- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
У мастацкіх тэкстах пісьменнікаў можна выдзеліць некалькі разнавіднасцей прозвішчаў, створаных для ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў: прозвішчы выдуманыя, створаныя аўтарскай фантазіяй; прозвішчы сапраўдныя, рэальныя, якія мелі прататыпы літаратурных персанажаў; прозвішчы рэальныя, але змененыя часткова, падпраўленыя дзеля спецыяльных літаратурна-эстэтычных мэт з улікам трансфармацыі антрапоніма рэальнага прататыпа ў літаратурны персанаж і ў літаратурны антрапонім.
У творах Я. Коласа выразна выяўляюцца ўмелы падбор, дыферэнцыяцыя прозвішчаў, якія характарызуюць іх носьбітаў паводле нацыянальнай прыналежнасці. Гэта тыповыя беларускія, польскія, рускія, украінскія, яўрэйскія, нямецкія і інш. прозвішчы: Лясун, Дудар, Дзівак, Лукашык, Рагоза, Таўкач, Алейчык, Жалезны, Шаронь, Плех, Жалабок, Пракопік, Патаропа, Кублік, Садовіч, Садоўскі, Самахвал, Сарока, Райскі; Саханюк, Смыга, Дзяжа; Дэмбіцкі, Патоцкі, Пацейкоўскі, Кржывіцкі, Гжыб, Свіда, Пржылуцкі, Ракоўскі, Сміглы, Крулеўскі, Махроў, Пятровічаў, Сафонаў, Ягадкін, Драздоў; Шалёхін, Драбакін, Лыжкін, Леўчанка, Ахрэменка, Мішчанка, Базыленка, Шаўчэнка, Пінхалес, Рэзгін, Мардуховіч, Мірман, Найдус, Залкінд, Шварц, Цырлік; Рэнекампф, Старк, Шыкльгрубер, Шміт, Зюмель.
Адрозніваў пісьменнік прозвішчы, тыповыя тагачасным асноўным сацыяльным групам насельніцтва – сялянам, шляхце, прадстаўнікам духавенства: Верас, Шкурат, Бабок, Корань, Качан, Барбутовіч, Лабановіч, Турсевіч, Трайчанскі, Ставоліч, Срэтун-Сурчык, Пражорыч, Падбрэхіч-Гарнак, Хрушч-Булыга, Спаскі, Успенскі, Богаяўленскі, Уздзвіжанскі; прозвішчы тыповыя нават у пэўных этнаграфічных частках Беларусі: Баранцэвіч, Лабановіч, Балук, Талаш, Рыль, Каль, Малевіч, Лушкевіч; “гаваркія” антрапонімы, створаныя фантазіяй пісьменніка дзеля спецыяльных літаратурна-эстэтычных мэт: Жарстак, Лагода, Зручны, Скаромны, Нявідны, Зязюльскі, Угоднік, Шчыт; шырока прадстаўлены ў творах пісьменніка рэальныя прозвішчы канкрэтных гістарычных асоб: Рыльскі, Прудон, Плімут, Шырма, Рэфармацкі, Пічэта, Савінкаў, Бонч-Бруевіч, Шкуро, Дзянікін, Лучына, Лайола, Ларчанка, Еўтушэўскі; рэальныя, але часткова змененыя, падпраўленыя прозвішчы: Болбат, Бацяноўскі, Срэтун-Сурчык, Анцыпік, Янкавец, Мураўская і інш.; на падставе прозвішчаў вядомых у грамадстве (соцыуме) асоб пісьменнікам створаны разнастайныя апелятызаваныя адзінкі: баўдзейства Баўдзей; карнілаўшчына Карнілаў; балахоўшчына С. Булак–Балаховіч; Кіртыклісы – абагульненая назва катаў беларускай культуры, ад прозвішча ваяводы Кіртыкліс, Станкевічы Жэлігоўскія Скірмунты; у І. Шамякіна – бародкаўшчына, гуканаўшчына. Вядомы ў творах Я. Коласа і рэальныя, але часткова змененыя прозвішчы, падпраўленыя з пэўнымі літаратурна-эстэтычнымі мэтамі: Балбоцкі (сапр. Болбат), Бацяноўскі (сапр. Хацяноўскі), Семіпалаў (сапр. Самойлаў), Срэтун-Сурчык (сапр. Сертун-Сурчык), Садовіч (сапр. Аляксандр Сянкевіч), Антаніна Мураўская (сапр. Аляксандра Мурашка) і інш.
Сваім літаратурным персанажам мастак слова падбіраў ці ствараў прозвішчы па агульнавядомых беларускіх анамастычных мадэлях, найчасцей па аналогіі з прозвішчамі, якія былі тыповымі для яго радзімы – Міншчыны, або тымі, якія ён сустракаў у іншых мясцінах Беларусі.
Пільная ўвага да слова як да “матэрыялу і інструменту” ў творчым кантэксце моватворчай дзейнасці Я. Коласа дае падставы сцвярджаць, як пераконваюць даследчыкі яго спадчыны, што ён быў адным з нямногіх лінгвістычна арыентаваных беларускіх пісьменнікаў. Аб грунтоўнасці, навукова-тэарэтычнай базе Я Коласа, яго лінгвістычным кругаглядзе, глыбокім асэнсаванні разнастайнай праблематыкі сведчаць імёны класікаў рускай філалогіі: Ф. Фартунатава, А. Пяшкоўскага, В. Багародзіцкага, А. Шахматава, А. Афанасьева, М. Ціхамірава і інш., а таксама замежных мовазнаўцаў – французкіх, нямецкіх, амерыканскіх, італьянскіх – Дзюі, Джона Лока, Песталоцы, Гразера, Гільдэбранда, Стэфані, Жакато, Гедыке і інш., на якіх паслядоўна спасылаўся пісьменнік [Белакурская 2002: 22].
Так, апісваючы ў асноўным жыццё і быт беларускага сялянства, ён надзяляў персанажаў сваіх апавяданняў, аповесцяў, паэм, драматычных твораў тыповымі сялянскімі прозвішчамі, вядомымі на ўсім беларускім этнаграфічным арэале, якія ў пераважнай большасці ўтвораны з былых мянушак: Бойка, Каптур, Байбак, Бадзейка, Карнавух, Бугай, Кравец, Гук, Гудзіла, Прут, Дзыгун, Каравай, Капыт, Ляўшун, Малюк, Мароз, Мігун, Мільгун, Памахайлік, Крук, Рылка, Тур, Лось, Трывай, Таўкач, Тачыла, Труба, Хамуток, Камар, Трацяк, Свішч, Шкурат, Лемех, Бірка, Целех, Навой. Праўда, ёсць прыклады з твораў Я. Коласа, калі пісьменнік падобнымі прозвішчамі ідэнтыфікуе рускіх сялян з Куршчыны, а не беларусаў, што, на нашу думку, не зусім правамерна. Так, у апавяданнях “Ванька Кудлаты”, “Пракурор”, “Курская анамалія”, “Туды, на Нёман!” і інш., сюжэты якіх навеяны ўспамінамі Коласа аб курскай зямлі, ёсць падобныя онімы, аднак большасць персанажаў, ураджэнцаў Куршчыны, у гэтых апавяданнях мае тыповыя беларускія прозвішчы: Піліп Хамуток, Рыгор Угоднік, Андрэй Бурдач, Кандрат Сусла, Сымон Сусла, Сцяпан Судзьба, Змітро Мігун і інш. Параўн.: Дванаццаць чалавек узяліся сад агарадзіць, дванаццаць двароў садовае таварыства складаюць: Сусла Кандрат, Судзьба Сцяпан, Губан Мікіта, Катрас Іканор, Афонька Абалдуй, Андрэй Бурдач, Акім Галавач, Балалайка Кузьма, Калужны Васіль, Шарабан Міхей, Рылач Паўлюк і Барыла Аўсей [К. V: 252]. Усе дванаццаць прозвішчаў, створаных Я. Коласам, выяўляюць тыповыя асаблівасці беларускага “сялянскага” анамастыкону.
Большасць такіх прозвішчаў створана пісьменнікам семантычным спосабам ад імёнаў агульных: марфалагічная будова онімаў суадносна з адпаведнымі апелятывамі – агульнымі назоўнікамі. Лексіка-семантычны кампанент асновы апелятыва ў такіх прозвішчах, на думку некаторых даследчыкаў, з’яўляецца ядром мастацкай характарыстыкі носьбіта оніма. А самым прыдатным матэрыялам для характарыстыкі асобы чалавека з’яўляецца эмацыянальна-ацэначная лексіка, якая нярэдка пісьменнікамі выбіраецца як матэрыял і сродак у якасці апелятываў прозвішчаў літаратурных персанажаў [Грынёва 1994: 98]. Ад базавай асновы і ацэначных словаўтваральных фармантаў залежыць якасць і ступень эмацыянальнасці семантыкі антрапонімаў. Капыт і капыт; Сусла і сусла; Мароз і мароз і г.д. Ажыўленне семантыкі апелятываў такіх антрапонімаў – адна з мэт мастака слова, свайго роду падказка, якая падсвядома з першых старонак твора прапаноўваецца чытачу. Такія “сялянскія” прозвішчы, выкарыстаныя ці створаныя Я. Коласам, улічваючы лексічнае значэнне іх апелятываў, можна спарадкаваць у наступныя семантычныя групы:
а) прозвішчы, утвораныя ад назваў жывых істот – жывёлін, птушак, насякомых, частак іх цела. Такія онімы нярэдка характарызуюць іх носьбітаў па якасцях, што ўласцівы жывым істотам: Бугай, Камар, Капыт, Трацяк, Гук, Рылач, Арол, Хрушч, Мурашка, Сарока, Рысь, Лось, Бабёр;
б) прозвішчы, утвораныя ад назваў прадметаў быту, ежы, начыння, рыштунку: Бойка, Каравай, Хамуток, Брыль, Бязмен, Сусла, Барыла, Бірка, Заноза, Брусок, Ваган, Суднік, Труба, Швайка, Шпала, Шчыт, Балалайка;
в) прозвішчы, якія непасрэдна ці ўскосна ўказваюць на манеру паводзін чалавека, на яго знешні выгляд, звычкі: Малюк, Ляўшун, Лагода, Гудзіла, Зручны, Дзыгун, Мігун, Мільгун, Губан, Трывай і інш.;
г) прозвішчы, утвораныя ад назваў раслін, іх частак, што характарызуюць іх носьбітаў паводле прымет, якасцяў, уласцівых раслінам: Верас, Хвоя, Карэнчык, Бабок, Корань, Качан, Дубіна.
д) онімы, утвораныя ад апелятываў – назваў прафесій, заняткаў людзей: Кравец, Ганчар, Гуль, Званар, Каваль, Кучар, Кухарчык, Чараўніца, Цесля і інш.
Такія гаваркія словы (онімы ў нашым выпадку – В. Ш.) можа растлумачыць, як лічаць Г. Малажай і Л. Арочка, любы носьбіт мовы. У гэтым іх адметная семантыка-прагматычная асаблівасць: працэс асэнсавання такіх моўных адзінак арганічны і лёгкі. Выразная словаўтваральная база намінацыі дазваляе аб’ектыўна актуалізаваць унутраную форму слова і стварыць за кошт гэтага дадатковыя семантычныя характарыстыкі, у выніку чаго намінацыя набывае семантычную экспрэсію [Малажай, Арочка 2002: 115]. Эфект выкарыстання такіх онімаў “грунтуецца на наўмысным ажыўленні значэння апелятыўнай утваральнай асновы прозвішча” [Бірыла 1984: 129].
Такія гаваркія онімы, традыцыя выкарыстання якіх спачатку ўзыходзіць да эпохі класіцызму, шырока ўжываюцца ў сатырычных камедыях, вадэвілях, байках, фальклорных творах. Семантыка іх асноў, простая матывіроўка ў такіх намінацыях адкрыта выконвае сацыяльна-характарыстычную функуцыю, падкрэслівае галоўную рысу паводзін ці характару персанажа [Фонякова 1990: 44]. Онімы з выразным этымалагічным значэннем апелятыва, з гаваркой унутранай формай атрымалі ў мовазнаўстве вызначэнне як “прама характарыстычныя” або “прама матываваныя”. Характарыстычнасць, экспрэсіўнасць такіх адзінак у мастацкім тэксце, на думку даследчыкаў, рэалізуецца ў выніку іх семантычнай двухпланавасці: адапелятыўнае значэнне асновы оніма накладваецца на ўласна анамастычнае, намінатыўнае, у выніку першае памацняе кантэкстуальную сутнасць другога і робіць онім гаваркім, ацэначным і двухпланавым.
Пра такія онімы пісала і А. Суперанская. Выбіраючы апелятывы тыпу чорт, балван, месяц для стварэння прозвішчаў Чортаў, Балвановіч, Месяц, многія не абыйдуць увагай, каб не пакпіць, паздзеквацца адносна іх дэнататаў, яшчэ нават не ведаючы асобу ў сюжэтных перыпетыях. На гэтым заснаваны і традыцыйны літаратурны прыём увядзення ў мастацкі тэкст персанажаў з гаваркімі прозвішчамі і асабовымі ўласнымі імёнамі. Такія онімы, на яе думку, не абавязковыя для галоўных герояў, характары якіх найчасцей выяўляюцца па ходу сюжэту. Але яны вельмі істотныя для персанажаў другасных, якія знаходзяцца “за сцэнай”, з’яўляючыся своеасаблівым энцыклапедычным мінімумам, неабходным для ўключэння іх у моўную ці сюжэтную сітуацыю [Суперанская 1973: 287]. Аднак такое сцверджанне можа быць прымальным толькі часткова. У многіх пісьменнікаў (Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, Я. Брыль, В. Казько і інш.) гаваркія онімы маюць не толькі другарадныя персанажы. Знаёмства з літаратурнымі героямі ў некаторых творах пачынаецца, напрыклад, не з іх уласных імёнаў, а з мянушак, якія, безумоўна, заўсёды з’яўляюцца гаваркімі онімамі. Так, у аповесці В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (Мн., 1993) пісьменнік знаёміць чытача са Сталіным, Лазарам Кагановічам, Карлам Марксам, Лаўрэнціем Берыя, Дзевай Марыяй і інш., але гэта не рэальныя імёны канкрэтных гістарычных і біблейскіх асоб, а мянушкі персанажаў аповесці, якія ў творы дапамагаюць аўтару іранічна падкрэсліць гратэскава-камічны падтэкст рэалій нашай недалёкай рэчаіснасці. У Я. Коласа галоўныя персанажы Зручны, Тарбецкі, Жарстак, што ў апавяданнях “Так і трэба ашуканцу”, “У двары пана Тарбецкага”, “Хатка над балотцам”, маюць гаваркія прозвішчы. І такіх прыкладаў даволі многа.
