
- •І . Вытокі
- •I.1. Першабытныя людзі
- •I.2. Балты
- •І.3. Рассяленне славян
- •I.4. Русь і варагі
- •I I. Першыя дзяржавы Беларусі
- •II.1. Полацкае княства
- •II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
- •II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
- •Іі.4. Улада і людзі
- •II.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
- •I II. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
- •III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
- •III.3. Крэўская унія
- •III.4. Вялікае княжанне Вітаўта
I I. Першыя дзяржавы Беларусі
II.1. Полацкае княства
Кансалiдацыя групоўкi крывiчоў у Беларускiм Падзвiннi ўжо ў канцы VIII—IХ ст. завяршылася ўтварэннем iх асобнага, згаданага ў летапiсе «княжання», цэнтрам якога стаў Полацк. Пра Полацк упершыню гаворыцца ў «Аповесцi мiнулых гадоў» пад 862 г. у паведамленнi аб «прызваннi» варагаў Рурыка, Сiнявуса i Трувора ў Паўночную Русь. Летапiсец адзначыў, што Полацк, як i Смаленск, пра «княжанне» якога ў той жа крынiцы яшчэ нiчога не гаворыцца, быў заснаваны крывiчамi. Беларускiя археолагi даказалi, што горад паўстаў прынамсi на стагоддзе раней за яго першую згадку ў летапiсе. Да апошняй трэцi IХ ст. полацкiя крывiчы не залежалi нi ад Кiева, нi ад Ноўгарада. Тэзiс пра яго раннюю падпарадкаванасць гэтым цэнтрам не пацвярджаецца крынiцамi. Толькi ў 870-х г. варажскія князi Аскольд i Дзiр, што сядзелі ў Кіеве, ажыццявiлi паход на Полацк i «воеваша полочан» (пад летапiснымi палачанамi трэба разумець не толькi крывiчоў, але ўсё насельнiцтва княжання). Не выключана, што яны i ўключылi цэнтр полацкiх крывiчоў у арбiту ўплываў Кiева, але гэта не больш чым дапушчэнне. У кожным разе, пры князi Алегу, якi аб’яднаў дзяржаву, Полацк зноў не падначальваўся Кiеву.
У другой палове Х ст. на тэрыторыi Беларусi было ўжо два княжаннi: летапiс паведамляе, што ў Полацк прыйшоў «з–за мора» княжыць Рагвалод, а ў Тураве сядзеў Тур. Скандынаўскiя сагi гавораць аб прыбыццi Рагвалода (Рохвальда) з Паўночнай Нарвегii. Ёсць таксама звесткi, што Тур быў ягоным братам. З’яўленне асобнага князя ў Полацку можа сведчыць калi не пра яго незалежнасць ад Кiева, дык пра ўзрастанне самастойнасцi гэтага дзвiнскага горада–дзяржавы. Археолагi вызначылi, што ў межах уладанняў Полацка жылi не толькi яго заснавальнiкi крывiчы, але i дрыгавiчы, а таксама рэшткi балтамоўнага насельнiцтва. Крывiчы i дрыгавiчы сталi асновай этнагенэзу беларусаў, таму Полацкае княства па праву лiчыцца першым прабеларускiм дзяржаўным утварэннем.
Мiжусобная барацьба, якую распачалi за кiеўскi стол Святаславiчы, была асаблiва трагiчнай для Полацка. У 975 г. ноўгарадскi князь Уладзiмiр i Дабрыня прыйшлi з дружынай да горада, захапiлi i спалiлi яго, знiшчылі ўсю сям’ю полацкiх князёў, пакінуўшы толькі Рагвалодаву дачку Рагнеду, якую Ўладзiмiр сiлай зрабiў сваёй жонкай. Так Полацк страцiў самастойнасць i быў уключаны ў склад Кiеўскай дзяржавы. Аднак ужо ў 988 г. Уладзiмiр вярнуў Рагнеду з малалетнiм сынам Iзяславам у яе вотчыну, на Полаччыну, збудаваўшы для iх горад Iзяслаўль (цяпер Заслаўе) на паўднёвай мяжы Полацкага ўдзелу. Лаўрэнцеўскi летапiс тлумачыць, што кiеўскi князь зрабiў гэта замест пакарання Рагнеды за няўдалы замах на яго жыццё.
