- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
У мастацкіх творах шырока выкарыстоўваюцца эпітэты-прыдаткі (азначэнні-назоўнікі) у спалучэнні з онімамі як сродкі вобразнасці і мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія комплексна разам з онімамі (асабовымі ўласнымі імёнамі, прозвішчамі, мянушкамі, псеўданімамі, тапонімамі) “арганізуюць мову твораў, даюць больш поўнае і акрэсленае апісанне вобразаў, дапамагаюць ацэньваць герояў, іх учынкі” [Барысенка 2002: 19]. “Эпітэт-прыметнік, на думку Н. Гаўрош, як правіла, вылучае, ацэньвае толькі нейкую адну характэрную прымету прадмета, тады як эпітэт-прыдатак стварае аб’ёмны вобраз прадмета, раскрывае яго ўнутраную сутнасць, падкрэслівае яго самыя тонкія, амаль няўлоўныя прыметы, якасці, уласцівасці, забяспечвае багаты падтэкст” [Гаўрош 1991: 37; Гаўрош 1992: 138]. У спалучэнні з эпітэтамі-прыдаткамі онімы заўсёды ўспрымаюцца не як свайго роду этыкеткі, пазбаўленыя сэнсу і зместу, а як функцыянальна і стылёва мнагапланавыя і ўскладненыя кампаненты мастацкага тэксту. Наяўнасць значнай колькасці прыдаткаў у мове пісьменніка, як лічаць даследчыкі, з’яўляецца паказчыкам высокай моўнай культуры аўтара, развітай сістэмы яго мыслення. Рупліва падабраныя прыдаткі ўзбагачаюць не толькі нашу мову, але і нас саміх, а ў мове пісьменнікаў дапамагаюць аўтару выразіць свае адносіны да таго, пра што ён піша, надаюць яго стылю адметнасць, выяўляюць уменне пісьменніка назіраць, параўноўваць, сінтэзаваць [Канцавая 1999: 268].
У творах пісьменнікаў засведчана ўжыванне эпітэтаў-прыдаткаў у спалучэннях з асабовымі ўласнымі імёнамі: Сымон-музыка, Савось-распуснік; прозвішчамі: Барута-бацька, Пушкін-тварэц; псеўданімамі: Гітлер-пёс, Гітлер-удаў; тапанімічнымі назвамі: Сібір-катарга, Нарач-прыгажуня і інш. Так, эпітэты-прыдаткі ў тэкстах Якуба Коласа ўжываюцца ва ўсіх жанравых разнавіднасцях яго мастацкіх твораў і характарызуюць носьбіта оніма паводле:
а) роду заняткаў: Пятрусь-касец, Сымон-крупарушнік, Рыгор-хурман, Сымон-музыка, Сымон-чытач, Сымон-мастак, Максім-партызан, Андрэй-выбаршчык, Яська-кравец, Пій-папа, Каледзін-атаман, Пшэбора-камандзір, Пушкін-тварэц, Пушкін-рэдактар, Пушкін-празаік, Міхал-адмірал;
б) выяўлення характару, звычак: Савось-распуснік, Юзік-шаляніца, Жэня-панура, Яська-хват, Гітлер-кат, Гітлер-пёс, Гітлер-удаў, Гануля-чараўніца, Матэва-чума, Янка-гад, Шышла-дакала, Варабейка-калыханчык, Насця-баламутка;
в) сацыяльнага становішча: Якуб-інвалід, Якуб-сірата, Сцяпан-сірата, Насця-бедалага;
г) адносін аўтара да носьбіта оніма, ці адносін літаратурных персанажаў да носьбіта імя: Петрусёк-галубок, Тоня-любка, Багдан-недарэка, Яська-небарача, Сымон-браце, Гонта-мучанік;
д) узросту ці роднасці і сваяцтва: Мароз-дзядуля, Барута-бацька, Павел-дзед, бабка-Гапка і інш.
Прыдаткі ў спалучэнні з онімамі заўсёды канкрэтна характарызуюць азначаемае ўласнае імя. У такіх аўтарскіх утварэннях звычайна вобразна перадаецца характарыстыка оніма, а кантэкст набывае эмацыйна-экспрэсіўную напоўненасць.
Эпітэты-прыдаткі ў спалучэнні з онімамі выкарыстоўваюцца ў творах пісьменнікаў таксама як семантычна ўскладненыя загалоўкі мастацкіх твораў – вершаў, апавяданняў, паэм: “Пятрусь-касец”, “Рак-вусач”, “Савось-распуснік”, “Мар’яна-чарніца”, “Воўк-дурань”, “Андрэй-выбаршчык”, “Сымон-музыка”, “Баяну-кабзару”. Прыдаткі да онімаў у такіх загалоўках – выдатны сродак выяўлення характару і іншых уласцівасцяў галоўных персанажаў літаратурных твораў. У іх падкрэслена сарыентавана даецца вызначальная прымета носьбіта імя. Такія загалоўкі ў творах Я. Коласа семантычна выразныя і канатацыйна значымыя. Асноўная кантэкстуальная функцыя такіх онімаў – лаканічная і вывераная характарыстыка галоўнаму літаратурнаму вобразу.
