
- •І . Вытокі
- •I.1. Першабытныя людзі
- •I.2. Балты
- •І.3. Рассяленне славян
- •I.4. Русь і варагі
- •I I. Першыя дзяржавы Беларусі
- •II.1. Полацкае княства
- •II.2. Тураўскае княства і іншыя землі Беларусі
- •II.3. Паміж Ордэнам і Ардою
- •Іі.4. Улада і людзі
- •II.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
- •I II. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
- •III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
- •III.3. Крэўская унія
- •III.4. Вялікае княжанне Вітаўта
III.2. Палітыка Альгерда і Ягайла
Пасля смерцi Гедымiна ў Вільні застаўся яго наймаладзейшы сын Яўнут, якому бацька перадаў вялiкае княжанне. Але тое, што вiленскi пасад заняў не старэйшы з Гедымiнавiчаў, выклікала разлад сярод братоў. Ускладнiлася i знешнепалiтычнае становiшча дзяржавы. Крыжаносцы, памiрыўшыся з польскiм каралём Казiмiрам Вялікім, увайшлi ў Жамойць, замацавалiся ў нiзоўях Нёмана ды ўзмацнiлi нацiск на паганую Лiтву, ужо «падараваную» iм граматай iмператара Людовiка Баварскага 1337 г. У iмператарскай грамаце як складовая частка Лiтвы называлася i Русь.
На пачатку 1345 г. браты Альгерд i Кейстут, змовiўшыся, ажыццявiлi дзяржаўны пераварот. Кейстут захапiў Вiльню i абвясцiў уладаром Альгерда, самага старэйшага з Гедымiнавiчаў, якi меў вотчынныя ўладаннi на тэрыторыi Беларусi — Вiцебск i Крэва. Прагнаны Яўнут уцёк у Маскву, дзе прыняў праваслаўны хрост, але праз два гады вярнуўся, памiрыўся з братамi i атрымаў ва ўладанне горад Iзяслаўль (цяперашняе Заслаўе пад Менскам). Таксама хуткiм было вяртанне Нарымонта, якi пасля перавароту Кейстута апынуўся ў Ардзе.
Звяржэннем Яўнута пачаўся перыяд дыярхii — панавання двух, Альгерда i Кейстута. Браты раздзялiлi тэрыторыю дзяржавы на дзве часткi прыкладна па лiнii Горадня—Трокi — i далей да Iнфлянтаў. Кейстут атрымаў у валоданне заходнюю палову — Жамойць, Трокi, Горадню, Падляшша з Бельскам i Берасцейскую зямлю, а Альгерд — усе ўсходнiя землi. Першы меў сталiцай Трокi i займаўся заходняй палiтыкай, найперш — барацьбой з Нямецкім ордэнам, а другому належала Вiльня i ягонай справай былi дачыненнi з Масквой, Ноўгарадам, Псковам ды татарамi.
Галоўная небяспека па–ранейшаму зыходзiла ад Нямецкага ордэна. Хоць Альгерд i Кейстут для барацьбы з iмi нярэдка аб’ядноўвалi сiлы, стрымаць паходы рыцараў не ўдавалася. Ад немцаў шмат цярпелi i заходнiя землi Беларусi. Зiмою 1348 г. у вялікай бiтве каля ракi Стрэва, прытоку Нёмана, крыжаносцы разграмiлi аб’яднанае войска Альгерда i Кейстута, у складзе якога былi дружыны з беларускiх гарадоў, у прыватнасцi — з Берасця, Вiцебска, Полацка i Смаленска. Пад час паходу 1363 г. тэўтонскiя рыцары захапiлi Горадню, спалiлi Камянец i спустошылi iх наваколлi. У 1370-х iнфлянцкiя рыцары ўрывалiся на Полаччыну. У адказ Кейстут вадзiў войска на тэрыторыю ордэнскiх уладанняў. Ад 1343 да 1382 г. адбылося каля 30 уварванняў яго аддзелаў у Прусiю. Як сведчаць нямецкiя хронiкi, у гэтых паходах актыўна ўдзельнiчалi i «рутэны» — жыхары заходнебеларускiх земляў. У 1375 г. разам з Кейстутам у Iнфлянты вадзiў дружыны полацкi князь Андрэй Альгердавiч.
