Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Анамастычная лексіка у мове маст. літ..doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.42 Mб
Скачать

2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры

У мастацкай літаратуры для характарыстыкі літаратурных персанажаў пісьменнікі нярэдка выкарыстоўваюць мянушкі. Сутнасць такіх анамастычных адзінак у канве твораў асабліва відавочная: яны ўтвараюцца на базе агульнавядомых апелятываў з матывавана азначанай лексіка-семантычнай характарыстыкай ці ад звычайных прозвішчаў і асабовых уласных імёнаў, якая мастакамі слова адпаведным чынам тлумачыцца і выкарыстоўваецца як дзейсны характаралагічны сродак пры апісанні персанажа. Улічваючы тое, што мянушка па сваёй сутнасці з’яўляецца другім імем чалавека, якое найчасцей надаецца асобе жартам, у насмешку або для канспірацыі, пісьменнікі такім найменням адводзяць адметную ролю, асабліва ў сатырычных творах.

Прырода беларускіх мянушак даследавана яшчэ недастаткова, хоць паходжанне, семантыка, словаўтварэнне, асаблівасці іх выкарыстання ў вуснай і пісьмовай мовах прыцягваюць увагу многіх. Цікавасць да станаўлення і развіцця гэтых найменняў выклікана яшчэ і тым, што значная частка беларускіх прозвішчаў – гэта былыя мянушкі (па некаторых падліках, такія прозвішчы складаюць каля 40 % – В. Ш.). У беларускім мовазнаўстве гэтай праблеме прысвечаны публікацыі М. Бірылы [Бірыла 1966:], Г. Мезенка [Мезенка 1997: 65], У. Івашкі [Івашка 1991], Н. Новік [Новік 1993:], А. Грынавецкене [Грынавецкене 1977:], У. Бобрыка [Бобрык 1990:] і аўтара гэтай працы [Шур 2000; Шур 2001]. На жаль, вельмі мала даследаваны асаблівасці мянушак у мове мастацкай літаратуры. Праўда, у апошні час прыроду гэтых анамастычных адзінак у мастацкіх тэкстах пачала вывучаць С. Бут-Гусаім [Бут-Гусаім 2001]. Мы прыводзім некалькі характэрных, але не бясспрэчных прымет мянушкі, адзначаных даследчыкамі: Мянушка – гэта не сапраўднае імя, а дадатковы сродак ідэнтыфікацыі чалавека ў пэўным соцыуме; мянушка – гэта не сам прадмет-аб’ект, а толькі сказанае аб ім; трапнасць – адна з істотных прымет мянушкі, якая падкрэсліваецца пры апісанні актаў яе ўзнікнення і функцыявання; як правіла, у мянушцы прысутнічае дасціпны народны гумар; творца мянушкі – старонкі назіральнік; прычынай узнікнення мянушкі часта з’яўляецца нейкі выпадак, здарэнне; у адрозненне ад уласнага субстантыва мянушка не даецца (прэзентуецца), а выпадкова “прыстае”, “прыліпае”, “прыклейваецца” як індывідуальная этыкетка (метка) на рэч; мянушка – вербальная метка чалавека. У ёй заўважаецца тое, чым прырода (памеціла) індывіда; ужываючы мянушкі, людзі, як правіла, пераступаюць маральныя нормы; мянушка з’яўляецца антыподам званню. Можна сказаць, што мянушка – гэта званне наадварот, якое прысвойваецца індывіду ў соцыуме за пэўныя “заслугі” і “подзвігі”; па сутнасці ў аснове мянушкі ляжыць мімезіс – сацыяльнае перайманне. Аднак мімезіс праяўляецца ў сваёй антыподнасці – не перайманні, а перайначванні (перадражніванні, перакрыўліванні). Ва ўтварэнні сучасных мянушак шырока прадстаўлены прыём абазначэння індывіда праз разнастайныя аб’екты, часцей за ўсё антыподы чалавека – звяроў ці неадушаўлёныя прадметы і інш. [Бут-Гусаім 2001: 58 – 65]. Некаторыя з прыведзеных дэфініцый і меркаванняў не з’яўляюцца пераканальнымі і, безумоўна, патрабуюць адпаведных удакладненняў і каментарыяў.

Мянушка належыць да самых старажытных антрапанімічных найменняў. Неабходна адзначыць, што большая частка нашых дахрысціянскіх імёнаў уяўляла словы-мянушкі, утвораныя на базе апелятыўнай лексікі: такія словы ў той час, акрамя намінатыўна-ідэнтыфікуючай, выконвалі прафілактычна-пажадальную функцыю. Яны, на думку М. Бірылы, служылі не толькі для абазначэння асобы і вылучэння яе з ліку іншых, а і павінны былі яшчэ абараняць носьбіта імені ад “злых сіл”, садзейнічаць, дапамагаць яму на ўсіх этапах жыцця [Бірыла 1966: 6]. Лічыцца, што ў наш час мянушкі ўжываюцца ў асноўным у народна-дыялектнай мове, пераважна ў сялянскім асяроддзі. Наш жа матэрыял сведчыць, што сфера іх выкарыстання значна шырэйшая: яны ўласцівы ў маўленні ўсім сацыяльным групам насельніцтва, а ў мове мастацкай літаратуры мянушкі – спецыфічны стылістычны сродак для характарыстыкі персанажаў, адзін з кампанентаў для стварэння гумару, іроніі або сарказму. Як правіла, амаль усе мянушкі ў мастацкіх тэкстах канатацыйна насычаныя, асабліва, калі мянушку пісьменнік выкарыстоўвае паралельна з прозвішчам, тады канатацыйны кампанент у такім оніме дамінуе, ён у такой адзінцы больш значны, важны, чым намінатыўны.

Сярод лінгвістаў усталявалася нават думка, што мянушкі набывалі папулярнасць у асноўным у тых народаў, у якіх існуючая сістэма ўласных асабовых імёнаў была запазычана з іншых моў, а простыя людзі не разумелі іх апелятыўнага (першаснага) значэння, напрыклад, запазычанага грэчаскага або лацінскага імені. У сувязі з гэтым слушнай з’яўляецца думка У.Івашкі, які лічыць мянушкі характэрным элементам язычніцкай сістэмы імёнаў з апелятыўна значымымі асновамі. Аб гэтым, на яго думку, часткова сведчаць як ужыванне станоўчых мянушак, так і тое, што з цягам часу колькасць іх паступова змяншаецца. З другога боку, сістэма мянушак пашырана таксама ў тых народаў, дзе колькасць імёнаў, што цяпер выкарыстоўваюцца, на нейкім этапе была часткова абмежаваная. Як доказ, У. Івашка спасылаецца на тое, што ў рускіх людзей доўгі час пасля прыняцця хрысціянства, апрача кананічнага, царкоўнага імя, амаль кожны чалавек меў яшчэ язычніцкае, якое паступова саступала месца праваслаўнаму. Так было і ў арабскіх народаў доўгі час пасля мусульманізацыі [Івашка 1991: 218].

Найчасцей у якасці мянушак у літаратурнай мове, як і ў народных гаворках, выступаюць уласныя і агульныя найменні, утвораныя на падставе зразумелых чытачу апелятываў. Яны ў семантычным плане значна адрозніваюцца ад кананічных уласных імёнаў, што замацаваліся ў нашай мове з прыняццем хрысціянства і ўтвораны пераважна ад грэчаскіх і лацінскіх агульных і ўласных назваў, сутнасць якіх зразумелая далёка не кожнаму. Большасць мянушак у мастацкіх тэкстах мае празрыстую ўнутраную форму, некаторыя – патрабуюць адпаведных тлумачэнняў, каментарыяў, аўтарскіх удакладненняў. Яны найчасцей нагадваюць вядомыя прозвішчы, імёны або звычайныя словы, у якіх пэўным чынам заменена або трансфармавана натуральная для такіх найменняў семантыка. Мянушкі вельмі часта – семантычныя неалагізмы, у якіх воляй мастака ажыўляецца забытае ці з’яўляецца новае значэнне ў агульнавядомых лексемах, якія ў мастацкім тэксце пачынаюць выконваць ідэнтыфікуюча-характарыстычную функцыю і становяццца ключавымі словамі-дамінантамі пры абмалёўцы і апісанні пісьменнікам літаратурных персанажаў. У выбары мянушак праяўляецца майстэрства пісьменніка, яго дасведчанасць, інтэлект, грамадзянская пазіцыя і інш.

Па сутнасці, ажыўленне ўнутранай формы мянушак, уведзеных у мастацкі тэкст (часта яны з’яўляюцца аўтарскімі наватворамі), – адна з мэт пісьменніка, рэалізацыя якой дае магчымасць выразна актывізаваць семантычныя і мастацка-выяўленчыя асаблівасці такіх уласных імёнаў. Мянушкі найчасцей уводзяцца ў мастацкі тэкст з першых старонак твора разам з партрэтнай характарыстыкай літаратурнага персанажа. Яны – своеасаблівая падказка чытачу пра характар носьбіта такога наймення, яго звычкі, знешні выгляд і схільнасці, прафесію, званне, сацыяльнае паходжанне, нацыянальную прыналежнасць і інш.

