Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК история новейшего времени (1945- 2010гг.).docx
Скачиваний:
8
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
732 Кб
Скачать
☆

Тэма 2. Палітычнае развіццё краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў другой палове хх‑пачатку ххі ст.

Еўропа і Паўночная Амерыка.

Уплыў вынікаў другой сусветнай вайны на палітычнае жыццё краін Заходняй Еўропы. Пасляваенны дэмакратычны ўздым, дэмакратызацыя дзяржаўнага ладу і палітычнага жыцця. Рост уплыву левых партый і рухаў, крызіс традыцыйных кансерватыўных партый.

Другая сусветная вайна ўнесла істотныя карэктывы ў палітычнае развіццё Заходняй Еўропы. Пацярпелі паражэнне ў вайне і поўны гістарычны крах антыдэмакратычныя таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы. Былі дыскрэдытаваныя правыя палітычныя партыі, якія заплямілі сябе супрацоўніцтвам з нацызмам і фашызмам і не бралі ўдзелу ў руху Супраціўлення. Наадварот, заваявалі нямала новых прыхільнікаў палітычныя сілы, што адыгралі важную ролю ў вызваленчай барацьбе і прапанавалі сваім суайчыннікам праграмы глыбокага абнаўлення грамадства – камуністы, сацыял-дэмакраты і хрысціянскія дэмакраты. Падобная логіка выклікáла неабходнасць значнага абнаўлення ці нават поўнай замены, як у Германіі і Італіі, палітычнай эліты.

Палітычныя зрухі знайшлі сваё юрыдычна-інстытуцынае ўвасабленне ў пасляваенных канстытуцыях – Францыі (1946), Італіі (1947), ФРГ (1949), Даніі (папраўкі 1953 г. да арыгінальнай канстытуцыі, прынятай у 1848 г.). Французская канстытуцыя аднавіла ліквідаваныя падчас вайны палітычныя свабоды, а італьянская – зафіксавала факт скасавання манархіі і абвясціла рэспубліку. У гэтых дакументах поруч з палітычнымі свабодамі былі зафіксаваныя і сацыяльныя правы – права на працу, на адпачынак, на сацыяльнае забеспячэнне і адукацыю. Канстытуцыя ФРГ абвясціла ФРГ "дэмакратычнай і сацыяльнай федэратыўнай дзяржавай".

Усе новыя канстытуцыі прызнавалі роўнасць грамадзян перад законам, роўнасць правоў мужчын і жанчын, свабоды палітычнай і прафсаюзнай дзейнасці, права на стачку. Органы ўлады фармаваліся шляхам свабодных выбараў на шматпартыйнай аснове з усеагульным тайным галасаваннем. Прадугледжвалася магчымасць абмежавання прыватнай уласнасці ў грамадскіх інтарэсах, у тым ліку нацыяналізацыя крыніц сыравіны, энергіі і буйных прадпрыемстваў. Канстытуцыі Італіі, Францыі і ФРГ абвяшчалі адмову ад вайны як спосабу вырашэння міжнародных канфліктаў.

Важная роля ў палітычнай сістэме прадстаўнічай дэмакратыі належала парламенту і палітычным партыям. У паўночнаамерыканскіх дзяржавах і шэрагу краін Заходняй Еўропы – ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстрыі – па-ранейшаму захоўвалася ўстойлівая двухпартыйная сістэма. Прычым толькі ў ЗША (дэмакраты і рэспубліканцы) і Канадзе абодва яе кампаненты былі буржуазнымі партыямі. Што ж датычыцца Вялікабрытаніі і Аўстрыі, то там адным з важнейшых удзельнікаў партыйнай сістэмы з'яўляліся сацыял-дэмакраты (адпаведна, Лейбарысцкая і Сацыялістычная партыі). Блізкая да падобнай сітуацыя склалася і ў ФРГ. Аднак дзве вядучыя палітычныя партыі гэтай краіны (Хрысціянска-дэмакратычны саюз/Хрысціянска-сацыяльны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі) звычайна не дасягалі парламенцкай большасці і для стварэння ўраду былі вымушаныя абапірацца на падтрымку малодшага партнёру (Партыі свабодных дэмакратаў, СвДП). У літаратуры падобная партыйная сістэма (або варыянт двухпартыйнай) атрымала назву "двухспалавіннай". У Скандынаўскіх краінах, краінах Бенілюксу (Бельгія, Нідэрланды і Люксембург), у Швейцарыі і Ірландыі дзейнічала ўстойлівая шматпартыйная сістэма. Менш трывалая шматпартыйнасць мела месца ў Італіі, Францыі і Грэцыі.

Асноўныя ідэалагічныя плыні ў палітычным жыцці еўрапейскіх краін пасля другой сусветнай вайны. Стварэнне новых палітычных сіл, заснаваных на ідэях буржуазнага рэфармізму. Неалібералізм і неакансерватызм у палітычным жыцці Заходняй Еўропы. Еўракамунізм. Крызіс і крах дыктатарскіх рэжымаў у Іспаніі, Партугаліі і Грэцыі ў канцы 1960‑х –  сярэдзіне 1970‑х гг.

