- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
Загаловак мастацкага твора заўсёды ў цэнтры ўвагі чытача, ён ключ да правільнага ўспрыняцця мастацкага тэксту. Гэта першы онім, якія сустракаецца чытачу, прызначэнне якога матывуецца зместам усяго твора В. Кухарэнка называў загаловак першым парадыгматычным знакам (аўтаномным сегментам) тэксту, які мае ініцыяльную (пачатковую), заўсёды моцную пазіцыю, максімальна функцыянальную загружанасць, якая ўплывае на ўсе астатнія катэгорыі тэксту – мадальнасць, канцэптуальнасць, працягласць і інш. [Кухарэнка 1984: 109 – 117]. Кожны літаратурны твор мае загаловак, які з’яўляецца “галоўным кампанентам анамастычнай прасторы мастацкага твора” [Карпенко 1984: 38]. У агульнай канве твора гэтыя адзінкі не столькі сродкі камунікацыі, колькі эстэтычныя кампаненты раскрыцця ідэі, тэмы, стварэння вобразаў; іх структурна-семантычныя асаблівасці вызначаюцца таксама жанрам твора. Загалоўкі – не проста назвы твораў, а і сродкі аб’яднання складаных сінтаксічных цэлых, асобных частак, твораў у структурна-семантычнае цэлае [Жураўская 1999: 220]. Загалоўкам адмыкаецца мастацкі твор і замыкаецца яго апошнім сказам. Онім-загаловак у мастацкім тэксце, на думку С. Фамічова, з’яўляецца вянцом, зернем, з якога вырастае, нараджаецца ідэя твора. Па сваёй сутнасці і функцыі загаловак, калі ён сапраўды ўдалы, абавязкова суадносіцца з усімі сюжэтнымі хадамі, з усімі вобразамі і элементамі мастацкага твора, нават да самых дробязных дэталяў. Зразумець такую назву – значыць пранікнуць у сутнасць аўтарскай ідэі [Фомичев 1989: 17]. Назва мастацкага тэксту любога жанру – самая актуальная яго прыкмета, гэта славесны комплекс, значэнне якога імпліцытна праектуецца на змест усіх тэкставых узроўняў і яго частак, на яго агульную, скразную ідэю [Фонякова 1990: 63].
Словы-онімы, якія выконваюць функцыю загалоўкаў, як лічыць Ю. Карпенка, – зусім асобны тып уласных імёнаў. Яны валодаюць значным канатацыйным патэнцыялам: заключаюць у сабе інфармацыю пра аб’ект, які ў цэнтры ўвагі мастака слова, выконваюць у творы інфармацыйна-стылістычную ролю, а таксама валодаюць ацэначнай функцыяй. Іх канатацыйны патэнцыял на фоне ўсяго кантэксту значна павялічваецца, бо загаловак “працуе” і на тэму, і на ідэю, і на мастакоўскую задумку, якая можа мець некалькі сэнсаў, што ўказваюць на розныя бакі сюжэту твора, розныя думкі і адценні думак пісьменніка [Карпенко 1986: 39]. У любым мастакім творы прысутнічае анамастычная прастора з уласцівым толькі ёй наборам самых розных онімаў, а цэнтрам гэтай прасторы заўсёды выступае загаловак як арганізуючае звяно сюжэтных ліній і аўтарскай канцэпцыі твора. І хоць галоўны онім у літаратурным творы – яго загаловак, але, на жаль, кантэкстуальная функцыя яго вельмі часта выпадае з-пад увагі даследчыкаў. Сэнс загалоўка, на думку І. Лепешава, можа быць высветлены толькі пасля ідэйна-тэматычнага разгляду твора. Прычым вытлумачваюцца далёка не ўсе загалоўкі, а толькі тыя, якія атрымалі сэнсавае прырашчэнне або ў якіх суіснуюць два значэнні [Лепешаў 2000: 73]. Іменна ўсім кантэкстам трылогіі, на думку гэтага даследчыка, рэалізуецца канатацыйная функцыя фразеалагізма на ростанях (пра стан сумненняў, хістанняў, нерашучасці перад выбарам чаго-небудзь), якім Я. Колас назваў свой самы значны празаічны твор. І гэта назва сапраўды цесна звязана з галоўным