Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Анамастычная лексіка у мове маст. літ..doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.42 Mб
Скачать

219

Беларускі дзяржаўны універсітэт

УДК 808.26–313.1(043.3) на правах рукапісу

Шур Васіль Васільевіч

Анамастычная лексіка ў мове

беларускай мастацкай літаратуры

10.02.01 – беларуская мова

Дысертацыя на атрыманне

вучонай ступені доктара філалагічных навук

Мінск – 2003

Змест

Уводзіны

Глава 1. Агульная характарыстыка онімаў у мастацкім тэксце

Глава 2. Лексіка-семантычная характарыстыка онімаў у творах мастацкай літаратуры

2.1. Асабовыя ўласныя імёны ў творах беларускай мастацкай літаратуры

2.2. Мянушкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры

2.3. Прозвішчы ў творах беларускай мастацкай літаратуры

2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры

Глава 3. Онімы як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты сістэмы мастацка-выяўленчых сродкаў мовы пісьменнікаў

3.1. Онімы-загалоўкі ў мастацкіх тэкстах пісьменнікаў

3.2. Онімы-сімвалы ў творах беларускай мастацкай літаратуры

3.3. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах беларускіх пісьменнікаў

3.4. Эпітэты-прыдаткі пры онімах і іх экспрэсіўныя функцыі творах мастацкай літаратуры

3.5. Варыянтнасць онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры

3.6. Паказчыкі і актуалізатары канатацыйных значэнняў онімаў у творах беларускай мастацкай літаратуры

3.7. З’явы апелятывацыі і анімізацыі ў творах беларускай мастацкай літаратуры

3.8. Этымалагізацыя онімаў як мастацкі прыём у творах беларускай мастацкай літаратуры

3.9. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст

Заключэнне

Спіс выкарыстанай літаратуры

Крыніцы фактычнага матэрыялу

Уводзіны

У апошнія гады ў беларускай анамастыцы пачаў фарміравацца новы перспектыўны напрамак у вывучэнні літаратурных онімаў, асноўным аб’ектам якога з’яўляюцца асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы, мянушкі, разнастайныя тапанімічныя назвы, ужытыя ў творах мастацкай літаратуры. Такія адзінкі, з’яўляючыся неад’емным кампанентам любога мастацкага твора, у сваёй сукупнасці валодаюць разнастайнымі лексіка-стылістычнымі асаблівасцямі і тэкставымі канатацыямі, утвараючы своеасаблівую анамастычную прастору, якая ў сваю чаргу вызначаецца агульным кантэкстам твора, законамі літаратурнага жанру і мастацкага метаду пісьменніка, яго стылявымі індывідуальнымі асаблівасцямі, нацыянальнай спецыфікай і інш.

Даследаванне онімаў у мастацкіх тэкстах – гэта не толькі традыцыйная фіксацыя і апісанне анамастыкону як часткі агульнага слоўніка твора і як вынік мэтанакіраванага пісьменніцкага адбору і ўжывання, а і комплекснае ўзаемазвязанае вывучэнне іншых кампанентаў літаратурнага твора: сюжэтных калізій, кампазіцыі твора, мастацкіх вобразаў, эстэтычных функцый онімаў і іншых адзінак, якія разам арганізуюць кантэкст і яго мастацка-эстэтычны патэнцыял.

У беларускай лінгвістыцы, на жаль, пакуль няма абагульняльных прац, у якіх бы комплексна аналізавалася роля онімаў (паэтонімаў) у творах мастацкай літаратуры. Наша даследаванне, як мы мяркуем, дасць магчымасць на прыкладах з твораў пісьменнікаў розных пакаленняў прасачыць і комплексна апісаць ролю і функцыі онімаў у мастацкіх творах, выявіць іх важнейшыя тэкстаўтваральныя намінацыйна-дыферэнцыйныя і мастацка-эстэтычныя функцыі, а таксама раскрыць інфармацыйна-камунікатыўны патэнцыял у тэкстах.

Агульная характарыстыка работы

Актуальнасць тэмы дысертацыі. Вывучэнне асаблівасцей анамастычнай лексікі ў творах беларускай мастацкай літаратуры пачалося зусім нядаўна. Гэта тлумачыцца тым, што да апошняга часу літаратурная анамасіялогія разглядалася як частка традыцыйна-апісальнай анамастыкі, лексікалогіі, нягледзячы на значнае назапашванне разнастайнага тэарэтыка-эмпірычнага матэрыялу, які кваліфікаваўся пераважна без паслядоўнага і сістэмнага асэнсавання і апісання яго ролі ў творчым мастацкім тэкстаўтварэнні і камунікацыі. Актуальнасць абранай тэмы даследавання абумоўлена і тым, што анамастычная лексіка займае своеасаблівае месца ў мастацкім творы: выступае як выразны тэкстаўтваральны і тэкстуальна маркіраваны сродак, як адметная асаблівасць стылю пісьменніка. Такім чынам, актуальнасць дысертацыі вызначаецца:

– адсутнасцю спецыяльнага даследавання адной з важнейшых праблем у беларускім мовазнаўстве і ў беларускай літаратурнай анамасіялогіі ў прыватнасці;

– неабходнасцю ўсебаковага і глыбокага вывучэння мовы мастацкай літаратуры (у тым ліку і онімаў – неад’емных кампанентаў звязнага тэксту) як аднаго з прыярытэтных і перспектыўных напрамкаў беларускай лінгвістыкі – літаратурнай анамастыкі;

– недастатковай увагай да вывучэння анамастыкі ў ВНУ і сярэдніх навучальных установах.