Працягваючы размову пра падобныя “гаваркія” прозвішчы ў творах Я. Коласа, неабходна адзначыць, што большасць з іх, “што ні прозвішча – то вобраз, што ні імя, то – шукай сэнс” (А. Рэфармацкі). Некаторыя з такіх онімаў надзвычай семантычна празрыстыя, характарыстычныя, іх семантыка выяўляецца не толькі ў аснове наймення-прозвішча, а і пры ўдумлівым, уважлівым чытанні шырокага кантэксту. Так, у апавяданні “Балаховец” прозвішчам Бадзейка Я. Колас надзяліў селяніна дваццаці сямі гадоў, які чым толькі не займаўся: цяслярствам, жыў на прыватнай гаспадарцы, быў на вайне, а калі пачалася рэвалюцыя, вярнуўся дамоў і па сваёй волі пайшоў у банду Балаховіча, займаўся грабяжом, разбоем, на вёсцы за гэта яму далі мянушку – Балаховец. Калі банду разграмілі, Бадзейка выкруціўся, уцёк за мяжу ў Польшчу, пабачыў, якое там жыццё, потым вярнуўся назад. Прыйшоў да пагранічнікаў і расказаў падрабязна, пра свае прыгоды, дзе ён быў, чым займаўся. За тое, што ён выкрыў белагвардзейца Махрова і дапамог ліквідаваць цэлую банду, яму даравалі волю. Але нідзе Бадзейка не знаходзіў спакою, бо ўсюды яго сустракалі насцярожана і непрыветна. Нават яго каханая Аўдолька Шаронь наадрэз адмовілася выходзіць за Бадзейку замуж. Іван у парыве злосці забівае Аўдольку, а потым страляе і ў сябе. Такім чынам, чытач пераконваецца, што Бадзейка не жыве, а бадзяецца па свеце, нідзе не знаходзіць сабе прытулку, ён нікому не патрэбны. Я. Колас у кантэксце некалькі разоў падкрэсліваў бадзянні галоўнага персанажа апавядання: ...уся постаць невядомага чалавека (Івана Бадзейкі – В. Ш.) і адзежа яго насілі на сабе сляды доўгага бадзяння ў дарогах. І кожны дзень у самых нязначных драбніцах заўважаў Іван, што ён тут лішні: Прабаваў схаўрусавацца з хлопцамі, прыстаць да іх кампаніі. Не выходзіла нічога, бракавала чагось”. “Чаму гэта так сталася? Іван прыйшоў да такога заключэння: адарваўся ён ад вясковага жыцця за восем гадоў бадзяння па свеце, вайна, тулянне па лясах, балахоўшчына і ўсё іншае [К V: 353]. Адным словам, пісьменнік ужо з першых радкоў апавядання прозвішчам Бадзейка намякаў, падказваў чытачу, хто па сутнасці будзе галоўны персанаж, які носіць такое семантычна празрыстае прозвішча, у аснове якога дзеяслоў бадзяцца, што значыць марна траціць час, сланяючыся без справы весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Як пераконваемся, прозвішчу з абуджанай семантыкай пісьменнікам адводзілася не апошняя роля ў характарыстыцы галоўнага персанажа апавядання. А кантэкст, насычаны мноствам дзеясловаў і аддзеяслоўных назоўнікаў, выразна падкрэслівае бадзянні Бадзейкі. Такім чынам, удала падабранае прозвішча з празрыстай семантыкай зыходнага апелятыва, яго падабенства з тыповымі беларускімі антрапонімамі і шырокі кантэкст, у які аўтар непрыкметна ўносіць дадатковыя заўвагі, каментарыі і інш., памацняюць успрыняцце тэксту, спрыяюць дакладнай і ўсебаковай характарыстыцы літаратурнага персанажа. Стракатасць лёсу Бадзейкі падкрэсліваецца не толькі прозвішчам, а і яго вопраткай, партрэтнай характарыстыкай: Адзеты ж быў ён (Бадзейка – В. Ш.) так, што трудна было здагадацца, да якой сацыяльнай катэгорыі аднесці яго. З шапкі ён змахваў крыху на даўнейшага чыноўніка акцызнага ведамства. Па гімнасцёрцы яго можна было прыняць за салдата царскай арміі. Паўзверх гімнасцёркі на шырокіх плячах сядзела ўнакідку бравэрка мешчаніна сярэдняй рукі, а падпярэзана была гімнасцёрка выцертаю афіцэрскай папругай. Сядзеў ён босы, а збоку стаялі апоркі, мокрыя ад расы [К V: 351].
У беларускай мастацкай літаратуры ёсць цэлы рад слоў, якія перадаюць самыя розныя адценні дзеяслова бадзяцца, што значыць весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё, марна траціць час, сланяючыся без справы. Гэта назоўнікі бадзяга, туляга, блукалец, валацуга, бадзяка, цыган і інш., а таксама дзеясловы туляцца, валачыцца, цягацца, басцяцца (абл.) [Клышка 1976: 76]. Адзін з названых апелятываў Колас і паклаў у аснову прозвішча балахоўца – Бадзейка.
Дарэчы тут адзначыць, што ў беларускай народна-дыялектнай мове (Ушаччына) ад дзеяслова бадзяцца ўтвораны наступныя словы, якія пераважна маюць негатыўна-экспрэсіўную семантыку: Бадзяны – брудны, забруджаны; бадзяўка – распусны чалавек; бадзяцца – марна траціць час, цягацца; распуснічаць; бадзяць – забружваць, вымазваць, неахайна насіць і інш. [Панюціч 1994: 103]. Усё гэта сведчыць пра багаты канатацыйны патэнцыял прозвішча Бадзейка, створанага пісьменнікам, які заснаваны на разнастайных асацыятыўных “прырашчэннях” да ўласна антрапанімічнага значэння оніма.
Характарыстычным, “гаваркім” з’яўляецца і прозвішча Жарстак у апавяданні “Хатка над балотцам”, якім пісьменнік ідэнтыфікаваў чыгуначніка, новага гаспадара хаткі над балотцам, чалавека абаротлівага, практычнага розуму. Учытаўшыся ў апавяданне, пераконваемся, што прозвішчам, яго этымалагізаванай падказкай пісьменнік дае агульную характарыстыку персанажу: ...Жарстак думае аб спосабах, якія прывялі яго на зямлю, што каля хаткі над балотцам, і свае думкі тоіць у сабе, бо так вымагае гэтая зямельная стратэгія. Ён узважвае кожны свой крок, кожную сваю мысль і кожнае сваё слова... Новы гаспадар хаткі над балотцам быў чалавек моцны і фігураю, і характарам, і нават сваім прозвішчам – Жарстак [К V: 273]. Такім чынам, прозвішча Жарстак і яго апелятыў жорсткі са значэннем “цвёрды, вельмі моцны па сіле праяўлення, які не дапускае адхіленняў, неміласэрны” і інш. – роднасныя. Названым антрапонімам пісьменнік лаканічна завяршае агульную характарыстыку новаму гаспадарару хаткі над балотцам.
Між іншым, у беларускай мастацкай літаратуры прозвішчам Жарстак надзелены таксама персанаж аповесці І. Навуменкі “Вір”, у якой паведамляецца аб падзеях пасляваеннай пары. Сярод персанажаў аповесці – немалады пісьменнік і паэт з былой Заходняй Беларусі П. Жарстак, які І. Навуменкам намаляваны з адценнем гумару, а ўважлівы чытач у ім можа без цяжкасці пазнаць вядомага пісьменніка П. Пестрака, які адзінаццаць гадоў прасядзеў у турмах даваеннай Польшчы, але застаўся аптымістам, не зламаўся, не страціў бадзёрасці духу, весялосці...
Як няцяжка пераканацца, І. Навуменка, ствараючы праўдападобныя вобразы і выкарыстаўшы асацыяцыі і аналогіі ў гэтай аповесці, уважліва, прадумана паставіўся да падбору ўласных назваў сваім персанажам: Гулікоўскі – Аляксей Кулакоўскі, Піліп Жарстак – Піліп Пястрак. У навуменкаўскім творы Жарстак – асоба з захапленнямі самага рознага кшталту: Жарстак – гэта крыху і прастак і, мабыць, крыху жарсткаваты чалавек. Звярніце ўвагу: пісьменнік падкрэсліваў у аповесці, што Жарстак не ўсіх да сябе на чарку запрашае. Найбольш любіць пагаварыць адзін на адзін, без лішніх слоў. На людзей, асабліва тых, што выраслі ў Заходняй Беларусі, ён глядзіць выключна праз акуляры класавай барацьбы. Калі чалавек меў хутар ці гектараў трыццаць – сорак зямлі, то ў вачах Жарстака ён эксплуататар і фашыстовец [І.Н. 1996: 50].
Магчыма, што пісьменнік і вучоны-коласазнаўца І. Навуменка, ствараючы вобраз Піліпа Жарстака, адчуў на сваёй творчасці дабратворны ўплыў прозы Я. Коласа, якую дасканала ведаў. Адсюль і аналогія, якая праявілася ў выбары прозвішча галоўнаму персанажу.
Лагода – святар з апавядання “У двары пана Тарбецкага”. Прозвішча ўтворана ад апелятыва лагодны – дабрадушны, мяккі характарам. У кантэксце апавядання знаходзім апісанне святара, у якім выяўляецца ключ для разумення семантыкі оніма, чым пацвярджаецца выбар пісьменнікам такога “гаваркога” прозвішча, створанага па тыповай беларускай мадэлі: Самы ціхі і малапрыкметны жыхар у двары пана Тарбецкага – гэта поп Лагода. Жыве ён дзесь па суседству з прачкай Грындай. Ходзіць ціхенька, апусціўшы ў зямлю вочы, і стараецца як мага меней пападацца людзям на вочы, як бы ён зрабіў нейкае цяжкае злачынства. Акуратна перад кожным святам у паложаны час выходзіць ён з двара, пануры, замкнуты, посны [К V: 192].
Дапаўняюць унутраную сутнасць прозвішча Лагода разнастайныя прыметнікі і прыслоўі, якія ўжыты ў гэтым кантэксце як актуалізатары, выкарыстаныя пісьменнікам для агульнай характарыстыкі персанажа: самы ціхі, малапрыкметны, замкнуты, посны, пануры, мяккі, акуратна, ціхенька; дзеясловы, ужытыя ў адным часавым плане: жыве, ходзіць, стараецца меней пападацца, выходзіць.
Гаваркім з’яўляецца і прозвішча Спірыдона Зручнага з апавядання “Так і трэба ашуканцу”, у якім сродкамі сатыры Я. Колас намаляваў абывацеля – канцылярскага пісара, які, на першы погляд, быў зручным у тым асяроддзі, якое яго акаляла. Патрэбным, прыгожым, прыстасаваным у сваім асяродку лічыў сябе і Спірыдон: Канцылярскі пісар Спірыдон Зручны доўга не ўставаў з пасцелі, хоць ужо даўно прачнуўся і выспаўся ўсмак... Спірыдон ляжаў у сваім бярлогу пад дзяругаю, здаволены сабою і сваёю доляю... Спірыдон пазіраў у люстэрка доўга, покі не пераканаўся, што ён – маладзец-малайцом. А то можа не? Чаго ж на яго зазіраюцца “барышні”? О, ён толькі не хоча гаварыць, як ім цікавяцца, бо ён, перш-наперш, чалавек скромны, а другое – ведае сабе цану [К ІV: 173].
Як бачым, у аснове прозвішча апелятыў-прыметнік зручны – добра прыстасаваны для выкарыстання; такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца; такі, які патрэбен, практычны, выгадны [ТСБМ ІІ: 514].
Аднак пісьменнік ставіць Спірыдона ў такія камічныя абставіны, што ён па сутнасці страчвае асноўныя асаблівасці зручнасці – практычнасць, этычнасць, прыстойнасць, і ў чытача ствараецца ўражанне як аб асобе процілеглай, нязручнай у сваіх “змаганнях з п’янствам”, заляцаннямі да мясцовых красунь і інш.: Што яму снілася, можна было толькі дагадвацца і то здалёк, кінуўшы на ўвагу, як ён, узяўшы са стала забруджанае мухамі “туалетнае” люстэрка, пазіраў у яго, пакручваючы пяць светлых, пад колер смятаны, валаскоў пад носам: яны азначалі сабою Спірыдонавы вусы... Адзін толькі нос-чаравік кідаўся кожнаму ў вочы сваім доўгім, задраным угару канцом, афарбаваным пад бурачны квас. І дурню было ясна, што гаспадар носа дужа змагаўся з п’янствам і змагаўся проста, адкрыта, чэсна, без усякіх там хітрыкаў – галялюшчыў гарэлку і толькі... А як раз у гэты час на спатканне Спірыдону сунулася свіння, якая толькі што выкупалася ў гразі. Ці яна не ведала, што спаткала такую важную асобу, як наш Спірыдон, ці не хацела мачыць сваіх капыцікаў у гразь пасля купання, ці проста па свінскай сваёй натуры, – толькі ж яна палічыла лішнім сыходзіць набок і шарганулася бокам аб сінія джыгіналёвыя штанцы Спірыдона [К ІV: 173–174].
Такім чынам, прозвішча Зручны за пісарам воляй пісьменніка замацавалася ў выніку процілеглай па сутнасці аналогіі, якую Я. Колас правёў праз усё апавяданне, звязваючы апісанне партрэта Спірыдона, яго прыгоды і няўдалыя ўчынкі, якія фактычна былі поўнай неадпаведнасцю да значэнняў і дэфініцый, замацаваных за апелятывам гэтага прозвішча. Прыём неадпаведнасці наймення (прозвішча ў гэтым выпадку – В. Ш.) дзейнай асобе, яе характару, паводзінам, знешнім або ўнутраным прыкметам – зусім не новы ў мастацкай літаратуры, аднак даволі эфектыўны спосаб ажыўлення канатацыйнага зместу оніма. Такія онімы на фоне ўсяго кантэксту ствараюць камічнае зніжэнне вобраза персанажа дзякуючы стылістычнаму эфекту неадпаведнасці ўнутранай сутнасці оніма і яго носьбіта (паводзіны, знешні выгляд і інш.).
Падобны спосаб актуалізацыі ўнутранай формы ўласнага імя выкарыстоўваецца шырока сучаснымі беларускімі пісьменнікамі. Так, У. Дамашэвіч аднаго са сваіх персанажаў надзяліў прозвішчам Звяруга ў аднайменным апавяданні. Аднак характар канатацыі гэтага оніма, яго эмацыйна-сэнсавае пераасэнсаванне акрэсліваецца кантэкстам твора. Як правільна звярнула ўвагу Н. Лобань, нягледзячы на змрочнае, пагрозлівае гучанне прозвішча, у чытача ўзнікае станоўчае ўяўленне пра яго носьбіта. Аналіз оніма Звяруга паказвае, што аўтар выкарыстоўвае яго як адзін з найважнейшых сродкаў сацыяльнай і індывідуальна-псіхалагічнай характарыстыкі персанажа [Лобань 1994: 31].
Выкарыстоўваецца гэты спосаб (збліжэнне або супастаўленне апелятываў і онімаў, утвораных ад іх) і для стварэння камізму. Так, І. Лепешаў, аналізуючы мову твораў К. Крапівы, паказвае, як драматург, супастаўляючы слова лапата і прозвішча Лапато, укладвае ў вусны калгасніцы Алены Максімаўны (“Брама неўміручасці”) іранічны закід у адрас тых, хто перайначвае, прыхарошвае сваё прозвішча, якое нібыта не зусім далікатнае. На пытанне Дабрыяна: А як вас зваць? Яна адказвае: “Прозвішча – Лапата. Ну, а пішуць – Лапато. Гэта як бы далікатней. А завуць – Алена. Алена Максімаўна” [Лепешаў: 1981 (1): 55].
У гэтым кантэксце ў якасці экспрэсіўнага сродку драматург наўмысна выкарыстаў мімезіс з мэтай стварыць камічны эфект, ужыўшы паўторна два варыянты прозвішча (Лапато і Лапата) у рэпліцы Алены Максімаўны, якая наіўна лічыць, што скажоны варыянт (Лапато) гучыць больш далікатней, хаця эфект у маўленні ад такога ўжывання дыяметральна процілеглы. Гэта тыповы прыклад “наўмыснага выкарыстання ў сваім маўленні некаторых характэрных асаблівасцей чужога маўлення з мэтай “перадражніць або высмеяць яго адрасанта...” [Рагаўцоў 2001 (3): 46]. У гэтым выпадку скажонае прозвішча нагадвае мянушку, а, як вядома, такое перайначванне заснавана на перадражніванні, перакрыўліванні, у аснове яго ляжыць мімезіс.
