
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў
- •Уводзіны
- •Агульная характарыстыка работы
- •Асноўныя палажэнні дысертацыі якія выносяцца на абарону:
- •Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце
- •Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры
- •2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры
- •3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў
- •3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
- •3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі ў творах мастацкай літаратуры
- •3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры
- •3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст
- •4. Заключэнне
- •Выкарыстанай літаратуры
- •Крыніцы фактычнага матэрыялу
3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў
У творах мастацкай літаратуры нярэдка выкарыстоўваюцца каламбуры. Каб перадаць дасціпнасць ці камічнасць , мастакі слова ствараюць нечаканае рыфмаванае сугучча, спалучэнне слоў, у тым ліку і онімаў – уласных імёнаў, прозвішчаў, тапанімічных назваў. Каламбур з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў стварэння камічнага эфекту ў мастацкай літаратуры [Рагаўцоў 2002 (1): 11], а прыналежнасць да яго ў значнай ступені вызначаецца “агульнай (гумарыстычнай, сатырычнай, трагічнай і г.д.) афарбаванасцю тэксту” [Санников 1995: 57]. У 20 – 30-я гады ХХ ст. у перыяд масавага ўкаранення ў нашу мову пурыстычных наватвораў каламбур перадаваўся як жартаслоўе [ТПБТ: 16 – 17]. Каламбуры традыцыйна шырока ўжываюцца ў творах вуснай народнай творчасці: прыказках, жартах, выслоўях, анекдотах, пацешках і інш. У зборніку “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, які склаў Ф.Янкоўскі, ёсць нават асобны раздзел “Добразычлівыя і жартоўныя пажаданні. Жарты. Каламбуры”. Пададзены там і прыклады абыгрывання онімаў з мэтай дасціпнага і часам нечаканага супастаўлення іх з агульнымі лексічнымі адзінкамі або іх формамі:--Як завуць?--А як за Вуць, дык і Церахоўка; Падкузміў Кузьма Дзяміда; Паддзямідзіў Кузьма Дзяміда; Дзядзька Піліп, ці ты да лаўкі прыліп? Ішоў Тодар з Тадораю, знайшоў лапаць з абораю. – Ой ты Тодар, я Тадора, табе лапаць, мне – абора [Янкоўскі 1992: 348 – 359]. Паходжанне некаторых каламбураў растлумачыў Ф. Янкоўскі: “рэчка Вуць, а за рэчкаю Церахоўка. Каламбур заснаваны на сугучнасці завуць і за Вуць”; Шляхам, шляхам, да самай Гразі – каламбур з Мсціслаўшчыны, заснаваны на супадзенні слоў: гразь – бруд і Гразь – назва вёскі. На гасцінцы з Мсціслава на Смаленск вясною, восенню многа гразі [Янкоўскі 1992: 483]. Звычайна каламбуры ў творах ствараюцца ў межах з некалькіх радкоў, у якіх рыфмуюцца самыя разнастайныя лексічныя, фразеалагічныя і іншыя моўныя адзінкі. Сярод стылістычных фігур, якія выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры, як лічыць В. Рагаўцоў, адной з самых старажытных, пашыраных і ўжывальных з’яўляецца каламбур, што тлумачыцца асаблівасцямі яго пабудовы (свядома выбіраюцца розныя лексічныя сродкі – полісеманты, амонімы, паранамазы, антонімы, фразеалагізмы і інш.) [Рагаўцоў 2002 (3): 21]. Іх вобразна-выяўленчыя магчымасці, на думку В. Краснея, выяўляюцца ў тым, што ў мастацкім тэксце такія адзінкі (словы, формы слова і выразы) аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць рознае значэнне. Выкарыстоўваючы з’яву амафоніі, пісьменнік як бы супастаўляе аднолькавыя па форме (гучанні), але розныя па значэнні адзінкі, і ў гэтым часам даволі незвычайным супастаўленні