Не ўсе мянушкі ў мастацкіх тэкстах валодаюць аднолькавай ступенню матывацыі, семантычнай празрыстасці, хоць наяўнасць празрыстасці, унутранай матывацыі як абавязковай рысы такіх анамастычных адзінак, падкрэсліваецца многімі даследычыкамі. Аналіз іх ужывання ў розных творах літаратуры, асабліва на вясковую тэматыку, дазваляе зрабіць вывады, што такія мянушкі можна ўмоўна класіфікаваць на дзве асноўныя разнавіднасці:

1) мянушкі з выразнай ступенню матывацыі, семантыка апелятываў якіх дастаткова зразумелая чытачу і дазваляе пісьменніку максімальна рэалізоўваць (асобна ці на фоне невялікага кантэксту) лексіка-семантычныя і стылістычныя асаблівасці такіх імёнаў;

2) мянушкі з нязначнай ступенню матывацыі, семантыка, унутраная форма іх не адразу вядомая чытачу. Для іх “расшыфроўкі”, выяўлення ўнутранай формы патрабуюцца дадатковыя каментарыі, своеасаблівыя аўтарскія падказкі, значны кантэкст і інш. Такія анамастычныя адзінкі функцыянальна нагадваюць аказіянальныя словы. Каб прасачыць эвалюцыю такіх найменняў, патрабуюцца значныя намаганні даследчыкаў, веданне спецыфікі жанру мастацкага твора, асаблівасцей творчай манеры пісьменніка, глыбокае вывучэнне яго біяграфіі, а таксама жыццёвага лёсу прататыпаў літаратуных персанажаў і інш.

У сваёй творчасці Я. Колас шырока ўжываў мянушкі, якія ён выкарыстоўваў як адзін з дзейсных элементаў стварэння гумару, горкай іроніі, сарказму. Пераважная большасць такіх імёнаў у пісьменніка створана семантычным спосабам ад агульных і ўласных назоўнікаў, субстантываваных назоўнікаў і інш. У якасці мянушак пісьменнікам звычайна выкарыстоўваюцца агульныя ці ўласныя назоўнікі, а радзей – цэлыя словазлучэнні [Шур 2001: 142–147].

Дзед Хрушч – мянушка семінарыста Аляксея Алешкі з аповесці “На ростанях”, якую Лабановіч даў свайму таварышу па настаўніцкай семінарыі. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алешка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. У настаўніцкай семінарыі Лабановіч даў яму мянушку “Дзед Хрушч”... Яшчэ ў семінарыі Алешка запусціў сабе вусікі. Яны былі рыжаватыя. Закручаныя ўгору кончыкі рабілі іх падобнымі да вусікаў хрушча. Гэта і дало повад Лабановічу ахрысціць прыяцеля Дзедам Хрушчом. Алешка не крыўдзіўся на сваю мянушку, яго так і звалі [К ІХ: 465]. Як бачым, пісьменнік падрабязна тлумачыць узнікненне гэтай мянушкі, якая на фоне апісання знешняга выгляду персанажа выразна рэалізуе сваю семантыку.

Акула – мянушка Язэпа Брыля – валаснога старшыні, заядлага карцёжніка з аповесці “На ростанях”, які данёс у паліцыю на ўдзельнікаў настаўніцкага сходу. Супраць яго [Найдуса] сядзеў валасны старшыня, нізенькі, кругленькі чалавек накшталт французскай булкі, з носам драпежніка. У колах карцёжнікаў ён больш быў вядомы пад мянушкай “Акула”, як назваў яго Тарас Іванавіч Шырокі [К ІХ: 194]. Відаць, ужо ў часы Я. Коласа слова акула ўжывалася з пераносным значэннем, называючы людзей прагных, сквапных. Параўн.: біржавая акула, імперыялістычная акула [ТСБМ 1977, І: 217].

Пры стварэнні гэтай мянушкі пісьменнікам у якасці мастацкай аналогіі выкарыстаны метафарычны перанос назвы вялікай драпежнай марской рыбы з характэрным і спецыфічным целам і вялікай пашчай на чалавека, які сваімі паводзінамі і сваім абліччам нагадваў акулу. Мянушкі, утвораныя ад назваў раслін, рыб, жывёлін, – самая частая і натуральная з’ява ў беларускай антрапаніміцы. Так, У. Ліпскі ў кнізе “Аўцюкоўцы” сярод мянушак “расліннага” і “жывёльнага” паходжання называе наступныя: Гусак, Грыб, Грак, Жолуд, Костка, Кот, Квасоля, Лінок, Лось, Мядзведзь, Селядзец, Вол, Курачка, Картаплеся, Казяўка [Ліп. 1995: 83]

Чарнамор – мянушка Петруся Ігнатовіча – селяніна-злодзея з апавядання “Стары канакрад”: Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят, нізкага росту, прысадзісты. Што асабліва кідалася ў вочы пры першым з ім знаёмстве – гэта барада і маленькія хітрыя вочы з-пад густых броў. За бараду яго празвалі ў нас Чарнаморам [К V: 7].

Як і ў папярэднім выпадку, замацаванне мянушкі за канакрадам адбылося ў выніку метафарычнага пераносу ўласнай назвы Чарнамор – (персанаж з вершаванай казкі А. Пушкіна “Казка пра царэўну і сем багатыроў”) на пакаранага турэмным зняволеннем злодзея, які вылучаўся па камеры спецыфічнай барадой. Такім чынам, апісанне партрэта і незвычайная мянушка ствараюць выразнае ўяўленне пра экзатычнага канакрада.

Кашчэй – іранічная мянушка панямонскага ўрадніка з аповесці “На ростанях”, які разганяў настаўніцкі сход: ...гэтыя весткі пачуў я з ураднікавага дому, таго сівага даўжэразнага Кашчэя, што першы кінуўся на наш пратакол у часе налёту прыстава са стражнікамі [К ІХ: 534]. Пра тое, што онім Кашчэй – мянушка, ускосна сведчыць іншы кантэкст, у якім упамінаецца дачка ўрадніка Аксана, якая там названа “Кашчэевай”, а прыметнік-азначэнне ўзяты ў двукоссе: У пакоі за сталом сядзелі нейкі чыноўнік родам з Панямоні па прозвішчу Булах, маці Базыля, нізенькая і тоўстая, як кадушка, дзве сястры Смалянскія і “Кашчэева” дачка Аксана [К ІХ: 600].

Мянушка за ўраднікам замацавалася ў выніку аналогіі – умелай метафары: манера паводзін і знешні выгляд урадніка выяўлялі пэўнае падабенства з міфалагічным Кашчэем. Ва ўсходнеславянскіх народных казках вядомы персанаж Кашчэй – кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем, таму яго называлі Кашчэем бессмяротным. У народных гаворках Кашчэем называюць таксама вельмі худога чалавека. Персанаж Коласа таксама валодае тайнамі аб правядзенні настаўніцкага сходу, ён сівы, даўжэразны і злы. Такім чынам, адпаведнасць мянушкі вобразу літаратурнага персанажа можна кваліфікаваць як адзін з важнейшых сродкаў у стварэнні ўяўлення пра літаратурны тып, умела выкарыстаны Я.Коласам.

Балоцімус, Балоцімус-Балота – мянушка настаўніка школы сляпых у Мінску Канстанціна Балоціча, прыяцеля Лабановіча з аповесці “На ростанях”, з якім ён вучыўся і сябраваў у настаўніцкай семінарыі. У пазнейшы час пасля высвятлення поглядаў на тагачасны дзяржаўны лад яны дыяметральна разыходзяцца: Вось што, Балоцімус-Балота. Дай мне пару-другую аркушаў паперы і ты паглядзіш, што я на іх напішу, куды і для каго [К ІХ: 638]. У аснове мянушкі – пераасэнсаваны апелятыў балота, які спачатку быў пакладзены ў аснову прозвішча літаратурнага персанажа і двойчы паўтараецца з нязначнымі зменамі ў мянушцы, створанай, відаць, семінарыстамі на ўзор двайных шляхецкіх прозвішчаў, – Балоцімус-Балота, прычым у першым кампаненце гэтай складанай мянушкі выдзяляецца падобны на лацінскі фармант – ус, які можна разглядаць як іранічны намёк на тое, што носьбіт такога антрапоніма, хоць і прадстаўнік двайнога “балота” – Балоцімус-Балота, аднак з прэтэнзіяй на шляхецтва, навуковасць, інтэлігентнасць.Варта заўважыць, што фармант – ус як словаўтваральны элемент для ўтварэння экзатычных навукова падобных слоў ад агульнавядомых ці стылёва заніжаных апелятываў вядомы ў беларускай літаратуры, напрыклад, у К. Крапівы фразеалагізм свінтус-грандыёзус – пра няўдзячнага чалавека, нахабніка. Гэты выраз (свінтус-грандыёзус), як адзначаюць даследчыкі, даўно атрымаў шырокую вядомасць і яго “крылатасць ужо выйшла за межы ўласна Беларусі” [ВФ 1965: 107; Лепешаў 1976: 132].