У першыя пасляваенныя гады дэмакратычны ўздым і настойлівая неабходнасць пашырэння ролі дзяржавы ў важнейшых сферах жыццядзейнасці грамадства вывялі на лідарскія пазіцыі ў палітычным жыцці Заходняй Еўропы сацыял-дэмакратычныя партыі. Практычна паўсюдна яны стварылі моцныя парламенцкія фракцыі, а ў цэлым шэрагу краін нават прыйшлі да ўлады аднаасобна ці ў кааліцыі.

Адначасова пад уздзеяннем вопыту палітычнага развіцця Захаду ў міжваенны перыяд і пачатку "халоднай вайны" адбываецца прынцыповы перагляд праграмных установак еўрапейскай сацыял-дэмакратыі ў накірунку да прызнання безумоўнай каштоўнасці прававой дзяржаўнасці. У 1951 г. Сацыялістычны інтэрнацыянал прыняў сваю праграму прынцыпаў – Франкфурцкую дэкларацыю, у якой была сфармуляваная сутнасць ідэй дэмакратычнага сацыялізму. Важнейшае значэнне ў справе абнаўлення сацыял-дэмакратычных каштоўнасцяў мела прыняцце Венскай праграмы Сацыялістычнай партыі Аўстрыі (1958 г.) і Годэсбергскай праграмы Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (1959 г.), якія адкінулі асноватворныя пастулаты марксізму аб дыктатуры пралетарыяту, класавай барацьбы, ліквідацыі прыватнай уласнасці, абагульнення сродкаў вытворчасці і г.д. Сацыял-дэмакратычныя партыі сталі прэтэндаваць не толькі на прадстаўніцтва інтарэсаў рабочых, але і ўсяго грамадства (Годэсбергская праграма, напрыклад, ставіла задачу пераўтварыць СДПГ з пралетарскай у "народную партыю"). Паступова гэтым шляхам пайшлі ўсе сацыял-дэмакратычныя партыі Заходняй Еўропы.

У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі ў палітычным жыцці развітых капіталістычных дзяржаў, асабліва у Італіі і Францыі, немалаважную ролю таксама адыгрывалі камуністычныя партыі. У 1950-1960-я гг. іх дзейнасць моцна паўплывала на прыняцця сацыяльнага заканадаўства, ажыццяўленне нацыяналізацыі, пашырэнне рэгулюючых і кантралюючых функцыяў дзяржавы.

Тым не менш, для значнай часткі грамадства па-ранейшаму захоўвалі сваю прыцягальнасць неаліберальныя ідэі. Яшчэ напачатку ХХ ст. сацыяльны лібералізм засведчыў абмежаванасць індывідуалісцкай трактоўкі свабоды і святасці прыватнай уласнасці. Была прызнаная адказнасць грамадства за дабрабыт сваіх членаў і права дзяржавы, як прадстаўніка грамадскіх інтарэсаў, на ўмяшанне ў сферу уласніцкіх адносін дзеля забеспячэння кансенсусу паміж асобнымі сацыяльнымі групамі. Пасля другой сусветнай вайны на базе сацыяльнага лібералізму была распрацаваная канцэпцыя дзяржавы дабрабыту. Важнейшым механізмам забеспячэння паспяховасці сацыяльна-эканамічнага развіцця лічылася стварэнне сацыяльна арыентаванай змешанай эканомікі. Яе прынцыпы, што прадугледжвалі эфектыўнае спалучэнне рыначных механізмаў і сістэмы дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, стымуляванне спажывання і рост занятасці, інтэнсіўнае выкарыстанне дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, сталі арыенцірам для палітыкі вядучых краін Захаду ў 1950-1960-х гг.

Тым не менш, палітычны ўплыў традыцыйных ліберальных партыяў пасля вайны стаў скарачацца. Вельмі паказальны прыклад Ліберальнай партыі Вялікабрытаніі, якая ўжо так ніколі і не здолела вярнуцца ва ўладу, а ў 1988 г. спыніла сваё існаванне. Дэмакратычная партыя ЗША ва ўмовах амерыканскай двухпартыйнасці і адсутнасці ўплывовай рабочай партыі з часоў "новага курсу" становіцца носьбітам ідэяў і рэалізатарам сацыяльнага рэфармізму ў краіне.

Большая частка кансерватыўных сілаў (памяркоўныя правыя) таксама прызнала неабходнасць сацыяльных рэформаў. У некаторых выпадках яны не проста працягвалі курс левых і цэнтрысцкіх сілаў на стварэнне дзяржавы дабрабыту, а нават ішлі на пашырэнне праграмаў дзяржаўнага ўмяшання і сацыяльнай дапамогі.

