Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Анамастычная лексіка у мове маст. літ..doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.42 Mб
Скачать

3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры

У творах літаратуры шырока выкарыстоўваецца такая разнавіднасць метаніміі, як антанамазія, у выніку якой адбываецца замена імя або прозвішча літаратурнага персанажа назвай справы і інш., якой ён займаецца, або наадварот – замена назвы заняткаў ці іх выніку імем (прозвішчам) чалавека, якое як правіла, стала шырока вядомым. Так, у сваіх творах Якуб Колас выкарыстоўваў прозвішчы персанажаў у форме множнага ліку як абагульненыя ўласныя онімы, якія ўмоўна называлі і характарызавалі індывідуальныя рысы, уласцівыя літаратурнаму персанажу, і пераносіліся на пэўныя групы ці калектывы людзей: Саханюкі – абагульненая назва тых, хто ўхіляецца ад удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе; ад прозвішча персанажа аповеці “У палескай глушы” Саханюка, настаўніка Хатовіцкай школы, чалавека выключна практычнага, які больш за ўсё любіў сябе, з усяго стараўся мець выгаду. Не падзяляў поглядаў Лабановіча на працу настаўніка, большую частку часу аддаваў сваёй гаспадарцы. Быў прыхільнікам спакойнага, сытага жыцця [АСТК 1990: 505]; Ужываў пісьменнік і памяншальны варыянт гэтага прозвішча – Саханючок, якое ўтрымлівае ацэначна-зневажальную характарыстыку: Я пакараюся табе... Але... Стой! Ты, брат, хіцёр, Саханючок: я ведаю, ты хочаш ад мяне пад пяную руку падпіску ўзяць... [К ІХ: 132]; Скірмунты – абагульненая назва буйных памешчыкаў Мінскай губерні, ад прозвішча пінскага памешчыка Скірмунта, заможнага пана, гаспадара багатага маёнтка Альбрэхтава, які незаконна карыстаўся затокамі і сенажаццю сялян вёсак Выганы і Высокае, быў злым, прагным чалавекам, ставіў сябе вышэй за ўсіх: Скірмунт – чалавек важны і заможны пан. Яго маёнтак адзін з найлепшых на Піншчыне. Выгладжаны і прылізаны, важна сядзіць ён у сваім пышным кабінеце за багатым сталом, курыць дарагія цыгары. Праца сялян і праца рабочых – гэта праца жывёлы. А ён працуе галавою [К ІХ: 366]. Анцыпікі – абагульненая назва людзей, для якіх уласціва мяшчанскае імкненне да сытага кавалка хлеба і спакойнага бестурботнага жыцця. Ад прозвішча настаўніка Верханскай школы Івана Анцыпіка: Але такая думка жыве не ў адной толькі галаве Лабановіча; яна займае тысячы настаўніцкіх галоў – не ўсе ж яны Анцыпікі і Саханюкі, якія ўхіляюцца ад рэвалюцыйнай барацьбы і лічаць лепшым жыць спакойна і сыта [К ІХ: 435]. Магчымасць пераходу ўласных імёнаў у агульныя, на думку А. Суперанскай, можна назіраць тады, калі: 1) дэнатат імя набывае дастатковую вядомасць ва ўсіх членаў пэўнага моўнага калектыву, што атрымалі некаторы мінімум выхавання і адукацыі (назвы многіх дзяржаў і сталіц, буйнейшых рэк і гор, імёны найбольш папулярных палітычных дзеячоў і дзеячоў літаратуры і мастацтва, сучасных і мінулых эпох; 2) імя перастае звязвацца з адным колькі-небудзь пэўным дэнататам і робіцца тыповым для многіх чым-небудзь падобных адзін да аднаго людзей, пасяленняў, рэк і г.д. [Суперанская 1973: 116]. У творах Я. Коласа вядомы наступныя онімы, якія сведчаць пра пераход уласных імёнаў у агульныя. Гэта: Жэлігоўскія – абагульненая назва генералаў; Астроўскія – абагульненая назва беларускіх нацыяналістаў, якія служылі польскай дэфензіве; Кіртыклісы – абагульненая назва катаў беларускай культуры, ад прозвішча ваяводы Кіртыкліс [К ХІ: 57], якія ўпамінаюцца ў артыкуле “Яны пратэстуюць” [К ХІ: 57].

