- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
Аналіз уласных асабовых імёнаў у творах мастацкай літаратуры паказвае, што пісьменнікі пры выбары такіх найменняў сваім персанажам арыентуюцца на рэальны анамастыкон свайго часу, пры гэтым звычайна свядома ці інтуітыўна ўлічваюць такія неабходныя для літаратурнага оніма патрабаванні, як стварэнне ўласным імем уяўлення аб нацыянальнай, узроставай, сацыяльнай, прафесійнай адпаведнасці носьбіта імені. Праз выбар імёнаў прасочваецца нацыянальна акрэсленая і эстэтычная пазіцыя пісьменніка, яго адносіны да персанажа – носьбіта імені, мэтанакіраванасць, абумоўленая ідэяй твора, аўтарскай задумай, яго дасведчанасць, творчы патэнцыял, моўная культура, асацыятыўна-стылістычная знаходлівасць, якія, як правіла, праяўляюцца пры ўдалым выбары імені. Уласныя імёны, з’яўляючыся састаўным элементам лексічнай сістэмы пісьменніка, выконваюць немалаважную ролю ў стварэнні мастацкіх вобразаў, у раскрыцці аўтарскага разумення твора, адлюстраванні моўных і літаратурных традыцый, якія стварыў ці працягваў мастак слова.
Актуальнасць вывучэння ўласных асабовых імёнаў у мове мастацкай літаратуры абумоўлена тым, што гэты пласт лексікі беларускай мовы больш за іншыя падсістэмы ўспрыняў тыя змены, якія адбыліся ў грамадстве за апошні час. Нават павярхоўнае, самае агульнае знаёмства, напрыклад, з анамастыконам Я. Коласа сведчыць аб значнай архаізацыі за апошнія дзесяцігоддзі шматлікіх традыцыйных для беларусаў уласных імёнаў, якімі шырока карыстаўся мастак слова, што, на нашу думку, тлумачыцца не толькі асіміляцыйнымі працэсамі – уплывам суседніх моў, а і іншымі лінгвістычнымі і сацыяльнымі з’явамі, якія найперш праявіліся на зменах ва ўласных імёнах, напрыклад, адмаўленнем у савецкі перыяд ад царкоўных традыцый пры выбары ўласных імёнаў, ігнараваннем некаторых сямейных традыцый, звязаных з выбарам імёнаў і інш.
Я. Колас у сваёй пісьменніцкай творчасці, як падлічана даследчыкамі, выкарыстаў 252 мужчынскія і 142 жаночыя імёны. Усяго ў яго творах зафіксавана 870 мужчынскіх і 333 жаночых персанажаў [Чабатар 1989: 53]. Для параўнання адзначым, што ў рамане А. Пушкіна “Яўген Анегін” выкарыстана 200 онімаў, а ў эпапеі Л. Талстога “Вайна і мір” болей за 600 такіх адзінак. З іх каля 200 – імёны рэальных гістарычных асоб (Напалеона, Кутузава, Барклая дэ Толі, Баграціёна і інш.) [Силаева 1977: 160; Силаева 1979: 38]. Назіранні за ўжываннем імёнаў у творах Я. Коласа сведчаць, што ён у пераважнай большасці выкарыстоўваў іх не толькі дзеля звычайнай ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў, выдуманых ці перанесеных у твор з уласнага жыцця, а і з глыбокім пачуццём мастацкай мэтазгоднасці. Як пераконваемся на шматлікіх фактах з яго твораў, увядзенне пэўнага імя заўсёды абумоўлена аўтарскай задумай, адпаведнай сітуацыяй, жанравай спецыфікай твора і інш. Н. Чабатар звярнула ўвагу, што пісьменнік аддаваў перавагу неафіцыйным варыянтам імёнаў. Гэта, па-першае, тлумачыцца тым, што ў часы Я. Коласа нарматыўных даведнікаў па анамастыцы не было, і пісьменнік, як мы мяркуем, пераважна арыентаваўся на звыклы і натуральны для яго анамастыкон гаворак заходняй Міншчыны, якія фактычна спалучалі ў сабе асноўныя тыповыя асаблівасці паўднёва-заходніх і паўночна-ўсходніх гаворак беларускай мовы. Іменна яны сталі той натуральнай асновай, на якой была сфармавана сучасная беларуская літаратурная мова [Блінава, Мяцельская 1980: 7–19]. Па-другое, паняцце “афіцыйнае”, “неафіцыйнае ўласнае імя” амаль да нашага часу было спрэчным (нават не праз адсутнасць такіх нарматыўных слоўнікаў), што тлумачыцца не толькі канфесійнымі асаблівасцямі і ўплывам анамастычных сістэм суседніх моў – пераважна рускай і польскай, а таксама і той акалічнасцю, што ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў грамадстве ігнаравалася многае, што было звязана з былым дзяржаўным ладам, у тым ліку і з сямейнымі і царкоўнымі традыцыямі ў выбары імёнаў. Новае ж імкнуліся ствараць людзі малаадукаваныя, далёкія ад разумення і ўяўлення аб нацыянальных густах і традыцыях у анамастыцы. Спазнала наша грамадства і пэўны ідэалагічны прымус у выкарыстанні імёнаў у савецкі перыяд (імёны Сталіна, Рэм, Кім, Рэўдзіт і інш.) [Шур 1993: 24–25].
Каб стварыць нацыянальны ці рэгіянальны каларыт у творы, Я. Колас шырока выкарыстоўваў паралельна з царкоўнымі, агульнавядомымі ўласнымі імёнамі іх беларускія ці мясцовыя адпаведнікі: Павел – Паўлюк, Павал; Мікалай – Мікола; Пётр – Пятрусь, Петра, Пётра, Пятро, Пятрок, Пятрук, Пятруш; Язэп – Язэб, Юзік, Іосіф; Ганна – Гануся, Ганка, Гануля, Ганя, Ганначка, Ганулька, Гануська, Вольга – Волька. Фактычна ў творах Я. Коласа засведчана трэцяя сістэма – антрапанімія беларускага народнага іменніка, якая сфармавалася на аснове афіцыйнага праваслаўнага і рымска-каталіцкага іменаслоўя. Гэты разрад імёнаў (народны іменаслоў) у колькасных адносінах значна большы, чым дзве канфесійныя афіцыйныя сістэмы імёнаў. Напрыклад, папулярнае ў мове беларусаў імя Аляксандр, як сведчыць М. Бірыла, мае больш за 90 варыянтаў. Гэты даследчык на падставе разнастайных пісьмовых помнікаў і іншых крыніц у залежнасці ад паслядоўнасці ўтварэння варыянтаў гэтага імя вылучае шэсць дэрывацыйных радоў ад яго асновы [Бірыла 1982: 20–24]. У творах Я. Коласа таксама вядомы наступныя варыянты гэтага імя: Аляксандр, Алесь, Алесенька, Алеська, Алесік, Ламук, Алесь-Саша, Саша, Сашка і інш., пад якімі засведчана больш за 47 літаратурных персанажаў [АСТК 1990: 24–28; 506]. У творах пісьменніка вядомы шматлікія фанетычныя, марфалагічныя, лексічныя варыянты і іншых імёнаў: Іван: Іваш, Іванька, Іванка, Ян, Яначка, Янка, Яноль; Павел: Павал, Паўлік, Паўлюк, Паўлючок; Мікалай: Мікола, Міколачка, Міколка, Коля; Пётр: Пятро, Пятра, Пятрок, Пятрук, Пятрусік, Пятрусь, Пятруська, Пятруш, Пятруша, Пётра, Пеця, Петрык і інш. Многія ўласныя імёны ў творах Я. Каласа, як адзначала Н. Чабатар, поліфункцыянальныя: выконваюць не толькі назыўную, але і экспрэсіўна-эмацыйную функцыі – у асноўным выяўляюць, перадаюць адносіны аўтара да носьбіта імені. Найбольш часта мастак ужываў скарочаныя варыянты ўласных імёнаў, а таксама імёны з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Аленка, Агатка, Аўдолька, Васілёк, Верка, Гараська, Іванок, Лёнік, Мікітка, Пятрок, Юрка, Яшка і інш. Самыя частыя імёны – Андрэй (сустракаецца 30 разоў), Кандрат – 29, Сымон – 27, Мікіта і Пятрусь – 25 кожнае, Іван – 21, Грышка – 13, Максім – 14, Паўлюк і Янка – 13, Мікола, Піліп, Сцёпка – 12, Сцяпан і Яўхім – 11, Ігнат, Юрка – 10, Сёмка – 9, Цімох – 8, Марцін, Рыгор – 7, Апанас, Базыль, Васіль, Даніла, Дзям’ян, Кірыла, Нічыпар, Трахім – 6, Гілёрык, Тодар – 5; найбольш ужывальныя жаночыя: Ганка – 18, Алена, Тэкля – 12, Наста – 11, Насця – 9, Агата, Мар’яна – 7, Зося, Параска – 6, Анэта, Дарота, Магда – 5, Анюта, Ева, Мальвіна, Кацярына – 4, Аўдоля, Вольга, Галя, Ганначка, Грыпіна, Марцэля, Міхаліна, Тадора, Таня, Тамара, Тарэся, Юста – 3, рэдка сустракаюцца імёны (па 1–2 разы): Акуля, Антоля, Аналя, Аршуля, Банадыся, Дарка, Караліна, Каруся, Крыстына, Матрона, Малання, Палуся, Праксета, Рузя, Саламея і інш. [Чабатар 1989: 53]. Як асаблівасць, уласцівая анамастыкону пісьменніка, – гэта тое, што мужчынскія асабовыя імёны з фіналямі –ась, –ось, –усь, –ісь, – вельмі прадуктыўныя ў яго моватворчасці: Юрась, Карусь, Кастусь, Міхась, Пятрусь, Антось, Івась, Хрыштусь, Ігнась, Юлісь, Самусь, Савось, Габрусь, Зыгмусь. У якасці самастойных нейтральных імёнаў указаныя формы, як засведчана даследчыкамі, на пачатку ХХ ст. адзначаюцца і ў тэкстах афіцыйных паведамленняў, і ў допісах з месцаў на роўных правах з афіцыйнымі формамі [Гапоненка 2001: 43]. У гэтым выразна праяўляецца, на нашу думку, заўважаная Я. Коласам нацыянальная спецыфіка беларускіх уласных імёнаў, на якую звярталі ўвагу таксама этнографы, фалькларысты, дыялектолагі. У Коласа нават біблейскія імёны набываюць тыповыя беларускія анамастычныя асаблівасці. Так, у казцы “Варона і зязюлька”, па царкоўнай легендзе, адзін з апосталаў Пётра ўкраў у святога Юрая каня, і той падаў на яго ў суд Богу: Пётра ўзяў у сведку зязюльку, а Юрай – варону [К ІV: 269]. Прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп і нацыянальнасцей у творах Я. Коласа называюцца (ідэнтыфікуюцца) па-рознаму:
– сяляне (жанчыны і мужчыны) – гутарковымі варыянтамі праваслаўных (радзей каталіцкіх) імёнаў: Магдуся, Магда, Нічыпар, Пятрусь, Аўген, Аўдоля, Маланка, Маня, Марцэля, Тэкля, Мікола, Югася, Баўтрук, Костусь, Салівэсь, Самусь, Таклюся, Тамаш, Антоля, Катарына, Гілёрык, Дамінік, Савось;
– вясковыя замужнія жанчыны – вытворнымі варыянтамі ад імя, прозвішча ці мянушкі мужа: Латачыха (ад мянушкі мужа Латак), Марозіха (ад прозвішча Мароз), Яхіміха (жонка Яўхіма), Пальчыха (ад прозвішча Пальчык), Памахайлічыха (ад прозвішча дзяка Памахайлік), Юзафова (па імені мужа – жонка Юзафа), Талашыха (жонка Талаша), Купаліха (жонка Янкі Купалы), Янчыха (жонка Янкі Купалы), Сусліха (жонка Кандрата Суслы), Трайчаніха (маці Базыля Трайчанскага), Вераб’іха (жонка Верабейкі-Калыханчыка – персаніфікаванага вобраза птушкі), Дударыха (жонка Янкі Дудара), Фядосіха (жонка Фядоса Хадыкі);
– дзеці – найчасцей памяншальнымі варыянтамі імёнаў: Мар’янка, Алесік, Косцік, Сёмка, Мікітка, Данік, Міхаська, Міхаська-галубок, Міхалка, Грышка, Яська, Якімка, Юрка, Юлька, Юзік-шаляніца, Шурка;
– паважаныя жанчыны-сялянкі – гутарковымі імёнамі ў спалучэнні з разнастайнымі назоўнікамі-азначэннямі ў прэпазіцыі да імя: бабка Наста, бабка Параска, маладзіца Мар’яна, цётка Тарэся, цётка Магда, бабка Палуся, цётка Міхаліна, старожка Ганна, бабка Ева, Мартынава Ева, Грабарова Ева і інш.;
– паважаныя мужчыны-сяляне – гутарковымі імёнамі ў спалучэнні з разнастайнымі назоўнікамі-азначэннямі ў прэпазіцыі да імя: дзядзька Антось, дзядзька Антон, бацька Уладзімер, калгаснік Мікіта, дзядзька Мікола, дзед Даніла, дзед Мікіта;
– настаўнікі, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, адміністрацыі – афіцыйным імем і імем па бацьку або прозвішчам: Ігар Сяргеевіч (Кандаковіч), Андрэй Пятровіч (Лабановіч), Лідзія Пятроўна (настаўніца), Мітрафан Васільевіч (настаўнік), Тарас Іванавіч (Шырокі), Вольга Віктараўна (Андросава), Тамара Аляксееўна (настаўніца), Іван Паўлавіч (памочнік начальніка пошты), Іван Данілавіч (заатэхнік);
– святары – афіцыйнымі царкоўнымі імёнамі: Мадэст (бацюшка), Міхаіл, Кірыл (айцец), Майсей (дзяк), Ціт (айцец), Мікалай (айцец);
– паны – пераважна каталіцкімі імёнамі ці прозвішчамі ў спалучэнні са словам пан або спалучэннем слова пан + назва пасады, звання: пан Вінцэнт, пан Сарнацкі, панна Габрыня, панна Ядвіся, пан падлоўчы, пан паляўнічы, пан Дэмбіцкі;
– тыпова сваімі імёнамі – прадстаўнікі іншых народаў:
яўрэі: Моўша, Гірш, Шлёма, Давід, Ёсель, Саламон, Гесаль, Сроль, Хрума, Малка;
палякі: Янэк, Ян, Юзаф, Чэсь, Зыгмусь;
немцы і прадстаўнікі іншых народаў: Анры, Адольф, Людвіг, Эрнэст, Фрыц, Ганс.
