
- •Беларуская мова (прафесійная лексіка)
- •4 Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):
- •3.5 Пераклад на беларускую мову прафесійна арыентаваных
- •4.2 Падрыхтоўка да публічнага выступлення
- •4.3 Маўленчы этыкет і культура зносін
- •1 Публічная прамова, яе асаблівасці
- •1 Выбар тэмы прамовы.
- •3 Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.
- •4 Прадумванне кампазіцыі (пабудовы, суадносін паміж часткамі), складанне плана прамовы.
4.2 Падрыхтоўка да публічнага выступлення
Даклады, выступленні, інфармацыйныя паведамленні і іх структура. Асноўныя этапы падрыхтоўкі публічнага выступлення (выбар тэмы, пошук матэрыялаў, распрацоўка плана). Кампазіцыя публічнага выступлення. Спосабы вербальнага афармлення публічнага выступлення. Падрыхтоўка публічнага выступлення ў галіне спецыялізацыі слухачоў. Асноўныя якасці-паказчыкі паспяховага выступлення.
4.3 Маўленчы этыкет і культура зносін
Культура маўлення кіраўніка. Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення. Чысціня, багацце і выразнасць маўлення. Моўны рэсурс аратарскага майстэрства.
Этыкет дзелавых тэлефонных размоў і электроннай перапіскі. Маўленчы этыкет і культура зносін.
Метадычныя рэкамендацыі
Мова i маўленне - паняцці вельмі блізкія, узаемазвязаныя, і таму на першы погляд здаюцца тоеснымі. Аднак глыбокае разуменне пытання дае магчымасць выявіць істотную розніцу паміж гэтымі катэгорыямі. Пад мовай прынята разумець сукупнасць і сістэму сродкаў зносін, іншымі словамі, гэта знакавы механізм. Маўленне ж - тэта своеасаблівая форма прымянення і рэалізацыі моўных сродкаў. Інакш кажучы, маўленне - функцыянаванне мовы. Мова як знакавая сістэма выяўляецца ў працэсе маўленчай дзейнасці. Такім чынам, маўленне - арганізаваны па законах мовы працэс выкарыстання моўных адзінак, прадстаўлены праз разнастайныя акты рэалізацыі камунікатыўных патрэб людзей.
Праз маўленне рэалізуецца камунікатыўная функцыя мовы. Маўленчая камунікацыя прадугледжвае ўменне чалавека хутка зарыентавацца ў любой жыццёвай сітуацыі: адказаць на пытанне, выступіць на сходзе, напісаць ліст і г.д. Па сутнаспі, гэта адна з істотных частак сацыяльнай актыўнасці асобы. Удзельнікаў маўленчай камунікацыі называюць камунікантамі. Звычайна маўленчая дзейнасць - двухбаковы працэс, які спалучае гаварэнне і слыхавое яго ўспрыманне (слуханне), а пры пісьмовай камунікацыі - пісьмо і чытанне.
Існуе мноства падыходаў да вызначэння тыпаў маўлення, але часцей за ўсё пры іх класіфікацыі ўлічваюць наступныя ўмовы:
- форму камунікацыі: вуснае і пісьмовае маўленне;
- колькасць удзельнікаў камунікацыі: маналагічнае (маўленне аднаго чалавека) і дыялагічнае (маўленне двух чалавек);
- спосаб афармлення думкі: унутранае (без вымаўлення ўслых) і знешняе (у вяглядзе выказвання);
- наяўнасць зместавых і кампазіцыйных прыкмет тэксту: апісанне, апавяданне, разважанне.
У тэкстах-апісаннях характарызуецца з'ява (асоба, прадмет, падзея) праз пералічэнне яе прыкмет, уласцівасцей, асаблівасцей. Адной з галоўных рыс апісання з'яўляецца статычнасць. Складаючы надобны тэкст, неабходна звяртаць увагу на тое, каб раскрыць найбольш істотныя ўласцівасці з'явы. Элементы апісання варта размяшчаць у такой паслядоўнасці, якая паказвае на ступень значнасці прыкмет: у першую чаргу варта спыніцца на тым, што найбольш іе.тотна ў пэўны момант і ў пэўных умовах.
У тэксце-апавяданні гаворка пра падзеі грамадскага жыцця, паводзіны людзей, з'явы рэчаіснасці будуецца ў той паслядоўнасці, у якой усё рэальна адбывалася. Пры стварэнні такога тэксту важна правільна вылучыць асноўныя, значныя факты і дэталі. Паслядоўнасць выкладу павінна падпарадкоўвацца храналагічнаму прынцыпу. Парушаць храналогію можна толькі ў выпадку, калі неабходна падкрэсліць залежнасць і сувязь падзей, аддаленых у часе.
Тэксты-разважанні накіраваны на выяўленне прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі, з'явамі рэчаіснасці. Яны ўтрымліваюць азначэнні, суджэнні, лагічныя высновы, меркаванні, накіраваныя на доказ пэўнага тэзіса. Паслядоўнасць выкладу матэрыялу вызначаецца структурай самога доказу, які можа быць дэдуктыўным (думка развіваецца ад агульных суджэнняў да прыватных высноў) і індуктыўньм (разгортванне думкі ідзе ад асобных прыватных фактаў да абагульнення). Доказы і суджэнні павінны адпавядаць законам логікі.
Правільнасць маўлення і моўныя нормы
Правільнасць - адна з найбольш важных камунікатыўных якасцей маўлення, якая прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурных нормаў (арфаэпічных, акцэнталагічных, арфаграфічных, лексічных, марфалагічных, словаўтваральных, сінтаксічных, пунктуацыйных, фразеалагічных, стылістычных). Гэта забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж удзельнікамі камунікацыі.
Уяўляецца мэтазгодным разгледзець найбольш грунтоўна правільнасць маўлення на лексічным і сінтаксічным узроўнях, паколькі ва ўмовах білінгвізму парушэнне лексічных і сінтаксічных нормаў асабліва небяспечнае і вядзе да скажэння сэнсу, што зніжае дакладнасць і даступнасць тэкстаў розных стыляў.
Правільнасць маўлення: лексічная норма. Абавязковым этапам пры складанні і рэдагаванні тэкстаў з'яўляецца работа з лексікай, таму што слова - аснова для разумення тэксту. Яго трэба выкарыстоўваць у строгай адпаведнасці са значэннем, якое фіксуецца ў лексікаграфічных крыніцах. Найбольш аўтарытэтныя з іх - акадэмічныя выданні: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 т. (Мінск, 1977-1984), дзе змешчана больш за 100 тыс. слоў і фразеалагізмаў, і «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, 1996, 1999, 2003), які ўтрымлівае больш як 65 тыс. слоў. Работа з тэкстам на лексічным узроўні немагчыма без паглыбленага аналізу словаўжывання на адпаведнасць замацаванаму за словам значэнню.
Асноўныя прычыны лексічных памылак і спосабы іх прадухілення:
Няведанне значэння слоў: Супрацоўніксімі нашага ўпраўлення вынайдзена (трэба выяўлена або знойдзена) і канфіскавана чарговая партыя падробных 100-доларавых банкнотаў. Зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў - да 11% ад іх агульнага чысла (трэба ліку або колькасці). Задачай экспедыцыі з'яўляецца даследаванне праблем узаемаадносін плямёнаў каменнага стагоддзя (трэба веку). Неабходна зрабіць вынікі (трэба вывады або высновы) пасля правядзення конкурсу.
Парушэнне лексічнай спалучальнасці: для правільнага вы- карыстання слоў неабходна ўлічваць магчымасці іх лексічнай спалучальнасці. Можна сказаць адыгрываць ролю, але нельга адыгрываць значэнне (толькі мець), можна сказаць распаўсюджваць рэкламныя аб'явы, але нельга распаўсюджваць асвету (толькі пашыраць).
Недакладны / няправільны выбар сіноніма: сінонімы адроз- ніваюцца адценнямі значэнняў, таму пры выбары слова з сінанімічнага раду трэба ўлічваць лексічную спалучальнасць з іншымі словамі: напрыклад, можна сказаць згубіць гадзіннік, але страціць надзею (нягледзячы на тое, што згубіць і страціць - сінонімы); можна сказаць адкрыць сваю фірму, але адчыніць вокны, разгарнуць часопіс, расплюшчыць вочы (нягледзячы на тое, што адкрыцъ, адчыніць, разгарнуць, расплюшчыць - сінонімы); можна сказаць ажыццявіць перавод грошай, але здзейсніць подзвіг (нягледзячы на тое, што ажыццявіць і здзейсніць - сінонімы). Калі ўзнікаюць цяжкасці пры выбары сінонімаў, можна звярнуцца да слоўнікаў: напрыклад, «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К. Клышкі (Мінск, 1993).
Няправільнае выкарыстанне мнагазначных слоў і амонімаў: неабходна ствараць такі кантэкст, які дазволіў бы чытачу зразумець іх значэнне. У адваротным выпадку можа ўзнікнуць недапушчальная шматзначнасць фразы: Прапанаваны вамі тэрмін не можа задаволіць навукоўцаў лабараторыі. Трэба ўдакладніць: тэхнічны тэрмін або час. Да работы ў камісіі будуць прыцягвацца (за руку, угаворамі ці інакш?) маладыя спецыялісты. Трэба: будуцъ запрошаны, у рабоце камісіі будуць задзейнічаны або ў склад камісіі будуць уключаны і над.
Неадрозненне паронімаў: не ведаючы значэння пары слоў- паронімаў, нельга быць упэўненым у дакладнасці выбранага слова. Кожнае слова з пары мае сваё дакладнае значэнне і не можа быць заменена ў кантэксце іншым. Напрыклад, можна сказаць толькі старшыня калгаса і старшына роты, канструктыўная крытыка (прапанова) і канструкцыйныя асаблівасці', планаваць дзейнасцъ і планіраваць над зямлёй. Размежаваць паронімы дапамогуць слоўнікі: «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М. Грабчыкава (Мінск, 1994), «Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы» Б.А. Плотпікава і В.П. Трайкоўскай (Мінск, 2004), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» Г.У. Арашонкавай і В.П. Лемцюговай (Мінск, 2005) і іншыя арталагічныя даведнікі.