Балота ў гэтым кантэксце – усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Я. Колас не аднойчы выкарыстоўваў такія навуковападобныя онімы. Напрыклад, у перапісцы з пісьменнікамі, каб падкрэсліць іх навуковасць, дасведчанасць і выказаць ім сваю павагу і пашану, Я. Колас падпраўляў прозвішчы сяброў-пісьменнікаў на лацінскі лад, дадаючы да антрапоніма названы ці падобны замежны суфікс: На жаль, з мілым Глебусімусам (П. Глебкам – В. Ш.) пабачыцца не давялося [К ХІІ: 331]; Яно (сонца) мімаволі нагадвае мне дубы на Свіслачы, Падбярэжжа, Вусце і Балачанку, і дарагога мне Пятра Глебусімуса з яго добрым смехам і маленькімі разумнымі вочкамі, якія зусім хаваліся пад рыжаватымі бровамі, калі ён часамі весела засмяецца [К ХІІ: 333].

Пісьменнік пераканальна тлумачыць эвалюцыю дэградацыі поглядаў на жыццё К. Балоціча, які прытрымліваўся “дарогі добранадзейнага чалавека”: ... З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі... Балоціч трымаўся старых правіл паводзін, з дарогі “добранадзейнага” чалавека не саступаў... Балоціч іранічна пасміхаўся, а потым ужо сур’ёзна, нават злосна адказаў: – Дзяржаўны лад мануліся разбурыць, цара скінуць і замест аднаго паставіць тысячы цароў у асобе розных камітэтаў, муніцыпалітэтаў, камун, сябрын... І гэта ваша народапраўства?! Моські вы, што брэшаце на слана. Лабановіч паглядзеў на Балоціча, як бы не даючы веры, што перад ім былы таварыш... [К ІХ: 663].

Балаховец – мянушка Івана Бадзейкі, селяніна з вёскі Малы Ставок у апавяданні “Балаховец”. У час грамадзянскай вайны Іван па сваёй волі пайшоў у банду Балаховіча. За гэта яму аднавяскоўцы далі мянушку Балаховец, якая з’яўляецца семантычным сінонімам слова бандыт. У кантэксце апавядання два антрапонімы – прозвішча і мянушка (Бадзейка-Балаховец) з’яўляюцца характарыстычнымі і разам найбольш выразна перадаюць сутнасць паводзін селяніна, які, стаўшы бандытам, удзельнічаючы ў грабяжах, пагромах, паступова раскайваецца, але нідзе не знаходзіць месца ў жыцці. Ён, па задуме пісьменніка, бадзяецца, туляецца, валочыцца, цягаецца па лясах, паселішчах, наймаецца на розныя работы, спрабуе прыстаць да кампаніі, схаўрусавацца, ад яго ўсе адварочваюцца, староняцца і ў рэшце рэшт ён канчае жыццё самагубствам: у парыве злосці Іван страляе ў сваю каханую Аўдольку Шаронь, а потым забівае і сябе.

У кантэксце пісьменнік лаканічна тлумачыць значэнне гэтай мянушкі. – Так, я з банды Балаховіча. Перайшоў граніцу і вось, як бачыце, сам аддаюся вам у рукі... – Я маю сказаць вам тое-сёе. Для гэтага я і прыйшоў сюды... – А сам ты хто такі? – Балаховец... Прозвішча маё Бадзейка, а завуся Іванам [К V: 340]; А на вёсцы яму і мянушку далі – Балаховец. Гэта слова стала гучаць для яго зусім іначай [К V: 353]. На нашу думку, апелятыў балаховец і адпаведная мянушка Балаховец (пра ўдзельніка банды сумна вядомага ў 20-я гады Булак-Балаховіча) у беларускай народна-дыялектнай мове ў той і пазнейшы перыяд успрымаліся ў грамадстве як наватворы і асацыятыўна маглі лёгка ўпісвацца ў рад зразумелых усім і блізкіх па гучанні слоў пераважна з негатыўна-адмоўнай семантыкай – баламут, балаўнік, балацянік, баласт і інш. У перыяд грамадзянскай вайны і ў бліжэйшыя да нас часы па гэтай мадэлі (балаховец) было створана шэраг падобных наватвораў: пятлюравец, махновец, дзянікінец, калчакавец, белагвардзеец. У гэтым кантэксце Я. Колас выкарыстаў і слова балахоўшчына са значэннем “бандытызм, мяцеж супраць савецкай улады, на чале якога стаяў генерал Булак-Балаховіч”: Іван прыйшоў да такога заключэння: адарваўся ён ад вясковага жыцця за восем гадоў бадзяння па свеце, вайна, тулянне па лясах, балахоўшчына і ўсё іншае [К V: 353]. Гэты анамастычны наватвор, як і папярэднія, узнік у гады грамадзянскай вайны па вядомай ва ўсходнеславянскіх мовах словаўтваральнай мадэлі. Параўн.: Пугачоў – пугачоўшчына, Хаванскі – хаваншчына, Карнілаў – карнілаўшчына, Дзянікін – дзянікіншчына, Махно – махноўшчына, Балаховіч – балахоўшчына і г.д. Пісьменнік, мабыць, не выпадкова мянушку Балаховец зрабіў загалоўкам апавядання, надаючы гэтаму слову асабліва важную ролю ў выражэнні галоўнай ідэі апавядання. Сама назва інтрыгавала, успрымалася як наватвор. Па загалоўку вельмі часта ў агульных рысах можна вызначыць змест твора, асабліва калі загаловак удалы, як у гэтым выпадку, бо ў ім у канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваецца сутнасць апавядання. Фактычна загаловак тут выконвае арганізуючую, праспектыўную функцыю і дапамагае пісьменніку, а затым і чытачу, у фармаванні агульнага ўяўлення пра асноўныя сюжэтныя лініі твора, пра яго галоўны персанаж з такім складаным лёсам. У гэтым кантэксце асабовае ўласнае імя (мянушка – В. Ш.) становіцца ключавым, тэматычным, дамінантным словам мастацкага тэксту. Яго семантыка-канатацыйны патэнцыял напаўняецца паступова. У яго ўключаюцца, як лічыць В. Кухарэнка, усе кваліфікацыі персанажа, якія дае яму аўтар ці іншы персанаж [Кухаренко 1988: 90; Кухаренко 1984: 109].

Лапсярдацкі – жартаўлівая мянушка, якою быў надзелены галоўны персанаж паэмы Я. Коласа “Сымон-музыка”. Праўда, хлопца прыадзелі, Далі Хаімаў каптан, Шлёма з Хавай аглядзелі І сказалі: “Ну, як пан”. І Сымон быў рад і з тога; Зубаскал жа той Яхім. Тут пасмейваўся з малога І пацвельваўся над ім. – Падарунак, браце, хвацкі! Ты цяпер – пан Лапсярдацкі [К VІ: 382]. Мянушка ўтворана ад архаізаванага ў наш час апелятыва лапсярдак (лапсардак) – мужчынскі сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў з доўгімі крысамі. У побыце беларусаў пра такую вопратку гаварылі з пагардай як аб недарэчным, дрэнна пашытым адзенні, таму і знікла яно на пачатку ХХ ст. [Юрэвіч 1998: 245]. У аснове мянушкі сінекдаха: назва адзення (лапсярдак) выкарыстоўваецца як уласнае імя (у нашым выпадку – мянушка) хлопца, якому падаравалі лапсярдак. А канцавы фармант – цкі ў мянушцы робіць яе падобнай на шляхецкае прозвішча, якое Яўхім ужывае ў спалучэнні са словам пан. Такім чынам, мянушка пан Лапсярдацкі ў дачыненні да беднага сялянскага хлапчука Сымона гучыць як лагодны жарт, пабудаваны на сутыкненні ўласнага імені (мянушкі), аформленага на ўзор шляхецкага прозвішча і сугучнага яму агульнага назоўніка. Інакш кажучы, мянушка пан Лапсярдацкі створана на алагізме: нечаканае спалучэнне семантычна заніжанага апелятыва лапсярдак з тыпова шляхецкім фармантам – цкі, які ўласцівы пераважна сацыяльна падвышаным прозвішчам, ствараюць нерэальны вобраз, які ў чытача выклікае лагодны гумар. Гэта і своеасаблівы аўтарскі прыём, заснаваны на незвычайным, нетыповым (для пэўнага асяродку) выкарыстанні онімаў, на які ў свой час звярнула ўвагу А. Суперанская: “Змяшанне планаў сацыяльнай суаднесенасці імёнаў можа быць спецыяльна выкарыстана ў літаратуры як мастацкі прыём” [Суперанская 1973: 318].

