
- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ
«МАЗЫРСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ПЕДАГАГІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ
імя І.П. ШАМЯКІНА»
ВАСІЛЬ ШУР
2010
ЗМЕСТ
Уводзіны ………………………………………………………………………………3
1. Асаблівасці анамастыкону аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” …………………..6
2. Анамастыкон рамана Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя” ……………..17
3. Анамастыкон Палесся ў паэтычных творах Уладзіміра Верамейчыка …….....36
4. Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў Галіны Дашкевіч ……………..54
5. Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў Фёдара Янкоўскага ……………63
6. Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх
тэкстах ……………………………………………………………………………78
7. Онім-этнонім Іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры ……………..86
8. Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай
літаратуры ……………………………………………………………………….96
9. Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў ……………………101
10. Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём ……105
11. Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту ………………………….110
12. Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў
мастацкай літаратуры …………………………………………………………124
13. Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры ……………..142
14. Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага тэксту ……………………………………………………………...148
15. Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі Васіля Рагаўцова …………..151
16. На шырокім полі беларускай анамастыкі (рэцэнзія на кн.:
Иванова, А. А. Микротопонимия Мозырского Полесья. –
Мозырь: УО МГПУ, 2003) ……………………………………………………156
17. Грунтоўнае даследаванне урбананіміі Беларусі (рэцэнзія
на манагр.: Мезенка, Г.М. Віцебшчына ў назвах вуліц: манаграфія
ў 2-х ч. – Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2008) ……..………….162
18. Асаблівы клопат навукоўца (рэцэнзія на кн.: Лыч, Л.
Назвы зямлі беларускай. – Мінск: Універсітэцкае, 1994) …………………168
Спіс літаратуры …………………………………………………………………..174
Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў..187
Рэестр прааналізаваных тапонімаў ……………………………………………...194
Уводзіны
Пачатак XXI стагоддзя характарызуецца ў беларускай лінгвістыцы прыкметным ажыўленнем цікавасці да праблем анамастыкі, інтэнсіўна пачала развівацца літаратурная анамастыка – параўнальна новы напрамак беларускага мовазнаўства, аб’ектам якой з’яўляюцца самыя розныя асаблівасці выкарыстання онімаў у літаратурных творах і фальклоры.
Гэта кніга – працяг нашых даследаванняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры, у якіх такія адзінкі разглядаюцца не толькі як словы для звычайнай ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў, аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, выдуманых або перанесеных мастаком з уласнага жыцця, але і з глыбокім пачуццём мэтазгоднасці, што тлумачыцца мастацка-эстэтычнымі мэтамі, жанравай спецыфікай твора, аўтарскай задумай, пэўнай сюжэтнай сітуацыяй. Адпаведнасць уласных імёнаў, што ўжыты ў мастацкім тэксце, агульным заканамернасцям нацыянальнага анамастыкону з’яўляецца адной з перадумоў рэалістычнасці твора, яго мастацкай пераканальнасці.
Паэтонімы ў мастацкім творы выкарыстоўваюцца як выразныя сродкі адлюстравання рэчаіснасці, якія перадаюць нацыянальны каларыт, а таксама індывідуальна-аўтарскую адметнасць, узбагачаную традыцыямі і вопытам літаратурнага анамастыкону папярэдніх часоў, спецыфікай літаратурнага жанру і нават канкрэтнага твора. Яны выяўляюць разнастайныя функцыі, важныя для асэнсавана акрэсленага ўспрымання мастацкага тэксту: пазнавальную, адрасную, ідэалагічную, сацыяльна-ацэначную, эмацыйна-экспрэсіўную, кумуляцыйную і інш., якія ў канкрэтным творы могуць рэалізоўваць усе або некаторыя з названых уласцівасцей з большай або меншай ступенню выразнасці, адпаведнасці зместу мастацкага твора, аўтарскай ідэі. Літаратурныя онімы нярэдка валодаюць канатацыйным значэннем, сутнасць якога звычайна дасягаецца падрабязным аналізам шырокага кантэксту, фактамі творчай біяграфіі мастака слова, веданнем жыццёвага лёсу прататыпаў яго літаратурных персанажаў, часам і глыбокім разуменнем літаратурнага працэсу ў перыяд стварэння мастацкага твора. У мове твораў пісьменнікаў онімы рэальных гістарычных асоб падлягаюць “аўтарызацыі”, перажываюць творчае асваенне, набываючы кантэкстуальныя прырашчэнні, – падкрэсліваюць рэальнасць падзей, у якіх удзельнічалі асобы, носьбіты онімаў, вызначаюць плён іх працы, валодаюць павышанай асацыятыўнасцю, становяцца пэўнымі сімваламі, з’яўляюцца адным са сродкаў мастацкай вобразнасці, экспрэсіўнасці і інш.