вобразам трылогіі, з яе тэмай, з адлюстраваннем тых складаных шляхоў, якімі ішла народная інтэлігенцыя ў пошуках праўды і сэнсу жыцця. Пра гэта ж пісаў і сам пісьменнік у артыкуле “Роднаму краю і народу”: “Зараз я прадаўжаю працаваць над аповесцю “На ростанях”. Гэта працяг маіх аповесцей аб дарэвалюцыйным жыцці сялянства і вясковай інтэлігенцыі Палесся – “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”. Напісана ўжо 7 раздзелаў. Я хочу правесці майго галоўнага героя, настаўніка Лабановіча, праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні і паказаць, як ён стаў актыўным будаўніком новага ладу, сапраўдным савецкім чалавекам” [К ХІІ: 38]. Назва-загаловак “На ростанях” падабалася Я. Коласу. Ужо ў самы ранні перыяд яго творчасці вядомы вершы паэта “На раздарожжы” (“Пры шляху шырокім”), “На ростанках” (“Ты скажы мне, цьма глухая”), “На ростані” (“Апошні разочак з-за хмар вадзяністых”), пазней – празаічныя творы аповесць “На ростанях” і трылогія з такой жа назвай. У 1902 г. ён распачаў працу над вялікім па задуме празаічным творам на рускай мове “Адзін з сотні”, фрагменты з якога ў перапрацаваным варыянце былі выкарыстаны ў першай частцы трылогіі, у аповесці “У палескай глушы”, а першы варыянт аповесці “На ростанях” быў надрукавана пад загалоўкам “Верхань” (1949 г.). Аб прыхільнасці Я. Коласа да назвы “На ростанях” сведчаць і пісьмы пісьменніка, адрасаваныя Т. Замоцінай (695) і С. Гарадзецкаму (698). У перапісцы з імі Я. Колас паведамляў: “Сдал в печать свою трилогию “На росстанях”. Это название хочу сохранить в русском переводе... Такое слово есть в словаре Ушакова с оговоркой, что “на росстанях” – областное слово. Пусть это название остается и в переводе на русский язык – по крайней мере, буду настаивать на этом” [К ХІV: 167]. Такім чынам, па задуме пісьменніка ў загалоўку ў канцэнтраваным выглядзе адлюстраваны пошукі шляхоў жыцця беларускай вясковай інтэлігенцыі, частка якой, гаворачы словамі Я. Коласа, “штучна адарваная ад жывых крыніц жыцця асталася вернай казённым прынцыпам, часткаю, не бачачы прасветліны, апускалася на дно і зацягвалася балотам. Болей жа дзейная і жывая частка яе імкнулася зліцца з гэтымі крыніцамі і вобмацкам шукала дарог, каб пазнаць “корань рэчаў”.
Такія загалоўкі твораў Я. Коласа аказалі ўплыў на іншых пісьменнікаў. Так, А. Васілевіч у 1947 г. апублікавла невялікую аповесць “У прасторах жыцця”, у назве якой не толькі даследчыкі заўважылі пераклічку з добра вядомай аповесцю класіка, а таленавіты паэт і даследчык літаратуры У. Жылка напісаў верш “На ростані”, змясціўшы яго ў аднаіменным зборніку, большасць твораў якога адлюстравала ваганні і душэўны стан беларускай нацыянальнай эліты пачатку ХХ ст., калі “аладасведчаныя радыкалы, падахвочаныя палітыканамі, спрабавалі схапіцца “у рожкі са старымі” [Рагуля 2002: 256]. У другога самага значнага вершаванага твора Я. Коласа – паэмы-энцыклапедыі “Новая зямля” загаловак таксама мае абагульнена-філасофскі характар і дапаўняе сімвалічна ўскладнены змест вобразаў паэмы, “універсальнасць іх светабачання і светаразумення, манументальнасць праблематыкі і энцыклапедычнасць тэматычнага зместу”. На думку М. Лазарука, “вобраз новай зямлі ў паэме – гэта вялікая метафара, сэнс якой раскрываецца поўнасцю толькі ў кантэксце ўсяго нацыянальна-вызваленчага руху беларускага народа” [Лазарук 1970: 22].