Пасля другой сусветнай адной з найбольш уплывовых сілаў у Заходняй Еўропе становіцца хрысціянская дэмакратыя. Яе ідэйнай базай становіцца сінтэз традыцыйных хрысціянскіх гуманістычных каштоўнасцяў, ідэяў салідарызму і субсідыярнасці, палітычныя ідэалы ліберальнай дэмакратыі. Найбольш паспяховымі партыямі сталі заходнегерманскія ХДС і ХСС, італьянская Хрысціянска-дэмакратычная партыя, французскі Народна-рэспубліканскі рух (МРП), бельгійская Сацыяльна-хрысціянская партыя. Хаця гэтыя партыі захоўвалі шчыльныя сувязі з каталіцкім касцёлам, па сутнасці яны з'яўляліся міжканфесійнымі партыямі. Іх праграмы грунтаваліся на свецкіх ідэях і каштоўнасцях, былі арыентаваныя на сістэму прадстаўнічай дэмакратыі і канстытуцыйную мадэль прававой дзяржавы.

Гэткім чынам, на фоне відавочных эканамічных поспехаў, зніжэння сацыяльнай напружанасці і "халоднай вайны" напрыканцы 1940-х – 1960-х гг. у краінах Захаду склаўся прынцыповы кансенсус паміж сацыял-дэмакратамі, лібераламі і памяркоўнымі правымі адносна прынцыпаў дзяржаўна-палітычнага ўладкавання і дзяржаўнага ўмяшання. Менавіта ў гэты час дасягае росквіту дзяржава дабрабыту. Яўнаму зніжэнню градусу ідэалагічнага супрацьстаяння на Захадзе таксама спрыяла разрадка напружанасці міжнародных адносін у перыяд з канца 1950-х да канца 1970-х гг.

Сярод заходніх інтэлектуалаў набываюць папулярнасць ідэі "канца ідэалогіі" як паступовага адмірання традыцыйных ідэалогіяў, што зарадзіліся ў ХІХ ст. на хвалі станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі, і "канвергенцыі" як працэсу сыходжання, набліжэння падабенства паміж рознымі грамадствамі (напрыклад, капіталістычным і сацыялістычным), якія стаяць на адной стадыяльнай прыступцы гістарычнага развіцця. Гэтак Дэніэл Бэл, выдатны амерыканскі сацыёлаг і публіцыст, аўтар праграмнай працы "Канец ідэалогіі: аб вычэрпванні палітычных ідэяў у пяцідзясятых" (1960 г.) (ён таксама набыў славу як стваральнік тэорыі постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства), напрыклад, вызначаў сябе "як сацыяліста ў эканоміцы, ліберала ў палітыцы і кансерватара ў культуры".

Тым не менш, падобная ідылія захоўвалася нядоўга. Узрастанне сацыяльна-эканамічных праблемаў, якія асабліва выпукла сталі праяўляць сябе з сярэдзіны 1970-х гг., рост палітычнага радыкалізму і экстрэмізму, а таксама крах палітыкі разрадкі спрыялі значнаму ідэйна-палітычнаму абнаўленню на Захадзе. Адным з яго вынікаў стала "неакансерватыўная рэвалюцыя". Цэнтральнае месца ў праграмах правых і неакансерватыўных сілаў занялі традыцыйныя ліберальныя каштоўнасці (дэмакратыя, свабода, рынак, прававыя прынцыпы сацыяльнага рэгулявання, а не сацыяльны лібералізм неалібералаў), сямейныя і рэлігійныя каштоўнасці, прызнанне неабходнасці ўліку нацыянальнай адметнасці, тонкае спалучэнне індывідуалізму і этатызму, сацыяльнай адказнасці асобы і дзяржаўнага ўмяшання ў сацыяльна-эканамічную сферу. Статус адной з асноўных праблемаў нацыянальнай і міжнароднай палітыкі набывае абарона правоў чалавека.

Электаральны поспех неакансерватараў Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў, ФРГ, Італіі і Францыі ў 1980-х гг. сведчыў пра сугучнасць гэтых ідэяў спадзяванням значнай часткі грамадства, а таму аказаў магутнае ўздзеянне на абнаўленне ідэйна-палітычнага арсеналу іх канкурэнтаў, у тым ліку сацыял-дэмакратычных, сацыялістычных і нават камуністычных партыяў.

