
- •І . Вытокі
- •I.1. Першабытныя людзі
- •I.2. Балты
- •І.3. Рассяленне славян
- •I.4. Русь і варагі
- •I I. Першыя дзяржавы Беларусі
- •II.1. Полацкае княства
- •II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
- •II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
- •Іі.4. Улада і людзі
- •II.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
- •I II. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
- •III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
- •III.3. Крэўская унія
- •III.4. Вялікае княжанне Вітаўта
II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
Раздзеленыя на мноства дробных удзелаў i аслабленыя Полацкая i Тураўская землi з канца ХII ст. ужо амаль не траплялi ў поле зроку летапiсцаў. Лiтоўскiя плямёны паступова пазбавiлiся ўсялякай залежнасцi ад Полацка ды пачыналi самi цiснуць на беларускiя землi, ажыццяўляючы адзiн рабаўнiчы набег за другiм. Гаворачы пра барацьбу «грозных палачанаў» з лiтоўцамi, аўтар «Слова пра паход Iгараў» называе князя Iзяслава Васiлькавiча, якi «позвони своими острыми мечами о шеломы литовския, притрепав славу деду своему Всеславу». Перад знешняй небяспекай Полаччына спрабавала пераадольваць унутраны крызiс. Пра пэўную палiтычную стабiлiзацыю ў ёй можа сведчыць ужо само трыццацiгадовае княжанне аднаго князя Валодшы — Уладзiмiра Ўсяславiча, якi займаў полацкi пасад з 1180-х да 1216 г. Пад кантролем Полацка тады заставаўся яшчэ ўвесь басейн Дзвiны ад Земгальскай затокi да Смаленшчыны. Археалагiчныя даследаваннi пацвярджаюць, што зямля перажывала i бурнае гаспадарчае развiццё. Аднак менавiта тады на захадзе полацкiх уладанняў з’явiлася сiла, якая ўжо ў ХIII ст. стала адным з найважнейшых фактараў палiтычнага жыцця паўночнай часткі Ўсходняй Еўропы.
Яшчэ ў 1184 г. у вусцi Дзвiны на бераг сышлi першыя нямецкiя мiсiянеры на чале з манахам Майнгардам. Яны папрасiлi дазволу ў князя Валодшы на хрышчэнне залежных ад Полацка лiваў i, атрымаўшы яго, збудавалi першы ў Прыбалтыцы каталiцкi храм. Так лацiнская мiсiя ў вусцi Дзвiны пачалася ў поўным паразуменнi з Полацкам. У 1198 г. наступны нямецкi мiсiянер Бертольд высадзiўся ў Земгальскай гаванi ўжо разам з войскам, а яшчэ праз год новапрызначаны iнфлянцкi бiскуп Альберт Буксгёўдэн падрыхтаваў канчатковы захоп Падзвiння. У 1201 г. ён заклаў у вусцi Дзвiны крэпасць Рыгу, а ў 1202 разам з цыстэрыянскiм абатам Тэадорыкам заснаваў Ордэн Братоў рыцарства Хрыстовага, больш вядомы як Ордэн Братоў па мячы, якому i даручылi справу хрышчэння лiваў. Калi полацкiя князi былi абыякавыя да веравызнання падуладнага насельнiцтва Прыбалтыкi (дзякуючы чаму захоўваўся непарушным грамадска–палiтычны лад гэтых плямёнаў), дык нямецкiя каланiзатары, што з’явіліся на хвалі місіянерскага руху, надавалі веры асаблівае значэнне.
Замацаванне нямецкіх каланістаў на Дзвiне адрэзала Полаччыну ад мора, перакрыла яе галоўны гандлёвы шлях. Па першым часе, праўда, палачане добра ладзiлi з Рыгай. Пачаўшы каланiзаваць землi лiваў i латгалаў, рыцары збiралi з гэтых народаў данiну, якую раней атрымлiваў Полацк, гаспадарылi на залежных ад Полацка тэрыторыях. Але непасрэдна полацкiя землi яны не краналi. Полаччына была адной з тых сілаў рэгіёна, што магла рэальна супрацьстаяць нямецкай калоніі. Бiскуп Альберт прысылаў полацкаму князю падарункi, накiроўваў паслоў для ўсталявання добрых дачыненняў. Ён iмкнуўся да супрацоўнiцтва з Полацкам i не парушаў яго «добрых старых правоў», каб не дапусцiць небяспечнай каалiцыi старажытнага беларускага княства з паганай Лiтвой. Дамагаючыся правiнцый Русi, Альберт выкарыстоўваў не ваенную сiлу, а такiя формы залежнасцi, як васалiтэт, шлюбныя дараваннi i iнш.