У творах Я. Коласа ў якасці загалоўкаў ужываюцца самыя разнастайныя онімы – асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы, мянушкі, ідэонімы, тапонімы, іх разнавіднасці – мікратапонімы, гідронімы, дрымонімы і інш. Нярэдка онімы з’яўляюцца кампанентамі складаных або састаўных назваў-загалоўкаў.
Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах – гэта найчасцей ключавыя словы да ўсяго літаратурнага твора ці асобных яго частак, у якіх лінгвісты (Я. Івашкевіч, М. Барысава, Б. Ларын, М. Бахцін, В. Фанякова і інш.) выяўляюць наступныя выразныя прыкметы паводле іх семантыка-стылістычных і эстэтычных функцый у звязным тэксце: а) высокая частотнасць ужывання ў звязным тэксце ці ў асобных яго кампазіцыйна важных частках; б) паўтарэнне і ўзбагачэнне яго кантэкстуальнай семантыкі і асацыятыўных сувязяў у розных частках тэксту: багацце і разнастайнасць сінтагматычных і сінтаксічных сувязей у тэксце; в)ужывальнасць (поўная ці спарадычная) у структуры загалоўка частак літаратурнага твора, дзе выяўляецца самая моцная пазіцыя ўласнага імя ў мастацкім тэксце.
Намі выяўлена больш за 160 загалоўкаў з твораў Я. Коласа ў структуры якіх ёсць анамастычныя назвы. Улічваючы пералічаныя вышэй прыкметы ключавых слоў, онімы-загалоўкі як ключавыя словы звязнага тэксту можна класіфікаваць у наступныя групы, якія ўяўляюць: асабовыя ўласныя імёны: “Мікалаю ІІ”, “Кірыла”, “Пятрусь-касец”, “Яню”, “Баяну-кабзару”, “Фрыцы”, “Маёй Марусі”, “Маім Петрусям”, “Міхасю”, “Петрусям” (тры вершы), “Святы Ян”, “Юрка і кот”, “Міхасёвы прыгоды”, “Паўлюковы думы”, “Паўлюкова бяда”, “Андрэй-выбаршчык”, “Сірата Юрка”, “Арыніна перамога”, “Рыгорава памылка”, “Партызан Купрэй”, “Санітарка Таня”, “Кажух старога Аніса”, “Сцёпкаў сон”, “Панас гуляе”, “Раскуты Праметэй”, “Бацьку Мінаю”, “Джамбулу”.
Прозвішчы, псеўданімы: “Памяці Л. Талстога”, “Памяти В. Жуковского”, “Памяці С.М. Кірава”, “Янку Купалу” (4 вершы), “Памяці В.П. Чкалава”, “Памяці Караленкі”, “Памяці П. Асіпенкі і А. Сярова”, “Пану Беку”, “Жыве Руставелі”, “Пахаванне Гейдрыха”, ”З. Жылуновічу”, “Цішку Гартнаму”, “Змітраку Бядулю”, “Петрусю Броўку” (тры вершы), “Стэфцы Станюце”, “Петрусю Глебку”, “Пятру Глебку”, “Максіму Танку”, “Сяргею Гарадзецкаму”, “Прэзідэнт Трумэн”, “Макарка Навак”, “У тыле Дзянікіна”, “Сяргей Карага”, “Васіль Чурыла” і інш.
Мянушкі: “Ванька Кудлаты”, “Балаховец”, “Дзеравеншчына”.
Тапонімы: “Палессе”, “Вечар на Палессі”, “Высокі Бераг”, “Вясна на Палессі”, “Белоруссия”, “У палях Беларусі”, “Заходняй Беларусі”, “Загібелька”, “Гераічнай Іспаніі”, “Вусцянскі груд”, “Вышыня Безыменная”, “Падбярэжжа”, “У Сабачым Вусе”, “Эзель”, “Каламыга Рым-Берлін”, “Да Германіі”, “Маскве”, “Прывітанне Маскве”, “Вузкае”, “Мінск”, “Пацыфісты ў Жэневе”, “Чымган”, “У глушы Палесся”, “Палеская вёска”, “Курская анамалія”.
