Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Анамастычная лексіка у мове маст. літ..doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.42 Mб
Скачать

3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры

У мастацкіх тэкстах нярэдка можна выявіць варыянтнае ўжыванне тапонімаў і іншых анамастычных адзінак, абумоўленае сітуацыйным выкарыстаннем іх у мове прадстаўнікамі розных сацыяльных груп, узростаў або апісаннем тапанімічных рэалій і падзей у розныя часы, ці суб’ектыўна-ацэначным іх ужываннем у мове аўтара і яго літаратурных персанажаў. Варыянтнасць онімаў у цэлым у мове і варыянтнасць іх у мастацкім тэксце не заўсёды аднолькава кваліфікуецца даследчыкамі. Так, тапанімічная варыянтнасць у мове – гэта сінхроннае функцыянаванне адна–і рознаструктурных моўных адзінак, якія служаць мэтам намінацыі аднаго аб’екта. Тапонімы-варыянты, як правіла, уяўляюць сабой розначасовыя назвы, сінхроннае існаванне якіх абумоўлена гістарычнымі, геаграфічнымі і ўласна лінгвістычнымі фактарамі [Якубук 1999: 59]. Разглядаючы варыянтнасць лексічных адзінак у мове твораў Я. Купалы, І. Шкраба лічыць, што вар’іраванне як атрыбут моўнага стану дае магчымасць аддаваць перавагу аднаму сродку выражэння з некалькіх наяўных. У творах Я. Купалы варыянтнасць – гэта пераважна вынік рознанакіраваных моўных тэндэнцый. Гэта найбольш выразна праявілася ў канкурэнцыі граматычных формаў, ніводная з якіх у тагачасных умовах неўсталяванасці моўных нормаў не здолела выявіць перавагу ўжывання. Такім чынам, прычына варыянтнасці ў гэтага класіка апасродкавана крыецца ў сацыяльна-палітычных абставінах існавання беларускай мовы [Шкраба 2002: 159]. Узаемадзеянне літаратурных і дыялектных, сучасных і гістарычна-аддаленых варыянтаў геаграфічных назваў, як лічыць А. Суперанская, заслугоўвае ўвагі і філолагаў, і географаў. Філолагам супастаўляльны аналіз розных формаў адных і тых жа назваў дае магчымасць выявіць шэраг моўных заканамернасцеў [Суперанская 1985: 27]. Вядомы лінгвіст І. Лепешаў у сувязі з гэтым лічыць, што варыянты ў лексікалогіі маюць тоесны марфемны склад і характарызуюцца толькі нязначным адрозненнем, якое не парушае адзінства слова ў цэлым. Яны (варыянты) тоесныя ў сэнсавых, стылістычных, спалучальных адносінах і ўзаемазамяняльныя ў любых кантэкстах [Лепешаў 2002: 37]. Гэты даследчык упершыню ў беларускім мовазнаўстве звярнуў увагу і на такое няпростае ў лексікалогіі пытанне, як адрозненне варыянтаў слоў ад сінонімаў і паронімаў. Іншая функцыя варыянтаў онімаў у творах мастацкай літаратуры. Фактычна ў мове пісьменнікаў варыянты онімаў выконваюць самыя разнастайныя назыўныя, стылістычныя, эстэтычныя і іншыя функцыі і задачы. В.Фанякова ў сувязі з гэтым адзначала, што онімы ў творах пісьменнікаў значна вар’іруюцца з улікам функцыянальных стыляў і тыпаў маўлення, у якіх праяўляюцца сацыялінгвістычныя параметры імяўжывання: саслоўныя, арэальныя, нарматыўныя, сацыяльна-групавыя, сітуацыйныя і інш. [Фонякова 1990: 5]. У творах некаторых пісьменнікаў варыянтнасць тапонімаў праяўляецца і тады, калі мастак слова свядома імкнецца паказаць раўназначную вартасць у мове афіцыйнай тапанімічнай назвы і яе мясцовага ці забытага па розных абставінах варыянта (Мінск – Менск, Брэст – Бярэсце, Навагрудак – Наваградак, Гродна – Гародня і г.д.). Варыянт афіцыйнай назвы ў мастацкім або публіцыстычным творы – гэта найчасцей семантычна або канатацыйна ўскладненая адзінка, якой адводзіцца не толькі ідэнтыфікуючая роля ў кантэксце. У творах, напрыклад, Я. Коласа засведчаны наступныя варыянты тапанімічных назваў: Расія – Расея, Нясвіж – Несвіж, Бяроза – Картуз-Бяроза, Англія – Ангелька, Японія – Апонія, Мурманск – Мурман, Маскоўшчына – Маскоўская вобласць, Навагрудскі павет – Навагрудскі уезд, Міншчына – Мінская губерня, Арахоўская выспа – Арахоўскае ўзвышша, Мінская акруга – Мінскі павет, Прусія – Прусы, Панямонне – Панямонь, Папоўскія хутары – Папоўшчына, Одэр – Одра, Вусце – Вусцянска-Балачанская зямля, Вілія – Вілля, Цымлянскае вадасховішча – Цымлянскае мора, Межыгарскі Спас – Межыгорскі Спасе, Асінбуд – Асінбудаўская станцыя, Стаўбуны – Стоўбцы – Стапцы, Мікалаўшчына – Мікалаеўшчына, Сібір – Сібір-Катарга і інш. Сярод названай большасці рэальных тапонімаў – частка створана фантазіяй пісьменніка.

