- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
Некаторыя онімы ў працэсе маўлення ці па задуме мастакоў слова набываюць дадатковыя якасці – ужываюцца як пэўныя сімвалы – мастацкія вобразы, якія ўмоўна перадаюць якую-небудзь думку, ідэю, перажыванне, яны з’яўляюцца адным з відаў мастацкага іншасказання і выкарыстоўваюцца ў літаратуры як своеасаблівы прыём мастацкага адлюстравання рэчаіснасці [Рагойша 1979: 51; Лазарук, Ленсу 1983: 117]. Параўн.: Іван – сімвал рускага, беларуса, украінца; Брэст – сімвал заходніх варотаў Беларусі; Чарнобыль – сімвал самай вялікай і страшнай катастрофы ХХ ст., Хатынь – сімвал спаленых фашыстамі беларускіх паселішчаў і г.д. Так, гідронім Нёман у творах Я. Коласа выконвае не толькі ідэнтыфікуючую функцыю – называе адну з вялікіх рэк Беларусі, на берагах якой прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады класіка нашай літаратуры. У тэкстах Я. Коласа Нёман – гэта і назва-сімвал, неад’емная частка не толькі прыроднай, а і духоўнай рэальнасці роднага краю, Бацькаўшчыны: Дык паведай, вецер вольны, Што павеяў з тых краёў: Як жыве там край бяздольны, Край з-пад Нёмна берагоў? [К 1: 412].
У гэтым кантэксце гідронім уваходзіць у склад апісальнага выразу – аўтарскай перыфразы: край з-пад Нёмна берагоў, якая выкарыстоўваецца для называння ўсёй Заходняй Беларусі, што ў 20 – 30-я гады ХХ ст. уваходзіла ў склад буржуазнай Польшчы. А ў апавяданні “Туды, на Нёман!” назва ракі – сімвал далёкай радзімы для беларусаў, выселеных на Куршчыну ў час першай сусветнай вайны з Гродзеншчыны. Падкрэслівае канатацыйную значымасць гідроніма Нёман у апавяданні той факт, што ў першых выданнях загаловак гэтага твора гучаў інакш: “Туды, на Захад!” (1926 г.). У выніку змен у кантэксце Нёман – гэта не толькі назва ракі, а і тое слова, якое ўвасабляе для пісьменніка і яго літаратурных персанажаў незабыўны край, Бацькаўшчыну, з якой бежанцаў разлучыла вайна, і куды яны мараць вярнуцца. Замена кампанента загалоўка Захад на Нёман, відаць, выклікана тым, што ў 20–30-я гады ХХ ст. геаграфічныя назвы Захад – Усход шырока ўжываліся ў перыядычным друку, мове мастацкай літаратуры для абазначэння процілеглых сацыяльна-палітычных сістэм і дзяржаў. І першы загаловак гэтага апавядання нібыта “паказваў”, куды так непажадана мараць вярнуцца персанажы Я. Коласа, што, безумоўна, не адпавядала ідэалагічным устаноўкам і канонам, якімі тады кіравалася кіраўніцтва маладой рэспублікі Саветаў. Між іншым, у “Казках жыцця” Я. Коласа вядомы сімвалічныя персаніфікаваныя казачныя вобразы Усход і Захад, якія адпаведна ўвасаблялі ўсходнюю і заходнюю часткі Беларусі: Брат Захад! – пісаў Усход: – я зусім здаровы і хваробу сваю выгнаў [К V: 542]. Такім чынам, канатацыйная сутнасць гідроніма Нёман у структуры загалоўка значна памацняецца. Як зверхзначымая семантыка-канатацыйная адзінка тэксту ён, гаворачы словамі Ю. Карпенкі, становіцца полісемантычным: выконвае і эмацыйна-стылістычную функцыю, гэтымі асаблівасцямі загаловак удала працуе на тэму і ідэю твора – указвае на розныя бакі сюжэту твора, розныя думкі і адценні пісьменніка [Карпенко 1986: 39]. Загалоўкам адмыкаецца тэкст і замыкаецца яго апошнім сказам.
