- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
4. Заключэнне
1. Паэтонімы ў творах мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца як выразныя сродкі адлюстравання рэчаіснасці, якія перадаюць нацыянальны каларыт, а таксама індывідуальна-аўтарскую афарбаванасць, узбагачаную традыцыямі і вопытам літаратурнага анамастыкону папярэдніх часоў, спецыфікай літаратурнага жанру і нават канкрэтнага твора. Яны выяўляюць наступныя функцыі, важныя для асэнсавана акрэсленага ўспрымання мастацкага тэксту: пазнавальную, адрасную, ідэалагічную, сацыяльна-ацэначную, эмацыйна-экспрэсіўную, кумулятыўную і інш., якія ў канкрэтным творы могуць рэалізоўваць усе або некаторыя з названых уласцівасцей з большай або меншай ступенню выразнасці, адпаведнасці зместу мастацкага твора, аўтарскай ідэі. Большасць літаратурных онімаў – гэта рэальныя анамастычныя адзінкі, узятыя пісьменнікамі з нацыянальнага анамастыкону і перанесеныя на выдуманыя персанажы ў мастацкім тэксце. Такія кампаненты, апрача сваёй асноўнай, ідэнтыфікуючай (назыўной) ролі, нярэдка валодаюць канатацыйным значэннем, выяўленне якога звычайна дасягаецца падрабязным аналізам шырокага кантэксту, фактамі творчай біяграфіі мастака слова, веданнем жыццёвага лёсу прататыпаў яго літаратурных персанажаў, часам і глыбокім разуменнем літаратурнага працэсу ў перыяд стварэння мастацкага твора. У мове твораў пісьменнікаў онімы рэальных гістарычных асоб падлягаюць “аўтарызацыі”, перажываюць творчае асваенне, набываючы канатацыйныя прырашчэнні, – падкрэсліваюць рэальнасць падзей, у якіх удзельнічалі асобы, носьбіты онімаў, вызначаюць плён іх працы, валодаюць павышанай асацыятыўнасцю, становяцца пэўнымі сімваламі, з’яўляюцца адным са сродкаў мастацкай вобразнасці і інш. [218, 220, 221, 223, 226, 234, 239, 240, 241, 243, 263, 274].
2. Паэтонімы ў творах беларускай мастацкай літаратуры найчасцей з’яўляюцца своеасаблівымі “цытатамі з рэальнага нацыянальнага анамастыкону”. Частка іх ствараецца аўтарскай фантазіяй на ўзор усталяваных для пэўнага соцыуму мадэлей, частка – нязначна змяняецца дзеля спецыяльных мастацка-эстэтычных мэт і задач. Сваімі словаўтваральнымі мадэлямі, семантычнымі і канатацыйнымі асаблівасцямі яны нагадваюць чытачу (слухачу) рэальныя анамастычныя назвы канкрэтных мясцін Беларусі або іншых рэгіёнаў і служаць у канве твораў асноўнымі рэгіянальнымі кампанентамі для перадачы мясцовага, гістарычнага каларыту, прыўносяць у сюжэт “дынамізм, жывасць і дакладнасць пры абмалёўцы канкрэтных сітуацый і прасторавых уяўленняў персанажаў і самога пісьменніка”. Традыцыйнай у беларускай літаратуры з’яўляецца дыферэнцыяцыя онімаў паводле сацыяльнага, нацыянальнага паходжання, канфесійнай прыналежнасці іх носбітаў. Так, прозвішчы і мянушкі з фармантамі –скі, –цкі выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў дваранства, арыстакратаў, шляхты, розных выскачак з прэтэнзіямі на арыгінальнасць (Быкоўскі, Заблоцкі, Цыбульскі, Лятальскі, Гарлахвацкі); для стварэння характарыстычных сатырычных антрапонімаў (Лапсярдацкі, Зязюльскі, Тарбецкі, Балбоцкі, Бацяноўскі); для кантрастнага выдзялення на фоне іншых, напрыклад, “сялянскіх” онімаў (Лось, Арол, Мароз, Хамут, Лемех і інш.) прадстаўнікоў польскіх і беларускіх княжацкіх дынастый, паноў, чыноўнікаў (Дэмбіцкі, Патоцкі, Ракоўскі, Кржывіцкі, Галандзеўскі); для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства (Благавешчанскі, Пакроўскі, Успенскі, Спаскі). Двайныя шляхецкія прозвішчы, мянушкі пад пяром пісьменнікаў – аб’ект своеасаблівай аўтарскай іроніі, сродак спецыфічнага сарказму (Брава-Жыватоўскі, Смятана-Бурчайла, Срэтун-Сурчык, Ромава-Рымша-Сабур) [218, 226, 231, 240, 245, 249, 258, 263, 274].