Складанымi заставалiся дачыненнi i з Польшчай. На працягу 1340—1350-х г. памiж польскiм каралём Казiмiрам, з аднаго боку, ды Альгердам i Кейстутам, з другога, вялася ўпартая барацьба за Валынь i Падляшша. Толькi ў 1366 г., паводле дамовы, падпiсанай Казiмiрам з усiмi князямi лiтоўскiмi, Берасце было канчаткова прызнана тэрыторыяй Гедымiнавiчаў. У 1377 г. пагадненне Альгерда з польскiм каралём Людовiкам Венгерскiм пацвердзiла, што Валынь i Берасцейская зямля належаць Вялiкаму Княству, а Галiччына з далучанымi Холмскiм i Белзскiм удзелам — Польшчы.
Як і пры Гедыміне, надзвычай поспяховай была ўсходняя палiтыка, якой займаўся Альгерд. Выступiўшы з антытатарскай праграмай збiрання земляў Русi, ён здолеў хутка распаўсюдзiць свой уплыў ажно да ўладанняў Масквы i да нiзоўяў Дняпра. З беларускiх земляў ужо ў канцы 1340—1350-х г. Альгерду падпарадкавалiся Бабруйск, Рэчыца, Чачэрск i Прапойск. У 1358 г. быў падначалены Мсцiслаў — цэнтр удзельнага княства, якi Альгерд аддаў свайму сыну Лугвену (Сымону), родапачынальнiку мсцiслаўскiх князёў Лугвенавiчаў. Пра тое, калi i як быў падпарадкаваны Гомель, крынiцы не паведамляюць нiчога. Потым пад Альгердаву ўладу трапiлi Бранск i Тарапец, прычым першы лiтоўскаму князю перадало само бранскае баярства. Яшчэ праз два гады Альгерд пасадзiў свайго сына Ўладзiмiра намеснiкам у Кiеў. Верхавенства лiтоўскага князя прызналi таксама гарады Севершчыны i Чарнiгаўшчыны. На поўднi Гедымiнавiч дамогся самых большых набыткаў. Увосень 1362 г. у бiтве каля Сiнiх Вод, што на Падоллi, ён разграмiў войска трох татарскiх ордаў — Крымскай, Перакопскай i Ямбалукскай — ды выйшаў да нiзоўяў Днястра i парогаў Дняпра. Гэтая перамога паклала пачатак вызваленню ўсходнеславянскiх земляў ад ардынскага панавання.
Паслядоўным было i замацаванне ўплыву ва ўсходнiм напрамку, у прыватнасцi, на Смаленск, з князем якога Iванам Альгерд падтрымлiваў добрыя адносiны. У 1341 г. ён дапамог смаленскаму князю ў канфлiкце з Масквою, якi разгарэўся з–за Мажайска, а ў 1352 дыпламатычным шляхам прадухiлiў уварванне маскоўскага войска ў Смаленскую зямлю. Пра далейшую залежнасць Смаленска сведчыў удзел смаленскіх палкоў на баку Альгерда ў бітве на Стрэве (1348), а пазней прысутнасць невядомага смаленскага князя ў складзе войск ВКЛ у паходзе на Ордэн (1352), потым удзел Святаслава Iванавiча Смаленскага ў паходах Альгерда на Маскву. Праўда, непасрэдна падпарадкаваць Смаленск Альгерду так i не ўдалося.