Як падлічана, пісьменнік да любай і шчымліва дарагой яму назвы Нёман зноў і зноў вяртаўся 152 разы, выкарыстоўваючы яе ў 29 паэтычных і празаічных творах, у перапісцы з сябрамі. Самыя частыя азначэнні-эпітэты да слова Нёман – срэбразвонны, срэбралітны, светлы, быстры, свабодны, слаўны, родны, сэрцу блізкі, наш, поўны сілы і красы; Нёман корміць і поіць нас, будзіць. Да гэтай роднай паэту назвы ў яго творах можна падабраць кантэкстуальныя сінонімы-перыфразы: “страшэнны штукар і свавольнік”, “часціна роднага кута, Беларусі сын”; параўнанні: як люстэрка Нёман. Слова-гідронім Нёман уваходзіць у склад наступных назваў-загалоўкаў Я. Коласа: верша “Нёман”, апавяданняў “Нёманаў дар”, “Разліў Нёмана”, “Туды, на Нёман!”. У гэтых творах Нёман – ключавое слова. Ад яго ідуць нябачныя сюжэтныя лініі да партрэтаў літаратурных персанажаў, апісанняў пейзажу, дыялогаў, лірычных адступленняў. Такія адзінкі, на думку В. Пятроўскага, ствараюць унутранае адзінства лексічнай сістэмы твора, становячыся істотным элементам яго кампазіцыйнай пабудовы. У адных творах ключавыя словы толькі зрэдку, невыразна выступаюць як дамінанты на фоне ўсяго кантэксту, у другіх, – наадварот, густа пранізваюць мастацкую тканіну, прымушаючы чытача шукаць у такіх онімах адметны, незвычайны сэнс [Петровский 1977: 54]. Дакладныя геаграфічныя, этнаграфічныя, прыродаапісальныя замалёўкі Нёмана, яго берагоў можна знайсці ў наступных творах пісьменніка: “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”, “У старых дубах”, “Разліў Нёмана”, “Наша сяло”, “Высокі бераг”, “Нёманаў дар”, “Вясною”, “Новая зямля”, “На ростанях” і інш.
У творах Я. Коласа, на яго радзіме вядомы разнастайныя анамастычныя ўтварэнні ад гідроніма Нёман: Панямонка – назва рэчкі; Панямонь і Панямонне – варыянты назвы сяла недалёка ад Мікуціч (сапраўдн. назва Новы Свержань); Панямонская гімназія – мяркуемая навучальная ўстанова ў Панямонні; “Панямонскія ведамасці” – газета, якая выдавалася рэдактарам Бухбергам у Панямонні; Наднямонне – назва мясцовасці вакол Нёмана; Занямонне – агульная назва зямель і вёсак, якія знаходзяцца на левым беразе Нёмана, насупраць Мікалаеўшчыны, размешчанай на правабярэжжы ракі; Нямнішча – старое рэчышча Нёмана, па дарозе з Акінчыц у Новы Свержань. Аб асаблівай прыхільнасці пісьменніка да назвы Нёман сведчыць і той факт, што частку сваіх твораў ён падпісваў псеўданімамі Наднёманец, Nadniemaniec, Марцін з-за рэчкі [Саламевіч 1983: 189]. У сучаснай літаратуры Гродзеншчыну часта называюць Прынёманскім краем. А перыфраза сыны Дзвіны і Нёмана, якая належыць паэту А. Вялюгіну, – гэта ўзнёсла-паэтычная назва ўсіх нас, беларусаў [Малажай 1974: 120].