Падобная негатыўная з’ява перайначвання, скажэння прозвішчаў сярод беларусаў атрымала значнае пашырэнне. Гэтаму ў свой час спрыялі афіцыйныя органы кіравання Рэчы Паспалітай, а затым і Расійскай імперыі. Найчасцей беларускія прозвішчы падганяюць пад падобныя нечым польскія або рускія, радзей украінскія і літоўскія (змяняюць націскны склад у оніме, дабаўляюць тыповыя для суседніх моў анамастычныя канчаткі, скажаюць да непазнавальнасці аснову апелятыва, ад якога ўтворана беларускае прозвішча і інш.). Безумоўна, на гэта не раз звярталі ўвагу пісьменнікі, ствараючы вобразы прыстасаванцаў, адшчапенцаў, тых, хто вельмі лёгка забываў радзіму, родны кут, мову бацькоў [Шур 1999: 225]. Так, скажэнне прозвішчаў іх носьбітамі нярэдка выкарыстоўваецца як мастацкі прыём для стварэння іроніі пры апісанні знешняга выгляду персанажа, яго мовы. Вось прыклад з рамана Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”: У Курыцы было ўмеркавана выдатнае пуза, пухлыя зашчочыны, што наступалі на вочы, чорныя, як змейкі, бровы і вялікія рагавыя акуляры. Курапата быў высокі, шкілетны чалавек, з безнадзейна выцягнутым абліччам. Калі нас знаёмілі, першы назваў сябе Курыца, з націскам на “ы” [Мр. 1993: 93].
Канатацыйна значымым успрымаецца прозвішча парабка Дарвідошкі ў драме “У пушчах Палесся” і ў аповесці “Дрыгва”: Букрэй: – Ты хто? – Дарвідошка, адказаў прыведзены чалавек. – Дарвідошка ці Дацягнідошка – гэта няважна, – заўважыў Букрэй; Дарвідошка (пакрыўджана): – А калі б я быў... Данясібервяно, то ці не ўсё табе адно? [К Х: 59]. Зразумець унутраны сэнс гэтага оніма дапамагае пісьменнік, падбіраючы да прозвішча парабка блізкія па словаўтваральнай мадэлі адпаведнікі, што гучаць як падказкі ў рэпліках Букрэя і самога Дарвідошкі: Дацягнідошка – Данясібервяно. Такім чынам, намякаецца, падказваецца, што Дарвідошка – гэта прозвішча асацыятыўнае, канатацыйна насычанае, складанае і па структуры нагадвае выраз адарві дошку. Дапаўняе сутнасць гэтага антрапоніма і апісанне парабка: ён бедна адзеты, худы, у лапцях, не зусім цвёрда стаіць на нагах, азіраецца. Як выяўленчы сродак экспрэсіўнага сінтаксісу ў гэтым мікракантэксце пісьменнікам выкарыстаны паўтор онімаў. Мімезісныя рэдублікаты ў рэпліках Букрэя і парабка (Дацягнідошка і Данясібервяно) выступаюць не дублетамі прозвішча, а яго змененымі спрошчана этымалагізаванымі актуалізатарамі з аказіянальнай, сітуацыйна абумоўленай семантыкай, чым дасягаецца шматаспектнае выяўленне канатацыйных прырашчэнняў у оніме. Такім чынам, актуалізатарамі камізму ў онімах могуць выступаць трансфармаваныя онімы-аказіяналізмы, утвораныя на аснове мімезіснага рэдублікату, ужытыя ў рэпліках персанажаў.
Дзівак Карусь – прозвішча селяніна, суседа сям’і Міхала ў паэме “Новая зямля”. Кантэкст паэмы сведчыць, што Карусь сапраўды быў дзіваком – чалавекам з выразнымі адзнакамі дзівацтва – выяўляў незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах: Карусь Дзівак у сваім кажусе Ляжаў на печы ў цёплым дусе... А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: – Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год не спавядаўся! А што папу казаць я маю? Я печ на рай не памяняю! [К VІ: 207]. Карусь Дзівак часінай той Насіўся з восямі, з трайнёй. У воз іх глыбей запакоўваў. У сярэдзіну рагач засоўваў І накрываў яго цабрамі, Каб не знайшоў Міхась часамі [К VІ: 45].
У гэтым прозвішчы канатацыйны аспект оніма выяўляецца не толькі шырокім кантэкстам, а і праз апелятыў, які поўнасцю супадае з антрапонімам. Ажыўленне семантыкі оніма праз апісанне паводзін яго носьбіта, калі наглядна агаляецца сутнасць апелятыва антрапоніма – своеасаблівы аўтарскі прыём, якім дасягаецца максімальнае выяўленне канатацыйнага зместу гаваркога прозвішча.
Некаторыя характарыстычныя прозвішчы, створаныя фантазіяй пісьменніка, умела абыгрываюцца, у мастацкім тэксце прыводзяцца са шматлікімі аўтарскімі каментарыямі і падказкамі. Такое, напрыклад, прозвішча мае персанаж аповесцяў “У глушы Палесся” і “На ростанях” Тарас Іванавіч Шырокі – настаўнік, загадчык двухкласнай школы ў Панямонні: Шырокі – тутэйшы настаўнік, загадчык двухкласнае школы, быў шырокім не толькі па прозвішчу, але і па сваёй фігуры, і па сваёй натуры, і нават па размаху гульні ў карты. Ён [Шырокі – В. Ш.] усхапіўся з месца, дзябёлая фігура яго рэзка калыхнулася, страсянуўшы ганак... Шырокі размашыста рушыўся насустрач гасцям, прычым жывот яго закалыхаўся, як човен на вадзе... – Во люблю свайго брата настаўніка! Гэта – соль зямлі! – крыкнуў ён, зірнуўшы на фельчара і старшыню. Шырокі выказваў усе адзнакі нястрымнага руху, парывістай, стыхійнай радасці і бушавання... Такую ўжо натуру меў Тарас Іванавіч. І здавалася дзіўным, каб чалавек яго камплекцыі быў здолен на гэткую рухавасць і стыхійную бурлівасць... [К ІХ: 194–195].
М. Лужанін у аповесці-эсэ “Колас расказвае пра сябе” прыгадвае эпізод, як пісьменнік паступова складаў спіс рэальных асоб, якія дзейнічаюць у трылогіі. У ліку такіх Я. Колас успамінаў і Тараса Іванавіча Шырокага, а яго прататыпам называў Фаму Іванавіча Гладкага [Лужанін 1997: 211]. Такім чынам, замена прозвішча Гладкі на Шырокі адпавядала творчай задуме Я. Коласа, які ў асобе гэтага настаўніка хацеў паказаць інтэлігента, што вылучаўся на фоне іншых не толькі мажнай, шырокай камплекцыяй, а і размахам гульні ў карты, шырынёй звыклага для яго прыўзнята-бурнага правядзення часу. Як відаць, пісьменнік, супаставіўшы рэальнае прозвішча прататыпа і прыдуманы самім онім, удала выкарыстаў наступныя семантычныя асаблівасці апелятыва шырокі, якія праз значны кантэкст абуджаюцца ў выразна празрыстым прозвішчы літаратурнага персанажа: 1. Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). 2. Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў [ТСБМ V: 432]. Для параўнання: апелятыў гладкі, ад якога паходзіць прозвішча прататыпа літаратурнага персанажа, у гэтым плане больш абмежаваны: прозвішча, утворанае ад яго, характарызавала б носьбіта толькі па знешніх прыкметах. Магчыма, што Я. Колас улічваў таксама і значэнні ўласных імёнаў, бо замена онімаў – Фама на Тарас таксама апраўданая: Тарас у перакладзе з грэчаскай мовы – “бунтаўшчык”, а Фама (Хама) – усяго толькі “блізня”. А значэнне і этымалогію ўласных імёнаў Я. Колас, безумоўна, ведаў дасканала, што вынікае з умелага падбору онімаў для ідэнтыфікацыі яго літаратурных персанажаў. Пра гэта ж ускосна сведчыць той факт, што ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе вучыўся Я. Колас, выпускнікі якой дэталёва засвойвалі царкоўнаславянскую мову, закон божы, рускую мову і літаратуру, гісторыю Старога і Новага запаветаў, Катэхізіс, царкоўны статут, кароткую гісторыю хрысціянскай царквы, царкоўную гісторыю і інш., вывучэнню хрысціянскіх імёнаў там адводзілася значная роля [Жыгоцкі 1993: 6].
Па-свойму арыгінальна тлумачыць гэтае прозвішча І. Лепешаў: “Своеасабліва абыгрываецца прозвішча Шырокі ў трылогіі “На ростанях”. Яно ставіцца ў сэнсавую сувязь з рознымі значэннямі прыметніка шырокі – каржакаваты, плячысты, шчодры, бязмежны, які не лічыцца са стратамі, і гэтым пісьменнік гумарыстычна падкрэслівае здзіўляючую гармонію прозвішча і яго носьбіта, знешнасці і некаторых унутраных якасцей [Лепешаў 1981: 52].
Андрэй Лабановіч – галоўны герой трылогіі “На ростанях”, аўтабіяграфічны вобраз дарэвалюцыйнага вясковага настаўніка, які займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, пасля доўгіх блуканняў і пакут уступае на шлях актыўнай барацьбы з царызмам. Змаганне за народнае шчасце прыносіць яму радасць. Пры стварэнні гэтага вобраза Я. Колас не толькі выкарыстаў эпізоды сваёй біяграфіі, але і надзяліў яго рысамі ўласнага характару і душэўнага складу: Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся [К ІХ: 15].
У аснове прозвішча апелятывы лабасты, лобан, якія ўжываюцца для апісання характарыстыкі чалавека не толькі з вялікім ілбом, а і разумнага, кемлівага (аналогія на падставе антрапаметрычных характарыстык і параметраў). У трылогіі Я. Колас выкарыстоўваў разнавіднасці гэтага прозвішча: Лабуня, Лабанок, якія ўжываў у лагодным звароце Турсевіч: – Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць [К ІХ: 73]; – А ведаеш, Лабанок, – таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, – можа б ты выпіў чарку [К ІХ: 74]. Такім чынам, гэтымі варыянтамі прозвішча перадаваліся меліяратыўная ацэнка эмоцый сябра, яго павага і ўважлівае стаўленне да таварыша па сумеснай вучобе.
У часы маладосці пісьменніка Я. Коласа яго ўласнае прозвішча К. Міцкевіч, а таксама створанае ім прозвішча галоўнага персанажа трылогіі ўспрымаліся ў грамадстве як сацыяльна падвышаныя. Пра гэта, напрыклад, сведчаць успаміны пісьменніка Міколы Лобана, які пісаў: Кажуць, калі дзед (пісьменніка – В. Ш.) першы раз пайшоў у школу, настаўнік запытаў яго: “Як прозвішча?” – “Лабановіч”, – адказаў хлапчук. “Як – Лабановіч? Мужык ды шляхецкае прозвішча носіш? Лобан тваё прозвішча”, запярэчыў настаўнік і запісаў “Лобан Василий” [Лобан 1973: 151].
Пра гэта ж і ўспаміны вядомага беларускага вучонага, акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча, якія запісаў пісьменнік У. Ліпскі. Тахвіля [бацьку Васіля Купрэвіча – В. Ш.] клікалі заўсёды, калі адвальваліся колы ў калёсах з дрывамі ці снапамі. Каб не рабіць лішноты, згружаць – разгружаць, Тахвіль браўся за вось, падымаў калёсы, і заставалася толькі ўстыркнуць кола. У такіх прыроджаных асілкаў і дзеці гадаваліся, абганяючы гады, моцнымі і рослымі. З гэтай прычыны ў Смалянах Васіля перахрысцілі на новае прозвішча. Зайшоў ён да ўпраўляючага школай надворнага саветніка Казлова.
– Як прозвішча? – строга спытаў той
– Купрэйчык.
– Ты – Купрэйчык? – аж зняў акуляры ўпраўляючы.
– Купрэйчык малы, як верабейчык...
– А ты?! Які ты Купрэйчык!
– Ты Купрэвіч!
Так і запісаў. Так і застаўся Васіль, сын лесніка Тахвіля, Купрэвічам [Ліпскі 1987: 26]. Відаць, тут дарэчы прывесці і выказванне М. Лужаніна з артыкула “Як Міцкевіч стаў Коласам”: “Сын палясоўшчыка Міцкевіч, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча (маецца на ўвазе поўнае супадзенне з прозвішчам выдатнага паэта А. Міцкевіча – В. Ш.), прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае – Колас [Лепешаў 1981: 53].
Некаторыя матываваныя прозвішчы ў творах Я. Коласа можна вытлумачыць, выкарыстоўваючы прыём кантрасту. Так, Г. Усціновіч лічыць, што прозвішча казённага ляснічага з аповесці “У глушы Палесся” Бяляўскага тлумачыцца процілеглымі паняццямі, якія можна супаставіць, учытаўшыся ў сутнасць гэтага імя. Унутраны сэнс оніма супрацьлеглы па змесце характару мастацкага вобраза: Бяляўскі – ад апелятыва белы, бяляк. Але носьбіт прозвішча – вялікі прыхільнік чарнасоценнай газеты [Усціновіч 1994: 80]. І хаця супастаўляюцца розныя паняційныя катэгорыі, аднак у мастацкім творы такія аналогіі звычайна дасягаюць мэты, бо такія асацыятыўныя сувязі могуць быць прыдатным элементам мастацкага ўспрыняцця тэксту.
Базыль Трайчанскі – настаўнік з аповесцяў “У глушы Палесся” і “На ростанях”. Працаваў у мястэчку Панямонь. Як характарызаваў яго Я. Колас, яго грамадскія дзеянні не ідуць далей кола інтэлігенцкага асяроддзя мястэчка, смурод местачковага балота мае над ім вялікую сілу, вечары так званай местачковай інтэлігенцыі з карцёжнай гульнёй – яго асноўны занятак. Разам з тым ён быў чалавек даволі прыемны, хоць трошкі мешкаваты. Цікавіўся ён і школьнаю справай: Тут ёсць цагляная лазня, царква Св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго, напэўна, не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч [К ІХ: 193].
Прататыпам Трайчанскага, як сведчаць даследчыкі творчасці Я. Коласа, быў Васіль Антонавіч Шчорс. Магчыма, Я. Колас змяніў гэта прозвішча таму, што яно поўнасцю супадала з прозвішчам вядомага героя грамадзянскай вайны Мікалая Шчорса, бацькі якога, дарэчы, паходзілі з вёскі Шчорсы, што каля Наваградка.
У аснову оніма гэтага літаратурнага персанажа Я. Коласам пакладзены ўрбонім Трайчаны – назва той часткі мястэчка Новы Свержань (у трылогіі – Панямонь – В. Ш.), дзе разыходзіліся тры вуліцы: першая – на Стоўбцы, другая па цэнтру Н. Свержаня – на Нясвіж, а трэцяя – на Мір. Тут знаходзіўся дом настаўніка Васіля Антонавіча Шчорса, якога Я. Колас з гэтае прычыны назваў у трылогіі Базылём Трайчанскім [Вярэніч 1987: 39]. Падобны спосаб утварэння прозвішчаў быў тыповым для беларускай шляхты. Магчыма, гэта тлумачыцца і тым, што Трайчанскі-Шчорс адносіў сябе да местачковай інтэлігенцыі і тым самым у сацыяльнай лесвіцы займаў не самае нізкае месца.
Канатацыйна насычаным на фоне кантэксту ўспрымаецца прозвішча-характарыстыка Скаромны, якім Я. Колас ідэнтыфікаваў панямонскага сядзельца ў аповесцях “У глушы Палесся” і “На ростанях”. Сам Кузьма Скаромны лічыў сябе чалавекам “сур’ёзным, салідным”. На самай справе – усё было наадварот: Скаромны быў чалавек з прэтэнзіямі на інтэлігентнасць... меў нахіленне да брудных анекдотаў; любіў яшчэ гуляць у карты, але пабойваўся жонкі [К ІХ: 203].