Пры Альгердзе дайшло да першых сур’ёзных канфлiктаў з Масквой, якая выступiла з уласнай праграмай збiрання спадчыны Рурыкавiчаў. Спачатку Альгерд зблiзiўся з маскоўскiм князем Сямёнам Гордым, падпiсаўшы ў 1349 г. з iм пагадненне, але яшчэ больш умацаваў саюз з Цверру, ажаніўшыся з дачкой цвярскога князя Мiхаiла Аляксандравiча Ўллянай. Канкураваўшае з Масквой Цвярское княства займела цяпер у асобе Альгерда магутнага апекуна, з чаго i пачалiся канфлiкты. Калi ў 1368 г. цвярскi князь Мiхаiл Аляксандравiч, на землi якога напала войска маскоўскага князя Дзмiтрыя Iванавiча, папрасiў заступнiцтва ў Альгерда, той сабраў войска i з Вiцебска рушыў на Маскву. Ён аблажыў Крэмль, аднак не змог здабыць абнесенай магутнымi мурамi цвердзi i праз тры днi адышоў. Маскоўскае войска ў адказ напала на Смаленск i Цвер. У 1370 i 1372 г. паходы на Маскву па просьбе цвярскога князя паўтаралiся, але да вызначальнай бiтвы справа не даходзiла. Канфлiкт быў залагоджаны мiрным пагадненнем. Пад канец княжання Альгерда цвярскі князь Мiхаiл Аляксандравiч не вытрымаў ваеннага нацiску суседа i, не дачакаўшыся дапамогi з Вялікага Княства, пасля паражэння паддаўся князю Дзмiтрыю Іванавічу. Так Цвер канчаткова падпала пад кантроль Масквы.
Далучэнне новых усходнеславянскiх земляў пры Альгердзе iстотна павялiчыла вагу «рускага» (усходнеславянскага) элемента ў дзяржаве лiтоўскiх князёў. Менавiта пры iм «руская» мова набыла ролю афiцыйнай, дзяржаўнай, а працэс рутэнiзацыi ахапiў i прыдворнае жыццё. Гэта было абумоўлена культурнай перавагай русiнаў. Праваслаўныя святары i манахi з’яўлялiся тымi нешматлiкiмi падданымi лiтоўскага князя, якiя ўмелi чытаць i пiсаць. Сярод нашчадкаў самога Альгерда праваслаўных было намнога больш, чым паганцаў — прынамсi ўсе дзецi ад яго першай жонкi Марыi Вiцебскай i большасць ад другой, Улляны Цвярской. Ёсць звесткi, што Альгерд i сам быў ахрышчаны ў праваслаўе, меў хрысцiянскае iмя Андрэй. У летапiсах, напрыклад, паведамляецца, што калi ў 1341 г. пскавiчы прапанавалi яму стаць iхнiм князем i ахрысцiцца, ён адказаў, што ўжо ахрышчаны. Як зазначыў пра Альгерда гiсторык Iгнацы Крашэўскi, «мова, звычаi, вера, права Русi не былi яму чужыя». Вядома пра прыязнае стаўленне князя да праваслаўных. У Вiцебску яго стараннямi для iх быў узведзены храм Святога Духа i адрамантавана старая Дабравешчанская царква.
Каб нейтралiзаваць царкоўна–палiтычны ўплыў Масквы на праваслаўнае жыхарства дзяржавы, Альгерд дамагаўся ўтварэння асобнай лiтоўска–рускай мiтраполii. Ён паслаў прапанаванага епiскапамi кандыдата ў мiтрапалiты манаха Фёдара не ў Канстанцiнопаль, а да балгарскага патрыярха ў Тырнову. Не прызнаны канстанцiнопальскiм патрыярхам руска–лiтоўскi мiтрапалiт рэзiдаваў у Наваградку i Кiеве. Калi ж яго епархii апынулiся ў юрысдыкцыi маскоўска–ўладзiмiрскага мiтрапалiта Аляксея, Альгерд у 1354 г. выслаў у Канстанцiнопаль свайго кандыдата Рамана, якi i атрымаў сакру. Яго катэдра знаходзiлася ў Наваградку, а з 1358 г. — у Кiеве. На тэрыторыi Беларусi мiтрапалiту Раману падпарадкоўвалiся Полацкая, Смаленская i Тураўская епархii. Памiж Раманам i Аляксеем вялася ўпартая барацьба за панаванне на ўсёй Русi, пакуль руска–лiтоўскi мiтрапалiт не памёр (1362).