Нядаўна выдавецтва “Юнацтва” апублікавала кнігу “Бацька наш Нёман” (Мн., 2000. Укладальнік Яўген Хвалей), дзе змешчаны творы больш за 190 аўтараў – беларускіх, польскіх, рускіх паэтаў і празаікаў, якія прысвяцілі свае творы гэтай слыннай рэчцы. Нёман у творчасці гэтых пісьменнікаў – адна з самых магутных, імклівых і любімых у народзе рэк Беларусі. У ліку іх У. Сыракомля, А. Міцкевіч, Э. Ажэшка, М. Багдановіч, Ф. Цютчаў, Я. Купала, Цётка, Я. Колас, А. Астрэйка, К. Буйло, М. Танк, П Пястрак, А. Русак, П. Глебка, П. Трус, Р. Барадулін, К. Цвірка, Я. Брыль, М. Аўрамчык і інш. [Хв. БНН: 3 – 448]. Некаторыя творы гэтых пісьменнікаў, прысвечаныя Нёману, сталі хрэстаматыйнымі: яны вывучаюцца ў школах і ВНУ. На іх аснове напісаны народныя песні. Крылатымі сталі словы Анатоля Астрэйкі “Ой Нёман, ой бацька наш родны!”. Гідронім Нёман – сімвал Беларусі не толькі ў творах Я. Коласа. Так, У. Мархель, аналізуючы творчасць Адама Міцкевіча, у прыватнасці яго санеты адэскага цыкла “Да Нёмна”, адзначаў, што “любасць Міцкевіча да радзімы ў гэтым цыкле выказана праз непасрэдную, амаль прадметна адчувальную, а не ўяўную лучнасць з яе акватычным вобразам-сімвалам... Сімвал радзімы, Нёмана ў гэтых творах пазначаны псіхалагізаванай скіраванасцю настальгічнай памяці паэта” [Мархель 2003: 27]. А ў творах У. Караткевіча, асабліва рамане “Каласы пад сярпом тваім”, нарысе “Зямля пад белымі крыламі”, сімвалам Радзімы, Беларусі выступае гідронім Дняпро, які пісьменнік называў “вялікай Ракой”. У названых і іншых творах мастак паслядоўна падкрэсліваў сваё зачараванне, захапленне, павагу і прыхільнасць да гэтай “калыскі трох народаў” і нават напісаў кінасцэнарый “Дзеці вялікай ракі”. А Рагачоў, Падняпроўе паводле шматлікіх успамінаў пісьменніка і яго блізкіх былі тым, чым для А. Пушкіна Болдзіна, для Л. Талтога – Ясная Паляна, Я. Купалы – Акопы. Як пераканальна прасачыў А. Верабей, Дняпро і Прыдняпроўе былі для мастака крыніцай натхнення, героямі яго твораў, сімваламі беларускага краю, а Дняпро – той артэрыяй, што жывіць родную зямлю і дае ёй сілы [Верабей 2003: 97].
