пасеў або сенажаць; Бервянец – у аснове назоўнік бервяно – круглы, тоўсты ачышчаны ад галін і сучча ствол вялікага дрэва. У гэтым выпадку, мабыць, месца ў лесе ці на беразе Нёмана, дзе складзіравалі некалі бярвёны і інш. Такія назвы не адзінкавыя: у розных варыянтах яны сустракаюцца на ўсім беларускім этнаграфічным арэале. Так, назву Цёмныя Ляды – лясное ўрочышча, што было каля леснічоўкі Смалярня, падрабязна тлумачыць В.Вярэніч: назва ўзнікла ад раскарчаваных лясоў, на месцы якіх засявалася «на трацяк» збожжа людзьмі з навакольных вёсак. Назва, як сведчыць В.Вярэніч, захавалася, як і цяпер, там лес [Вярэніч В., 1987, с. 40]. Такія назвы пісьменнік абавязкова падрабязна каменціруе, прыводзячы шматлікія лінгвістычныя або гісторыка-этнаграфічныя звесткі. У творах пісьменніка можна знайсці не толькі мастацкае апісанне тапанімічнага аб’екта, а і гісторыю ўзнікнення яго назвы, што дае магчымасць здагадацца аб яе паходжанні і ўтварэнні. Так, у аповесці «На ростанях» падрабязна тлумачыцца ўзнікнення назвы Смалярня: Каля чыгункі, што злучае Мінск і Брэст, непадалёку ад станцыі, у малапрыкметным кутку сярод высокага цёмнага лесу, тулілася леснікова сяліба. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Назва «Смалярня», як спадчына, перайшла на леснікову сядзібу [К-с, ІХ, с. 522]. Застаецца толькі зрабіць лінгвістычнае абагульненне: у выніку метафары адбыўся перанос назвы ад аб’екта (прымітыўнага прадпрыемства па здабычы дзёгцю, смалы) на пасяленне, якое ўзнікла ў ваколіцах з такой вытворчасцю. А мікратапонім з празрыстай семантыкай Сустрэнаўка, які Колас выкарыстаў у двух мастацкіх творах – паэме «Новая зямля» і аповесці «На ростанях», пісьменнік тлумачыць у кантэксце аповесці, перадаючы ўнутраны сэнс гэтай рэальнай анамастычнай адзінкі ў разважаннях Андрэя Лабановіча: Дарога ішла праз лес, чысты, высокі, стромкі бор. Бор гэты меў назву Сустрэнаўка. «Чаму яго назвалі так? Відаць, тут адбылася нейкая сустрэча», – разважаў Андрэй, падаючыся далей у бок Мікуціч [К-с, ІХ, с. 585]. Наступны кантэкст аповесці ў пэўнай меры падказвае, якім мог быць адзін з варыянтаў сустрэчы: І раптам (Лабановіч – В.Ш.) заўважыў – уперадзе, крыху ўбок ад дарогі, стаіць вялізны стары лось, гарбаносы, з цёмнай шэрсцю на спіне, са здаравеннымі лабчастымі рагамі. «Вось табе і Сустрэнаўка», – сказаў сам сабе Лабановіч [К-с, ІХ, с. 585]. Тлумачыць пісьменнік і такі мікратапонім, як Драздова гара: Сіняўскі гай, выцягнуты тонкаю палоскаю з прыўзнятым адным канцом, як заліхвацкі вус маладога зуха, прыкрываў Панямонь з паўночнага захаду. Лявей і бліжэй да мястэчка сурова ўзнімалася вапельная гара. Называлі яе Драздоваю – ад імя панямонскага жыхара Драздоўскага, які арандаваў гару і здабываў вапну [К-с, ІХ, с. 350].