Традыцыйна ў беларускім мовазнаўстве адрозніваюць наступныя разнавіднасці лексічных варыянтаў слова: граматычныя, фанетычныя і акцэнталагічныя. Праўда, у апошні час у некаторых дапаможніках [Красней, Лазоўскі 1984: 11] і навуковых выданнях [ЛСБЛМ 1994: 17] вылучаюць аж да шасці відаў рознага вар’іравання слова: акцэнтны, фанетычны, акцэнтна-фанетычны, арфаэпічны, граматычны, марфалагічны [Лепешаў 2002: 38]. Анамастычныя варыянты ў параўнанні са звычайнымі лексічнымі ўтварэннямі ў гэтым плане маюць сваю спецыфіку. Так, паводле абагульненняў В. Фаняковай сярод шматлікіх онімаў самай разгалінаванай сістэмай варыянтаў валодаюць асабовыя ўласныя імёны (па яе падліках найбольш ужывальнаму рускаму імені Іван адпавядае 40 дэмінутыўных варыянтаў, а імя Вольга мае больш за 50 розных формаў). Такое багацце пераважна эмацыйна-экспрэсіўных аддценняў звычайна выяўляецца ў імёнах у размоўна-гутарковым асяроддзі, радзей сустракаюцца варыянты ў прозвішчах і зусім не часта – сярод тапанімічных назваў [Фонякова 1990: 20]. Сярод тапанімічных назваў, выяўленых намі ў творах Я. Коласа і Ф. Янкоўскага, выдзяляем наступныя варыянты:

а) фанетычныя: Расея – Расія, Японія – Апонія, Вілія – Вілля, Мікалаеўшчына – Мікалаўшчына (у Я. Коласа); Мінск – Менск, Маладзечна – Маладэчна, Слуцк – Слуцак, Орша – Ворша, Глуск – Глусак, Ратміравічы – Рацмеравічы, Вілія – Вялля, Лепель – Лепль, Вілейка – Вялейка, Бахметаўка – Бахмэтаўка (у Ф. Янкоўскага).

б) марфалагічныя: Прусія – Прусы, Арахоўская выспа – Арахоўскае ўзвышша, Мсціслаў – Мсціслаўль, Панямонне – Панямонь, Межыгарскі Спас – Межыгорскі Спасе – Мяжыгарскі Спас, Одэр – Одра, Мурманск – Мурман (у Я. Коласа); Любча – Любч, Беразіна – Бярэзань, Шацілкі – Шацілкавічы, Бытаня – Бытані (Р. скл.), Талачын – Талачыно і інш. (у Ф. Янкоўскага).