У ролі прыдаткаў да онімаў ужываюцца як агульнаўжывальныя назоўнікі, уласцівыя ўсім стылям вуснай і пісьмовай мовы: касец, музыка, бацька, чытач, мастак, партызан, кравец, атаман, камандзір, рэдактар, інвалід, сірата і інш., так і словы стылёва афарбаваныя, пераважна гутарковыя з адценнямі іроніі, жарту або спрошчанасці, зніжанасці, грубаватасці: галубок, любка, дакала, недарэка, небарача, баламутка, бедалага, браце, хват, удаў, гад, пёс і інш. Эпітэты-прыдаткі ў творах пісьменніка найчасцей займаюць постпазіцыйнае становішча, радзей – у прэпазіцыі да ўласных імёнаў, што, на нашу думку, можа быць абумоўлена, напрыклад, рытма-меладычнымі асаблівасцямі паэтычных радкоў: А жучок-чарнячок Пачаў песні пеці. І так хораша спяваў, Што зусім прычараваў Тую бабку-Гапку, Што надзела шапку [К ІІІ: 206].
Такім чынам, у такіх анамастычных утварэннях, уласцівых пераважна мове мастацкай літаратуры і фальклорным творам, апрача назыўной функцыі, абавязкова спалучаюцца іншыя, пераважна канатацыйна ўскладненыя – інфармацыйна-стылістычная і эмацыйна-ацэначная.
Онімы асабліва ў спалучэнні з экспрэсіўна-маркіраванымі прыдаткамі вызначаюцца “адметнай ацэначнасцю, змястоўнасцю, утвараючы разам з паяснёным словам адно складанае семантычнае цэлае” [Рагаўцоў 2002: 136]. Такія канцэнтраваныя, канатацыйна ўскладненыя адзінкі даволі часта ўтрымліваюць пеяратыўна-ацэначныя характарыстыкі (Гітлер-пёс, Гітлер-удаў, Гітлер-кат), узмацняюць іранічна-камічны эфект (Савось-распуснік, Багдан-недарэка), інтэнсіфікуюць акрэсленую экспрэсіўную афарбоўку антрапаформулы (Сымон-браце, Яська-небарача, Юзік-шаляніца).
Некаторыя прыдаткі і паяснёныя імі онімы выступаюць у мікракантэксце як кантэкстуальныя сінонімы з выразнай стылістычнай афарбоўкай, чым дасягаецца канцэнтраванае ўзмацненне іх экспрэсіўнасці (Сібір-катарга). Так, у гэтым спалучэнні пеяратыўная семантыка оніма Сібір, які традыцыйна ўспрымаўся як назва аддаленай, перыферыйнай і халоднай частка Азіі – месца высылкі, узмацняецца экспрэсіўна маркіраваным прыдаткам катарга – від пакарання засуджаных, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных. У такім спалучэнні гэтыя два словы (онім і эпітэт-прыдатак) паўтараюць тую ж самую прымету, што значна інтэнсіфікуе экспрэсіўнасць такіх спалучэнняў, робіць больш дзейснай ацэнку рэаліі [Гаўрош 1991: 37]. Эфект ад ужывання такіх адзінак нагадвае ампліфікацыю сінонімаў, якія ў канцэнтраваным ужыванні эмацыйна акрэслена і адрасна характарызуюць з’яву (рэалію), утвараючы кантэкстуальнае плеанастычнае спалучэнне.