А) Мянушкі ў мастацкіх творах ўжываюцца пераважна ў ролі кантэкстуальных характарыстычных сінонімаў да афіцыйных асабовых уласных імёнаў або прозвішчаў, атрымліваючы тлумачэнне ў аўтарскіх каментарыях або мове літаратурных персанажаў. Яны, маючы дадатковы падтэкст і іншыя сэнсавыя абертоны, як правіла, канатацыйна значымыя, семантычна выразныя і звычайна замацоўваюцца за персанажам з першых старонак твора. Канатацыйны кампанент у гэтых онімах дамінуючы, ён у іх болей выразны і значымы, чым намінацыйны [226, 240, 252, 258, 261, 263, 264].
Б) Галоўны онім у мастацкім творы – яго загаловак, кантэкстуальная функцыя якога заўважаецца не заўсёды і выпадае з-пад увагі чытача і нават тэкстолагаў. Вызначальная роля гэтага оніма найчасцей вытлумачваецца толькі пасля падрабязнага лінгвістычнага і ідэйна-тэматычнага разгляду твора. Яго семантыка-канатацыйны патэнцыял рэалізуецца ў асноўным на фоне ўсяго кантэксту. Загаловак па сутнасці ўяўляе арганізуючае звяно сюжэтных ліній мастацкага твора і канцэнтраванае выражэнне аўтарскай ідэі ў ім, ствараючы ўнутранае адзінства ўсёй лексічнай сістэмы мастацкага твора, становячыся стрыжнем яго кампазіцыйнай пабудовы [226, 263, 269, 274].
В) Онімы-сімвалы іншасказальна праз умоўнасці пэўнага жанру перадаюць ідэі, думкі, перажыванні і выкарыстоўваюцца як своеасаблівы прыём мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Сімваламі ў літаратуры ў спецыфічных кантэкстах становяцца не толькі традыцыйныя асабовыя анамастычныя адзінкі: (Іван, Фрыц, Чарнобыль, Брэст, Хатынь), а і назвы мастацкіх твораў (“Новая зямля”, “Людзі на балоце”, “Раскіданае гняздо”, “Птушкі і гнёзды”, “Воўчая зграя”, “Труба”), літаратурныя персанажы (Старац, Незнаёмы), псеўданімы (Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун) імёны рэальных гістарычных асоб (Мікалай Гастэла, Васіль Быкаў) [220, 263, 265].
3. Неад’емным кампанентам мастацкіх тэкстаў з’яўляюцца гаваркія онімы – кантэкстна-абумоўленыя адзінкі, характарыстычная функцыя якіх рэалізуецца непасрэдна праз іх апелятывы ў розных тыпах спецыяльна створанага вербальнага або сітуацыйнага кантэксту. Канатацыйны аспект асновы апелятыва, а таксама ацэначныя словаўтваральныя фарманты ў такіх адзінках з’яўляюцца вызначальным ядром іх мастацкай характарыстыкі. Частка такіх онімаў утвараецца лексіка-семантычным спосабам – ад апелятываў з выразна экспрэсіўнай семантыкай, а таксама лексікі, насычанай асацыятыўнымі прырашчэннямі на падставе аналогій або кантэкстуальнымі кантрастывамі: дубіна Дубіна, шырокі Шырокі. Такая “спецыялізацыя” для часткі онімаў з’яўляецца даўно ўсталяванай і традыцыйнай у літаратуры. Да другой групы адносім гаваркія онімы, у якіх канатацыйны патэнцыял выяўляецца з дапамогай самых разнастайных маўленчых адзінак, а таксама стылістычных прыёмаў і спецыялізаваных сродкаў. Важную ролю ў рэалізацыі іх канатацыйных значэнняў адыгрываюць актуалізатары і інтэнсіфікатары – розныя кампанеты прэпазіцыйнага і постпазіцыйнага кантэксту, а таксама канцэнтраванае ўжыванне як аднатыпных, так і разнатыпных маўленчых сродкаў.