Латак – абразлівая мянушка Міхалкі Мажэйкі, вучня Выганаўскай школы, з аповесці “У глушы Палесся”. Як цябе зваць? – Міхалка. – Прозвішча тваё пытаю, дурань! – Мажэйка. – Гэта які Мажэйка, што каля кузні? – Эге, – адказвае вучань. – А як цябе дражняць? Міхалка маўчыць, а з усіх куткоў, наўперад ціха, а потым мацней гучаць галасы: – Латак! Латак! [К ІХ: 303].

Відаць, мянушка ўзнікла як абразлівая калектыўная назва беднай, у залатанай вопратцы, сям’і Мажэйкаў. Найменнем Латакі, мабыць, зручней можна было карыстацца ў Выганах для дыферэнцыяцыі, адрознення палешукоў з прозвішчамі Мажэйка, якіх было шмат у гэтым палескім паселішчы. У разгледжаным выпадку Я. Колас, на нашу думку, прыводзіць арыгінальны прыклад выкарыстання ў зносінах паміж людзьмі так званых вулічных прозвішчаў – калектыўных мянушак, якія шырока ўжываліся на Беларусі з даўніх часоў. Не пакінуў іх без увагі і Я. Колас. Што мянушка Латак калектыўная, сведчыць наяўнасць яе жаночага варыянту – Латачыха. Гэтым онімам пісьменнік надзяліў Аўдолю, надта сварлівую жонку аднаго з Латакоў: Галасы ўсё мацнелі і набіралі болей злосці. Гэта лаялася Аўдоля Латачыха з жонкаю Мікіты, Акуляю... Латачыха сыпала словы, як гарох. Мусіць, не раз практыкавалася яна ў сваіх мыслях у гэтай лаянцы [К ІХ: 50]. Нашы назіранні сведчаць, што і цяпер у вёсках, асабліва тых, дзе шмат аднастайных афіцыйных прозвішчаў (на Палессі, напрыклад, ёсць вёскі сёлы на 600-900 і больш двароў, у якіх пераважаюць 3–4 прозвішчы), шырока карыстаюцца “вулічнымі прозвішчамі-мянушкамі”, каб прасцей растлумачыць, пра каго ідзе гаворка, дзе жыве той чалавек, якога вылучаюць з ліку яго суродзічаў, землякоў [Шур 1998: 50-52].

У мове мастацкай літаратуры мянушкі разам з уласнымі імёнамі і прозвішчамі шырока выкарыстоўваюцца таксама для перадачы і дыферэнцыяцыі станоўчага і адмоўнага ў паводзінах, учынках персанажаў: уласнае імя, прозвішча ўжываецца тады, калі пісьменнік дадатна характарызуе персанаж, мянушка ж – пры апісанні нейкіх заганаў, адмоўных якасцей, рысаў характару. Пераканальным у гэтым плане з’яўляецца наступнае апісанне персанажа ў рамане І. Мележа “Подых навальніцы”: Быў Волесь, быў Смарчок; Волесь – для яе (жонкі – В.Ш.), для тых, хто хацеў сказаць добрае; для ўсіх жа іншых, старых і малых, – Смарчок; Смарчком, праўду кажучы, найбольш і празывалі; тады і яе зазвычай Смарчыхаю звалі. Звалі за вочы, звалі і ў вочы, яна як бы і не заўважала крыўднага; бачыла ж сама – Смарчок і ёсць Смарчок; значыць і яна Смарчыха, Смарчкова жонка. У вясёлым настроі Аўдоцця нярэдка нават сама пацяшалася над сваёй і яго мянушкай. Толькі як забралі яго на вайну, згадваць стала адно Волесем, лютаваць на таго, хто зваў дурною мянушкаю. А як прынеслі паперку, што злажыў галаву недзе за веру, цара, упілося раптам у галаву нязвычнае, вялікае, незваротнае – Аляксандр! З той пары і ў думках, і на людзях звала – ўспамінала не інакш – Аляксандзер... [Мел. 1996: 96]. Такім чынам, пісьменнік у мастацкім тэксце тлумачыць, як дыферэнцыявана ў зносінах паміж сабою людзі карыстаюцца ўласнымі імёнамі і мянушкамі. А змяненне ў кантэксце формы оніма: гутарковае імя —> мянушка —> афіцыйнае імя —> афіцыйна-гутарковае імя (Волесь —> Смарчок —> Аляксандр —> Аляксандзер) сведчыць і пра змены сацыяльнага статусу літаратурнага персанажа, гэта і своеасаблівы аўтарскі прыём пры апісанні персанажа ў розных сітуацыях і перыпетыях. І яшчэ: канатацыйны кампанент мянушкі тут дамінуючы, асабліва на фоне іншых онімаў, якімі пісьменнік таксама дыферэнцыявана ідэнтыфікуе іншыя літаратурныя персанажы.

Булавешка – абразлівая мянушка Алеся, якую даў свайму брату Тараска ў апавяданні “Страшнае спатканне” – Эх, мілы мой братка Алесь!... Як мог павярнуцца мой язык, каб сказаць на цябе “Булавешка? [К V: 21]. У кантэксце пісьменнік не тлумачыць утварэнне і значэнне мянушкі, аднак можна здагадвацца, што ў спрэчках між сабою хлапчукі-браты маглі дражніць адзін аднаго іранічна-абразлівым словам булавешка – неразумная галава, някемлівы чалавек, якое ў беларускай літаратунай мове мае значэнне “патаўшчэнне ў выглядзе шара, мнагагранніка і пад. на верхнім канцы палкі і інш.”. У народна-дыялектнай мове, як і ў гэтым кантэксце, такой назвай карыстаюцца яшчэ як абразлівым сінонімам да слова галава. Параўн.: у тураўскіх гаворках: “Твоя булава ці варыць шчо? (В. Малешава) [ТС 1982: 92]. Як бачым, ужыванне слова Булавешка як мянушкі са значэннем “неразумная галава, някемлівы чалавек” з’яўляецца вынікам метафарызацыі, калі пераносіцца назва з аднаго аб’екта рэчаіснасці на другі на аснове якога-небудзь падабенства. Дарэчы значэнні слова галава ў байцы К. Крапівы “Мандат” прасачыў І. Лепешаў, які выявіў у параўнальна невялікім кантэксце рэалізацыю аж чатырох значэнняў гэтага полісемантычнага назоўніка, прычым два значэнні, калі іх параўнаць з агульнамоўнымі, слоўнікавымі, атрымалі семантычны зрух [Лепешаў 1976: 132]. Адно са значэнняў гэтага слова, як засведчана ў ТСБМ, – “чалавек вялікага розуму”. Аднак яно ўжыта ў дачыненні не да чалавека, а да Асла, апелятыў якога выступае як сімвал, сінонім тупасці, такім чынам дасягаецца камізм, іранічнасць.” [ТСБМ І: 279]. У нашым кантэксце эфект выкарыстання выклікаецца тым, што пісьменнік, ужыўшы мянушку Булавешка са значэннем галава, укладвае ў яе прыкладна такое ж значэнне, як і К. Крапіва, – для экспрэсіўна-вобразнай характарыстыкі вясковага хлапчука за непрадуманыя ўчынкі.

Між іншым, рускай мове вядома мянушка Балда або нецаркоўнае мужчынскае імя, якое ўжываецца ў бессмяротнай казцы А. Пушкіна. Яно ўтварылася ад апелятыва балда, што меў спачатку значэнне “тоўстая дубіна” (у беларусаў – булавешка, даўбешка – В. Ш.), а затым у выніку пэўных семантычных працэсаў слова набыло метафарычнае значэнне “дурань”, “недалёкі розумам”, “ёлупень” [Никонов 1993: 15].

Шопыт – жартаўлівая мянушка аднаго з братоў з аповесці “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”. Старшы называецца Сцёпка, а меншы Янка. Першага дразняць Шопыт. Сцёпка трохі глухі [К ІV: 282]. Відаць, мянушка замацавалася за Сцёпкам у выніку процілеглай аналогіі: звяртаючыся да яго, гаворачы з ім, трэба было крычаць, а не шаптаць – гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. У даным выпадку тыповы прыклад неадпаведнасці наймення (мянушкі) унутраным якасцям, праяўленням дзейнай асобы. Такі спосаб актуалізацыі ўнутранага зместу оніма (мянушкі) у мастацкай літаратуры з’яўляецца даволі эфектыўным прыёмам ажыўлення канатацыйнага значэння імя, утворанага ад антанімічнага апелятыва.

Рысь – мянушка Янкі – аднаго з братоў у аповесці “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”. Янка сярдзіты, ні дай божа. Калі часам б’ецца з кім, ту ні глядзіць, ні сачыць ні вока, ні бока, – так і валіць чым ні папала, што ў руках трымае. Яго празвалі за гэта Рысь [К ІV: 282].

Мянушка, як паказвае яе паходжанне Я. Колас, за селянінам замацавалася ў выніку метафары: сваімі паводзінамі (злосцю, жорсткасцю) селянін Янка нагадваў рысь – драпежную жывёліну сямейства кашачых.