Плеаназмы і таўталогія
Плеаназмы - словы, значэнне якіх уваходзіць у тлумачэнне іншых слоў і выразаў; лішнія словы. Напрыклад, у выразах свабодная вакансія, прэйскурант цэн, памятны сувенір, паўторныя рэцэдывы выдзеленыя словы з'яўляюцца плеаназмамі, бо іх значэнне ўтрымліваюць іншыя словы выразаў (вакансія - свабоднае месца; прэйскурант - пералік цэн на тавары ці паслугі; сувенір - падарунак на памяць; рэцэдыў - паўторнае праяўленне чаго-небудзь).
Таўталогія - паўтарэнне ў межах сказа аднолькавых або аднакаранёвых слоў. Напр.: Патрабаванні заказчыка патрабуецца выканаць у бліжэйшы час. Аднак у тэкстах афіцыйна-справавога і навуковага стыляў паўтарэнне ў асобных выпадках дапускаецца, бо гэта дапамагае захаваць дакладнасць і адназначнасць фармулёвак.
Выкарыстанне штампаў
Штамп - функцыянальна выпусташаны зварот, выраз, слова. Моўны штамп праяўляецца ў тым, што адны словы «цягнуць» за сабой іншыя: калі крытыка, то абавязкова справядлівая, рэзкая, барацьба - упартая, настойлівая; рэзервы - нявыкарыстаныя. Штампам можа стаць любая не раз без патрэбы паўтораная моўная адзінка: прыняць меры, засяродзіць увагу, ставіць пытанне, скажам так, у прынцыпе, на самай справе, фактычна, літаральна і інш. Ад штампаў неабходна адрозніваць моўныя стандарты (клішэ), якія выкарыстоў- ваюцца як гатовыя мадэлі пры канструяванні адпаведнай маўленчай сітуацыі: прызначыць на пасаду, дагаворныя бакі, накласці спагнанне, несці адказнасць і інш.
Неразмежаванне міжмоўных амонімаў: напрыклад, у сказе Мы запрасілі звесткі яшчэ на мінулым тыдні выдзелены дзеяслоў варта замяніць выразам зрабілі запыт, бо слова запрасіць у беларускай мове мае значэнне 'папрасіць прыйсці; прапанаваць выканаць якую-небудзь работу, даручэнне'. У сказе Прадпрыемства пытаецца (імкнецца) перавыканаць план прошлага (мінулага) года выдзеленыя словы варта замяніць словамі ў дужках. Неабходнасць такой праўкі выклікана тым, што ў беларускай мове слова пытацца мае значэнне 'звяртацца да каго-небудзь з пытаннём' і, вядома, не адпавядае рускаму дзеяслову пытаться 'пробовать, стремиться'; дзеепрыметнік прошлы ўжываецца толькі ў складзе граматычнага тэрміна прошлы час і не мае значэння 'які ўжо прайшоў, мінуў'.
Фармальны (нятворчы, непрафесійны) пераклад
Нярэдка пры перакладзе з рускай мовы на беларускую чужое слова толькі перадаецца сродкамі беларускай графікі. Такі нятворчы, фармальны пераклад называецца калькаваннем. Фармальны падыход меў месца пры перакладзе з рускай мовы выразаў точка зрения, отвечать требованиям, настоящее постановление, якія зусім не сталі беларускімі, набыўшы выгляд кропка зроку, адказваць патрабаванням, сапраўдная пастанова. Па-беларуску правільна пункт гледжання, адпавядаць патрабаванням, гэта пастанова.
Правільнасць маўлення: сінтаксічная норма. Даследчыкі мовы трапна заўважылі: душа мовы - сінтаксіс; якраз тут выяўляецца адметнасць спосабу і сродкаў перадачы думкі. Глыбока засвоіць мову нельга без спасціжэння яе сінтаксічнага ладу. Пры павярхоўным засваенні найбольшая колькасць памылак сустракаецца менавіта ў сінтаксісе - пабудове фразы. Існуюць істотныя разыходжанні ў сінтаксісе паміж беларускай і рускай мовамі, веданне якіх дапаможа пазбегнуць маўленчых памылак.
Асаблівасці будовы беларускіх словазлучэнняў
Дзеясловы жартаваць, смяяцца, рагатаць, насміхацца, кпіць, здзекавацца, цешыцца, глуміцца, дзівіцца ўтвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме роднага склону з прыназоўнікам з (са): смяяцца з яго, кпіць з суседа, дзівіцца з прапановы, жартаваць са знаёмага. Адпаведныя ж рускія дзеясловы кіруюць творным склонам з прыназоўнікам над: шутить над ребёнком, смеяться над сестрой.
Дзеясловы руху ісці, бегчы, ляцець, ехаць, плыцъ, несціся і інш., а таксама дзеясловы волевыяўлення паслаць, выправіць, адправіць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам па: пайсці па ваду, бегчы па дапамогу, ехаць па білеты. Калі названыя дзеясловы спалучаюцца з назоўнікамі - назвамі ягад, грыбоў і словамі ягады, грыбы, то гэтыя назоўнікі таксама ўжываюцца ў вінавальным склоне, але з прыназоўнікам у: ісці ў маліны, пойдзем у грыбы. У рускай мове ў абодвух выпадках ужываецца прыназоўнік за: - идти за водой, послать за сестрой, отправить за грибами. У беларускай мове канструкцыі пайсці за вадой, бегчы за сястрой паказваюць не на мэту дзеяння, а на кірунак (пайсці за вадой - пайсці па цячэнні ракі).
Дзеясловы думкі, пачуцця, маўлення (гаварыцъ, шаптацъ, думаць, непакоіцца, клапаціцца, хвалявацца, маўчаць) утвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам пра: гаварыцъ пра ўраджай, клапаціцца пра дзяцей, маўчаць пра здарэнне. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць месным склонам з прыназоўнікам о (об): говорить о погоде, думать о весне, беспокоиться о родителях, писать об этом.
Пры дзеясловах ветлівасці дзякавацъ (падзякаваць), аддзячыць, выбачаць, прабачыць, дараваць дапаўненне ставіцца ў форме давальнага склону без прыназоўніка: дзякую кіраўніку, даруйце мне, выбачайце нам. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам: благодарить сестру, извините меня.
3 дзеясловамі ажаніць, ажаніцца дапаўненне выкарыстоўваецца ў форме творнага склону з прыназоўнікам з: ажаніўся з Таняй, ажанілі з нялюбай. У рускай мове гэтым словазлучэнням адпавядаюць словазлучэнні з назоўнікам меснага склону з прыназоўнікам на: женился на Тане, женили на нелюбимой.
Дзеясловы са значэннем дзеяння і стану (хадзіць, ляцець, су- стракацца, бачыцца і пад.) кіруюць месным склонам з прыназоўнікам па: хадзіць па балотах, бачыцца па вечарах. У рускай мове адпаведныя дзеясловы патрабуюць ад залежнага слова давальнага склону з прыназоўнікам по: ходить по вечерам, летать по ночам, видеться по субботам.
Дзеясловы і аддзеяслоўныя назоўнікі са значэннем пачуцця смутку, жалю, тугі ўтвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме меснага склону з прыназоўнікам па: сумаваць па вясне.
3 дзеясловамі хварэць, захварэць, прахварэць і прыметнікам хворы дапаўненне ўжываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам на: хварэць на грып, хворы на ангіну. Параўн. у рускай мове: болеть гриппом, больной ангиной.
Лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў форме назоўнага склону множнага ліку: два выдатныя студэнты, тры цікавыя краіны. Параўн. у рускай мове: два замечательных студента, три интересных страны.
У параўнальных канструкцыях пры асноўным слове - прыметніку ў форме вышэйшай ступені параўнання залежнае слова ўжываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за: разумнейшы за яго, смялейшы за ўсіх, прыгажэйшая за іншых, мацнейшы за брата. У рускай мове ў такіх словазлучэннях залежнае слова мае форму роднага склону без прыназоўніка: больше его, старше сестры, быстрее всех.
У ролі выказніка выкарыстоўваюцца поўныя формы прыметнікаў: ён здаровы, разумны, старанны; яна прыгожая, здольная, вясёлая.
У беларускай мове значна часцей, чым у рускай, выкарыстоўваюцца дапасаваныя азначэнні, утвораныя ад назваў асоб, жывых істот: бацькаў кажух, сестрына хустка, Андрэева кніга, сябрава дапамога.
Словазлучэнні з прыназоўнікам праз выражаюць:
прычынныя адносіны: спазніцца праз яго;
часавыя адносіны: вярнуцца праз тыдзень;
лакальныя адносіны: Праз дзіравы дах свяцілася зорнае неба.
Прыназоўнік праз ужываецца ў словаспалучэннях праз слёзы, праз смех, праз сон, праз зубы і пад.
Пры вызначэнні адлегласці ўжываюцца спалучэнні з прыназоўнікам за: за сорак вёрст ад чыгункі.
Прыназоўнік за ўжываецца таксама і пры абазначэнні аб'екта, які з'яўляецца перашкодай: за ветрам нічога не чуваць, за туманам нічога не відаць.
Да слова дзякуй дапасуюцца прыметнікі ў форме мужчынскага роду: вялікі дзякуй, шчыры дзякуй.
Параўнальныя канструкцыі ўводзяцца ў сказ з дапамогай злучнікаў як, быццам, што: На небе хмари, як палотны, // Паўночны вецер рассцілае» (Я.Колас); Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на вятры (I. Мележ); Сон навальваецца як сцяна. Спіш - што мёртвы (І.Мележ).
Пытальныя сказы ўтрымліваюць часціцу ці: Ці падрыхтавалі вы паведамленне?
Акрамя таго, неабходна памятаць, што ў беларускай мове ёсць шмат ішнаструктурных (у параўнанні з рускай мовай) адпаведнікаў. Гэта выразна відаць з табліцы 3.
