
- •І . Вытокі
- •I.1. Першабытныя людзі
- •I.2. Балты
- •І.3. Рассяленне славян
- •I.4. Русь і варагі
- •I I. Першыя дзяржавы Беларусі
- •II.1. Полацкае княства
- •II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
- •II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
- •Іі.4. Улада і людзі
- •II.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
- •I II. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
- •III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
- •III.3. Крэўская унія
- •III.4. Вялікае княжанне Вітаўта
II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
На поўднi Беларусi, у нiзiнах Прыпяцкага Палесся, на аснове племяннога саюза дрыгавiчоў не пазней чым у IХ ст. утварылася iх княства з цэнтрам у Тураве. Тураў упершыню згаданы ў «Аповесцi мiнулых гадоў», у паведамленнi пра тое, што Рагвалод прыйшоў з–за мора ў Полацк, «а Тури в Турове, и от него же и туровцы прозвашася». Гэта адбылося прыкладна ў 960—970-х г. Вiдаць, у тыя часы дрыгавiцкае княства, як i Полацкае, заставалася яшчэ самастойным. Яно ахоплівала вялiзныя абшары, першапачаткова нават землi цэнтральнай Беларусi (раён Менска), якiя пазней перайшлi да Полацка. У ХI—ХII ст. у склад Тураўскай зямлi ўваходзiлi вядомыя па летапiсах гарады Пiнск, Берасце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск i Дубровiца.
Падпарадкаванне Тураўскага княства Кiеву адбылося ў 980-х г., пры Ўладзiмiры Святаславiчы, якi пааддаваў былыя племянныя цэнтры сваiм сынам–намеснiкам. У 988 г. у Тураве быў пасаджаны Святаполк. З таго часу Тураўшчына як воласць уваходзiла ў склад Кiеўскай зямлi, аднак яна нiколi не станавiлася яе арганiчнай часткай.
Ужо князь Святаполк, сеўшы ў Тураве, ажанiўся з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага i ў змове з цесцем, на вайсковую дапамогу якога мог разлiчваць, хацеў сам заняць кiеўскi стол. Аднак пра гэты план стала вядома Ўладзiмiру, i тураўскi князь трапiў у няволю ў Кiеў. Толькi па просьбе кiеўскiх баяр ды перад пагрозай вайны з Баляславам яго вызвалiлi.
Застаючыся князем тураўскiм, Святаполк пасля смерцi Ўладзiмiра Святаславiча ў 1015 г. заняў i кiеўскi вялiкакняскi стол. Малодшыя яго браты Барыс i Глеб, што ўяўлялiся супернiкамi, былi забiтыя падасланымi наймiтамi, таму летапiсцы празвалi Святаполка «Акаянным». Супраць братазабойцы выступiў ноўгарадскi князь Яраслаў, якi праз чатыры гады крывавай барацьбы, пасля бiтваў пад Берасцем у 1018 i на Альце ў 1019 г. прагнаў Святаполка ды сам сеў на кiеўскiм стале. Пры Яраславе Мудрым Тураў падпарадкоўваўся непасрэдна Кiеву, а потым кiеўскi князь прыслаў сюды свайго сына Iзяслава, якому ў 1054 г. дастаўся i вялiкакняскi пасад па бацьку.
Да пачатку ХII ст. Тураўскай зямлёй валодалi нашчадкi з роду Iзяслава, многiя з якiх былi i кiеўскiмi князямi. Так, з 1078 г. у Тураве сядзеў сын кiеўскага князя Яраполк, з 1088 г. — ягоны брат Святаполк, якi таксама адначасова займаў вялiкакняскi стол, а потым Яраслаў Святаполчыч. Але ў 1113 г. у Кiеве сеў Уладзiмiр Манамах, якi адабраў Тураў у Iзяславiчаў.