Шырока выкарыстоўваў пісьменнік біблейскія і антычныя імёны: Юда, Ісая, Агей, Каін, Давід, Сіма, Ева, Хам, Саламон, Есіф, Ваал, Венера, Геркулес, Бахус, Марс і інш. У творах пісьменнік ужываў імёны-сімвалы: персаніфікаваныя імёны-сімвалы: Вецер, Дрэва, Жычка, Зайздрасць, Згода, Злосць, Згрызота, Скала, Усход, Захад і інш.
Такім чынам, немалаважную ролю ў выяўленні характарыстычных функцый у аўтарызаваных уласных імёнах у творах Я. Коласа выконваюць разнастайныя агульныя назоўнікі-ідэнтыфікатары тыпу дзядзька, бацька (бацюшка), айцец, пан, панна, цётка, бабка, маладзіца, старожка, настаўнік, калгаснік і інш., якія найчасцей займаюць прэпазіцыйнае становішча да оніма; тыповымі для стылю Я. Коласа, як і для беларускай народна-дыялектнай мовы, з’яўляюцца аўтарызаваныя онімы-характарыстыкі тыпу Талашыха, Янчыха, Марозіха, а таксама Грабарова Ева, Мартынава Ева і інш., якія характарызуюць носьбітаў онімаў паводле іх роднасных адносін у сям’і.
У мастацкіх тэкстах Я. Коласа паралельна з імёнамі персанажаў, створаных уяўленнем пісьменніка, шырока выкарыстоўваюцца ўласныя імёны і прозвішчы рэальных асобаў – дзеячоў літаратуры, мастацтва, навукі, вайскоўцаў, вядомых гістарычных асоб: Радаслаў Астроўскі, Іван Гарамыкін, Паліна Асіпенка, Фёдар Дастаеўскі, Антон Дзянікін, Кастусь Каліноўскі, Аляксандр Керанскі, Шота Руставелі, Паўло Тычына, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іозеф Гебельс і інш. Нельга сцвярджаць, што такія онімы, узятыя з рэальнага анамастыкона, выконваюць толькі назыўную функцыю. У мастацкіх тэкстах, як заўважана даследчыкамі, нейтральныя ў стылістычных адносінах онімы, якія ўводзяцца ў кантэкст у абсалютнай пазіцыі, звычайна выступаюць як сродак сацыяльнай тыпізацыі, дазваляючы прыдаць падзеям і фактам, якія адлюстраваны ў творы, рысы праўдападобнасці і рэалізму [Вуколова 2003: 336]. Такія онімы ў тэкстах пісьменніка ствараюць таксама каларыт асяроддзя, часу, перадаюць адносіны аўтара да літаратурнага персанажа. У мастацкіх тэкстах яны выступаюць “семантычна напоўненымі, непарожнімі”. Дэнатат, рэферэнт успрымаецца пры такім імі ў абагульнена-патэнцыяльным выглядзе, а калі імя гістарычнае, сацыяльна вядомае, то аб’ём канатацыйнай семантыкі заўсёды дастаткова вялікі ў чытача яшчэ да прачытання тэксту твора [Фонякова 1990: 27]. Пра такія імёны, якія ў соцыуме набываюць разнастайныя канатацыі, пранікнёна пісаў Я. Хелемскі ў вершы “Пашанліва да майстра звяртаюцца”, прысвечаным П. Панчанку: У Расіі, кажучы пра вялікіх, Амаль не маюць патрэбы ў павышаных эпітэтах. Дастаткова назваць імя і імя па бацьку: Аляксандр Сяргеевіч, Леў Мікалаевіч, Уладзімір Уладзіміравіч. І гэтым сказана ўсё [БМСП: 45]. Такія онімы, як падкрэсліў Ю. Карпенка, “у мастацкім творы могуць сказаць больш, чым задумаў пісьменнік” [Карпенко 1986: 36].
Большасць названых імёнаў з ранніх твораў пісьменніка нават у наш час усведамляецца грамадствам як натуральная з’ява сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Таму не як дыялектныя варыянты, а як тыповыя і літаратурныя імёны ўспрымаюцца анамастычныя адзінкі з анамастыкона Я. Коласа Сымон, Базыль, Нічыпар, Карусь, Пятрусь, Юрась, Піліп, Трахім, Антось, Мікола, Апанас, Янка, Наста, Алена, Агата, Зося, Ганна, Кацярына, Тэкля і інш. Бо норма ў антрапаніміцы, як заўважыла А. Усціновіч, з’ява гістарычная і сацыяльная. Уласныя імёны пастаянна знаходзяцца пад ўздзеяннем разнастайных сацыяльных і лінгвістычных фактараў. Сярод іх вылучаюцца змены, што закранаюць усю нацыянальную антрапанімію [Усціновіч 1997: 214]. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі думка А. Суперанскай: “Уласныя імёны, запазычаныя разам з рэлігіяй і царкоўнымі кнігамі з Візантыі, доўгі час служылі своеасаблівымі сімваламі прыналежнасці чалавека да рэлігіі і таму разглядаліся царквою як своеасаблівы сакральны рэпертуар, які пільна аберагаўся. Лічылася нават, што парушэнне правільнасці іх напісання або вымаўлення можа прывесці да ерасі. І тым не менш у іншай моўнай стыхіі, пры масавым народным ужыванні візантыйскія імёны не маглі захавацца без змен” [Суперанская 1973: 315]. У якасці прыкладу варта тут прывесці ўспаміны М. Лужаніна, якія ў свой час яму паведаміў Я. Колас пра сваё хрышчэнне: Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Расчухраны бацюшка адчуў, што на багатую заплату тут спадзявацца няма чаго. Таму ён не рабіў лішняга захаду на падрыхтоўку цёплай купелі, а проста абліў малога “святой вадой” са шклянкі. Але, папароўшыся папярэдне ў календары, імя даў добрае – Канстанцін. Што па-грэчаску яно значыць – трывалы, кумы дарогаю забыліся. Дый каму яно трэба, гэта бацюшкава тлумачэнне. Самае галоўнае – імя складна вымаўлялася.
Ганна ўзрадавалася. Усё меркавала, як будзе ласкавей: Кастуська, Кастусёк, Косцік. А як падрасце, дык і Костусь [Лужанін 1997: 98]. Такім чынам, засведчанае ў творах Я. Коласа ўжыванне ўсечаных, скарочаных і памяншальных варыянтаў імёнаў каталіцкага і праваслаўнага іменасловаў у звычайнай намінатыўнай функцыі, на нашу думку, трэба разглядаць як факт выразнага праяўлення і прадаўжэння пісьменнікам нацыянальнай іменалагічнай традыцыі, заснаванай на шырокім выкарыстанні вуснамоўных народных формаў, бо гіпакарыстычныя (скарочаныя і памяншальна-ласкальныя формы імёнаў), мяркуючы па іх шырокім і дастаткова паслядоўным ужыванні ў моўнай практыцы пачатку ХХ стагоддзя, як адзначыла І. Гапоненка, мелі вялікія шансы замацавацца ў мове і стаць выразнай адзнакай беларускага нацыянальнага іменаслова. Ва ўсякім разе, станаўленне беларускага іменніка відавочна развівалася менавіта ў такім накірунку. Аднак пад уплывам розных, найперш пазамоўных, абставінаў гэтая тэндэнцыя ў далейшым не рэалізавалася [Гапоненка 2001: 43].
Нармалізацыя ўласных імёнаў у беларускай мове адбылася даволі позна, прычым у гэтым разрадзе лексікі многа ўмоўнага, што нават да нашага часу не паддаецца асэнсаванню, маючы на ўвазе лінгвістычныя і іншыя фактары. Гэтай негатыўнай з’яве нярэдка садзейнічае і тое, што нават нарматыўныя даведнікі кваліфікуюць некаторыя спецыфічныя беларускія імёны як гутарковыя, размоўныя, арыентуючы нас фактычна на чужы, хоць і роднасны іменаслоў. Так з улікам неабходнасці аднастайнай перадачы ўласных імёнаў у беларускай літаратурнай мове, былі сфармуляваны самыя асноўныя правілы іх напісання і ўжывання ў вуснай і пісьмовай мове. Такія патрабаванні, напрыклад, знаходзім у “Слоўніку асабовых уласных імён” М. Судніка [Суднік 1965], “Слоўніку асабовых імёнаў” [Сарока 2000], у слоўніку С. Барыса “Беларускія імёны. Дапаможнік для маладых бацькоў” [Барыс 2001], у “Слоўніку-даведніку асабовых уласных імён”, які падрыхтавалі А. Станкевіч і Н. Фралова [Станкевіч, Фралова 2001]. Аднак у моўнай практыцы, асабліва ў мове мастацкай літаратуры, уласныя імёны паслядоўна выкарыстоўваюцца пераважна з улікам традыцый народна-дыялектнай мовы, вопыту мастацкай літаратуры, а ў літаратурных творах яшчэ і з улікам індывідуальнага густу і схільнасцей пісьменніка, бо мова мастацкай літаратуры, як справядліва адзначыў А.Яфімаў, выступае ў якасці ўзору і крытэрыя, на які прыходзіцца раўняцца пры адборы розных моўна-выяўленчых сродкаў. У адпаведнасці з гэтым становіцца відавочнай роля пісьменніка ў фарміраванні літаратурнай мовы, у развіцці нацыянальнай моўнай культуры [Ефимов 1957: 36]. У сувязі з гэтым пісьменнік Я. Скрыган пісаў: “Як толькі паявіўся “Слоўнік асабовых уласных імён” Міхаіла Судніка, у нас не толькі Янкі, а ўсе Петрусі, Міхасі, Кастусі, Юрасі, Алесі абвяшчаліся імёнамі гутарковымі і размоўнымі, юрыдычна неправамоцнымі... Думалася, што ці не вельмі спяшаемся мы ўсе папраўляць нашу мову. Што, можа, не варта гэтак жорстка касаваць нашы традыцыі, няхай бы была варыянтнасць і няхай бы сама практыка вырашыла, чаму трэба жыць, а чаму знікнуць. Дый наогул, якая карысць, калі нешта жывое гіне сілком? Хіба такія імёны, як Міхал, Якуб, Язэп, напрыклад, не могуць аставацца сярод законных? Як Васіль, Рыгор, Аркадзь. У іх жа і шырокае народнае бытаванне, і сталасць формы, і класічная наша літаратура. І чым жа блага, што І. Шамякін назваў сваю дачку Алесяю?” [Скр. 1990: 231].