Табліца 3 - Некаторыя сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы ў
параўнанні з рускай
Беларуская мова |
Руская мова |
выбраць на свой густ з нагоды свята ісці лесам на ўсіх напрамках у адпаведнасці з законам на маю думку у выхадныя дні раніцамі увесну створаны на ўзор жыць каля самага мора на святочны стол заданне дадому два разы на тыдзень на выбар загадчык чаго выпраўленне памылак стаяць пры мікрафоне чытаць самому сабе у рэшце рэшт абсалютна, зусім даслаць на адрас сапраўды а 17-й гадзіне |
выбрать по своему вкусу по случаю праздника идти по лесу по всем направлениям по закону по моему мнению по выходным дням по утрам по весне создан по образцу жить у самого моря к праздничному столу задание на дом два раза в неделю по выбору заведующий чем работа над ошибками стоять у микрофона читать про себя в конце концов ровным счётом отправить по адресу право же в 17 часов |
Цэнтральная камунікатыўная якасць маўлення - гэта правільнасць. Яна патрабуе падпарадкавання адзінак мовы правілам або нормам. Правільным або беспамылковым лічыцца маўленне, якое не дапускае парушэння абавязковых норм літаратурнай мовы: арфаэпічных, арфаграфічных, акцэнталагічных, пунктуацыйных, лексічных, словаўтваральных, марфалагічных, сінтаксічных, стылістычных, фразеалагічных.
Арфаэпічныя нормы - гэта правільнасць вымаўлення гукаў, спалучэнняў, а таксама правільнасць інтанацыі. Дадзеныя нормы рэгулююць вымаўленне як асобных гукаў, так і спалучэнняў у межах слоў. Напрыклад, беларусам уласцівы такі цвёрды гук, як ч ( у рускай мове вымаўляецца мякка): чорны, інфрачырвоны, чарназём. Гук р у беларускай мове толькі цвёрды: рэквізіт, рэклама, рамонт, рыбны (у рускай мове вымаўляецца і цвёрда, і мякка).
У нацыянальнай літаратурнай мове напісанне можа супадаць з вымаўленнем або не супадаць. Напрыклад: снег, цяжкі, зарад. Для некаторых формаў існуюць варыянты: калодзеж і калодзезь, канешне і канечне. У складанай сітуацыі двухмоўя (білінгвізму) нярэдка парушаюцца арфаэпічныя нормы: беларусам характэрна вымаўленне зацвярдзелых зычных, своеасаблівае вымаўленне гука г, асімілятыўная або суседняя мяккасць і інш. Такія фанетычныя рысы вельмі ўстойлівыя і могуць захоўвацца ўсё жыццё.
Арфаграфічныя нормы - гэта правільнасць перадачы гукаў і іх спалучэнняў на пісьме. Нормы арфаграфіі ўключаюць правапіс галосных (прыстаўных галосных, і, ы пасля прыставак, аканне, яканне і інш.), зычных (д - дз’, т - ц’, й і ў, глухіх і звонкіх, свісцячых і шыпячых і інш.), апострафа і мяккага знака, правілы пераносу слоў, напісання разам, асобна і праз дэфіс і г.д. Напрыклад: маса (бел.) - масса (рус.), энергія (бел.) - энергия (рус.), каэфіцыент (бел.) - коэффициент (рус.), медзь (бел.) - медь (рус.).
Акцэнталагічныя нормы - правільнасць пастаноўкі націску ў словах. Пры дапамозе націску адрозніваюцца розныя словы і іх формы ў мове: пры́клад - прыкла́д, рассы́паць - рассыпа́ць, ва́раны - вараны́.
Няправільная пастаноўка націску сведчыць пра нізкую культуру маўлення асобы: правільна вымаўляць кіламе́тр, дакуме́нт, чатырна́ццаць, дагаво́р, а няправільна - кіло́метр, даку́мент, чаты́рнаццаць, до́гавар. Асобнае месца адводзіцца лагічнаму націску, які інтанацыйна выдзяляе важнае слова ці спалучэнне з мэтай сканцэнтраваць на ім увагу.
Пунктуацыйныя нормы - гэта правільная пастаноўка знакаў прыпынку на пісьме. Ва ўсіх славянскіх мовах правілы сучаснай пунктуацыі аднолькавыя, яны даюць магчымасць раздзяліць пісьмовае маўленне на асобныя сэнсава-граматычныя часткі для іх правільнага ўспрыняцця.
Лексічныя нормы рэгулююць адэкватны выбар слоў у канкрэтнай моўнай сітуацыі. Яны замацаваны ў тлумачальных слоўніках, падручніках і даведніках. Для правільнага выкарыстання лексічных адзінак неабходна ведаць іх значэнне, улічваць мнагазначнасць, сінанімічнасць. Напрыклад: вільгаць ці вільготнасць, напружанне ці напружанасць, сяліба ці сядзіба.
Словаўтваральныя нормы - гэта правільнасць утварэння слоў асноўнымі спосабамі, правільнасць падзелу слоў на значымыя часткі. Уменне правільна падзяліць слова на састаўныя часткі дапамагае пазбегнуць памылак, звязаных з напісаннем, выкарыстаннем, разуменнем значэння. Напрыклад: тэрміновы - датэрміновы, поле - палявы, запісаць - запіс, рабочы чалавек - рабочы.
Марфалагічныя нормы - правільнасць формаўтварэння і словазмянення самастойных часцін мовы: назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў, прыслоўяў, займеннікаў. Напрыклад, неабходна адрозніваць род назоўнікаў у беларускай і рускай мовах: насып (бел.) - насыпь (рус.), няправільны дроб (бел.) - неправильная дробь (рус.), пыл (бел.) - пыль (рус.), подпіс (бел.) - подпись (рус.). Марфалагічныя нормы з’яўляюцца даволі стабільнымі, але могуць парушацца людзьмі з нізкай моўнай культурай, а таксама пад уплывам дыялектнай або рускай мовы.
Сінтаксічныя нормы - правільнасць будовы словазлучэнняў і сказаў. Сінтаксічныя нормы рэгулююць правільнае спалучэнне моўных адзінак у словазлучэннях ці сказах. Напрыклад, у словазлучэннях выяўляюцца нацыянальныя спецыфічныя рысы: прабачце мне (бел.) - извините меня (рус.), больш за дзесяць гадоў (бел.) - более десяти лет (рус.), будынак на пяць паверхаў (бел.) - здание в пять этажей (рус.).
Стылістычныя нормы - гэта правілы ўжывання моўных сродкаў адпаведна стылю. Выконваць стылістычныя нормы - гэта значыць умець правільна ўжываць сродкі з эмацыянальна-экспрэсіўнай і функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай, умець адбіраць моўныя адзінкі адпаведна зместу, стылю, жанру. Напрыклад, толькі афіцыйна-справавому стылю ўласціва вялікая колькасць канцылярызмаў: прыцягнуць да адказнасці, узяць на кантроль, давесці да ведама, якія не павінны актыўна выкарыстоўвацца іншымі стылямі, асабліва вуснымі.
Фразеалагічныя нормы - гэта правільнасць ужывання такіх устойлівых адзінак, як фразеалагізмы. Гэта адпаведнасць выбару фразеалагізмаў, веданне іх значэння. Нормы знаходзяць праяўленне пераважна ў мастацкім і гутарковым стылях. Напрыклад, частотнымі з’яўляюцца такія фразеалагізмы, як балючае месца, тут як тут, душа ў душу, на свае вочы і інш.
Правільнасць маўлення - асноўная рыса пісьмовай мовы, якая ўласціва найперш такім стылям, як навуковы, афіцыйна-справавы і публіцыстычны. Парушэнне нормаў правільнасці недапушчальна ў гэтых стылях, таму што мова навукі, справаводства, сродкаў масавай інфармацыі - узорная мова, якая не дапускае недакладнасці, бязграматнасці, некампетэнтнасці, недасведчанасці.
Прафесійна арыентаванае маўленне
Тэрмін “культура прафесійнага маўлення” азначае сукупнасць такіх якасцей маўлення, што робяць яго дасканалым сродкам камунікатыўных зносін у той ці іншай сферы дзейнасці чалавека; уменне правільна, дакладна, лагтчна перадаваць свае думкі сродкамі мовы.
Асноўнымі кампанентамі культуры прафесійнага маўлення, як і культуры маўлення, з’яўляюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, выразнасць, багацце, чысціня.
Дакладнасць маўлення
Дакладнасць маўлення - гэта адна з асноўных камунікатыўных якасцей, якая патрабуе сэнсавай адпаведнасці слоў, паняццяў знешнім сітуацыям, рэаліям. Дакладнасць - гэта выкарыстанне адзінак мовы ў тых значэннях, якія замацаваны моўнай практыкай грамадства, напрыклад, у слоўніках, граматыках.
Дадзеная камунікатыўная якасць цесна пераплятаецца з правільнасцю маўлення, асабліва з такімі яе нормамі, як лексічныя і сінтаксічныя. Маўленне любога стылю лічыцца дакладным, калі яго адзінкі (словы, паняцці, тэрміны, фразеалагізмы) ужыты з уласцівым ім значэннем. Тэкст павінен быць выкладзены такім чынам, каб чытач або слухач успрыняў правільную, канкрэтную, нескажоную інфармацыю, таму што недакладнае выкарыстанне аднаго з паняццяў цягне за сабой няправільнае ўспрыняцце ўсяго выказвання.
Дакладнасць маўлення як камунікатыўная якасць у першую чаргу ўласціва навуковаму і афіцыйна-справавому стылям, таму што тут пераважаюць адназначныя словы і выразы, устойлівыя звароты, стандартныя сродкі. Такія кніжныя стылі, як навуковы і афіцыйна-справавы, не дапускаюць парушэння стандартнай структуры ва ўжыванні сінтаксічных канструкцый, азначэнняў, правілаў і т. п. Напрыклад, асцярожнасць трэба праяўляць, ужываючы мнагазначныя паняцці тыпу гліняны і гліністы, балотны і балоцісты, дзелавы і дзелавіты, канструктыўны і канструкцыйны. Дакладнасць патрабуе рэзка размяжоўваць сінанімічныя паняцці, сачыць за іх спалучэннем з іншымі часцінамі мовы: якасці ці ўласцівасці, рухомасць ці рух, выкарыстоўваць ці прымяняць.
Дакладнасць навуковага (навукова-тэхнічнага, навукова-інфармацыйнага) тэксту дасягаецца не толькі за кошт канкрэтнага словаўжывання, але і за кошт такіх рыс, як дакладнасць разлікаў (у матэматыцы, фізіцы), формул, параметраў, навуковых фактаў і г. д. Парушаючы дакладнасць, нельга беспамылкова выканаць чарцёж, рашыць ураўненне, перадаць гістарычныя ці філасофскія факты. Дакладнасць маўлення - адно з цэнтральных паняццяў навуковага маўлення, якому ўласціва строгасць і лексічная дасканаласць.