Як онімы-сімвалы ў мастацкай літаратуры некаторыя лінгвісты разглядаюць асобныя загалоўкі мастацкіх тэкстаў. У сувязі з гэтым В. Фанякова адзначала, што “у свядомасці чытача – носьбіта мовы імя галоўнага героя можа выступаць абагульняльным знакам цэлага вялікага мастацкага тэксту. Параўн.: “Абломаў”, “Ганна Карэніна”, “Атэла” і інш., дзякуючы велізарнай тыпізуючай сіле мастацкага вобраза, такое імя можа стаць не толькі абагульняючым знакам усяго цэлага тэксту, але і пачаць паралельна вялікае “паслятэкставае” жыццё ў мове ў сувязі з працэсам дэанімацыі – пераходу імёнаў уласных у агульныя” [Фонякова 1990: 9]. Такім онімам-сімвалам у творах Я. Коласа, напрыклад, стаў тапонім Палессе, якім пісьменнік назваў два вершаваныя творы, якія пачынаюцца наступнымі радкамі: “Край лясоў, край балот” [К І: 380], “усё балоты ды балоты” [К І: 187], а таксама і аднайменнае апавяданне [К ІV: 257]. У самых ранніх творах Я. Коласа гэтая назва ўвасабляла не толькі лакальную фізіка-геаграфічную частку ўсходняй Еўропы паміж Бугам і Дняпром, а і сімвалізавала аддаленны, забыты Богам “край лясоў, край балот”, “усё балоты ды балоты!”, “хоць бы поле заблішчала, Хоць бы вёска ўжо хутчэй!”. У творчасці пісьменніка гэтая назва ўваходзіць у структуру загалоўкаў наступных твораў пісьменніка: “Палеская глуш” – адзін з варыянтаў назвы трылогіі “На ростанях”, апавядання “Палеская вёска”, вершаў “Палескія вобразы”, “Вечар на Палессі”, “Вясна на Палессі”, аповесцяў “У глыбі Палесся”, “У палескай глушы”, драмы “У пушчах Палесся” і інш. У творах пісьменніка онім Палессе ці яго варыянты ўваходзіць таксама ў структуру наступных складаных назваў: Палеская нізіна, Мазырскае Палессе, Пінскае Палессе, Рэчыцкае Палессе, Савецкае Палессе. Гэтая назва ці яе варыянты засведчана ў 34 мастацкіх творах і пісьмах пісьменніка і ўжываецца ў яго тэкстах 212 разоў [АСТК 1990: 436 – 438].
У савецкі перыяд тапонім Палессе ў тэкстах Я. Коласа і іншых пісьменнікаў стаў уяўным сімвалам перамогі новага ладу над старым: Шуміць і гамоніць Савецкае Палессе, і новыя акорды чуваць у гэтым шуме і ў гэтым гомане [К VІІ: 417]. У наш час гэтая назва надзвычай ужывальная. Так, гэты тапонім-сімвал часта выкарыстоўваюць пісьменнікі ў якасці загалоўкаў сваіх мастацкіх твораў. Параўн.: зборнік вершаў А. Грачанікава “Палессе”, кніга нарысаў В. Вольскага “Палессе”, цыкл апавяданняў “Палессе” Б. Сачанкі, “Палеская рапсодыя” У. Дубоўкі, трылогія І. Мележа “Палеская хроніка”, зборнік вершаў А. Дудара “Палескія ночы”, апавяданне У. Краўчанкі “Вясна на Палессі” і інш.
У савецкі перыяд назвы некаторых паселішчаў Беларусі, якія нібыта мелі немілагучныя, абразлівыя ці іншыя назвы, што не адпавядалі сацыяльна-эканамічным і ідэалагічным пераменам, былі заменены на новыя, у якіх, паводле іх стваральнікаў, адлюстроўваліся падзеі і спадзяванні на лепшае жыццё, ушаноўвалася памяць пра вядомых дзеячоў, сімвалізаваліся станоўчыя з’явы ў грамадстве і інш. Такой сімвалічнай назвай у той перыяд з’яўляўся і онім Палессе, асабліва з азначэннямі Новае, Савецкае і інш. Ім былі заменены некалькі назваў вёсак на Гомельшчыне: Палессе – паселішчы ў Петрыкаўскім (да 1964 г. Падканаплішча), Рэчыцкім (да 1938 г. Папоўкі), Светлагорскім (да 1939 г. Кабыльшчына) і Чачэрскім раёнах. Новае Палессе (да 1964 г. Каросцін) у Лельчыцкім раёне, Палеск у Ельскім раёне і інш. [Рапановіч 1986: 129]. Мясцовыя газеты ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны таксама ў сваіх загалоўках утрымлівалі ці ўтрымліваюць кампанент “Палеск” ці “Палессе”: “Маяк Палесся”, “Бальшавік Палесся”, “Новае Палессе”, “Камуніст Палесся”, “Жыццё Палесся” і інш. [Рапановіч 1986: 239]. Кампаненты Палессе, Палескі сустракаецца ў назвах шматлікіх калгасаў, саўгасаў, навучальных устаноў, магазінаў, вытворчых аб’яднанняў і дзяржаўных арганізацый Гомельшчыны і Брэстчыны, што, безумоўна, збядняе традыцыйную і самабытную гаму такіх анамастычных адзінак, вядомых з даўніх часоў на Беларусі.
