Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тапаніміка і сумежныя навукі.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
113.15 Кб
Скачать

1Ермаловіч м. Старажытная Беларусь.— «Маладосць». 1988. С. 120.

Балта-славянскі ўзаемаўплыў у анамастыцы на тэрыторыі Беларусі даследчыкі вытлумачваюць тымі абставінамі, што яшчэ да VIII ст. балцкія плямёны займалі велізарную тэрыторыю аж да ракі Прыпяць. На карысць такой версіі сведчаць сучасныя назвы вялікай колькасці рэчак, азёраў, разкастайных мікратапонімаў на тэрыторыі Беларусі і Расіі, на ўсходзе, напрыклад, — аж да Масквы, якія захавалі ў сваёй структуры элементы балцкага паходжання ў такіх найменнях, як Іпа, Упа, Лучоса, Нача, Ольса, Ропша, Борча, Вадоса, Рэста, Вуна, Болва, Друць, Трэмля, Локнва, Нігва, Смедва і інш. Наяўнасць суфіксаў -оса, -іта, -ета, -ата, -уса, -еса, -ея і інш. у такіх назвах, як зазначыў В. Украінцаў, сведчыць пра тое, што мова балтаў на згаданай тэрыторыі Беларусі і Расіі гучала там і да прыходу славянаў і доўга яшчэ пры іх сумесным суіснаванні. Гэты даследчык са спасылкай на працы археолагаў лічыць, што саюз крывічоў у VII – VIII стст. «трэба разглядаць як аб'яднанне плямёнаў, якое ўключала балтаў і славянаў, дзе адбываліся працэсы паступовай асіміляцыі балтаў аж да IX – X стагоддзяў» (гл.: Украинцев В. Н. Славянские языки и славянские народы.– Мн., 1985. С. 62 – 3). Перапляценне лёсаў беларускага і літоўскага народаў увасоблена і ў прозвішчах людзей беларуска-літоўскага пагранічча і нават у лёсах асобных сем'яў. Так, у культуры трох народаў – беларускага, літоўскага, польскага – вядомы імёны трох братоў, ураджэнцаў Лідчыны, адзін з якіх, публіцыст і інжынер-хімік Вацлаў Іваноўскі, увайшоў у гісторыю Беларусі як асоба, што стаяла ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці на пачатку XX ст., другі брат, Тадас Іванаўскас, зарэкамендаваў сябе як таленавіты літоўскі біёлаг, а трэці брат стаў воляй лёсу высокім вайсковым чынам у Войску Польскім.

Пісьменнік Канстанцін Тарасаў, творчасць якога заглыблена ў гістарычнае мінулае нашага народа, наступным чынам тлумачыць наяўнасць шматлікіх балтызмаў у беларускай тапаніміцы: «У часы перасялення крывічоў і дрыгавічоў літоўскія і латышскія плямёны не адступалі самі па сабе да балтыйскага прыбярэжжа, у сучасныя межы. Частка іх загінула ў бітвах з прышэльцамі, але большасць засталася жыць, дзе жыла адвеку, і паступова злівалася з славянскім насельніцтвам, прымаючы нешта ад яго і аддаючы яму ад сваіх адметнасцяў як матэрыяльных, так і моўных». Ён, як і папярэднія даследчыкі, адзначае, што дзевяноста працэнтаў назваў рэк і азёр на Беларусі захавалі сваё балцкае паходжанне. На яго думку, гэта Ачоса, Бержыца, Беседзь, Бабруйка, Балога, Важа, Вілія, Волма, Гайна, Дражня, Іпа, Клева, Ласвіда, Лоша, Іслач, Лучоса, Нароўля, Нарач, Піна, Ольса, Арэса, Уша і інш. Паходжанне некаторых названых гідронімаў да нашага часу з'яўляецца спрэчным.