Нельга абыходзіцца без дакладнасці і ў публіцыстычным стылі, таму што тут у цэнтры ўвагі знаходзяцца факты, навіны паўсядзённага жыцця, паведамленні, адкрыцці, здарэнні, а скажэнне падобнай інфармацыі вядзе да змянення дадзеных, недаверу грамадскасці да тых ці іншых сродкаў масавай камунікацыі.
Дакладнасць можна выявіць і ў мастацкім стылі. Хаця тут і пераважае аўтарскі вымысел, але ў аснову мноства мастацкіх твораў пакладзены дакладныя гістарычныя факты, літаратурнымі героямі могуць быць канкрэтныя гістарычныя асобы.
У гутарковым стылі такая камунікатыўная якасць, як дакладнасць, таксама не перашкаджае, а наадварот уносіць у гутарку канкрэтнасць, канструктыўнасць, сцісласць. Для перадачы паўсядзённых навін, пачуццяў, звестак лепш карыстацца дасканалай і лаканічнай мовай.
Дакладнасць тэксту ў любым стылі заключаецца ў тым, каб моўны матэрыял быў выказаны і правільна, і канкрэтна, і лаканічна. Парушаючы дакладнасць, мы можам парушыць і іншыя камунікатыўныя якасці.
Лагічнасць маўлення
Лагічнасць маўлення - камунікатыўная якасць, якая ўстанаўлівае паслядоўныя, несупярэчлівыя сэнсавыя сувязі паміж часткамі тэксту. Выказванне будзе лагічным у тым выпадку, калі ў ім існуе цесная сувязь асобных кампанентаў: слоў, сказаў, абзацаў. Лагічнае маўленне падпарадкуецца законам логікі, г.зн. законам мыслення грамадства.
Лагічныя сувязі кантэксту наладжваюцца ў галіне сінтаксісу, у сінтаксічных канструкцыях, дзе значнае месца адводзіцца складаным злучнікам: таму, што; для таго, каб; калі, то і інш. Адно недакладна ўжытае слова можа парушыць цэласнасць сінтаксічнай або лексічнай сістэмы. Уявім сабе мазаічны малюнак, складзены з мноства асобных частачак. Кожны элемент з’яўляецца часткай ад цэлага, таму каб атрымаць цэласную карцінку, мы павінны кожны асобны кавалачак паставіць на сваё месца. Падобна да таго, як мы ўзнаўляем гэтую мазаіку, так будуем і сваё выказванне, падбіраючы і ставячы на адпаведныя месцы словы, спалучэнні, сказы, часткі.
Лагічнасць як камунікатыўная якасць маўлення ўласціва ў пэўнай ступені ўсім стылям. Яна прымяняецца ў выказваннях, выступленнях, прамовах, артыкулах, падпарадкоўваючыся агульнапрынятаму плану: уступ (уводзіны), асноўная (кульмінацыйная) частка, падагульненне (заключэнне, вывад). Паміж асобнымі часткамі такой устойлівай кампазіцыі існуе найцяснейшая сувязь. Такая схема абавязковая для навуковага тэксту, дзе не могуць парушацца ўзаемасувязі ў ланцужку навуковага доказу, тлумачэння, разважання. Новы матэрыял навуковага стылю абавязкова абапіраецца на ўжо вядомы, вывучаны, засвоены. Па законах логікі размяшчаюцца асобныя раздзелы, параграфы, тэмы і іншыя структурныя адзінкі ў падручніках.
Лагічнасць - абавязковая якасць афіцыйна-справавога стылю. Напрыклад, дакументы, заканадаўчыя тэксты прытрымліваюцца паслядоўнасці ў выкладзе матэрыялу. Асобныя рэквізіты ў фармуляры дакумента размяшчаюцца ў строгім парадку.
Публіцыстычны стыль аб’ядноўвае асобныя навіны ў цэласныя блокі, тэмы, напрамкі. Дзякуючы такой паслядоўнасці можна лёгка выбраць неабходны матэрыял у СМІ: паведамленні паўсядзённага жыцця, палітычныя звесткі, культурныя навіны і т. п.
Мастацкі стыль вельмі своеасаблівы ў разгортванні падзей, раскрыцці зместу, але і тут можна прасачыць пэўную паслядоўнасць: аўтар можа разбіваць тэкст на часткі, аб’ядноўваць у зборы твораў, тамы, трылогіі і г. д. Выклад аўтарскага бачання ў мастацкім творы, фільме, песні падпарадкаваны яго задуме, ідэі, мэце.
Незакончаныя фразы, недаказаная да лагічнага завяршэння думка, адсутнасць паслядоўнасці ў вусным выказванні - гэта толькі некаторыя недахопы гутарковай мовы. Зразумела, што ў вусным маўленні даволі проста паправіць сказанае, дапоўніць, змяніць, але такое маўленне ўжо нельга назваць лагічным.
Лагічнасць маўлення - гэта ўменне паслядоўна выражаць думкі пры дапамозе сродкаў мовы. Гэтая камунікатыўная якасць дасягаецца праз дакладнае ўжыванне слоў, правільны парадак моўных адзінак, умелы выбар дасканалай сінтаксічнай канструкцыі.
Дарэчнасць маўлення
Маўленне з’яўляецца дарэчным, калі яго моўныя сродкі адпавядаюць тэме паведамлення, зместу, мэтам і ўмовам зносін, а таксама з’яўляюцца даступнымі для аўдыторыі. Дарэчнасць маўлення абавязкова павінна пераплятацца з лагічнасцю і дакладнасцю, таму што яе сутнасць заключаецца ў падборы сродкаў у залежнасці ад тэмы гутаркі, стылю, часу, кантэксту, сітуацыі, узроўню падрыхтаванасці слухачоў ці чытачоў. Дарэчная інфармацыя будзе адпавядаць узросту, інтэлектуальнаму ўзроўню, прафесіі, нават настрою.
Кантэкстуальная дарэчнасць забяспечвае сэнсавае адзінства слоў і словазлучэнняў у кантэксце, не дапускае нематываванае змешванне адзінак. Не змешваюцца ў адным кантэксце словы з жывой, народнай мовы і тэрміналагічная лексіка.
Стылявая дарэчнасць размяжоўвае адзінкі розных функцыянальных стыляў. Напрыклад, нельга ўжываць эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку ў навуковым або афіцыйна-справавым стылі. І наадварот, нельга беспадстаўна выкарыстаць канцылярызмы ў мастацкім ці гутарковым стылі.
Сітуацыйная дарэчнасць прадугледжвае выбар моўных элементаў адпаведна канкрэтнай сітуацыі маўлення. У дадзеным выпадку неабходна кіравацца створанымі абставінамі, напрыклад, нечаканым далучэннем новага субяседніка, апанента.
Асабіста-псіхалагічная дарэчнасць папярэджвае ад неасцярожнага выказвання, так як недарэчнае слова можа раніць чалавека. Неабходна прадумваць асаблівасці размовы з тым ці іншым субяседнікам, таму што адны і тыя ж словы або звесткі могуць успрымацца людзьмі абсалютна па-рознаму.
Навуковаму і афіцыйна-справавому тэкстам найбольш характэрны кантэкстуальная і стылявая дарэчнасць, якія гарантуюць адзінства стылю. Абодва стылі вылучаюцца спецыфічнымі моўнымі сродкамі, характэрнымі толькі для іх.
У публіцыстычным стылі недарэчнымі могуць з’яўляцца прастамоўныя словы з аднаго боку, і захапленне спецыяльнай тэрміналогіяй - з другога.
Мастацкі тэкст пераважна кіруецца сітуацыйнай дарэчнасцю, паколькі падбор моўнага матэрыялу павінен дакладна перадаць аўтарскі настрой, стварыць неабходную сітуацыю, закрануць душу таго, хто будзе ўспрымаць мастацкі твор.
У гутарковым стылі неабходна ўлічваць асабіста-псіхалагічныя рысы, настрой субяседніка, яго характар, узрост, тэмперамент. У сяброўскую размову недарэчна ўключаць кніжныя, канцылярскія выразы.
Вельмі часта трапнае і неабходнае ў адным стылі можа стаць памылковым і недарэчным у другім, таму адно з важнейшых патрабаванняў стылістыкі - трымацца адзінства стылю.
Чысціня маўлення
Чысціня маўлення - гэта непрымальнасць адзінак мовы, якія супярэчаць нормам правільнасці. Чысціня (чыстата) маўлення забяспечваецца адсутнасцю ў ім нелітаратурных сродкаў:
- дыялектызмаў або мясцовых слоў (голка, спарыш, бярэць, гавора);
- прастамоўных слоў і выразаў (скапыціцца, балбатаць, апруцянець, угу, тудою);
- таўталогіі або слоў-паразітаў (ну, гэта самае, карацей, так сказаць);
- жаргоннай лексікі (прыкід, крута, здаць хвасты);
- канцылярызмаў і ўстойлівых выразаў (вялікае значэнне, мець на ўвазе,прыняць рашэнне);
- індывідуальна-аўтарскіх запазычанняў ці наватвораў (чао, о-кей, капут, задзіночанне);
- русізмаў (дзярэўня, цірэ, вучыцель) і інш.
Навуковы і афіцыйна-справавы стылі не дапускаюць ужывання нелітаратурных сродкаў, акрамя тых выпадкаў, калі такія лексічныя адзінкі становяцца прадметам моўнага даследавання. Але моўныя штампы або канцылярызмы складаюць значную частку мовы дакументаў, напрыклад: індывідуальны графік, у асобе, на падставе. Часткова ёсць устойлівыя звароты і ў навуковым стылі: разам з тым, у тым ліку, у сувязі з тым. У кніжных стылях назіраюцца паўторы тэрміналагічных паняццяў, таму што большасць тэрмінаў не маюць сінонімаў.
Публіцыстычныя тэксты могуць уключаць асобныя элементы дыялектнай лексікі, напрыклад, рэпартаж з сельскай мясцовасці. Мова журналіста павінна быць непаўторнай, яркай і кожны раз прыцягваць увагу людзей.