в) акцэнталагічныя: Стоўбцы – Стаўпцы, Нясвіж – Несвіж (у Я. Коласа); Петрыкаў – Петрыкоў, Мазыр – Мозыр, Удра – Удра (у Ф. Янкоўскага).

г) змешаныя фанетыка-акцэнталагічныя: Стоўбцы – Стаўбуны, Вілія – Вялля, Ляскавічы – Лескавічы, Коўна – Каўнас, Навагрудчына – Наваградчына (у Ф. Янкоўскага).

Некалькі прыкладаў:

У 1937–1938 гадах Я. Колас з сям’ёю праводзіў летні адпачынак у невялікай вёсцы Вусце Пухавіцкага раёна. Тутэйшыя мясціны, іх назвы вельмі падабаліся пісьменніку, ім Колас прысвяціў некалькі вершаў, у тым ліку “Вусце”, “Зімой у Балачанцы”, “Вусцянскі груд”, “Падбярэжжа”, “Над Свіслаччу”, “Вусцянска-Балачанская зямля”. Апошні з названых онімаў – жартоўна-ўзнёслая назва месца адпачынку паэта (пасёлак Вусце і яго ваколіцы на рэчцы Балачанка, якая ўліваецца ў Свіслач): Эх, Балачанка! Вось дзе курорт і адпачынак, няхай будзе благаславёна Вусцянска-Балачанская зямля і хвайнякі! [К ХІІ: 281]. Варыянт Вусцянска-Балачанская зямля – аўтарскі наватвор, якім Я. Колас апаэтызавана-ўзнёсла назваў мясціны, дзе яму асабліва добра адпачывалася. Рэальныя тапонімы Пухаўшчыны Вусце (вёска) і Балачанка (рэчка) нагадвалі паэту незабыўныя мясціны роднага Наднямоння, якія Я. Колас па вядомых абставінах не мог наведваць, бо яны знаходзіліся за мяжой. Утвораны наватвор кантамінаваным спосабам на падставе рэальных тапанімічных назваў (Балачанка і Вусце) па ўсталяванай мадэлі: адкрываючы новыя землі, архіпелагі, астравы, першапраходцы ідэнтыфікавалі іх велічна-ўзнёсла: Зямля Саннікава, Зямля Франца-Іосіфа, Новая зямля і г.д.

Ужыванне варыянтаў тапонімаў у мастацкім тэксце пісьменніка (Англія – Ангелька, Японія – Апонія, Прусія – Прусы і інш.), відаць, тлумачыцца не толькі літаратурна-эстэтычнымі і лінгвістычнымі крытэрыямі (стварэнне, напрыклад, мясцовым варыянтам гістарычнага ці рэгіянальнага каларыту), а таксама і фальклорнымі традыцыямі – для перадачы камізму, гумару, пеяратыўнай экспрэсіі, якія звычайна ўзнікаюць у выніку сітуацыйнага скажэння ці своеасаблівага ўспрыняцця чытачом нязвыклай тапанімічнай ці іншай назвы: А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін – за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць [К VII: 236]; – Такія гарматы мае толькі адна Ангелька [К ІХ: 335]; – І далёка ж, мусі быць, падла Апонія гэтая? – пытае старшыня. – Далёка, брат, адгэтуль і не згледзіш, – жартуе пісар [К ІХ: 336]. Канатацыйная сутнасць, напрыклад, экспрэсіўна-маркіраванага тапоніма Апонія памацняецца спалучэннем яго са стылёва выразным і негатыўна маркіраваным назоўнікам падла. У выніку онім набывае ў мове селяніна выразна акрэсленую пеяратыўную экспрэсію. Экспрэсіўнасць гэтага оніма памацняецца і ў выніку аферэзісу – адпадзення й у пачатку слова (Японія Апонія), што звычайна можна назіраць у народна-дыялектнай мове ў запазычаных лексемах, гукавы воблік якіх нярэдка скажаецца. Прызначэнне гэтай адзінкі і яе ролю ў мастацкім тэксце каменціруе і сам пісьменнік: ...сялянская мова пабагацела на два словы: “Апонія і апонцы”, але за гэтымі словамі хаваўся вельмі цьмяны змест, як быў цьмяны і сам сэнс вайны [К ІХ: 337]. Мастацкая этымалагізацыя выяўляецца і ў аказіянальным варыянце Ангелька (на фоне афіцыйнай назвы Англія) у выніку суаднясення яго на аснове прасторавай сумежнасці з сугучным яму словам роднай мовы зямелька ці, магчыма, блізкім па гучанні Ангелька як зямля ангелаў (анёлаў). Такім чынам, ужыванне ў мове персанажаў скажоных слоў з незразумелай семантыкай (Ангелька, Апонія) – гэта своеасаблівы мастацкі прыём маўленчай характарыстыкі персанажаў (сведчанне іх нізкага адукацыйнага ўзроўню), а таксама і сродак стварэння камічнай экспрэсіі.