Еўрапейскія левыя і самі добра разумелі неабходнасць перагляду сваіх ідэалагічных прыярытэтаў. На фоне абвастрэння крызісных з'яў у сусветнай сацыялістычнай сістэме напрыканцы 1970-х  –  напачатку 1980-х гг. у Заходняй Еўропе складваецца новая ідэйна-палітычная плынь – еўракамунізм. Рэпрэзентуючы сябе як новую мадэль "трэцяй ідэалогіі", альтэрнатыўнай як у дачыненні заходняга варыянту мадэрнізацыйнага развіцця, гэтак і савецкаму вопыту сацыялістычнага будаўніцтва, еўракамуністы адмаўлялі неабходнасць вядучай ролі правячай камуністычнай партыі і універсальнасць савецкага вопыту, прызнавалі эфектыўнасць нацыянальных мадэляў будаўніцтва сацыялізму, шматпартыйнай дэмакратыі і сацыяльнага плюралізму. У палітычных адносінах еўракамунізм абапіраўся на стратэгію рэфармізму ва ўмовах капіталістычнай сістэмы, адмову ад рэвалюцыйных гвалтоўных метадаў абнаўлення грамадства. Гэткім чынам, функцыянальна ён заняў ідэйна-палітычную нішу рэфармісцкага пралетарскага руху, якая утварылася эвалюцыі сацыял-дэмакратычных партыяў у накірунку ліберальнага прагрэсізму.

Важнай асаблівасцю палітычнага развіцця Еўропы ў канцы 1960-х  –  сярэдзіне 1970-х гг. стаў крызіс дыктатарскіх рэжымаў Паўднёвай Еўропы – у Іспаніі, Партугаліі і Грэцыі. У красавіку 1974 г. партугальская рэвалюцыя "чырвоных гваздзікоў" паклала канец рэжыму А. Салазара і яго пераемніка М. Каэтану. Канстытуцыя 1976 г. замацавала дэмакратычныя заваёвы, а таксама цэлы шэраг сацыяльных правоў працоўных. Неўзабаве, у тым жа 1974 г., быў ліквідаваны антыдэмакратычны рэжым "чорных палкоўнікаў" у Грэцыі. Ухваленая на рэферэндуме Канстытуцыя 1975 г. замацавала ў краіне дэмакратычную прэзідэнцкую рэспубліку. Смерць у 1975 г. шматгадовага дыктатара Іспаніі Ф. Франка адкрыла гэтай краіне, дзе лібералізацыя ў эканамічнай сферы ажыццяўлялася ўжо напрыканцы жыцця дыктатара, выдатныя перспектывы пераходу да дэмакратыі. Відавочная бесперспектыўнасць захавання франкісцкага рэжыму, схільнасць асноўных палітычных сілаў краіны да кампрамісу і выразна прадэмакратычная пазіцыя караля Хуана Карласа І дазволілі хутка рэалізаваць гэты патэнцыял. Гібель дыктатарскіх аўтарытарных рэжымаў на Поўдні Еўропы стаў праявай доўгачасовай тэндэнцыі – у свеце пачалася новая хваля дэмакратызацыі, якая трыумфальна скончылася падзеннем Берлінскай сцяны і крахам Савецкага Саюзу.

З’яўленне новых палітычных сіл (экалагічныя, рэгіянальныя партыі). Абвастрэнне нацыянальна-этнічных праблемаў. Праварадыкальныя партыі і рухі ў Заходняй Еўропе. Фармаванне сучаснай партыйна-палітычнай сістэмы.

На фоне пачатку сістэмнага крызісу індустрыяльнага грамадства ўзрастальная плюралізацыя грамадскага жыцця, з'яўленне субкультураў з уласнымі каштоўнаснымі і светапогляднымі ўстаноўкамі на працягу 1960-х гг. спрыяюць фармаванню ў краінах Захаду пратэстных рухаў. Адным з найбольш уплывовых і паспяховых аказаўся экалагічны ("зялёны") рух. Практычна ад пачатку арганізацыйнага афармлення "зялёныя" распадаюцца на дзве плыні. Увасабленнем першай, больш радыкальнай, стаў "Грынпіс" (Green Peace, "Зялёны мір", 1971 г.). Актывісты арганізацыі аддавалі перавагу адчайным, часам эксцэнтрычным, разлічаным на грамадскі і медыйны розгалас, дзеянням. Другую, больш памяркоўную плынь, рэпрэзентавалі экалагічныя партыі. Яны рабілі стаўку на парламенцкія метады барацьбы.

Першыя партыі зялёных з'явіліся у Аўстраліі, Новай Зеландыі і Вялікабрытаніі напачатку 1970-х гг. Заснаваныя на г.зв. "зялёных прынцыпах", якія ўключаюць: сацыяльную справядлівасць, дэмакратыю знізу (палітычны працэс, у межах якога прыняцце рашэнняў максімальна "апускаецца" на мясцовы ўзровень, англ. grassroot democracy), негвалтоўнасць і акцэнтаванне інвайранменталізму (і. – тэорыя кіравання сацыяльна-эканамічным развіццём і навакольным асяроддзем, якая лічыць чалавецтва неад'емнай часткай біясферы і сцвярджае неабходнасць пераўтварэння прыроды на карысць чалавека пры яе максімальным захаванні). У 1979 г. была заснаваная "партыя зялёных" ФРГ – самая паспяховая сярод экалагічных партыяў. Да сярэдзіны 1980-х гг. партыі "зялёных" сфармаваліся ў большасці краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Еўропы.