Малады Iзяслаў Уладзiмiравiч — унук Рагвалода — неўзабаве заняў полацкi пасад, чым аднавiлася полацкая княская дынастыя i Полацкая дзяржаўнасць. Так Полацкая зямля першай выдзелiлася з агульнадынастычных уладанняў Рурыкавiчаў — у ёй сцвердзiлася мясцовая княская дынастыя Рагвалодавiчаў. Пра Ізяслава на полацкім стале вядома вельмі мала. У Ніканаўскім летапісным зводзе знаходзім, што ён быў «ціхі і лагодны, паслухмяны і літасцівы», «шматцярплівы і старанны ў чытанні боскіх пісанняў». Ізяслаў памёр у 1001 г., яшчэ пры жыцці свайго бацькі Ўладзіміра, таму, згодна з традыцыяй Кіеўскай Русі, яго нашчадкі не атрымалі права дамагацца кіеўскага стала.
Пасля смерцi Iзяслава полацкi пасад перайшоў да Брачыслава Iзяслававiча (?—1044), а пасля — да Брачыслававага сына. Падкрэслiваючы, што полацкiя князi чужыя астатнiм Рурыкавічам, летапiсцы называлi iх «Рагвалодавымi ўнукамi» («Рогволожи», а ўсе iншыя — «Ярославли»). Аўтар «Слова пра паход Iгараў» таксама асобна вылучаў полацкую дынастыю: «Яраслававы ўсе ўнукi i Ўсяслававы». Гэтая традыцыя супрацьпастаўлення Полацка ўсёй астатняй Русi мела за аснову яго рэальныя адносiны з Кiевам i Ноўгарадам. Вядомы расійскі гiсторык Аляксандр Праснякоў справядлiва адзначаў, што Полацкае княства «жыло сваiм асобным жыццём з першага свайго з’яўлення на гiстарычнай сцэне».
Размешчаны на важным шляху «з варагаў у грэкi», Полацк рана пачаў супернiчаць з Кiевам i Ноўгарадам. Полацкiя князi намагалiся пашырыць свае ўладаннi, авалодаць важнымi гандлёвымi шляхамi. Характэрна, што на адасобленасць Полацка нават у часы крывавай мiжусобнай барацьбы за кiеўскi стол не замахвалiся сыны Ўладзiмiра. Наадварот, сам Брачыслаў Iзяслававiч, намагаючыся далучыць да Полацкай воласцi мiжрэчча Дзвiны i Ловацi, дзе былi волакi, пайшоў на канфлiкт з ноўгарадцамi. У 1021 г. ён ажыццявiў паход на Ноўгарад, у якiм удзельнiчалi i варагi, заняў горад i выйшаў з вялiкай здабычай, але на зваротным шляху быў разбiты кiеўскiм князем Яраславам Мудрым. Тым не менш, Яраслаў Мудры заключыў з Брачыславам мiрны дагавор «на роўных» i аддаў яму гарады Вiцебск ды Ўсвят. Гэтым усталяваўся саюз памiж Полацкам i Кiевам. Брачыслаў дапамагаў Яраславу Мудраму ў барацьбе супраць Тмутараканi. А ў 1021—24 г. полацкi князь знаходзiўся ў Кiеве, дзе замяняў на галоўным стале Яраслава Ўладзiмiравiча. У сталiцы Русi з’явiўся асобны «двор Брачыслава». У 1024 г. саюз памiж Яраславам Мудрым i Брачыславам мог быць падмацаваны перадачай у склад Полацкай зямлi Менскай воласцi. Тады ж з Кiева ў Полацк перайшоў служыць варажскi конунг Эймунд з дружынай.