Онімы ў мастацкім творы паслядоўна кваліфікуюцца як выразныя тэкстаўтваральныя кампаненты. Пад гэтай функцыяй разумеецца магчымасць іх быць арганізуючым, ключавым і звязным элементам анамастычнай прасторы твора і яго фармальнай арганізацыі. Такія адзінкі, уступаючы ў парадыгматычныя і сінтагматычныя адносіны з іншымі кампанентамі тэксту, замацоўваюць асноватворныя, ключавыя тэкставыя катэгорыі – цэльнасць, звязнасць, завершанасць.
У папярэдніх нашых працах, артыкулах і манаграфіях (гл. кнігі “З гісторыі ўласных імёнаў” (Мн., 1993), “Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапаніміка і тапаніміка” (Мн, 1998), “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры” (Мн., 2002), “Онім у мастацкім тэксце” (Мн., 2006), “Уласныя імёны ў прасторы і часе” (Мн., 2008) намі праведзена комплекснае апісанне самых розных паэтонімаў – асабовых уласных імёнаў, мянушак, псеўданімаў, прозвішчаў, разнастайных тапонімаў як неад’емных кампанентаў мастацкага тэксту і як выразных тэкстаўтваральных, стылёваўтваральных і вобразна-выяўленчых сродкаў, без якіх фактычна не можа існаваць сапраўдны літаратурны твор. Кожны тып такіх адзінак у мастацкім тэксце па-свойму выяўляе разнастайнасць канатацый – непасрэдна праз выкарыстанне ўласных лексіка-граматычных і дэрывацыйных варыянтаў, а таксама праз анамастычнае поле і шырокі кантэкст, утвараючы спецыфічны парадыгматычны рад, які адпаведна можа адлюстроўваць выразныя вербальныя і прыхаваныя пэўным чынам невербальныя лінгвістычныя і экстралінгвістычныя характарыстыкі оніма. Ажыўленне канатацыйных “прырашчэнняў” у онімах дасягаецца не толькі аналізам іх лінгвістычнай сутнасці, а нярэдка і падрабязным вывучэннем усёй анамастычнай прасторы твора, часам яго напісання, фактамі біяграфіі пісьменніка, літаратурнымі і фальклорнымі традыцыямі.
Комплекснае апісанне анамастыкону асобных твораў Якуба Коласа, Андрэя Мрыя, Уладзіміра Верамейчыка, Фёдара Янкоўскага і інш. пісьменнікаў пакладзена ў аснову гэтай манаграфіі. Упершыню ў беларускім мовазнаўстве на прыкладах з анамастыкону твораў аналізуюцца онімы як алюзійныя кампаненты мастацкага тэксту. Пачата апісанне сацыяльнай і нацыянальнай дыферэнцыяцыі прозвішчаў літаратурных персанажаў у творах мастацкай літаратуры, разгледжаны некаторыя асаблівасці канатаніміі ў онімах, праведзена апісанне двайных прозвішчаў, якія не былі аб’ектам комплекснага апісання, хоць яны традыцыйна выкарыстоўваюцца як мастацкі прыём і сродак пры стварэнні літаратурных тыпаў, падрабязна прасочаны асаблівасці оніма-этноніма Іван, які ў народна-дыялектнай мове, творах рускай, беларускай, украінскай літаратуры, фальклоры ў выніку шырокага ўжывання і спецыфічнай апелятывацыі набыў значэнне оніма-сімвала. Гэтыя і некаторыя іншыя асаблівасці анамастычнай прасторы мастацкіх тэкстаў будуць у цэнтры ўвагі ў гэтай манаграфіі.
Такім чынам, калі ў канцы XX стагоддзя даследчыкі анамастычнай лексікі, падводзячы вынікі зробленага ў вывучэнні анамастыкону твораў мастацкай літаратуры, сцвярджалі, што гэты аспект (анамастыкон мастацкіх твораў) закрануты і вывучаны толькі фрагментарна і знайшоў адлюстраванне толькі ў асобных тэзісах дакладаў і невялікіх нататках, то ў наш час можна ўжо гаварыць пра асобны перспектыўны навуковы напрамак у беларускім мовазнаўстве ў даследаванні літаратурнага анамастыкону, аспекты якога грунтоўна пачалі аналізавацца не толькі ў артыкулах, а і ў манаграфіях, падручніках А. Рогалева, В. Ляшчынскай, В. Рагаўцова, І. Ратнікавай, А. Гіруцкага, Г. Мезенкі, Ю. Гурскай, Г. Басавай, Г. Усціновіч, С. Бут-Гусаім, Г. Дзеравяга, аўтара гэтай працы, а таксама значнай колькасна групы маладых даследчыкаў, якія актыўна працуюць на ніве беларускай анамастыкі.