Глыбокі філасофскі і сімвалічны сэнс выяўляецца ў псеўданіме Канстанціна Міцкевіча – Якуб Колас. Так, М. Лужанін у артыкуле “Як Міцкевіч стаў Коласам” пісаў: “Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае – Колас. І стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей. Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі...” У гэтым метафарычным кантэксце, на думку І. Лепешава, ажыўляецца этымалогія псеўданіма, ставіцца ў сувязь з назоўнікам колас, які выкарыстоўваецца тут адначасова са значэннямі ўласнага і агульнага імя [Лепешаў 1981: 53]. Пра гэта ж пераканальна гаварыў на юбілейным вечары, прысвечаным 90-годдзю песняра П. Броўка. Ён таксама параўнаў Я. Коласа з коласам збажыны, які дае вялікае багацце народу – хлеб. Колас-паэт падараваў свайму народу, ды і ўсяму свету, жамчужнае зерне – палымяныя словы, свае цудоўныя творы. Іх трэба берагчы, і рабіць гэтую пачэсную справу неабходна ўсёй грамадой [Камароўская 1999: 189]. І хоць псеўданім Якуб Колас стаў сінонімам такіх усталяваных у беларускай літаратуры перыфраз, як заснавальнік беларускай прозы, гусляр першай рэвалюцыі (А. Вялюгін), стваральнік “Новай зямлі” (Я. Брыль) і інш., аднак і сапраўднае прозвішча класіка не з’яўляецца для нас, беларусаў, звычайным онімам. У ім таксама акумулюецца глыбокі і сімвалічны сэнс (заўважаны не толькі М. Лужаніным), які ўмела падкрэсліваецца таксама перыфразай радзіма двух Міцкевічаў, створанай М. Танкам: Хацелася пабываць на радзіме двух Міцкевічаў, яшчэ раз наведаць знаёмыя мясціны. Значэнне гэтага апісальнага выразу (радзіма двух Міцкевічаў), як правільна адзначыла Г. Малажай, вынікае з таго, што два волаты літаратуры – Адам Міцкевіч і К.М. Міцкевіч (Якуб Колас) – нарадзіліся ў Прынёманскім краі [Малажай 1980: 42].
Онімы-сімвалы шырока ўжываў у сваіх творах Я. Купала. Так, у драме “Раскіданае гняздо”, якую ён стварыў на падставе ўласных жыццёвых фактаў, многія персанажы, іх онімы ўспрымаюцца даследчыкамі творчасці класіка як словы-сімвалы: абвешаны торбамі, з сукаватым кіем у руках Старац сімвалізуе долю тых, каго паны праўдамі і няпраўдамі прагналі з зямлі-карміцелькі; Параўн.: у беларусаў торба – сімвал жабрацтва [БРС 1962: 920]. Незнаёмы – вястун лепшай долі, бунтар, які заклікае ўсіх абяздоленых і пакрыўджаных на вялікі Сход, да вялікага змагання. Відаць, гэты онім-сімвал і вобраз, як лічыць Р. Шкраба, сталі аналагам-узорам для стварэння вобраза Нявіднага ў аповесці Я. Коласа “Дрыгва”; Паніч – сімвалізуе чорныя сілы, якія выжываюць з роднага кута яго законных гаспадароў, стваральнікаў. У гэтай п’есе аўтар зусім не паказвае побыт сям’і Зяблікаў. Затое буйным планам малююцца вобразы, якія набываюць сэнс вялікіх сімвалаў. Прычым сімвалаў вельмі рэальных і ў той жа час вельмі абагуленых... [Шкраба 1969: 162].