Вядома, што на творчасць Я. Коласа пэўны адбітак аказалі фальклорныя традыцыі. Адчуў пісьменнік і дабратворны ўплыў гаворак роднай яму Стаўбцоўшчыны, якія ва ўсёй паўнаце адлюстроўвалі багацце сярэднебеларускіх гаворак [Крывіцкі 1973: 61–63]. Выразна гэта відаць і на ўжыванні пісьменнікам уласных імёнаў, многія з якіх мастак слова перанёс у тэксты ад сваіх землякоў, запазычыў з беларускага фальклору. Варта тут адзначыць, што некаторыя творы Я. Коласа (раннія апавяданні, вершы, паэма “Новая зямля” і інш.) пісаліся ў той перыяд, калі беларуская літаратурная мова, кажучы словамі М. Лужаніна, “шукала нормаў”, таму натуральна, што ў яго творах не толькі ўласныя імёны, а і іншыя моўныя адзінкі можна засведчыць у самых розных народна-дыялектных варыянтах і формах. Напрыклад, у некаторых прыказках, прымаўках уласнае імя, калі яно тыповае для пэўнага асяроддзя, можа выступасць з абагульняльным значэннем, называючы “чалавека ўвогуле”. Пра гэта, на нашу думку, сведчаць варыянты адной і той жа прыказкі, запісаныя ў розных частках Беларусі, дзе толькі вар’іруюцца ўласныя імёны. Параўн.: Багаты Андрэй: поўна хата дзяцей [Шэйн 1893: 472] і Багаты Аўдзей: поўна хата дзяцей [Янкоўскі 1992: 130]. А афіцыйнае і тыповае для трох усходнеславянскіх народаў імя Іван у беларускім, рускім, украінскім фальклоры – казках, легендах, жартах, паданнях, песнях і нават у творах мастацкай літаратуры – набыло абагульняльны сэнс, называючы прадстаўніка з народа, якому ўласцівы прыродны розум, дасціпнасць, уменне знайсці выхад з самых складаных сітуацый і перыпетый. Так, у паэме “На шляхах волі” паэтам створаны абагульнены вобраз Івана – простага чалавека з народа: Кранула вестка гэта ўсіх: “Няўжо ад трону цар адшыты? Адрокся, кажуць, сам і квіта! Ну, як то сам? Няма дурных! Бо дзе ж то відана, чувана, Каб вось такія ўладары Ды самі злазілі з гары Або мянялі годнасць пана На ролю простага Івана – Вось панства моў, Іван, – бяры” [К Х: 293]. У вядомым слоўніку У. Даля пра гэта імя сказана, што яно “па ўсёй азіяцкай і турэцкай мяжы нашай, ад Дуная, Кубані, Урала і да Амура азначае рускага” [Даль ІІ: 115]. У гэтым выпадку выразна праявілася тыпізацыя оніма па нацыянальнай прыкмеце: аўтар выкарыстаў абагульнены ў семантыка-стылістычным плане антрпонім-этнонім, які сваёй тыпізуючай сутнасцю адрозніваецца ад звычайных індывідуальных этнічных імёнаў, якія выконваюць не столькі мастацка-характарыстычную колькі дыферэнцыйна-назыўную функцыю [Пертачкова 2003: 9]. У артыкуле Я. Коласа “Цені мінулага” імя Іван воляй пісьменніка набыло адмоўны сэнс, называючы самых розных турэмных заправілаў сярод зняволеных. У гэтым кантэксце Іван – абагульненая назва сярод арыштантаў, які прыцясняе іншых: Кожная камера ўгалоўных мела свайго “Івана”, а то і некалькі такіх “Іванаў”: “Іван” – гэта начальнік, заправіла камеры, біч і страх арыштантаў. І званне сваё і сваю пасаду яны набывалі самі. Але дзеля гэтага трэба было мець свайго роду “цэнз”. Гэты “цэнз” складаўся з самае натуры “Івана”: здаровых кулакоў, добрага гарладзёрства, цвёрдасці і рашучасці характару... Угневаны “Іван” мог загнаць пад нары сваю ахвяру і аставіць там яе на ўсю ноч... Ніякія жалабы на чыннасць “Іванаў” не памагалі, бо “Іваны” жылі ў добрай згодзе з адміністрацыяй астрога і дзяліліся з ёю сваімі здабыткамі [К ХІ: 12]. З’яўленне дадатковай семантыкі ў гэтым оніме падкрэсліваецца тым, што пісьменнік паслядоўна ўжывае яго, беручы ў двукоссе, тым самым сігналізуючы пра нетыповае выкарыстанне ў кантэксце. У такіх онімах намінатыўная функцыя зусім мінімальная, на першы план выстаўляецца яго кантэкстуальнае канатацыйнае значэнне, сітуацыйна абумоўленае спецыфікай канкрэтнага твора. Такім чынам, онімам “Іван” узятым у двукоссе пісьменнік эксплікуе яго падтэкставую пеяратыўную семантыку, перадаючы тыя своеасаблівыя ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж арыштантамі і турэмнымі заправіламі.
У якасці сінонімаў да імя Іван у артыкуле ўжываюцца кантэкстуальныя перыфразы “заправіла камеры”, “біч і страх арыштантаў”, “бог і цар”, якія фактычна раскрываюць канатацыйны аспект оніма. Да нашага часу турэмны лексікон узбагаціўся, і да імя “Іван”, выкарыстанага ў гэтым кантэксце, можна падабраць сучасныя сінонімы пахан, злодзей у законе, якія актыўна выкарыстоўваюцца зараз у перыядычным друку, трапіўшы туды з мовы арыштантаў [Клышка 1976: 290]. У маўленні звычайна такія онімы набываюць значэнне агульных назоўнікаў з характарыстычнай функцыяй. Фармант множнага ліку ў такіх апелятываваных адзінках, як заўважыў В. Болатаў, прыводзіць іх у аднароднае няпэўнае мноства, інакш кажучы, у мноства, тыповае для імёнаў агульных [Болотов 1978: 106]. Падкрэслівае канатацыйны бок гэтага оніма яго адметнае графічнае афармленне, а таксама ўжыванне ў форме множнага ліку ў адным мікратэксце. Сярод іншых функцыянальных асаблівасцяў гэтага імя, як і некаторых іншых частых, тыповых і ўжывальных у творах Я. Коласа, прыкметна вылучаецца багацце іх эмацыйна-стылістычных варыянтаў, што звычайна перадаюць канатацыйны змест такіх уласных адзінак у кантэксце. Напрыклад, у мове пісьменніка намі засведчана больш за 30 варыянтаў гэтага імя (Іване, Іванка, Іванок, Іванька, Іванькя, Івась, Іваш, Іан, Ясь, Яська, Яська-кравец, Ян, Яне, Яначка, Янка, Янось, Янь, Янка-Іван-Ваня, Янук, Янэк і інш.). В. Фанякова на падставе матэрыялаў “Слоўніка рускіх асабовых імёнаў” Н. Пятроўскага прыводзіць больш за 40 дэмінутыўных варыянтаў да гэтага самага тыповага ў рускай мове оніма (шматлікія памяншальна-ласкальныя і фамільярна-экспрэсіўныя варыянты). На яе думку, ні адно агульнае імя не можа даць такі лік моўных варыянтаў з памяншальна-ласкальнымі і павелічальнымі суфіксамі. Разнастайнасць такіх канатацыйных формаў у анамастычнай намінацыі стварае багацце сродкаў выражэння эмацыйна-экспрэсіўных адценняў у размоўным асяроддзі, якіх асабліва многа сярод асабовых уласных імёнаў і меней у прозвішчах, мянушках і амаль няма сярод тапонімаў [Фонякова 1990: 20]. Фактычна ў артыкуле імя Іван канатацыйна значымае, яно набыло характарыстычную негатыўна-адмоўную семантыку. Прыкладна такую ж абагульняльную функцыю набылі ў беларускім фальклоры і некаторыя іншыя кананічныя імёны, за якімі замацаваліся дадатковыя ўласцівасці. Параўнайце: Міхайла – непаваротлівы, няўклюдны работнік або зяць; Васіль – гультай; Юрка – бесклапотны весялун (у беларусаў ёсць нават народны танец “Юрачка”); Андрэй – хвалько; Кацярына – легкадумная дзяўчына або жанчына і інш. [Параскевіч 1984: 78]. Між іншым, яшчэ адно канатацыйнае “прырашчэнне” да ўласнага імя Юрка прысутнічае ў рэфрэне Дрэмле Юрка ў заканурку і чакае долі, што ў вершы Я. Купалы “Дрэмле Юрка”. Гэты выраз стаў крылатым: ім перадаецца асуджэнне, бяздзейнасць, пасіўныя адносіны да жыцця [Янкоўскі 1960: 40]. Юрка – у гэтым кантэксце – любы селянін, які чакае, што яго лёс вырашыць нехта, а не ён сам, як і павінна быць. Яшчэ адзін выраз з імем Юрка ў вершы “Чары” Я. Купалы стаў выслоўем: Покі Юрка не меў чына, Быў нішто сабе дзяціна. Юрка ў гэтых радках – абагульненая назва іранічнай асобы, якая пры змене свайго грамадскага стану мяняецца як чалавек. Імя тут набыло канатацыйную насычанасць, перадаючы іранічны сэнс у адносінах да няўстойлівых людзей, якія, атрымаўшы ўладу, чын, могуць неабачліва траціць лепшыя чалавечыя якасці [Янкоўскі 1960: 92]. Такое разнапланавае ўжыванне імёнаў у мове Я. Коласа і іншых пісьменнікаў тлумачыцца агульнанацыянальнымі і некаторымі рэгіянальнымі і канфесійнымі традыцыямі, бо ў беларусаў ужо ў перыяд сярэднявечча выявіліся імёны, асабліва ўжывальныя ў асобных канфесійных групах праваслаўнага, каталіцкага і уніяцкага насельніцтва. Як адзначаюць даследчыкі-этнографы, значная разнастайнасць уласных імёнаў, якімі карысталіся нашы продкі, спалучалася з наяўнасцю груп найбольш ужывальных антрапонімаў, што было выклікана праяўленнем кансалідацыйных тэндэнцый. Так, згодна інвентару 1622 г. на ўсё мужчынскае насельніцтва ўладання Смаргонь прыходзілася 111 імёнаў, сярод якіх найбольш распаўсюджанымі былі Іван (27), Грышка (25), а таксама іншых, менш ужывальных – Фёдар, Мікалай, Пётр, Сцяпан (ад 11 да 14) [ЭБ 1985: 134].