У гэтым прозвішчы пісьменнік выяўляе неадпаведнасць канатацыйнага значэння оніма паводзінам і характару персанажа, бо апелятыў оніма Скаромны – царкоўны тэрмін, які абазначае забарону яды ў час посту (на мяса, сала, малако). Магчыма, “спрацоўваюць” наадварот і асацыятыўныя аналогіі са словам скромны – стрыманы, умераны, прыстойны, які нічым не вызначаецца і інш. Між іншым, махляр-нарыхтоўшчык Скаромны, які нясціпла сябе паводзіць, парушаючы ўмовы дагавору з калгасам, таксама пададзены ў камедыі А. Макаёнка “Таблетку пад язык”. Дзед Цыбулька гнеўна асуджае гэтага раённага махляра за яго паводзіны і валакіту.
Такім чынам, кантэкст сведчыць, што панямонец Кузьма і не скромны, і не сціплы, што пацвярджаецца тэкстам. Неадпаведнасць прозвішча характару і паводзінам яго носьбіта – не менш эфектыўны прыём выяўлення ў оніме яго канатацыйнага зместу і актуалізацыі ўнутранай формы прозвішча.
Я. Колас нават адрозніваў прозвішчы, уласцівыя для пэўных рэгіёнаў Беларусі і суседніх з ёю тэрыторый, прычым некаторыя з такіх онімаў ён суправаджаў адпаведнымі лінгвістычнымі, этнаграфічнымі і іншымі каментарыямі. Лукаш Леўчанка, дваранін па паходжанню, прыблукаў з Украіны і аставаўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха [К ІХ: 422]. Мадэль прозвішчаў на –енка, –анка – тыповая для ўсходу Украіны і ўсходу Беларусі. У творах Я. Коласа названы анамастычны фармант у прозвішчах літаратурных персанажаў значна абмежаваны: Леўчанка, Ахрэменка, Дзячэнка, Базыльчанка, Мішчанка, Насенка – усяго, як намі падлічана, 6 антрапонімаў. Гэты факт ускосна сведчыць, што пісьменнік верагодней за ўсё інтуітыўна правільна арыентаваўся на тыповыя анамастычныя мадэлі роднай яму Міншчыны, а таму частымі і натуральнымі для яго літаратурных персанажаў будуць прозвішчы на –овіч, –евіч, –скі, –цкі, “сялянскія” прозвішчы, утвораныя ад звычайных апелятываў, а таксама з чыстай асновай: Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа падлоўчы з гэтым не згаджаўся. “Я – ліцвін”, – з нейкай гордасцю зазначаў пан падлоўчы, і сваю належнасць да ліцвінаў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча – Баранкевіч – мела канчатак на “іч”, тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на “скі”: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі [К ІХ: 42]. Праўда, катэгарычнасць Я. Коласа адносна прозвішчаў на –скі, –цкі, што яны польскія, не пацвярджаецца сучаснымі даследаваннямі: на ўсходнеславянскай этнічнай тэрыторыі яны найбольш пашыраны ва ўкраінскай мове, дзе, як падлічана, яны складаюць 17 %. Сярод іншых тыпаў ім там належыць першае месца. На Беларусі ж прозвішчы на –скі, –цкі складаюць каля 10 % і займаюць другое месца, найбольш прадуктыўныя яны на Гродзеншчыне, Міншчыне – радзіме Я. Коласа і на ўсходзе Віцебшчыны [Бірыла 1988: 24]. Дарэчы, у беларускай і рускай мастацкай літаратуры сталася так, што прозвішчы літаратурных персанажаў з фармантамі на –скі, –цкі пераважна ўжываюцца для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў дваранства, шляхты, арыстакратаў, паноў і розных падпанкаў або выскачак з прэтэнзіяй на шляхецтва (Быкоўскі, Крыніцкі, Заблоцкі, Знасілоўскі, Цыбульскі і інш.). Улічваючы створаную традыцыю і асаблівасць такіх анамастычных суфіксаў, некаторыя пісьменнікі, у тым ліку і Я.Колас, нярэдка выкарыстоўваюць іх у спалучэнні з апелятывамі значна заніжанага семантычнага плана, ствараючы такім чынам антрапонімы-прозвішчы, якія ў пераважнай большасці не сустракаюцца ў рэальнай антрапаніміцы. Параўн.: Гарлахвацкі, Лютастанскі, Вашамірскі, Лятальскі і інш. У Я. Коласа: Зязюльскі, Сучынскі, Лапсярдацкі і інш. Часта гэтую асаблівасць прозвішчаў на –скі, –цкі пісьменнікі творча рэалізоўваюць у сатырычных творах для стварэння характарыстычных антрапонімаў. Параўн.: у І. Ільфа і Я. Пятрова: Старахамскі, Бешанскі, Шакальскі, Сундучанскі і інш. [Мариненко 1990: 127].
Між іншым, у мастацкай літаратуры гэтая традыцыя, магчыма, ідзе ад фальклору. Так, Г. Параскевіч у беларускіх прыказках выявіла і апісала характарыстычна-ацэначнае ўжыванне шляхецкіх прозвішчаў на –скі, –цкі тыпу Казлоўскі, Бараноўскі, Далецкі, якія ўжываюцца ў спалучэнні са словам пан. Высокая сацыяльна матываваная форма такіх прозвішчаў, на яе думку, якая ўказвае на прыналежнасць іх носьбітаў да шляхты, напаўняецца заніжаным зместам іх апелятываў (казёл і баран – сімвалы тупасці і зазнайства), у выніку чаго антрапонімы набываюць іранічнае адценне: Старшы пан Казлоўскі, як пан Бараноўскі, хоць абыдва шляхта. Апрача таго, такія прозвішчы ў прыказках выконваюць і дадатковую стылістычную функцыю, выступаючы ў тэксце як своеасаблівы троп, раўназначны ў пэўнай меры метафары [Параскевіч 1984: 82]. А ўкраінскі даследчык онімаў Ю. Радзько, адзначаў, што ў час фарміравання такіх прозвішчаў існавала “тэндэнцыя да арыстакратызацыі” іх, калі да першапачатковага ўтварэння дадаваўся суфікс –скі (–цкі), у выніку чаго атрымлівалася шляхецкае прозвішча [Редько 1966: 20]. У творах Я. Коласа прозвішчаў, утвораных гэтым спосабам, даволі многа, яны складаюць, па нашых падліках, больш за 24 % ад агульнай колькасці ўсіх онімаў, ужытых у яго мастацкіх творах. Антрапонімы названага тыпу на тэрыторыі Мінскай вобласці, як высветліў А.Лаўрэнаў, складаюць каля 20 % ад агульнай прааналізаванай ім колькасці, што перавышае агульнабеларускі паказчык у два разы [Лаўрэнаў 2002: 93].
І ў Я. Коласа значная частка прадстаўнікоў польскіх і беларускіх княжацкіх дынастый, паноў, падпанкаў, чыноўнікаў, ганарлівых, пыхлівых, але нярэдка бедных беларускіх шляхцюкоў мае прозвішчы, якія заканчваюцца на –скі, –цкі: Пржылуцкі, Ракоўскі, Дэмбіцкі, Барнацкі, Кржывіцкі, Ладунскі, Патоцкі, Пацяйкоўскі, Галандзеўскі, Ліскоўскі, Сучынскі, Зязюльскі, Бацяноўскі, Тарбецкі і інш. Сучынскі – аб’ездчык у лясніцтве князя, дзе паводле сюжэту жыў і працаваў Паўлюк Трывай – галоўны персанаж апавядання “Тоўстае палена”. Пісьменнік рэплікай Паўлюка раскрывае сутнасць гэтага гаваркога оніма, звязваючы яго з апелятывам сука – (лаянк.) пра подлага, нізкай маралі чалавека: – От гад! Праўдзівы сабака. Вельмі верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш міласць заслужыш у князя? [К ІV: 146]. Канатацыйны бок гэтага прозвішча выяўляецца праз параўнанні паводзін аб’ездчыка з сабакам, які верна служыць свайму гаспадару (князю). Традыцыйна ў народзе словы гад, сабака, басяк набылі асуджальнае, лаянкавае значэнне, называючы нягоднікаў, злосных, шкодных асоб. Аформлена прозвішча па ўсталяванай і вядомай у беларускім фальклоры мадэлі тыпу Казлоўскі, Бараноўскі, якія нярэдка яшчэ ўжываюцца ў спалучэнні са словам пан, выступаючы ў такой антрапаформуле як свайго роду сімвалы тупасці і зазнайства. Узмацняе саркастычную, пеяратыўную сутнасць оніма ў гэтым кантэксце параўнанне чалавека (аб’ездчыка) з жывёлай, чым дасягаецца вызначальна-выкрывальная ацэнка яго маральных якасцяў. Інтэнсіфікатарамі іроніі, якая на фоне кантэксту выяўляецца ў прозвішчы, з’яўляецца: 1) прыём ампліфікацыі: гад..., сабака..., верны служака..., басяк; 2) кантраст паміж узуальнай формай оніма (аформлены на ўзор падвышаных шляхецкіх прозвішчаў) і яго этымалагічнай, а таксама фальклорнай сутнасцю; 3) ужыванне слоў-эпітэтаў гад, сабака, басяк, якія маюць ярка выражаную форму ацэначнасці.
Адрозніваў Я. Колас і прозвішчы на –скі, –цкі, якія належалі беларускаму праваслаўнаму духавенству. Безумоўна, пісьменнік ведаў, што храмы раней будавалі ў гонар рэлігійных датаў і дзеячаў, якіх афіцыйная царква залічвала ў лік святых, а таму ў гарадах і вёсках будаваліся благавешчанскія, пакроўскія, успенскія і іншыя саборы і цэрквы. А святары, якія неслі богаслужэнне ў такіх цэрквах, храмах, нярэдка набывалі прозвішчы тыпу Благавешчанскі, Пакроўскі, Успенскі. Таму зусім натуральна ўспрымаецца эпізод з аповесці “У глушы Палесся”, насычаны царкоўнай лексікай, у якім дзяк Бацяноўскі абураўся, што на яго мала звяртае ўвагі малады настаўнік Лабановіч, затое дзячок ганарыўся, што з ім знаюцца вядомыя ў наваколлі людзі, “можна сказаць, з прозвішчамі на ўсе двунадзесятыя святы складаюць кола яго знаёмства: Спаскі, Успенскі, Благавешчанскі, Уздзвіжанскі, Богаяўленскі, Срэцэнскі і іншыя. Гэта калі ўзяць па духоўнай лініі, а калі далучыць сюды людзей свецкіх! Не злічыш!” [К ІХ: 287].
Варта тут адзначыць, што ў рускай і беларускай мастацкай літаратуры, асабліва паслярэвалюцыйнага перыяду, выпрацаваліся няпісаныя патрабаванні да падбору прозвішчаў літаратурным персанажам: найчасцей фарманты –оў, –еў, –ын, –ін у прозвішчах атрымлівалі станоўчыя або нейтральныя персанажы, а фарманты на –скі, –цкі – пераважна адмоўныя [Суперанская, Суслова 1981: 132]. Праўда, у беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, наадварот, некаторыя антрапонімы літаратурных герояў з фармантамі –оў, –еў, –ын, –ін выкарыстоўваліся часам для ідэнтыфікацыі адмоўных герояў – прадстаўнікоў царскай адміністрацыі. У дзяржаўны апарат кіравання ў губернях Паўночна-Заходняга краю ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай прызначаліся пераважна прадстаўнікі з этнічна расійскіх губерняў, якія паслядоўна праводзілі палітыку русіфікацыі карэннага насельніцтва. Таму, напрыклад, заканамерным трэба ўспрымаць у “Пінскай шляхце” В. Дуніна-Марцінкевіча царскіх чыноўнікаў Кручкова, Пісулькіна, прозвішчы якіх аформлены пісьменнікам па тыпова рускай словаўтваральнай мадэлі, кантрастнасць якіх асабліва выразная на фоне палеска-беларускіх прозвішчаў іншых персанажаў камедыі.
Прычым па задуме пісьменніка ў творах Я. Коласа антрапонімы (прозвішчы) літаратурных персанажаў на –скі, –цкі, а таксама з іншымі фармантамі ўскладняліся і некаторымі іншымі спецыфічнымі асаблівасцямі польскай фанетыкі і марфалогіі: Дэмбіцкі, Кржывіцкі, Балбоцкі, Крулеўскі, Галандзеўскі, Дамброўскі, Пржылуцкі, Длугошыц, Гжыб, Пшэбора, Гедвіла, Пшывара і інш. Імпліцытна падкрэсліваюць іх чужароднасць, адметнае фанетычнае ўжыванне ў прозвішчах спалучэнні гукаў: крж, мбр, длуг, гж, пш, што, безумоўна, бярэцца пад увагу чытачом ці тымі, хто ўспрымае нязвыклы тэкст на слых. Гэта і вынік ідэалагічнай запраграмаванасці, чужароднасці такіх онімаў, якія падсвядома праз прозвішча павінны былі перадацца і чытачу. Некаторыя польскія, паводле Я. Коласа, прозвішчы ў мастацкім тэксце суправаджаюцца этнаграфічнымі ўдакладненнямі, лінгвістычнымі каментарыямі. Вось, напрыклад, як у аповесці “Дрыгва” падрабязна, адначасова з прозвішчам, пісьменнік уводзіць у мастацкі тэкст іншыя гісторыка-этнаграфічныя звесткі пра патомка старога польскага магнацкага роду: Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта – котлішча старога польскага роду. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла як умацаваная вякамі непарушная спадчыннасць. І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу, захісталася гэта спадчыннасць ад подыху вялікай рэвалюцыі... Цяпер пан Длугошыц вярнуўся ў сваё радавое гняздо, вярнуўся як чалавек, які тапіўся і якога адратавалі ад смерці. Даволі было аднаго толькі абеглага погляду на палац, каб адразу ўбачыць, што гэта – старасвецкая рэзідэнцыя багатай, радавітай польскай фаміліі... [К VІІ: 304]. Ці не выкарыстаў Я. Колас для ідэнтыфікацыі гэтага выдуманага ім персанажа прозвішча вядомага польскага гісторыка і дыпламата, аўтара шматлікіх прац пра гісторыю Польшчы Яна Длугаша (1415–1480 гг.), якое, магчыма, пісьменнік часткова змяніў па аналогіі з трансфармаванымі на польскі анамастычны ўзор некаторымі беларускімі шляхецкімі прозвішчамі: Акінчыч —> Акінчыц, Аксючыч —> Аксючыц і г.д. А рэальнае прозвішча Юзафа Болбата, гаспадара хутара з апавядання “Хатка над балотцам” пісьменнік яшчэ больш свядома спаланізаваў, далучыўшы да асновы оніма самы тыповы для польскай антрапанімікі суфікс –цкі: Болбат – Балбоцкі і падабраўшы літаратурнаму персанажу іншае імя, – Зыгмусь.1 Па сацыяльным становішчы пан Зыгмусь і пані Даміцэля, яго жонка, належаць да збяднелай польскай шляхты і нічым не адрозніваюцца ў гэтым плане ад звычайных сялян. Яны, пакрыўджаныя лёсам, вандруюць па свеце, шукаючы свайго месца пад сонцам.