У творах Я. Коласа такіх онімаў, утвораных ад падобных апелятываў, даволі многа: Бугай, Тур, Лось, Качан, Крук, Таўкач, Навой, Прут і інш. Беларускія прозвішчы (а на першым этапе мянушкі) тыпу Граб, Жук, Воўк, Дзяркач, Баран, Струк, Крук, Ясень і інш. аказалі ўплыў на пашырэнне гэтай мадэлі ў рускім асяроддзі, пра што сведчаць сучасныя рускія прозвішчы. Гэта адна са з’яў у сістэме ўласных назваў усходніх славян, дзе праявіўся ўплыў беларускай мовы на рускую. Такіх прозвішчаў у беларусаў каля 40 % [Міхневіч, Гіруцкі 1990: 36].

Кудлаты – мянушка вясковага хлапца ў апавяданні “Ванька Кудлаты”, без якога не адбывалася ні адна падзея ў паселішчы. Утворана ад апелятыва кудлаты пра чалавека з доўгімі скалмачанымі валасамі. Я. Колас з першых старонак апавядання, што характэрна для яго творчай манеры, знаёміць чытача з галоўным персанажам, з мянушкай, якая лёгка тлумачыцца на фоне апісання яго знешняга выгляду. У Галапузаўцы (так называецца наш куток) не было такога чалавека і такой жанчыны (у нас так кажуць, што баба – не чалавек), якія б не ведалі Ванькі Кудлатага, бо не было таго саду і таго агарода, куды б не лазіў Ванька Кудлаты. У яго былі доўгія, як у Самсона, валасы і надта шпаркія ногі. Пад восень канцы яго валасоў вельмі выцвіталі, рыжэлі, а ногі рабіліся чорныя, такія чорныя, што можна было падумаць аб іх афрыканскім паходжанні [К V: 103].

Апелятыў кудлаты ў народна-дыялектнай мове даволі часта ўжываецца з пеяратыўнай экспрэсіяй у спалучэннях заніжанага ці экспрэсіўнага семантычнага плану: кудлаты чорт, кудлаты д’ябал, кудлаты сабака і інш. Засведчана такое ўжыванне і ў мове Я. Коласа: Балела яе (маці) сэрца, што Іванок у царкву не ходзіць, а папа кудлатым чортам называе [К ІХ: 240]. Ад прыметніка кудлаты ў беларускай мове вядомы наступныя словы: кудла, кудлаціцца, кудлаціць, кудлач, кудлачанне, кудлачыцца, кудлачыць, кудлы і інш., што сведчыць пра высокую частотнасць кораня кудл у мове, а яго экспрэсіўнасць і частотнасць ёсць тая падстава, на якой хутчэй за ўсё могуць узнікаць мянушкі.

Такім чынам, мянушка за хлопцам замацавалася таму, што на вёсцы яго нельга было ўявіць без ускалмачаных, доўгіх валасоў, а вясковыя вастрасловы знайшлі і трапнае характарыстычнае слова, каб ахрысціць ім такую каларытную на вёсцы асобу.

Марак – іранічная мянушка мельніка з апавядання “Туды, на Нёман!” – Сад – пашукаць трэба! – падхвальвае мельнік, па мянушцы Марак, чалавек з выяўна інтэлігенцкім ухілам. Ён чытае кнігі, газеты. [К V: 232]. У аснове мянушкі – апелятыў марак “той, хто служыў ці служыць у флоце, хто добра ведае мора і марскую справу”. Змест апавядання не дае звычайнага тлумачэння, чаму за селянінам замацавалася такая мянушка. Аднак яго нетыповая для вяскоўца мова дае падставу здагадвацца, што мянушку мельнік атрымаў таму, што паслядоўна падкрэсліваў сваю вучонасць, кампетэнтнасць у розных праблемах. А ва ўяўленні сялян марак – чалавек пісьменны, дасведчаны. Ён, як заўважае Я. Колас, любіць слова праблема, часта яго ўжывае, дадаючы яшчэ адну літару м, бо так яно гучней выходзіць [К V: 233]. Ужывае Марак і іншыя навуковыя словы, якія ён пераняў, жывучы з капітанам. Такім чынам, мянушка Марак яўна характарыстычная, пабудаваная на алагізме – стылістычным прыёме – разрыве лагічных сувязей у мове з мэтай камізму, іроніі і пад. Пра гэта сведчаць разнастайныя граматычныя і лексічныя сродкі, выкарыстаныя пісьменнікам пры апісанні мовы марака, а таксама аўтарская мова Я. Коласа, на якую звярнуў увагу і прааналізаваў у свой час А. Каўрус: “Дарэчы, іранічнае стаўленне да Марака ствараецца і аўтарскай мовай: Цяпер Марак перайшоў на мірнае становішча, бярэ на млыне адмер, а жонка пячэ добрыя грэцкія і ячныя аладкі. А Марак есць іх, падмазаўшы добра маслам. Жывучы з капітанам, прывык смачна есці [К V: 234]. Напаўненне, расшыфроўка паняцця “перайшоў на мірнае становішча” звычайнымі будзённымі заняткамі селяніна, нечаканае сутыкненне моўных сродкаў з сферы дыпламатычнага ўжытку і бытавой лексікі напружвае камічнасць сітуацыі” [Каўрус 1968: 41].

Мамай – мянушка селяніна, удалага гаспадара з апавядання “Крывавы вір”. На возеры ў чайцы сядзеў ужо каваль, па мянушцы Мамай [К V: 76]. Я. Колас не тлумачыць паходжанне гэтага оніма, аднак шырокі кантэкст дае падставу меркаваць, што такую мянушку сяляне маглі даць чалавеку жорсткаму, нядобразычліваму: Хоць і Мамай не вялікае шчасце, але ўсё ж такі лепш, чым кабета [К V: 77]. На нашу думку, мянушка замацавалася за селянінам у выніку пераносу ўласнай назвы сумна вядомага на Русі татарскага хана Мамая на селяніна, які меў характар жорсткі, сквапны, неспагадлівы. Магчыма, і знешнім выглядам каваль нагадваў татарына (у тэксце адказу на гэта няма – В. Ш.). У беларускай мове ўласная назва Мамай уваходзіць таксама ў склад фразеалагізмаў Як Мамай прайшоў, Мамаева пабоішча, апошні выраз, напрыклад, мае значэнне “бойка, спрэчка, беспарадак, разгром”. Устойлівы выраз узнік у выніку пераасэнсавання састаўной назвы гістарычнай падзеі: у 1380 г. нашымі продкамі на Кулікавым полі былі разбіты войскі татарскага хана Мамая [Лепешаў 1981: 82]. Такую ж уласную назву Мамай, Мамай-каваль, мае яшчэ адзін персанаж апавядання Я. Коласа “Туды, на Нёман!”. Магчыма, паміж гэтымі двума антрапонімамі ў апавяданнях “Крывавы вір” і “Туды, на Нёман!” існуе нейкая заканамернасць, пэўная сувязь, бо ў мастацкіх творах гаворка вядзецца пра падзеі на Куршчыне ў гады грамадзянскай вайны. У згаданыя часы Я. Колас сам жыў у тых мясцінах, ведаў многіх жыхароў Куршчыны. Магчыма, што прататыпам двух літаратурных персанажаў быў адзін і той жа чалавек, якому за нейкія якасці, падабенства вяскоўцы далі мянушку Мамай, а Я. Колас выкарыстаў яе для ідэнтыфікацыі аж двух літаратурных персанажаў. У гэтай сувязі І. Шумская адзначала, што ў маўленні нярэдкімі з’яўляюцца выпадкі, калі адбываецца намінацыя розных асоб адной і той жа мянушкай, якая можа ажыццяўляцца на падставе розных асацыяцый, іншы раз няўлоўных і зразумелых толькі тым, хто даў імя [Шумская 1991: 190]. Узнікненне падобных мянушак удакладняе С. Бут-Гусаім, якая лічыць, што ў такіх выпадках стварэнне онімаў тлумачыцца не асацыятыўнымі, а хутчэй за ўсё аперцэптыўнымі адносінамі: чалавек з нейкімі заганамі не выклікае асацыяцый, а напамінае, нагадвае што – ці каго-небудзь. Памяць – гэта заўсёды зварот у мінулае, сувязь з папярэднім вопытам. Будзе правільным сказаць, што мянушка мае не асацыятыўны, а рэмінісцэнтны характар [Бут-Гусаім 2001: 65].

Судзьба – мянушка беднага селяніна Сцяпана ў апавяданні “Туды, на Нёман!”. Пісьменнік у кантэксце тлумачыць, чаму просты, добры, няўпэўнены ў сабе чалавек атрымаў такую мянушку. Сцяпан Судзьба – ён часта ўжывае гэтае слова, чым і здабыў мянушку сабе чалавек мяккі: за кожнага заступіцца і паспагадае [К V: 241].