Пры антанамазіі ў оніме як бы сумяшчаецца асабовае-іменнае і агульна-назоўнае значэнні. Уласнае імя ў такіх выпадках набывае асаблівасці агульнага, атрымліваючы або станоўчую, або адмоўную экспрэсію [Цікоцкі 1995: 153]. Параўн.: Выйшаў Гурба, два штабісты, Ганіч, Лебяда, Хлопец ёмкі і плячысты, Змоўкла грамада. – Ну што ж, хлопцы, час нам рушыць, Выйсці з лесу ў свет, Гансаў, фрыцаў і карлушаў Страсянуць як след [К VІІ:, 264]; Пятрок – гэта вочы і вушы: ён чуе і бачыць усё, Ён знае, дзе фрыцы-карлушы, Чый певень у іх, парасё [К VІІІ: 259]. Тут уласныя імёны Ганс, Фрыц, Карл (Карлуша) ужытыя як абагульненыя назвы нямецкіх салдатаў з агульным значэннем немцы-захопнікі. Семантыка-канатацыйны патэнцыял такіх “апелятызаваных” онімаў у гэтым кантэксце абсалютна аднолькавы: яны (тры асобныя лексічныя адзінкі) абазначаюць адно паняцце; актуалізатарам, паказчыкам канатацыйнага значэння ў такіх адзінках (былых асабовых уласных імёнах) з’яўляецца пачатковая малая літара, а таксама напісанне былых імёнаў праз злучок (фрыцы-карлушы).

У творах Я. Коласа антанамазія – часты прыём для стварэння пеяратыўна маркіраванага значэння ў онімах, напрыклад, у вершы “Фрыцы” гэты онім пад пяром пісьменніка набыў выразна акрэслены негатыўны падтэкст, якім характарызуюцца захопнікі: Лезе, прэцца фрыц сляпіцаю, Як пац, Нелюдзь чорная, тупіца ён, Эрзац. Лапы ў фрыца – заграбастыя Каўшы, А сумленне і не шастае У душы [К ІІ: 350]. Выкарыстанне такой стылістычнай фігуры як антанамазія (у разгледжаным выпадку яе разнавіднасці – апелятывацыі онімаў) памацняе пеяратыўны змест вершаваных радкоў, напаўняе яго экспрэсіяй. Пераканальна гэта пацвярджаецца і наступным абагульненнем, прыведзеным А. Юрэвіч: “Няма патрэбы пераказваць змест шматлікіх чэхаўскіх навел. Прыпомніце іх, і перад вачыма ў вас у доўгай чарзе чэхаўскіх “герояў” – лягавых, грызловых, укусі-каланчоўскіх, настаўніка Ахінеева, гарадавога Жратвы, акцёра-палюбоўніка Паджарава, гімназіста Высекіна і шматлікіх запупырыных, смердзяковых, падзатылкіных, чарнасвінскіх, галапёсавых і сямірылавых на чале з унтэрам Прышыбеевым – пройдзе здань царскай Расіі [Юрэвіч 1983: 115].

Апелятывацыя такіх онімаў (Запупырын запупырыны, Чарнасвінскі чарнасвінскія і г.д.) адбываецца ў тых выпадках, калі часткова зменены онім набывае характарыстычную функцыю, уласцівую групе людзей, становіцца выразна гаваркім, а перанос, метанімізацыя адбываецца ў выніку развіцця асацыяцыі па падабенстве: нейкая рыса, асаблівасць канкрэтнага дэнатата, звычайна вядомага ў соцыуме, выяўляецца ў іншых індывідуумаў. Прычым у адных пісьменнікаў такія пераносы ўзнікаюць на аснове выразных онімаў-характарыстык (гарлахвацкія, тулягі і г. д.), у другіх – паводле розных асацыяцый, якія могуць развівацца не толькі ў выніку нейкіх прымет дэнатата, а найчасцей на падставе самага агульнага ўяўлення пра яго (Анцыпікі, Саханюкі, Кіртыклісы, бародкаўшчына, гуканаўшчына і г. д.).