Апісанне ўзаемаадносін Балбоцкіх, знешні выгляд, асаблівасці іх мовы, этнаграфічныя ўдакладненні і падрабязнасці іх побыту зроблены пісьменнікам з вялікім майстэрствам і выклікаюць у чытача лагодны гумар ці спачуванне. Пісьменнік антрапонімы Даміцэля і Зыгмусь паслядоўна ўжывае толькі ў спалучэнні са словамі пані і пан, чым на фоне кантэксту дасягаецца алагізм як своеасаблівы, уласцівы для творчай манеры Я.Коласа, аўтарскі прыём, пабудаваны з мэтай камізму па страце лагічных сувязяў у мове і паводзінах персанажаў. Узмацняецца гэта і выкарыстаннем у кантэксце польска-беларускай “трасянкі” ў дыялогах і маналогах, разгорнутых антанімічных паралеляў і іншых супастаўляльных канструкцый, вызначальнымі дамінантамі якіх у складаных сказах (іх частках) выступаюць уласныя найменні пані Даміцэля і пан Зыгмусь: Пан Зыгмусь і пані Даміцэля родам з-пад Сувалак. Яны зусім не паны. Калі ж іх называюць панамі, то з тае толькі прычыны, што яны родам з Польшчы і гавораць па-польску... Пан Зыгмусь загадае зварыць “кіслэго”, а пані Даміцэля паставіць на плітку “цыгунэцак з грохем”, – і сварка гатова; ... у пані Даміцэлі хворыя ногі і каўтун на галаве, а пан Зыгмусь з’яўляецца як бы жывым аргументам вядомай тэорыі Дарвіна аб паходжанні чалавека [К V: 261]. Натыкнешся, бывала, на гэты дуэт і мімаволі разбярэ нейкі смех, бо словы і тон гэтага раманса і запал, з якім спяваюць пан Зыгмусь і пані Даміцэля, так не адпавядаюць тым асобам, з чыіх вуснаў выходзіць: пані Даміцэля мае гадоў пад пяцьдзесят, а пан Зыгмусь на пяць гадоў болей. І паскупілася прырода на хараство для іх, ды мала таго – яна пакрыўдзіла іх... [К V: 262].
У некаторых беларускіх шляхецкіх, паводле Я. Коласа, і іншых сацыяльна падвышаных прозвішчах (Зязюльскі, Тарбецкі, Сучынскі, Бацяноўскі, Будан-Рыльскі, Срэтун-Сурчык, Ромава-Рымша-Сабур, Буцянёў-Храптовіч і інш.) выяўляецца іх семантычна празрысты падтэкст, спецыяльна ажыўлены мастаком слова праз аўтарскія каментарыі, удакладненні, заўвагі. Так, прозвішчам Зязюльскі ў трылогіі пісьменнік не без іроніі надзяліў аднаго з панямонцаў, які колісь быў багатым чалавекам, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Але непрыкметна з’ехаў ён на бзік, адышоў на задні план, страціў пашану і былую славу... Здарылася праява, якая зрабіла яго ледзь не героем сярод панямонцаў. Месяц таму назад, ужо калі Зязюльскі меў 53 гады, у яго жонкі радзіліся блізняты. Гэты факт падняў курс Зязюльскага на біржы панямонскага жыцця. Аб ім зноў загаварылі [К ІХ: 202–204].
Як бачым, пісьменнік прозвішчам Зязюльскі, відаць, іранічна падказваў, намякаў, што гэты персанаж сваімі паводзінамі, адносінамі да калег нагадвае зязюлю – птушку, якая нясецца, падкідвае яйкі ў гняздо іншым птушкам, якія потым выводзяць з іх птушанят, гадуюць іх без удзелу зязюлі. Такім чынам, антрапонім, створаны пісьменнікам на аснове вядомага ўсім апелятыва і на ўзор шляхецкіх прозвішчаў, падкрэсліваў спецыфічны паразітызм яго носьбіта, яго марнатраўства. А калі паразважаць больш заглыблена, то можна думку, абуджаную антрапонімам, прадоўжыць, звярнуўшы ўвагу на словы пісьменніка, што не ў гаспадара, а “ў яго (Зязюльскага – В. Ш.) жонкі радзіліся блізняты”. Магчыма, што запозненыя блізняты – гэта дзеці зусім не Зязюльскага, якому ўжо 53 гады, а нейкага іншага прайдохі-панямонца, які “падкінуў” яму ў хату-гняздзечка адразу аж двое “зязюлек”.
Шляхецкім паводле структуры з’яўляецца прозвішча Будан-Рыльскі ў драме “Вайна вайне”, якое Я. Колас выкарыстаў для ідэнтыфікацыі земскага начальніка, афіцэра царскай арміі, зацятага прыхільніка старога рэжыму. У кантэксце драматург абыгрывае гэтае прозвішча, падбіраючы да яго сугучныя, штучна створаныя прозвішчы і апелятывы: Марына: План іх пякельны. Мы, – кажа гэты Будан-Рыльскі, – пастроім так, што іхняе братанне самі немцы расстрэльваць будуць Сцеражыцеся! Вы можаце загубіць тысячы людзей, вас змяшаюць з прахам: артылерыя папярэджана і падгатавана, яна на іх баку.
Алесь. Будан-Рыльскі! Удалае імя! Будан-Бруднае Рыла! [К Х: 172].
Такім чынам, драматург іранічнай рэплікай Алеся раскрывае канатацыйны бок оніма і робіць гэтае знешне высакароднае прозвішча негатыўна заніжаным, ажыўляючы семантыку апелятыва і выяўляючы ў ім сугучнасць з кампанентамі прозвішча: Рыльскі – Рыла, бо рыла – гэта лыч у свінні, а таксама абразлівы сінонім-характарыстыка твару чалавека ды яшчэ з прыдомкам-азначэннем Брудны. Такім чынам, актуалізатарам іроніі і пеяратыўнай семантыкі ў гэтай складанай антрапаформуле з’яўляецца постпазіцыйнае выкарыстанне ў рэпліцы персанажа змененага варыянта прозвішча (Будан-Бруднае Рыла) са стылістычна зніжанай афарбоўкай, якая ў гэтым кантэксце выразна кантрастуе з афіцыйным варыянтам гэтага сацыяльна падвышанага оніма. Недарэчнасць гэтага штучнага і ўскладненага кампанентамі прозвішча памацняецца інтэнсіфікатарамі з процілеглым саркастычным значэннем “удалае імя” і, безумоўна, празмернай нязграбнасцю і нязвыкласцю, якія, на думку Б. Унбегауна, звычайна ўласцівы штучным, прыдуманым онімам [Унбегаун 1989: 194]. Прысутнічае ў рэпліцы Алеся і мастацкая этымалагізацыя оніма, у выніку якой каламбурна збліжаюцца словы-антрапонімы без іх семантычнай роднасці (Рыльскі і Рыла). Канатацыйны кампанент у семантыцы гэтага грувасткага антрапоніма памацняецца і тым, што яго мімезісныя рэдублікаты выступаюць не “копіяй” афіцыйнага прозвішча, а яго трансфармаванымі рэпрэзентамі (са змяненнем іх усталяванай анамастычнай мадэлі і павелічэннем кампанентаў складанага цэлага). Завяршае канатацыйную сутнасць створанай пісьменнікам антрапаформулы слыхавая алітэрацыя, якая выразна выяўляецца пры вымаўленні пачатковых кампанентаў перайначанага прозвішча: Б – Бр – Р. (Звычайна пра нешта брыдкае, непрыемнае – В. Ш.).
Не без іроніі намаляваны пісьменнікам вобраз пана Тарбецкага ў апавяданні “У двары пана Тарбецкага”. Устаноўлена, што прататыпам галоўнага героя з’явіўся надзвычай скупы, пыхлівы і ганарлівы гаспадар мінскага дома з прозвішчам Тарбецкі, у якога ў 1926 г. жыў з сям’ёю Я. Колас. Пісьменнік, мабыць, спецыяльна не мяняў прозвішча гэтага персанажа, інтуітыўна адчуваючы, што яно добра будзе “працаваць” у тэксце апавядання, спалучаючыся са словам “пан”, на раскрыццё характару галоўнага героя апавядання: ...калі хто назаве пана Тарбецкага “грамадзянінам”, то Тарбецкі крывіцца, а скажаш “таварыш Тарбецкі” – адварочваецца і гаварыць з табой не хоча. А назавеш “пан Тарбецкі”, тады вочы яго пазіраюць лагодна і ён робіцца другім чалавекам. Адсюль і выходзіць, што яго трэба называць – пан Тарбецкі [К V: 172]; Першы, хто выступіў у гэты дзень на сцэне, быў сам пан Тарбецкі. Ён толькі што адамкнуў калодзеж і стаяў у двух кроках ад яго, залажыўшы рукі ў рукавы чырвонага кажуха. У губах дымілася досыць паважная, запраўленая ў тоўсты муштук цыгара – уласная прадукцыя пана Тарбецкага з яго ўласнай плантацыі. Непадалёку ад калодзежа на сцяне аднаго з трох дамоў пана Тарбецкага было напісана мелам уласнай рукой: “Не заплаціўшы грошы, браць ваду забараняецца”. Гэты надпіс сведчыў, што гаспадарскае вока пана Тарбецкага не драмала [К V: 173]. Такім чынам, спалучэнне пан Тарбецкі на фоне шырокага кантэксту ўспрымаецца як іранічны жарт, пабудаваны на алагізме: у аснову прозвішча Тарбецкі, утворанага па ўзору шляхецкіх антрапонімаў, пакладзены семантычна заніжаны апелятыў торба – жабрацкі мяшок, і ў спалучэнні са словам пан ствараецца нерэальны вобраз, які ў чытача выклікае іронію. Параўн.: у беларусаў торба – сімвал жабрацтва [БРС 1962: 920]. Прысутнічае ў спалучэнні “пан Тарбецкі” і такая з’ява, як астэізм – разнавіднасць іроніі, калі праз пахвалу перадаецца знявага. Унутраным фактарам з’яўлення канатацыйнага прырашчэння ў спалучэнні “пан Тарбецкі” з’явілася тэкставая (кантэкстуальная) этымалагізацыя гэтага оніма (торба Тарбецкі), а таксама мэтанакіравана задуманая пісьменнікам “неабходнасць даць эмацыйна-экспрэсіўную назву таму ці іншаму прадмету, дзеянню, асобе і г.д. Напрыклад, з эмацыйна-экспрэсіўным адценнем адмоўнага характару сталі ўжывацца ў савецкі час словы барыня, пан” [Красней 1986: 171].
Прозвішча дзяка Бацяноўскага з трылогіі “На ростанях” таксама характарыстычнае ў мастацкай канве літаратурнага твора: унутраны змест яго падказвае ўдумліваму чытачу, што яго носьбіт – тыповы прадстаўнік часткі адсталага духавенства з глухога, забытага Богам і людзьмі кутка Палесся (параўн.: Бацяноўскі і бацян – у дыялектнай мове бусел – тыповая птушка неабсяжных палескіх балотаў) [СБГПЗБ, І: 176 ]. Звярніце ўвагу: прататыпам Бацяноўскага, як устаноўлена, быў дзяк з прозвішчам Хацяноўскі, якое Я. Колас свядома “падправіў”, і яно “загаварыла”, арганічна ўпісаўшыся ў агульны тэкст твора. Магчыма, таксама, што Я. Колас, выбіраючы такое прозвішча надзвычай цікаўнаму дзячку, ведаў і выкарыстаў легенду, паводле якой бусел (бацян) – гэта чалавек ці анёл, пакараны Богам за празмерную дапытлівасць; даручаную яму торбу ці гаршчок з сабранымі там нячыстымі жывёлінамі-гадамі ён павінен быў кінуць, не развязваючы, у прадонне, ды не стрымаўся, развязаў паглядзець і выпусціў усіх тых пачварын на зямлю. Ператвораны ў птушку, цяпер ён мусіць лавіць усё тое, што некалі выпусціў, ачышчаць зямлю. Стаўшы птушкай, бацян ціснецца бліжэй да чалавека, селіцца побач ці нават на стрэхах хат... [БМЭС 2002: 204]. Сваімі паводзінамі дзяк Бацяноўскі сапраўды нечым нагадваў бацяна, якога Бог пакараў за празмерную цікаўнасць. Параўнайце, напрыклад, эпізод, калі Бацяноўскі ў начны час заглядваў у вокны кватэры Лабановіча, спрабуючы высветліць яго занятасць.
Вядома, што шляхецкія прозвішчы ў мастацкай літаратуры пад пяром пісьменнікаў робяцца аб’ектам вычварнай аўтарскай іроніі, сродкам своеасаблівага мастакоўскага здзеку. Гэта выразна праяўляецца ў двайных ці трайных шляхецкіх прозвішчах, дзе складанае найменне дае магчымасць пісьменніку дасягаць выключнай выразнасці ў абмалёўцы і характарыстыцы літаратурнага персанажа. Параўн.: Ляпкін-Цяпкін, Аболт-Абалдуеў, Брава-Жыватоўскі, Смятана-Бурчайла і інш. Карыстаўся такімі прозвішчамі і Я. Колас: Класны пакой і кватэра настаўніка былі ў такім непрыглядным стане, што Лабановіч падумаў: “Куды я папаў?” Шум расчыненых дзвярэй патрывожыў сон ляжаўшага чалавека. Ён заварушыўся, з-пад дзяругі паказалася ўскудлачаная чарнявая галава. Лабановіч адразу пазнаў, каму яна належыць: на ложку ляжаў тутэйшы настаўнік з громкім прозвішчам на дваранскі лад – Срэтун–Сурчык [К ІХ: 381].
Як было высветлена, гэтае рэальнае складанае прозвішча Я. Колас свядома крыху змяніў, увёўшы ў мастацкі тэкст трылогіі. Устаноўлена, што пасля працы на Піншчыне К. Міцкевіч (Я. Колас) быў пераведзены настаўнікам у Вехмень (цяпер Смалявіцкі раён на Міншчыне), там ён замяніў настаўніка Трафіма Мікітавіча Сертун–Сурчыка, які дэградаваў як асоба, як настаўнік абыякава, безадказна ставіўся да свайго асноўнага занятку – навучання і выхавання дзяцей [Жыгоцкі 1993 (1): 13]. Адсюль, мабыць, трэба выяўляць і пазіцыю Я. Коласа да падбору прозвішча адпаведнаму персанажу трылогіі: пісьменнік мэтанакіравана ў першым слове складанага ўласнага наймення памяняў месцам гукі–літары ў пачатковым складзе, і антрапонім найперш ператварыўся ў трапнае слова – характарыстыку з выразным негатыўным падтэкстам: Сертун–Сурчык —> Срэтун–Сурчык. А фармаванне вобразаў у творах Я. Коласа, як правіла, вельмі часта пачынаецца з апісання партрэта персанажа, яго прозвішча або мянушкі. Магчыма, што тут пісьменнік улічваў і яшчэ адну характэрную асаблівасць такіх сацыяльна падвышаных прозвішчаў: у асяроддзі польскай, беларускай, украінскай шляхты, магнатаў двайнымі прозвішчамі падкрэслівалася веліч радавітых шляхецкіх дынастый, іх багацце, высакароднасць. Такія складаныя антрапонімы нярэдка пачыналіся з аднолькавых складоў ці аднолькавых гукаў: Карафа-Корбут, Бялыніцкі-Біруля, Гарват-Гарбач-Гаўрук, Бонч-Бруевіч. Гэтыя асаблівасці выяўляюцца і ў прозвішчы Срэтун–Сурчык, аднак апісанне паводзін гэтага гора–інтэлігента, шляхціца, яго знешні выгляд, бытавыя ўмовы, створаныя ім самім, сведчаць, што Срэтун–Сурчык – поўная процілегласць тым, хто быў носьбітам такіх прывілеяваных прозвішчаў, хто працягваў традыцыі некалі знакамітай і высакароднай шляхты. У такім кантэксце прысутнічае і такая стылістычная фігура, як астэізм – пахвала ў форме знявагі, аформленая ўжываннем разгорнутай іроніі, у выніку якой сацыяльна падвышанае і знешне высокароднае прозвішча набывае зневажальна-камічны эфект. Такім чынам, пісьменнік з дапамогай антрапоніма свядома падкрэсліваў неадпаведнасць, кантрастнасць у паводзінах чалавека, які, маючы высакароднае прозвішча, будучы інтэлігентам, паводзіў сябе далёка не па-шляхецку. Выраджэнне беларускай шляхты, якая страчвала свае лепшыя якасці, традыцыі адзначаў Я. Колас і ў эпізодзе суда над Лабановічам і яго сябрамі: За суддзямі, таксама захоўваючы саслоўныя традыцыі, ішлі: напышлівы прадстаўнік дваранства, мінскі губернскі маршалак Ромава-Рымша-Сабур, член управы Яцкевіч, які прыбыў замест гарадскога галавы [К ІХ: 684]. Непамерную пыхлівасць, недаступнасць маршалка падсвядома падкрэслівала яго трохіменне – Ромава-Рымша-Сабур, у якім у першых двух словах паўтараюцца з нязначнымі зменамі кампаненты Ром-Рым, якімі на інтуітыўным узроўні ці, магчыма, нават па задуме Я. Коласа, іранічна намякаецца, падказваецца чытачу, што ўладальнік такога грувасткага антрапоніма – нашчадак ці не рымскай арыстакратыі, самай знакамітай і самай старажытнай ва ўсёй Еўропе. Між іншым, у легендзе пра паходжанне бязмерна багатых нясвіжскіх Радзівілаў паведамляецца, што пачынальнікам гэтага княжацкага роду быў Дорспрунг – высакародны патомак рымскай арыстакратыі, які нібыта морам дабраўся да Літвы-Беларусі і заснаваў там паселішча Раманову (Новы Рым). А як вядома, бацька Я. Коласа – Міхал Міцкевіч быў лесніком ва ўгоддзях нясвіжскіх Радзівілаў. Рэальнае прозвішча царскага генерала Безабразава – аднаго з бяздарных кіраўнікоў у час руска-японскай вайны 1905 г. Я. Колас спецыяльна не мяняў, бо апелятыў ад якога ўтвораны антрапонім, зыходнае значэнне прозвішча выразна характарызавалі няўдалага кіраўніка ваеннай кампаніі на Далёкім Усходзе, а каментарый пісьменніка да гэтага прозвішча выяўляў і грамадзянскую пазіцыю Я. Коласа да тагачаснага вярхоўнага ваеннага кіраўніцтва Расіі.