Прыдаткі ў спалучэнні з экспрэсіўна-маркіраванымі ўласнымі імёнамі ў вершаваных радках паэта выкарыстоўваюцца таксама як ускладненыя і эмацыйна насычаныя звароткі, перадаючы такім чынам найвышэйшае праяўленне павагі: Памяну шчырым словам Петруся – Петрусёк-галубок, пабажуся, Што і сэрца маё і душа мая ўся, Ну, ляжыць да цябе, Петруся [К ІІ: 453]. Традыцыйна фальклорны зваротак-эпітэт галубок аўтасемантычна на фоне двух уласных стылёва нейтральных імёнаў паэта перадае дабразычлівае стаўленне Я.Коласа да юбіляра Петруся Броўкі, які адзначаў 25-годдзе творчай дзейнасці. У кантэксце антрапаформула з прыдаткам (Петрусёк-галубок) становіцца кульмінацыяй эмацыйна шчырага паслання. Эпітэт-прыдатак галубок – гэта і лексема-сімвал, які засноўваецца на шматлікіх асацыятыўных сувязях птушак і людзей. Такія арнітанімічныя метафары з’яўляюцца выключна моцным экспрэсіўным сродкам, які характарызуецца яркай вобразнасцю і канатацыйнай насычанасцю [Яскевіч 2002: 43]. Гэты назоўнік у такім спалучэнні выступае і як актуалізатар да эмацыйна маркіраванага зваротка Петрусёк, якія разам па-народнаму шчыра перадаюць і памацняюць сутнасць узвышанага паслання. Садзейнічае ўрачыстаму ўспрыняццю вершаваных радкоў, насычаных асабовымі ўласнымі імёнамі, сумяшчэнне гэтых адзінак у кантэксце з лексічнай анафарай – паўтарэннем аднолькавых слоў (Петруся – Петрусёк-галубок – Петруся) у пачатку і ў канцы першага слупка верша, што, безумоўна, інтэнсіфікуе эмацыйны тон, кампазіцыйна арганізоўвае высокапаэтычныя радкі, адрасаваныя юбіляру.
У творах Я. Коласа эпітэты-прыдаткі ў спалучэнні з онімамі выкарыстоўваюцца і для стварэння іранічнага эфекту: Савось-распуснік, Міхаська-галубок, Пятрусь-брахун, Бертачка-нахалка, Матэва-чума, Багдан-недарэка, Яська-небарача, Сымон-браце: Эх, збіўся ты з капыціка, Міхаська-галубок! (Міхаська паласаваўся суніцамі з чужога кошыка – В. Ш.) [К ІІІ: 219]; Тамаш стаў прыпамінаць месца, куды прыехалі начлежнікі, прыпомніў вечар, жарты начлежнікаў, Петруся-брахуна [К ІV: 171]; Ой паночку, дай, пан, раду, Бо няма з ім змогі: Розаг трэба Янку-гаду І суд панскі строгі [К ІІІ: 96].
У мастацкім творы, на думку В. Рагаўцова, іранічнае ўжыванне слова тлумачыцца яго семантычнай двухпланавасцю: узуальнае значэнне, рэферэнтна абумоўленае, сумяшчаецца з кантрастным аказіянальным, якое ў кантэксце становіцца функцыянальна асноўным [Рагаўцоў 2001: 48]. Найбольш ярка іранічная экспрэсія выяўляецца ў словах якаснай семантыкі, паколькі ім уласцівы шырокія антанімічныя сувязі і разнастайныя суб’ектыўна-ацэначныя кампаненты значэння [Николина 1979: 79]. Іранічнае значэнне ў антрапаформулах (Міхаська-галубок, Савось-распуснік, Матэва-чума і інш.) заключаецца ў тым, што кампаненты спалучэння набываюць у кантэксце адваротнае або суб’ектыўна-ацэначнае значэнне: у кантэксце кантрастна могуць спалучацца стылістычна нейтральнае асабовае ўласнае імя і эпітэт-прыдатак з экспрэсіўна-ацэначным значэннем (Янка-гад, Гітлер-пёс, Багдан-недарэка, Пятрусь-брахун), экспрэсіўна маркіраваны онім і назоўнік-азначэнне ў клічнай форме (Яська-небарача), стылістычна нейтральнае асабовае імя і прыдатак-азначэнне ў клічнай форме (Сымон-браце), аб’яднанне ў адной антрапаформуле двух стылёва афарбаваных кампанентаў (уласнага імя і эпітэта-прыдатка): Яська-хват, Яська-небарача.
Тыповымі актуалізатарамі іранічнай семантыкі ў такіх адзінках выступаюць словы з кантрастнай семантыкай: (Пятрусь-брахун); словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць стаўленне адных персанажаў у творы да другіх (Міхаська-галубок); словы-прыдаткі да онімаў у форме клічнага склону, якімі таксама аўтар перадае суб’ектыўнае стаўленне адных персанажаў да другіх (Яська-небарача, Сымон-браце); словы-кампаненты антрапаформулы з несумяшчальнай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай (Бертачка-нахалка).
Такім чынам, эпітэты-прыдаткі ў спалучэнні з онімамі ў творах Я.Коласа з’яўляюцца выразным лексіка-стылістычным сродкам характарыстыкі персанажаў. Эпітэты-прыдаткі дапамагаюць найбольш поўна і акрэслена рэалізоўваць канатацыйныя прырашчэнні ў онімах паводле самых розных лексіка-семантычных і суб’ектыўна-ацэначных асаблівасцяў. З іх дапамогай у тэкстах пісьменніка падаецца больш поўнае і мастацка акрэсленае апісанне вобразаў літаратурных персанажаў, іх учынкаў.