Архаізаваны адпаведнік ці забыты варыянт оніма, які мэтанакіравана і свядома ўзнаўляе пісьменнік, звычайна выконвае ў творы пэўную стылістычную функцыю: яго эмацыйна-эстэтычны кампанент набывае дамінуючую ролю ў кантэксце на фоне апелятыўнай семантыкі афіцыйнага оніма. Такім анамастычным адзінкам, асабліва тапонімам, нярэдка ўласціва і кумуляцыйная функцыя, пры якой яны рэалізуюць сваё кантэкстуальнае прызначэнне ў "нацыянальна-рэгіянальным і культуралагічным кампанентах". Параўнайце, напрыклад, апісанне родных мясцін Іванам Мелажам пасля доўгай разлукі з імі. У сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік адзначаў: "З радасцю і болем пад'язджаю я кожны раз к родным сваім мясцінам , ад Гомеля ці ад Мазыра – гледзячы па тым, з якога боку ідзе дарога к роднаму кутку, – пачынаюцца гарады, станцыі, вёскі, на якія не магу ўжо глядзець без хвалявання. Рэчыца. Васілевічы, Мазыр - для мяне не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці… Чым бліжэй вядзе дарога к Глінішчам, тым бліжэйшыя, даражэйшыя таварышы выходзяць насустрач – Юравічы і Хойнікі, Каранёўка і Княжыца, Алексічы і Тунеўшчына. І нарэшце – родныя Глінішчы, дзе ўжо выходзяць насустрач такія таварышы, якія не названы на самых дасканалых картах, але якія моцна, на ўсё жыццё прыпісаны ў сэрцы: Луцішчы. Тур’я. Канапельская, Казекава, Перавальскі круг, Паўлаў круг, Беразняк, Возера, канава, выганы. Гайкі гэтыя даўно сцёрты з зямлі так, што і пнёў не асталося, у рацэ вады па костачкі, "кругі" многія высахлі нашчэнт – і ўсё ж яны жывуць успамінам у сэрцы. Шчаслівай непатрэбнай тугой страты [Мележ І., 1963, с. 385]. Такой канцэнтрацыяй рэальных айконімаў і мікратапонімаў усходняга Палесся пісьменнік у параўнальна сціслым кантэксце стварае алюзію масавасці і тыповасці такіх адзінак у рэгіёне. У шэрагу выпадкаў некаторыя з названых онімаў, што вядомы ў народзе і мастацкай літаратуры, напрыклад, Юравічы, Мазыр, Хойнікі, Глінішчы, Васілевічы утвараюць у носьбітаў мовы, чытачоў не толькі анамастычныя, але і вобразныя (мастацкія), а часам і энцыклапедычныя асацыяцыі, у сваю чаргу малавядомыя словы-онімы таксама могуць уступаць, на думку А. Суперанскай, у разнастайныя асацыятыўныя сувязі са словамі агульнымі, што нагадваюць онім знешнім падабенствам, гукавой абалонкай, марфемнай будовай, семантычным напаўненнем і інш. [Суперанская А., 1973, с. 286]. Найбольш выразна канатацыйная функцыя ў анамастычных адзінках рэалізуецца, калі пісьменнік мэтанакіравана ўзнаўляе забытыя па розных абставінах разнастайныя фанетычныя, марфалагічныя, акцэнталагічныя, змешаныя (фанетыка-акцэнталагічныя) варыянты онімаў, якім у кантэксце адводзіцца не толькі ідэнтыфікуючая роля: Хойнікі – Хвойнікі, Мазыр – Мозыр, Петрыкаў – Петрыкоў, Брагін – Брагінь, Лельчыцы – Ленчыцы, Калінкавічы – Каленкавічы, Глінішчы – Глінішча, Слабада – Слабода, Прыпяць – Прыпяцень - Прыпятуха, Шаставічы – Шастовічы, Белы Бераг – Бераг Белы, Гомель – Гомль, Ліхаўня – Ліхавенька, Данілаўка – Даніелаўка і інш. Такія варыянты мясцовых тапонімаў звычайна выкарыстоўваюцца тады, калі мастак слова добра ведае рэгіён, пра які піша, валодае самай разнастайнай інфармацыяй пра тапанімічны аб'кт, яго мінулае. Некаторыя мясцовыя назвы пісьменнікі праз мастацкія ўмоўнасці ўмела семантызуюць, ажыўляюць зыходнае значэннех апелятываў з дапамогай самых розных прыёмаў і тропаў у адпаведнасці з агульным зместам усяго твора. Яны становяцца дамінантамі анамастычнай прасторы тэксту, сродкам самай лаканічнай характарыстыкі аб'екта. Такія онімы атрымліваюць самае рознае канатацыйнае насычэнне – асаблівасць выразнага сродку выражэння эмацыйных ацэнак і характарыстык.
Аўтабіяграфізм у мастацкім творы таксама перадаецца і выяўляецца праз своеасаблівыя онімы-алюзіі, якімі з’яўляюцца некаторыя прозвішчы, уласныя асабовыя імёны, мянушкі літаратурных персанажаў, створаныя мастаком на падставе падабенства з прозвішчамі іх прататыпаў – землякоў пісьменніка, яго сяброў па працы, вучобе, на асацыяцыях, іншым вопыце яго ўласнага жыцця. Так, Максім Лужанін у аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе» прыводзіць доўгі спіс літаратурных персанажаў з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» і іх прататыпаў. Іх імёны і імёны (прозвішчы) прататыпаў літаратурных персанажаў падобныя ў чымсьці або зусім супадаюць. Гэта: Ядвіся – Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, Саханюк – Дылеўскі, Шырокі – Фама Іванавіч Гладкі, Тукала – Сымон Самахвал, Садовіч – Алесь Сянкевіч, Анцыпік – Анцыповіч, Уладзік – Уладзімір Міцкевіч, Лапаткевіч – Лапцэвіч, Мілеўскі – Адам Мілюк, Янкавец – Нічыпар