Першыя дзесяцiгоддзi княжання Ўсяслава Брачыслававiча (1044—1101) таксама прайшлi ў мiрных дачыненнях з Кiевам. Пасля смерцi Яраслава Мудрага ў 1054 г. канчаткова пацвердзiлася, што ўладаннi полацкiх князёў Рагвалодавiчаў утвараюць асобную зямлю, вылучаную з астатняй Русi — вотчыны Яраславiчаў. У 1060 г. Усяслаў яшчэ ўдзельнiчаў у супольным паходзе Яраславiчаў супраць торкаў, але пасля гэтага стаў iх ворагам. Ён далучыў да сваiх уладанняў Копысь i Оршу, а ў Полацку ўзвёў велiчны Сафiйскi сабор — трэцi на Русi пасля кiеўскага i ноўгарадскага. Храм мусiў сiмвалiзаваць, што Полацк паводле статусу роўны з Кiевам i Ноўгарадам. Iншымi словамi, сваёй Сафiяй полацкi князь супрацьпастаўляў сябе Кiеву i Ноўгараду.
Умацаваўшыся, князь Усяслаў перайшоў да актыўнай знешняй палiтыкi. Ужо ў 1065 г. ён напаў на Пскоў, а праз год захапiў i абрабаваў Ноўгарад. У адказ на гэта сыны Яраслава Мудрага Iзяслаў, Святаслаў i Ўсевалад прывялi дружыны ў Полацкую зямлю ды знiшчылi размешчаны на яе паўднёвых межах Менск. У сакавiку 1067 г. на берагах Нямiгi, на месцы, якое цяпер знаходзiцца ў цэнтры беларускай сталiцы, з сiламi Яраславiчаў сустрэлася войска Ўсяслава i адбылася адна з самых крывавых у нашай гiсторыi бiтваў, ярка апiсаная ў «Слове пра паход Iгаравы»: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела...».
Пасля бiтвы палачане адступiлi, а пераможцы неўзабаве падманам захапiлi полацкага князя ў палон. Запрасiўшы Ўсяслава з сынамi на перамовы i пакляўшыся на крыжы, што не зробяць нiякай шкоды, яны заняволiлi яго i пасадзiлi ў вязнiцу ў Кiеве. Але ў 1068 г., калi на Русь напалi полаўцы, а Iзяслаў не здолеў арганiзаваць абароны, кiяўляне ўзнялi бунт i прагналi свайго князя. Гарадскiя нiзы вызвалiлi Ўсяслава i абвясцiлi кiеўскiм князем яго. На працягу сямi месяцаў нашчадак Рагвалода займаў галоўны стол Русi. Аднак, калi Iзяслаў прыйшоў адбiраць кiеўскi пасад з польскiм войскам, ён пакiнуў сталiцу ды вярнуўся на Полаччыну. Iзяслаў жа, усталяваўшыся ў Кiеве, павёў войска на Полацк i пасадзiў полацкiм князем свайго сына Мсцiслава, а потым — Святаполка.
Прагнаны Ўсяслаў знайшоў прытулак у фiнскiх плямёнаў водзi. З iх дапамогаю ён зноў нападаў на Ноўгарад, а ў 1071 г. пры актыўнай падтрымцы полацкай абшчыны выгнаў з Полацка князя Святаполка i аднавiў сваё княжанне. Супраць неўтаймоўнага Гарыславiча чарговы раз выступiў Кiеў. Полацкае войска было разбiта, але сам Полацк выстаяў. У 1077 г. Полаччыну ваяваў ужо Ўладзiмiр Манамах, а ў 1078 ён жа прывёў з сабой i полаўцаў, спалiў Друцк, спустошыў зямлю «ад Лукамля да Лагожска» (цяпер Лагойск). Усяслаў, у сваю чаргу, напаў на Смаленск. Асаблiва аслабiў Полацкае княства нечаканы паход Уладзiмiра Манамаха ў 1084 г., калi яго войска было ўмацавана полаўцамi. Захапiўшы Менск, смаленскi князь цалкам знiшчыў горад, не пакiнуўшы ў iм, як потым сам падкрэслiў, «нi чэлядзiна, нi скацiны». На гэтым барацьба памiж Полацкам i iншымi княствамi Русi часова перапынiлася. Але i праз стагоддзе летапiсец адзначаў: «I ад таго меч уздымаюць Рагвалодавы ўнукi супраць Яраслававых унукаў».