Тэндэнцыі да рэгіяналізацыі ў Бельгіі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі выклікалі да жыцця рэгіянальная партыі: ХСС у Баварыі, амаль усе бельгійскія партыі, Паўночнай Лігі ў Італіі, брытанскіх незалежніцкіх партыяў – ШНП (Шатландыя), Плайд Кімру (Уэльс), партыі Рэспубліканскія левыя Каталоніі і г.д.

Новай з'явай палітычнага жыцця Заходняй Еўропы стаў пачатак кансалідацыі асобных палітычных плыняў у межах усяго рэгіёну. Базай гэтага працэсу стала развіццё палітычнай надбудовы еўрапейскай эканамічнай інтэграцыі – Еўрапейскага парламенту. У яго сценах склалася Еўрапейская народная партыя (хрысціянскія дэмакраты), Федэрацыя ліберальных і дэмакратычных партыяў, Саюз сацыял-дэмакратычных партыяў і г.д.

Крах рэжымаў "народнай дэмакратыі" і сацыялістычнага блоку, распад СССР моцна падарвалі аўтарытэт левых партый. Найбольш пацярпелі камуністычныя партыі. Да ідэйнага крызісу дадаліся неабвержныя факты, што сведчылі пра іх шматгадовую фінансавую падтрымку з боку Савецкага Саюзу. Як вынік, некаторыя партыі камуністаў, у першую чаргу варта прыгадаць Італьянскую камуністычную партыю, зведалі цэлую серыю скандалаў і ўрэшце рэшт распаліся. Аслабленне левых партыяў стала адным з важных фактараў, якія выклікалі значныя змены ў партыйных сістэмах заходнееўрапейскіх дзяржаў.

На працягу 1970-1980-х гг. склаўся і кансерватыўны пратэстны рух – "новыя правыя". З'явіліся і праварадыкальныя нацыяналістычныя тэрарыстычныя групоўкі – Ірландская рэспубліканская армія (ІРА), арганізацыі баскаў у Іспаніі (напрыклад, ЭТА) і г.д.

Цэнтральная і Паўднёва-Ўсходняя Еўропа.

Палітычныя аспекты развіцця краін Усходняй Еўропы пасля другой сусветнай вайны. Працэс усталявання дыктатуры пралетарыяту.

Яшчэ напрыканцы другой сусветнай вайны ў краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы адбываецца працэс кансалідацыі апазіцыйных партыяў і рухаў, утварэння шырокіх шматпартыйных кааліцыяў – нацыянальных (айчынных) франтоў. У 1944 г. гэтак адбылося ў Балгарыі, Венгрыі і Румыніі, а ў Чэхаславакіі і Польшчы – у 1945 г. Выключэнне склалі толькі краіны Балтыі, для якіх вызваленне ад нацызму азначала вяртанне савецкай улады, і Югаславія з Албаніяй, дзе пракамуністычныя рухі атрымалі перамогу над унутрыпалітычнымі канкурэнтамі яшчэ ў час вайны.

Першапачатковае адзінства асноўных палітычных сілаў усходнееўрапейскіх краінаў было перадусім звязана з наяўнасцю згоды адносна першачарговых пасляваенных пераўтварэнняў. У палітычнай сферы ў якасці асноўных задачаў разглядаліся: фармаванне падмуркаў новага канстытуцыйнага ладу, ліквідацыя дыскрэдытаваўшых сябе аўтарытарных структураў і правядзенне свабодных выбараў. На іх думку, прыярытэтнае значэнне для краін, большасць насельніцтва якіх па-ранейшаму складалі сяляне, мела правядзенне глыбокіх аграрных пераўтварэнняў. Левыя партыі, сацыял-дэмакраты і камуністы, нягледзячы на разыходжанні па цэламу шэрагу стратэгічных і тактычных пытанняў былі адзіныя ў прызнанні неабходнасці арыентацыі на мадэль "даганяючага развіцця".

У той час яе дэмакратычныя партыі Усходняй Еўропы бачылі ў пасляваенных эканамічных пераўтварэннях толькі запатрабаванае часам узмацненне дзяржаўнага рэгулявання рыначнай эканомікі, камуністы разглядалі іх як этап сацыялістычнага будаўніцтва. Новы палітычны раскол быў непазбежны і шанцы на перамогу ўласнымі сіламі ў радыкалаў выглядалі зусім мізэрнымі. Аднак нарастанне супярэчнасцяў у адносінах паміж СССР і заходнімі дзяржавамі, паступовае пагружэнне свету ў "халодную вайну" не пакінула ўсходнееўрапейскім народам выбару. Савецкі Саюз усё вырашыў за іх сам.