кожнае слова (форма слова) выклікае да сябе асаблівую ўвагу, прымушае засяродзіцца на сэнсавым, вобразна-экспрэсіўным змесце выказанай аўтарам думкі [Красней 1986: 60]. Паранамастычныя каламбуры, напрыклад, з твораў Я. Коласа і Р. Барадуліна будуюцца звычайна на аснове супастаўлення ў тэкстах: онімаў і сугучных ім агульных адзінак; кампанента фразеалагізма і сугучнага яму оніма; супастаўлення двух і больш онімаў з выкарыстаннем народнай этымалогіі; абыгрывання чаканага ў наступным вершаваным радку слова іншым словам-онімам сугучным яму ці наадварот. Ужытыя ў мастацкім маўленні з адметным сэнсам (функцыяй), онімы ўспрымаюцца “не проста як імя, г.зн. знак вылучэння дадзенага аб’екта сярод іншых, аднародных, але і як сродак характарыстыкі” [Михайлов 1954: 40]. Такая гульня слоў у некаторых пісьменнікаў (К. Крапіва, В. Вітка, Р. Барадулін, Н. Гілевіч) нярэдка падаецца як асобны завершаны твор у выглядзе двухрадкоўя ці чатырохрадкоўя. Так, у вершы Я. Коласа “Падпальшчыкі вайны” паэт у шасці двухрадкоўях дае знішчальна-выкрывальную характарыстыку Трумэну, Далесу, Ачасану, Чэрчылю, Тругве Лі, Макартуру – дзяржаўным дзеячам ЗША і Англіі, якія праводзілі антысавецкую (1950 г.), мілітарысцкую палітыку. У пісьме С. Гарадзецкаму (28.VІІ.1950) Я. Колас пісаў: “Посылаю тебе наброски, характеристики шести поджигателей войны” [К ІІV: 21]. У двухрадкоўі з гэтага твора, прысвечаным Ачасану, паэт стварае каламбур, умела абыгрываючы онім Ачасан... ачэсан; (параўн.: ачасаць (перан.) – аддзяліць што-небудзь ад чаго-небудзь чэшучы, звярніце ўвагу, што чэшуць звычайна бервяно, калоду – В. Ш.), а таксама выяўляючы сугучча, пабудаванае на сутыкненні прамога значэння дзеяслова сесці і фразеалагізма сесці ў лужу – аказацца ў няёмкім, смешным становішчы: А вось і Ачасан... ачэсан, ды не дужа: Дзе б ён ні сеў, заўсёды сядзе ў лужу [К ІІ: 367]. Англійскага прэм’ер-міністра Чэрчыля як дзяржаўнага дзеяча ў радках паэта развенчваюць супрацьлеглыя, антанімічныя па змесце перыфразы, якія зарыфмаваны ў двухрадкоўі: старога лорда – разбойніцкая морда. Параўн.: лорд – наследны тытул вышэйшага дваранства ў Англіі і морда – груб. твар чалавека. Першая перыфраза гучыць пачціва-ўзнёсла, другая – абразліва-саркастычна, чым адначасова дасягаецца алагізм і камізм у апісанні гэтай высокай дзяржаўнай асобы. Такім чынам, каб засяродзіць увагу чытача да онімаў, стварыць іронію і камічны эфект, паэт кожнае з шасці двухрадкоўяў у гэтым вершы, якое можна разглядаць як асобны завершаны твор-мініяцюру, пачынае з названых прозвішчаў ініцыятараў халоднай вайны (Трумэн, Ачасан, Далес, Чэрчыль, Тругве Лі, Макартур) з наступным супастаўленнем онімаў і апісаннем іх у нечаканых каламбурах, кантрастных па семантыцы перыфразах і фразеалагізмах: На Далеса зірніце – біты ліс, І ўсюды свой усуне чмыс; Ну, Чэрчыля, старога лорда, Адразу выдае разбойніцкая морда [К ІІ: 367] і г.д. Дапаўняюць агульную характарыстыку гэтых дзяржаўных асоб словы і перыфразы далёка не дыпламатычнага ўжывання: разбойніцкая морда, рыла, чмыс, біты ліс, кат заядлы, падла, прыслужнік Уол-стрыта і інш. Такім чынам, названыя прозвішчы высокіх дзяржаўных асоб у такіх апісаннях і супастаўленнях (у каламбурах, перыфразах, лексіцы з яркай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай і інш.) набываюць выразную канатацыйную значымасць – успрымаюцца чытачом як онімы-сімвалы, якія ў перыяд “халоднай вайны” ўвасаблялі сабой агрэсію, мілітарысцкія намеры распачаць новую вайну.