I пры Манамахавiчах, i пазней, пры Вольгавiчах, Кiеў глядзеў на Тураў як на сваю воласць. Гэты палескi горад даставаўся звычайна каму–небудзь з блiзкiх родзiчаў вялiкага князя. У 1142 г. кiеўскi князь Усевалад Вольгавiч парушыў тэрытарыяльную цэласць Тураўшчыны i раздаў сваякам пяць тураўскiх гарадоў — Берасце, Драгiчын, Клецк, Рагачоў i Чартарыйск. У ХII ст. Тураў страцiў яшчэ частку сваiх воласцяў: да Кiева i Чарнiгава адышлi адпаведна Брагiн i Рэчыца, а землi Пабужжа трапiлi пад уладу галiцка–валынскiх князёў. Праўда, пасля смерцi Вольгавiча, у 1146 г. тураўскi стол зноў заняў сын Уладзiмiра Манамаха Вячаслаў, якi самастойна вярнуў у склад Тураўскай зямлi i адабраныя раней гарады, i нават захапiў для сваяка Ўладзiмiр–Валынскi. Гэта выклiкала неадкладную расправу, арганiзаваную Кiевам. Дараднiкаў Вячаслава Ўладзiмiравiча зняволiлi i вывезлi ў Кiеў, а самога князя перавялi ў правiнцыйную Перасопнiцу. У Тураве ж зноў сеў сын кiеўскага князя Яраслаў Iзяславiч.
На працягу 1150-х г. на тураўскiм, як i на галоўным кiеўскiм стале ажно чатыры разы мянялiся прадстаўнiкi розных княскiх родаў. Шкода з прычыны адсутнасцi сваёй дынастыi была вiдавочнай. Часовыя ўладары не лiчылiся з мясцовымi iнтарэсамi, i Тураўшчына па–ранейшаму губляла землi. Прыкладам, у 1155 г. Мазыр перайшоў у склад Кiеўшчыны.
Гэтак было да 1158 г., пакуль тураўскi стол самастойна не заняў князь Юры Яраславiч — унук Святаполка Iзяславiча, якi княжыў у Тураве ў канцы ХI ст. Кiеў запатрабаваў ад яго пакоры, i калi князь не паслухаўся — вырашыў утаймаваць таго сiлай. Да Турава на расправу прыйшлi велiзарныя войскi каалiцыi, у якой апрача кiеўскiх дружын былi смаленская, галiцкая і луцкая раці, а таксама палачане. Здавалася, што маленькаму Тураву нiяк не выстаяць перад гэтакай армiяй. Аднак тураўцы ператварылi свой горад у непрыступную цвярдыню. Дзесяць тыдняў доўжылася аблога, пад час якой абаронцы не толькi добра адбiвалiся на гарадскiх сценах, але нават рабiлi вылазкi. I калi ў каалiцыйным войску пачаўся паморак коняў, яно мусiла зняць аблогу i сысцi. Пiнск, другi па важнасцi горад Тураўскай зямлi, у той год паспяхова адбiваўся ад плямёнаў берандзеiчаў.
Абаранiўшы свайго князя, Тураў гэтым самым адстаяў уласную незалежнасць. Юры Яраславiч стаў першым князем мясцовай, тураўскай дынастыi. У 1160 г. тураўцы яшчэ раз вытрымалi аблогу каалiцыi валынскiх князёў. Вядома, што ў 1162 г. Кiеў падпiсаў з тураўскiм князем Юрыем Яраславiчам пагадненне аб мiры, i самастойнасць Турава атрымала такiм чынам афiцыйнае i законнае прызнанне.
У другой палове ХII ст. Тураўская зямля таксама перажывала працэс драблення. Сыны Юрыя Яраславiча князi Святаполк, Iван i Глеб падзялiлi яе на некалькi ўдзелаў, сярод якiх асаблiвае значэнне пачаў набываць Пiнск. Калi да апошняй чвэрцi стагоддзя захоўвалася адзiная дынастыя мясцовых князёў, вядомая па летапiсах як «князi тураўскiя», або «з Турава Святаполчычы», дык у 1180-х г. вылучылася асобная дынастыя пiнскiх князёў.