Уласныя імёны, прозвішчы, перажыўшы па волі пісьменніка працэс апелятывацыі, фактычна становяцца базай утварэння агульных назоўнікаў на аснове дэанімізацыі. У такіх аказіянальных лексічных адзінках абавязкова адбываецца назапашванне рознага роду канатацый і семантычных кампанентаў, якія ўтвараюцца звычайна на падставе самых розных асацыяцый у тэксце: Нядоўга сваволіць расцугленай сцерве – Хрыбет яе гнецца і крышыцца зуб. Паточаць у полі магільныя чэрві Труп гітлераў, герынгаў, гебельсаў труп [К ІІ: 190]. Тут гітлеры, герынгі, гебельсы – нямецкія салдаты, якія слепа выконвалі волю, загады сваіх кіраўнікоў Гітлера, Герынга, Гебельса. У такіх адзінках, на думку В. Фаняковай, у выніку семантычнай трансфармацыі онімаў адбываецца іх тыпізацыя і сімвалізацыя як адна з умоў апелятывацыі, якія ўзнікаюць дзякуючы суаднесенасці такіх эстэтычных і лінгвістычных катэгорый, як мастацкае імя і характар, імя і падзея, імя і сацыяльны тып, імя і час, якія адлюстраваны ў творы [Фонякова 1990: 33]. А напісанне былых онімаў з малой літары (гітлеры, герынгі, гебельсы) сведчаць пра аказіянальнае ўспрыняцце іх у соцыуме як апелятызаваных уласных адзінак, як своеасаблівых актуалізатараў пеяратыўнага прырашчэння, хаця поўнай апелятывацыі тут не адбылося, бо ў такіх напісаннях гэтыя словы не замацаваліся ў асноўным нацыянальным лексіконе беларускай літаратурнай мовы. Як лічыць А. Суперанская, у большасці выпадкаў некаторыя імёны ўласныя, якія аказіянальна ператвараліся ў агульныя, пераважна ўжываюцца ў множным ліку, аднак падобныя пераходы становяцца магчымымі тады, калі абстрагуемыя онімы (учынкі, манеры, рысы іх носьбітаў і г.д.) становяцца тыповымі, уласцівымі многім [Суперанская 1973: 118].

Узаемадзеянне імёнаў уласных і агульных, як прасочана ў лінгвістычнай літаратуры, ажыццяўляецца ва ўзаемным абмене і ўзбагачэнні апелятыўнага і анімістычнага слоўнікавага складу мовы. Пераход, ператварэнне імёнаў уласных у агульныя і наадварот – з’ява даволі пашыраная ў сучасных усходнеславянскіх мовах. Сведчаннем гэтаму прыведзеныя прыклады з твораў Я. Коласа (гансы, фрыцы, карлушы). Пераход уласных імёнаў у агульныя можа быць поўным, што прыводзіць да стварэння самастойнай лексічнай адзінкі (дызель, браунінг, наган, бастон, галіфэ), і няпоўным, сітуацыйным ці кантэкстуальным. Так, у гады вайны словам фрыц маглі назваць любога немца-салдата. У гэтым выпадку можна гаварыць пра агульны назоўнік фрыц як самастойную лексічную адзінку, кваліфікуючы яе як сінонім да слова немец. Такое ж значэнне, праўда, у меншай меры набылі і ўласныя імёны Ганс, Карл, ужытыя Я. Коласам у прыведзеным вышэй тэксце, прычым усе гэтыя назоўнікі ўтрымліваюць і канатацыйны кампанент, заснаваны на другасных эмацыянальна-сэнсавых прырашчэннях.