Янкоўскі, Трайчанскі – Базыль Шчорс, айцец Уладзімер – Уладзімір Бяляеў, Васількевіч – Васілёк, Тадорык – Іван Фёдараў, Ротмістр – Солтан, Аляксандр Галубовіч – Аляксандр Голуб, Рутовіч – Руткоўскі, Рагоза – Рагозін, Алейка – Алейчык, Касперыч – Каспяровіч, Сымон Тургай – Якаў Сямёнавіч Бязмен, Вольга Віктараўна Андросава – Вольга Віктараўна Ганцава, Антаніна Міхайлаўна Мураўская – Аляксандра Міхайлаўна Мурашка, Пракурор суда – Юршэўскі, Бабека – Кабека, адвакат Петруневіч –Петрусевіч, Семіпалаў – Самойлаў, Народаволец – Бонч–Асмалоўскі, Кастогін – Канстанцінаўскі, Будачнік – Курульчык, Івась – Ласіцкі, Дулеба – Камароўскі. Нават павярхоўнае знаёмства з гэтым спісам пераконвае, што пісьменнік, ствараючы мастацкі вобраз, рэдка выбіраў літаратурнаму персанажу імя і прозвішча, у якім не было б чагосьці агульнага, падобнага з найменнямі правобраза літаратурнага персанажа. Найчасцей Якуб Колас у мастацкім тэксце аддаваў перавагу аманімічным антрапонімам, што ўтвораны ад падобных нечым апелятываў ці ўласных імёнаў: Васількевіч – Васілёк, Лапаткевіч – Лапцэвіч, Рутовіч – Рудкоўскі, Рагоза – Рагозін, Касперыч – Каспяровіч, Ядвіся – Ядвіга, Гоман–Гофман, Свіда – пан Свіда, Галубовіч – Голуб, Алейка – Алейчык, Янкавец – Янкоўскі, Зыгмусь Балбоцкі – Юзаф Бобат, Петруневіч – Петрусевіч, Анцыпік – Анцыповіч, Уласюк – Аляксандр Уласаў, Антаніна Мураўская – Аляксандра Мурашка і інш.; радзей пісьменнік ствараў онімы, якія нагадвалі прозвішчы прататыпаў анамастычнай мадэллю ці першымі літарамі ў прозвішчах: Шырокі – Гладкі, Вольга Андросава – Вольга Ганцова, Бабека – Кабека, Семіпалаў – Самойлаў, Садовіч – Сянкевіч, Хацяноўскі – Бацяноўскі, Міцкевіч – Лабановіч, Жыжэйка – Мажэйка, Прорвіч – Пражорыч і інш.
У беларускай мастацкай літаратуры ўжо меўся падобны вопыт моватворчасці з уласнымі імёнамі. Так, у наш час даследчыкі спадчыны Змітрака Бядулі па-новаму ўспрымаюць яго аповесць «Салавей», разумеючы яе як рэакцыю Бядулі-мастака на антыбеларусізацыю, якая распачалася ў канцы 20-х гадоў. Яшчэ крытыкі 20-х гадоў ХХ ст. звярнулі ўвагу, што З.Бядуля, выкарыстаўшы гістарычны сюжэт часоў прыгону, іншасказальна, алегарычна паказаў стаўленне тагачасных дзяржаўных уладаў, у прыватнасці, бальшавікоў, да палітыкі беларусізацыі, якая паспяхова набірала моцы, да беларускага нацыянальнага жыцця ўвогуле. Як мяркуе З.Мельнікава, у вобразе пана Вашамірскага дасведчаны ўважлівы чытач можа пазнаць тагачаснага першага сакратара ЦК КП (Б) Б.Крыніцкага, у каталіцкім святары Курачковічу – прафесара Піятуховіча, «аднага з найбольш бліскучых і апартуністычных марксісцкіх навукоўцаў», у купцу Вольскім – маладнякоўскага паэта Анатоля Вольнага, які намагаўся прабіцца ў кола «прыдворных одапісцаў». Было заўважана, што нават у партрэтнай абмалёўцы гэтыя персанажы вельмі дакладна нагадвалі прататыпаў [Мельнікава З., 2000, с. 18]. Звернем яшчэ раз увагу на антрапонімы: Піятуховіч Курачковіч, А.Вольны Вольскі, Крыніцкі Вашамірскі. Як бачым, мастак слова ўлічваў не толькі агульнае семантычнае падабенства апелятываў антрапонімаў, а і падабенства іх словаўтварэння, асацыятыўныя нюансы і інш.
Эвалюцыя ад прататыпа да літаратурнага персанажа нярэдка бывае надзвычай складанай, супярэчлівай, абумоўленай не толькі мастакоўскімі схільнасцямі, густам пісьменніка, але і гістарычнымі падзеямі, абставінамі, у якіх апынуўся прататып літаратурнага персанажа. Так, зямляк і сябар Якуба Коласа Аляксандр Сянкевіч стаў правобразам аж чатырох літаратурных герояў – Алеся Садовіча ў трылогіі «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі», доктара Сташынскага ў аповесці А.Фадеева «Смерць Чэньювая» і яго рамане «Разгром». Вядомы беларускі гісторык Эмануіл Іофе на падставе архіўных звестак і іншых матэрыялаў азнаёміў чытачоў «Настаўніцкай газеты» (16 снежня 1999 г.) з малавядомымі і невядомымі старонкамі біяграфіі гэтага арыгінальнага і нават легендарнага чалавека, хаця жыццёвы шлях А.Сянкевіча ад «зялёнага» семінарыста да змагара-рэвалюцыянера, героя Грамадзянскай вайны на Далёкім Усходзе, выдатнага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча Савецкай Беларусі, таленавітага пісьменніка і вучонага, публіцыста, закончыўся, на жаль, трагічна: у 1938 г. ён быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і прыгавораны да выключнай меры пакарання – расстрэлу. Якуб Колас, напрыклад, не мог у 30 – 40-х гадах ХХ ст. пісаць пра А.Сянкевіча, не змяніўшы яго прозвішча, што было абумоўлена складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у краіне, масавымі рэпрэсіямі, у гарніле якіх апынуўся і прататып твораў Я. Коласа і А. Фадзеева.