Я. Колас нярэдка выкарыстоўваў варыянты-тапонімы, улічваючы пры гэтым уласна беларускі ці мясцовы адпаведнік і яго назву ў суседняй мове: Днепр – Дняпро, Вілля – Вілія: Прымі ж, родны Дняпро, у сваё прадонне незадачлівага твайго сына [К ІХ: 511]; Ляжыць мой край на Дзвіне і Дняпры, на Бугу і Нёмане, на Прыпяці і Бярэзіне [К ІХ: 379]; У гэтым шуме адаб’ецца Жальба нівак і палёў, Дзе з Віллёю Нёман льецца Між прыгожых берагоў [К 1: 412]; А справа ўніз свабодным махам Лягла другая рэчка шляхам, Як бы сталёвая пружына; То Вілля, Літвы дзяціна, няслася пышна між абрываў Бліскучай стужкай гожых звіваў, Як бы жывое срэбра [К VІ: 270]. Пра такія назвы, якія нярэдка скажаліся (параўн.: Неман, Вілія, Талачыно і інш.) пад уплывам суседніх моў ці свядома мясцовымі чыноўнікамі, пісаў Ф. Янкоўскі, папярэджваючы, што анамастычныя назвы, праходзячы праз канцылярыі, выдавецтвы, друкарні іншы раз так мяняюцца, што, напрыклад, напісаная на карце і сапраўдная назва-тапонім маюць зусім рознае гучанне. Ён быў, мабыць, адным з пачынальнікаў, хто ў першыя пасляванныя гады (50–60-ыя гады ХХ ст.) на старонках беларускіх навуковых і навукова-папулярных часопісаў, а ў апошнія гады свайго жыцця – у мастацкіх творах пачаў падымаць галасы пратэсту супроць выкарыстання неўласцівых беларускай мове варыянтаў тапонімаў, а таксама свядомага скажэння, знявечання традыцыйных беларускіх онімаў. “Ці правільна, – пісаў ён, – што на картах і ў газетах пішуць Вілія? (Параўн.: Гэта было ў сорак першым, восенню памятнай той, ранкам ад хмар пацямнеўшым, па-над ракою Віллёй. М. Танк). Не Несвіж, а Нясвіж, не Рогава, а Рагава, не Асіпавічы, а Асіповічы, не Неман, а Нёман, не Талачыно, а Талачын, не Мсціслаўль, а Мсціслаў. Няма падставы гаварыць і пісаць Браслаўль, а карыстацца назвай Браслаўе, як і Заслаўе [Янкоўскі 1978: 291]. Стварэнне такімі натуральнымі назвамі рэгіянальнага каларыту – абавязковая ўмова пры апісанні рэальных падзей у мастацкім творы, пра што сведчыць пераканальна літаратурны вопыт Я. Коласа, У. Караткевіча, Я. Брыля, Р. Барадуліна і інш.