Паказчыкамі, рэпрэзентамі канатацыйных прырашчэнняў у онімах выступаюць рэплікі, рэмаркі з ацэначнай маркіроўкай, уласцівыя персанажам або пісьменніку, ужытыя ў постпазіцыйным або прэпазіцыйным кантэксце, графічныя сродкі (выдзяленне оніма двукоссем, напісанні праз дэфіс), ампліфікацыя, каламбуры, абыгрыванне онімаў у розных спалучэннях, ужыванне варыянтаў эмацыйна і экспрэсіўна маркіраваных онімаў, выкарыстанне онімаў-звароткаў у клічнай форме, онімаў-сімвалаў, онімаў-алюзій, прыдаткаў, словазлучэнняў-перыфраз як спецыфічных сінонімаў-актуалізатараў да ўласных імёнаў, а таксама комплекснае выкарыстанне названых і іншых сродкаў. Клічная форма ўласнага імя ў многіх мастакоў слова – важны кампанент індывідуалізацыі мовы персанажаў, сродак стварэння ўрачыстасці, узнёсласці, гумару, пеяратыўнай экспрэсіі і інш. Адсутнасць у творы онімаў, асабліва імёнаў канкрэтных гістарычных асоб, учынкі якіх засведчаны ў тэксце, традыцыйна кампенсуецца канцэнтраваным ужываннем апісальных выразаў, назваў іх пасад, эматыўнай лексікі, што ў комплексе садзейнічае выяўленню павышанай асацыятыўнасці да такіх гіпатэтычна маркіраваных імёнаў [84, 222, 226, 232, 237, 240, 247, 259, 263, 265, 271, 274, 276].
4. Шырока выкарыстоўваецца ў мастацкіх тэкстах такі троп, як антанамасія, – ужыванне уласных імёнаў са значэннем агульных і агульных са значэннем уласных. Узаемадзеянне імёнаў уласных і агульных ажыццяўляецца ва ўзаемным абмене і ўзбагачэнні апелятыўнага і анімістычнага слоўніка пісьменніка або нават усёй мовы ў цэлым. Пераход уласных імёнаў у агульныя можа быць поўным, што прыводзіць да стварэння самастойнай лексічнай адзінкі, і няпоўным – сітуацыйным, кантэкстуальным. Некаторыя апелятызаваныя онімы выкарыстоўваюцца як назвы, што перадаюць выразны малюнак пэўнага перыяду з жыцця грамадства, адлюстроўваючы тыповае і адметнае, што звязана з дзейнасцю пэўнай і вядомай у тым грамадстве або соцыуме асобы: балахоўшчына, гуканаўшчына, баўдзейства. Другасная намінацыя ў такіх утварэннях узнікае ў выніку змены дэнатата, абстрагавання і метафарызацыі самых выразных прыкмет носьбіта такога ўласнага імя, якое пакладзена ў аснову апелятызаванага оніма [226, 240, 263, 265, 274, 276].
5. У беларускай мастацкай літаратуры выпрацаваны шэраг аўтарскіх прыёмаў з мэтай найбольш эфектыўнага ўжывання і ўключэння онімаў у тэкст. Гэта: паўторнае выкарыстанне раней ужытага асабовага ўласнага імя ў новым творы; літаратурныя алюзіі; ужыванне онімаў у самых розных варыянтах, паўторах, спалучэннях са штучна створанымі кантэкстуальнымі антрапонімамі-мянушкамі, прыдаткамі, таўталагічнымі спалучэннямі-паўторамі; абыгрыванне гаваркіх онімаў пераважна на аснове паранамастычнай або сінанімічнай суадноснасці звязаных з імі лексем-апелятываў; выкарыстанне прыёму адпаведнасці ўнутранай формы оніма характару, знешняму выгляду, учынкам літаратурнага персанажа: Дзівак – дзіўны, Лагода – лагодны, Жарстак – жорсткі; у літаратуры таксама шырока вядомы і прыём кантрасту: унутраная форма, канатацыйны аспект оніма процілеглы па сутнасці мастацкаму апісанню вобраза: Зручны – нязручны, непрыстасаваны да пэўных умоў; Звяруга – добры па натуры, спагадлівы. Неадпаведнасць оніма апісанню, характару і паводзінам яго носьбіта – не менш эфектыўны сродак выяўлення ва ўласнай назве яе канатацыйнага зместу і актуалізацыі ўнутранай сутнасці оніма. Пісьменнікі нярэдка ўмела сумяшчаюць самыя розныя прыёмы, ствараючы запамінальныя онімы і вобразы літаратурных персанажаў [226, 240, 244, 263, 270, 272, 274].
6. У мастацкай літаратуры выяўляецца выпрацаваная мастакамі слова сістэма сродкаў, якая дапамагае натуральна ўводзіць анамастычныя адзінкі ў канву твораў. Прыёмы апрацоўкі і ўвядзення ўласных імёнаў у мастацкі тэкст – паказальная, а часам вызначальная асаблівасць мовы і стылю пісьменніка [226, 240, 262, 274].
СПІС