Як мы ўжо адзначалі, Аляксандр Сянкевіч пад пяром Я.Коласа стаў Алесем Садовічам – арганізатарам першага з’езда беларускіх настаўнікаў у в.Мікалаеўшчына. На ім прысутнічалі больш за 20 настаўнікаў, у тым ліку Канстанцін Міцкевіч (Я.Колас), Іван Фёдараў (Янка Маўр), Аляксандр Райскі, Нічыпар Янкоўскі. Знаёмыя пісьменніка ўспаміналі, што Якуб Колас часта называў А.Сянкевіча па-сяброўску Басам. Гэтая мянушка замацавалася за ім яшчэ ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У 1924 г. ён напісаў п’есу «Забастоўшчыкі», у аснове якой падзеі першага з’езда настаўнікаў Беларусі, які адбыўся 9 ліпеня 1906 г. Галоўныя героі п’есы атрымалі прозвішчы, якія былі ўтвораны ад былых мянушак, пад якімі Алесь Сянкевіч, Сямён Самахвал, Булыга і Нічыпар Янкоўскі былі вядомы яшчэ з семінарскіх часоў: Бас-Грэнка, Сымон Падбрэхіч-Гарнак, Хрушч-Булыга, Янкавец.
Роля рэгіянальных уласных назваў «малой радзімы» як спецыфічнай прыметы біяграфізму творчасці некаторых пісьменнікаў надзвычай відавочна і пераканальна прасочваецца таксама на шматлікіх прыкладах з самых разнастайных твораў Адама Міцкевіча, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Фёдара Янкоўскага, Уладзіміра Верамейчыка і інш. Так, У.Мархель, аналізуючы творчасць Адама Міцкевіча, у прыватнасці, яго санеты адэскага цыкла «Да Нёмна», адзначаў, што «любасць Міцкевіча да радзімы ў гэтых творах выказана праз непасрэдную, амаль прадметна адчувальную, а не ўяўную лучнасць з яе акватычным вобразам-сімвалам... Сімвал радзімы, Нёмана ў гэтых творах «пазначаны псіхалагізаванай скіраванасцю настальгічнай памяці паэта» [Мархель У., 2003, с. 27]. А ў творах Уладзіміра Караткевіча, асабліва рамане «Каласы пад сярпом тваім», нарысе «Зямля пад белымі крыламі» сімвалам Радзімы пісьменніка выступае гідронім Дняпро, які мастак слова назваў «вялікай ракой». У гэтых і іншых творах ён паслядоўна падкрэсліваў сваё зачараванне, захапленне, павагу і прыхільнасць да гэтай «калыскі трох народаў» і нават напісаў сцэнарый «Дзеці вялікай ракі». А Рагачоў. Падняпроўе, паводле шматлікіх успамінаў У.Караткевіча і яго блізкіх, былі тым, чым для А.Пушкіна Болдзіна, для Л.Талстога – Ясная Паляна, для Я.Купалы – Акопы. Такім чынам Дняпро і Прыдняпроўе, яго жыхары былі гэтаму мастаку крыніцай творчага натхнення, прататыпамі герояў яго твораў, сімваламі беларускага краю, а гідронім Дняпро – той артэрыяй, што жывіць родную зямлю і дае ёй сілы [Верабей А., 2003, с. 97].
Біяграфізм як выразная адзнака стылю некаторых пісьменнікаў выяўляюцца і ў тым, што мастакі праз усебаковую апаэтызацыю малой радзімы часта ўзвышана малююць усю Айчыну-Беларусь. У іх вялікім арсенале разнастайных выяўленчых сродкаў не апошняя роля належыць рэальным і алюзійна створаным фантазіяй пісьменніка паэтонімам.
Біяграфізм і рэгіяналізм у творчасці некаторых пісьменнікаў выразна выяўляецца таксама праз выбар імі псеўданімаў: рэальныя або крыху змененыя назвы іх родных мясцін – вёскі, горада, рэчкі, возера нярэдка ўжываюцца ў якасці асноўнага кампанента выбранага імі псеўданіма, які ў такім выпадку выконвае не толькі назыўную функцыю. Такія адзінкі на фоне вялікага кантэксту валодаюць не толькі назыўной функцыяй – ім уласцівы і шматлікія асацыятыўныя асаблівасці. Параўн.: Лявон Случанін – псеўданім пісьменніка Лявона Шпакоўскага, які нарадзіўся ў в.Лучнікі цяперашняга Слуцкага раёна; Случанскі Алесь – псеўданім Сцяпана Ліхадзіеўскага, беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук. Нарадзіўся ён у вёсцы Баслаўцы на Случчыне, якую ў высылцы вельмі часта ўспамінаў, абагаўляў, жывучы не па сваёй волі далёка за межамі малой радзімы. Слуцкер – псеўданім Мікалая Каспяровіча, вядомага беларускага лінгвіста-лексікографа, краяведа, фалькларыста, аўтара аднаго з першых савецкіх беларускіх (краёвых) слоўнікаў («Віцебскага краёвага слоўніка»). Онімы Слуцк, Случчына – вельмі сімвалічныя анамастычныя адзінкі, якія валодаюць самымі разнастайнымі канатацыямі, якія ўмела выкарыстоўваюцца майстрамі мастацкага слова. Сведчаннем гэтаму абразок «Случчына» пісьменніка-лінгвіста Фёдара Янкоўскага (цытуем са значнымі скарачэннямі – В.Ш.) «Гучанне слова Слуцк – нібы ідэал і непаўторнага, і прыгожага, і багатага.