Не дзiўна, што пры раздробленасцi i аслабленасцi Турава–Пiнская зямля хутка зноў трапiла пад уплыў больш моцнага суседняга палiтычнага цэнтра. Ужо на пачатку ХIII ст. турава–пiнскiя князi знаходзiлiся ў залежнасцi ад галiцка–валынскiх. Каб вызвалiцца з–пад улады Данiлы Галiцкага, яны пазней нават iшлi на саюз з паганскай Лiтвою, якая хутка ўмацоўвалася ў Панямоннi. Прыкладам, пiнскi князь Мiхаiл дапамагаў Лiтве ў супрацьстаяннi з Данiлам Галiцкiм i папярэджваў яе пра паход апошняга ў 1243 г. Аднак летапiсных звестак пра турава–пiнскiя землi гэтага часу вельмi мала.
Смаленскае княства ўтварылася на аснове аб’яднання смаленскай групоўкi крывiчоў у VIII—IХ ст. у вярхоўях Дняпра i Дзвiны. Калі ў культурна–этнаграфічным сэнсе гэтая зямля была вельмі блізкая да Полаччыны, то яе гiстарычныя шляхі мелі сваю адметнасць. Смаленскае княства з’явiлася на гiстарычнай арэне амаль на стагоддзе пазней за Полацкае, але ў ХII ст. яно пачало паступова выходзiць у лiк найбольш моцных дзяржаўных утварэнняў Русi. У адрозненне ад Полацка Смаленск, падпарадкаваны Алегам яшчэ ў 885 г., фактычна нiколi не ваяваў супраць Кiева. Калi ў 1120-х г. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расцiславам Мсцiславiчам, Смаленшчына вылучылася ў самастойную зямлю–княства. Аберагаючы свае ўладаннi ад спусташэнняў, Расцiслаў Мсцiславiч хутчэй мог пайсцi на кампрамiсы дзеля прадухiлення ўварванняў чужога войска ў яго зямлю, чым на адкрыты канфлiкт, як Рагвалодавiчы. Не ведала Смаленшчына i ўнутраных разладаў. Таму, калi Полацкае княства, знясiленае войнамi з Кiевам ды мiжусобiцамi, няўхiльна слабела, Смаленскае, наадварот, убiралася ў сiлу.
У другой палове ХII ст., удала выкарыстоўваючы ўнутраны разлад у суседнiх княствах, Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую ды Ноўгарадскую землi i за iх кошт павялiчыў уласную тэрыторыю. На захадзе ва ўладаннi смаленскiх князёў увайшлi Крычаў, Прапошаск (цяпер Слаўгарад) ды Мсцiслаў (у 1180 г. вылучыўся ў удзельнае княства), а з 1116 г. — i адабраныя ў Глеба Менскага гарады Копысь ды Орша.
Калi ў 1150—60 г. Полацк i Менск захапілiся ўпартай барацьбой за лiдэрства ў Полацкай зямлi, а палачане звярнулiся па дапамогу да смаленскага князя Давыда Расціславіча, той умела выкарыстаў гэта для ўмяшання ва ўнутраныя справы Полаччыны. Расплатай за падмогу была страта Полацкай зямлёй новых тэрыторый. У 1165 г. у Вiцебску пачаў княжыць Давыд Расцiславiч са Смаленска. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапiў i Друцк, якi ўдалося вярнуць у склад Полацкай зямлi толькi аб’яднанымi сiламi князёў полацкiх, чарнiгаўскiх i ноўгарадскiх. Толькi пасля таго, як у 1195 г. у вынiку ваеннага канфлiкту Расцiславiчы страцiлi i Вiцебск, Смаленск перастаў прэтэндаваць на Полаччыну.