Гідронімы: “Над Прутам”, “Над Свіслаччу”, “Салар”, “Нёманаў дар”, “Нёман”, “Разліў Нёмана”, “Туды, на Нёман!”.
Ідэонімы: “На Новы год”, “Новаму году”, “Да 11-й гадавіны Кастрычніка”, “Да 10-й гадавіны БССР”, “Да 15-й гадавіны Кастрычніка”, “Песня Кастрычніку”, “Пераможны Май”, “Змагальнікам за Кастрычнік”, “Пажаданні на Новы 1943 год”, “Міжнародны пралетарскі дзень”, “Ноч пад Новы год”, “Пад Новы год” і інш.
У якасці загалоўкаў мастацкіх твораў некаторыя пісьменнікі выкарыстоўваюць лацінскія ці грэчаскія фразеалагізмы, крылатыя словы і выразы: “Аve maria” (М. Танк), “Memento mori” (Я. Брыль), “Perpetuum mobile” (Р. Барадулін), “Alter eqo” (А. Лойка). Такія онімы, як прасочана даследчыкамі, служаць дадатковым сродкам у характарыстыцы часу, эпохі, псіхалагічных партрэтаў персанажаў або выконваюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю [Гончарова, Щербакова, Тележникова 2002: 343].
Такім чынам, загалоўкі твораў Коласа настройваюць чытача на адпаведную хвалю, вучаць яго аператыўна знаходзіць неабходную інфармацыю, закладзеную ў тэксце, імпліцытна бачыць асноўныя сюжэтныя лініі твора, адчуваць прыхаваны аўтарам падтэкст. Загалоўкі-онімы, калі яны ўдалыя, даюць выразнае ўяўленне пра час і прастору, дзе будзе адбывацца развіццё сюжэту (“Нёман”, “Над Свіслаччу”, “Вечарам на Палессі”, “Каламыга Рым-Берлін” і інш.), хто будзе галоўны персанаж твора (“Партызан Купрэй”, “Баяну-кабзару”, “Ванька Кудлаты”, “Макарка Навак” і інш.), праз іх можна вызначаць стаўленне аўтара да падзей і персанажаў твора (“Маёй Марусі”, “Стэфцы Станюце”, “Пажаданні на Новы 1943 год”), падказваюць іншасказальнасць, сімвалічнасць тэксту (“Жыве Руставелі”, “Раскуты Праметэй”, “Дрыгва”, “На ростанях” і інш.). У гэтай сувязі А. Рогалеў выдзяляе ў творах мастацкай літаратуры чатыры тыпы загалоўкаў: прадметна-апісальныя, якія ў канцэнтраваным выглядзе перадаюць агульны змест твора; вобразна-тэматычныя, якія шляхам пераноснага ўжывання слова-загалоўка з выкарыстаннем разнастайных тропаў адлюстроўваюць агульны змест мастацкага палатна; ідэйна-характарыстычныя загалоўкі перадаюць агульную аўтарскую ацэнку, асноўную ідэю твора; ідэйна-тэматычныя або полівалентныя загалоўкі – тыя, што адлюстроўваюць і тэму, і ідэю твора [Рогалев 2003: 44].