Тыповасць і натуральнасць імя Іван для беларускай мовы пацвярджаецца і наступным дыялогам Лабановіча з вучнем Цельшынскай школы з аповесці ”У палескай глушы”: – Скажы ж ты, галубок, – звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца. – Як ты завешся? Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна ў гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: Хто ж не ведае, як ён завецца? Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць. – Або ты не ведаеш? – у сваю чаргу спытаў хлопчык. – Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б. – Ну, як жа? Іван, ды і ўсё! – прамовіў хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці [К ІХ: 38 – 39].
Частотнасць, ужывальнасць некаторых асабовых уласных імёнаў у мове беларусаў прасочваецца таксама прыкладамі з фальклорных крыніц. Так, у беларускіх прыказках, прааналізаваных Г. Параскевіч, найбольшую частотнасць ужывання маюць наступныя імёны: Ілля (16 словаўжыванняў), Мікола (11), Юрый (12), Пётр (Пятрок) (11), Барыс (6), Ян (5), Варвара (3), Іван (3), Сцяпан (2), па адным разу: Ляксей, Вартламей, Сымон, Зілота, Адам, Зміцер, Пракоп, Павел, Глеб, Мацей і інш. [Параскевіч 1984: 84]. У беларускіх народных казках найчасцей, як прасачыла Л. Хрышчановіч, сустракаюцца наступныя кананічныя ўласныя імёны: Андрэй, Андрон, Апанас, Аўдзей, Антон, Барыс, Васіль (Васька, Васілька), Валодзька, Гаўрыла, Даніла, Дзяніс, Змітрок, Іван, Янка, Ясь, Ілля, Клім, Кірыла, Максім, Макар, Марцін, Мірон, Несцерка, Пятро, Піліп, Раман, Рыгор, Грышка, Сцяпан, Саўка, Сямён, Сенька, Тарас, Федзька, Халімон, Цішка, Юр’я, Ягор, Якуб, сярод жаночых імёнаў: Алена, Аўдоцця, Ганна, Гандзя, Гапка, Кацярына, Мар’я, Малання, Малгоcя, Мар’яна, Юзэпка і інш. Некананічных (язычніцкіх) імёнаў у беларускіх казках значна меней: Мароз, Мяцёлачка, Знайда, Змей, Дабрыня, Напярэд, Кашчэй, Стопак, Салавей, Сівавай, Пабягай, Плавічок, Усявед [Хрышчановіч 1999: 133]. А на захадзе Беларусі (Гродзеншчына, Брэстчына) у ХІV – XVІІІ ст.ст. ужывальнасць асобных уласных імёнаў, іх частотнасць паводле афіцыйных пісьмовых дакументаў, прасочаных Г. Усціновіч, была неаднолькавай: з 268 мужчынскіх і 67 жаночых, адзначаных у актах земскіх судоў, найбольш пашыранымі былі: Ян, Іван, Андрэй, Мікалай, Павел, Станіслаў, Пётр, Марцін, Фёдар, Марына, Анна, Еўдакія. Набор імёнаў ва ўказаныя тэрміны амаль не змяніўся, аднак было выяўлена, што адны імёны шырока ўжываліся ў ХVІ ст. (Багдан, Аляксей, Андрэй, Войцех, Анна, Марына, Сафія), другія (Аляксандр, Казімір, Крыштоф, Екацярына, Раіна) – у ХVІІ–ХVІІІ ст.ст. [Усціновіч 1975: 168].
Сімвалічны абагульняльны сэнс у творах Я. Коласа набылі і некаторыя іншыя ўласныя імёны. Так, усё дарэвалюцыйнае сялянства абагульнена названа ў вершы “Мікалаю ІІ” гутарковымі сялянскімі імёнамі Янка, Грыц, Кузьма: Дзесяць год Мікола думаў, І прыдумаў ён Думу. Пасадзілі разам з панам Янку, Грыца і Кузьму [К І: 45]. У драме “У пушчах Палесся” Я. Колас павялічвае спіс такіх імёнаў, якія абагульнена называюць беларускае сялянства часоў грамадзянскай вайны, гатовае выступіць супраць захопнікаў. Гэта выяўляецца і ў дыялогу Мартына Рыля з панам Крулеўскім: Крулеўскі. Хто твае хаўруснікі? І дзе яны? Мартын. Мае хаўруснікі – Іван, Сцяпан, Даніла, Кірыла, Кандрат, Ігнат, Яўхім ды Трахім, ды Мацей з Аўдзеем [К Х: 100]. Некаторыя імёны ў Я. Коласа ўжываюцца з пераносным значэннем, называючы агульныя паняцці, якасці і інш. Так, імем Юрка пісьменнік назваў дубок, пасаджаны ў памяць аб загінуўшым на вайне сыне: Хадзіў з Міхаськам у Батанічны сад, выкапалі дубок і пасадзілі. Назаву дубок Юркам [К ХП: 494]. А ўласнае імя Барыс у аповесці “На ростанях” пісьменнік ужыў у якасці пароля, што выкарыстоўвала Вольга Андросава: Вольга Віктараўна стукае – Хто? – пытае адтуль голас. – Ад Барыса, – адказвае Вольга Віктараўна. Дзверы адчыняюцца [К ІХ: 351]. У вершы “Вузкае” спалучэннем дзядзька Сымон Я. Колас назваў адзін з дубоў у санаторным парку, калі адпачываў у падмаскоўным санаторыі “Вузкае”: І попел астыўшы асядзе, У лесе адзін зазімуе, І можа наш дуб “Сымон Дзядзя” У холад без нас засумуе [К ІІ: 258]. Магчыма, такое ўжыванне Я. Коласам уласных імёнаў са значэннем агульных можна растлумачыць уплывам фальклору на яго моватворчасць. Так, У. Коваль засведчыў, што ў палескіх гаворках бусла (птушку, да якой людзі адносяцца з асаблівай павагай і любоўю) называюць нярэдка ўласнымі імёнамі Іван або Фёдар. На думку гэтага даследчыка, у замацаванні за гэтымі імёнамі такіх дадатковых канатацый адыграла ролю іх паходжанне: Тэадор у грэчаскай мове – божы дар; Іаан у старажытнаяўрэйскай мове – “той, каго мілуе Бог” [Коваль 1994: 27].
Перачытваючы ў наш час шматлікія творы Я. Коласа, даследчыкі адзначаюць, што колькасць і сутнасць афарыстычных выказванняў у яго творах, іх лаканічнасць, адшліфаванасць формы, абагульняльны характар зместу, што выходзіць за сэнсавыя межы кантэксту, у якім яны нарадзіліся і жылі, ахоплівае “сутокі неба і зямлі”, духоўны свет чалавека і яго практычную дзейнасць, мары і філасофію, побыт і чалавечыя ўзаемадачыненні, мараль і закон [Міхневіч, Назаранка 2001: 231]. Мы прыводзім тыя выслоўі, адзначаныя А. Міхневічам і Ю. Назаранка, у якіх уласныя імёны з твораў Я. Коласа набылі абагульняльны сэнс, маюць канатацыйныя прырашчэнні: Усё адзін чорт: Памёр той Гаўрыла Ці скула яго задавіла...; І мы ў палатах Гадунова Аб Беларусі скажам слова; Таму Янка і галее, Што па праўдзе жыць умее; Калёсы ў Піліпа Не бягуць без скрыпу; Ехаў воз Піліпаў, З воза шворан выпаў; Павесялеў наш поп: навёў Ціт на троп; Ой, Данілу не пярэч: Галаву гатоў адсеч!; Жывот зрабіць хіба ў дзве столкі, Як мех Баландзішын на зёлкі?; Але пастой, Міхал, паслухай, Тады ўжо глуздом парухай...; Яўхім дайшоў да пункту тога, Дзе ён у сведкі клікаў бога...; Не крычы ты, не крычы На мяне, Гануля, І мянушак не лічы, Языка не муляй!; А ў Каруся Дзівака Год не сойдзеш з языка; Ой, Піліп, ой, Піліп! І выпілі б, каб далі б; Дзве рэчы трэба мець, каханы! Адна рэч – розум выхаваны... Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы...; Не тузай, парвеш! – злаваў Мікалай, – Не рві, патузаеш! – перадражніваў Нічыпар; Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не азірайся; У Міхася капітал, Не вялік ён і не мал; Ой ты Сальмон у нас вялікі, Як на чытанне, так на лікі...; Прылашчыць Груня – І Магамет на рай свой плюне! [Міхневіч, Назаранка 2001: 261].
Вопыт сучаснай беларускай мастацкай літаратуры пераконвае, што некаторыя тыповыя беларускія ўласныя імёны, уведзеныя пісьменнікамі ў канву твораў, набываюць там дадатковы канатацыйны змест і потым з новым “прырашчэннем” шырока ўжываюцца ў беларускай народна-дыялектнай мове, што сведчыць пра адваротны ўплыў: літаратурная мова становіцца ўзорам для ўсіх носьбітаў мовы. Пра гэта, напрыклад, пераканальна пісаў І. Лепешаў, прааналізаваўшы мову твораў К. Крапівы: “Некаторыя крапівоўскія выслоўі, нават з кампанентам – уласным імем, створаныя спецыяльна для канкрэтнага выпадку і сітуацыйна абумоўленыя толькі ў пэўным творы, таксама ідуць у народ і, здараецца, атрымліваюць крыху іншае слоўнае афармленне. Напрыклад, у п’есе “Партызаны” Батура, звяртаючыся да Рыгора, які разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі асмейваў пана Шмігельскага, чым і пакрыўдзіў Кацярыну, кажа: “Бедны Рыгорка, будзе табе горка. Цяпер цэлы тыдзень будзеш перапрошваць”. У Глускім раёне і на Гродзеншчыне Ф. Янкоўскім запісаны такія варыянты гэтага выслоўя: Бедны Рыгорка, стала табе горка; Браце Рыгорка, стане і праціўню твайму горка; Прыйдзе Рыгорка, будзе табе горка [Лепешаў 1981: 146].
Між іншым, у сучасных беларускіх гаворках выяўляецца характарыстычнасць (найчасцей адмоўная) некаторых уласных імёнаў, што перажываюць працэсы архаізацыі. Як заўважыў П. Сцяцко, асобныя архаізаваныя імёны ў яго роднай вёсцы Грабава (Зэльвеншчына) ужываюцца з ацэначным значэннем ці як пэўныя мянушкі па прыметах былых носьбітаў імёнаў: Альжбета (Ажбета) – лахудра, бедная; Амяльян (Амяляй) – малы, недарослы; Баўтрамей (Баўтрумей) – дурань; Даніла (Даніло) – ненаедны; Лазар – лежань; Мірун – бяздзетны, вечны халасцяк; Саўлук – той, хто замінае. Як непахвальныя ці нават лаянкавыя выкарыстоўваюцца застарэлыя імёны Марцэля, Катрына, Рэхва (Арэфа), Рыхваіл (Рафаіл), Юдаль (Юда) і інш. [Сцяцко 1968: 110].
Ствараючы запамінальныя рэалістычныя палотны свайго часу, Я. Колас шырока выкарыстоўваў беларускі анамастыкон пачатку ХХ ст. Таму натуральна для яго часу ўспрымаюцца чытачом пераважна сялянскія ўласныя імёны, якія цяпер архаізаваліся і сталі нетыповымі: Баўтрук, Гілёрык, Зыдоры, Амброжык, Доніс, Іканор, Пабіян, Самусь, Самабыль, Пронька, Пранцысь, Акуля, Аршуля, Марцэля, Каруся, Маланка, Праксета, Саламея і інш.: Ой, ты куме, мой кумок, Бадай табе трасца ў бок! А бадай ты не даждаў: Дзе ты ўночы прападаў? Ці не быў ты ў Цацэлі Або Тэклі ў Марцэлі, Або, можа, у Югалі? [К ІІІ: 109].