Апелятывацыя онімаў нярэдка спалучаецца з іх плюралізацыяй, у выніку якой у оніме з асацыятыўнай семай “тыповае імя” ўзмацняецца нейкі канатацыйны аспект. Так, этнанімічны зрух у асноўным у перыяд Вялікай Айчыннай вайны выявіўся ў імёнах Іван, Фрыц, што прывяло да ўтварэння на іх аснове перыферыйных этнанімічных адзінак канатацыйнага характару: іваны – рускія (беларусы, украінцы), фрыцы – нямецкія (фашысцкія) салдаты. Такі прыём апелятывацыі онімаў, як прасачыў В. Супрун, дастаткова рэгулярна выкарыстоўваецца ў сучасным палітычным дыскурсе, дзе плюральныя формы найчасцей выражаюць саркастычна-пагарджальную канатацыю (сабчакі ўцякаюць, чубайсы крадуць, беразоўскія інтрыгуюць і г.д.). Актывізацыя такой дэрывацыйна-семантычнай мадэлі была заўважана асабліва ў другой палове ХХ ст. [Супрун 2000: 53–54].

Апелятызаваным онімам у аповесці “На ростанях” успрымаецца памяншальна-ласкальны варыянт асабовага ўласнага імя Каця – Кацька, якім Мацей Дулеба назваў сторублёвую купюру з выявай царыцы Кацярыны, якую Дулеба “падсунуў” як хабар земскаму начальніку, каб атрымаць пасаду валаснога пісара: З Лабановічам яго (Мацея Дулебу – В. Ш.) звязвала нядаўняя настаўніцкая прафесія, і ён прызнаўся Андрэю, якім спосабам дабіўся пісарскай пасады: – “Кацьку”, брат, падсунуў графу. Гэта значыць – даў графу, земскаму начальніку, сто рублёў, бо на царскай сторублёўцы быў партрэт царыцы Кацярыны [К ІХ: 320]. Падкрэслівае канатацыйны аспект гэтага апелятызаванага оніма, яго аказіянальнае значэнне, графічнае выдзяленне двукоссем, а таксама форма самога оніма з суфіксам суб’ектыўнай ацэнкі, якія з’яўляюцца паказчыкамі іранічнай афарбоўкі змененага ўласнага імя. У мастацкіх тэкстах, нават калі пісьменнік выкарыстоўвае для абазначэння персанажаў апелятыўныя адзінкі (напрыклад, у К. Крапівы Асёл, Жаба, Баран і г.д.), яны, як правільна адзначыў В. Супрун, непазбежна анімізуюцца і такім чынам становяцца кантэкстуальнымі антрапонімамі [Супрун 2000: 150].

Каб засяродзіць увагу чытача да оніма, падкрэсліць яго канатацыйную асаблівасць у творы, пісьменнікі нярэдка выкарыстоўваюць яго нетрадыцыйныя варыянты, якія фактычна набываюць асаблівасці апелятызаваных онімаў. Так, старажытная і ўсталяваная назва германскіх плямёнаў тэўтонцы, а таксама назва іх ваенна-палітычнага аб’яднання “Тэўтонскі ордэн” у тэкстах Я. Коласа ўжываецца не ў тыповай для гэтага оніма форме – тэўтон як агульная назва германскіх народаў: Тэўтон, як быў, дык і ёсць скула І з тым жа норавам ваўкоў [К VІІІ: 217].