Вобразы-сімвалы птушак і гнёздаў, як сведчаць даследчыкі прасочваюцца ў беларускім фальклоры з глыбокай старажытнасці, што тлумачыцца культурна-гістарычнымі традыцыямі нашага народа. Так, Т. Трыпуціна, аналізуючы моўна-стылявыя асаблівасці творчасці Я. Брыля, адзначала, што традыцыя ў літаратуры, пачатая Я. Купалам і звязаная з вобразам раскіданага гнязда, знайшла далейшае творчае ўвасабленне не толькі ў вядомым рамане гэтага сучаснага класіка, а і ў іншых яго творах. “Птушкі і гнёзды” – не толькі назва рамана, гэта і тэма, і праблема. Пісьменнік не выпадкова замяніў першую рабочую назву “Дзе твой народ”. У творчасці Я. Брыля сімвалічныя вобразы птушак і гнёздаў, а таксама выраю рэалізуюцца таксама ў апавяданні “Адзін дзень” і ў аповесці “У Забалоцці днее” [Трыпуціна 2002: 173].
У онімах-сімвалах, створаных калектыўным розумам народа (фальклорныя творы), а таксама пісьменнікамі, акумулюецца вялікая колькасць разнастайных асацыяцый, пачуццяў, эмоцый. Таму, напрыклад, у мастацкіх тэкстах словы зязюля, бусел, сокал, балота, вярба, крыж, колас, серп і інш. не проста моўныя адзінкі, а свайго роду ўмоўныя абазначэнні пэўных фактаў, з’яў рэчаіснасці, якія характарызуюцца ўстойлівасцю, традыцыйнасцю пераносаў значэнняў. Прычым у сімвалах перанос значэння адбываецца праз мастацкі вобраз, які нечым нагадвае гэту з’яву: Параўн.: дуб – сімвал моцы, а таксама сілы і мудрасці; зязюлька – сімвал самотнай жанчыны; рака Дунай – сімвал разлукі і г.д. [Садоўская 2002: 69].
Эстэтычнымі крытэрыямі і асацыятыўнымі канатацыямі, напрыклад, тлумачыць А. Бельскі сімвалічны псеўданім Гертруды Пятроўны Сакаловай – Вера Вярба. На яго думку, ён падкрэслена сціплы, але вельмі беларускі і адмысловы. Паэтэсе, народжанай на Віцебшчыне ў ваенны час 14 студзеня 1942 года, была патрэбна, як і іншым дзецям вайны, вера – у сябе, у жыццёвыя і духоўныя сілы, у будучыню. Без гэтага, напэўна, немагчыма знайсці свой шлях у літаратуру, пасадзіць і выгадаваць уласнае дрэва ў вялікім паэтычным садзе [Бельскі 2002: 5]. Такім чынам, паэтэса, абыгрываючы семантыку агульнага назоўніка вера, – “упэўненасць у чым-небудзь, у здзяйсненні чаго-небудзь” і такога ж уласнага жаночага імя ў спалучэнні з антрапонімам Вярба, тыповага для беларусаў, які ўзыходзіць да аднайменнага апелятыва вярба – дрэва, якое ва ўсходніх славян сімвалізуе росквіт, ажыўленне прыроды, стварыла жыццясцвярджальную антрапаформулу, якая вызначала яе творчае крэда. Дапаўняе канатацыйна значымую сутнасць гэтай сімвалічнай антрапаформулы кагезія – унутрытэкставая сувязь аднакаранёвых ці блізкіх гучаннем адзінак псеўданіма (Вера Вярба), якія ў такім спалучэнні актывізуюць прыхаваную семантыку онімаў і дапамагаюць чытачу (слухачу) аднавіць некалі існуючую генетычную роднасць кампанентаў антрапаформулы. Такім чынам, такія адзінкі ў мастацкім тэксце ўтрымліваюць значны канатацыйны патэнцыял, маюць