У мастацкай літаратуры выбар оніма-загалоўка, уласнага асабовага імя, прозвішча, мянушкі, тапанімічнай назвы “ўяўляе сабой вынік мэтанакіраванага пісьменніцкага адбору і ўжывання”. Гэта не толькі сродак адпаведным чынам выдзеліць асобу, персанаж, аб’ект у мастацкім тэксце, ідэнтыфікаваць яе, засяродзіўшы на ім асаблівую ўвагу чытача, а і своеасаблівы аўтарскі прыём, які дае магчымасць пісьменніку найбольш поўна і ўсебакова ахарактарызаваць асобу (аб’ект), выяўляючы асаблівасці жанру, у якім рэалізуецца індывідуальна-аўтарскае бачанне эвалюцыі, напрыклад, прататыпа ў літаратурны вобраз, а таксама і аўтарская ацэнка поводзін і ўчынкаў літаратурнага героя. Звычай называць твор імем галоўнага героя прыйшоў да нас са старажытнасці. Даследчыкі, падкрэсліваюць, што такія онімы частыя ў многіх пісьменнікаў, дастаткова ўспомніць творы Я. Брыля, З. Бядулі, М. Зарэцкага, М. Лынькова, Я. Скрыгана, В. Быкава і інш. У іх паказаны ў першую чаргу лёс аднаго канкрэтнага чалавека. Таму зразумела імкненне аўтараў адразу ж сканцэнтраваць на ім увагу чытача, вынесшы імя галоўнага героя (гераіні) у загаловак [Трыпуціна 2002: 171]. Загалоўкі-онімы ў творах Я. Коласа даволі часта канатацыйна значымыя і семантычна выразныя. Пры гэтым канатацыйная функцыя загалоўкаў рэалізуецца, як правіла, не мікратэкстам, а ўсім зместам мастацкага твора. Не выпадкова, што загалоўкі некаторых твораў аўтары ў выніку дапрацоўкі тэкстаў замяняюць, выяўляючы іх недастатковую выразнасць, неадпаведнасць агульнай канцэптуальнай ідэі твора. Т. Трыпуціна прасачыла некаторыя прычыны змен загалоўкаў у творах Я. Брыля. У прыватнасці, яна выявіла, што гэты мастак прозы часам адмаўляўся ад першапачатковай назвы, замяняючы яе і іншай. У Я. Брыля звычайна на змену простым і празрыстым загалоўкам, як выявіла гэта даследчыца, прыходзяць семантычна ўскладненыя метафарычныя онімы. Так, аповесць “Сірочы хлеб” спачатку называлася “Алесь”, а рабочы варыянт аповесці “Апошняя сустрэча” меў загаловак “Атрымалася глупства”, у часопіснай публікацыі ён набыў назву “Расчараванне”, а ў рускім аўтарызаваным перакладзе са згоды Я. Брыля аповесць стала называцца “Смятение” [Трыпуціна 2002: 171 – 172].
А раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, які мае глыбокі сімвалічны падтэкст, меў спачатку рабочую назву “Мы ўсе каласы пад сярпом тваім, о Вялікі Божа”, дзе ідэя наканаванасці чалавечага лёсу выяўлена вельмі яскрава. Каментуючы гэты загаловак, А. Васілеўская адзначала, што чалавек, як і колас, прыходзіць на свет, каб вырасціць зерне, прынесці плён і ў свой час адысці. Такім чынам, колас – ахвяра, непазбежная і неабходная. Я. Колас – гэта і надзея на новае жыццё, вера ў адраджэнне [Васілеўская 2003: 55]. Сучасны падкарочаны Караткевічам варыянт гэтай неардынарнай назвы лаканічна і імліцыпна перадае асноўную сімвалічную ідэю каласоў і сярпа ў гэтым творы.
У гісторыі нашай літаратуры ёсць прыклады, калі загалоўкі не задавальнялі звышпільных цэнзараў, і тыя патрабавалі ад аўтара замены ці карэкціроўкі такіх онімаў. Так, вядомую ўсім цяпер кнігу У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” пісьменнік здаў у друк пад назвай “Краіна пад белымі крыламі”. Загаловак, у склад якога ўвайшла і арыгінальная перыфраза, метафарычна-ўзнёсла называў нашу радзіму – краіна Беларусь. Аднак, як піша пра гэта М. Дубянецкі, некаму ў той час не спадабалася слова “краіна”, якое пашыралі і ўжывалі тады толькі ў адносінах да СССР. А дзяржавы, краіны, што ўваходзілі ў яго, маглі называцца толькі краем. Што Палессе – край, то і Беларусь – край! [Дубянецкі 2002: 178]. “Шліфаваліся” ідэалагічнай цэнзурай і іншыя творы. Такую апрацоўку, напрыклад, перацярпела і аповесць В. Быкава “Сотнікаў”, якая ў пісьменнікаўскім рукапісе спачатку называлася “Двое ўначы”. Сярод двух асноўных персанажаў твора (з пункту гледжання афіцыйных выхавальнікаў чытацкіх густаў) вылучаўся правільнасцю разумення сітуацыі Сотнікаў, што і паўплывала на замену назвы твора. Замена загалоўка, як слушна піша М. Пажарыцкі, потым істотна адбілася і на фарміраванні літаратурна-крытычных ацэнак гэтага твора [Пажарыцкі 2002: 44].