Гэта – з самога майго маленства, з ужо даўніх дваццатых гадоў. Не Слуцкі раён, нават не акруга, а Случчына – своеасаблівая зямля, усё своеасаблівае на гэтай зямлі. Сказаў ужо: Случчына – не толькі Слуцк, як і не толькі Слуцкі раён. Гэта і Капыльшчына, і Клеччына, і Нясвіжшчына, і Чырвонаслабодчына і частка Любаншчыны.
Ад маёй роднай вёскі да Слуцка больш за сто кіламетраў. А і мы, дзеці, ведалі, што адсюль едуць на Случчыну, у кірмашовыя дні ў Слуцк купляць случакоў – магутных шыракакрыжых коней слуцкай пароды. Славілася Случчына сваім салам, мясам, каўбасамі, сваімі слуцкімі бэрамі...
А што пра Слуцк? У Слуцку, каб ведаў ты і твае, – па-людску.
А з гадамі, калі пазнаваў Беларусь, калі пазнаваў Бабруйшчыну, Мсціслаўшчыну, Вілейшчыну... не скрадвалася Случчына. Зялёная, шыракапольная, пшанічная!.. Скажу шчыра: апошнім часам часта сніцца яна мне, бачу не брудныя горы на чыстай зямлі, не канавы-канаўкі, не ручайкі ў былых рэчышчах, бачу прывабную шчаслівую дарагую нашу Случчыну» [Янк.., РБ, с. 444].
Мастацкае асэнсаванне назваў мясцін малой радзімы ў творах пісьменніка, іх канатацыйны патэнцыял звычайна напаўняецца эмацыйнымі прарашчэннямі, уражаннямі дзяцінства і юнацтва, застаецца яму на ўсё творчае жыццё. У назвах роднага кута пісьменніка, як заўважана не адным даследчыкам, істотнымі з’яўляюцца не толькі празрыстая матывацыя, якую рознымі спосабамі і сродкамі выяўляе і мэтанакіравана ажыўляе мастак слова, а і «гучанне, інструментоўка імёнаў» (І.Ратнікава). Для Якуба Коласа такі запас незабыўных уражанняў дзяцінства дала Стаўбцоўшчына з яе рэальнымі айконімамі Ластком, Альбуццю і Мікалаеўшчынай, гідронімам Нёман, якія апеты ў яго шматлікіх празаічных і вершаваных творах, яны сталі анамастычнымі ўзорамі і мадэлямі ў мастацкім адлюстваранні пісьменнікам іншых мясцін Беларусі. У творах сапраўдных мастакоў можна лёгка пазнаць прыкметы іх малой радзімы. Дз. Бугаёў на прыкладах з твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў пераканальна паказаў, як родны кут мастака слова, яго назвы, пейзажы, вобразы становяцца залатым запасам, які падтрымлівае эмацыйную сілу ўсёй іх творчасці. У прыватнасці, ён адзначаў, што такімі незабыўнымі ўражаннямі на ўсё жыццё для Янкі Купалы былі Прудзішча, Селішча, Акопы, для М. Гарэцкага – Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне, а таксама куляшоўскія Саматэвічы, у слуцка-капыльскім рэгіёне чорнаўскія Боркі і Цімкавічы, мележаўскае Палессе з Глінішчамі і Каранёўкай пад пяром мастака стала Куранямі, чыгрынаўскі Вялікі Бор у яго раманах атрымаў назву Верамейкі і г.д. Для творчасці Я.Коласа найярчэйшым прыкладам таго, з якімі любасцю і замілаваннем услаўляецца родны кут, назвы родных мясцін, найперш з’яўляецца яго унікальная ў сусветнай літаратуры паэма «Новая зямля» з яе незабыўным для кожнага беларуса запевам [Бугаёў Д., 2002, с. 13]. У мастацкай інтэрпрэтацыі творчым асэнсаванні і апісанні некаторыя анамастычныя назвы малой радзімы становяцца сімваламі, якія ўвасабляюць не толькі родны кут пісьменніка, а і ўсю радзіму. Такой, напрыклад, назвай ў Я.Коласа з’яўляецца гідронім Нёман, які ў творах пісьменніка ўжываецца не толькі як назва ракі.