Крывічы-палачане напачатку сугыкнуліся з продкамі сучасных латышоў, нават сама назва Полацка (Полотеск) запазычаная і нясе на сабе прамы адбітак латышскага паходжання. Заходнія межы дрыгавіцкай каланізацыі адзначаны гарадамі Драгічын, Мельнік, Брэст, Сувалкі, Беласток. Тут праходзіла этнічнае ўз'яднанне з яцвягамі. Пра былую прыналежнасць гэтых зямель да яцвяжскіх сведчаць назвы рэк – Груда, Ясельда, Зэльва, Зальвянка, Сегда, Кшна, Айцэва, Цэжма, Сакольда. На левым беразе Нёмана жылі яцвягі, на правабярэжжы – літоўцы. Літоўскія землі каланізавалі крывічы, аб чым сведчаць найменні гарадоў – Гродна, Крэва, Крывічы, Вільня, Слонім, Ваўкавыск, шэраг славянскіх гідронімаў.

У той час агульнай назвы супольнасці, што стваралі крывічы, літоўцы і яцвягі, не было, як не існавала такіх агульных назваў на ўкраінскіх ці рускіх землях, дзе мелі месца аналагічныя змешванні з іншымі этнічнымі плямёнамі (гл.: Тарасаў К. Русь Літоўская. — У кн.: «Імя тваё Белая Русь».— Мн., 1991. С. 110).

Уважлівае знаёмства з такімі найменнямі (балтызмамі і архаізаванымі славянізмамі) пераконвае, што найчасцей гэта гідронімы (тапонімы), якія маюць карані літоўскага паходжання ў спалучэнні з аславяненымі суфіксамі або прыстаўкамі ці наадварот: славянскі корань афармляўся на ўзор літоўскіх тапонімаў (гідронімаў). Так, у назвах населеных пунктаў паўночнага захаду Беларусі даследчыкамі выяўлена вялікая колькасць бясспрэчных літоўскіх фармантаў, у многіх выпадках з тыповымі аславяненымі суфіксамі -ішкі замест -ішкес; -ішкяй; -яны замест -ёны; -яты замест -ёчай і інш.: Юрацішкі, Васілішкі, Граўжышкі, Жо-дзішкі, Кушляны, Трашчаны, Буняны, Ашмяны, Дрысвяты і інш. Існуе думка, што беларуская тапанімічная мадэль на -аны, -яны аб'яднала ў сабе дзве: мадэль з літоўскай мовы на -еnаі, -оnys і мадэль з беларускай мовы на -ане ці -ан (Лобан-Лабаны). Як адзначае В. Лемцюгова, толькі на Міншчыне з суфіксамі -аны, -яны зафіксавана больш за сорак назваў населеных пунктаў з названымі суфіксамі, а з суфіксамі -ішкі, -ышкі — больш за дваццаць тапанімічных назваў (вёсак) (гл.: Лемцюгова В. П. Беларуская айканімія. — Мн., 1970. С. 143).

На захадзе рэспублікі, пераважна на Гродзеншчыне, сустракаюцца назвы паселішчаў, утвораныя ад літоўскіх каранёў: Дайліда, Дойлідкі (ад літоўскага – цясляр, будаўнік) – вёскі ў Іўеўскім, Астравецкім, Гродзенскім раёнах; Дайнова, Дайнава, Дайнаўка (ад назвы адной з этнічных груп літоўскага насельніцтва) – вёскі ў Валожынскім, Лідскім, Ашмянскім раёнах; Жомайдзі, Жомайдзь (Жамойдзь – адна з гістарычных абласцей Літвы) – вёскі ў Валожынскім і Клецкім раёнах. На паўночным захадзе пашыраныя тапонімы ад літоўскага гудас – беларус, гэта вёскі Гуды, Гудзевічы, Гудовічы, Гудова, Гудзялі, Гудзялішкі, Гудзяняты, Гудагай і інш., што бытуюць у Валожынскім, Лідскім, Мастоўскім, Чэрвенскім, Верхнядзвінскім, Дубровенскім, Воранаўскім, Пастаўскім, Ашмянскім, Астравецкім раёнах. Дарэчы тут зазначыць, што вядомы беларускі даследчык літаратуры Адам Мальдзіс свае першыя артыкулы падпісваў Адам Гудас. Такі выбар псеўданіма Мальдзісам быў абраны, відаць, таму, што на беларуска-літоўскім паграніччы, у тым ліку і на Астравеччыне, адкуль вучоны і пісьменнік родам, гэты агульны назоўнік (гудас) усім знаёмы: так у суседняй Літве называюць нас, беларусаў.