Сутнасць загалоўка ў мастацкім тэксце становіцца вызначальнай, калі яго канатацыйны бок раскрываецца не мікра-, а макратэкстам і нават зместам усяго твора. Зразумець сэнс мастацкай намінацыі, убачыць яе галоўную функцыю ў творы, як звярнула на гэта ўвагу Н. Лобань, дапамагае сам аўтар, скіраваўшы адпаведным чынам увагу чытача прыгледзецца, прыслухацца да ўласнага імя, загалоўка, выкарыстаўшы для гэтага цэлы шэраг выяўленчых сродкаў: псіхалагічныя характарыстыкі, апісанне знешняга выгляду, простую мову, няўласна-простую мову, апісанне ўчынкаў літаратурных герояў у сюжэтным дзеянні і інш. [Лобань 2001: 40]. Так, у апавяданні “Дзеравеншчына” тлумачыцца, што гэтым словам, якое Я. Колас вынес у якасці загалоўка твора, даецца зняважлівая, пагардлівая характарыстыка вясковаму хлопчыку Міхалку, які ў горадзе воляй лёсу аказаўся “чужым” сярод “сваіх” і ніяк не можа прызвычаіцца да новых яму абставін: Сам Міхалка, калі хто выпадкам запытае, чаго ён стаіць на каленках, тлумачыць так: – Я яшчэ – “дзеравеншчына”, не знаю гарадскіх парадкаў і кепска трымаю сябе. От з мяне і выбіваюць “дзеравеншчыну” [К ІУ: 106]. У беларускай літаратурнай мове назоўнік дзеравеншчына падаецца з паметамі разм., пагард. Пра недасведчанага, праставатага чалавека, яго нявыхаванасць [ТСБМ 1977: ІІ, 168]. Аднак кантэкст апавядання сведчыць, што не Міхалку павінен асуджаць чытач, а яго сваякоў.
Брат і братавая пастаянна зневажаюць Міхалку, называючы яго “Свінюк”, “Шыбельнік”, а словы Міхалкі пра яго становішча, яго дзіцячая наіўная самаацэнка становяцца вызначальнымі. І таму вельмі лагічна, што дамінантай гэтай дзіцячай самаацэнкі становіцца слова “дзеравеншчына”, якое Я. Колас зрабіў загалоўкам апавядання. У ім канцэнтраванае асуджэнне дарослых, асабліва сваякоў, за іх пагардлівыя адносіны і знявагу вясковага хлопчыка, яго мовы, звычак, манеры паводзін. Такім чынам, загаловак становіцца лагічным абагульненнем да ўсяго тэксту апавядання і выклікае ў чытача адмоўныя эмоцыі да падобных паводзін і няправільных учынкаў дарослых, а кантэкст твора становіцца канатацыйна насычаным, напаўняецца дадатковым эмацыянальна-сэнсавым “прырашчэннем”.
Мянушка Балаховец стала загалоўкам аднаіменнага апавядання пісьменніка. Ёю Я. Колас ідэнтыфікаваў селяніна Івана Бадзейку з вёскі Малы Ставок. У час грамадзянскай вайны Іван па сваёй волі пайшоў у банду Балаховіча. За гэта яму аднавяскоўцы далі мянушку Балаховец, якая з’яўляецца семантычным сінонімам слова бандыт. У кантэксце апавядання два антрапонімы (прозвішча і мянушка – Бадзейка-Балаховец) з’яўляюцца характарыстычнымі і разам найбольш выразна перадаюць сутнасць паводзін селяніна, які, стаўшы бандытам, удзельнічаючы ў грабяжах, пагромах, паступова раскайваецца, але нідзе не знаходзіць месца ў жыцці.