Мастацкі і гутарковы стылі ў цяперашні час наадварот характарызуюцца актыўным выкарыстаннем жаргоннай лексікі, дыялектных адзінак. У жывым маўленні патрэбна пазбаўляцца ад моўных штампаў, жарганізмаў, грубых і непрыстойных слоў. Чыстае маўленне сведчыць пра чысціню душы чалавека і чысціню яго думак.
Багацце і выразнасць маўлення
Багацце (разнастайнасць) маўлення - камунікатыўная якасць маўлення, якая выражае максімальнае насычэнне тэксту разнастайнымі моўнымі сродкамі без іх нематываванага паўтарэння. Выкарыстанне актыўнага слоўнікавага запасу ў вусным і пісьмовым маўленні сведчыць пра высокі інтэлектуальны ўзровень асобы, яе дастатковы моўны патэнцыял і багацце думак.
Багаццем маўлення, безумоўна, валодае мастацкі стыль мовы, якому ўласціва і лексічнае, і сінтаксічнае, і інтанацыйнае багацце. Тут умела спалучаюцца рознабаковыя вобразныя сродкі мовы, непрымальнымі з’яўляюцца паўторы. Па разнастайнасці і насычанасці да мастацкага набліжаюцца публіцыстычны і гутарковы стылі. Навуковы вядомы як аднастайны лексічна, сінтаксічна і інтанацыйна, хоць у параўнанні з афіцыйна-справавым ён і імкнецца да разнастайнасці.
Стыль дакументаў, справаводства, заканадаўчых і юрыдычных тэкстаў - устойлівы, лаканічны, з абмежаваным наборам лексічных сродкаў. Выкарыстанне моўных штампаў вядзе да поўнай стандартызацыі дакументаў, да ўжывання трафарэтных выразаў і аднатыпных сінтаксічных канструкцый.
Выразнасць маўлення - камунікатыўная якасць, якая выклікае цікавасць, увагу, інтарэс, прыцягвае чытача ці слухача сваімі ўласцівасцямі, вербальнымі і невербальнымі элементамі. У выразным кантэксце ўдала размеркаваны структурныя часткі, прадуманы сінтаксічныя канструкцыі, падабрана інтанацыйнае афармленне.
Выразнасць павінна праяўляцца не толькі ў мастацкім ці публіцыстычным стылях, але і ў іншых стылях, паколькі гэтая камунікатыўная якасць сінанімічная такім паняццям, як даступнасць, яснасць, зразумеласць, успрымальнасць. Выразнасць забяспечваецца выбарам моўных сродкаў, інтанацыйнай арганізаванасцю вуснага ці пісьмовага матэрыялу.
Навуковы і афіцыйна-справавы стылі не патрабуюць эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, таму выразнасць іх маўлення ствараецца за кошт дакладнага слова- і тэрмінаўжывання, правільнай будовы сказаў, адпаведнай структуры тэксту. У гутарковым, мастацкім і публіцыстычным значную выразнасць надаюць вобразныя сродкі мовы (эпітэты, параўнанні, метафары), а таксама дапаможныя элементы (міміка, жэсты, інтанацыя).
Ступень выразнасці маўлення залежыць ад індывідуальнасці асобы, яго моўнага патэнцыялу, інтэлектуальнага багацця, зацікаўленасці самой тэмай.
Маўленчыя памылкі
У вусным ці пісьмовым маўленні мы часта дапускаем памылкі. Чаму гэта здараецца? Беларускія моваведы вылучаюць некалькі асноўных прычын:
- няведанне або слабое засваенне нормаў правільнасці маўлення;
- уплыў дыялектнай мовы на літаратурную;
- уплыў рускай (суседняй, блізкай) мовы на беларускую;
- уздзеянне арфаэпічных нормаў на арфаграфічныя і інш.
Сапраўды, калі мы дасканала і цвёрда не ведаем правілы той або іншай мовы, то не адрозніваем моўныя факты: род і лік назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, вымаўленне гукаў і спалучэнняў, спецыфіку будовы словазлучэнняў і г. д. Дыялектная форма нацыянальнай мовы ўплывае на літаратурную, асабліва на яе вусны варыянт. У сучасных умовах білінгвізму (двухмоўя) складана пазбегнуць і ўздзеяння рускай мовы, дзякуючы гістарычнай блізкасці і падабенству гэтых усходнеславянскіх моў. Адна з прычын памылак - уплыў арфаэпіі на арфаграфію і наадварот. Часам вымаўляюць словы так, як пішуць: вітаешся замест вітае[с’а], насенне замест насе[н’э]. Або на пісьме з’яўляюцца памылкі пад уплывам вымаўлення: дзьве, сямнаццаць. Асабістымі прычынамі бязграматнасці могуць быць і няўважлівасць, і абыякавасць, і недастатковы моўны стаж.
Маўленне падзяляецца на наступныя тыпы: гаварэнне, пісьмо, чытанне і ўспрыняцце (разуменне, слуханне). Вуснае маўленне - гаварэнне - найчасцей насычаецца памылкамі, меней кантралюецца асобай. Але і на пісьме, і нават пры чытанні гатовага матэрыялу лёгка дапусціць памылкі, калі не сачыць за якасцю ўласнай мовы, не падвяргаць сваё асабістае маўленне жорсткай крытыцы.
Адрасуючы маўленне слухачам або чытачам, неабходна дэталёва прадумаць наступнае: ці будзе цікавым ваш выклад, наколькі неабходны ён аўдыторыі, ці адпавядае ён узроўню падрыхтаванасці суразмоўцаў, іх настрою і т. п. Будаваць маўленне патрэбна для канкрэтнага кантынгенту слухачоў, лексічны склад павінен уключаць знаёмыя словы і тэрміны. Як пры выкладзе звестак, так і пры іх успрыняцці важна ўяўляць структуру тэксту: уступную, асноўную і падагульняльную часткі.
Пісьмо як тып маўленчай дзейнасці набліжаецца да гаварэння, таму што інфармацыя выдаецца праз слова ў адным і ў другім выпадку. Адрозненне заключаецца ў канчатковым моўным афармленні: вусная мова пераважна больш простая, а пісьмовая ўскладнена рознымі элементамі. Пры выкладзе думак на пісьме ў нас ёсць час для абдумвання кожнага слова, тэрміна, словазлучэння, знака прыпынку, сказа.
Чытанне як тып маўленчай дзейнасці падобна да слухання: завучыць тэкст на памяць лягчэй, чытаючы яго ўслых, так як матэрыял успрымаецца і зрокава, і на слых. Выкарыстоўваць можна па-свойму разнастайныя віды чытання: хуткае, беглае, выбарачнае, запаволенае, удумлівае і інш. Выбар аднаго з відаў залежыць ад неабходнасці інфармацыі чытачу, яе цікавасці, важнасці, а таксама і іншых прычын, напрыклад, вольнага часу, ступені авалодання зместам. Чытанне - крапатлівы працэс над зместам: абдумванне, запамінанне, параўноўванне, абагульненне і г. д. Чытанне - гэта працэс пазнання новых звестак, лексічных адзінак.
Маўленне чалавека - рухомая і аб’ёмная з’ява, якая звязана не толькі з уменнем правільна і прыгожа гаварыць, але і з агульнай культурай асобы, яе паводзінамі, здольнасцю карыстацца багатымі маўленчымі сродкамі ў розных напрамках грамадскай дзейнасці.
Літаратура: [1, с. 10 – 11, 134 - 144]
Кантрольныя пытанні
1 У чым заключаецца спецыфіка паняццяў “мова” і “маўленне”?
2 Што абазначае тэрмін “культура прафесійнага маўлення”? Назавіце кампаненты, што складаюць сутнасць гэтага паняцця. Раскрыйце іх значэнні.
3 Чаму правільнасць маўлення з’яўляецца асноўнай якасцю культуры маўлення? У чым яно выражаецца і як дасягаецца?
4 Як вы разумееце значэнне паняцця “камунікатыўны”? Якія аднародныя словы можна падабраць да яго? Якая сувязь паміж камунікатыўнымі якасцямі маўлення і камунікатыўнай функцыяй мовы?
5 Якія нормы правільнасці можна назваць асноўнымі?
6 Ці павінен быць правільным гутарковы стыль мовы? Якія стылі з’яўляюцца правільнымі?
7 Што такое маўленчыя памылкі? У якіх тыпах маўлення дапускаецца найбольшая колькасць памылак і чаму? Як пазбегнуць памылак у звязным маўленні?
8 Што называецца дакладнасцю маўлення? Ці ўласціва дакладнасць навуковаму тэксту?
9 Як узаемазвязаны паміж сабой дакладнасць і лагічнасць? Якія сінонімы можна падабраць да гэтых паняццяў? Якія яшчэ камунікатыўныя якасці залежаць адна ад другой?
10 Ці ўласціва лагічнасць маўлення афіцыйна-справавому стылю? Як яна праяўляецца ў наступных дакументах: а) заяве, б) даручэнні, в) дакладной запісцы?
11 Што ўяўляе сабой дакладнасць вуснага і пісьмовага публіцыстычнага тэксту (напрыклад, артыкула, выступлення, тэлеперадачы)?
12 Якія функцыянальныя стылі з’яўляюцца дарэчнымі? У чым адрозненне паміж дакладнасцю і дарэчнасцю маўлення? У якой ступені дарэчнасць уласціва гутарковаму стылю?
13 Ці павінен быць чыстым гутарковы стыль? Ці парушае чысціню маўлення маладзёжны (студэнцкі) жаргон?
14 Якое адрозненне паміж багаццем і разнастайнасцю маўлення? Якім стылям уласцівы дадзеныя якасці маўлення?
15 Што такое выразнасць маўлення? Якое маўленне больш выразнае: вуснае ці пісьмовае?
Практычныя заданні
№ 1 Адзначце словы, у якіх вымаўленне зычных гукаў не адпавядае напісанню.
Лічба, медзь, метал, валакно, просьба, груз, боб, пасадка, ланцуг, рамонт, збыт, кошт, рашэнне, продаж, менеджмент, кантракт, студэнт, калектыў, інжынер, сад, дакумент, камп’ютар, праграма, кніжка.