Каб падкрэсліць унутраны сэнс некаторых “сялянскіх” характарыстычных прозвішчаў, зразумець іх народную этымалогію, пісьменнік карыстаецца такім уласцівым пераважна для беларускай народна-дыялектнай мовы прыёмам, як анафара, у выніку якой ствараецца паралелізм – некалькі слоў у сказе (у іх ліку ёсць і прозвішча) пачынаюцца аднолькавым словам або групай слоў [Рагойша 1979: 122]. Так, у аповесці “У палескай глушы”, апісваючы бойку палешукоў Куксы і Лявона Шкурата, Я. Колас адпаведным чынам “агаляе” ўнутраную сутнасць прозвішча: А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго і не знайся [К ІХ: 117]. Параўн.: апелятыў да другога з названых прозвішчаў кукса – астатак пакалечанай або ампутаванай рукі, нагі. У гэтым кантэксце Кукса куксіць – аўтарская перыфраза са значэннем “біць, лупцаваць”, у якой наватвор куксіць каламбурна звязваецца з прозвішчам Кукса. У выніку такога апісання сутычка палешукоў набывае гіпербалізавана-гратэскавае, асацыятыўна-зрокавае ўспрыняцце. Памацняе ўражанне і алітэрацыйнае згушчэнне гука к, які нібы перадае гукавы фон бойкі. Такім чынам, ужываннем оніма і аманімічнага яму дзеяслова гіпербалізавана, камічна малюецца сутычка паміж сялянамі, а прозвішча ў выніку становіцца выразна характарыстычным і канатацыйна значымым.
Падобным спосабам, як прасачыў І. Лепешаў, створаны каламбур Я. Купалам у п’есе “Тутэйшыя”, які нечакана гучыць у рэпліцы-галашэнні Ганулі Зношчыхі, калі арыштавалі яе сына: Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не змікіцьце майго Мікіткі. Хаця не змікіцьце!. Тут дзеяслоў ужыты з неўласцівым яму значэннем “пагубіць, звесці са свету” [Лепешаў 2000: 40]. Параўн.: у ТСБМ змікіціць – зразумець што-небудзь, здагадацца аб чым-небудзь. Адчуваецца тут і пераклічка з вядомымі ў фальклоры прыказкамі: Падкузьміў Кузьма Дзяміда; Паддзямідзіў Кузьма Дзяміда [Янкоўскі 1992: 355].
Канатацыйны бок некаторых прозвішчаў пісьменнік мэтанакіравана памацняе, ужываючы іх на фоне блізкіх ці аднолькавых па гучанні апелятываў, якія маюць эмацыйна-ацэначную ці нейкую іншую дадаткова значымую афарбоўку. Так, рэальнае прозвішча Міністра ўнутраных спраў царскай Расіі Гарамыкіна, якое ўпамінаецца ў трылогіі “На ростанях”, Я. Колас умела абыгрывае ў вершаваных радках і стварае каламбур, падбіраючы да антрапоніма-прозвішча аманімічныя спалучэнні: Милый друг, не верь надежде, Горемыкину не верь: Горе мыкали мы прежде. Горе мыкаем теперь [К ІХ: 455]. А прозвішча маладога настаўніка (Лясун) з п’есы “Забастоўшчыкі” драматург свядома супастаўляе ў рэпліцы Нічыпара з аманімічнай назвай лясун, якой у славянскай міфалогіі называюць жыхара лесу, ляснога духа: Лясун: А можа б, мы пайшлі куды-небудзь у лес, у месца больш спакойнае і зацішнае. Нічыпар: Не быў бы ты Лясун! Цябе ўсё ў лес цягне. Якога чорта цягацца туды? [К Х: 21]. Гэты каламбур па-свойму тлумачыць В. Рагаўцоў. У такім збліжэнні паранамазаў, на яго думку, выяўляецца аднаўленне ўнутранай формы аднаго з кампанентаў паранамастычнай бінармы [Рагаўцоў 2002 (1): 21 – 22]. Гэты прыём такой пабудовы каламбураў у лінгвістыцы называюць інакш народнай этымалогіяй, у выніку якой слова (онім у гэтым выпадку – В. Ш.) можа “падлягаць асэнсаванню, а часам і значнай семантычнай і фармальнай перабудове” [Шмелев 1977: 228]. Такім чынам, ва ўжыванні і ўтварэнні падобных прозвішчаў пісьменнік карыстаецца каламбурам, пабудаваным на аснове ўнутрымоўнай аманіміі: супастаўленні ў сказе слоў аднолькавага гучання – антрапоніма і яго апелятыва. Інакш кажучы, у гэтым кантэксце прозвішча Лясун набыло канатацыйнае, сінтаксічна абумоўленае значэнне, якое абудзілася ў оніме на базе зыходнага значэння апелятыва ў выніку свядомага каламбурнага супастаўлення гэтых аманімічных адзінак (Лясун – лясун). Такое значэнне можа развівацца, як лічаць даследчыкі, толькі ў мнагазначных словах. Яно ўзнікае ў іх на базе першаснай, зыходнай семантыкі шляхам пераасэнсавання і метафарызацыі... У сэнсавай структуры сінтаксічна абумоўленых значэнняў слоў прысутнічае ацэнка – адмоўная або станоўчая [Лепешаў, Якшук 2002: 119].