У яго тэкстах Нёман – гэта і назва-сімвал, неад’емная частка не толькі прыроднай, а і духоўнай рэальнасці роднага краю, Бацькаўшчыны: Дык паведай, вецер вольны, Што павеяў з тых краёў: Як жыве там край бяздольны, Край з-пад Нёмна берагоў? У гэтым кантэксце гідронім уваходзіць у склад апісальнага выразу – аўтарскай перыфразы: край з-пад Нёмна берагоў, якая выкарыстоўваецца для называння ўсёй Заходняй Беларусі, што ў 20 – 30-я гады ХХ ст. уваходзіла ў склад буржуазнай Польшчы. А ў апавяданні «Туды, на Нёман!» назва ракі – сімвал далёкай радзімы для беларусаў, выселеных на Куршчыну ў час першай сусветнай вайны з Гродзеншчыны. Падкрэслівае канататыўную значымасць гідроніма Нёман у апавяданні той факт, што ў першых выданнях загаловак гэтага твора гучаў інакш: «Туды, на Захад!» (1926 г.). У выніку змен у кантэксце Нёман – гэта не толькі назва ракі, а і тое слова, якое ўвасабляе для пісьменніка і яго літаратурных персанажаў незабыўны край, Бацькаўшчыну, з якой бежанцаў разлучыла вайна, і куды яны мараць вярнуцца. Такім чынам, канатацыйная сутнасць гідроніма Нёман у структуры загалоўка значна памацняецца. Як зверхзначымая семантыка-канататыўная адзінка тэксту ён, гаворачы словамі Ю.Карпенкі, становіцца полісемантычным: выконвае і эмацыянальна-стылістычную функцыю, гэтымі асаблівасцямі загаловак удала працуе на тэму і ідэю твора – указвае на розныя бакі сюжэту твора, розныя думкі і адценні пісьменніка [КарпенкаЮ., 1986, с. 39]. Загалоўкам адмыкаецца тэкст і замыкаецца яго апошнім сказам.
Як падлічана, пісьменнік да любай і шчымліва дарагой яму назвы Нёман зноў і зноў вяртаўся 152 разы, выкарыстоўваючы яе ў 29 паэтычных і празаічных творах, у перапісцы з сябрамі. Самыя частыя азначэнні-эпітэты да слова Нёман – срэбразвонны, срэбралітны, светлы, быстры, свабодны, слаўны, родны, сэрцу блізкі, наш, поўны сілы і красы, Нёман корміць і поіць нас, будзіць. Да гэтай роднай паэту назвы ў яго творах можна падабраць кантэкстуальныя сінонімы-перыфразы: «страшэнны штукар і свавольнік», «часціна роднага кута, Беларусі сын»; параўнанні: як люстэрка Нёман. Слова-гідронім Нёман уваходзіць у склад наступных назваў-загалоўкаў Я.Коласа: верша «Нёман», апавяданняў «Нёманаў дар», «Разліў Нёмана», «Туды, на Нёман!». Дакладныя геаграфічныя, этнаграфічныя, прыродаапісальныя замалёўкі Нёмана, яго берагоў можна знайсці ў наступных творах пісьменніка: «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле», «У старых дубах», «Разліў Нёмана», «Наша сяло», «Высокі бераг», «Нёманаў дар», «Вясною», «Новая зямля», «На ростанях» і інш.
У творах Я.Коласа, на яго радзіме вядомы разнастайныя анамастычныя ўтварэнні ад гідроніма Нёман: Панямонка – назва рэчкі; Панямонь і Панямонне – варыянты назвы сяла недалёка ад Мікуціч (сапраўдн. назва Новы Свержань); Панямонская гімназія – мяркуемая навучальная ўстанова ў Панямонні; «Панямонскія ведамасці» – газета, якая выдавалася рэдактарам Бухбергам у Панямонні; Наднямонне – назва мясцовасці вакол Нёмана; Занямонне – агульная назва зямель і вёсак, якія знаходзяцца на левым беразе Нёмана, насупраць Мікалаеўшчыны, размешчанай на правабярэжжы ракі; Нямнішча – старое рэчышча Нёмана, па дарозе з Акінчыц у Новы Свержань. Аб асаблівай прыхільнасці пісьменніка да назвы Нёман сведчыць і той факт, што частку сваіх твораў ён падпісваў псеўданімамі Наднёманец, Nadniemaniec, Марцін з-за рэчкі [Саламевіч Я., 1983, с. 89]. У сучаснай літаратуры Гродзеншчыну часта называюць Прынёманскім краем. А перыфраза сыны Дзвіны і Нёмана, якая належыць паэту А.Вялюгіну,—гэта ўзнёсла-паэтычная назва ўсіх нас, беларусаў.
Выдавецтва «Юнацтва» апублікавала кнігу «Бацька наш Нёман» (Мн., 2000. Укладальнік Яўген Хвалей), дзе змешчаны творы больш за 190 аўтараў – беларускіх, польскіх, рускіх паэтаў і празаікаў, якія прысвяцілі свае творы гэтай слыннай рэчцы. Нёман у творчасці гэтых пісьменнікаў – адна з самых магутных, імклівых і любімых у народзе рэк Беларусі. У ліку іх У. Сыракомля, А. Міцкевіч, Э. Ажэшка, М. Багдановіч, Ф. Цютчаў, Я. Купала, Цётка, Я. Колас, А. Астрэйка, К. Буйло, М. Танк, П. Пестрак, А. Русак, П. Глебка, П. Трус, Р. Барадулін, К. Цвірка, Я. Брыль, М. Аўрамчык і інш. Некаторыя творы гэтых пісьменнікаў, прысвечаныя Нёману, сталі хрэстаматыйнымі: яны вывучаюцца ў школах і ВНУ. На іх аснове напісаны народныя песні. Крылатымі сталі словы Анатоля Астрэйкі «Ой Нёман, ой бацька наш родны!».