Некаторыя характарыстычныя прозвішчы пісьменнік сам або праз рэплікі літаратурных герояў спецыяльна каменціруе і, як вынік, у максімальна сціслым тэксце дасягае задуманай агульнай характарыстыкі персанажу: Нічыпар: Знаёмцеся, хто не знаёмы. Агата Гарэльская; за яе гаворыць яе прозвішча, яна гарыць агнём рэвалюцыі [К Х: 20]. Такім чынам, у п’есе “Забастоўшчыкі” пісьменнік праз рэпліку Нічыпара знаёміць удзельнікаў настаўніцкага з’езду з маладой настаўніцай, якая ўносіць прапанову аб стварэнні настаўніцкага саюза і далучэння гэтай арганізацыі да ўсерасійскага сходу настаўнікаў; Агата гарыць тымі ідэямі, якія выпрацаваў настаўніцкі з’езд. Гарэць – гэта значыць з запалам аддавацца якой-небудзь справе, пачуццю [ТСБМ 1977, ІІ: 36].
Яўна пеяратыўную характарыстычную функцыю выконвае ў аповесці “У палескай глушы” прозвішча Пражорыч. Гэтым онімам пісьменнік ідэнтыфікаваў папа-акадэміка, аднаго з членаў экзаменацыйнай камісіі, што прымала экзамены ў вучняў, якіх вучыў першы год Андрэй Лабановіч. Нягледзячы на тое, што ў аповесці ёсць толькі тры невялікія эпізоды, у якіх упамінаецца гэты антрапонім, у чытача, безумоўна, створыцца адмоўна-негатыўнае ўражанне аб асобе з такім семантычна празрыстым прозвішчам, утвораным ад апелятыва пражора – той, хто любіць многа есці, абжора: На вусны экзамен прыйшоў поп Пражорыч. Гэта быў незвычайна пануры, чорнабароды бацька. У вочы ён рэдка каму пазіраў, не смяяўся. А калі здароўкаўся і падаваў руку настаўнікам, асабліва ў такім лапсярдаку, як у Лабановіча, то ў гэту хвіліну шчыра шкадаваў, што ў яго ёсць рукі... Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспектар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідзе абедаць [К ІХ: 167].
Як устаноўлена даследчыкамі творчасці Я. Коласа, прататыпам айца Пражорыча ў аповесці быў Мікалай Прорвіч. Апелятыў названага прозвішча прорва са значэннем “пражэрлівы чалавек” з’яўляецца сінонімам лексем пражора, абжора. Гэтыя назоўнікі-апелятывы нярэдка выкарыстоўваюцца ў мове як словы-мянушкі для характарыстыкі жывёл, людзей, якія празмерна захапляюцца ежай, ужываючы яе без меры. Магчыма, замену рэальнага прозвішча Прорвіч на Пражорыч можна растлумачыць тымі абставінамі, што аповесць “У палескай глушы” – самы аўтабіяграфічны твор трылогіі, і пісьменнік, змяніўшы прозвішчы некаторых рэальных персанажаў, пазбаўляўся пэўнай дакументальнасці і хранікальнасці, якая прысутнічае на некаторых старонках трылогіі.
Мэтазгоднасць замены оніма Прорвіч на Пражорыч можна, відаць, растлумачыць і лексіка-стылістычнымі асаблівасцямі іх апелятываў: назоўнік пражора ў беларускай літаратурнай мове слова адназначнае, а ў лексеме прорва – аж чатыры дэфініцыі, прычым “аб пражорлівым чалавеку” засведчана як самая апошняя, уласцівая размоўнаму стылю.
Характарыстычным з’яўляецца і прозвішча Рыгора Угодніка ў апавяданні “Курская анамалія”, пад якім пісьменнік вывеў настаўніка царкоўна-прыходскай школы, чалавека бязвольнага, слабахарактарнага, які нічым не хацеў займацца, з усім згаджаўся; без яго ведама сяляне выбралі яго папом. Пагадзіўся ён і з выбарам яму жонкі – матушкі Настассі Мікалаеўны: Рыгор Андрэевіч Угоднік – такое было яго прозвішча – ляжаў на цвёрдым ложку, закінуўшы ногі на біла. У яго пакойчыку было пуста, няветла, і непрытульна. На выступах сцен нагусцілася многа пылу. Над печчу, каля столі, цэлымі кудламі звісала павуццё, у якім гайдаўся шкілет мухі. Яна заблыталася там яшчэ, відаць, да вайны 1914 года, а цяпер ужо быў сакавік 1918 г.; Старшыня казаў: – Таварышы, не памыляйцеся! Калі мы самі выбіраем сабе папа, дык павінны самі ж выбраць яму жонку. І яшчэ: Рыгор Андрэевіч чалавек ціхі, ён ніколі першы не зачэпіць бабы і, покі ён жэніцца, можа прайсці год і болей... Няўжо ж ты думаў, што вёска ніколі не паклапоціцца аб табе? Праз нейкі нядоўгі час пасля гэтага, так, здаецца, каля веснавога Міколы, у вёсцы быў свой бацюшка – а. Рыгор Угоднік і матушка Настасся Мікалаеўна [К V: 102]. У аснову гэтага прозвішча, відаць, пісьменнік паклаў пераасэнсаваны канфесійны апелятыў-назоўнік угоднік – святы, які ўгадзіў богу сваім бязгрэшным жыццём [ТСБМ 1977 V: 612]. У гэтым выпадку: дагодлівы, бяскрыўдны абывацель-настаўнік, што ўгадзіў усім сялянам, якія, выкарыстаўшы яго бязволле, не толькі абралі яго папом, але нават жанілі пры поўнай згодзе настаўніка. Выяўляе сутнасць гэтага гаваркога прозвішча і рэпліка селяніна, які пераконвае Рыгора Андрэевіча быць папом: – Дый фамілія твая (Угоднік – В. Ш.), як не трэба лепей, да месца пасуе [К V: 104]. Пры характарыстыцы гэтага літаратурнага персанажа Я. Колас умела выкарыстаў прыём актуалізацыі апелятыўнай семы прозвішча, ужыўшы ў рэпліцы селяніна слова-этымон угоднік, якое па сутнасці раскрывае канатацыйную функцыю гэтага антрапоніма ў апавяданні, асабліва на фоне шырокага кантэксту, які ўключае аўтарскія каментарыі, заўвагі, рэплікі персанажаў і інш., скіраваныя на выяўленне сутнасці гэтага персанажа. Як вынік, вызначальным кампанентам сярод багатага набору выяўленчых сродкаў з’яўляецца і семантычна празрыстае прозвішча.
Удалым прыкладам аўтарскай знаходкі гаварковага оніма можна разглядаць прозвішча Амелькі Шчыта ў апавяданні “Драматург і лірычны паэт”, пад гэтым двухіменнем Я. Колас вывеў саманадзейнага сялянскага хлапца, які імкнуўся стаць пісьменнікам, хаця для гэтага не меў здольнасцяў і таленту. Амелька марыць, што ў горадзе, дзе ён будзе жыць, “яго чакае слава і лёгкі хлеб”, “ён чалавек асаблівай катэгорыі: ён – пісьменнік!”
Праз маналогі Амелькі, пададзеныя Я. Коласам у форме няўласна-простай мовы, чытач пераконваецца, што гэты персанаж не паважае сялянскую працу, бацькоў, ён піша камедыю, якая, паводле яго разважанняў, павінна прынесці яму гучную славу. Што ж абяцае яму камедыя? Перш за ўсё яму дадуць грошы, надрукуюць яго камедыю, пад якой будзе значыцца “Амелька Шчыт”. І што тады скажуць яму бацькі? Якімі ласымі вочкамі будуць глядзець на яго дзяўчаты! Але Амелька зірне на іх звысока – не дараслі, маўляў, да мяне! [К V: 299]. Значны кантэкст сведчыць, што прозвішча і асабовае ўласнае імя гэтага персанажа ўтрымліваюць канатацыйны падтэкст, які рэалізуецца ў выніку стылістычна кантрастнага злучэння ў адной антрапаформуле прозвішча і асабовага імя: Амелька (Амельян, Ямеля), якое ў народным маўленні, фальклорных творах часам выкарыстоўваецца як онім-характарыстыка прастакаватага, недалёкага розумам селяніна. Параўн.: у рускіх народных казках Ямеля-дурань. І прозвішча Шчыт, апелятыў якога сугучны з фразеалагізмам са шчытом – з перамогай, пераможцам (з’явіцца, вярнуцца і пад.). Іменна са славай знакамітага пісьменніка-драматурга марыць Амелька трыумфальна вярнуцца ў вёску: Не брат, дудкі! Амелька ж не дурань, каб не ведаць, што добра і што блага! [К V: 299]. Такім чынам, у створанай пісьменнікам антрапаформуле Амелька Шчыт падсвядома ўтрымліваецца камічны эфект, які рэалізуецца анамастычнымі кантрастывамі – гаваркім прозвішчам Шчыт, якое аманімічна сугучнае са стылёва ўзвышаным фразеалагізмам са шчытом – г. зн. з перамогай і прастамоўным уласным імя Амелька (Ямеля), якое ў свядомасці носьбітаў мовы ўспрымаецца як тыповае і натуральнае для наймення селяніна-прастака, недалёкага розумам. Такім чынам, пры стварэнні гэтага антрапанімічнага спалучэння выразна праявілася стылістычная кантамінацыя, або гібрыдызацыя (аб’яднанне ў антрапаформуле анамастычных кантрастываў), а таксама мастацкая этымалагізацыя, пры якой у кампанентах асацыятыўна сінтэзуюцца несумяшчальныя канатацыі асабовага ўласнага імя (недалёкі розумам, ёлупень) і прозвішча (са шчытом – г. зн. з перамогай).
У беларускай мастацкай літаратуры выяўляецца некалькі літаратурных персанажаў, якія фактычна ўспрымаюцца літаратурнымі двайнікамі Амелькі Шчыта, пра гэта пераканальна сведчыць супастаўляльны аналіз іх учынкаў, разважанняў, а таксама онімаў – уласных імёнаў, прозвішчаў або псеўданімаў. Так, у рамане А. Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”, які прааналізавала З. Драздова, ёсць вобраз “песняра” Гарачага (Пушкінзона), “прыдуркаватага рыфмаплёта, які напісаў і ўсюды чытае паэму “За тваім гарбатым носам нічога не бачу”, уяўляючы сябе сапраўдным паэтам. Быў такі сацыяльны тып у жыцці – “паэт Гарачы”. І няважна, як зазначае З. Драздова, як ён зваўся – Гарачы ці Гучны (апошняе прозвішча фігуруе ў коласаўскім сатырычным апавяданні “Драматург і лірычны паэт”, дзе мы сустракаем літаратурных двайнікоў мрыеўскага героя – Арцёма Гучнага і Амельку Шчыта [Драздова 1997: 37].
Прозвішчы адмоўных персанажаў, рэальных асоб, у творах Я. Коласа канатацыйна афарбаваныя, яны на фоне шырокага кантэксту выкарыстоўваюцца як выразны экспрэсіўны сродак для перадачы эмацыйных ацэнак – абурэння, гневу, асуджэння. Так, прозвішча польскага палітычнага дзеяча, дыктатара, аднаго з ініцыятараў савецка-польскай вайны 1920 г. Юзафа Пілсудскага пісьменнік у тэкстах суправаджае наступнымі сінонімамі-перыфразамі: “круль маны і ашуканства”, “ваш падкрулек”, “кат ваенны і цывільны”, “Бельведэрскі рыцар”, якія вельмі дакладна перадаюць асаблівасці характару і дзейнасць гэтай дзяржаўнай асобы, і рэальнае прозвішча дыктатара становіцца сімвалам зла, маны, ашуканства, подласці: Няхай чыніць гвалт нялюдскі Ваш “падкрулек”, пан Пілсудскі, “Круль” маны і ашуканства [К ІІ: 21]; Кат ваенны і цывільны... Кроў... Магілы... Ямы... Вар’яцее ў дзікім шале Бельведэрскі рыцар [К ІІ: 46].
Онімы-паўторы ў аднолькавай граматычнай форме ў творах Я. Коласа выступаюць дамінантамі, ускладненымі і пэўнымі канатацыямі да ўсяго твора. Так, у вершы “Жыве Руставелі” паэт, выкарыстоўваючы паўтор і скразную рыфму ва ўсіх шасці чатырохрадкоўях, рэфрэнам жыве Руставелі выдзяляе галоўную думку твора, найбольш важную для яго ідэйнага разумення: Ні буры, ні віхры, ні чорныя годы Яго не здалелі: У сказах-былінах, у думах народа Жыве Руставелі. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай трэлі Жыве Руставелі... [К. ІІ: 122].
Індывідуальныя схільнасці моватворчасці пісьменніка, яго адносіны і пазіцыя да ўчынкаў персанажаў выразна выяўляюцца ў прозвішчах, створаных аўтарскай фантазіяй, а таксама ў тых антрапонімах, якія пісьменнік запазычыў ад прататыпаў сваіх літаратурных персанажаў, захаваўшы іх прозвішчы без змен, або змяніўшы ці падправіўшы іх часткова з улікам аўтарскай задумы. У творах мастацкай літаратуры шырока ўжываюцца не толькі онімы, створаныя фантазіяй пісьменніка, а і рэальныя імёны, прозвішчы вядомых у гісторыі асоб, якімі мастакі слова ствараюць адпаведны гістарычны фон, даюць уяўленне пра час, асяроддзе і падзеі, у якіх жылі і дзейнічалі носьбіты онімаў: ... дзесяткі тысяч курганоў стаяць на беларускай зямлі. І ляжаць пад імі сатлелыя косці чужаземных захопнікаў: рыцараў Лівонскага ордэна, татарскіх ханаў, шведскіх рэйтараў, польскіх ваявод і легіянераў, грэнадзёраў Напалеона, вымуштраваных бандытаў Кайзера Вільгельма і азвярэлых гітлераўскіх галаварэзаў [К ХІ: 370]. Такі кантэкст сведчыць, што “імя ў мастацкім творы можа сказаць больш, чым задумаў пісьменнік” [Карпенко 1986: 36].