У творах Я. Коласа засведчана некалькі мянушак, утвораных падобным спосабам. Памдзей – мянушка аб’ездчыка з паэмы “Новая зямля”, якая ўтварылася, як відаць з кантэксту, ад частага ўжывання гэтай асобай пры размове слоў “памдзей, памдзею”, што з’яўляюцца скарочаным варыянтам ад польска-беларускага ветлівага звароту “пане дабрадзею”, частага ў мове аб’ездчыка: Памдзей, прыбіты і прыгнуты, Цярпліва зносіць крыж пакуты, Стаіць, удол спусціўшы вочы [К V: 104]; “Ну, ну, “Пам – дзееньку”, будзь смелы! Бог дасць, сухі ўспаўзеш на бераг”, Мамент, а думак цэлы шэраг [К VІ: 104]. У кантэксце паэмы паэт тлумачыць узнікненне мянушкі: Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч, Амброжык, Суднік, Астахновіч, “Памдзей”, абезчык і мыслівы, На пачастункі памаўзлівы, “Памдзей” быў створаны з “пана дзея [К V: 99].

Абрыцкі-Тэш – мянушка яшчэ аднаго аб’ездчыка з паэмы “Новая зямля”. Калегі па працы – леснікі за частае ўжыванне Абрыцкім польскага слова “тэж” далі яму такую мянушку: Тут быў таксама і Абрыцкі, Стары аб’ездчык і служака, Курэц і добры выпівака, Любіў і ён “Тэш, проша пана”... Куснуць падчас неспадзявана [К VІ: 101] – Падаць мне Тэша! Лось гукае: Я разарву яго вантробы, Бо свет гарыць з яго хваробы! Падайце: вырву яму вусы За ўсе даносы, за падкусы! Абрыцкі-Тэш быў такі з нюхам, Ад Хрумы зызнуў адным духам [К VІ: 70].

Такім чынам, дзве апошнія мянушкі ўтвораны ў выніку аб’яднання ў адно цэлае назоўнікаў пан і дабрадзей у форме клічнага склону: пане дабрадзею —› Памдзею, а таксама паланізма “тэж” і антрапоніма-прозвішча Абрыцкі, якія, зліўшыся ў адно цэлае, утварылі мянушку-жарт Абрыцкі-Тэш. Падобны спосаб утварэння мянушак, а потым і некаторых прозвішчаў быў даволі пашыраным. Так, У.Юрэвіч аб прозвішчы Панімаш пісаў наступнае: як гэта непрыемна, калі малапісьменны выраз становіцца тваім вечным спадарожнікам. Вінавата мянушка, якой часта абменьваліся людзі, не думаючы, што яна можа застацца за чалавекам. Устаўляў нехта ў сваёй гаворцы бясконца слова понимаешь, якое ўспрымалася як “панімаш”, так і засталося яно прозвішчам для многіх пакаленняў [Юрэвіч 1998: 144].

У аснове такіх мянушак (Судзьба, Панімаш, Абрыцкі-Тэш, Памдзей) – ляжыць мімезіс, а дакладней антымімезіс як вынік імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцей найбольш паўтаральных слоў-паразітаў і цэлых фраз [Бут-Гусаім 2001: 63]. Інакш кажучы, мімезісныя рэдублікаты (мянушкі) у такіх антрапаформулах выступаюць не копіямі папярэдніх слоў, якія пакладзены ў аснову такіх гаваркіх онімаў, а іх трансфармаванымі рэпрэзентамі (са змяненнем формы кампанентаў і іншых асаблівасцяў). Актуалізатарамі канатацыйных значэнняў у такіх адзінках найчасцей выступаюць самі онімы-аказіяналізмы, рэдублікаты з празрыстай семантыкай; рэмаркі (постпазіцыйныя ці прэпазіцыйныя); сітуацыйны кантэкст; рэплікі-канкрэтызатары і інш.

Ламаносаў – жартаўлівая мянушка Сцяпана Баруты з аповесці “На прасторах жыцця”. Яе разумны, здольны да навукі, працавіты вясковы хлопец набыў таму, што ўмеў не адступаць перад цяжкасцямі ў дасягненні сваіх мэт.

Пісьменнік усебакова тлумачыць, чаму за юнаком замацавалася такая незвычайная для вясковых людзей мянушка: Сярод таварышаў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. За гэта яго празвалі другім Ламаносавым, тым больш, што ён не пабаяўся пайсці пяхотам цэлых сто вёрст, каб паступіць на рабфак [К VІІ: 66]. Як пераконваемся, Сцяпан Барута многімі сваімі якасцямі быў нечым падобны да выдатнага расійскага вучонага-энцыклапедыста М.В. Ламаносава, які, пакінуўшы родныя мясціны, дабраўся да Масквы і дасягнуў вяршынь у многіх навуках, – стаў сімвалам і гонарам расійскай навукі. У артыкуле “Думкі да дваццацігоддзя БССР” Я. Колас ужывае абагульненую назву таленавітых маладых людзей, якія кідалі хаты і ішлі шукаць асветы, – Ламаносавы: У маёй памяці жывуць вобразы юнакоў-беларусаў, якія кідалі ўбогую хату сваіх бацькоў і за сотні кіламетраў пехатой, з торбай і палкай, ішлі шукаць асветы і не знаходзілі яе – не для іх будавалі гімназіі. Гібелі і гінулі таленты, самародкі з народа, гэтыя свайго роду Ламаносавы [К ХІ: 186].

Такая асаблівасць, калі ў якасці мянушак ужываюцца афіцыйныя прозвішчы вядомых людзей – палкаводцаў, вучоных, грамадскіх дзеячоў, артыстаў, пісьменнікаў, – даволі пашыраная ў народна-дыялектнай мове. Намі засведчаны разнастайныя прыклады, калі на вёсцы за пэўныя якасці, схільнасці, падабенства, перакананне сяляне набывалі мянушкі Мічурын, Борман, Будзённы, Пілсудскі і інш. [Шур 2000: 102-106]. А пісьменнік У. Ліпскі ў кнізе “Аўцюкоўцы” прыводзіць арыгінальны прыклад, калі ў паселішчы амаль кожны жыхар вядомай на ўсю Беларусь вёскі меў мянушку. У тым ліку і такія, як Борман, Левітан, Чарнамор, Камсамолец, Француз, Цар [Ліп. 1995: 8, 82]. Відаць, і ў часы Я. Коласа такія мянушкі былі частымі ў асяроддзі сялян, студэнтаў. Вопыт сучаснай беларускай літаратуры сведчыць, што падобныя мянушкі – неад’емны кампанент сатырычных ці гумарыстычных твораў пісьменнікаў. Так, знаёмства з некаторымі персанажамі аповесці В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” пачынаецца не з іх уласных імёнаў, а з гучных і нечаканых на першае ўспрыняцце мянушак, якія ў аповесці дапамагаюць падкрэсліць гратэскава-камічны ці гратэскава-іранічны падтэкст рэалій недалёкага мінулага ў нашым жыцці. У аповесці мы знаёмімся з грузінам Гогам, які мае мянушку Сталін, Янка Каганец за свае адметнасці, а таксама за падабенства з прозвішчам вядомага партыйнага кіраўніка стаў Лазарам Кагановічам. А цыган-кааператар за знешняе падабенства – спецыфічную бараду і раскошную шавялюру на галаве – атрымаў мянушку Карл Маркс, і ў новых умовах ён узначальвае ЦК – цыганскі кааператыў. Сярод персанажаў твора ёсць і Лаўрэнцій Берыя і нават біблейская Дзева Марыя – мажная па камплекцыі калгасная даярка, якая без шлюбу ўмудрылася нарадзіць аж шасцёра дзяцей [Каз. 1993: 14–16]. Як бачым, час і прастора пры выбары мянушак не існуюць, яны нівеліруюцца мастацкім фонам твора. Такія мянушкі частыя ў мастацкай літаратуры. Вядомы беларускі фалькларыст і пісьменнік А. Ліс у апавяданні “Пільсуцкі” расказвае, як за адным з яго землякоў замацавалася такая экзатычная мянушка, дадзеная дзядзьку Івану нейкім вастрасловам. Яна прыляпілася да гэтага селяніна так трывала і надзейна, што ўласнае яго прозвішча для многіх як бы і не існавала, забылася. А калі і прыгадвалася, то звычайна пры нейкай афіцыйнай нагодзе: з прыходам позвы ад гміннага начальства або квітка на аплату падаткаў. Як меркаваў А. Ліс, падстаў для таго, каб імем самога кіраўніка Польскай дзяржавы, маршалка Пілсудскага называць селяніна, не было ніяк. Хіба, можа, адно, чыста знешняе. Праўда, што быў дзядзька Іван чалавекам рослым, дужым, мажным. Постаццю не схібіў [Ліс. 1999: 13]. А Іосіфа Сталіна – кіраўніка магутнай краіны Саветаў у 20–50-я гады ХХ ст. на Беларусі непачціва паміж сабой называлі мянушкай Ёська. Пра гэта ў аповесці “Бог чуе таго, хто плача” пісаў У. Паўлаў: “Іосіф Вісарыёнавіч (на адным з нумароў часопіса “Беларусі” за 1928 год на вокладцы быў змешчаны партрэт Сталіна з беларускім подпісам “Есіп Сталін”, таму на Беларусі паміж сабой яго непачціва называлі – Ёська) у першы тыдзень вайны сядзеў на бліжняй дачы ў Кунцаве, справядліва чакаючы арышту за ўсе пралікі і грахі перад народам і дзяржавай” [Паўл. 2000: 44]. У навуцы пра імёны, прозвішчы, мянушкі засведчаны прыклады, калі некаторыя канкрэтныя гістарычныя асобы ў нашай свядомасці замацаваліся не са сваім афіцыйным прозвішчам ці імем, а з мянушкай, а сапраўднае прозвішча ўвогуле можа быць невядомым. Так, многія казкі беларусаў-палешукоў фалькларыст і этнограф А. Сержпутоўскі запісаў ад рознабакова таленавітага і самабытнага казачніка Рэдкага з вёскі Вялікі Рожан, што ў цяперашнім Ганцавіцкім раёне. Ад А. Сержпутоўскага да нас дайшлі надзвычай скупыя звесткі пра гэтага разумнага , багатага на палёт фантазіі, але зусім непісьменнага селяніна, які пражыў 125 гадоў, нікуды не выязджаючы са свайго сяла. На жаль, ні мы, ні нават даследчыкі багатай спадчыны казачніка не ведаем яго сапраўднага імя і прозвішча, бо Рэдкі, як устанавілі даследчыкі, – гэта ўсталяваная і бяскрыўдная для казачніка мянушка, з якой, мабыць, ці не назаўсёды ён застанецца ў беларускай фалькларыстыцы.