Доўгі час у савецкім літаратуразнаўстве паняцце «этнаграфізм» мела негатыўную канатацыю і як піша І. Чарота, «неўпрыкмет тэрміны «фалькларызм», «этнаграфізм», сталі азначаць «недалітаратуру», «непаўнацэнны ўзровень» [Чарота І., 1985, с. 19]. Такім чынам, раней гэтыя паняцці выкарыстоўваліся з адмоўным эстэтычным значэннем. І як прасачыў В. Бароўка, толькі ў 1989 г. у артыкуле У. Конана “Этнаграфізм у літаратуры” паняцце “літаратурны этнаграфізм” стала разглядацца без негатыўнага падтэксту. Гэты даследчык пад такім вызначэннем разумее і тлумачыць яго як высокамастацкае асэнсаванне і адлюстраванне народнага быту і культуры ў літаратурных творах [Бароўка В., 2006, с. 99]. З пункту гледжання розных навук, мастацкі этнаграфізм разглядаецца па-рознаму, так адны даследчыкі яго атаясамліваюць з бытавізмам, якім перадаецца нацыянальная самабытнасць, аднак, як лічыць В. Бароўка, гэта не толькі адлюстраванне асаблівасці духоўнай і матэрыяльнай культуры пэўнага народа, разам з тым гэта адна з формаў, якая ўзнаўляе ідэйна-эстэтычныя пошукі аўтара, адна з формаў, у якой літаратура асвойвае жыццё. У мастацкім творы, этнаграфізм, ілюструе элементы этнічнай культуры, пададзеныя ў вобразнай форме, прапушчаныя праз пісьменніцкую свядомасць .., мастацкі этнаграфізм уплывае на фармаванне індывідуальнага стылю пісьменніка, праз яго выяўляецца непаўторнасць творчай манеры мастака, ён выступае і ў ролі стылёваўтваральнага элемента…, мастацкі этнаграфізм у літаратурным творы можа быць прадстаўлены статычнымі апісаннямі апавядальніка, якія характарызуюць месца і час дзеяння, уключаюць звесткі пра звычаі, норавы, бытавыя паводзіны людзей рэгіёна, у такіх кантэкстах прысутнічаюць матывы народнай міфалогіі, фальклору… Важнымі складальнікамі такога кантэксту могуць выступаць народная фразеалогія, апісанне канкрэтных беларускіх пейзажаў, непасрэднае ўвядзенне ў кантэкст карцін народнага жыцця, звычаяў, абрадаў, прымавак, этнавобразаў [Бароўка В., 2006, с. 103]. Этнаграфізм у плане анамастыкі – рацыянальна-прадуманае насычэнне мастацкага тэксту разнастайнымі, уласцівымі пэўнаму рэгіёну, асабовымі ўласнымі імёнамі, мянушкамі, тапанімічнымі адзінкамі, якія выразна ілюструюць непаўторнасць, адметнасць, напрыклад, мясцовасці, падзей, што адлюстраваны ў творы. Так, А. Грачанікаў у паэме “Палескі трохкутнік” адлюстроўвае не толькі гістарычны час (80-я гады ХХ ст), а таксама выяўляе выразны этнаграфізм – праз насычэнне тэксту шматлікімі рэальнымі онімамі – і яго, любая сэрцу радзіма, – “трохкутнік між Гомелем, Лоевам і Рэчыцай” уяўляецца вельмі вобразна і шматпланава (А. Марціновіч). Творчая індывідуальнасць У. Караткевіча, які выразна паэтызаваў нацыянальную гісторыю, праяўляецца ў экстраардынарных і экзатычных кантэкстах яго гістарычных аповесцей і раманаў, у якіх пісьменнік-рамантык, умела адбіраючы спецыфічны анамастыкон пэўных рэгіёнаў Беларусі, апаэтызавана намаляваў нацыянальную самабытнасць і гісторыю Падняпроўя і іншых рэгіёнаў Беларусі, апавядаючы пра побыт усіх сацыяльных пластоў беларускага грамадства ХІХ ст. (раман “Каласы пад сярпом тваім”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі” і інш.).
Вернасць малой радзіме, г.зн. палескай тэматыцы, паслядоўна выяўляецца ў паэта У.Верамейчыка, які атаясамліваў не ў адным сваім творы паняцці «Беларусь і Палессе, Прыпяць»; у яго творах павага, пашана да «роднай далёкай зямлі», «рэспублікі зялёнай» трывала мацуецца на любові да Палесся, Мазыра, Прыпяці, Ліхаўні, што не раз адзначалі даследчыкі яго творчасці, у тэкстах гэтага паэта заканамерна дамінуюць рэальныя анамастычныя адзінкі, уласцівыя Мазырскаму Палессю.
У паэтычным абагульненні Рыгора Барадуліна, якое стала афарызмам і набыло глыбока сімвалічны сэнс «Кожны мае свае Ушачы», лаканічна перадаецца выключна вызначальная для кожнага чалавека роля «малой радзімы», асацыятыўнасць і сімвалізм яе ўласных назваў, дзе такія элементы стварэння аўтабіяграфізму набываюць новы імпульс і становяцца зыходным пунктам фармавання высокага патрыятызму і павагі да ўсёй Радзімы-Беларусі. У названым афарызме айконім Ушачы па эмацыйнай насычанасці раўназначны этноніму Беларусь.
