
- •І . Вытокі
- •I.1. Першабытныя людзі
- •I.2. Балты
- •І.3. Рассяленне славян
- •I.4. Русь і варагі
- •I I. Першыя дзяржавы Беларусі
- •II.1. Полацкае княства
- •II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
- •II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
- •Іі.4. Улада і людзі
- •II.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
- •I II. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
- •III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
- •III.3. Крэўская унія
- •III.4. Вялікае княжанне Вітаўта
III.3. Крэўская унія
Каб пераадолець унутраны палiтычны крызiс, Ягайла шукаў апоры ў саюзе з суседнiмi дзяржавамi. Дзякуючы такой палітыцы ў сярэдзiне 1380-х г. вызначылася збліжэнне Вялiкага Княства Лiтоўскага з Маскоўскай дзяржавай. Дзмiтры Iванавiч Данскi ўсталяваў непасрэдныя адносiны з Ягайлам і ў 1383—84 г. Масква і Вільня перайшлі ад канфрантацыі да палітычнага супрацоўніцтва. Са свайго боку Ягайла праз сваю мацi Ўлляну — дачку цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча — пачаў перамовы з Масквой i дасягнуў папярэдняе дамоўленасцi аб зблiжэннi з вялiкiм князем Дзмiтрыем Iванавiчам. У 1384 г. памiж апошнiм i Ўллянай Аляксандраўнай было падпiсана адпаведнае пагадненне. Прадугледжвалася, што Ягайла ажэнiцца з дачкой маскоўскага князя Соф’яй, прыме праваслаўе і ахрысцiць сваiх суайчыннiкаў. Вялікая частка арыстакратыi Вялiкага Княства Лiтоўскага ставілася прыхiльна да такога саюзу з Масквой. Аднак падобная перспектыва ўмацавала б становiшча русiнаў — беларуска–ўкраiнскай большасцi насельніцтва дзяржавы, што паскорыла б асiмiляцыю лiтоўцаў. Акрамя таго, хрысцiянства ўсходняга абраду не спынiла б агрэсii нямецкiх рыцараў, для якіх праваслаўе было ерассю. Існуюць меркаванні, што віленска–маскоўскаму збліжэнню перашкодзілі Ордэн і Арда. У кожным разе, Ягайла ўрэшце адмовiўся ад зблiжэння з Масквой і аддаў перавагу блоку з Польшчай, iдэю якога абараняў блiзкi да яго рыжскі немец Гануль.
Лiтоўска–польскi саюз у той сiтуацыi больш адпавядаў iнтарэсам Ягайлы і кракаўскага двара. Ён дазваляў аб’яднаць сiлы супраць агульнага ворага — Нямецкага ордэна. Для лiтоўцаў, якiя складалi тады прыкладна пятую частку насельнiцтва Ягайлавай дзяржавы, саюз з палякамi i хрысцiянства заходняга абраду давалi магчымасць захаваць палiтычную дамiнацыю ды ўберагчыся ад далейшай рутэнiзацыi. Малапольскiя паны, роля якiх у ажыццяўленнi унii была асаблiва вялiкая, iмкнулiся атрымаць землi Валынi ды Падолля, пазбавiцца нявыгаднага саюзу з Венгрыяй.
У 1385 г. пасля перамоваў з Кракава прыехалi ўпаўнаважаныя паслы Польскай Кароны. 14 жнiўня 1385 г. у Крэўскiм замку (цяпер вёска Крэва ў Смаргонскім раёне Беларусi) памiж iмi, з аднаго боку, i Ягайлам ды яго братамi Скiргайлам, Карыбутам, Вiтаўтам i Лугвенам, з другога, адбылося падпiсанне акта пра аб’яднанне дзяржаў. Ягайлу кракаўскiя паслы афiцыйна запрашалi заняць польскi каралеўскi пасад i ажанiцца з дванаццацiгадовай каралевай Ядзвiгай. Ад яго ж патрабавалася выканаць некаторыя ўмовы, у прыватнасцi, прыняць каталiцтва i перавесцi ў гэтую веру сваiх яшчэ не ахрышчаных братоў, сваякоў i суайчыннiкаў, вызвалiць палонных хрысцiян, галоўным чынам палякаў, коштам уласных сродкаў вярнуць землi, страчаныя Лiтвой i Польшчай, i нарэшце, што мела асаблiвае значэнне, «назаўсёды далучыць (applicare) свае Лiтоўскiя i Рускiя землi да каралеўства Польскага».