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі. Дысертацыя выканана ў межах тэмы “Беларуская анамастычная лексіка: праблемы і перспектывы яе сістэмнага даследавання” (№ 20002560) (2000– 2002 гг.), якая ўваходзіла ў план навукова-даследчай працы кафедры беларускага мовазнаўства Установы адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт” і каардынавалася навуковым саветам па мовазнаўству Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мэта і задачы даследавання. Асноўнай мэтай дысертацыі з’яўляецца даследаванне асаблівасцей анамастычных адзінак у мастацкім тэксце. Для дасягнення мэты былі пастаўлены наступныя задачы:

– выявіць і сістэмна апісаць семантыка-стылістычныя асаблівасці онімаў (асабовых уласных імёнаў, мянушак, прозвішчаў, тапонімаў) у мастацкіх творах беларускіх пісьменнікаў;

– устанавіць тыповыя асаблівасці і заканамернасці функцыянавання онімаў у аспекце камунікатыўна-прагматычнай і сінтагматыка-парадыгматычнай арганізацыі мастацкага тэксту;

– вызначыць ролю узуальных і аказіянальных сродкаў у стварэнні канатацыйных значэнняў літаратурных онімаў;

– устанавіць заканамернасці і асаблівасці ў выбары пісьменнікамі кантэкстуальных сродкаў у фарміраванні анамастычнай семантыкі і стылістычнай канатацыі онімаў;

– апісаць з’явы апелятывацыі, анімізацыі і этымалагізацыі ў анамастычных адзінках, ужытых у мастацкім тэксце;

– устанавіць ступень ужывальнасці і адметнасці выкарыстання разнавіднасцей онімаў у мастацкіх творах;

– паказаць спосабы ўвядзення анамастычных адзінак у мастацкі тэкст.

Аб’ект і прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляюцца літаратурныя онімы як тэкстуальна маркіраваныя кампаненты мастацкага твора.

Прадмет даследавання – апісанне фарміравання анамастычнай прасторы тэксту, функцый паэтонімаў у творах літаратуры, а таксама прыёмаў стварэння паэтонімаў самых розных тыпаў. Крыніцай фактычнага матэрыялу сталі творы беларускіх пісьменнікаў самых розных жанраў, пераважна Я. Коласа, К. Крапівы, І. Мележа, І. Навуменкі, Н. Гілевіча, У. Караткевіча, Ф. Янкоўскага, Г. Юрчанкі і інш. Прааналізавана каля 10 тысяч анамастычных адзінак, выпісаных прыкладна з 350 твораў розных жанраў.

Гіпотэза. У навуковай літаратуры адносна выяўлення прыроды онімаў існуюць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: у лінгвістыцы, літаратуразнаўстве доўгі час усталяваным быў стэрэатып, згодна з якім онімы кваліфікаваліся і разглядаліся як свайго роду этыкеткі, пазбаўленыя сэнсу і зместу. Аднак назапашаны ў анамастыцы фактычны матэрыял і яго тэарэтычныя абагульненні даюць падставы сцвярджаць, што ў вызначальнай характарыстыцы паэтонімаў значымымі з’яўляюцца іх тэкстаўтваральная, энцыклапедычная, канатацыйная, маўленчая і інш. асаблівасці. Асэнсаванне гэтых функцый онімаў у мастацкім творы – вельмі часта шырокае разуменне і вытлумачэнне разнастайных лінгвістычных і літаратурна-эстэтычных з’яў і фактаў, абумоўленых сучасным станам лінгвістыкі як навукі, аўтарскай канцэпцыяй і спецыфікай літаратурнага твора, жанру, а таксама творчай манерай пісьменніка. Такім чынам, онімы ў мастацкім тэксце з’яўляюцца вызначальным тэкстаўтваральным кампанентам, іх мастацка-выяўленчыя і эстэтычныя функцыі ў творы, абумоўленыя аўтарскімі мэтамі і задачамі, падпарадкаваны звычайна цэламу шэрагу семантычных і функцыянальных заканамернасцей, ускладненых іншымі лінгвістычнымі і экстралінгвістычнымі задачамі і фактарамі: часам напісання твора, мастацка-эстэтычнай і ідэалагічнай пазіцыяй пісьменніка, асаблівасцямі яго стылю, нацыянальнай спецыфікай, тэмай і жанрам твора і інш.