павялічаную сэнсавую ёмістасць слова, узбагачаюць кантэкст новымі адценнямі, дапамагаючы пісьменніку ствараць яркія запамінальныя вобразы, а таксама перадаюць свае адносіны да фактаў і падзей, апісаных у творы. Так, М. Абабурка, аналізуючы мову твораў Івана Мележа, адзначаў, што яго раманы з “Палескай хронікі” – значны крок пісьменніка ў мастацкім апісанні і аналізе Палесся перыяду 20–30-х гадоў ХХ ст. у паказе жыццёвых фактаў праз мастацкую ўмоўнасць. Назвы яго раманаў наводзяць на вялікі роздум, на значныя абагульненні. Напрыклад, “Людзі на балоце” – гэта, як лічыць М. Абабурка, і пярэчанне сентэнцыі – выказванню “Палешукі, а не чалавекі”, а таксама і своеасаблівая аб’ява: “Асцярожна: людзі на балоце! “Подых навальніцы” – гэта не толькі вынік змены ладу жыцця, але і імклівы тэмп новага, ачышчэнне ад непатрэбнага, гэта знаходкі і страты, надзеі. “Завеі, снежань” – адначасова і такі час, калі змрочна і холадна, калі малы дзень і вялікая ноч, і перыяд “завірух” і “снягоў” у перадваенным савецкім жыцці [Абабурка 1987: 146]. Глыбокі, сімвалічны сэнс укладваў Я. Колас у метафарычную назву “Новая зямля”. Гэтай назвай-сімвалам, як лічыць Ж. Шаладонава, паэт звяртаў увагу на незвычайна новым, поліфанічным змесце і вобразу зямлі, якую ён узводзіў у ранг непераходнага агульначалавечага ідэалу і атаясамліваў з вечнымі сакральнымі каштоўнасцямі жыцця. Яе вобразны свет поліфанічны, міфалагічна ўскладнёны і сімвалічна зашыфраваны, як “мнагалучнае, мнагавобразнае і выключнае, поўнае загадак і таямніц быццё, адбіткам якога з’яўляецца “Новая зямля” [Шаладонава 2001: 5]. А такія даследчыкі як У. Гніламёдаў, У. Конан, Д. Бугаёў лічаць, што сімвалічную назву “Новая зямля” Я. Колас запазычыў з “Бібліі” – “з апакаліптычнага прароцтва аб райскай новай зямлі” [Бугаёў 2002: 12].
Як сімвал радзімы ў творах Рыгора Барадуліна выкарыстоўваецца двухіменне народнага пісьменніка Васіля Быкава. Так, у вершы “Васілю Быкаву на дзевятнаццатага чэрвеня” паэт, завяршаючы гэты твор, узнёсла адзначае: Ёсць беларусы! Беларусь жыве, Пакуль жыве У кожным сэрцы Быкаў! [Бар. РС: 1999, с.7]. У гэтых радках онім Быкаў канатацыйна ўскладнены і выкарыстоўваецца як кантэкстуальны адпаведнік і сінонім такіх слоў, як Бацькаўшчына, Айчына, Радзіма, Беларусь. А ў наступных радках Р. Барадуліна, заснаваных на асацыяцыях радзімы з Багдановічавага “Вянка”, паэт пранікнёна і сімвалічна адзначае: Будуць часам ідалы раструшчаны. Сьвет разумны Стоміцца ад крыкаў. Васільком у жыце беларушчыны Назаўсёды застанецца Быкаў. Тут паэт абыгрывае крылатыя класічныя радкі М.