Падпiсаная ў Крэве унiя была канчаткова зацверджана ў лютым 1386 г., пасля хрышчэння Ягайлы, яго шлюбу з Ядзвiгай i ўрачыстай каранацыi ў Кракаве. Ягайла пачаў афiцыйна тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем лiтоўскiм i дзедзiчам рускiм». З юрыдычнага боку крэўскi акт фактычна азначаў iнкарпарацыю Лiтоўска–Рускай дзяржавы ў склад Польскай Кароны. Аднак на практыцы ажыццявiць прынятае рашэнне было немагчыма. Дзяржава Гедымiнавiчаў па–ранейшаму iснавала як асобны грамадска–палiтычны арганiзм. Дзякуючы актыўнасцi тых грамадскiх сiлаў, што былі незадаволеныя прапанаванай польскім бокам формай унiі, iнкарпарацыя стала толькi кароткачасовым эпiзодам чыста юрыдычнай гiсторыi.
Яшчэ пакуль Ягайла быў у Кракаве, на Беларусi супраць яго выступiў полацкi ўдзельны князь Андрэй Альгердавiч, якi заявiў, што, прыняўшы лацiнства, той не можа быць уладаром Лiтвы i Русi. Каб захаваць за сабою Полацк, ён звярнуўся па падтрымку да Ордэна. Пасля адпаведных перагавораў 10 кастрычніка 1385 г. Андрэй Альгердавіч падпісаў з Робінам фон Эльцам акт аб перадачы «Полацкага каралеўства» на вечнае валоданне інфлянцкаму магістру за гарантыю апекі Ордэна над ім і яго наступнікамі, а сам атрымліваў Полацкую зямлю ў якасці лена з рук магістра. Услед за гэтым ён падпісаў другі акт, у якім інфармаваў вялікага магістра пра заключанае з інфлянцкім лідэрам пагадненне. Атрымаўшы гарантыі падтрымкі ад Ордэна, полацкі князь узяўся дзейнічаць супраць Ягайлы і ў пачатку 1386 г. разам са Святаславам Смаленскім распачаў ваенную акцыю на Віцебшчыне, а потым і пад Мсціславам. Інфлянцкі магістр рушыў на злучэнне з імі і каля трох тыдняў ваяваў землі ВКЛ, дайшоўшы да Ашмяны, але пасля гэтага з палонам вярнуўся ў свае межы, пакінуўшы саюзнікаў. Смаленская раць дзейнiчала ў Падняпроўi, але Орша i Мсцiслаў адбiвалiся. Высланае Ягайлам войска, узначаленае Скiргайлам, Карыбутам, Лугвенам i Вiтаўтам, заспела смаленцаў пад Мсцiславам i ў красавiку 1386 г. разграмiла iх у бiтве на рацэ Вiхра. Смаленскi князь Святаслаў загiнуў, а яго сын Юры стаў даннiкам лiтоўскiх князёў. Полацк, у якiм закрыўся Андрэй Альгердавiч, яшчэ доўга i ўпарта баранiўся. Але вясною 1387 г. Скiргайла авалодаў горадам, захапiў Андрэя i адаслаў яго ў Кракаў да Ягайлы. Тры гады зняволены полацкi князь мусiў правесцi ў вязнiцы.
Прыехаўшы ў 1387 г. у Вiльню, Ягайла ажыццявiў абяцанае хрышчэнне Лiтвы (толькi Аўкштоты, бо землi Жамойцi знаходзiлiся пад уладай Ордэна). Баяры, якiя прынялi каталiцтва (большасць простага люду яшчэ доўга заставалася ў паганстве), атрымалi ад Ягайлы прывiлей, што даваў поўнае права ўласнасцi на спадчынныя землi, вызваляў ад усiх абавязкаў на карысць уладара, за выняткам вайсковай службы i данiны, ды iнш. Аднак правы свецкiх феадалаў выглядалi сцiпла параўнальна з прывiлеямi, якiя атрымаў у Лiтве каталiцкi касцёл.