Пасля смерці Альгерда ў 1377 г. у дзяржаве зноў пачаліся ўнутраныя разлады і міжусобіцы. Вiленскi пасад атрымаў Ягайла, сын Альгерда ад яго другой жонкi цвярской княгiнi Ўлляны. З гэтым не пагадзiлiся старэйшыя Альгердавiчы, дзецi ад вiцебскай княжны Марыi. Вiдаць, Ягайла i сам iмкнуўся пазбавiцца галоўнага канкурэнта — полацкага князя Андрэя — або падпарадкаваць яго ўладаннi. Ужо ў 1377 г. разам з Кейстутам ён паспрабаваў сiлай авалодаць Полацкам. Адбiцца ад iх войска палачанам дапамаглi iнфлянцкiя рыцары. Аднак i Андрэй пасля гэтага не застаўся ў Полацку: зiмою таго ж года ён з дружынай i сынамi ўцёк у Пскоў, дзе быў прыняты на княжанне, а потым апынуўся ў Маскве. Праз год ён удзельнiчаў у першай пераможнай бiтве маскоўскага войска з татарамi на рацэ Вожа, а яшчэ праз год разам з маскоўскай раццю прыйшоў ваяваць Севершчыну. Тады ж на бок Масквы перайшоў Дзмiтры Альгердавiч (Бранскi), якi валодаў Бранскам i Трубчэўскам. Удзельныя князi Валынi i Падолля адчувалi сябе практычна незалежнымi. Усё гэта пагражала распадам тэрытарыяльнай цэласцi дзяржавы.
Магчыма, гэта агрэсiўная палiтыка Масквы, у прыватнасцi, захоп северскiх гарадоў, падштурхнула Ягайлу да саюзу з ханам Мамаем. У 1380 г. Ягайла павёў войска на злучэнне з сiламi Залатой Арды для супольных дзеянняў супраць маскоўскага князя Дзмiтрыя Iванавiча, аднак у вырашальны момант ён не далучыўся да Мамая, i татары былi разгромлены на Кулiковым полi. На баку Маскоўскай Русi ў бiтве ўдзельнiчалi Ягайлавы браты — Андрэй Полацкi, Дзмітры Альгердавіч а таксама Дзмiтры Баброк, якiя, камандуючы палкамi правай i левай рукi, шмат зрабiлi для дасягнення гiстарычнай перамогi. Ухiленне Ягайлы ў апошнi момант ад бiтвы, верагодна, не ў апошнюю чаргу было абумоўлена настроямi яго войска, складзенага пераважна з жыхароў Беларусi.
У 1381 г., каб адпомсцiць Андрэю Альгердавiчу, Ягайла перадаў Полацк свайму брату Скiргайлу, аднак палачане не прынялi нежаданага князя–паганца ды, абняславiўшы, прагналi яго з горада. Пазней Скiргайла прыйшоў здабываць Полацк з войскам, атрымаўшы для гэтага ў дапамогу аддзел iнфлянцкiх рыцараў. Тры месяцы ён трымаў горад у аблозе. Палачане папрасiлi падтрымкi ў Ноўгарада, аднак нiякай рэальнай дапамогi не атрымалi i адбiвалiся самастойна. Так i не авалодаўшы Полацкам, Скiргайла неўзабаве адышоў ад горада, бо мусiў спяшацца ў Вiльню, каб ратаваць Ягайлу.