З канца 1946 г. пачынаецца фармаванне левых блокаў з удзелам камуністаў, сацыял-дэмакратаў ды іх саюзнікаў. Іх мэтай абвяшчаўся мірны пераход да сацыялістычнай рэвалюцыі. Пры пэўнай дапамозе СССР левыя дамагліся значных поспехаў на дэмакратычных выбарах. У 1947 г. новыя ўрады пры непрыхаванай падтрымцы савецкай вайсковай адміністрацыі і абапіраючыся на органы дзяржаўнай бяспекі, якія ствараліся і кантраляваліся савецкімі спецыялістамі, справакавалі цэлую серыю ўнутрыпалітычных канфліктаў. Апошнія, у сваю чаргу, былі выкарыстаныя для разгрому сялянскіх і буржуазна-дэмакратычных партыяў і для расправы над іх лідэрамі.

За гэтым паследавала паглынанне камуністычнымі партыямі сацыял-дэмакратычных: 1948 г. адбыліся аб'яднаўчыя з'езды ў Румыніі, Польшчы, Балгарыі, Венгрыі і Чэхаславакіі. У выніку гістарычнага "аднаўлення палітычнага адзінства рабочага класу" камуністы зрабілі рашучы крок да аднаасобнага палітычнага панавання, а значная частка сацыял-дэмакратычных лідэраў чакаў гэткі ж трагічны лёс, як крыху раней іх буржуазных калегаў. Гэткім чынам у 1948-1949 гг. камуністы святкавалі канчатковую перамогу і афіцыйна абвясцілі курс на будаўніцтва асноў сацыялізму. (У ГДР аб пачатку сацыялістычнага будаўніцтва было заяўлена некалькі пазней – ў 1952 г.)

Будаўніцтва камандна-адміністрацыйнага сацыялізму. Замацаванне пануючай ролі камуністычных партый у грамадстве. Сацыяльна-палітычныя крызісы 1950‑х – 1960‑х гг. у краінах Усходняй Еўропы, іх вынікі. Спробы рэфармавання палітычнага жыцця ў 1960‑я гг.

Ва ўсіх краінах "народнай дэмакратыі" ўрады ўзначальвалі камуністы. Адбываўся працэс зрошчвання дзяржаўнага і партыйнага кіраўніцтва. Камуністычныя партыі станавіліся неад'емнай часткай дзяржавы, яго галоўнай кіруючай сілай. Гэтае становішча было неўзабаве юрыдычна замацаванае ў новых канстытуцыях. Усе астатнія партыі, калі асноўны закон увогуле дапускаў іх існаванне, больш не маглі прэтэндаваць на ўладу і былі вымушаныя ісці ў камуністычным фарватэры.

Пераход будаўніцтва сацыялізму ў краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы пад кантроль СССР прывёў да радыкальнай чысткі самога камуністычнага руху ў рэгіёне. У 1949-1952 гг. тут пракацілася хваля палітычных працэсаў і рэпрэсіяў. Яны "выкасілі" найменш падатлівых савецкаму ўплыву і найбольш самастойных палітыкаў, г.зв. "нацыянальнае" крыло, якое выступала за захаванне суверэнітэту сваёй дзяржавы і наважвалася пярэчыць грубаму ўмяшанню сталінскага кіраўніцтва ў яе справы. Усё сацыяльна-эканамічнае, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё стала перабудоўвацца па савецкім узоры без уліку нацыянальных асаблівасцяў і традыцыяў.

У выніку ў краінах Усходняй Еўропы былі ўсталяваныя дыктатуры камуністычных партыяў (а не пралетарыяту, як дэмагагічна заяўлялі іх лідэры), таталітарныя рэжымы савецкага тыпу пры захаванні асобных элементаў фасаду заходнееўрапейскага парламентарызму.

Нягледзячы на немалыя поспехі, дасягнутыя ў ажыццяўленні мадэрнізацыі, ацэнка насельніцтвам Усходняй Еўропы вынікаў сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і культурнага будаўніцтва істотна рознілася. Найбольш крытычна пасляваенныя дасягненні ўспрымаліся грамадствамі з параўнальна развітай рыначнай структурай, пэўнымі дэмакратычнымі традыцыямі і адносна высокім адукацыйным і культурным узроўнем. У Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі сацыялістычныя рэформы суправаджаліся асабліва балючай ломкай сацыяльнай структуры, ліквідацыяй дастаткова шматлікіх і паспяховых прадпрымальніцкіх слаёў, гвалтоўнымі зменамі сацыяльнай псіхалогіі. Са смерцю І.В. Сталіна і пэўным паслабленнем кантролю з боку Масквы ў правячых колах гэтых краінаў стаў узрастаць уплыў палітыкаў, якія заклікалі да больш гнуткай і адпаведнай мясцовым умовам стратэгіі рэформаў, павышэння іх сацыяльнай аддачы.