Да такога ж выніку ў онімах са значэннем агульных назоўнікаў набліжаюцца імёны вялікіх людзей: Напалеоны – вялікія палкаводцы; Вальтэры – вялікія мысліцелі; Шэкспіры – вялікія пісьменнікі і г.д. Пры такім аказіянальным пераходзе імёнаў уласных у агульныя, як звярнуў на гэта ўвагу В. Болатаў, гэтыя гукавыя комплексы заўсёды эмацыйна афарбаваныя, бо яны захоўваюць сувязь з дэнататамі і заўсёды з’яўляюцца маркіраванымі членамі сінанімічнага рада: палкаводзец, мысліцель, пісьменнік. У маўленні яны выступаюць з характарыстычнай функцыяй, тыповай для імёнаў агульных. Фармант множнага ліку прыводзіць іх у аднароднае няпэўнае мноства, інакш кажучы, у мноства, тыповае для імёнаў агульных [Болотов 1978: 106]. Між іншым, у Я. Коласа засведчана ўжыванне прозвішча Ламаносавы як абагульненай назвы таленавітых маладых людзей, якія кідалі хаты і ішлі шукаць асветы: У маёй памяці жывуць вобразы юнакоў-беларусаў, якія кідалі ўбогую хату сваіх бацькоў і за сотні кіламетраў пехатой, з торбай і палкай ішлі шукаць асветы і не знаходзілі яе – не для іх будавалі гімназіі. Гібелі і гінулі таленты, самародкі з народа, гэтыя свайго роду Ламаносавы [К ІХ: 186]. Гэты ж онім Я. Колас выкарыстаў як станоўчую мянушку ў адносінах да Сцяпана Баруты – персанажа аповесці “На прасторах жыцця” за яго стараннасць да навукі, сталасць, сур’ёзнасць да спраў: Сярод таварышаў Сцёпка выдзяляўся сваёй стараннасцю ў навуцы, сваёй сталасцю і сур’ёзнасцю. За гэта яго празвалі тут другім Ламаносавым...[К VП: 66]. У даным выпадку адбылася штучная анімізацыя, у выніку якой новая анамастычная адзінка (мянушка) робіцца амонімам прозвішча вядомага вучонага-энцыклапедыста. З’яву апелятывацыі можна прасачыць і на такіх агульных назоўніках, як карнілаўшчына, балахоўшчына, керыншчына, а таксама баўдзейства, утвораных ад прозвішчаў Карнілаў, Булак-Балаховіч, Керанскі, Баўдзей, якія ўжываў Я. Колас у сваіх мастацкіх і публіцыстычных тэкстах. Пераход названых онімаў у агульныя назоўнікі, як і ў папярэдніх выпадках, адбыўся па вядомай схеме, апісанай А. Суперанскай [Суперанская 1973: 116]. У мастацкім тэксце пісьменнік такімі адзінкамі стварае выразны малюнак пэўнага перыяду з жыцця грамадства, выяўляючы, напрыклад, адметнае ці тыповае ў перыяд карнілаўшчыны, што адбывалася ў Расіі ў жніўні 1917 г., на чале якой стаяў генерал Карнілаў.

У наш час апелятывацыя онімаў вядомых у соцыуме асоб набывае новыя асаблівасці. Так, адным з прадуктыўных тыпаў моўных анамалій з’яўляюцца адантрапанімічныя дэрываты, якія ў семантыцы ўтрымліваюць выразна акрэсленую негатыўную ацэнку. Параўн.: у рускім перыядычным друку наступныя адантрапанімічныя неалагізмы і аказіяналізмы, якія лёгка этымалагізуюцца на фоне прозвішчаў вядомых цяпер у грамадстве асоб: ельцыноід, чубайсяты, начубайсіць, ельцынізаваць і інш. [Ратникова 2001: 110].

У творах мастацкай літаратуры імёны і прозвішчы рэальных гістарычных асоб як апелятызаваныя онімы ў форме адзіночнага ліку выкарыстоўваюцца з абагульняльным значэннем, становяцца канатацыйна ўскладненымі аманімічнымі адзінкамі. Такое словаўжыванне, абумоўленае індывідуальнымі асаблівасцямі мастацкага ўспрыняцця рэчаіснасці, не частае ў творах Я. Коласа, затое ў тэкстах, напрыклад, Янкі Купалы гэтая анамастычная з’ява даволі ўжывальная: Былі войны, бітвы, Слёзы, кроў лілася; Шведа Банапарта Сляды засталіся [Куп. ІV: 200]; Паўстаў вораг дзікі – Скарападскія пятлюры Ды Махно, Дзянікін [Куп. ІV: 332]; І ўцякалі, дзе папала, Са страхам вялікім Скарападскі і Пятлюра, Калчак і Дзянікін [Куп. ІV: 332].