№ 2 Успомніце правапіс запазычаных слоў. Запішыце наступныя паняцці па-беларуску. Выявіце адрозненні ў напісанні на беларускай і рускай мовах. Якія нормы правільнасці тут рэалізуюцца?
Агрегат, модификация, адаптер, потенциал, аккумулятор, вакуум, ресурс, энергия, реализация, маркетинг, компания, эффективность, инфляция, группа, масштаб, аксиома, акциз, оптический, объем, бассейн, оператор, дефицит.
№ 3 Абазначце націск у наступных лічэбніках. Вызначце адрозненні ў іх вымаўленні і напісанні ў рускай і беларускай мовах.
Адзінаццаць, адзінаццаты, чатырнаццаць, чатырнаццаты, шэсцьдзесят, семдзесят.
№ 4 Вызначце парушэнні нормаў у наступных спалучэннях. Якія нормы парушаны? Выявіце прычыны ўзнікнення маўленчых памылак у спалучэннях. Якія часціны мовы ўваходзяць у словазлучэнні? Выпраўце памылкі.
Склаўшыеся абставіны, нявыключаны матор, выступаючы чалавек, сустракаючыеся людзі, падпісаны дакумент, выдаваўшыйся матэрыял, зжатае поле, узмацнеўшыя сувязі, зробленая справа.
№ 5 Растлумачце значэнне фразеалагізмаў. Вызначце ролю фразеалагізмаў, прыказак, прымавак у мове чалавека.
Збіць з панталыку, навастрыць вушы, заварыць кашу, блытацца пад нагамі, вадой не разліць, біць лынды, пераліваць з пустога ў парожняе, як кот наплакаў, даць маху, ахілесава пята, сем пятніц на тыдні, стаць на ногі, вачэй не зводзіць.
№ 6 Адзначце словазлучэнні, у якіх словы ўжыты ў пераносным значэнні. Якія нормы пры гэтым выкарыстоўваюцца?
Мяжа прагрэсу, мяккая воўна, ніткі пражы, сеяць лён, цвёрда стаяць на сваім, калючы ржэўнік, вясна ідзе, падвесці газ, падвесці ваду, завесці рухавік, завесці размову.
№ 7 Вызначце адрозненне ў лексічным значэнні слоў. Якія формы могуць выкарыстоўвацца без суфіксаў -ір-, -ірава- (-ырава-)? Пры ўжыванні якіх адзінак дапушчаны маўленчыя памылкі?
Фармаваць і фарміраваць, тэлефанаваць і тэлефанізіраваць, газаваць і газіраваць, транспартаваць і транспарціраваць, фармуляваць і фармуліраваць, кваліфікаваць і кваліфіцыраваць, збалансаваць і збалансіраваць, тэставаць і тэсціраваць.
№ 8 У якім парадку трэба размясціць сказы, каб атрымаўся тэкст? Якімі нормамі неабходна карыстацца?
Размяшчэнне галін хімічнай прамысловасці
Вытворчасць сінтэтычных і штучных валокнаў розных відаў і прызначэння (лаўсану, нітрону, капронавых, віскозных, ацэтатных валокнаў і інш.) арганізавана на вытворчых аб’яднаннях “Хімвалакно” ў Магілёве, Светлагорску і Гродне, наваполацкім аб’яднанні “Палімір”. На прадпрыемствах хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці Беларусі выпускаюцца хімічныя валокны і ніткі, мінеральныя ўгнаенні, пластмасы і пластмасавыя вырабы, шыны і гумава-тэхнічныя вырабы, лакі і фарбавальнікі, тавары бытавой хіміі. Хімічныя валокны і ніткі выкарыстоўваюцца для вырабу тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў, штучнага футра. Капронавы і віскозны корд спажываюцца шыннай прамысловасцю. У Полацку дзейнічае буйное вытворчае аб’яднанне “Шкловалакно”. (паводле С.І. Сідора)
№ 9 Прааналізуўце дакладнасць выкарыстання слоў у тэксце. Якія з прапанаваных варыянтаў з’яўляюцца найбольш дакладнымі?
1 Сельскагаспадарчае раянаванне праводзіцца (на падставе, на аснове) адрозненняў у спецыялізацыі сельскай гаспадаркі.
2 Пры прыродна-меліярацыйным раянаванні ўлічваюцца асаблівасці рэльефу, умовы ўвільгатнення, характар і ступень меліярацыйнай (неўладкаванасці, упарадкаванасці) тэрыторыі.
3 Фізіка-геаграфічнае, або прыроднае, раянаванне (ажыццяўляецца, адбываецца) паводле (асаблівасцей, уласцівасцей) рэльефу, глебавага покрыва, клімату, расліннасці, жывёльнага свету.
4 Задача эканамічнага раянавання заключаецца ў (вылучэнні, выдзяленні) спецыялізаваных тэрытарыяльных частак краіны, гэта значыць у (абгрунтаванні, тлумачэнні) схемы эканамічных раёнаў.
5 Эканамічнае раянаванне (прызвана, заклікана) адлюстроўваць існуючыя адрозненні ў спецыялізацыі і структуры гаспадаркі асобных частак (краіны, рэспублікі, дзяржавы). (паводле С.І. Сідора)
№ 10 Ці магчыма прасачыць лагічнасць у сказе? Ці ўплывае парадак слоў на змест? Абгрунтуйце свае адказы, выкарыстоўваючы наступныя прыклады.
Сельская гаспадарка Беларускага Палесся спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі, вырошчванні бульбы і агародніны. - Спецыялізуецца сельская гаспадарка Беларускага Палесся на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі, вырошчванні бульбы і агародніны.
Спецыялізаваныя тэрытарыяльныя часткі краіны прынята называць эканамічнымі раёнамі. - Эканамічнымі раёнамі прынята называць спецыялізаваныя тэрытарыяльныя часткі краіны.
Тэхнічныя культуры ў параўнанні з іншымі групамі сельскагаспадарчых культур займаюць на Беларусі параўнаўча невялікія плошчы. - На Беларусі тэхнічныя культуры ў параўнанні з іншымі групамі сельскагаспадарчых культур займаюць параўнаўча невялікія плошчы. (паволе С.І. Сідора)
№11 Пабудуйце правільныя словазлучэнні. Якой камунікатыўнай якасцю трэба кіравацца: дакладнасцю ці дарэчнасцю?
(Цеплаахоўная, цеплаабаронная) характарыстыка, рычагі (кіравання, упраўлення), (высокая, вялікая) тэмпература, дызельны (рухавік, матор), капітальнае (укладанне, улажэнне), каробка (скорасцей, перадач, хуткасцей), (актываваны, актывіраваны) вугаль, (вільгаць, вільготнасць) зерня, (дадатны, станоўчы) полюс.
№ 12 Якая камунікатыўная якасць характарызуецца ў наступным тэксце? Абгрунтуйце свой адказ.
Правільнае і паслядоўнае спалучэнне асобных адзінак у тэксце.
Правільны парадак слоў.
Правільны выбар сінтаксічных канструкцый.
Правільны выбар сродкаў сувязі паміж асобнымі часткамі выказвання.
Мэтазгодны падзел тэксту на абзацы.
№ 13 Якія з пералічаных ніжэй моўных адзінак недарэчныя а) у навуковым стылі? б) у афіцыйна- справавым стылі?
Шасцярэнька, завіхацца, найвышэйшы, ганарлівы, страшэнны, злосць, абшукаць, як двойчы два, аргуменцік, малачко, выканаўшы, кляваць носам, абмазгаваць, прыкусіць язык, прадраць вочы, выказаўшыеся, пашэнціла, навуковец, кантракт, фальшыўка.
№ 14 Падрыхтуйце вуснае паведамленне аб чысціні (чыстаце) маўлення. За аснову вазьміце наступнае выказванне Васіля Быкава:
“Гаворачы пра мову, нельга не сказаць тут, што і шэрая, невыразная наша канцылярская мова, мова многіх нашых газет ды часопісаў, - таксама бяда, гэта агульнавядома. Але сёння ўжо можна падумаць: ці неаднолькавай бядой з’яўляюцца абедзве гэтыя крайнасці - пазбаўленае густу і меры захапленне дыялектызмамі, пакарабачанымі, без жаданай патрэбы перайначанымі слоўцамі, моўнымі калекамі і прыдумкамі, таксама як і шэрая казёншчына мовы - яны аднолькава аддаляюць нашу літаратуру ад яе чытача - народа”.
№ 15 Неапраўданае ўжыванне канцылярызмаў - гэта парушэнне дарэчнасці ці чысціні маўлення? У якім кантэксце могуць выкарыстоўвацца наступныя ўстойлівыя выразы?
На пярэднім краі; зрабіць спробу; давесці да ведама; на думку аўтара; у выніку; мець на ўвазе; з мэтай; належны нагляд; у летні перыяд; на належную вышыню; ахапіць мерапрыемствамі; абслугоўванне заказчыкаў, першаступенная задача.
№ 16 Ці ўласціва чысціня маўлення прыведзенаму тэксту? Ці ёсць у тэксце парушэнні дакладнасці, чысціні, дарэчнасці, багацця, выразнасці?
Падземныя воды
Прэсныя падземныя воды з’яўляюцца галоўнай крыніцай пітнога водазабеспячэння. Тысячы свідравін у месцах водазбораў, а ў сельскай мясцовасці пераважна калодзежаў забяспечваюць патрэбы жыхароў гарадскіх і сельскіх паселішчаў. Выкарыстоўваюцца падземныя воды і дзеля тэхнічных мэт, але гэта нельга прызнаць прымальным. У розных месцах Беларусі маюцца радовішчы мінеральных вод рознага хімічнага складу. Большасць іх маюць лекавыя ўласцівасці.
На жаль, у выніку гаспадарчай дзейнасці адбываецца забруджванне не толькі паверхневых, але і падземных вод. У выніку неабгрунтаванага выкарыстання хімічных угнаенняў і ядахімікатаў у грунтавых водах павысілася канцэнтрацыя нітратаў, якія вельмі шкодныя для здароўя чалавека. Па гэтай прычыне ў многіх калодзежах вада проста не прыгодная для спажывання. Нітраты пранікаюць на ўсё большыя глыбіні, і патрэбны тэрміновыя меры для таго, каб пазбегнуць поўнага забруджвання апошняга рэзерву пітной вады - падземных прэсных вод. (паводле С.І. Сідора)
№ 17 У навуковым і афіцыйна-справавым стылях патрабуецца адназначнае і дакладнае ўжыванне тэрмінаў, таму тут можа назірацца паўтор адных і тых жа слоў ці спалучэнняў. Ці з’яўляецца гэта таўталогіяй?