У чэрвені 1953 г. незадавальненне працоўных пагаршэннем умоваў аплаты працы ўзняло хвалю масавых забастовак і антыўрадавых дэманстрацый у ГДР. Задушыць іх здолелі толькі пры дапамозе савецкіх танкаў, уведзеных на вуліцы сталіцы і некаторых іншых усходненямецкіх гарадоў. Жорсткая расправа, бясспрэчна, аказала выцверажальны эфект – больш адкрытых выступленняў супраць рэжыму ў краіне не было. Аднак людзі выкарыстоўвалі любыя магчымасці для ўцёкаў на Захад. У 1961 г. было перакрытае асноўнае вакно ў свет для ўцекачоў – пабудаваная г.зв. "Берлінская сцяна".Мяжа, што падзяляла Усходнюю і Заходнюю Германію пераўтварылася ў самую ахоўваемую ў свеце.

Развянчанне культу асобы Сталіна ў 1956 г. на ХХ з'ездзе КПСС выклікала крызіс ў сусветным камуністычным руху і скрайне негатыўна адбілася на ўстойлівасці сталінісцкіх рэжымах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы. У многіх краінах былое кіраўніцтва, моцна павязанае з І.В. Сталіным, было вымушанае пакінуць свае высокія крэслы. Толькі асцярожнасцю новых уладаў, абяцанкамі і рэальнымі саступкамі народу удалося стрымаць хвалю антыўрадавых выступленняў у Польшчы. Сітуацыя ў Венгрыі, справакаваная ў тым ліку і польскім крызісам, зайшла нашмат далей. Адхіленне ад улады мясцовых сталіністаў, разрыў саюзу з СССР і адкрыццё межаў на захадзе на фоне ўзрастальных антысавецкіх і камуністычных настрояў вылілася ў падзеі восені 1956 г.: на ўтаймаванне венграў былі накіраваныя танкавыя карпусы; колькасць ахвяраў ішла на многія тысячы, а ўцекачоў у "вольны свет" – на сотні тысяч. Савецкі Саюз здолеў захаваць кантроль над усходнееўрапейскім сацыялістычнымі краінамі (выключэнне складала Югаславія), але вымушаны быў заплаціць высокую цану – яго маральна-палітычны аўтарытэт аказаўся моцна падарваным.

Ужо напачатку 1960-х гг. у дакументах правячых партыяў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы было дэклараванае заканчэнне будаўніцтва "асноў сацыялізму". Аднак пры ўсёй арыентацыі на савецкую грамадска-палітычную мадэль з паслабленнем прамога ўплыву Масквы і усходнееўрапейскі сацыялізм паступова набываў спецыфічныя рысы, уласцівыя нацыянальным асаблівасцям асобных краін, рэальнаму ўзроўню іх развіцця.

У Чэхаславакіі з красавіка 1968 г. пачынаюцца спробы рэфармавання не толькі эканамічнай, але таксама сацыяльна-палітычнай сферы з адыходам ад аднапартыйнасці і адмовай ад прызнання пралетарыяту гегемонам грамадства. Размова пайшла аб глыбокай рэформе самой мадэлі сацыялізму – фармаванні сістэмы "сацыялізму з чалавечым тварам". Нягледзячы на падкрэсліванне непарушнасці чэхаславацка-савецкага сяброўства і недатыкальнасці дзяржаўнай уласнасці – базы сацыялізму, дэмакратычны эксперымент у Чэхаславакіі быў расцэнены ў Маскве як недапушчальны. У маленькую краіну былі ўведзеныя звыш паўмільёны салдат СССР і яго саюзнікаў па Арганізацыі Варшаўскага Дагавору, а таксама 7 тыс. танкаў – удвая болей, чым кінуў супраць Савецкага Саюзу ў1941 г. Гітлер.

Перыяд застою ў палітычным развіцці Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы ў 1970‑я гг. Паглыбленне сацыяльна-палітычнага крызісу і спробы частковага рэфармавання палітычных сістэмаў у другой палове 1980‑х гг. Фармаванне апазіцыйных сіл. Крызіс правячых партый. Дэмакратычныя рэвалюцыі 1989 г. і стварэнне новай структуры палітычных сіл.

Неўзабаве ад рэформаў зусім адмовіліся. З аднаго боку, на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў практычна прыпыніўся працэс абнаўлення ўладных элітаў. Дзяржава мела вострую патрэбу ў новых асобах і свежых ідэях. Аднак апаратны механізм кадравай палітыкі, абсалютная фармальнасць выбарчага пачатку ў рэкрутаванні палітыкаў любога ўзроўню і карпаратыўнасць асобных уладных эшалонаў не пакідалі аніякіх шанцаў на яе задавальненне. Па меры старэння вышэйшага эшалону ўлады ўзмацняўся натуральны псіхалагічны кансерватызм правячай эліты. Гэткім чынам тут, як і ў Савецкім Саюзе, складваецца рэжым герантакратыі – улада старых. Энвер Ходжа кіраваў Албаніяй аж да самай смерці сорак адзін год, Нікалаэ Чаўшэску – дваццаць пяць гадоў пакуль не быў расстраляны без суда і следства сваімі ж былымі падначаленымі, Эрых Хонэкер да 77-гадовага ўзросту і г.д. З іншага боку, логіка рэфармавання неэфектыўнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі на шляху далейшага пашырэння рыначнага пачатку пагражала сутнасці сацыялістычнай сістэмы і базавым для камуністычнай ідэалогіі прынцыпам роўнасці і салідарнасці, сацыяльным ідэалам эгалітарызму.

