
- •Беларуская мова (прафесійная лексіка)
- •4 Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):
- •3.5 Пераклад на беларускую мову прафесійна арыентаваных
- •4.2 Падрыхтоўка да публічнага выступлення
- •4.3 Маўленчы этыкет і культура зносін
- •1 Публічная прамова, яе асаблівасці
- •1 Выбар тэмы прамовы.
- •3 Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.
- •4 Прадумванне кампазіцыі (пабудовы, суадносін паміж часткамі), складанне плана прамовы.
1 Публічная прамова, яе асаблівасці
Публічная (лац. publicus - грамадскі) прамова - вуснае выступленне, звернутае да слухачоў, якое мае на мэце растлумачыць, пераканаць, даказаць што-небудзь, уздзейнічаць на свядомасць і пачуцці аўдыторыі. Публічная прамова характарызуецца прадуманасцю, тэматычнай скіраванасцю, непасрэдным кантактам з аўдыторыяй, устаноўкай на слухачоў. У залежнасці ад мэты выступления вылучаюць наступныя віды прамоў: інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная (агітацыйная) і забаўляльная.
Інфармацыйная прамова (паведамленне, справаздача, даклад і інш.) мае на мэце праінфармаваць слухачоў па пэўнай тэме. Прамоўца павінен улічваць узрост, пазнавальныя інтарэсы аўдыторыі. Выкарыстоўваецца правераная, дакладная інфармацыя, падбіраюцца факты, аргументы.
Пераканальная прамова (урачыстая, віншавальная і інш.) скіравана на тое, каб пераканаць, прымусіць паверыць у праўдзівасць сцвярджэнняў, думак. У такой прамове неабходна ўлічваць эмацыянальны настрой слухачоў, іх адносіны да сітуацыі, тэмы выступления.
Пабуджальная прамова скіравана на тое, каб пабудзіць, заклікаць слухачоў да пэўнага дзеяння, паўплываць на іх пачуцці. Прамова павінна даваць адказ на пытанні: што трэба зрабіць? Чаму гэта неабходна зрабіць?
Забаўляльная прамова мае забаўляльную, займальную скіраванасць.
Кампазіцыя прамовы мае тры элементы: уступ, асноўную частку і заключэнне. Ва ўступе акрэсліваюцца тэма і задачы прамовы, ставіцца мэта зацікавіць, выклікаць увагу слухачоў. Ва ўступнай частцы можна звярнуцца да актуальнасці тэмы, растлумачыць асноўныя паняцці, тэрміны, працытаваць аўтарытэтныя выказванні, паведаміць план прамовы.
У асноўнай частцы з дапамогай фактаў, аргументаў раскрываецца сутнасць тэмы. Лагічна ад асобных, канкрэтных з'яў пераходзіць да абагульненняў, выяўлення заканамернасцяў. У заключэнні падводзяцца вынікі выступления. Можна перадаць асноўныя думкі ў форме тэзісаў, выказаць асабістыя адносіны да тэмы выступлення, назваць нявырашаныя праблемы.
Этапы падрыхтоўкі да публічнага выступлення
Чалавек, які выступае з прамовай, заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і так ці інакш уздзейнічае на слухачоў. Поспех публічнага выступления ў многім залежыць ад таго, наколькі добра прамоўца ведае прадмет гаворкі, наколькі дасканала прамова падрыхтавана і прадумана.
Што трэба ведаць, рыхтуючыся да публічнага выступлення?
1 Выбар тэмы прамовы.
Тэма можа быць акрэслена загадзя або яе выбірае сам прамоўца. У гэтым выпадку трэба ўлічваць свае веды па выбранай тэме, асабісты вопыт, уменне прадбачыць, наколькі тэма ўяўляе цікавасць для слухачоў.
2 Вызначэнне мэты прамовы. Прамоўца, як правіла, ставіць за мэту:
- праінфармаваць, растлумачыць;
- схіліць або заклікаць да пэўнага рашэння, дзеяння;
- падбадзёрыць слухачоў, развесяліць, натхніць.
3 Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.
Асноўнымі крыніцамі для падрыхтоўкі прамовы з'яўляюцца:
- навуковая і навукова-папулярная літаратура;
- даведачная літаратура, энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі, бібліяграфічныя даведнікі;
- мастацкая літаратура;
- артыкулы з газет і часопісаў;
- перадачы радыё і тэлебачання; уласныя назіранні.