Сустракаюцца на захадзе Беларусі і тапонімы прускага паходжання: Дзітва, Здзітава. На думку вучоных, гэтыя назвы роднасныя такім старажытным прускім назвам, як Дзітэрсдорф, Дзітмуц, Дзітмарш, Дзітэгофен і інш. (гл.: Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. С. 100).

Менш вядомы на тэрыторыі Беларусі тапонімы латышскага паходжання, гэта пераважна назвы паселішчаў і прозвішчы, якія ўтварыліся ў выніку пераасэнсавання ў мове беларусаў латышскіх этнонімаў (назваў старажытных плямёнаў і этнічных груп) і ў меншай меры звычайных лексічных запазычанняў з латышскай мовы і яе гаворак. Так, даследчыкі лічаць, што назвы беларускіх вёсак Латыгаль, Латыголічы, Латыгаўка, Латыгва, Латыгава ў Пастаўскім, Глыбоцкім, Сенненскім, Вілейскім, Чашніцкім, Крупскім, Верхнядзвінскім, Бешанковіцкім раёнах, а таксама Жміголы ў ПІаркаўшчынскім, Куршынавічы ў Ляхавіцкім раёнах паходзяць ад старажытных назваў латышскіх плямёнаў лецьгола, зімегола і куршы (корсь). У некаторых раёнах Беларусі сустракаюцца вёскі з назвамі Лотва, Лоцьвіны, Лотвічы, Латаўшчына, у якіх даследчыкі выразна выяўляюць даўнюю беларускую і польскую назву латышоў – лотва. Характэрна, што гэтыя, як і папярэднія назвы, пераважна пашыраны ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі, дзе здаўна былі вядомы калоніі латышскіх перасяленняў, якія да нашага часу паступова асіміляваліся сярод беларусаў. 3 XIX – пачатку XX ст. з'явіліся вельмі кампактныя пасяленні латышоў з празрыстымі на ўспрыманне назвамі Латышы, Латышчына, Латышава, Латышоўка, Латышонкі, Латкалонія, што вядомы цяпер у Расонскім, Міёрскім, Бешанковіцкім, Ушацкім, Талачынскім і іншых раёнах Віцебшчыны.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі ў адпаведнасці з аўтарскай задумай нярэдка рэальныя тапанімічныя назвы замяняюць іншымі, найчасцей аднакарэннымі ці тымі, якія ў семантычным плане блізкія значэннем з існаваўшай ці існуючай назвай. Робіцца гэта з улікам усіх асаблівасцей мовы, і ўважлівы чытач можа здагадацца, пра які населены пункт вядзецца размова, асабліва калі твор аўтабіяграфічны. Вось як у «ЛіМе» расказана пра змену назвы роднай вескі пісьменніка Міколы Ракітнага: «Вы нічога не чулі пра Пятроўку? Не ведаеце, дзе яна знаходзіцца? Шкада, канечне, ды становішча лёгка паправіць. Дастаткова ўзяць у рукі кніжку Міколы Ракітнага «Вясковыя навелы», адшукаць у ёй апавяданне «Панажы», і адразу дыхне ў душу тым родным і першародным, што заўсёды радуе сваёй нерушавасцю. Не хаваючы захаплення, герой-апавядальнік знаёміць з мясцінамі, найбольш яму дарагімі і блізкімі»1. Далей сказана, што Пятроўка – па сутнасці, родная вёска пісьменніка Петрыцкае, якая знаходзіцца ў Брагінскім раёне. Ёй М. Ракітны прысвяціў нямала-нямнога, а ажно сто апавяданняў.