Узрастальны разрыў паміж заяўленымі ідэаламі і рэальнымі дасягненнямі рэжымаў "народнай дэмакратыі" не мог не спарадзіць апатыю і недавер да іх ў шырокіх масах насельніцтва. Расчараванню ў існуючых парадках спрыяла відавочнае перараджэнне нязменнай і непадсправаздачнай свайму народу правячай эліты – са славалюбствам (у Албаніі і Румыніі нават захоўваўся культ асобы правадыра), карупцыяй, непатызмам і ды іншымі заганамі. У асяродку найбольш сацыяльна і інтэлектуальна спелай часткі грамадства фармуецца дысідэнцкі рух, які ставіць пытанні аб адсутнасці галоснасці і свабоды асобы як галоўных прычынах няўдач любых пераўтварэнняў і нават аб несумяшчальнасці дэмакратыі і сацыялізму.

Найбольшых памераў незадаволенасць дасягнула ў Польшчы: улады былі бяссільныя зладзіць з незалежным прафсаюзам "Салідарнасць". Баючыся паўтарэння пражскага сцэнарыя 1968 г. з прамым умяшаннем Савецкага Саюзу ва ўнутраныя справы ў 1981 г., яны ўвялі надзвычайнае становішча. Для нармалізацыі сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне прыйшлося пайсці на новыя эканамічныя рэформы.

Аднак польскі крызіс пачатку 1980-х гг. адносна мала паўплываў на палітычныя працэсы ў краінах сацыялістычнага лагеру. Для правячых партыяў і лідэраў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы СССР па-ранейшаму выглядаў надзейным гарантам непарушнасці існуючых парадкаў. Сітуацыя ў рэгіёне стала імкліва змяняцца ў 1985 г. з прыходам да ўлады ў Савецкім Саюзе М.С. Гарбачова.

Напрыканцы 1980-х гг. увесь рэгіён пагружаецца ў палітычны крызіс. У тых краінах, дзе ў перыяд перабудовы актывізаваліся рэформы, ідэалагічны плюралізм быў найбольшым і камуністычнае кіраўніцтва усведамляла непазбежнасць пераменаў, дэмакратычны працэс разгортваўся больш плаўна і на прававой базе. Гэтак у Польшчы апазіцыя здолела легальна ўзяць удзел у парламенцкіх выбарах 1989 г. і атрымаць права на фармаванне некамуністычнага ўраду. У наступным, 1990 г., лідэр "Салідарнасці" Л. Валенса быў абраны на пасаду прэзідэнта. Яшчэ ў 1988 г. лідэр рэфармісцкай апазіцыі ў Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі (ВСРП) здолеў стаць старшынёй арганізацыі. Непрымірымыя рознагалоссі паміж рэфармісцкай і артадаксальным групоўкамі ВСРП прывялі да расколу партыі ў 1989 г. Гэта расчысціла дарогу да ўлады дэмакратычнай апазіцыі, якая на першых дэмакратычных парламенцкіх выбарах 1990 г. атрымала ўпэўненую перамогу.

У іншых краінах Усходняй Еўропы змена дзяржаўна-палітычнага ладу адбывалася на больш драматычным фоне. Важнейшую ролю ў канчатковым краху камуністычных рэжымаў адыгралі падзеі восені 1989 г. ў ГДР, якія скончыліся падзеннем сумна вядомай "Берлінскай сцяны" і пачаткам працэсу аднаўлення нацыянальнага адзінства Германіі.

Напрыканцы 1989 г. масавыя дэманстрацыі пратэсту і забастоўкі ў Чэхаславакіі і Балгарыі таксама мірным шляхам дазволілі вырваць уладу з нямоглых рук камуністычных партыяў. Толькі ў Румыніі сцэнарый мірных – "аксамітных рэвалюцыяў" – быў парушаны. Народныя выступленні супраць аднаго з найбольш адыёзных рэжымаў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы перараслі ў крывавыя сутыкненні з сіламі дзяржаўнай бяспекі і каштавалі многіх загубленых жыццяў, у тым ліку самога дыктатара Н. Чаўшэску і яго жонкі. Без асаблівых эксцэсаў, хаця і некалькі пазней, у 1991 г., адбылося падзенне камуністычнага рэжыму ў самай адсталай краіне рэгіёну – Албаніі.