Так, вядома, што галоўны герой аповесці “Дрыгва” выведзены пад сапраўдным прозвішчам Талаш, якое і ў наш час з’яўляецца тыповым для Петрыкаўшчыны. Я. Колас успамінаў, што ў час першай сустрэчы з Талашом (1934 год) дзед крыху крытыкаваў пісьменніка, бо ў аповесці Талаш названы Рыгорам. На самай жа справе яго звалі Васілём (Ісакавічам), пісьменнік таксама пераблытаў імёны сыноў Талаша, і той яшчэ больш не быў згодны з Коласам, што іх было 5. Па меркаваннях дзеда, у аповесці не павінна быць Галініча, Нявіднага, некаторых персанажаў палякаў [Жыгоцкі 1991: 29]. Пасля гутарак са старым палешуком, як успамінаў Я. Колас, ён унёс некаторыя папраўкі і ўдакладненні ў тэкст. Аднак, на нашу думку, пісьменнік не мог улічваць усе пажаданні і прэтэнзіі В.І. Талаша, які ў меру сваго светапогляду, выхавання ўспрымаў аповесць не як мастацкі твор, а як хроніку падзей Грамадзянскай вайны на Петрыкаўшчыне, у гушчы якіх быў легендарны Талаш, папулярнасць якому ў значнай меры стварыў Я. Колас. Іншыя персанажы, іх прозвішчы, створаныя Я. Коласам у гэтай аповесці (Нявідны, Длугошыц, Крулеўскі), – выкананне пісьменнікам ідэалагічнага “дзяржзаказу”, які прадугледжваў абавязковае ўвядзенне ў мастацкі твор вобразаў камуністаў – “сейбітаў буры і змагання”, а таксама паноў-эксплуататараў палякаў, якія ў 30-я гады ХХ ст. у сродках масавай інфармацыі і літаратуры падаваліся як асноўныя і самыя галоўныя ворагі маладой рэспублікі Саветаў, а антыпольская палітыка тагачасных афіцыйных улад набірала найбольшы размах, яна па сутнасці была абавязковай для ўсёй літаратуры даваеннай пары.
Пад рэальнымі імёнамі ці прозвішчамі выведзены ў трылогіі “На ростанях” Максім Турсевіч, Міхал Баўдзей, пан Скірмунт, бацька і сын Бязручкі, старожка Ганна, стараста Бабіч і інш. М. Лужанін у аповесці-эсэ “Колас расказвае пра сябе” павялічвае спіс такіх імёнаў. У прыватнасці, ён успамінаў, што Я. Колас не аднойчы жартаваў адносна персанажаў яго мастацкіх твораў і прапаноўваў арганізаваць нават сустрэчу з прататыпамі літаратурных герояў. У ліку такіх ён называў Нічыпара Кудрыка, Аксёна Каля, свержанскага фельчара Найдуса, пастуха Леўчанку, зняволеных Мірмана, Мардуховіча, Юзафовіча, наглядчыка Дожджыка [Лужанін 1997: 212].
Такім чынам, біяграфія пісьменніка, гаворачы словамі акадэміка Д. Ліхачова, – паняцце не вузка асабістае, а грамадска-гістарычнае. Ва ўсякай біяграфіі, на думку гэтага даследчыка, – прысутнічае эпоха... Стварэнне твора ёсць факт біяграфіі аўтара, біяграфія аўтара ёсць факт гісторыі, гісторыі літаратуры ў прыватнасці [Лихачев 1981: 101].
Турсевіч Максім – першы “дарэктар”, сябар Андрэя Лабановіча, настаўнік у Цельшыне, а затым у Любашаве на Случчыне. У пазнейшыя часы іх сяброўства дало вялікую расколіну. Правобразам Максіма Турсевіча з’яўляецца Алесь Аляксандравіч Турсевіч [АСТК 1990: 557]. Як бачым, пісьменнік літаратурнаму персанажу даў толькі іншае ўласнае імя, захаваўшы без змен прозвішча. Праўда, А.Саламевіч устанавіў, што прататыпам Максіма Турсевіча з’яўляецца Алесь Фурсевіч. У прыватнасці, ён адзначаў: “У Альбуці сыны палясоўшчыка Міхала Міцкевіча вучыліся ў “дарэктараў”, вясковых хлопчыкаў, што закончылі пачатковую школу. Хатні настаўнік Алесь Фурсевіч з Галавенчыцаў выведзены ў трылогіі “На ростанях” у вобразе Максіма Турсевіча” [Саламевіч 1996: 175].
Баўдзей Міхал – рэальная асоба, чыгуначнік, удзельнік забастоўкі, чалавек рашучы, стойкі, зямляк Андрэя Лабановіча, аднак Лабановіч не падзяляў яго думак у поглядах на беларускі народ, яго мову. Такіх людзей, як Баўдзей, у часы А. Лабановіча было досыць многа, нямала іх і цяпер. Так, панямонец Баўдзей адмоўна ставіўся да стварэння беларускай нацыянальнай школы, да выдання беларускіх газет: ці патрэбны яны, разважаў ён, калі ёсць дасканалая, развітая руская мова, якую беларусы добра разумеюць? Ён высмейваў беларускія словы і тэксты, напісаныя гэтымі словамі, што вельмі абражала ў Лабановічу нацыянальнае пачуццё [АСТК 1990: 82]. На нашу думку, прозвішча Баўдзей нагадвае апелятыў-назоўнік боўдзіла, якім у прастамоўі называюць чалавека недалёкага розумам, адсталага, недарэку. Відаць, гукавое падабенства рэальнага прозвішча і амаль сугучнага яму назоўніка са стылёва заніжаным значэннем улічыў Я. Колас пры стварэнні вобраза Міхала Баўдзея.
Я. Колас ад прозвішча Баўдзей утварыў нават спалучэнне панямонскага баўдзейства, якое мела значэнне нігілістычнага, абыякавага стаўлення да нацыянальных традыцый свайго народа, да законнага права на развіццё сваёй культуры і сістэмы адукацыі. Такія адантрапанімічныя ўтварэнні ад прозвішчаў літаратурных персанажаў вядомы і ў рускай мове. Параўн.: Манілаў – манілаўшчына – бяздзейсныя, летуценныя, адарваныя ад рэчаіснасці адносіны да навакольнага жыцця, беспадстаўная бесклапотнасць; Абломаў – абломаўшчына – бязволле, лянота, бяздзейнасць як грамадская з’ява.
Аксён Каль – селянін з вёскі Высокае, хадайнік за інтарэсы сялян. Як давераная асоба ад грамады хадзіў па судах, каб адняць у пана Скірмунта рачныя рыбныя затокі, вучыўся грамаце ў Андрэя Лабановіча.
Крыху інакш, чым М. Лужанін, пра стварэнне вобраза Аксёна Каля разважае В. Ляшук. Яна, як і М. Лужанін, лічыць, што Аксён Каль у трылогіі выведзены пад сапраўдным прозвішчам. Праўда, у Пінкавічах (у трылогіі Выганы – В. Ш.) на перыяд працы настаўніка К.Міцкевіча не было селяніна з імем Аксён. Старажылы называюць іншых аднавяскоўцаў з прозвішчам Каль, з другімі імёнамі. Такімі прататыпамі, на іх думку, маглі быць рэальныя асобы Якаў Каль, Іосіф Каль, Павел Каль. Мабыць, ствараючы вобраз Аксёна Каля, Я. Колас узяў пакрысе ад розных канкрэтных асоб, запазычыўшы тыповае для Піншчыны прозвішча [Ляшук 1991: 128]. І такім чынам стварыў каларытны, запамінальны вобраз палешука-праўдашукальніка. Правобразам старожкі Ганны з’явілася Ганна Іосіфаўна Снежка. Ствараючы гэты вобраз, як устанавілі даследчыкі, пісьменнік значна адступіў ад жыццёвай біяграфіі і асабліва апісання знешняга выгляду прататыпа... Змяненне рэальнай жыццёвай біяграфіі бабкі Ганны тлумачаць яны, выклікана, відаць, імкненнем аўтара да большай ступені тыпізацыі характару літаратурнага персанажа. А стары Талаш ва ўспамінах адзначаў, што Мартын Рыль паўстае перад ім як яго найбліжэйшы памочнік па партызанскай барацьбе Аляксей Кандратавіч Кніга, які потым загінуў без вестак на фронце, быў родам ён з вёскі Аціркі на Петрыкаўшчыне. Я пазнаю ў Нявідным аднаго камісара, з якім я ехаў некалі разам з Жытоміра. Я не памятаю яго прозвішча, ён сапраўды застаўся для мяне “Нявідным”. Яго гутаркі, яго словы дагэтуль засталіся ў маёй памяці. Быў у нас і свой Саўка Мільгун. Імя было другое... [Жыгоцкі 1993: 24]. У аповесці па задуме пісьменніка стары Талаш некалькі разоў блытае прозвішча-мянушку Нявідны і называе гэтага бальшавіка-падпольшчыка Дзіўным. Першае прозвішча ў кантэксце аповесці ўдала перадае асаблівасць заняткаў яго носьбіта: Справа ў тым, што я вяду патаемную, або, як гаворыцца, падпольную работу... [К VІІ: 262]. А замена ў тэксце Талашом онімаў Нявідны —> Дзіўны – своеасаблівы аўтарскі прыём, якім пэўным чынам агаляецца ўнутраная форма антрапонімаў і адначасова як бы даецца станоўчая ацэнка зробленага гэтым персанажам, бо апелятыў дзіўны – гэта не толькі “незвычайны, які выклікае здзіўленне, а і чароўны, дзівосны” [ТСБМ 1997 ІІ: 175]. У беларускай мастацкай літаратуры такія прыклады не адзінкавыя. Так, у драме К. Крапівы “Партызаны” дзед Бадыль часта блытае прозвішча камісара Скібы, называючы яго Лустай. Семантычная празрыстасць названых онімаў таксама відавочная: апелятывы гэтых прозвішчаў аднаго семантычнага плана.
Пра сыноў дзеда Талаша Мікола Жыгоцкі, аўтар кнігі “Легендарны дзед”, пісаў наступнае: “У Васіля Ісакавіча была поўная згода з сынам Панасам. Даў яму такое імя Якуб Колас, зрабіўшы прататыпам свайго героя. У сапраўднасці ж звалі хлопца Дзмітрыем, часцей – Змітраком ці Зміцерам... Быў у Васіля Ісакавіча старэйшы сын Даніла. У аповесці пісьменнік назваў яго Максімам. Ён быў падобны на свайго бацьку: такі ж з гарбінкаю нос, хітры позірк маленькіх чорных вочак, такая ж каржакаватая постаць, стрыманы і негаваркі, якраз такі, якім мы ведаем Максіма па “Дрыгве”. Ён усё жыццё пражыў у Навасёлках. На ўскраіне вёскі і сёння стаіць яго невялікая хата” [Жыгоцкі 1993: 91–92]. Як устаноўлена даследчыкамі, у “Дрыгве” Я. Коласа нямала персанажаў выдуманых, створаных яго фантазіяй. У працах, прысвечаных аналізу творчасці пісьменніка, можна знайсці звесткі, што ён, пішучы аповесць “Дрыгва”, умела карыстаўся фактамі недалёкага мінулага са сваёй ранейшай працы на Піншчыне і нават некаторыя рэальныя прозвішчы пінчукоў перанёс у “Дрыгву”, ствараючы пераканальныя вобразы палешукоў з Петрыкаўшчыны. Так, у аповесці “Дрыгва” запамінальным атрымаўся Марка Балук з-пад Цернішч, салдат старой арміі, кемлівы, вынаходлівы. Здолеў вырвацца з польскага палону і стаў партызанам, верным памочнікам дзеда Талаша. Верагодна, Я. Колас запазычыў прозвішча Балук ад аднаго са сваіх вучняў з вёскі Люсіна на Піншчыне. Вось фрагмент успамінаў Пятра Балука, былога вучня Я. Коласа, пра настаўніка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча “За першую зіму ў Люсіне Канстанцін Міхайлавіч падрыхтаваў чатырох хлопчыкаў да экзаменаў. Экзамены здавалі ў вёсцы Жабчыцы. Мы ехалі на фурманцы, а настаўнік ішоў пехатою. У час экзаменаў ён вельмі хваляваўся, але ўсе мы здалі добра” [Ляшук 1991: 126].
М. Лужанін, спасылаючыся на Я. Коласа, прыводзіць таксама доўгі спіс літаратурных персанажаў трылогіі і іх прататыпаў. Іх імёны і імёны (прозвішчы) прататыпаў літаратурных персанажаў падобныя ў чымсьці або зусім супадаюць. Гэта: Ядвіся – Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, Саханюк – Дылеўскі, Шырокі – Фама Іванавіч Гладкі, Тукала – Сымон Самахвал, Садовіч – Алесь Сянкевіч, Анцыпік – Анцыповіч, Уладзік – Уладзімір Міцкевіч, Лапаткевіч – Лапцэвіч, Мілеўскі – Адам Мілюк, Янкавец – Нічыпар Янкоўскі, Трайчанскі – Базыль Шчорс, айцец Уладзімер – Уладзімір Бяляеў, Васількевіч – Васілёк, Тадорык – Іван Фёдараў, Ротмістр – Солтан, Аляксандр Галубовіч – Аляксандр Голуб, Рутовіч – Руткоўскі, Рагоза – Рагозін, Алейка – Алейчык, Касперыч – Каспяровіч, Сымон Тургай – Якаў Сямёнавіч Бязмен, Вольга Віктараўна Андросава – Вольга Віктараўна Ганцава, Антаніна Міхайлаўна Мураўская – Аляксандра Міхайлаўна Мурашка, Пракурор суда – Юршэўскі, Бабека – Кабека, адвакат Петруневіч – Петрусевіч, Семіпалаў – Самойлаў, Народаволец – Бонч–Асмалоўскі, Кастогін – Канстанцінаўскі, Будачнік – Курульчык, Івась – Ласіцкі, Дулеба – Камароўскі [Лужанін 1997: 212]. Нават павярхоўнае знаёмства з гэтым спісам пераконвае, што пісьменнік, ствараючы мастацкі вобраз, рэдка выбіраў літаратурнаму персанажу імя і прозвішча, у якім не было б чагосьці агульнага, падобнага з найменнямі правобраза літаратурнага персанажа. Найчасцей Я. Колас у мастацкім тэксце аддаваў перавагу аманімічным антрапонімам, што ўтвораны ад падобных нечым апелятываў ці ўласных імёнаў: Васількевіч – Васілёк, Лапаткевіч – Лапцэвіч, Рутовіч – Рудкоўскі, Рагоза – Рагозін, Касперыч – Каспяровіч, Ядвіся – Ядвіга, Гоман – Гофман, Свіда – пан Свіда, Галубовіч – Голуб, Алейка – Алейчык, Янкавец – Янкоўскі, Зыгмусь Балбоцкі – Юзаф Бобат, Петруневіч – Петрусевіч, Анцыпік – Анцыповіч, Уласюк – Аляксандр Уласаў, Антаніна Мураўская – Аляксандра Мурашка і інш.; радзей пісьменнік ствараў уласныя найменні, якія нагадвалі прозвішчы прататыпаў анамастычнай мадэллю ці першымі літарамі ў прозвішчах: Шырокі – Гладкі, Вольга Андросава – Вольга Ганцова, Бабека – Кабека, Семіпалаў – Самойлаў, Садовіч – Сянкевіч, Хацяноўскі – Бацяноўскі, Міцкевіч – Лабановіч, Жыжэйка – Мажэйка, Прорвіч – Пражорыч і інш.
Нячаста Я. Колас адыходзіў ад гэтых тыповых і ўсталяваных для яго прынцыпаў і для наймення падбіраў такія антрапонімы, якія нічога агульнага не мелі з імёнамі прататыпаў. Так, Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч – жонка пісьменніка стала пад яго пяром прататыпам Ірыны Данілаўны ў апавяданні “Туды, на Нёман!” і жонкі дацэнта ў апавяданні “У двары пана Тарбецкага”. Найбольш прадуктыўнымі фармантамі ва ўтварэнні прозвішчаў літаратурных персанажаў на аснове прозвішчаў прататыпаў з’яўляюцца: –ыч, –іч, –овіч, –евіч, якія, па падліках даследчыкаў, на беларускім этнаграфічным абшары сярод іншых фармантаў у прозвішчах займаюць трэцяе месца і асабліва прадуктыўныя на Міншчыне — радзіме Я. Коласа [Лаўрэнаў 2002: 92–95].