Арыгінальна будуе каламбуры паэт Р. Барадулін. Так, у вершы “Яраслаў Васільевіч”, прысвечаным Яраславу Смелякову, Барадулін умела рыфмуе прозвішча і ўласнае імя гэтага рускага паэта, ствараючы аманімічныя пары: Віцебскія йдуць насмеляка Вочы тояць смутак васільковы. Цвіль і кволь баяцца смаляка Смеляковы ўсе ды Смаляковы... А Ярыла рэха з яра слоў, Ярына на ярышчы ярэла. Рос патомны княжыч Яраслаў, Вёсен разгайданыя арэлі.. [Бар СП: 289].
У першым чатырохрадкоўі абыгрываюцца наступныя аманімічныя пары і групы, якімі ствараецца каламбур: насмеляка... смаляка... Смеляковы... Смаляковы. Супастаўляюцца блізкія па ўтварэнні і гучанні прозвішчы (Смаляковы, Смеляковы), у якіх папярэднімі аманімічнымі агульнымі адзінкамі, блізкімі па семантыцы да апелятываў (смаляка і насмеляка), падсвядома абуджаецца рэальнае значэнне апелятываў-прозвішчаў – смелы, прасмолены, смалісты. Дзеля рыфмы і стварэння каламбура Барадулін выкарыстаў аўтарскі неалагізм насмеляка са значэннем “смела, не баючыся”, а таксама назоўнік смаляк – смалісты кавалак дрэва. У вершаваным радку Р. Барадуліна – гэта і арыгінальная метафара, якая характарызуе трываласць, моц чалавека, яго гарэнне ў справах. Такім чынам, узнёсла, узвышана гаворыцца пра паважанага Р. Барадуліным паэта.
У другім чатырохрадкоўі каламбур будуецца на абыгрыванні асабовага княжацкага дахрысціянскага імя Яраслаў і сугучнага яму спалучэння “з яра слаў”. Мастацкае ўспрыняцце і выразнасць вершаванага тэксту памацняецца ампліфікацыйнай алітэрацыяй, якая ствараецца частым паўтарэннем фанетычнага спалучэння яр (7 разоў у 15 адзінках гэтага чатырохрадкоўя). Узнёсласць, патэтычнасць у вершы дасягаецца найперш насычэннем тэксту архаізаванай лексікай – ужываннем язычніцкіх уласных імёнаў: Ярыла – у славянская міфалогіі божышча сонца і ўрадлівасці: Яраслаў – той, хто славіць сонца; агульных архаізаваных назоўнікаў: княжыч – устар. князёвіч, малады сын князя; ярышча – архаізаваная назва поля, на якім расла ярына, а таксама аўтарскіх неалагізмаў: ярэла – выяўляла прыкметы ярыны; патомны – наследны і інш.
На аснове ўнутрымоўнай аманіміі пабудаваны каламбуры ў вершы “Адвячорак”, які Р. Барадулін прысвяціў самабытнаму беларускаму кампазітару Уладзіміру Журовічу, ураджэнцу Лельчыц, што на Палессі. У вершаваных радках, навеяных успамінамі аб архаічнай, некранутай пакуль Чарнобылем прыродзе самабытнага краю, паэт, наведаўшы Лельчыцы, маляўнічую Убарць, шырока ўжывае ўстарэлыя словы, называе рэаліі, якія яшчэ мала закранула цывілізацыя: борць, Убарць, мядзведзь, лось, вырак, бусел, юшка: аўтарскія неалагізмы: задужжа – нахіленыя над рэчкаю ствалы дрэў; аўтарскія перыфразы: сельгаснапітак – самагон; падпольны лірык – самагоншчык і інш.