У мастацкіх тэкстах Ф. Янкоўскага да тапонімаў, якія набылі ў перыядычным друку або ў творах мастацкай літаратуры чужародную адметнасць у напісанні і пад іх уплывам распаўсюдзіліся ў вусным маўленні, найчасцей прыводзяцца традыцыйна ўсталяваныя ў народзе варыянты з фіксацыяй націску: Наваградчына, Грандзічы, Зарніца, Дарніца, Пальніца, Астрына [Янк., РБ: 391]. У творах гэтага пісьменніка можна знайсці самыя разнастайныя лінгвістычныя, гістарычныя, этнаграфічныя каментарыі і тлумачэнні да наступных анамастычных варыянтаў: Гродна – Гародня, Наваградак – Навагрудак – Наваградчына, Петрыкаў – Петрыкоў, Лепель – Лепль, Любч – Любча, Маладэчна – Маладзечна, Загора – Загор’е, Бахметаўка – Бахмэтаўка, Слуцак – Слуцк – Случчына, Стаўбцоўшчына – Стаўпеччына, Петрыкаўшчына – Петрыкоўшчына, Бярэзань – Беразіна – Беразіно, Вілейка – Вялейка, Вялля – Вілія, Ратміравічы – Рацмеравічы, Глуск – Глусак і інш. Для твораў Ф. Янкоўскага характэрна паралельнае ўжыванне варыянтаў слова-тапоніма ці іншага ўласнага імя нават у адным сказе: Улетку 1964 года з тым самым Мішам едзем у Любч – Любчу, мястэчка над Нёманам [Янк., РБ: 125]; Еду там каля Завосся, каля Свіцязі, Шчорсаў, Загора – Загор’я не першы раз [Янк., РБ: 96]; ...у трыццатых гадах мінулага стагоддзя дзядулевага дзядулю перакінулі злосныя людзі і нялюдская імперская ўлада з “Гродзеншчыны пад Слуцак, а пасля – з-пад Слуцка ў Клетнае... [Янк., РБ: 391]; Мо й вы чыталі пра нашага Юзіка-Есіпа Тодаравага? [Янк., РБ: 290]; Юзік-Іосіф – радавы ў атрадзе [Янк., РБ: 172]; Еду дадому. Да бацькоў, да дзядулі Базыля-Васіля, да братоў, сясцёр [Янк., РБ: 46]; Шукаў кніжак, а ў кніжках старонак. Пра Астапа – Яўстафія, пра Кастуся – Канстантына – пра Тышкевічаў [Янк., РБ: 430]. Такім нетрадыцыйным ужываннем двух варыянтаў-онімаў у канструкцыі пісьменнік, на нашу думку, адзначаў раўназначны статус беспадстаўна “рэпрэсаваных”, не “з чужой моўнай практыкі” адзінак у нашай мове, звяртаў увагу на онімы, якія натуральна падкрэслівалі яе унікальны нацыянальны каларыт. Забытыя па розных абставінах варыянты ўласнага імя ў такіх спалучэннях (Любча – Любч, Загор’е – Загора, Слуцк – Слуцак, Васіль – Базыль і інш.) – гэта своеасаблівыя онімы-кантрастывы да усталяваных афіцыйных назваў. Стылістычна нечаканы эфект навізны ў межах звычайнага сказа выклікаецца спалучэннем у адной канструкцыі гутарковых (нярэдка беспадстаўна забытых) і кніжных варыянтаў онімаў.