Краіна асноўных персанажаў твораў Івана Мележа – Мазырскае Палессе, ва ўсякім выпадку, як лічыць пісьменнік і яго зямляк Іван Навуменка, – тая лакальная яго частка, што знаходзіцца ў межах цяперашніх Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў. У палескіх раманах гэтага пісьменніка даволі дакладна захавана геаграфія яго родных мясцін, прычым назвы некаторых паселішчаў пададзены без змен. Гэта айконімы Глінішчы, Ламачы, Мазыр, Тульгавічы, Юравічы, другія крыху перайначаны – Курані, Алешнікі, Хвойнае... Да гэтай думкі ў нашым кантэксце можна дадаць, што, выбіраючы тапонімы для стварэння адпаведнага каларыту, уласцівага для Усходняга Палесся трыццатых гадоў ХХ ст., пісьменнік трапна падбіраў у неабходных выпадках і адпаведныя анамастычныя адзінкі, якія нярэдка адным словам – тапонімам, а дакладней, яго апелятывам стваралі праўдападобнае ўяўленне ў чытача пра ландшафт, аб’ект, мясцовасць, што апісаны ў яго раманах. Параўн.: курэнь – буда з галля, саломы ці тонкага бярвення для часовага жылля; шалаш; алешнік – альховы лес, зараснік альхавых кустоў; хвойнік – хваёвы лес і г.д. Курэнь, алешнік, хвойнік, бярэзнік, лазняк – тыповыя ландшафтныя кампаненты палескіх лясных і балотных абшараў,гэтыя апелятывы – агульныя назоўнікі ўваходзяць у актыўны слоўнік мовы жыхароў Палесся. Такім чынам, падзеі, уражанні, факты, рэаліі з асабістага жыцця пісьменніка, атрымаўшы мастацкае асэнсаванне знаходзяць адлюстраванне, мастацкую інтэрпрэтацыю і на старонках яго твораў. І, безумоўна, дарэчнай будзе ў гэтым кантэксце абагульненне, зробленае Л. Чумак: разважаючы аб нацыянальным менталітэце і моўнай асобе, даследчыца адзначае: «Калі расіяніну ўласціва памкненне да прасторы, то беларус прыхільнік да лакалізацыі свайго кута, сакралізацыі сваёй малой Радзімы». Анамастыкон – гэта асноўны моўны кампанент, сродкамі якога пераважна рэалізуюцца названыя асаблівасці, тыповыя для пэўнага часу і прасторы, а таксама ствараецца нацыянальны і рэгіянальны фон твора, адлюстроўваецца менталітэт яго персанажаў.
У свядомасці пісьменнікаў, чытачоў некаторыя вельмі ўжывальныя ў творы онімы малой радзімы напаўняюцца дадатковым сэнсам – выступаюць як абагульняльныя знакі вялікіх і малых мастацкіх тэкстаў, несучы на фоне ўсяго мастацкага палатна вялікі тыпізуючы патэнцыял своеасаблівых сімвалаў. Параўн., напрыклад, паэму Уладзіміра Верамейчыка «Ліхаўня» (у аснове яе загалоўка назва нараўлянскай вёскі, што стала ў яго творы сімвалам зніклых у выніку Чарнобыльскай катастрофы паселішчаў Беларусі; вёска Ліхаўня была радзімай маці паэта); паэма Міколы Мятліцкага «Бабчын», назва якой паходзіць ад старажытнай і багатай на фальклорныя традыцыі вёскі Хойніцкага раёна, знішчанай наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, у ёй нарадзіўся паэт Мікола Мятліцкі. Паселішча таксама вядома, мабыць, на ўвесь славянскі свет у сувязі з тым, што ў Бабчыне жыў і працаваў аўтар класічных прац па этнаграфіі беларусаў і ўсіх славян Чэслаў Пяткевіч.
Такім чынам, біяграфізм, этнаграфізм у мастацкіх творах памацняюцца і грунтуецца пераважна на веданні і апісанні пісьменнікам роднага кутка, падрабязнасцей бытавога плану, фактаў і сюжэтаў рэгіянальнага фальклору, мясцовага анамастыкону, яго адметнасцей ад іншых частак радзімы. Сярод анамастычных адзінак гэта асаблівасць выразна прасочваецца тады, калі на фоне частых, афіцыйных або тыповых для ўсёй Беларусі анамастычных адзінак, якія звычайна адлюстроўваюць анамастычную прастору твора і ствараюць нейтральны фон, выяўляюцца онімы адметныя, рэгіянальныя, што ўласцівы пераважна радзіме мастака. Такія адзінкі ўспрымаюцца як канатацыйна ўзбагачаныя, выяўляючы ў кантэксце не толькі назыўныя, а і выразныя стылістычныя функцыі, а для анамастыкі ў цэлым стылістычна значымымі з’яўляюцца, як лічыць А. Супяранская, і нацыянальныя, і сацыяльныя, і тэрытарыяльныя, і часавыя фактары ўжывання імёнаў у канве мастацкага твора [Суперанская А., 1973, с. 319].