Так, архаізаванае ў наш час імя Карусь даволі часта ўжываў Я. Колас у сваіх празаічных і вершаваных творах, называючы ім простых сялян, што, на нашу думку, сведчыць аб папулярнасці і высокай частотнасці гэтага імя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у асяроддзі вяскоўцаў. Напрыклад, Ад Каруся ізноў да Каруся пайшоў: Двух я маю дзядзькоў Карусёў [К Ш: 120]. З гэтым імем таксама вядомы літаратурныя персанажы ў апавяданнях “Дзяліцьба”, “Соцкі падвёў”, “Недаступны”, “У балоце”, “Кірмаш”, “За дождж”, “Па дзядзькох”, у паэмах “Новая зямля”, “Сымон–музыка” і інш.. Выкарыстоўваў паэт у “Новай зямлі” і жаночы варыянт гэтага імя – Каруся. У названай паэме ён, апавядаючы пра грыбныя прыгоды вясковых жанчын, прыводзіць цэлы шэраг тыповых для яго часу, але па розных абставінах архаізаваных цяпер беларускіх жаночых імёнаў: Калі свяржэнскія кабеты Капэлай прыйдуць у лес гэты, Ды з іх кабеціна якая Капэлю згубіць і гукае І па імёнах называе: “Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, Алена, Магдалена, Зося, Антося, Анэта, Праксэта, Цётка Югася, Бабка Кася! Гу-у-у! [К VІ: 226]. Аб асаблівай прыхільнасці Я. Коласа да гэтага імя сведчыць і тое, што пісьменнік на самым раннім этапе сваёй творчасці выкарыстоўваў яго для ўтварэння псеўданімаў Дзяцька Карусь, Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, пад якімі ў газетах “Наша ніва” і “Наша доля” ў 1906 г. былі апублікаваны першыя літаратурныя творы класіка нашай літаратуры [Саламевіч 1983: 189].
Названыя імёны з твораў Я. Коласа былі дарагімі і мілагучнымі для пісьменніка, бо, як вядома, паэма “Новая зямля” – самы аўтабіяграфічны яго твор – напісана на падставе багатых успамінаў Я. Коласа пра родныя мясціны, дарагіх яму сваякоў і землякоў. Таму выбар антрапанімічнай формулы, як правільна лічыць М. Фралоў, для літаратурнага персанажа аб’ектыўна вызначаецца эстэтычнай пазіцыяй аўтара, моўнай культурнай таго асяроддзя, да якога належыць персанаж, адносінамі да яго творцы (пісьменніка), адным словам, усёй сукупнасцю прынцыпаў наймення выдуманых і нявыдуманых герояў і эмацыянальна-стылістычным фонам твора [Фролов 1990: 168]. Пра гэта таксама, напрыклад, сведчыць той факт, што Я. Колас неаднаразова ў канчатковым варыянце трылогіі “На ростанях” выпраўляў або замяняў некаторыя імёны персанажаў, “падпраўленыя” ў рэдакцыі без узгаднення з ім. Так, пісьменнік выправіў імя айца Уладзіміра на Уладзімера, Глафіру на Дуню ў трэцяй частцы трылогіі і інш. [Лужанін 1997: 210]. А ў пісьме Я. Мазалькову, які перакладаў трылогію “На ростанях” на рускую мову, Я. Колас раіў: “Янку Тукалу обратить в Семена Тукалу. Операция эта несложна, а имя персонажа приобретает совсем иное звучание”. “...чтоб мой наиболее любимый персонаж Янка Тукала не потерял что-то в своей многозначительной фамилии. Поэтому в “Последний час“ я предложил назвать его “Семен Тукала“ – “Сымон Самохвал“, как это было в действительности“ [К ХП: 204]. Такім чынам, выбар імені літаратурнаму персанажу – адказны момант пры стварэнні мастацкага твора. Яно (імя) актуалізуе і аўтарскую мадальнасць, і праспектыўнасць, і прагматычную накіраванасць тэксту на чытацкае саўдзельніцтва [Вуколова 2003: 347].
Чысціня, натуральнасць беларускіх імёнаў хвалявала не толькі Я. Коласа. Нават нязначныя адхіленні ў напісанні і вымаўленні імёнаў не бываюць не заўважанымі адукаванымі людзьмі. Так, Я. Скрыган адзначаў: “Як трэба пісаць імя – Марыя ці Мар’я? Памятаю, чытаючы “Вайну і мір”, мяне вельмі дзівіла і радавала, што Леў Талстой, нават пішучы пра вялікасвецкае грамадства, князёўну Балконскую зваў не Марыяй, а Мар’яй, хочучы пакінуць за гэтым імем не замежнае вымаўленнне, а славянскае, гэта значыць чыста рускае, народнае. Беларускім імёнам тым больш уласціва традыцыйнае Мар’я [Скрыган 1990: 320].
Гаворачы пра спецыфічнасць, адметнасць імёнаў у творах Я. Коласа (у параўнанні з сучасным беларускім анамастыконам), неабходна адзначыць, што гэтая з’ява прасочваецца не толькі на творчасці Я. Коласа. Так, пісьменнік і лінгвіст Ф. Янкоўскі пра тыповыя беларускія імёны пісаў: “Мне ўспомніўся паляк Міхал Федароўскі. Вялікі ён і дарагі Беларусі, беларусам. Вялікі ён і дарагі Польшчы. У свае немаладыя гады, ходзячы і ездзячы па Беларусі, Федароўскі любаваўся беларускімі набыткамі, знаходкамі ў фраземах, прыказках, вітаннях, зычаннях, прыгаворках, жартах, песнях, казках... Дзівіўся Федароўскі і з такога мілага яму: беларусы нарадзілі далікатныя і мілагучныя Міхась, Антось, Юрась, Карусь, Пятрусь...” [Янк. ЗНД: 388].
Шчыра любіла Беларусь, яе народ, беларускую мову, умела на ёй гаварыць польская пісьменніца Элаіза Ажэшка. Як прасачыў У.Содаль, у яе асноўных герояў і імёны беларускія: Пятрусь, Ладысь, Панас, Пракоп, Паўлюк, Марцэля, Сымон, Аксёна, Алёкса, Данілка, Піліп, Марыська, Ясюк, Наста, Гануля, Сцяпан, Міхал, Якуб, Параска... Пісьменніца напісала больш за 200 розных твораў, а гэта больш за 50 тамоў і асноўныя з іх пра Беларусь і беларусаў... Яна, як ніхто да яе, апавядала свету пра беларусаў. [Содаль 1991: 69]. На жаль, некаторыя з названых імёнаў па розных прычынах архаізаваліся і ўжываюцца ў наш час параўнальна рэдка, што сведчыць пра збядненне беларускага нацыянальнага анамастыкона, выкліканае найперш экстралінгвістычнымі фактарамі. Анамастыкон Я. Коласа – яскравае сведчанне да сказанага.
Як спецыфічны аўтарскі прыём, які спрашчае мастаку слова выразна і шматгранна намаляваць задуманы вобраз, трэба разглядаць паўторнае выкарыстанне таго ж, раней ужытага, асабовага ўласнага імя ў новым творы. Арыгінальнасць гэтага прыёму ў тым, што новы персанаж з ужо вядомым і звыклым для чытача іменем як бы становіцца пераемнікам лепшых (горшых) якасцей свайго папярэдніка, асабліва гэта выразна і наглядна праяўляецца тады, калі пісьменнік “селіць” новага героя ў падобныя нечым абставіны. Перанясенне імёнаў з раней апублікаваных твораў на новыя, нечым падобныя мастацкія вобразы ў анамастыцы называецца алюзіяй – вяртанне да аднаіменнай анамастычнай намінацыі пры амалёўцы новых тыпаў і характараў [Рагойша 1979: 31].
Так, у даваеннай дзіцячай літаратуры імя Міколка з аповесці М. Лынькова “Міколка–паравоз” стала сімвалам рамантычнага гераізму, услаўленнем лепшых якасцей маладога пакалення. Міколка з’яўляецца і цяпер любімым героем беларускай дзетвары. У апавяданні “Васількі”, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, галоўны персанаж таксама надзелены імем Міколка і, як заўважана даследчыкамі творчасці М. Лынькова, па задуме пісьменніка нагадвае свайго слаўнага папярэдніка – Міколку-паравоза. Што гэта так, сведчаць абагульненні, зробленыя М. Тычынам. Вядома, што пісьменніка М. Лынькова да глыбіні душы ўразіў рэальны ўчынак – подзвіг хлопчыка Сашы са Жлобіна, які за здзекі з родных, ахвяруючы сабою, узарваў штабны аўтобус з фашыстамі. Пісьменнік, аб’ядноўваючы гераічнае мінулае і сучаснае, надзяляе новы персанаж вядомым і гераічным імем – Міколка і пераконвае, што вайна з фашызмам больш жорсткая і крывавая, чым усе папярэднія; М. Лынькоў дакладнымі штрыхамі, традыцыйнымі словамі (у тым ліку і ўласнымі імёнамі – В. Ш.) змог паказаць чытачу глыбіню і высакароднасць дзіцячай душы Міколкі, у якую так нечакана ўвайшлі бязмежная любоў да родных і блізкіх і такая ж вялікая па сіле нянавісць да ворагаў [Тычына 1999: 24].
Магчыма, што М. Лынькоў улічваў і тое, што імёны Мікола, Міколка асабліва ўжывальныя на Беларусі, яны частыя ў прадстаўнікоў асноўных беларускіх рэлігійных канфесій, як сярод праваслаўных, так і сярод каталікоў. І ў творах Я. Коласа імя Мікола даволі частае: замацавана яно за 30 літаратурнымі персанажамі [АСТК 1990: 389]. Апрача таго, этымалагічны сэнс гэтага оніма (Мікола, Мікалай) узыходзіць да выразу “той, хто перамагае”. І сапраўды, Міколы, Міколкі ў творах М. Лынькова перамагаюць маральна ці непасрэдна ў тых сітуацыях, у якіх па дынаміцы сюжэту іх “пасяляе” пісьменнік.
Я. Колас у сваёй творчасці неаднаразова выкарыстоўваў паўторнае ўжыванне імя для ідэнтыфікацыі персанажаў, якія нечым нагадваюць характары, учынкі, знешні воблік сваіх аднаіменных папярэднікаў. Пра гэта, напрыклад, сведчыць частае ўжыванне ў творах Я. Коласа для наймення персанажаў імёнаў Андрэй (замацавана за 30 літаратурнымі персанажамі), Ганна (18 персанажаў), Сымон (27) і інш.. Нават мянушку Мамай пісьменнік выкарыстаў двойчы ў апавяданнях “Туды, на Нёман!” і “Крывавы вір”, называючы ёю вясковых кавалёў, нечым падобных, з розных паселішчаў на Куршчыне, дзе пісьменнік пражыў больш за тры з паловай гады (з канца верасня 1917 г. па май 1921 года). Перажытае на Куршчыне, як адзначыў М. Жыгоцкі, пакінула глыбокі след у сэрцы пісьменніка. Таму ўжо ў Мінску Я. Колас напісаў апавяданні “Сяргей Карага”, “Дачакаўся”, “Крывавы вір”, “Туды, на Нёман!”, “Курская анамалія”, “Ванька Кудлаты”, “Пракурор”, “У тыле Дзянікіна”, сюжэты якіх навеяны ўспамінамі беларускага песняра аб курскай зямлі [Жыгоцкі 1993: 33]. Вядомы прыклады, калі Я. Колас выкарыстоўваў уласныя імёны з ранейшых твораў у новых, часткова змяняючы іх і ўжываючы ўжо ў якасці прозвішчаў. Так, з асабовым уласным імем Нупрэй у аповесці “Дрыгва” дзейнічае адважны салдат былой царскай арміі, а потым удалы партызан-разведчык, верны памочнік дзеда Талаша. Ён у самых складаных сітуацыях не падводзіць свайго камандзіра. У новым творы Я. Коласа – драме “У пушчах Палесся”, сюжэт якой поўнасцю заснаваны на фактах, апісаных у “Дрыгве”, каларытнай фігурай атрымаўся смелы партызан-разведчык Нупрэйка, які разам з Купрыянчыкам выратоўвае параненага сына дзеда Талаша Панаса. Параўнаем: у “Дрыгве”: Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды – Купрыянчыка і Нупрэя [К VІІ: 264]; Словам, Нупрэй праявіў усе доктарскія і санітарскія здольнасці... ён быў салдатам і ведаў, як носяць раненых [К VІІ: 280]; у драме “У пушчах Палесся”: З лесу выступае польскі салдат. За ім партызаны Нупрэйка і Купрыянчык нясуць насілкі, дзе відна постаць чалавека... [К Х: 80]. Антрапонімы (Нупрэйка, Купрыянчык) успрымаюцца як тыповыя беларускія прозвішчы, пра што сведчаць іх словаўтваральныя асаблівасці.