Пры падтрымцы лiваў ды эстаў полацкi князь Валодша спрабаваў спынiць насоўванне рыцараў, адкiнуць iх з вусця Дзвiны. Па словах нямецкага хранiста Генрыха Латыша, ён «заўсёды iмкнуўся разбурыць лiвонскую царкву». Да адкрытых канфлiктаў дайшло ў 1203 i зiмою 1206/07 г., калi полацкi князь спрабаваў здабыць ордэнскiя ўмацаваннi ў вусцi Дзвiны. Аднак гэтыя паходы не прынеслi нiякага поспеху. Мiж тым, сiтуацыя паступова мянялася. У 1207 г. кукенойскi князь Вячка папрасiў у Рызе падтрымкi супраць лiтоўцаў, а праз год рыцары зусiм падпарадкавалi Кукенойс, пакiнуты без дапамогi Полацка (магчыма, Вячка i не звяртаўся да князя Валодшы). У 1214 г. яны цалкам авалодалi i другiм удзельным цэнтрам полацкiх уладанняў у нiзоўях Дзвiны — горадам Герцыке. Князь Уладзiмiр Усяславiч пайшоў на кампрамiс.
У 1210 г. памiж Полацкам i бiскупам Альбертам быў падпiсаны «вечны мiр», на ўмовах якога Полацк фактычна адмовiўся ад сваiх iнтарэсаў у Нiжнiм Падзвiннi i дазволiў нямецкiм купцам з’яўляцца ў Полаччыне, а сам атрымлiваў за гэта частку данiны з лiваў i «адкрыты шлях» у Рыгу для полацкiх купцоў. Саюз прадугледжваў i супольную барацьбу супраць лiтоўцаў. Аднак праз два гады Альберт перастаў перадаваць Полацку дань за лiваў. Адноўленае ў 1212 г. полацка–ордэнскае мiрнае пагадненне зафiксавала ўзросшыя ўплывы немцаў у Падзвiннi i абумоўленыя гэтым супярэчнасцi з Полацкам. Але мiр быў нетрывалы. Падначалiўшы лiваў ды латгалаў, рыцары ўзялiся за хрышчэнне эстаў. Калi тыя папрасiлi заступнiцтва ў Полацка, Валодша пачаў рыхтаваць вялiкi паход на Рыгу. У 1216 г. было ўжо сабрана вялiзнае войска з палачанаў, лiваў, эстаў, лiтоўцаў, але полацкi князь раптоўна памёр (магчыма, быў атручаны), i паход сарваўся.
Адносiны Полацкай зямлi з Iнфлянцкiм ордэнам i потым часам абвастралiся, але яна нiводнага разу не была пад ударам рыцараў, як i сам Полацк не ажыццявiў нiводнага агульнага паходу на Рыгу. Гаспадарчыя iнтарэсы бралi верх, i Дзвiна стала трасай узаемавыгаднага актыўнага гандлю. У 1223 г. з iнiцыятывы Полацка зноў дайшло да спробы ўпарадкаваць узаемадачыненнi пiсьмовым пагадненнем. У 1229 г. памiж Смаленскам, Полацкам i Вiцебскам, з аднаго боку, ды Рыгай i шэрагам нямецкiх гарадоў (Любекам, Мюнстэрам, Брэменам, Дортмундам і інш.), з другога, была падпiсана новая, даволi раўнапраўная дамова аб гандлi, вядомая ў гiстарычнай лiтаратуры як «смаленская гандлёвая праўда». Яна адкрывала «чысты шлях» купцам гэтых гарадоў у абодва бакi i нiчым не абмяжоўвала iх гандаль.
У гэты час у Холмскай зямлi ўсталявалiся браты другога, яшчэ больш моцнага каталiцкага духоўна–рыцарскага ордэна — Ордэна святой дзевы Марыі, пазней празванага ў польскай гістарычнай традыцыі Крыжацкiм. Паклiканыя мазавецкiм князем Конрадам для барацьбы супраць прусаў, рыцары нямецкага Ордэна храмоўнiкаў (тэўтонцы) на чале з ландмайстрам Германам Бальке ў 1230 г. з’явiлiся на Вiсле, дзе сталi ўзводзiць замкi, i ўзялiся падпарадкоўваць Прусiю. У 1237 г. два нямецкiя ордэны ў Прыбалтыцы аб’ядналiся. Цяпер яны ўяўлялi сур’ёзную небяспеку для ўсiх балцкiх плямёнаў. Узрастала пагроза i для Русi. Праўда, Iнфлянцкi ордэн i пасля аб’яднання з тэўтонамі не ставiў на мэце заваявання тэрыторыi Полаччыны. Хоць на мяжы з ёю рыцары неўзабаве ўзвялi сваю цвярдыню Дынабург, непасрэдна беларускiя землi Падзвiння яны не займалi.