Рэканструкцыя
Пры тэхнічным пераабсталяванні (першы тып рэканструкцыі) пераважна абнаўляюць актыўную частку сродкаў працы. Выбыццё асноўных фондаў звязана з вывадам са сферы вытворчасці фізічна і маральна зношаных станкоў, машын і абсталявання.
Пры самой рэканструкцыі (другі тып рэканструкцыі) абнаўляюць не толькі актыўную, але і пасіўную частку асноўных фондаў.
Пры расшырэнні прадпрыемства (трэці тып рэканструкцыі) назіраюць выбыццё магутнасцей - побач са значным уводам новых асноўных фондаў часткова абнаўляюць сродкі працы. (паводле В.В. Варнакова )
№ 18 Ці ўласціва багацце (разнастайнасць) і выразнасць маўлення афіцыйна-справавому стылю? Пакажыце гэта на прыкладзе дакумента (на выбар).
№ 19 Якія камунікатыўныя якасці праяўляюцца ў тэксце? Якія парушаюцца? Ці з’яўляецца ён багатым і выразным?
Уласцівасці і прызнакі паралелаграма
Уласцівасці паралелаграма: 1) у паралелаграма процілеглыя стораны папарна роўныя; 2) дыяганалі паралелаграма пунктам перасячэння дзеляцца папалам; 3) у паралелаграма процілеглыя вуглы роўныя.
Прызнакі паралелаграма: 1) калі ў чатырохвугольніку дыяганалі перасякаюцца і пунктам перасячэння дзеляцца папалам, то гэты чатырохвугольнік - паралелаграм; 2) калі ў чатырохвугольніку процілеглыя стораны роўныя і паралельныя, то гэты чатырохвугольнік - паралелаграм; 3) калі ў чатырохвугольніку процілеглыя стораны папарна роўныя, то чатырохвугольнік - паралелаграм; 4) калі ў чатырохвугольніку процілеглыя стораны папарна паралельныя, то чатырохвугольнік - паралелаграм. (паводле А.В. Пагарэлава)
Культура прафесійнага маўлення
Маўленчы службовы этыкет. Культура маналагічнага і
дыялагічнага маўлення
Значную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працоўным
месцы. Немалаважнымі тут з’яўляюцца ўзаемаадносіны з начальнікам або падначаленымі, паколькі гэта ўплывае на мікраклімат у калектыве. Уменне весці размову, падтрымліваць гутарку, прымаць рашэнні - гэта неабходныя дзелавыя якасці службовай асобы.
Паняцце культуры ўключае ў сябе і культуру ўзаемін (зносін), культуру маўленчых паводзін. Культура маўленчых паводзін - састаўная частка агульнай культуры. Чым вышэйшы ўзровень культуры чалавека, тым вышэй культура маўленчых паводзін. Маўленчыя паводзіны звязаны з сітуацыяй маўлення, з роляй, якую выконвае носьбіт мовы, напрыклад, адзін і той жа чалавек па-рознаму паводзіць сябе ў маўленчай сітуацыі з аднакласнікам, настаўніцай, маці: Эй, дай паглядзець сшытак! Ганна Пятроўна, можна, я пагляджу гэтую кнігу? Мам, ну я цябе прашу...
Правілы маўленчых паводзін рэгулююцца моўным этыкетам. Моўны этыкет (ад фр. etiquette) - абумоўленая традыцыямі, нормамі маралі сістэма моўных формул (добры дзень, дазвольце, npaшy прабачыць і г. д.), якія прымяняюцца з мэтай устанавіць і падгрымаць кантакт з субяседнікам. Моўныя формулы этыкету праяўляюцца ў сітуацыях прывітання, развітання, удзячнасці, адабрэння, спачування, віншавання, звароту, просьбы, парады і г. д. У формулах моўнага этыкету, якія выкарыстоўвае чалавек, адлюстроўваецца ўзровень яго адукацыі, выхаванасці, культуры, маўленчага асяроддзя.
Моўны этыкет - неабходная частка культуры маўленчых паводзін кожнага носьбіта мовы. Самыя агульныя правілы прымянення формул моўнага этыкету - ветлівасць, добразычлівасць.
У залежнасці ад абставін працоўнай дзейнасці зносіны дзеляцца на дзелавыя і свецкія. Дзелавыя або службовыя, афіцыйныя зносіны - гэта не толькі абмен інфармацыяй, як гэта звычайна адбываецца ў свецкіх зносінах, яны цягнуць за сабой выпрацоўку рашэнняў, заключэнне дамоў, прыняцце абавязацельстваў, невыкананне якіх можа прывесці да адміністрацыйнай ці юрыдычнай адказнасці. Свецкія (неафіцыйныя) зносіны звязаны з вольным часам, носяць культурны характар.
Зносіны могуць быць прамымі, якія адбываюцца ў форме гутаркі двух ці больш чалавек, і ўскоснымі, з дапамогай пісьмовай перапіскі або тэхнічных сродкаў. На характар і змест дзелавых зносін уплываюць інтэлект, кампетэнтнасць субяседніка, веданне ім прадмета размовы, здольнасць выходзіць са складаных сітуацый у працэсе гутаркі. Камунікабельнасць - гэта ўменне падтрымліваць размову (атрымліваць інфармацыю, выдаваць яе, уменне правільна ставіць пытанні).
У дзелавых зносінах значную ролю ў мове адыгрывае арыентацыя на тэхнічны або тэхналагічны бок справы ці на людзей, якія ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе. Ад таго, якія з гэтых каштоўнасцей на першым месцы, у многім залежаць узаемаадносіны паміж начальнікам і падначаленымі, а таксама і паміж супрацоўнікамі. Пры накіраванасці на тэхніку і тэхналогію зносіны набываюць дзелавы тон, пры арыентацыі на чалавека ў ім значнае месца займаюць разам з дзелавымі і чалавечыя ўзаемаадносіны. Якасць зносін залежыць ад мовы суб’ектаў: ясны выклад сваіх думак, правільнасць маўлення, выразная дыкцыя робяць гутарку або выступленне даступнымі, садзейнічаюць пошуку аптымальных рашэнняў. Эмацыянальны бок зносін узмацняюць выразная міміка і стрыманыя жэсты.
Поспех паседжанняў, сходаў, канферэнцый і інш. залежыць ад тэкстаў дакладаў і выступленняў, якія павінны рыхтавацца зараней: план, тэкст, тэзісы... Абавязкова падтрымліваць візуальны кантакт з аўдыторыяй. Пачынаць не абавязкова з уступу, хоць ён і пажаданы, а з самага важнага і актуальнага. Абавязковым з’яўляецца вывад, падагульненне, дзе не толькі падводзіцца вынік, але і робяцца прапановы, напрыклад, па практычнаму прымяненню.
Важнейшыя патрабаванні да дзелавога выступлення - канкрэтнасць і канструктыўнасць. Неабходна пазбягаць расплыўчатых, агульных фраз, а таксама незразумелых тэрмінаў. Выступленне ўпрыгожвае правільная інтанацыя, змяненне тэмпу маўлення, што мяняецца ў працэсе маналога, вытрымліванне паўз паміж важнымі думкамі або пасля іх выкладу. Слухачоў могуць раздражняць няправільна вымаўленыя словы, памылкова пастаўленыя націскі, паўторы адных і тых жа слоў ці выразаў (магчыма паўтарэнне асноўных думак, але рознымі фразамі).
Вядучы дыскусію (пасяджэнне) павінен сачыць за тым, каб яна не перарасла ў канфлікт. Дапамагаюць весці дыскусію веданне і ўжыванне этыкетных маўленчых формаў. Пачынацца дыскусія можа словамі:
- Прыступім да работы...
- Прашу вашай увагі...
- Будзем пачынаць...
- Дазвольце лічыць пасяджэнне адкрытым...
У ходзе абмеркавання вядучы можа выкарыстаць шэраг формаў:
- Давайце абмяркуем...
- Першае, што мы павінны абмеркаваць...
- Дазвольце адрасаваць гэта пытанне...
- Я думаю, што гэта пытанне можа быць зададзена пазней у індывідуальным парадку...
- Працягнем абмеркаванне пытання...
- Дазвольце перайсці да абмеркавання наступнага пытання...
- Давайце вернемся да тэмы (праблемы, сітуацыі)...
- Прашу не адхіляцца ад тэмы...
- Абмеркаванне будзе ўзноўлена...
- Дазвольце закрыць сход (пасяджэнне)...
Элементамі любой дыскусіі з’яўляюцца пытанні, якія задаюцца апанентамі і выступаючымі. Існуюць этыкетныя формы фармулёвак пытанняў:
- Дазвольце задаць пытанне...
- У мяне пытанне да...
- Я хацеў бы задаць пытанне...
- Мяне цікавіць...
- Не маглі б Вы мне растлумачыць...
Выступленні і пытанні звычайна папярэджваюцца зваротамі: паважаныя, глыбокапаважаныя, таварышы, спадарства, сябры, калегі і інш. У адказах на пытанні могуць утрымлівацца наступныя выразы:
- Я б хацеў адказаць на Ваша пытанне наступным чынам...
- Паўтарыце, калі ласка, пытанне...
- Я не магу адказаць на Ваша пытанне, таму што...
- Наколькі я ведаю...
- Дазвольце пачаць з адказу на апошняе пытанне...
- Калі Вы не супраць, то я б хацеў падумаць...
Этыка правядзення дыскусій патрабуе пазбягаць абвастрэння спрэчак, канфліктаў. Дапамагаюць змякчыць сітуацыю этыкетныя формы выражэння нязгоды:
- Я магу згадзіцца, але толькі пры пэўных умовах...
- Я згодны з многімі палажэннямі, але лічу неабходным...
- Я б хацеў падтрымаць, але...
- Я б хацеў прыцягнуць Вашу ўвагу да...
- У мяне ёсць некалькі заўваг...
- Я не магу раздзяліць Вашу думку... па дадзенаму пытанню...