Паўторнае, частае ўжыванне імёнаў Андрэй, Ганна, Міхал, Сымон, Кандрат і інш. у творах Я. Коласа, відаць, можна растлумачыць не толькі індывідуальнымі схільнасцямі пісьменніка, а і сямейнымі традыцыямі беларусаў, бо, як прасочана этнографамі, фалькларыстамі, у асяроддзі беларускай шляхты, часткі сялянства ва ўсе часы, пачынаючы з ранняга сярэднявечча, прытрымліваліся радаслоўных звычаяў у выбары імёнаў. Напрыклад, у нясвіжскіх магнатаў Радзівілаў імя Мікалай было самае частае і шаноўнае: так у гэтым знакамітым княжацкім родзе абавязкова называлі сына-першынца. Пачатак традыцыі вызначаўся ад Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. А імя Андрэй галоўнаму персанажу трылогіі “На ростанях” Я. Колас выбраў хутчэй за ўсё таму, што гэта твор аўтабіяграфічны і літаратурна-мастацкі, і, каб у чытача не стваралася ўражання, што пісьменнік стварыў жыццяпіс Канстанціна Міцкевіча, ён змяніў імёны галоўных герояў. Прычым, як лічыць Г. Усціновіч, зразумець унутраны сэнс імя немагчыма без пранікнення ў сутнасць вобраза. Пісьменнік невыпадкова даў імя Андрэй свайму герою, моцнаму верай у сілу праўды і дабра: яно ўзыходзіць да грэч. andreios “мужны”, “храбры”. Хоць унутраны змест імя прыхаваны, але падсвядома ён, відаць, існуе. Акрамя апелятыўнага значэння імя, істотным з’яўляецца імя па бацьку – Пятровіч, Пётр, (ад грэч. petros, што значыць “камень”) [Усціновіч 1986: 39]. Між іншым, у выніку даследавання тэкстаў трылогіі, успамінаў пісьменніка, яго паплечнікаў была выяўлена строгая паслядоўнасць у замене аўтарам пэўных слоў, выразаў уласных імёнаў і прозвішчаў некаторых персанажаў, тапанімічных назваў. Заменена было таксама імя па бацьку галоўнага персанажа трылогіі Андрэй Міхайлавіч Лабановіч Андрэй Пятровіч Лабановіч. У ліку іншых замен: Васілевіч Ганна Пятроўна Васількевіч Ганна Грыгор’еўна, Ганцавічы Ганцэвічы, Ціт Мікалай, Кургай Тургай, Хатынічы Хатовічы, Сымон Янка і інш. [К ІХ: 763]. Асобныя з такіх замен у пісьмах з чытачамі каментаваў сам Я. Колас: “Андрэя Міхайлавіча (Лабановіча – В. Ш.) я сам заўважыў. Прымаў захады, каб выправіць памылку. Напэўна, у далейшых выданнях “Андрэй Міхайлавіч” абярнуўся ў “Андрэя Пятровіча”, як і павінна быць” [К ХІV: 146].
Эмацыйна-стылістычны фон у мастацкіх творах, пісьмах мастака слова нярэдка ствараюць рэальныя ўласныя імёны, якія Я. Колас падае ў самых розных варыянтах, паўторах, спалучэннях са штучна створанымі на аснове рэальнага прозвішча ці імя кантэкстуальнымі антрапонімамі-мянушкамі, таўталагічнымі спалучэннямі-паўторамі і інш. Так, сваю прыязнасць, павагу да паэтаў П. Глебкі і П. Броўкі, іх імёнаў Я. Колас выказвае ў вершы-пасланні “Петрусям”: Я люблю Беларусь, Як здароўе, дабро. Ёсць у ёй і Пятрусь, Ёсць у ёй і Пятро... І нарэшце такі і да вас, Петрукі, Завітала слава [К ІІ: 465]. Наяўнасць разгалінаванай сістэмы варыянтаў уласных імёнаў рэальных асоб у мастацкіх тэкстах Я. Коласа пярэчыць меркаванню некаторых даследчыкаў анамастычнай лексікі аб тым, што такія адзінкі (імёны рэальных людзей) не падлягаюць “аўтарызацыі”, гэта значыць адсутнічае іх творчае асваенне паэтам [Карпенко 1983: 101]. У гэтай сувязі неабходна адзначыць, што В. Ляшчынская на прыкладах з твораў Я. Купалы пераканальна паказала, што ўласныя імёны рэальных асоб, уключаныя ў паэтычную канву яго твораў (І. Буйніцкі, Б. Эпімах-Шыпіла, А. Міцкевіч, Пілсуцкі, Банапарт, Гедымін, Шміт, Гітлер і інш.), набываюць канатацыйныя прырашчэнні – падкрэсліваюць рэальнасць падзей, плён працы носьбіта імя, ганебнасць яго ўчынкаў і інш., валодаюць павышанай асацыятыўнасцю, з’яўляюцца адным са сродкаў мастацкай вобразнасці і інш. [Ляшчынская 2002: 26].
Самыя разнастайныя эмацыйныя праяўленні, пачуцці – любаванне, шанаванне, захапленне, спачуванне, спагаду, роспач і інш. – перадае Я. Колас у сваіх тэкстах, пішучы пра жонку Марыю Дзмітрыеўну Міцкевіч. Дзеля гэтага ён выкарыстоўваў варыянты яе імя: Марыя Дзмітраўна, Марыя Дзмітрыеўна, Мар’я Дзмітрыеўна, Маруся, Марусенька, Марусечка, Марусёк, Марусёначак, Марусік, Маруська. Усяго, як намі падлічана, у мастацкіх тэкстах, пісьмах, успамінах і інш. засведчана 160 словаўжыванняў варыянтаў і спалучэнняў гэтага імені. Сярод названых, якія найчасцей ужываў пісьменнік: Маруся (96 словаўжыванняў), Марыя Дзмітрыеўна (26), Маруська (17), Марусечка (12). Такім чынам, эмацыйная насычанасць гэтых варыянтаў імёнаў выразна дамінуе пераважна ў кантэкстах яго эпісталярнай спадчыны, некаторых вершаваных творах і служыць выразным сродкам эксплікацыі эмацыйных канатацый у такіх адзінках.
Як спецыфічны аўтарскі прыём, уласцівы стылю Я. Коласа для перадачы своеасаблівай павагі, пачцівасці, пашаны да носьбіта імені, неабходна разглядаць ужыванне ў яго мастацкіх тэкстах уласных імёнаў у клічнай форме: Дужа ўзрадаваў ты мяне, Максіме (пра М. Лужаніна – В. Ш.), аб знаходцы ХХІ і ХХП раздзелаў паэмы [К ХП: 326]; Давай пагаворым, Якубе, з табою [К П: 412]; Вецер сцішыўся ў бары, Спі, Якубе, спі, стары! Тут няма жывой душы, Сам сябе ты калышы [К ІІ: 399]: – Як ты мяркуеш, Мартыне, – парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, – ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? [К VП: 252]. Ужыванне ўласных імёнаў у форме клічнага склону ў мастацкіх тэкстах, асабліва ў вершаваных творах, прыўносіць у кантэкст атмасферу ўрачыстасці, узнёсласці, рытарычнасці.
Выкарыстоўваў Я. Колас уласныя назоўнікі ў клічнай форме і для перадачы сялянскага гумару, народных жартаў, пры гэтым, відаць, мастак слова ўлічваў тую акалічнасць, што клічная форма – выдатны традыцыйны сродак індывідуалізацыі мовы літаратурных персанажаў. Так, у вершаваным апавяданні “Святы Ян” пан Сарнацкі, нешта папраўляючы, разбіў фігурку святога Яна, якая стаяла каля касцёла. Каб не парушыць святочны настрой парафіян, на месца “Яна” за гарэлку і за мёд па просьбе Сарнацкага стаў яго сусед: А касцёл быў у чэсць Яна. На падмурку святы Ян. Першым чынам яшчэ зрана Вельмі гожа быў убран... – Не забыў Вінцэнты дзела: Від святога ён прымае, На падмурак стаў як трэба, Вочы ўзвёў, бы Ян, на неба, Руку ўгору паднімае: – Ну, як, браце? – Дасканала! Пчолка ж поўзае й нібыта, Хоць ты махалам махай, – Фрру! – як фыркне “Ян” сярдзіта Ды як крыкне: – Ая-яй! От жа, гадаўка, упякла! Каб ты выдахла была! Ды з падмурка як сарвецца, Ды як рынецца ў народ! Наўскапыта “Ян” нясецца Праз дзяцінец на гарод! А за ім парафіяне: – О, куды ты, свенты Яне? Пане Яне! Не ўцякай! Пане Яне, пачакай! А “Ян”, скінуўшы манаткі, Прэ ў каноплі без аглядкі [К Ш: 134].
Камізм у гэтым кантэксце дасягаецца ў выніку спалучэння лексікі “высокага” стылю: клічных канфесійных формаў: пане Яне, свенты Яне, уласнага назоўніка Ян – у католікаў яшчэ і “святы”; назоўнікаў: касцёл, парафіяне, эмацыйна-ацэначных формаў: пчолка, выразаў: быў убран, першым чынам і інш. і процілеглай па сутнасці – лексікі бытавой, заніжана прастамоўнай: гадаўка, упякла, манаткі, нясецца, прэ, наўскапыта; вясковых кленічаў: “каб ты выдахла была!”, таўталагічных фразеалагічных выразаў: махалам махаць і інш. Тут і каламбурнае, паўторнае ўжыванне ўласных імёнаў пане Яне і свенты Яне: першае – як зварот да скульптуры, якая нечакана “ажыла” і наўскапыта нясецца ў каноплі, і другое – як рытуальны зварот да святога Яна, традыцыйна да якога ў любых сітуацыях звяртаюцца вернікі-каталікі, асабліва ў моманты адчаю, здзіўлення, радасці і г.д. Выкарыстаны пісьменнікам і такі стылістычны прыём, як нагнятанне, або ампліфікацыя сінонімаў-дзеясловаў для перадачы напружанасці дзеяння, якое выклікана ўцёкамі “Яна” з падмурка: як сарвецца, ...як рынецца, нясецца, прэ... Значэнне першага дзеяслова сарвацца – “імкліва пакідаць месца” з нарастаючым дынамізмам памацняюць наступныя, перадаючы канфуз і нюансы жахлівых уцёкаў пакусанага пчоламі “Яна”. Такім чынам, уласныя імёны ў мастацкіх тэкстах нярэдка выкарыстоўваюцца для індывідуалізацыі мовы літаратурных персанажаў з мэтай стварэння гумару, іроніі, пачцівасці, пашаны і інш.
Для творчай манеры Я. Коласа ўласціва паралельнае ўжыванне ў адной канструкцыі ўласных імёнаў і агульных назоўнікаў – іменных словазлучэнняў у ролі звароткаў, якія ўтвараюць своеасаблівы сінанімічны рад, якім пісьменнік найчасцей выражае свае адносіны, пра каго вядзецца гутарка – спагаду, павагу; стварае атмасферу ўрачыстасці, узнёсласці: Упала на попел Мар’яна, Ірве на сабе валасы: Спалілі сыночка Івана. Няма яе сонца, красы. – Іванка, дзіцятка маё ты! Нашто ж ты расло і цвіло? Няхай жа маланкі, грымоты Паб’юць іх, папаляць на тло! [К VШ: 289]; Ох, Яначка! Дзе ж ты, сыночак? О божухна, божухна мой! Нашлі ты і ім такіх ночак! Накрый ты іх цемрай такой! [К VШ: 285]; Мая мілая, харошая, бясконца дарагая Маруся, мой лепшы прыяцель! [К VП: 250]; – Дык, давай, Мартыне, ...давай, дружа, народ склікаць! [К VП: 201].