У каламбурах супастаўляюцца: Убарць... у борць; ГАІ... ў гаі. Гумарыстычны эфект у паэтычных радках дасягаецца тым, што Р. Барадулін, малюючы ідылічную карціну былога Палесся, праз супастаўленне гідроніма Убарць і яго архаізаванага апелятыва борць – дрэва, на якім раней трымалі вуллі, або вулей-калода, або дупло ў дрэве з пчоламі, падсвядома і нечакана падказвае чытачу тлумачэнне назвы гідроніма: Ласі далёка трубяць. Мядзведзь ілбом у борць Бабах, і ў рэчку Убарць Ахаладацца – боўць! [Бар. СП 1975: 205]... Шафёр чытае вырак інспектарам ГАІ. І п’е падпольны лірык за салаўя ў гаі [Бар. СП 1975: 206]. У гэтым чатырохрадкоўі абыгрываюцца абрэвіятура ГАІ (рускі варыянт беларускага ДАІ – дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя – В. Ш.) і спалучэнне ў гаі. Асноўным аргументам, падставай для такой “гульні слоў” у вершаваных радках, як лічаць лінгвісты, з’яўляецца аддаленасць іх значэнняў, нечаканае сутыкненне якіх у кантэксце “надае каламбурам асаблівую вастрыню і камічнасць слоўнага непаразумення” [Щербина 1958: 42]. У каламбурах Р. Барадуліна, на нашу думку, арыгінальна, нечакана гучаць і ўспрымаюцца чытачом этымалагічныя падказкі (часам на падставе народнага разумення гэтай складанай моўнай з’явы), якія выяўляе або сам стварае і інтэрпрэтуе мастак слова ў аманімічных супастаўленнях, аўтарскіх перыфразах.
Па-мастацку абыгрывае Р. Барадулін татарскі назоўнік салы ў аднайменным вершы. Каламбур у ім будуецца на аманімічным супастаўленні і тлумачэнні тапанімічнай назвы Салы – паселішча ў Крыме і яе апелятыва салы – па-татарску: аўторак, другі дзень тыдня: А стагоддзі Брыдуць, як валы. І застаўся пасёлак Салы. Хай запомніць скупеча і злы: Па-татарску аўторак – салы!... І махаюць Стары і малы: на замку дзверы – Значыць, салы! [Бар. СП 1975: 314]. Эфектыўнасць каламбура ў гэтым тэксце памацняецца тым, што паэт слова салы, незразумелае чытачу, вынес у якасці загалоўка верша, а яго значэнне раскрывае, вытлумачвае толькі ў апошніх радках твора. У выніку створаная паэтам інтрыгуючая гульня слоў завяршаецца нечаканай этымалагічнай падказкай, аформленай каламбурам. Такім чынам, паэт сваёй моватворчасцю сцвярджае і фактычна несвядома раздзяляе не ўсімі прымальнымі думку, выказаную італьянскім пісьменнікам Умбэрта Эка, якую прыводзіць даследчыца назваў твораў Янкі Брыля Т. Трыпуціна: “Загаловак, на жаль, – ужо ключ да інтэрпрэтацыі... Назва-загаловак павінна заблытваць думкі, а не дысцыплінаваць іх” [Трыпуціна 2002: 170].
У вершы “Возера Звонь” пранікнёна паведамляецца пра багацце прыроды гэтага маляўнічага кутка Ушаччыны. Паэт стварае каламбур, рыфмуючы і знітоўваючы фанетычнымі алітэрацыямі блізкія па гучанні словы: Не плоціць мурагам арэнды, Палоніць ласкай абалонь, – Як затанулы звон з легенды, У зялёны бераг звоніць Звонь [Бар. СП 1975: 301]. У аманімічных парах метафарычна супастаўляюцца агульны назоўнік звон – ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным у сярэдзіне ўдарнікам (языком) і назва-гідронім Звонь – возера ў басейне ракі Ушачы. Паэт падкрэслівае, што сфера, берагі возера нагадваюць конус вялізнага прыроднага “звана”, у берагі якога б’ецца (звоніць) Звонь. Тут каламбурна сутыкаюцца, збліжаюцца аднакаранёвыя словы: звон, звоніць, Звонь. Дапамагае глыбінна асэнсаваць высокапаэтычныя радкі і прыём антрапамарфізму – надзяленне возера чалавечымі якасцямі. Узмацняе паэтычнае ўспрыняцце тэксту гукавая алітэрацыя зв, дзякуючы якой дасягаецца асаблівая выразнасць, жывасць, пачуццёвасць у апісанні гармоніі прыроды і чалавека на берагах возера.