Да афіцыйных назваў тыпу Мінская вобласць, Мазырскі раён і інш. вядомых на Беларусі, шырока ўжываюцца іх варыянты Міншчына, Мазыршчына і г.д. Словы-тапонімы на – шчын-а – вельмі адметная тапанімічная мадэль сучаснай нацыянальнай анамастыкі. У мастацкіх тэкстах Ф. Янкоўскага тапонімы на – шчын-а – гэта натуральныя назвы самых розных частак Беларусі, прычым пісьменнік практычна пазбягае выкарыстання афіцыйных назваў раёнаў, абласцей Беларусі, відаць, адчуваючы, што найменні тыпу Міншчына, Наваградчына, Случчына не толькі ёмка, каларытна выконваюць назыўную функцыю, але адметна і непаўторна падкрэсліваюць нацыянальна-этнаграфічную спецыфіку краю. Такімі натуральнымі для нашай мовы назвамі пісьменнік перадае сваё захапленне, любуецца імі. Яны амаль на кожнай яго старонцы: Прыехаў на Міншчыну – яна іншая, не такая, як паўднёвая Бабруйшчына, не такая, як Рудобельшчына, Случчына, Любаншчына, на Міншчыне і срэбразвонныя ручаі, і званкі-крыніцы, і шпаркія шумныя рэчкі... [Янк., РБ: 313]; На Палессі, дзе Петрыкоўшчына, Тураўшчына, Жыткаўшчына, і сёння можна ўбачыць, хоць нягуста, пчолы на дрэвах [Янк., РБ: 276]; Сказаў такое, сказаў так, як кажуць (чуў не раз за вайну на родных маіх Заслаўшчыне, Маладзечаншчыне, Лагойшчыне, Вілейшчыне) [Янк., РБ: 131].

Праўда, некаторыя рускія даследчыкі беспадстаўна адмаўляюць ужыванню суфікса –шчын-а ў беларускай мове, хоць у ёй ён атрымаў поліфункцыянальнае прызначэнне і шырока ўжываецца ва ўсіх стылях вуснай і пісьмовай мовы. Дарэчы тут адзначыць, што суфікс –шчын-а прадуктыўны таксама для ўтварэння назваў паселішчаў тыпу Іванкаўшчына, Лявонаўшчына, Васілёўшчына і інш. Паводле падлікаў вучоных, такіх найменняў у нас болей за 1500 [Адамовіч, Акаловіч 1976: 4]. Аднак, напрыклад, А. Суперанская піша: “Словы, што з фармантамі –шчына, як назвы абласцей рэгіянальна абмежаваны ўкраінскімі землямі. У Ноўгародскай, Пскоўскай, Віцебскай абласцях з гэтым суфіксам звычайна ўтвараюцца назвы паселішчаў: Крулеўшчызна, Шаркаўшчызна, Сяляўшчына Полацкай вобл., Сахноўшчына Харкаўскай вобл., Братаўшчына Маскоўскай вобл. Зыходнае, першаснае значэнне слоў з суфіксам –шчына – пэўная супольнасць людзей з іх выяўленнямі, спосабам жыцця, кіраванне. Параўнайце такія адантрапанімічныя ўтварэнні, як хаваншчына, пугачоўшчына, абломаўшчына” [Суперанская 1985: 11].

Для параўнання можна зазначыць, што ў рускай тапанімічнай сістэме мадэль на –шчын-а скарыстоўваецца не заўсёды. Наўрад ці можна сказаць Маскоўшчына, Навасібіршчына, Краснадаршчына, Самаршчына, Хабараўшчына, Усурыйшчына і інш. Праўда, у апошні час (савецкі перыяд) пад уплывам беларускай і ўкраінскай моў, як заўважана лінгвістамі, у рускай мове атрымалі пашырэнне тапонімы тыпу Орловщина, Тамбовщина, Брянщина (пераважна назвы заходніх абласцей Расіі). Даследчыкі лічаць, што ў даным выпадку адбылося ажыўленне старой непрадуктыўнай мадэлі рускага словаўтварэння (параўн.: неметчина, туретчина і інш.), але пад уплывам усходнеславянскіх (украінскай і беларускай) моў [Міхневіч, Гіруцкі 1990: 36].