Асноўнае прызначэнне такіх звароткаў у мове мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, як лічыць А. Пяшкоўскі, – пабуджэнне, імкненне прымусіць слухача слухаць, звярнуць яго ўвагу на маўленне... У кантэксце гэта асаблівасць шчыльна пераплятаецца з функцыяй кваліфікацыі самога слухача, у выніку атрымліваецца нешта сярэдняе між звароткам і назоўным прэдыкатыўным з апушчаным ты. У літаратурнай мове група звароткаў робіцца эстэтычным альбо рытарычным цэнтрам, убірае ў сабе максімум думак і пачуццяў аўтара [Пешковский 1956: 407]. Даследчыкі звароткаў вылучаюць у такіх адзінках наступныя лексіка-стылістычныя асаблівасці: а) звароткі, якія сумяшчаюць у сабе функцыі адрасацыі і характарызацыі; б) звароткі, якія сумяшчаюць у сабе функцыі адрасацыі і намінацыі; в) звароткі, якія сумяшчаюць у сабе ўсе тры функцыі – адрасацыі, намінацыі і характарызацыі [Рапацэвіч 2001: 153]. У прыведеных вышэй прыкладах з твораў Я. Коласа пераважаюць асаблівасці, характэрныя звароткам, якія ўтрымліваюць усе тры пералічаныя асаблівасці гэтых адзінак.
Каб ўсебакова апісаць літаратурны персанаж і перадаць эмацыйны настрой – сваю пяшчоту, любаванне ці спачуванне, пісьменнік выкарыстоўвае варыянты ўласнага імені, далучаючы да яго разнастайныя эпітэты-прыдаткі, эпітэты-параўнанні, эмацыйна-ацэначныя формы. Так, у паэме “Міхасёвы прыгоды” паэт з пяшчотай і замілаваннем апавядае пра гарадскога хлопчыка, які часта хварэў, і дактары прызначылі яму толькі адно лячэнне – адправіць у вёску, хадзіць разам з дзецьмі на рэчку, луг, у лес.
У кантэксце паэмы, прататыпам галоўнага героя якой быў сын Коласа, паэт ужывае наступныя варыянты да імя Міхал: Міхалка, Міхасёк, Міхаська, Міхась, Міхаська-галубок: Налучыла зімою Міхася бяда: Захапіла Міхася хвароб чарада. І дні і нядзелі Ляжаў у пасцелі Слабенькі, Худзенькі, Малы Міхасёк, Як падкошаны той васілёк [К Ш: 218]; Раз Міхаська быў на яме. Сеў сабе на беражок. Там пясочак, муражок, Азярко само, бы ў раме, Зелень яркая, ліства І высокая трава [К Ш: 323]; Але раптам убок Верне дзіўны плавок – Ну якраз жа туды, Дзе сядзіць Міхалка! [К Ш: 225]; Эх, збіўся ты з капыціка, Міхаська-галубок! [К Ш: 229]; А цяпер другі малюнак. Тут дзіцячы карнавал. Між дзяцей і наш Міхал [К Ш: 241].
Названыя варыянты ўласнага імені ў спалучэнні з назоўнікамі беражок, пясочак, азярко, галубок, эпітэтамі-прыдаткамі Міхаська-галубок, прыметнікамі-азначэннямі слабенькі, худзенькі ствараюць атмасферу спагады, спачування, пяшчоты, выклікаючы ў чытача задуманыя мастаком слова станоўчыя эмоцыі, а таксама служаць сродкам узроставай дыферэнцыяцыі і выражэння меліяратыўнай ацэнкі.
Амаль паслядоўна імёны дзяцей у сваіх творах Я. Колас падае ў памяншальна-ласкальных формах, што з’яўляецца паказчыкам асаблівай прыхільнасці пісьменніка да дзяцей, а таксама сталай прыметай у беларусаў так звяртацца да дзяцей ці называць іх у зносінах паміж дарослымі і дзецьмі: Напрыклад, у паэме “Міхасёвы прыгоды” паэт апавядае пра хлопчыкаў, якія вудзілі рыбу: Лёнька тут са стражы, Хлопчык нехлямяжы, Тут і Васька з будкі, Дасціпны і гнуткі, І Аўсейчык Мішка, Паўлік, Цішка, Грышка, Хоць сабе малыя, Але ўдалыя [К ІІ: 222]. Такім чынам, адна з істотных і адметных асаблівасцей асабовых уласных імёнаў дзяцей у самых розных творах Я. Коласа – ужыванне іх дэмінутыўных варыянтаў для звычайнага наймення ў паўсядзённым маўленні.
Ужывае паэт уласныя імёны з памяншальным значэннем, напаўняючы іх пеяратыўнай экспрэсіяй і для перадачы свайго негатыўнага стаўлення, сарказму, іроніі. Так, у вершы “Панам” паэт расійскага цара называе Мікалайкам, выказваючы такім чынам іронію і непавагу і выклікаючы ў чытача такім ужываннем адмоўнае стаўленне да тагачаснай самай высокай дзяржаўнай асобы: Дэфензівы і нагайкі, Як было і ў Мікалайкі: Цар – настаўнік ваш, панове! Пастарункі ды касцёлы, І ніводненькае школы Беларусам у іх мове! [К ІІ: 20]. У іншых тэкстах пісьменніка гэтая дзяржаўная асоба ідэнтыфікавана наступнымі саркастычна маркіраванымі варыянтамі: Міколка, Міколка Дзве Палачкі, Міколка Другі, Міколка Крывавы і інш. Азначэнні да ўласнага імя ў такіх спалучэннях узмацняюць пеяратыўны кампанент саркастычнай канатацыі, выклікаючы ў чытача самае негатыўнае стаўленне да самадзержца.
Такім чынам, канатацыйны аспект онімаў нават у адных і тых жа варыянтах у мастацкім тэксце можа набываць дыяметральна процілеглыя асаблівасці. Напрыклад, памяншальна-ласкальная форма оніма найчасцей перадае спагаду, спачуванне, пяшчоту, выклікаючы станоўчыя эмоцыі, а ў іншым кантэксце гэтая ж форма стварае пеяратыўную экспрэсію – набывае адмоўную характарыстычную функцыю, якая воляй мастака праз шырокі кантэкст замацоўваецца ва ўласным імені, перадаючы такім чынам аўтарскі сарказм, іронію і выклікае ў чытача адмоўнае стаўленне да носьбіта такога імя.
Часам адсутнасць уласнага імя ў кантэксце для ідэнтыфікацыі літаратурнага персанажа, які прысутнічае ў творы, – гэта сродак і сведчанне негатыўнага стаўлення аўтара да ўчынкаў такіх дзейных асоб. Так, у апавяданні “Дзеравеншчына” тлумачыцца, што гэтым словам, якое пісьменнік зрабіў загалоўкам апавядання, даецца зняважлівая, пагардлівая характарыстыка вясковаму хлопчыку Міхалку, які воляй лёсу аказаўся “чужым” сярод “сваіх”. Міхалка ніяк не можа прызвычаіцца да новых яму абставін. Брат і братавая пастаянна зневажаюць яго, называючы “Свінюк”, “Шыбельнік”. Я. Колас нават ні разу ў творы не называе імёны гэтых сваякоў і такім чынам выклікае ў чытача адмоўныя адносіны да іх паводзін, няправільных учынкаў, а кантэкст твора становіцца канатацыйна насычаным, напаўняецца дадатковым эмацыянальна-сэнсавым значэннем. Адсутнасць імёнаў галоўных герояў у некаторых творах – гэта спецыфічная неабходнасць, якая тлумачыцца асаблівасцямі жанру. Так, даследчык беларускіх балад І. Штэйнер адзначаў: “Нягледзячы на тое, што непасрэдным імпульсам для стварэння той ці іншай балады служыць рэальны факт, прозвішча (імя – В.Ш.) героя сустракаецца ў творах у рэдкіх выпадках. У асноўным герой безыменны, бо балада ўслаўляе не столькі подзвіг канкрэтнага чалавека, колькі жыцці тых мільёнаў людзей, якія здзейснілі ці маглі здзейсніць подзвіг” [Штэйнер 2002: 13].
У некаторых мастацкіх творах уласнае імя персанажа не называецца, але аўтар, указаўшы ў тэксце характэрныя прыкметы або нейкія іншыя асаблівасці літаратурнага героя, намякае, падказвае, пра каго вядзецца гаворка. Так, у паэме “Тарас на Парнасе”, як звярнуў на гэта ўвагу І. Лепешаў, упамінаюцца амаль усе Багі з рымскай міфалогіі, безыменны толькі Бог кахання – Купідон, якога чытач уяўляе як юнака з залатымі крыламі, лукам, стрэламі. Іменна гэтыя атрыбуты падказваюць чытачу расшыфроўку імя безыменнага Бога: Хлапчына нейкі круглалікі, Увесь кудравы, як баран, І за плячмі ў яго вялікі Прычэплен лук быў і каўчан... На скрыдлах шпарка паляцеў... [Лепешаў 1981: 98].
Як своеасаблівы аўтарскі прыём трэба разглядаць ужыванне ў тэксце замест уласнага імя або прозвішча апісальнага выразу. У літаратунай мове, асабліва ў публіцыстыцы, як прасачыла Г. Малажай, часта ўжываюцца метанімічныя перыфразы, якімі апісальна называюць прадстаўнікоў пэўнай прафесіі, занятку, імі падкрэсліваюцца прыметы знешняга выгляду асобы і інш., але свядома не называюцца імя або прозвішча літаратурнага персанажа: людзі ў белых халатах, чалавек у бесказырцы. Даследчыца прыводзіць пераканальны прыклад з рамана З. Бядулі “Язэп Крушынскі”, у якім пісьменнік знаёміць чытача з новым персанажам: Цярэшка ззяе вачыма. Перад ім адзін з “тых” – з Еўропы. Чорная вопратка, белы каўнер, бліскучая лысіна, рудая бародка, вочы сфінкса... Далей з усіх прымет гэтай асобы выбіраецца адна – вочы сфінкса, і на старонках рамана, дзе з’яўляецца гэты персанаж, ён усюды называецца чалавекам з вачамі сфінкса. Гэтая перыфраза паслядоўна ў рамане ўжываецца замест прозвішча або імя, якое пісьменнік так і не назваў. Лексічнае значэнне апорнага слова ў гэтай перыфразе настолькі аслабляецца, што ўсю намінатыўную функцыю бяруць на сябе залежныя словы: На хвіліну сфінксавы вочы змоўклі... Сфінксавы вочы прыемна картавілі [Малажай 1980: 45].