На паўднёвым усходзе Беларусi радзiмiцкiя гарады Гомель i Чачэрск на Сажы, а таксама Рэчыца i Рагачоў на Дняпры ў ХII — пачатку ХIII ст. уваходзiлi ў Чарнiгаўскае княства. Дрыгавiцкiя ж гарады Мазыр i Брагiн залежалi ад Кiева.
Паабапал Заходняга Буга ў ХI—ХII ст. сфармавалася Берасцейская зямля з гарадамi Берасце, Драгiчын, Камянец, Кобрын i Мельнiк. Аб’яднаная вакол свайго цэнтра, аддзеленая ад Валынi багнамi ды лясамi, яна была дастаткова адзiнай у сацыяльна–палiтычных адносiнах вобласцю, хоць этнiчны склад насельнiцтва гэтай тэрыторыi вызначаўся вялікай разнастайнасцю. Вiдаць, да Х ст. на Берасцейскiм Пабужжы дамiнавалi валыняне, а пазней яго пачалi каланiзаваць дрыгавiчы. Акрамя таго, археолагам тут трапляюцца старажытнасцi заходнiх славян i заходнебалцкай племянной групоўкi яцвягаў, якiя займалi галоўным чынам землi Падляшша i Верхняга Панямоння.
Амаль да сярэдзiны ХII ст. Берасцейшчына ўваходзiла ў склад Тураўскай зямлi. Па дамоўленасці тураўскага князя Святаполка з польскім каралём Баляславам І Харобрым у час міжусобнай вайны з 1019 да 1022 ці нават да 1031 г. Берасце займаў польскі гарнізон. З сярэдзіны ХІІ ст. за ўплыў над Берасцем пачалася барацьба суседнiх Русi i Польшчы. Упартае змаганне за яе вялi князi кiеўскiя, турава–пiнскiя i галiцка–валынскiя, пакуль да пачатку ХIII ст. апошнiя канчаткова не сцвердзiлi сваёй улады над Берасцейскай зямлёй.
У Верхнiм Панямоннi асобную вобласць утварала Чорная Русь. Як вядома, ужо ў ХIV ст. так звалiся землi па левых прытоках i часткова па правым беразе Нёмана з паўсталымi тут яшчэ ў Х—ХI ст. усходнеславянскiмi гарадамi Горадня, Ваўкавыск, Наваградак, Слонiм i Здзiтаў. Гэтыя абшары, заселеныя балтамi, актыўна каланiзавалi дрыгавiчы i крывiчы, а таксама валыняне i драўляне. I хоць сельскае насельнiцтва тут яшчэ доўга заставалася балцкiм, у гарадах, як сведчаць матэрыялы археалагiчных раскопак, уся матэрыяльная культура (у прыватнасцi, прадметы побыту i рамёстваў) ад iх заснавання мела чыста славянскi характар. У летапiсах панямонскiя гарады пачалi фiгураваць параўнальна позна, толькi ў ХII—ХIII ст., калi яны ўжо дасягнулi ў сваiм развiццi сапраўднага росквiту, а Горадня i Наваградак сталi цэнтрамi ўдзельных княстваў, прычым апошнi быў адным з найбагацейшых гарадоў рэгiёна.
На пачатак ХIII ст. Верхняе Панямонне ў палiтычным сэнсе належала таксама да сiстэмы Галiцка–Валынскага княства. Аднак ужо ў першай трэцi ХIII ст. у барацьбу за дамiнаванне ў землях Чорнай Русi пачалi ўключацца i аб’яднаныя лiтоўскiя плямёны. Яшчэ праз колькi дзесяцiгоддзяў гэтай беларускай зямлi выпала быць адным з тэрытарыяльных ядраў новай дзяржавы, якая стала аб’ядноўваць вакол сябе раздробленыя i аслабленыя землi Русi на шырокiх прасторах ад Нёмана да вярхоўяў Дняпра.