У 1097 г. шэсць князёў Рурыкавiчаў з кiеўскiх, чарнiгаўскiх, пераяслаўскiх i валынскiх зямель — усе акрамя полацкага князя Ўсяслава, якi проста не быў запрошаны, правялi ў Любечы свой з’езд, паводле пастаноў якога «Руская зямля» — вотчына нашчадкаў Яраслава Мудрага — канчаткова раздзялiлася на абасобленыя ўладаннi трох старэйшых лiнiй — Iзяславiчаў, Святаславiчаў i Ўсеваладавiчаў. Гэты падзел не тычыўся толькi Полацкай зямлi i Ноўгарада. Вотчынныя правы на Кiеў перайшлi толькi да нашчадкаў Iзяслава. Так быў пахаваны родавы сюзерэнiтэт як форма ўлады на Русi.
Цяпер да смерцi Ўсяслава Полацкая зямля не ведала спусташэнняў. За гады яго княжання Полаччына дасягнула апагею магутнасцi i стала значнай усходнееўрапейскай дзяржавай. На поўначы княства Ўсяслава межавала з Ноўгарадскай зямлёй, на ўсходзе — са Смаленскай, на поўднi — з Тураўскай, а на захадзе — з Лiтвою, земгаламi ды iншымi балцкiмi народамi, якiя плацiлi данiну Полацку. Уладаннi полацкага князя цягнулiся далёка ўнiз па Дзвiне, сягаючы амаль узбярэжжа Балтыйскага мора. Дзякуючы зручнаму месцазнаходжанню (Полацк быў асноўным пасярэднiкам у гандлi памiж Прыбалтыкай i ўсходнеславянскiм светам) Полацкая зямля мела найлепшыя ўмовы для сацыяльна–эканамiчнага развiцця, таму спробы скiнуць палітычную залежнасць ад Кiева, мясцовы сепаратызм былі натуральным iмкненнем полацкіх баяраў і веча.
Пасля смерцi Ўсяслава Чарадзея, які меў 6 сыноў, тэрыторыя Полацкай зямлi пачала драбiцца на ўдзелы. Да сярэдзiны ХII ст. у яе межах з’явiлася 8 удзельных княстваў — Полацкае, Вiцебскае, Друцкае, Менскае, Iзяслаўскае, Лагойскае, а таксама Герцыке i Кукенойс на Нiжняй Дзвiне, якiя знаходзiлiся ў васальнай залежнасцi ад полацкага князя. Прыгарады Полацка набывалi ўсё большую самастойнасць у адносiнах да цэнтра зямлi.
Па–рознаму складвалiся ўзаемадачыненнi раздробленых княстваў Беларусi з Кiевам. Найбольш выразнай па–ранейшаму заставалася пазiцыя Полацка, якi ад пачатку iмкнуўся да асобнага жыцця. I калi Кiеў сiлай садзiў на полацкi стол свайго князя — Усяславiчы выганялi яго пры актыўнай падтрымцы насельнiцтва ды аднаўлялi ўласнае княжанне. У ХII ст. апрача самога Полацка барацьбу супраць залежнасцi ад Кiева вялi таксама воласцi, якiя выдзелiлiся з Полацкай зямлi — Менск, Iзяслаўль (Заслаўе), Барысаў, Друцк, Лагойск. Кiеўскiя ж князi, у сваю чаргу, каб нацiснуць на Полацк, звычайна нападалi на яго прыгарады. Менскi князь Глеб, сын Усяслава Чарадзея, пачаў адваёўваць падпарадкаваныя Кiеву дрыгавiцкiя землi — i быў за гэта жорстка пакараны. Уладзiмiр Манамах з Кiева двойчы, у 1116 i 1119 г., пасылаў на Глеба каалiцыйнае войска, пакуль менскага князя не паланiлi i не вывезлi ў сталiцу Русi, дзе ён i памёр. Падобныя метады барацьбы з непакорнымi Ўсяславiчамi кiеўскiя ўладары выкарыстоўвалi неаднаразова: то яны перасялялi на поўдзень жыхароў знiшчанага Друцка, то вывозiлi далёка ў Вiзантыю ўсiх князёў полацкай дынастыi. Апошняга ў 1129 г. дамогся сын Манамаха Мсцiслаў Уладзiмiравiч пасля таго, як нават праведзены на два гады раней супольны паход амаль усiх княстваў Русi супраць Полаччыны не ўтаймаваў полацкiх князёў. Тады пяцёра Ўсяславiчаў былi высланы з Полацка да вiзантыйскага iмператара ваяваць супраць арабаў, а на полацкi пасад пераможцы зноў пасадзiлi нашчадка Ўладзiмiра Манамаха. Так, нават непазбежна распадаючыся, «iмперыя Рурыкавiчаў» iмкнулася захаваць падпарадкаванне адасобленых зямель Русi былому адзiнаму цэнтру.