У беларускай мастацкай літаратуры ўжо меўся падобны вопыт моватворчасці з уласнымі імёнамі. Так, у наш час даследчыкі спадчыны З. Бядулі па-новаму ўспрымаюць яго аповесць “Салавей”, разумеючы яе як рэакцыю З. Бядулі-мастака на антыбеларусізацыю, якая распачалася ў канцы 20-х гадоў. Яшчэ крытыкі 20-х гадоў звярнулі ўвагу, што З. Бядуля, выкарыстаўшы гістарычны сюжэт часоў прыгону, іншасказальна, алегарычна паказаў стаўленне тагачасных дзяржаўных уладаў, у прыватнасці бальшавікоў, да палітыкі беларусізацыі, якая паспяхова набірала моцы, да беларускага нацыянальнага жыцця ўвогуле. Як адзначыла З. Мельнікава, у вобразе пана Вашамірскага дасведчаны ўважлівы чытач можа пазнаць тагачаснага першага сакратара ЦК КП (Б) Б.Крыніцкага, у каталіцкім святары Курачковічу – прафесара Піятуховіча, “аднага з найбольш бліскучых і апартуністычных марксісцкіх навукоўцаў”, у купцу Вольскім – маладнякоўскага паэта Анатоля Вольнага, які намагаўся прабіцца ў кола “прыдворных одапісцаў”. Было заўважана, што нават у партрэтнай абмалёўцы гэтыя персанажы вельмі дакладна нагадвалі прататыпаў [Мельнікава 2000: 18–19]. Звернем яшчэ раз увагу на антрапонімы: Піятуховіч Курачковіч, А.Вольны Вольскі, Крыніцкі Вашамірскі. Як бачым, мастак слова ўлічваў не толькі агульнае семантычнае падабенства апелятываў антрапонімаў, а і падабенства іх словаўтварэння, асацыятыўныя нюансы і інш.
Эвалюцыя ад прататыпа да літаратурнага персанажа нярэдка бывае надзвычай складанай, супярэчлівай, абумоўленай не толькі мастакоўскімі схільнасцямі, густам пісьменніка, але і гістарычнымі падзеямі, абставінамі, у якіх апынуўся прататып літаратурнага персанажа. Так, зямляк і сябар Якуба Коласа Аляксандр Сянкевіч стаў правобразам аж чатырох літаратурных герояў – Алеся Садовіча ў трылогіі “На ростанях”, Баса-Грэнкі ў п’есе Я. Коласа “Забастоўшчыкі”, доктара Сташынскага ў аповесці А. Фадеева “Смерць Чэньювая” і яго рамане “Разгром”. Вядомы беларускі гісторык Эмануіл Іофе на падставе архіўных звестак і іншых матэрыялаў азнаёміў чытачоў “Настаўніцкай газеты” (16 снежня 1999 г.) з малавядомымі і невядомымі старонкамі біяграфіі гэтага арыгінальнага і нават легендарнага чалавека, хаця жыццёвы шлях А. Сянкевіча ад “зялёнага” семінарыста да змагара-рэвалюцыянера, героя грамадзянскай вайны на Далёкім Усходзе, выдатнага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча Савецкай Беларусі, таленавітага пісьменніка і вучонага, публіцыста закончыўся, на жаль, трагічна: у 1938 г. ён быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і прыгавораны да выключнай меры пакарання – расстрэлу [Іофе 1999: 4]. Я. Колас, напрыклад, не мог у 30–40-х гадах пісаць пра А. Сянькевіча, не змяніўшы яго прозвішча, што было абумоўлена складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у краіне, масавымі рэпрэсіямі, у гарніле якіх апынуўся і прататып твораў Я.Коласа і А.Фадзеева.
Як мы ўжо адзначалі, Аляксандр Сянкевіч пад пяром Я. Коласа стаў Алесем Садовічам – арганізатарам першага з’езда беларускіх настаўнікаў у вёсцы Мікалаеўшчына. На ім прысутнічалі больш за 20 настаўнікаў, у тым ліку Канстанцін Міцкевіч (Я. Колас), Іван Фёдараў (Янка Маўр), Аляксандр Райскі, Нічыпар Янкоўскі. Знаёмыя пісьменніка ўспаміналі, што Я. Колас часта называў А. Сянкевіча па-сяброўску Басам. Гэтая мянушка замацавалася за ім яшчэ ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У 1924 г. пісьменнік напісаў п’есу “Забастоўшчыкі”, у аснове якой падзеі першага з’езда настаўнікаў Беларусі, які адбыўся 9 ліпеня 1906 г. Галоўныя героі п’есы атрымалі прозвішчы, якія былі ўтвораны ад былых мянушак, пад якімі Алесь Сянкевіч, Сямён Самахвал, Булыга і Нічыпар Янкоўскі былі вядомы яшчэ з семінарскіх часоў: Бас-Грэнка, Сымон Падбрэхіч-Гарнак, Хрушч-Булыга, Янкавец.
У мастацкай літаратуры сустракаюцца прыклады, якія сведчаць, што замена прозвішча прататыпа літаратурнага персанажа з’яўляецца неабходнай падставай, выкліканай не толькі ўмоўнасцямі літаратурнага жанру, а і маральна-этычнымі і іншымі патрабаваннямі, якімі павінен кіравацца пісьменнік. Так, прататыпам здрадніка Шкуранкова ў п’есе К. Крапівы “З народам” стаў кампазітар А. Туранкоў (звярніце ўвагу, як арыгінальна стварыў драматург прозвішча здрадніка: Туранкоў Шкуранкоў, выявіўшы такім чынам у створаным антрапоніме сугучнасць з апелятывам шкура – які ў маўленні выкарыстоўваецца як лаянкавае слова пры характарыстыцы подлага, нізкага чалавека. Літаратуразнаўца Дз. Бугаёў, успамінаючы свае сустрэчы з К. Крапівой, прыгадвае наступныя звесткі пра сюжэт п’есы і працу драматурга над ёй. “З акупаванага гітлераўцамі Мінска А. Туранкова (вядомага беларускага кампазітара – В. Ш.) збіраліся вывезці ў Маскву. Для гэтага арганізоўваўся пераход да партызан. Туранкова пазнаёмілі з сувязной, якая павінна была ў патрэбны час прыйсці за ім. Але прыйшла незнаёмая дзяўчына з іншага партызанскага атрада, якой Туранкоў не паверыў... Адмову пайсці з ёю партызанская пасланніца ўспрыняла як здраду, бо “пры выхадзе з горада сама ледзь не трапіла ў лапы гестапа”. Пасля вызвалення здраднікаў шукалі ўсюды. Туранкову таксама паставілі ў віну ўяўнае нежаданне перайсці да партызан, бо сувязная, якой кампазітар не паверыў з-за зразумелай у яго становішчы асцярожнасці, “паказала ўсё ў найгоршым святле”... Туранкоў быў асуджаны на 10 гадоў зняволення. У хрушчоўскія часы яго рэабілітавалі “за адсутнасцю злачынства”. А п’еса “З народам” пісалася ў 1948-м, калі Туранкоў быў за кратамі.
У гутарцы са мною (Дз. Бугаёвым – В. Ш.) Крапіва пацвердзіў, што ён у сваім творы выкарыстаў біяграфічны матэрыял, звязаны з Туранковым. І не толькі для абмалёўкі Шкуранкова, але і кампазітара-патрыёта Гудовіча, якога па п’есе вывозяць у Маскву так, як меркавалася вывозіць Туранкова”.
У далейшым у Крапівы адносна гэтай п’есы былі пэўныя складанасці, непрыемнасці, аднак драматург паслядоўна падкрэсліваў, што ўрэшце ягоная п’еса – твор не дакументальны, а мастацкі. Прозвішча Туранкова ў ёй няма [Бугаёў 2001: 6]. Для пісьменніка вельмі важна, каб “негаваркое” прозвішча “загаварыла”, стала характарыстычным. Калі пісьменнік знаходзіць прымальны варыянт замены ці частковай трансфармацыі прозвішча прататыпа літаратурнага персанажа – гэта своеасаблівая знаходка мастака слова. Прыклад з прозвішчам Туранкоў Шкуранкоў у названай п’есе К. Крапівы – пераканальная ілюстрацыя да сказанага.
Для творчай манеры Я. Коласа характэрна ўвядзенне ў мастацкі тэкст антрапоніма або двух антрапонімаў (імя і прозвішча) у спалучэнні з тапанімічнай назвай, якія разам выступаюць як адно цэлае тыпу: Кандрат Круглы з Высокай Рудні, пані Даміцэля родам з-пад Сувалак, Марка Балук з-пад Цернішч, Цімох Будзік з вёскі Карначы, пан Богут з-пад Варшавы, Марына родам з-пад Пружанаў, Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі і інш: А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч [К VІІ: 233]; Чалавек гэты зазнаў у жыцці многа крыўды і гора. Гэта Цімох Будзік з вёскі Карначы [К VІІ: 286]; Пятрусь Камар з Ябланоўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зайшлі да Хацкеля [К ІV: 144].
Такія складаныя анамастычныя ўтварэнні былі тыповымі для старажытнай беларускай мовы. Напрыклад, у часы Ф. Скарыны навучэнцаў Кракаўскага універсітэта прадстаўлялі так: Міхал, сын Пятра з Вільні; Павел, сын князя Аляксандра з Гродзеншчыны; Мікалай, сын Андрэя з Ашмян; Францыск, сын Лукі з Полацка; свой другі зборнік “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч падпісаў псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава, а Кастусь Каліноўскі свае прамовы падаваў пад назвай Яська – гаспадар з-пад Вільні.
Блізкія да падобных сінтаксічных канструкцый тыпу аднакласнік па прозвішчы Боцік; сын ад Уладзіміра, па імю Ізяслаў; яго швагер з Буковіч па мянушцы Гуз і інш. прасачыў у сучаснай беларускай мове А.Каўрус, які “ні ў якім разе не збіраючыся рэвізаваць слушныя ў сваёй аснове сцверджанні адносна таго, што сувязь паміж новай беларускай літаратурнай мовай і старой беларускай пісьменнасцю была прыпынена ў ХУП ст.”, паказвае, што падобныя канструкцыі сустракаюцца ў сучасным пісьменстве і маюць сваімі вытокамі старажытную беларускую мову. Гэта сведчыць, што некаторыя традыцыі шматвяковага айчыннага пісьменства не страчаны, а знайшлі пэўны працяг у новай беларускай літаратурнай мове [Каўрус 2000: 72]. Творчасць Я. Коласа ў гэтым плане з’яўляецца яскравым і пераканальным прыкладам.
Ужываў у сваіх творах Я. Колас і прозвішчы персанажаў у форме множнага ліку як абагульненыя ўласныя онімы, якія ўмоўна называлі індывідуальныя рысы, уласцівыя літаратурнаму персанажу, і пераносіліся на пэўныя групы ці калектывы людзей: Саханюкі – абагульненая назва тых, хто ўхіляецца ад удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе, ад прозвішча персанажа аповесці “У палескай глушы” Саханюка; Скірмунты – абагульненая назва буйных памешчыкаў Мінскай губерні, ад прозвішча пінскага памешчыка Скірмунта; Анцыпікі – абагульненая назва людзей, для якіх уласціва мяшчанскае імкненне да сытага кавалка хлеба і спакойнага бестурботнага жыцця, ад прозвішча настаўніка Верханскай школы Івана Анцыпіка: Але такая думка жыве не ў адной толькі галаве Лабановіча; Яна займае тысячы настаўніцкіх галоў – не ўсе ж яны Анцыпікі і Саханюкі, якія ўхіляюцца ад рэвалюцыйнай барацьбы і лічаць лепшым жыць спакойна і сыта [К ІХ: 435–436].
Рознабаковы аналіз створанай Я. Коласам анамастычнай лексікі сведчыць, што пісьменнік творча ставіўся да падбору прозвішчаў: адрозніваў, дыферэнцыяваў у сваіх творах прозвішчы беларускага сялянства, беларускай шляхты, духавенства, прадстаўнікоў царскай адміністрацыі і інш., а ў некаторых выпадках падкрэсліваў спецыфічнасць прозвішчаў, уласцівых нават для пэўных рэгіёнаў Беларусі, да некаторых антрапонімаў рабіў адпаведныя лінгвістычныя ці этнаграфічныя каментарыі, удакладняючы паходжанне, частотнасць, межы іх пашырэння на беларускім моўным арэале. Так, прозвішчы на –скі, –цкі, а таксама прозвішчы на –овіч, –евіч пісьменнік паслядоўна выкарыстоўваў для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў беларускай або польскай шляхты, паноў, шматлікіх падпанкаў, а тыповыя сялянскія прозвішчы ў творах пісьменніка – гэта пераважна былыя мянушкі, у якіх марфалагічная структура онімаў суадносна з аманімічнымі апелятывамі – агульнымі назоўнікамі: сокал – Сокал, мароз – Мароз і г.д.
Найбольш распаўсюджаны прыём стварэння гаваркіх прозвішчаў у творах мастацкай літаратуры – выкарыстанне агульных назоўнікаў, прыметнікаў у якасці апелятываў-характарыстык, пакладзеных у аснову шматлікіх літаратурных онімаў. Пераважная большасць такіх анамастычных адзінак у мастацкай канве твора нясе вялікую сэнсавую нагрузку, адлюстроўваючы разнастайныя сацыяльныя, нацыянальныя, рэгіянальныя, эмацыйна-ацэначныя і іншыя канатацыйныя прырашчэнні. Выкарыстанне такіх прозвішчаў заснавана на свядомым ажыўленні ўнутранай сутнасці іх апелятываў. Пры стварэнні гаваркіх онімаў пісьменнікі шырока выкарыстоўваюць аналогіі – удалыя метафары, метаніміі, у выніку назвы рэалій аб’ектыўнай рэчаіснасці, людзей, жывёлін, іншыя асаблівасці становяцца аналагамі, узорамі для літаратурных прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў.
Пісьменнікам былі выпрацаваны і рэалізаваны творчыя напрацоўкі па выкарыстанні ў мастацкіх тэкстах прозвішчаў, тыповых у розных рэгіёнах Беларусі і асабліва Міншчыны. Такія онімы ў яго творах пададзены як у “абсалютнай пазіцыі”, з’яўляючыся слоеасаблівай “цытатай з рэальнага анамастыкона”, так і антрапонімы, якія мастак слова замяніў поўнасцю або часткова дзеля спецыяльных мастацка-эстэтычных задач. У яго творах значную частку складаюць прозвішчы, створаныя аўтарскай фантазіяй. Частку онімаў пісьменнік запазычыў ад прататыпаў сваіх літаратурных герояў, захаваўшы іх (прозвішчы) без змен, або, змяніўшы часткова, увёў у мастацкі тэкст з улікам рэалізацыі ў онімах канатацыйнага зместу і аўтарскай ідэі твора. У творах Я. Коласа нават нейтральныя ў стылістычных адносінах прозвішчы з’яўляюцца сродкамі сацыяльнай тыпізацыі, якія дапамагалі мастаку слова ствараць рэалістычныя малюнкі жыцця нашага народа ў пачатку і сярэдзіне ХХ ст.
Вывучэнне антрапонімаў на фоне шырокага кантэксту дае магчымасць паслядоўна прасачыць некаторыя функцыянальна-стылістычныя асаблівасці онімаў у канве твораў, у шэрагу выпадкаў выявіць індывідуальныя схільнасці моватворчасці пісьменніка пры стварэнні ім прозвішчаў выдуманых або падпраўленых з улікам, напрыклад, эвалюцыі прозвішча прататыпа ў літаратурны антрапонім і інш.