Такім чынам, берагі Звоні, навакольная прастора ў апісаннях паэта не толькі рэальна шматмерныя, а і гіпатэтычна асэнсаваныя, прапушчаныя праз мастакоўскую прызму ўласнага бачання родных краявідаў. У выніку вершаваныя радкі ўспрымаюцца як сінтэз унікальнай інфармацыі пра рэальнае апісанне возера і яго суб’ектыўнае ўспрыняцце паэтам, якое перадаецца ўмелым і вывераным наборам самых розных выяўленчых сродкаў – індывідуальна-аўтарскіх метафар, ёмістых эпітэтаў, каламбурных супастаўленняў уласных і агульных назоўнікаў і дзеясловаў, антрапамарфічных пераўтварэнняў, вар’іраваннем слыхавых алітэрацый, дзякуючы якім дасягаецца глыбіннае раскрыццё і выяўленне ўсяго камунікатыўнага, кагнітыўнага і эмацыянальнага патэнцыялу твора.
Між іншым, алітэрацыі ў Р.Барадуліна – неад’емны кампанент яго выразных нечаканых метафар, частых каламбураў. Імі ствараюцца разнастайныя зрокавыя і слыхавыя вобразы і іншыя “паэтычныя вольнасці”, у якіх паэт-наватар – “нявольнік і ўладар адначасова, віртуоз і майстра” (В. Быкаў). У пацвярджэнне да сказанага І. Лепешаў прыводзіць верш Р. Барадуліна “Матылёк”. Тут усяго 66 слоў (разам з 15-ю службовымі), гук л паўтараецца 58 разоў [Лепешаў 2000: 76]. Каламбуры шырока выкарыстоўваюцца ў сяброўскіх жартах, віншаваннях, дасціпна перадаючы шчырасць пачуццяў. Так, у пасланні-віншаванні У. Караткевіча з нагоды дня нараджэння Вячаслава Рагойшы паэт арыгінальна стварае каламбур, выкарыстоўваючы ў чатырохрадкоўі з’яву амафоніі – абыгрывае асабовае ўласнае імя Слава (гутарковы варыянт ад язычніцкага княжацкага імя Вячаслаў – славячы Славу; той, хто памнажае славу – В. Ш.) і фразеалагізм: на славу – вельмі добры, цудоўны, надзвычайны: Каня і падкову мы дорым сягоння У дзень нараджэння для нашага Славы: Каня – каб заўсёды любіў ты Пагоню, Падкову – на шчасце, на вечнасць, на славу [ЛіМ 2002; 14.06 – с 13]. Памацняе мастацкае ўспрыняцце тэксту-віншавання ампліфікацыя спалучэнняў на шчасце, на вечнасць, на славу, якімі завяршаецца твор-мініяцюра.
R.S. Віншаванне было ўручана юбіляру з выявай галавы каня і падковы.
Такім чынам, пры пабудове каламбураў у мастацкіх тэкстах Я. Коласа і Р. Барадуліна выкарыстоўваюцца разнастайныя амонімы: прозвішчы і іх апелятывы, амонімы-тапонімы і сугучныя ім спалучэнні слоў або іх апелятывы. Каламбуры ў іх творах ствараюцца пераважна на аснове ўнутрымоўнай і міжмоўнай аманіміі. Аманімічныя пары ў тэкстах пісьменнікаў утвараюць:
а) онімы-антрапонімы беларускай мовы і аманімічныя ім апелятывы – агульныя назоўнікі і дзеясловы: Лясун... лясун; Кукса... куксіць; і інш.;
б) онімы-антрапонімы запазычаныя з заходнееўрапейскіх моў і сугучныя ім уласнабеларускія агульныя назоўнікі і іншыя адзінкі: Ачасан... ачэсан;
в) онімы-тапонімы з рускай і беларускай моў і сугучныя ім рускія ці беларускія агульныя назоўнікі-апелятывы або спалучэнні слоў ці фразеалагізмы: Клін... клін... заганяць (забіваць) клін, Убарць... у борць і інш.;
г) онімы-антрапонімы з рускай мовы і сугучныя ім спалучэнні слоў: Горемыкин... горе мыкать, ГАІ... у гаі;
д) онімы-тапонімы з цюркскіх моў і сугучны ім апелятывы: Салы... (назва паселішча) і салы – аўторак (татарск).
Ужываюцца ў творах гэтых мастакоў слова і камбінаваныя каламбуры, пабудаваныя з выкарыстаннем і кантэкстуальным супастаўленнем розных лексічных аманімічных і фразеалагічных адзінак і іх кампанентаў.