Неўзабаве пасля гэтага дайшло да саюзу Полацка з Ноўгарадам. У 1239 г. ноўгарадскi князь Аляксандр Яраславiч ажанiўся з дачкой полацкага князя Брачыслава — апошняга з вядомых Рагвалодавiчаў. Палачане дапамагалi Ноўгараду абараняцца ад шведскай агрэсii. Вядома, што ў 1240 г. адным з герояў вядомай бiтвы на Няве, у якой наўгародцы разграмілі кантынгент шведскіх рыцараў, стаў лоўчы князя Аляксандра полацкi баярын Якаў Палачанiн, якi, па словах летапiсца, «наехав на полк с мечем, и мужествова...»
Крыху пазней дайшло да ўсталявання самых прыязных адносiн Полацка з iнфлянцкiмi немцамi. У сярэдзiне ХIII ст. у горадзе з’явiўся каталiцкi храм i была заснавана лацiнская дыяцэзiя. У сталiцы старажытнага беларускага княства пасялiлiся лацiнскiя клiрыкi, немцы. Але з пераходам Полацка пад уладу неталерантнага лiтоўскага князя (праўдападобна, Гердзеня) каталiцкi асяродак тут быў злiквiдаваны.
У час, калi немцы ўмацоўвалiся на Балтыйскiм узбярэжжы, з мангольскiх стэпаў на Ўсходнюю Еўропу рухалася арда Чынгiсiдаў. У 1236 г. манголы разграмiлi Балгарскую дзяржаву на Волзе, а з 1237 пачалi заваяванне Русi. Блiзу 30—50 тысяч наезнiкаў на чале з Бату–ханам спустошылi Разанскае, Уладзiмiрскае ды Чарнiгаўскае княствы, спалiлi не менш за 15 гарадоў i вывелi ў палон тысячы жыхароў Усходняй Русi. У канцы 1240 г. азiяцкiя ваяўнiкi захапiлi Кiеў i праз поўнач Украiны напалi на Галiцка–Валынскае княства. Пазней мангольскiя тумены ад Уладзiмiра–Валынскага рушылi на Польшчу, Венгрыю, Чэхiю і далей, сягаючы Адрыятыкі. Вяртаючыся з пераможнага еўрапейскага паходу, у канцы 1241 — пачатку 1242 г. яны прайшлi далёка на поўдзень ад тэрыторыi сучаснай Беларусi. Такiм чынам, мангола–татары проста абмiнулi Беларусь, хоць прынамсi двойчы праходзiлi зусiм блiзка, з усходу i поўдня. Адсутнасць хоць якiх–небудзь паведамленняў у дастаткова верагодных пiсьмовых крынiцах (звесткi беларуска–лiтоўскiх летапiсаў ХVI ст. пра бiтвы з татарамi каля Койданава, пад Мазыром i ў нiзоўях Прыпяцi, аб чым пiсаў i Мацей Стрыйкоўскi, грунтуюцца на пазнейшых паданнях), з аднаго боку, i недахоп матэрыялаў з раскопак беларускiх гарадоў, якiя б ясна сведчылi пра паходы качэўнiкаў i спусташэннi, з другога, дазваляюць канстатаваць, што асноўная тэрыторыя Беларусi засталася практычна некранутай наезнiкамi Бату–хана.
Што паслужыла сапраўднай прычынай таго, што пад час мангола–татарскага наезду на Ўсходнюю Еўропу Беларусь была абмiнутая iмi? Пытанне застаецца адкрытым. Мiж тым, сама па сабе гэтая акалiчнасць мела прынцыповае значэнне для гiстарычных лёсаў беларусаў. Важна ўлiчваць яе i пры iнтэрпрэтацыi многiх падзей таго часу. Ролю знешняга фактара, асаблiва пагрозу мангола–татарскага заваявання, разглядаючы ўтварэнне манархii Мiндоўга, нельга, прынамсi, перабольшваць. Да сярэдзiны ХIII ст. землi Беларусi не ведалi нi рэальнай агрэсii з боку нямецкiх рыцараў, нi нашэсця мангола–татараў.