Максім Грэк – іранічная мянушка Максіма Гарошкі, сына вясковага фельчара з аповесці “У палескай глушы”. Максім Грэк – рэальная асоба, пісьменнік, публіцыст (1480–1556 г.), нарадзіўся ў Грэцыі, быў запрошаны вялікім князем Васілём ІІІ у Расію з асветніцкімі мэтамі для перакладу царкоўных кніг і інш. [АСТК: 197]. Коласаў жа персанаж зусім іншы: Максім Гарошка вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса [К ІХ: 28–29]... Ён (Лабановіч – В.Ш.) схіліў галаву штось думаў. Потым раптоўна павярнуўся да Максіма. – Максім Грэк! Вып’ем, брат! [К ІХ: 137]. Відаць, мянушка Максім Грэк за маладым Гарошкам замацавалася ў выніку процілеглай па сутнасці жартоўна-іранічнай аналогіі, якую правёў Андрэй Лабановіч, звязваючы прыгоды вясковага распусніка-лабатраса і пераезд у Расію з асветніцкімі мэтамі вядомага грэчаскага перакладчыка і пісьменніка Максіма Грэка. Сябе Максім Гарошка любіў называць Юзафам Прыгожым – біблейскім героем. Магчыма, падставай да пераносу гучнага наймення вучонага і багаслова і замацавання яго за маладым палешуком было і падабенства онімаў. Параўн.: Максім Гарошка і Максім Грэк. Такім чынам, неадпаведнасць мянушкі паводзінам яе носьбіта – гэта своеасаблівы спосаб актуалізацыі канатацыйнага зместу гэтага оніма, свайго роду аўтарскі прыём, часты ў мове некаторых пісьменнікаў.

Цвілы – мянушка памочніка начальніка пошты Івана Паўлавіча з аповесці “На ростанях”. Відаць, мянушку нядошламу, белабрысаму і малаадукаванаму чыноўніку з амбіцыямі і прэтэнзіяй на інтэлігента і з замахам на дасціпнасць і жарты, якія не ўдаваліся яму, далі таму, што быў ён невыразным як знешне, так і ў сваіх паводзінах, анекдотах. Цвілым у народна-дыялектнай мове з пераносным сэнсам называюць нездаровага на выгляд, нядошлага чалавека або жывёліну (ТСБМ, У, 232). Параўн.: Улучыўшы зручную хвіліну, Лабановіч аклікнуў Цвілога: – Іван Паўлавіч, дзень добры! Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Відаць, ноч правёў ён у вясёлай кампаніі [К ІХ: 532]. Прыметнік цвілы з такім жа значэннем Я. Колас выкарыстаў таксама пры апісанні знешняга выгляду дзяка Майсея Памахайліка: “Дзяк належаў да тых людзей, якіх звычайна называюць цвілымі або смятанкавымі” [К ІХ: 18]. Такім чынам, мянушка Цвілы, утвораная ад адпаведнага апелятыва, замацоўваецца як другая назва за асобай, якая выяўляе знешнія прыкметы нездаровага на выгляд нядошлага інтэлігента, што з’яўляецца вынікам тыповай метафары, пры якой уласцівасці адной з’явы (падабенства па колеры: белы, цвілы – г.зн. нездаровы) пераносяцца на асобу і замацоўваюцца за ёй як назва-мянушка па прынцыпу ўпадабнення.

Рачок – іранічная мянушка ляснічага Ракоўскага з паэмы “Новая зямля”, разбэшчанага багаццем і ўладай пана, які не ведаў межаў ні ў злосці, ні ў нікчэмнай важнасці, ганарлівасці. Яму нават і зачэпка непатрэбна была, каб абразіць чалавека: Ох дасць Ракоўскі залівання, Калі панам не пашанцуе І сам глушца не запалюе ; Так і ўскіпіць, як рак чырвоны – Такі ён кручаны, шалёны! Сам вінават – цябе аблае, За няма – што з гразёй змяшае [К VІ: 197]; “Рачок” зірнуў ліхім барбосам І ўсё пакручвае тым носам, Мінуту ловіць насядання [К VІ: 103].

У аснове мянушкі і прозвішча (Рачок-Ракоўскі) пакладзены апелятывы рак, рак чырвоны, якія ў народнай свядомасці замацаваліся як сімвалы, што перадаюць бязмерную злосць, шаленства.

Для характарыстыкі і перадачы ўнутранай сутнасці оніма паэт на фоне шырокага кантэксту выкарыстоўвае лексіку семантычна заніжанага плана. Гэта прыметнікі-эпітэты кручаны “няроўны, нястрыманы”, шалёны “люты, нястрыманы”, параўнальны зварот як рак чырвоны, які перадае знешнія прыкметы шалёнай злосці, фразеалагізм: змяшаць з гразёю “усяляк прыніжаць, груба лаяць, несправядліва абвінавачваць”, дзеяслоў аблаяць – “абазваць грубымі словамі, зняважыць”, назоўнік барбос “пра злога грубага чалавека” і інш.

Прычым у шэрагу выпадкаў паэт выкарыстоўвае такі стылістычны прыём, як ампліфікацыю, або нагнятанне, каб перадаць нарастанне злосці, якая не ведае межаў: такі ён кручаны, шалёны, аблае, з гразёй змяшае і інш. Майстэрства Я.Коласа ў апісанні гэтага персанажа, яго антрапонімаў выяўляецца яшчэ і ў тым, што паэт умела абыгрывае кампанент фразеалагізма паказаць, дзе ракі зімуюць і прозвішча Ракоўскі. Як правільна адзначыў І. Лепешаў, зусім недастаткова толькі заўважыць у мове Міхала з “Новай зямлі” зменены фразеалагізм, але не адзначыць каламбура, створанага сутыкненнем фразеалагічнага кампанента рак з прозвішчам звераватага і надзіманага новага ляснічага пана Ракоўскага, якога леснікі паміж сабой празываюць “Рак”, “Рачок”: – Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую! Пакажа нам, дзе рак зімуе! [Лепешаў 1981 (1): 34].

Ствараў Я. Колас мянушкі і шляхам скарачэння асновы ўласнага імя ці прозвішча канкрэтнай асобы ці літаратурнага персанажа (найчасцей мянушкі-жарты на блізкіх яму людзей). Так, мянушку База, утвораную ад уласнага імя Базыль, меў настаўнік у мястэчку Панямонь Базыль Трайчанскі: Першым прыйшоў Базыль Трайчанскі. Яго яшчэ звалі коратка “База” [К ІХ: 203].

Лынь – жартаўлівая мянушка пісьменніка М. Лынькова: Прыязным вокам Кандрат непаўторны Акіне мой дом, Лынь, у машыне агледзеўшы шворны, Прымчыцца арлом [К ІІ: 411]. Між іншым М. Лынькова Я. Колас ідэнтыфікуе і такой жартаўлівай мянушкай, як Міхал-адмірал: Дарэчы [М.С. Патолічаў] раіў заехаць на Нарач ды пабываць у гасцях нашых дамаўласнікаў: Міхала-адмірала, Максіма Танка, для якога возера Нарач – калыханка, у Аркадзя Куляшова, што жыццё пачынае нанова [К ХІІ: 407].