Метадалогія і метады даследавання. Метадалагічнай асновай даследавання з’яўляецца канцэпцыя онімаў як вызначальных моўна-вобразных сродкаў стварэння мастацкага тэксту, якая знайшла сваю рэалізацыю ў класічных працах па тэорыі агульнай і літаратурнай анамастыкі. Асноўныя метады даследавання – апісальны і супастаўляльны з выкарыстаннем прыёмаў назірання, навуковай інтэрпрэтацыі і абагульнення. У рабоце аўтар прытрымліваўся прынцыпаў сістэмнасці і гістарызму, у адпаведнасці з якімі мова разглядалася як грамадская з’ява, а факты анамастыкі – як часткі цэлага, звязаныя разнастайнымі кагезійнымі сувязямі і адносінамі з іншымі кампанентамі мастацкага тэксту і мовы ў цэлым. Для надання некаторым палажэнням і вывадам канкрэтнасці, а таксама пры супастаўленні фактаў прыводзяцца колькасныя падлікі.

Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў. Дысертацыя з’яўляецца першай у беларускім мовазнаўстве спробай тэарэтыка-практычнага комплекснага апісання семантыка-стылістычных асаблівасцей анамастычных адзінак у мове мастацкай літаратуры. На аснове багатага фактычнага анамастыкону з твораў мастацкай літаратуры даецца класіфікацыя асноўных анамастычных адзінак, выяўляюцца іх вызначальныя лінгвістычныя і тэкстаўтваральныя функцыі, ускладненыя разнастайнымі канатацыйнымі адценнямі. Паказана роля онімаў як кампанентаў анамастычнай прасторы твора пры стварэнні экспрэсіўнасці і каламбураў у мастацкіх тэкстах, а таксама онімаў-загалоўкаў і онімаў-сімвалаў у выражэнні асноўнай аўтарскай ідэі. Разгледжаны з’явы апелятывацыі, анімізацыі і этымалагізацыі онімаў у творах пісьменнікаў як сродкаў выяўлення разнастайных канатацый, апісаны спосабы ўвядзення анамастычных адзінак у мастацкі тэкст. Крытычна ацэньваюцца некаторыя існуючыя трактоўкі прыроды онімаў (характарыстыка і класіфікацыя асобных разнавіднасцей мянушак, выбар онімаў пісьменнікамі для ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў і інш.), даюцца ўласныя меркаванні і вывады. Разгляд паэтонімаў як выразных тэкстаўтваральных кампанентаў развівае тэарэтычную базу беларускай стылістыкі і анамастыкі, у прыватнасці пашырае эўрыстычныя магчымасці лінгвістычнай інтэрпрэтацыі мастацкага тэксту.

Тэарэтычная і практычная значнасць атрыманых вынікаў дысертацыйнага даследавання заключаецца ў тым, што яны адкрываюць перспектыву пашырэння і далейшага ўдакладнення навуковых палажэнняў па тэорыі і практыцы літаратурнай анамастыкі. Акрэсленыя і апрабаваныя тэарэтыка-практычныя падыходы ў апісанні онімаў будуць стымуляваць далейшае паглыбленае даследаванне агульных і прыватных праблем літаратурнай анамасіялогіі.

Матэрыялы дысертацыі можна выкарыстаць пры напісанні абагульняльных прац па мове беларускай мастацкай літаратуры, а таксама пры стварэнні новага пакалення навучальных дапаможнікаў па лексікалогіі, стылістыцы беларускай мовы, пры чытанні ў ВНУ курсаў лексікалогіі, спецыяльных семінараў па праблемах беларускай анамастыкі, у пазакласнай рабоце з вучнямі гуманітарных класаў, ліцэяў і гімназій.

Вынікі і найбольш значныя палажэнні работы былі выкарыстаны аўтарам у перыяд падрыхтоўкі і чытання спецкурсаў “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры” і “Беларускі анамастычны краязнаўчы матэрыял на ўроках у сярэдняй школе”, якія праводзяцца на працягу апошніх гадоў на філалагічным факультэце і факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта, а таксама пры напісанні дапаможнікаў і вучэбных праграм для настаўнікаў і студэнтаў (гл.: “Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка”. – Мінск: “Маст. літ.”, 1998; “Зборнік дыктантаў і заданняў да іх”. – Мінск: “Вышэйш. шк.” (У сааўтарстве тры выданні: 1980, 1991, 1996), навукова-папулярная кніга “З гісторыі ўласных імёнаў”. – Мінск.: “Вышэйш. шк., 1993; рэспубліканская праграма факультатыву для сярэдняй школы “Беларуская антрапаніміка і тапаніміка” // Роднае слова. – 1998 – № 10. – С. 127–131), пры напісанні манаграфіі “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры”. – Мінск: УП “Тэхнапрынт”, 2002.