На той час супярэчнасцi памiж Ягайлам i Кейстутам дасягнулi крытычнага моманту. Калi Кейстут па–ранейшаму ўсе сiлы накiроўваў на барацьбу з нямецкiмi рыцарамi, дык ягоны пляменнiк пайшоў на зблiжэнне з iмi. У 1380 г. ён падпiсаў пагадненнi i з Тэўтонскiм, i з Iнфлянцкiм ордэнам, паабяцаўшы ў выпадку вайны з рыцарамi не падтрымлiваць Кейстута. Даведаўшыся пра гэта, Кейстут у 1381 г. заняў Вiльню i, заняволiўшы Ягайлу з мацi, захапiў вярхоўную ўладу. Пасля прысягi, дадзенай Кейстуту — «николи противу его не стояти и завжды в его воли быти», — Ягайла быў пакiнуты на волi.
Аднак калi на Севершчыне супраць Кейстута выступiў Ягайлаў брат Дзмiтры Карыбут i стары князь рушыў туды, мяшчане Вiльнi, узначаленыя рыжскім немцам Ганулем, ажыццявiлi пераварот, i сталiца апынулася ў руках Ягайлы. Пры ўдзеле тэўтонскiх рыцараў былi заняты i Трокi. Кейстут паспяшаўся ў свае ўладаннi. Неўзабаве каля Трокаў зграмадзiлiся гатовыя да бiтвы войскi Кейстута ды яго сына Вiтаўта, з аднаго боку, i Ягайлы, якога падтрымлiвалi нямецкiя рыцары, з другога. Сечу прадухiлiла прапанова Ягайлы падпiсаць замiрэнне. Аднак пасля таго, як войска было распушчана, у Вiльнi Кейстута i Вiтаўта арыштавалi. Праз некаторы час пераведзенага ў Крэўскi замак Кейстута задушылi падасланыя Ягайлам наймiты, а сын ягоны здолеў уцячы ў Прусiю да нямецкiх рыцараў.
Князя Ягайлу, які захапіў вярхоўную ўладу, не прызнаваў нi Андрэй Полацкi, нi Дзмiтры Бранскi, нi ягоны галоўны супернiк Вiтаўт Кейстутавiч. Каб умацавацца на вiленскiм пасадзе, Ягайла наблiзiў да сябе Скiргайлу i аддаў яму Кейстутаў удзел — Троцкае княства. На нейкi час у дзяржаве зноў усталявалася дыярхiчная форма княжання. Аднак становiшча Ягайлы як вярхоўнага ўладара заставалася складаным.
З Прусii з сiламi нямецкiх рыцараў у Лiтву пачаў урывацца Вiтаўт. У 1383 г. ён ужо захапiў Трокi, трымаў у аблозе Вiльню. Каб пазбавiць Ордэн свайго небяспечнага супернiка, Ягайла пайшоў на таемныя перамовы з Вiтаўтам. Апошнi згадзiўся прызнаць Ягайлу вярхоўным уладаром пры ўмове, што той верне яму бацькавы ўладаннi, i ў 1384 г. вярнуўся з Прусii ў свае землi. Аднак, атрымаўшы толькi Берасцейшчыну i Гарадзеншчыну (гарады Бельск, Берасце, Драгiчын, Горадня, Камянец, Сураж, Ваўкавыск), Вiтаўт застаўся незадаволены. Ён дамагаўся ўсiх зямель Троцкага княства, але ў Троках сядзеў Скiргайла. Каб вызвалiць Трокi для Вiтаўта, Ягайла вырашыў перавесцi брата ў Полацк, але з гэтым не мог змiрыцца законны ўладальнiк Полаччыны Андрэй Альгердавiч. Так што ўнутрыпалiтычнае становiшча ў дзяржаве было надзвычай складанае, і Ягайла мусiў шукаць выйсце.