У творах Я. Коласа вядомы варыянты Прусы – Прусія як назвы паўночна-ўсходняй часткі Германіі, якая ў пасляваенны час была далучана ў склад Польшчы і Расіі. Варыянт Прусы – мясцовае беларускае найменне, тыповае для мовы жыхароў Панямоння, многія з іх у часы Коласа ведалі пра гэту зямлю, сплаўляючы туды плыты: Бо стала цесна. З той прычыны Хадзіў на сплаў ён, на віціны, Разоў са два схадзіў у Прусы – Куды не трапяць беларусы? [К VІ: 33]. Выраз Куды не трапяць беларусы? стаў крылатым. Яго фіксуе слоўнік афарызмаў Ф. Янкоўскага [Янкоўскі 1960: 65]. У гэтых вершаваных радках Прусы – неафіцыйная мясцовая назва, удалы кампанент для стварэння рэгіянальнага каларыту Панямоння, свайго роду этнаграфічны дыялектызм. Дарэчы тут адзначыць, што на Беларусі тапонімы Прусы ці яго варыянты даволі частыя. У сувязі з гэтым вядомы ў свой час пісьменнік і краязнаўца Р. Родчанка, родам з вёскі Прусы, свае генеалагічныя карані шукаў у гісторыі зніклых прусаў. На яго думку, прусы часткова былі знішчаны немцамі, часткова імі ж асіміляваны, але значная іх колькасць перасялілася ў бліжэйшыя краіны, у тым ліку і на Беларусь. Напрыклад, і сёння толькі ў радыусе 20–30 км. ад Слуцка ёсць тры вялікія вёскі з назваю Прусы, дзе ў свой час пасяліліся бежанцы з Прусіі. Між іншым, у адной з такіх вёсак Прусы (цяперашняга Салігорскага раёна) у 1909 г. нарадзіўся вядомы паэт і празаік М. Лужанін (Аляксандр Каратай).

А дарэвалюцыйную Расійскую дзяржаву, Расійскую імперыю, у розных творах Я. Колас або яго літаратурныя персанажы называюць наступнымі варыянтамі: Расія, Расея, Расеюшка, Маскоўшчына [АСТК 1990: 480]. Першая назва – нейтральная, уласцівая ўсім стылям мовы, астатнія ў творах пісьменніка маюць канатацыйныя “прырашчэнні”, абумоўленыя аўтарскім кантэкстуальным ужываннем. Так, назва Расея найчасцей сустракаецца ў маўленні простых людзей, тых, хто не спазнаў уплыву літаратурнай мовы; Расеюшка – лагодна-жартаўлівая паводле Я. Коласа назва магутнай Расійскай дзяржавы; Маскоўшчына – архаізаваная неафіцыйная назва тэрытарыяльна неакрэсленай часткі Расіі, пераважна яе еўрапейскай тэрыторыі, утворанай ад назвы яе сталіцы Масквы: Няхай за Неронам! Расеі Тады й на свеце не было. Як у Італіі расло Дзяўчо малое [К Х: 556]; Хіба не шлюць нашаму брату (салдату – В. Ш.) Кусочкаў мыла і махоркі? І мыйся, і куры, І ворага з Расеюшкі туры! [К Х: 268]; Каты, разбойнікі ў ціарах Усё патапілі, усё ўзялі, Як у Маскоўшчыне татары [К Х: 528].

Такім чынам, у творах мастацкай літаратуры выразна выдзяляюцца фанетычныя, марфалагічныя, акцэнталагічныя і змешаныя фанетыка-акцэнталагічныя варыянты тапонімаў, ужыванне якіх абумоўлена некалькімі прычынамі: сітуацыйным выкарыстаннем іх у мове прадстаўнікамі розных сацыяльных груп, узростаў, суб’ектыўна-ацэначным ужываннем у мове літаратурных персанажаў, апісаннем тапанімічных аб’ектаў у розныя часы. У творах пісьменнікаў у звязным кантэксце варыянты онімаў выконваюць самыя разнастайныя назыўныя, стылістычныя і эстэтычныя функцыі, а іх вар’іраванне абумоўлена “спецыфікай функцыянальных стыляў і тыпаў маўлення”.