Смерць кiеўскага князя Мсцiслава Ўладзiмiравiча (Манамахавiча) у 1132 г. стала пачаткам поўнага развалу вялiзнай дзяржавы. Даўно адасобленыя землi–воласцi Русi пачалi хутка выдзяляцца ў самастойныя княствы. Сагнаўшы з пасада кiеўскага стаўленiка, палачане ў тым жа годзе пасадзiлi сабе князя Васiлька, унука Ўсяслава Чарадзея, i самастойнасць Полацка аднавiлася. А праз колькi гадоў, пасля вяртання з Вiзантыi двух з пяцi сасланых Ўсяславiчаў (вярнулiся толькi друцкi княжыч Рагвалод i, магчыма, князь вiцебскi), а таксама вяртання Полацку адабраных раней зямель (апрача Копысi ды Оршы), палiтычная барацьба Полацка з Кiевам фактычна скончылася. Кiеўскiм князям было не да Полацка. Смерць кiеўскага князя Ўсевалада Вольгавiча ў 1146 г. паклала пачатак дзесяцiгадовай барацьбе за галоўны стол Русi, якая яшчэ больш аслабiла i раздрабнiла Кiеўскую дзяржаву.
Тым часам усобiцы ахапiлi i Полацкую зямлю, дзе працэс феадальнай раздробленасцi пачаўся пры нашчадках Усяслава Чарадзея. Адным з першых з яе вылучыўся Вiцебскi ўдзел, рана стаў узвышацца Менск, князi якога Глебавiчы iмкнулiся заняць полацкi пасад — агульную спадчыну Ўсяславiчаў. Полацкае веча ў 1151 г. выслала свайго князя Рагвалода ў Менск, а княжыць у Полацку паклiкала Расцiслава Глебавiча з Менска. Але той жа сход вольных палачанаў у 1158 г. прагнаў яго i пасадзiў сабе Ўсяслава Васiлькавiча з Вiцебска. Не дамогшыся полацкага стала, менскiя князi ўзяліся падпарадкоўваць суседнiя ўдзелы — Iзяслаўль, Лагойск, а таксама далучалi землi ў заходнiм напрамку.
Характэрна, што хоць Полацк i намагаўся захаваць гегемонiю, пачынаючы з 1160-х г. яго князi мянялiся не воляю палачанаў, а галоўным чынам з iнiцыятывы ўдзелаў Полаччыны, якiя змагалiся за дамiнаванне ў цэлай зямлі. Даходзіла да вострага разладу памiж імі, што асаблiва яскрава выявiлася ў паходзе крывiцкiх князёў на Слуцк у 1162 г.
Толькi ў канцы ХII ст. вызначылася тэндэнцыя да кансалiдацыi Полацкай зямлi, чаму паспрыяла, вiдаць, знешняя небяспека. Удзелы Полаччыны аб’ядноўвалiся ў iмя супольных iнтарэсаў. У 1180 г. у паходзе на Друцк удзельнічалі шэсць полацкiх князёў. Яны ж разам выступiлi ў 1195 г. на баку Чарнiгава ў вайне са Смаленскам. Аднак акурат тады Полацкая зямля амаль зусiм знiкае са старонак летапiсаў, на нейкі час губляючыся ў цемры гісторыі.