Багдановіча з верша “Слуцкія ткачыхі”: І тчэ, забыўшыся, рука. Заміж персідскага ўзору Цвяток радзімы васілька. У радках М. Багдановіча кветка васілёк – сімвал Беларусі. І ў вершы Р. Барадуліна васілёк-кветка і Васілёк – памяншальны варыянт ад імя Васіль каламбурна аб’ядноўваюцца ў антрапаформулу Васіль Быкаў. У такім кантэксце імя і прозвішча пісьменніка, якога Барадулін узнёсла называе ратаем, сынам Беларусі, якога “Бог вызваліў з вагню вайны. Каб штодня змагаўся за Дзяржаву”, выступаюць як сімвал сучаснай Беларусі. Такім чынам, спалучэнне Васіль Быкаў у радках паэта ўвасабляе мужную асобу высокай нацыянальнай свядомасці, якая будзіць забытую славу нашай радзімы і заклікае змагацца за Дзяржаву-Беларусь. Сімвалічнай з’яўляецца і назва рамана У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Даследчыкі творчасці гэтага пісьменніка (А. Мальдзіс, А. Васілеўская, А. Верабей і інш.) падкрэслівалі, што праз біблейскія вобразы каласоў і сярпа мастак слова імкнуўся раскрыць усеагульныя праблемы быцця, асэнсаваць лёс чалавека, свайго народа, заклікаў задумацца над сутнасцю жыцця і смерці, часовасцю і вечнасцю, неабходнасцю і наканаванасцю будучага паўстання [Верабей 2003: 77]. Значэнне гэтага сімвалічнага загалоўка раскрываецца паступова. На думку А. Васілеўскай, у кантэксце твора ён іншасказальна ўвасабляе ідэю неабходнасці ахвяры дзеля будучыні і веры ў адраджэнне..., у назве выяўляецца ідэя пакутніцтва беларусаў. Аналіз гэтага рамана ў кантэксце ўсёй беларускай літаратуры дазваляе меркаваць, што словы каласы, серп, вынесеныя ў загаловак, з’яўляюцца сімвалам Беларусі, яе гістарычнага лёсу і веры ў яе будучыню [Васілеўская 2003: 55]. У мастацкіх тэкстах славесны сімвал генетычна звязаны з метафарай, па сутнасці сваёй, як лічыць В. Фанякова, ён непадзельны ад яе, толькі больш абстрактны. Асабліва сімвалічнымі з’яўляюцца загалоўкі, пабудаваныя на выкарыстанні біблейскіх і евангельскіх матываў, а таксама на пераклічцы гістарычных і літаратурных сюжэтаў, у якіх захоўваюцца цытаты – намёкі ў назвах [Фонякова 1990: 65]. Параўн.: васілёк – кветка як сімвал Беларусі (М. Багдановіч) і “Васілёк у жыце беларушчыны” (пра Васіля Быкава) (Р. Барадулін).
Такім чынам, онімы-сімвалы ў творах мастацкай літаратуры – спецыфічныя ўласныя адзінкі, якія іншасказальна, метафарычна, праз умоўнасці пэўных жанраў перадаюць ідэі, думкі, перажыванні і выкарыстоўваюцца пісьменнікамі як своеасаблівы прыём мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, заснаваны часта на выкарыстанні фальклорных, біблейскіх матываў, на пераклічцы гістарычных і літаратурных вобразаў і сюжэтаў, у якіх падсвядома выяўляюцца пэўныя намёкі і асацыяцыі ў назвах і падзеях. Онімамі-сімваламі ў літаратуры становяцца не толькі асобныя тапанімічня назвы (Чарнобыль, Брэст, Хатынь, Віскул ), а і назвы мастацкіх твораў (“Новая зямля”, “Птушкі і гнёзды”, “Людзі на балоце”, “Воўчая зграя”, “Труба”), літаратурныя персанажы (Старац, Незнаёмы). Такія адзінкі ў тэкстах акумуюць значную колькасць разнастайных асацыяцый, пачуццяў, эмоцый, утрымліваюць павялічаную сэнсавую ёмістасць онімаў, дапамагаючы канцэнтравана стварыць яркія запамінальныя вобразы абагульняльнага сэнсу.