Пісьменнік, мабыць, не выпадкова мянушку Балаховец зрабіў загалоўкам апавядання, надаючы гэтаму слову асабліва важную ролю ў выражэнні галоўнай ідэі апавядання. Сама назва інтрыгавала, успрымалася як наватвор. А па загалоўку вельмі часта ў агульных рысах можна вызначыць змест твора, асабліва калі загаловак удалы, як у гэтым выпадку, бо ў ім у канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваецца сутнасць апавядання. Фактычна загаловак тут выконвае арганізуючую, праспектыўную функцыю і дапамагае пісьменніку, а затым і чытачу, у фармаванні агульнага ўяўлення пра асноўныя сюжэтныя лініі твора, пра яго галоўны персанаж з такім складаным лёсам.
Метафарычны, іншасказальны сэнс маюць загалоўкі некаторых твораў Васіля Быкава. Даследчыкі яго творчасці адзначаюць арыгінальнасць індывідуальна-аўтарскіх метафар, якія выяўляюцца пры глыбокім асэнсаванні загалоўкаў яго аповесцяў “У тумане”, “Балота”, “Сцюжа”, “Воўчая яма”, “Воўчая зграя”, апавяданняў “Сцяна”, “Труба”. Так, аналізуючы апавяданне “Сцяна”, А. Пяткевіч адзначаў, што ў гэтым творы сцяна – “не проста фізічная перашкода ў перамяшчэнні чалавека. Гэта аўтарская метафара жыцця ва ўмовах несвабоды”. А назва аповесці “У тумане”, на думку І. Лепешава, – гэта не столькі атмасферная з’ява, колькі ідэалагічная. Гэты туман – сімвалічны вобраз маральных дэфармацый, якія раз’ядноўваюць людзей, спараджаюць недавер і нічым неапраўданыя ахвяры. Адзін з трох персанажаў, Войцік, так і загінуў у тумане дэмагагічнай пільнасці, у поглядах другога, Бурава, перад самай смерцю наступае сякое-такое прасвятленне. А “Сцюжа” паводле гэтага даследчыка, характарызуе не столькі стан надвор’я, колькі грамадска-палітычную атмасферу краіны ў 30–40-я гады ХХ ст. [Пажарыцкі 2002: 43; Лепешаў 2000: 75]. Сімвалічны, іншасказальны сэнс набыў загаловак п’есы А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце”. Лінгвісты сутнасць гэтага галоўнага оніма ў камедыі тлумачаць наступным чынам: лексема арбіта ў 60-я гады ХХ ст. стала актыўна выкарыстоўвацца са словамі вывесці, выходзіць на арбіту, паступова адбылася і фразеалагізацыя гэтага словазлучэння са значэннем “дабівацца высокага становішча ў жыцці, у грамадстве”, больш таго, высокая частотнасць ужывання яго ў вуснай і пісьмовай мове паспрыялі таму, што выраз набыў дадатковы падтэкст – стаў узнёсла сімвалізаваць новы напрамак дзейнасці [Красней 1992: 171]. Драматург А. Макаёнак, своечасова рэагуючы на актуальныя падзеі часу, арыгінальна абыграў яго, спачатку ўжыўшы спалучэнне ў рэпліцы Лявона: “Мая Лушка выходзіць на арбіту!” (пра вылучэнне жонкі ў дэпутаты), а потым, часткова змяніўшы, зрабіў яго і загалоўкам-сімвалам камедыі – “Лявоніха на арбіце”. У загалоўку кантрастна спалучаецца простамоўны онім Лявоніха (жонка Лявона) і слова-тэрмін з адценнем навізны арбіта, чым ствараецца камічны эфект, а такі загаловак, безумоўна, інтрыгуе, прыцягвае на сябе ўвагу.
Такім чынам, онімы-загалоўкі – гэта спецыфічная разнавіднасць уласных імёнаў, якія выконваюць ключавыя ролі ў мастацкіх тэкстах і валодаюць значным канатацыйным патэнцыялам. Яны ўяўляюць сабой арганізуючае звяно сюжэтных ліній мастацкага тэксту і канцэнтраванае выражэнне аўтарскай ідэі твора. Найчасцей канатацыйная функцыя загалоўкаў рэалізуецца не мікратэкстам, а ўсім зместам мастацкага твора. У любым мастацкім творы прысутнічае анамастычная прастора з уласцівым толькі ёй наборам самых розных онімаў, а цэнтрам гэтай прасторы, як правіла, заўсёды выступае загаловак.