Меў мянушкі Стары, Бацька і Я. Колас. Іх паходжанне тлумачыць М. Лужанін, які запісаў успаміны Канстанціна Міцкевіча пра часы вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі: “Аднакласнікі амаль не звалі мяне (Канстанціна Міцкевіча – В. Ш.) па імені. Усё Стары ды Стары. Часамі яшчэ гаварылі Бацька. У нас у кожным класе быў свой Стары. Меў я тады немалую сілу. Дужацца са мной баяліся...” [Лужанін 1997: 80]. Такім чынам, мянушкі Стары, Бацька за будучым класікам беларускай літаратуры замацаваліся ў выніку аналогіі: ва ўяўленні семінарыстаў цвёрдым было перакананне, што Стары, Бацька – гэта тыя асобы, якія адрозніваліся на фоне іншых не толькі розумам, а і значнай фізічнай сілай. Менавіта такімі якасцямі ў маладыя гады выгадна сярод таварышаў і сяброў выдзяляўся Я. Колас. Такім чынам, мянушкі Стары, Бацька ўспрымаліся Коласам як станоўчыя, якія падабаліся будучаму пісьменніку. Гэта пярэчыць наступным выказванням, адносна агульнай прыроды мянушак, якія прыводзіць у сваім артыкуле “Характарыстычныя назвы чалавека ў беларускай мове” С.Ф. Бут-Гусаім. Вось некаторыя з яе высноў: “Мянушка – вербальная метка чалавека. У ёй заўважаецца тое, чым прырода адзначыла (памеціла) індывіда. Мянушка выразна рэалізуе ідэю недастатковасці, ганебнасці чаго-, каго-небудзь, бо калі адзначаюць (мецяць) аб’ект, то звычайна адзначаюць недахопы... Мянушкі з’яўляецца антыподам званню. Можна сказаць, што мянушка – гэта званне наадварот, якое прысвойваецца індывіду ў соцыуме за пэўныя “заслугі” і “подзвігі” А ці ж так гэта ў адносінах да Сцяпана Баруты з аповесці “На прасторах жыцця”, якому за стараннасць у навуцы, сталасць і сур’ёзнасць далі мянушку Ламаносаў?... “Наяўнасць у чалавека мянушкі сведчыць пра тое, што члены грамадства ставяцца да яго адчуджана – не як да унікальнай самабытнай асобы, а як да індывідуалізаванага “мечанага” аб’екта. Адносячы асобу да ліку рэчаў-аб’ектаў, мянушка тым самым пазбаўляе яго грамадскай і чалавечай каштоўнасці”... “Называючы суб’екта мянушкай, мы наўмысна выстаўляем напаказ заганныя яго рысы і тым самым аддаляемся ад яго, дэманструем сваю перавагу на ім” [Туб-Гусаім 2001: 61–66]. Такія абагульненні, безумоўна, нельга выкарыстоўваць да ўсіх разнавіднасцей мянушак, пра што сведчаць прыклады не толькі з твораў Я. Коласа і іншых пісьменнікаў.

Падагульняючы сказанае, неабходна адзначыць, што для творчай манеры пісьменніка ў шэрагу выпадкаў уласціва кароткае тлумачэнне паходжання ці ўтварэння такіх мянушак. Параўн.: за бараду яго празвалі ў нас Чарнаморам”, “Сцяпан Судзьба – ён часта ўжывае гэтае слова, чым і здабыў мянушку сабе”; “Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы... за гэта яго празвалі другім Ламаносавым. У колах карцёжнікаў ён больш быў вядомы пад мянушкаю “Акула”. Лабановіч даў яму мянушку Дзед Хрушч... Закручаныя ўгору кончыкі (вусоў – В. Ш.) рабілі іх падобнымі да вусікаў Хрушча; Падарунак (лапсярдак – В.Ш.), браце, хвацкі! Ты цяпер – “пан Лапсярдацкі”, у чайцы сядзеў ужо каваль, па мянушцы Мамай; яго яшчэ звалі коратка “База”. Некаторыя мянушкі можна растлумачыць толькі выкарыстаўшы шырокі кантэкст, праводзячы аналогіі з іншымі літаратурнымі творамі, звяртаючыся да гістарычных падзей і фактаў этнаграфіі, дыялекталогіі, суседніх моў і інш.: Балаховец, Балоцімус-Балота, Ламаносаў, Марак, Максім Грэк, Міхал-адмірал.

Такім чынам, мянушкі, ужытыя ў творах Я. Коласа, можна выдзеліць у наступныя семантычныя групы:

а) мянушкі, якія падкрэслівалі, характарызавалі асобу па яе схільнасцях, роду заняткаў: Балаховец – яе носьбіт быў удзельнікам банды Булак-Балаховіча; Балоцімус-Балота – інтэлігент, які страціў лепшыя якасці прадстаўнікоў свайго класа і стаў арыентавацца, прытрымлівацца рэакцыйных поглядаў тагачаснага дзяржаўнага ладу, далучыўся да “балота”; Марак – іранічная мянушка мельніка, які паслядоўна выпячваў сваю “вучонасць” і дасведчанасць ва ўсіх праблемах; Ламаносаў – мянушка, якую далі сялянскаму хлапчуку за выключныя здольнасці да навукі, імкненне дасягаць пастаўленых мэт; Максім Грэк – мянушка, якую набыў вясковы лайдак і гуляка Максім Гарошка за іранічнае, працілеглае па сутнасці падабенства з грэчаскім пісьменнікам і перакладчыкам царкоўных кніг, а таксама, мабыць, за падабенства імёнаў і прозвішчаў;

б) мянушкі, якія падкрэслівалі характэрныя рысы (знешнія і ўнутраныя) літаратурнага персанажа: Кудлаты – мянушка вясковага хлапца, дадзеная яму за спецыфічную шавялюру; Чарнамор – пераасэнсаваная назва казачнага персанажа, якая замацавалася за канакрадам за экзатычную бараду; Акула – мянушка валаснога старшыні, дадзеная яму за сквапнасць і знешняе падабенства з драпежнай марской рыбінай; дзед Хрушч – мянушка семінарыста, дадзеная яму за спецыфічныя вусы; Мамай – мянушка вясковага каваля, дадзеная яму за падабенства з татарскіх ханам; Цвілы – мянушка, дадзеная няўдаламу вясковаму чыноўніку за нездаровы, нядошлы выгляд. У такіх мянушках найчасцей рэалізуецца тое, чым прырода “памеціла” індывіда. У мастацкім тэксце гэтая разнавіднасць такіх онімаў выразна адрозніваецца дасціпнасцю, непаўторным народным гумарам або сарказмам і з’яўляецца выдатным сродкам характарыстыкі літаратурнага персанажа;

в) мянушкі, якія падкрэслівалі індывідуальныя асаблівасці мовы літаратурных персанажаў: Судзьба – мянушка, якую набыў бедны селянін за частае ўжыванне гэтага слова; Абрыцкі-Тэш – мянушка аб’ездчыка, якую яму далі леснікі за частае паўтарэнне польскага слова “тэж”; Памдзей – мянушка аб’ездчыка, якая замацавалася за ім таму, што пры размове ён часта паўтараў беларуска-польскі ветлівы зварот пане дабрадзею, што ў скарочаным варыянце гучала як памдзею, Памдзей. У аснове такіх мянушак ляжыць мімезіснае перайменаванне як вынік “наўмыснага выкарыстання ў сваім маўленні некаторых характэрных асаблівасцей чужога маўлення з мэтай перадражніць або высмеяць яго адрасанта” або частага паўтарэння слоў-паразітаў і інш. Такія мімезісныя рэдублікаты заўсёды канатацыйна значымыя элементы звязнага кантэксту, асабліва калі ўлічыць, што яны ўжываюцца мэтанакіравана, каб пакпіць, перадражніць асобу, за якой замацавалася такое штучна створанае найменне. Лексіка-семантычны спосаб утварэння мянушак ад канатацыйна маркіраваных апелятываў або пераасэнсаваных онімаў (пераважна прозвішчаў вядомых у соцыуме асоб, дзяржаўных дзеячоў і інш.) – адзін з прадуктыўных у пісьменніцкай моватворчасці Я. Коласа і іншых пісьменнікаў (Акула, Марак, Хрушч, Латак, Булавешка, Рысь, Мамай, Ламаносаў, Пільсуцкі, Берыя, Мічурын, Сталін і г.д.).

Усе без выключэння мянушкі, ужытыя ў творах Я. Коласа, апрача назыўной, валодаюць характарыстычнай функцыяй. У кантэксце твораў яны канатацыйна значымыя, утрымліваюць эмацыянальную ацэнку-характарыстыку, перадаючы адносіны аўтара да носьбіта мянушкі і інш.

Такім чынам, мянушкі ў мастацкіх тэкстах – вельмі часта семантычныя неалагізмы, створаныя на ўзор тыповых онімаў, у якіх воляй мастака з’яўляецца новае значэнне або ажыўляецца забытае. З’яўляючыся гаваркімі імёнамі, мянушкі паслядоўна выконваюць ідэнтыфікуюча-характарыстычную функцыю, выступаючы як кантэкстуальныя сінонімы да афіцыйных онімаў. Нярэдка яны ключавыя словы-дамінанты пры характарыстыцы і апісанні літаратурных персанажаў. У выбары мянушак праяўляецца майстэрства пісьменніка, яго інтэлект, дасведчанасць у праблемах, грамадзянская пазіцыя.