Штучную апелятывацыю можна прасачыць на прыкладзе агульнага назоўніка балахоўшчына, які Якуб Колас выкарыстаў са значэннем “бандытызм, мяцеж, супраць савецкай улады, на чале якога стаяў генерал Булак-Балаховіч: Іван прыйшоў да такога заключэння: адарваўся ён ад вясковага жыцця за восем гадоў бадзяння па свеце, вайна, тулянне па лясах, балахоўшчына і ўсё іншае [К V: 353]. Гэты анамастычны наватвор узнік у гады Грамадзянскай вайны па вядомай ва ўсходнеславянскіх мовах словаўтваральнай мадэмі. Параўн.: Пугачоў пугачоўшчына, Хаванскі хаваншчына, Карнілаў карнілаўшчына, Дзянікін дзянікіншчына, Махно махноўшчына, Балаховіч балахоўшчына і г.д. Пры пераходзе ўласнага імя ў агульнае яно напаўняецца новым значэннем, якое, на думку А. Суперанскай, суадносіцца з тыповай дзейнасцю асобы, названай у аснове оніма... Абавязковай умовай любога (поўнага і частковага, сітуацыйнага) пераходу імя ўласнага ў агульнае з’яўляецца вядомасць дэнатата імя. Усе члены названага моўнага калектыву (або хаця б мікракалектыву) павінны мець пэўныя, няхай нават самыя агульныя, але аднатыпныя ўяўленні аб самых агульных уласцівасцях дэнатата імя (аб канатацыях імя) [Суперанская 1973: 117]. Відаць, вядомасць дэнатата імя, яго навізна сталі той падставай для Я. Коласа ў выбары мянушкі галоўнаму персанажу апавядання “Балаховец”. У кантэксце пісьменнік лаканічна тлумачыць значэнне гэтай мянушкі. Колас, мабыць, не выпадкова мянушку Балаховец зрабіў загалоўкам апавядання, надаючы гэтаму наватвору асабліва важную ролю ў выражэнні галоўнай ідэі апавядання (звярніце ўвагу: апелятызаваны онім зноў анімізуецца: балаховецБалаховец). Сама назва інтрыгавала, успрымалася як наватвор-актуалізатар да ўсяго зместу апавядання. Фактычна такі загаловак, перацярпеўшы расшырэнне семантычнага аб’ёму, у мастацкай канве твора становіцца ключавой адзінкай у выражэнні галоўнай ідэі апавядання. Загаловак тут выконвае арганізуючую, праспектыўную функцыю і дапамагае пісьменніку, а затым і чытачу, у фармаванні агульнага ўяўлення пра асноўныя сюжэтныя лініі твора, пра яго галоўны персанаж з такім складаным лёсам.

Такім чынам, онім Булак-Балаховіч у гэтым кантэксце, стаўшы абагуленым знакам цэлага мастацкага тэксту, дзякуючы вызначальнай і тыпізуючай функцыі мастацкага вобраза, выконваючы разнастайныя мастацка-выяўленчыя функцыі, на фоне ўсяго твора перажыў працэсы апелятывацыі і анімізацыі: Балаховіч (прозвішча)  балахоўшчына (мяцеж супроць Савецкай улады на чале з генералам Булак-Балаховічам)  балаховец (удзельнік мецяжу)  Балаховец (мянушка былога ўдзельніка мецяжу)  “Балаховец” (назва твора Я. Коласа). Гэты онім стаў ключавой адзінкай мастацкага тэксту ў стварэнні праўдзівага і пераканальнага вобраза галоўнага персанажа са складаным і супярэчлівым лёсам.