Стварыўшы ў 1387—88 г. каталiцкае бiскупства з катэдрай у Вiльнi, Ягайла заклаў i першыя парафii: у дадатак да тых, якія ўжо iснавалі ў Вільні і Наваградку (а тут касцёл францішканаў з’явіўся яшчэ пры Віцені). Каталiцкiя храмы паўсталi ў Вiлька–мiры, Майшаголе, Меднiках, Немянчыне, Крэве, Гайне i Абольцах. Манарх забяспечыў касцёлы часткай дзяржаўных даходаў, а вiленскай катэдры надаў прыкладна 50—60 вёсак з 600 дымамi падданага насельнiцтва. Уладаннi касцёла, якiя сталi першай латыфундыяй у Лiтве i Беларусi, атрымалi поўны фiнансавы i судовы iмунiтэт. Адразу займеўшы тое, чаго ў Еўропе духавенства дамагалася стагоддзямi, каталiцкi касцёл стаў магутнай сiлай у Лiтве, а потым i ў Беларусi. Для праваслаўнай царквы стварэнне Вiленскага бiскупства было моцным ударам, бо асудзiла яе на страты на карысць касцёла.
Застаючыся вярхоўным уладаром Вялiкага Княства, Ягайла атрымаў ад удзельных князёў прысяжныя лiсты аб вернасцi яму i Кароне Польскай ды ад’ехаў у Польшчу. Намеснiкам сваiм ён пакiнуў троцкага князя Скiргайлу, узняўшы яго «вышэй за ўсiх братоў». Асобным прывiлеем за 27 красавiка 1387 г. Ягайла пацвердзiў правы Скiргайлы на Троцкае княства i надаў брату новыя ўладаннi на Беларусi — Менск, Свiслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапойск, Любашаны, Iгумен, Лагойск i Лебедзева, а таксама Полацкае княства. Аднак становiшча Ягайлы як суверэна ў Княстве было, вiдаць, недастаткова трывалым, калi ён прызначыў вiленскiм старастам паляка Клеменса Маскажэўскага ды прыслаў яму ў Вiльню польскую залогу. На Скiргайлу як намеснiка ён, вiдаць, не спадзяваўся. Пазней польскi хранiст Мацей Стрыйкоўскi паведамляў, што гэты князь «больш iмкнуўся памнажаць святынi грэцкiя, чым распаўсюджваць веру рымскую, бо з ранняга ўзросту выхоўваўся сярод русiнаў». Варта згадаць, што да пераходу ў каталiцтва Скiргайла быў праваслаўным (Iванам), як i iншыя Ягайлавы браты або i сам Ягайла.
Узiмку 1389/90 г. незадаволены становiшчам служылага князя Вiтаўт скарыстаў апазiцыйнасць баяраў Лiтвы i Русi ды паўстаў супраць Ягайлавай улады. Пасля няўдалай спробы захапiць Вiльню ён уцек да прускiх рыцараў. Каб атрымаць ваенную дапамогу, Вiтаўт стаў васалам Ордэна i аддаў яму Жамойць. Чакалася падтрымка i ад маскоўскага князя Васiля I (1389—1425), за якога Вiтаўт аддаў сваю дачку Соф’ю. Ужо ў вераснi 1390 г. Вiтаўт прывёў крыжаносцаў на Вiльню, а праз год авалодаў Горадняй, яшчэ праз год захапiў Наваградак, Мерач, зноў пагражаў Вiльнi.
Вайна паказала, што без кампрамiсу Ягайла не ўтрымае ўлады над землямi Лiтвы i Русi. На Беларусi ды Ўкраiне ён сутыкнуўся з адкрытай непрыхiльнасцю насельнiцтва. Тады Ягайла правёў таемныя перамовы з Вiтаўтам, у вынiку якiх увесну 1392 г. той зноў пакiнуў крыжаносцаў, папярэдне спалiўшы iх замкi пад Горадняй. 4 жнiўня ў Востраве, што на Гарадзеншчыне (недалёка ад Лiды), было падпiсана пагадненне, на падставе якога ўлада ў Вялiкiм Княстве пажыццёва перадавалася Вiтаўту. Як адзначыў мясцовы летапiсец, укняжанню Вiтаўта «рада была ўся зямля Лiтоўская i Руская».
Так пад вярхоўным суверэнiтэтам Ягайлы непасрэдным уладаром дзяржавы стаў Вiтаўт Кейстутавiч, якi тытулаваўся «supremus dux Lithuaniae» — «вялiкiм князем лiтоўскiм», або «вялiкiм князем Лiтвы ды панам i дзедзiчам зямель Русi». Хоць пасля прысягi на вернасць Ягайлу i Ядзвiзе ён i знаходзiўся ў васальнай залежнасцi ад Польскага каралеўства, пагадненне 1392 г. у параўнаннi з Крэўскiм актам давала дзяржаве пэўную самастойнасць. Яно стала першым юрыдычна–прававым крокам на шляху да аднаўлення дзяржаўнага суверэнiтэту Вялiкага Княства Лiтоўскага.