У вершы Я. Коласа “Міжнародныя піраты”, які быў напісаны ў 1937 г. у сувязі з нападам італьянскіх ваенных караблёў на савецкія гандлёвыя судны “Тимирязев” і “Благоев”, паэт дае выкрывальна-зневажальную характарыстыку тагачаснаму “міжнароднаму пірату” Беніта Мусаліні, які быў ініцыятарам і выканаўцам шматлікіх міжнародных разбояў, правакацый і канфліктаў. Я. Колас у вершы ні разу не называе імя і прозвішча дыктатара фашысцкай Італіі, аднак канатацыйная сутнасць гэтых рэальных онімаў, за якімі ў мастацкай літаратуры і грамадстве назапашана шматлікая негатыўная інфармацыя, выяўляецца наступнымі мастацка-выяўленчымі сродкамі, насычанымі пеяратыўнай экспрэсіяй – аўтарскімі перыфразамі: цэзар ліпавы, гною куча, майстар ад фашызму, бурбалка пустая; кантэкстуальнымі сінонімамі да імя і прозвішча дыктатара: пірат, бандыт; яго ўчынкі і намаганні характарызуюцца наступнымі экспрэсіўна-маркіраванымі дзеясловамі-выказнікамі: абнаглеў, лезе, шворыцца і інш. Такім чынам, адсутнасць онімаў канкрэтнай гістарычнай асобы ў вершаваных радках кампенсуецца спецыфічным аўтарскім прыёмам – канцэнтраваным ужываннем у творы апісальных выразаў, эматыўнай лексікі, якія вызначаюцца заніжанай экспрэсіўнай афарбоўкай, што садзейнічае выяўленню павышанай асацыятыўнасці онімаў, якія, становячыся гіпатэтычна маркіраванымі, рэальна ўспрымаюцца чытачом, але па задуме паэта не называюцца ў творы. У іншых вершах паэт надварот свядома ў параўнальна невялікім кантэксце стварае канцэнтрацыю рэальных імёнаў для перадачы адмоўнай экспрэсіі: Гінуць Гітлер, Гімлер, Герынг, Гебельс, Гес. Шле за іх літанне папа да нябес [К ІІ: 269]. Памацняе экспрэсіўную выразнасць паэтычных радкоў ампліфікацыя онімаў, а таксама гукавая алітэрацыя, створаная паўторам спалучэнняў Гі, Ге ў імёнах кіраўнікоў фашысцкай Германіі. Выяўляецца ў такім свядомым наборы онімаў з пачатковым Г і мастацкая алюзія – саркастычны намёк на тое, што гэтым гукам пачынаюцца словы, якія выклікаюць самыя адмоўныя асацыяцыі: гад, гніда, гной..., ганьба, гора, гібель, галеча і інш.
Гэты ж прыём паэт выкарыстоўваў і ў вершы “Пахаванне Гейдрыха”: Кат Гейдрых ляжаў у труне, Кат Гімлер аплакваў яго. Кат Гітлер стаяў, як у сне, Над падлаю друга свайго [К ІІ: 226]. Узмацняе эмацыйную арганізацыю гэтых радкоў лексіка-стылістычны паўтор, пабудаваны паралельным размяшчэннем онімаў у спалучэнні са словам-рэфрэнам кат, якія такім чынам фіксуюць увагу чытача (слухача), інтэнсіфікуючы канатацыйны бок онімаў і тым самым мэтанакіравана падкрэсліваюць іх пеяратыўнае значэнне і эмацыйнае ўздзеянне ў кантэксце. Прысутнічае ў гэтых паэтычных радках і аксюмаран (падла – друг) – спалучэнне супрацьлеглых па семантыцы характарыстычных назоўнікаў, якія лагічна выключаюць адзін другога, ствараючы такім ужываннем дасціпна-бязглуздае ўяўленне пра носьбіта оніма [Рагойша 1979: 29].
У творах Я. Коласа засведчана больш за 20 уласных імёнаў-загалоўкаў з эпітэтамі-прыдаткамі. Такія атрыбутыўныя спалучэнні з’яўляюцца семантычна і экспрэсіўна маркіраванымі адзінкамі: “Сымон-музыка”, “Андрэй-выбаршчык”, “Пятрусь-касец”, “Рак-вусач”, “Дзед-госць”, “Савось-распуснік”, “Баяну-кабзару” і інш. Так, у онімах “Савось-распуснік”, “Воўк-дурань” і інш. выкарыстанне прыдаткаў (распуснік, дурань) з пеяратыўнай семантыкай дазваляе пісьменніку сцісла і канцэнтравана перадаць адмоўна-камічную ацэнку ўчынкаў персанажаў названых у загалоўках твораў, а ўжыванне семантычна-гетэрагенных ці семантычна-нейтральных эпітэтаў-прыдаткаў (“Пятрусь-касец”, “Сымон-музыка”, “Баяну-кабзару”, “Сябру-бедаку” і інш.) садзейнічае замацаванню лаканічнай станоўчай характарыстыкі за персанажам, імя якога ўзята ў якасці оніма-загалоўка і ў спалучэнні з прыдаткам выступае з адметнай канатацыяй, утвараючы адно семантычна ці экспрэсіўна цэлае. Такім чынам, прыдаткі ў спалучэнні з онімамі шырока выкарыстоўваюцца ў якасці агульнаўжывальных ці аказіянальных эпітэтаў як сродкі стварэння гетэрагеннай ці пеяратыўнай семантыкі, з’яўляючыся таксама актуалізатарамі і інтэнсіфікатарамі набытага канатацыйнага патэнцыялу онімаў. Нават адзін гэты аргумент у пэўнай меры з’яўляецца сведчаннем таго, што онімы ў мастацкім тэксце – вызначальны кампанент яго структуры і ўсяго зместу, што пярэчыць поглядам некаторых лінгвістаў, якія кваліфікуюць анамастычную лексіку як перыферыйную, якой адводзіцца другарадная роля ў камунікацыі [Плотнікаў 1994: 237].
У некаторых выпадках у паэтычных радках, каб захаваць рытма-меладычную сістэму мовы і ўмела ўключыць у вершаваныя радкі арыгінальную прыказку, Я. Колас выкарыстоўвае зменены, нетыповы варыянт уласнага імя: І не сабака страшан воўку, Калі прыйшлося сказаць к слоўку, Мой пане-браце, мой Марцяга, А непрыемна яго звяга! [К VІ: 81]. Ужыванне ў гэтым тэксце варыянта Марцяга (ад імя Марцін) выклікана найперш тым, што пры беглым чытанні гэтага ўрыўка, як піша І. Лепешаў, можна не заўважыць прыказкі пераносна-абагульненага характару “воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць”, а значыць і не зразумець значэння тэксту, не ўбачыць майстэрства паэта [Лепешаў 1981: 13]. Дзеля захавання рыфмы ў некаторых паэтычных радках Я. Колас мяняў націск у онімах: Будуць, будуць лютым ворагам Канцы. Ох, заплаціце вы дорага, Фрыцы. [К ІІ: 350].
Паэт таксама часта выкарыстоўваў словаўтваральныя варыянты імёнаў. Напрыклад, умела абыгрываў варыянты антрапонімаў Антоні (пры рыфме тоні) і Антося – восі: Бо ўдзень на рэчку і на тоні Схадзіць збіраецца Антоні. Грабільны коссі, клёпкі, восі... Няма трайні – йдзі да Антося; [К VІ: 55]. Ужываў пісьменнік і іншыя варыянты гэтага імя (нават замежныя) для стварэння ўзнёсласці, пачцівасці, асаблівага шанавання: Дарагі Антоні-Антуан! Парадуюся з табою і за шчаслівы вынік аперацыі і за напісанне дысертацыі [К ХІІ: 405]. Магчыма, што змена варыянтаў уласнага імя ў вершаваных радках тлумачыцца таксама і ўплывам фальклору на моватворчасць мастака, бо, як заўважана даследчыкамі, у некаторых прыказках дзеля рыфмы змяняецца і форма імя (Зміцёр замест народна-гутарковага Зміцер): Хіцёр Зміцёр, ды й Саўка не дурань. Або, наадварот, імя настолькі выразнае, што рыфма падбіраецца да яго: Дзміцяр – хіцяр, ды й Саўка не дурак, Наш Тадэуш – які ядэўш, такі рабатэўш [Параскевіч 1984: 80].
Такім чынам, Я. Колас у сваіх разнастайных мастацкіх творах, у перапісцы з калегамі, сябрамі, роднымі шырока ўжываў уласныя імёны свайго часу – гэта пераважна сялянскі анамастыкон беларусаў канца ХІХ – першай паловы ХХ ст. Яны (імёны) у яго творах з’яўляюцца важным элементам лексічнай сістэмы пісьменніка і выконваюць вызначальную ролю не толькі для ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў, а і ў стварэнні мастацкіх вобразаў, раскрыцці аўтарскага разумення твора, адлюстраванні моўных і літаратурных традыцый, якія стварыў ці працягваў класік нашай літаратуры. Адпаведнасць уласнага імя вобразу літаратурнага персанажа – выразны мастацкі сродак у шматлікіх творах пісьменніка.
Я. Колас аддаваў перавагу неафіцыйным варыянтам уласных імёнаў, гэтым ён ствараў нацыянальны ці рэгіянальны каларыт у мастацкіх тэкстах, асабліва часта карыстаўся скарочанымі варыянтамі ўласных імёнаў, а таксама онімамі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі. Адна з адметных асаблівасцей асабовых уласных імёнаў дзяцей у творах Я. Коласа – ужыванне іх дэмінутыўных формаў для звычайнага неласкальнага наймення ў штодзённым маўленні. Паслядоўнае ўжыванне ў творах пісьменніка неафіцыйных (усечаных, скарочаных, а тасама з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, з фіналямі – ась, – ось, – усь, – ісь і інш.) імёнаў у шэрагу выпадкаў выконвае пэўную стылістычную функцыю – надае мове яго твораў гутарковае ці гутаркова-прастамоўнае адценне. Такія адзінкі з’яўляюцца своеасаблівымі кодамі нацыянальнай культуры, “якія даюць магчымасць атрымаць інфармацыю аб розных нацыянальных і культурных аб’ектах (матэрыяльных, духоўных, сацыяльных), характэрных пэўнаму соцыуму на пэўным этапе развіцця грамадства”. Пісьменнік дыферэнцыяваў ва ўжыванні імёны прадстаўнікоў самых розных сацыяльных груп насельніцтва і нацыянальнасцей: простых сялян, вясковых замужніх жанчын, дзяцей, паважаных жанчын-сялянак і мужчын сялян, настаўнікаў, іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, святароў, паноў, прадстаўнікоў рэлігійных канфесій.
Некаторыя імёны ў творах Я. Коласа канатацыйна насычаныя, валодаюць не толькі ідэнтыфікуючай функцыяй. Частка анамастыкона Коласа да нашага часу значна архаізавалася, што абумоўлена рознымі экстралінгвістычнымі абставінамі, пераважна ігнараваннем таго, што было звязана з былым дзяржаўным ладам і царкоўнымі традыцыямі ў выбары імёнаў і інш.
Я. Колас у выкарыстанні імёнаў шырока прымяняў разнастайныя прыёмы, якія спрашчалі і дапамагалі мастаку выразна і шматгранна намаляваць задуманы вобраз. Гэта і ўжыванне некаторых тыповых імёнаў з абагульняючым значэннем, і паўторнае выкарыстанне таго ж, раней ужытага імя, у новым творы; эмацыянальна-стылістычны фон у яго творах ствараюць імёны, якія ён падае ў самых розных варыянтах, паўторах, спалучэннях са штучна створанымі кантэкстуальнымі антрапонімамі-мянушкамі і інш. Як спецыфічны аўтарскі прыём для перадачы своеасаблівай павагі, пачцівасці, пашаны да носьбіта імені – ужыванне ў яго мастацкіх тэкстах уласных імёнаў у клічнай форме. Клічная форма ўласнага імя ў яго тэкстах – выдатны сродак індывідуалізацыі мовы літаратурных герояў, а таксама сродак стварэння атмасферы ўрачыстасці, узнёсласці, рытарычнасці, народнага гумару.
Для творчай манеры пісьменніка ўласціва паралельнае ўжыванне ў адной канструкцыі ўласных імёнаў і агульных назоўнікаў – іменных словазлучэнняў у ролі звароткаў, якія ўтвараюць своеасаблівы сінанімічны рад, якім пісьменнік выражае свае адносіны да персанажа, – спагаду, павагу, стварае атмасферу ўрачыстасці, узнёсласці і інш.
Такім чынам, апрача ідэнтыфікуючай функцыі ва ўласных імёнах у творах Я. Коласа ўнутраная форма выяўляецца пры дапамозе цэлага шэрагу разнастайных прыёмаў і мастацка-выяўленчых сродкаў, што дало магчымасць пісьменніку намаляваць рэалістычныя палотны свайго часу, стварыць пераканальныя мастацкія вобразы, якія сталі нацыянальнымі шэдэўрамі.