- На мой погляд, нам неабходна абмеркаваць гэтае пытанне больш канкрэтна...
Любое выступленне заканчваецца падзякай. У любой дыскусіі неабходна выражаць павагу да субяседніка або апанента, нават калі яго выказванне на першы погляд здаецца недарэчным. Неабходна імкнуцца зразумець чужое меркаванне, цярпліва выслухаць яго. Дыскусія павінна весці да супрацоўніцтва, а не да канфрантацыі. На месцы сваёй працы чалавек знаходзіцца значную частку свайго жыцця, таму важным фактарам для большасці з’яўляецца маральны клімат у калектыве. Паступова супрацоўнік развівае свае дзелавыя якасці, прафесійнае маўленне, і больш плённа гэта адбываецца ў працаздольным і дружным калектыве.
Службовыя зносіны ўключаюць разнастайныя спосабы абмеркавання вытворчых, эканамічных, навукова-тэхнічных і іншых праблем. Найбольш распаўсюджанымі формамі калектыўнага разгляду дзелавых сітуацый з’яўляюцца нарады і сходы, якія адрозніваюцца паміж сабой толькі колькасцю ўдзельнікаў, а пытанні могуць вырашацца адны і тыя ж.
Нарады падзяляюцца на дыктатарскія, аўтакратычныя, сегрэгатыўныя, дыскусійныя, свабодныя і інш.
На дыктатарскіх нарадах звычайна выступае толькі кіраўнік. Ён паведамляе прысутным сваё рашэнне, знаёміць з распараджэннямі і т. п. У час дыктатарскіх нарад адсутнічае дыскусія. Удзельнікі прымаюць інфармацыю да ведама, задаюць пытанні.
Аўтакратычныя нарады характарызуюцца тым, што кіраўнік задае пытанні і выслухоўвае адказы запрошаных. Апошнія не маюць права выказвацца, задаваць пытанні, падтрымліваць іншых прысутных.
Сегрэгатыўныя нарады (сегрэгацыя - з лац. аддзяленне, выдаленне) пачынаюцца дакладам кіраўніка, затым выступаюць толькі тыя, каму даецца слова.
Дыскусійныя і свабодныя нарады адрозніваюцца дэмакратычным характарам. У час дыскусійных пасяджэнняў адбываецца свабодны абмен думкамі, рашэнне ў большасці выпадкаў прымаецца агульным галасаваннем. Свабодныя пасяджэнні праводзяцца без канкрэтнага парадку дня.
Часта праводзяцца і такія формы пасяджэнняў або нарад, як праблемныя, інструктыўныя, аператыўныя і інш.
Жывыя зносіны, якімі з’яўляюцца публічныя выступленні кіраўніка або падначаленых, грунтуюцца на вуснай мове. Калі неабходны кантакт з людзьмі, што не могуць быць суразмоўцамі, то выкарыстоўваюць пісьмовую мову: службовыя лісты, распараджэнні, факсы і г. д. Вусная мова заўсёды нясе ў сабе жывы патэнцыял асобы, сілу яго ведаў, веры, упэўненасці. Менавіта жывой мове ўласцівыя тэмп, інтанацыя, мілагучнасць, акцэнты. Рысы прамоўцы, яго непаўторныя жэсты, міміка, позірк дапаўняюць мову, яна ўспрымаецца ў цэласным кантэксце. Вуснае маўленне больш простае па сваім слоўніку, па граматычных формах, мае сціслыя сінтаксічныя канструкцыі, нават дапускае паўторы. Пісьмовая, наадварот, насычана аб’ёмнымі сказамі, устойлівымі спалучэннямі, спецыфічнай лексікай, не дапускае памылак. Неабходна памятаць, што пісьмовая мова цяжка ўспрымаецца на слых, таму нуднымі з’яўляюцца даклады, якія чытаюцца з ліста. Пісьмовая мова не ператворыцца ў вусную, калі яе гучна прамаўляць.
У выступленні перад публікай патрэбна жывая мова, таму што прамоўца можа сачыць за рэакцыяй слухачоў: удакладняць, скарачаць, дапаўняць... Мова пры гэтым становіцца даходлівай і эфектыўнай, прыносіць задавальненне і аратару, і слухачам.
Залатое правіла маўленчых зносін сцвярджае: чым цішэй гаворыш, тым лепш цябе зразумеюць. Ціхая, прыемная і спакойная мова афарбавана і тэмбрам голасу, і абаяльнасцю прамоўцы, але і тут можна праявіць і патрабавальнасць, і рашучасць, і выразнасць. Ціхая прамова настройвае на развагу, а гучная выклікае трывогу, неспакой. Прыкметай культуры і розуму з’яўляецца мілагучная, выразная і багатая мова.
Тэмп нашай мовы своеасабліва спалучаецца са зместам, таму найбольш значныя часткі матэрыялу трэба выкладаць павольней, выдзяляць інтанацыйна. Лічыцца: чым большая колькасць слухачоў, тым павольней неабходна гаварыць. Выступаючаму патрэбны паўзы: па-першае, на іх звяртаецца ўвага, па-другое, паўза дазваляе аддзяліць сэнсавыя часткі тэксту, па-трэцяе, вытрымаць патрэбную паўзу - гэта майстэрства аратара.
Асноўным інструментам уздзеяння на аўдыторыю з’яўляецца, несумненна, слова, але варта прымяняць і дапаможныя сродкі, напрыклад, жэсты. Яны ўзмацняюць эмацыянальны бок выступлення або гутаркі, але прымяняць іх патрэбна ўмела. Не суправаджайце жэстыкуляцыяй увесь тэкст выступлення, гутаркі, прамовы, таму што не кожная фраза патрабуе падкрэслівання жэстам. Колькасць і інтэнсіўнасць жэстаў павінны адпавядаць умовам і мэтам зносін. Прынята лічыць: калі выступаючаму няма чаго сказаць па сутнасці, то ён пачынае актыўна жэстыкуляваць. Жэстыкуляцыя адцягвае ўвагу субяседнікаў і слухачоў, таму варта памятаць, што пры ўключэнні жэстаў у моўную плынь збядняецца яе выразнасць, зніжаецца эфектыўнасць уздзеяння на прысутных.
Выкарыстоўваць мікрафон патрэбна толькі ў крайнім выпадку, паколькі ён скажае мову, ускладняе наладжванне кантакту з людзьмі. Чым меншая адлегласць паміж субяседнікамі, тым больш цёплыя і даверлівыя адносіны складваюцца між імі. Вядома, што павелічэнне адлегласці да двух і болей метраў вядзе да з’яўлення адчужанасці, дыстанцыйнасці ў адносінах.
Поспех, выніковасць, вартасць любой гутаркі ці выступлення, безумоўна, залежаць ад мноства фактараў, але ні жэсты, ні інтанацыя, ні знешні выгляд аратара не заменяць сілы слова. Толькі свабодна валодаючы моўнымі сродкамі, дастатковым лексічным запасам, можна авалодаць увагай слухачоў, данесці неабходнае, пераканаць, зацікавіць.
Літаратура: [1, с. 134 - 135]
Кантрольныя пытанні
1 Як вы разумееце значэнне паняцця “маўленчы службовы этыкет”?
2 Якое адрозненне існуе паміж дзелавымі і свецкімі зносінамі?
3 У якіх моўных сітуацыях выкарыстоўваюцца прамыя і ўскосныя зносіны?
4 Якімі моўнымі рысамі павінна характарызавацца мова службовай асобы?
5 Што такое ветлівасць? Хто павінен быць больш ветлівым: начальнік ці падначалены?
6 Якія формы арганізацыі маўлення існуюць? Калі выкарыстоўваюцца дыктатарскія нарады? Якім пытанням прысвячаюцца праблемныя і інструктыўныя пасяджэнні?
7 Якія існуюць патрабаванні да маналагічнага выступлення? Ад чаго залежыць поспех аратара?
8 У чым заключаецца адрозненне паміж вуснай і пісьмовай мовай? Наколькі неабходна жэстыкуляцыя ў службовых моўных зносінах?
Практычныя заданні
№ 1 Прачытайце тэкст. Якая роля прывітання ў службовым этыкеце? Як правільна развітацца пасля дзелавой сустрэчы, сходу, пасяджэння?
Прывітанне
Зносіны людзей пры сустрэчы пачынаюцца з прывітання. Гэтая этыкетная норма абавязковая для ўсіх знаёмых людзей. Нават асабіста незнаёмыя супрацоўнікі адной установы або фірмы, жыхары аднаго дома вітаюць адзін аднаго. У Беларусі прынята вітаць пры сустрэчы жыхароў вёскі. У маўленчым этыкеце найбольш ужывальныя прывітанні: “Добры дзень!”, “Дзень добры!”, “Добрай раніцы!”, “Ранак добры!”, “Добры вечар!”, “Вечар добры!”. Меней ужываюцца прывітанні, якія носяць стылістычна ўзвышаны характар: “Вітаю Вас (цябе)!”, “Рады Вас вітаць!”, “Дазвольце Вас павітаць!”. Распаўсюджанае сярод добра знаёмых слова “Прывітанне!” не дапускаецца ў прывітанні малодшым старэйшага.
Маўленчы этыкет патрабуе першым вітаць малодшаму па ўзросту старэйшага, мужчыне жанчыну, падначаленаму начальніка.
№ 2 Як правільна звярнуцца да падначаленага або начальніка? Як быць у тым выпадку, калі Вы не ведаеце яго імя, імя па бацьку? Адкажыце на пытанні, выкарыстоўваючы наступны тэкст.
Ветлівы зварот
Ва ўстанаўленні кантакту паміж людзьмі значнае месца адводзіцца ветліваму звароту. Непрымальны ці непрыемны зварот можа стаць першай і адзінай перашкодай у развіцці ўзаемасувязей і, наадварот, цёплае прывітанне можа пакласці пачатак карысным, дзелавым, сяброўскім зносінам.
Своеасаблівасць звароту надае перш за ўсё тое, каму яно адрасуецца: знаёмаму ці малазнаёмаму, мужчыне ці жанчыне, маладому ці сталаму чалавеку.
Культурны чалавек, жадаючы, каб на яго звярнулі ўвагу, пачне свой зварот, просьбу са слоў прабачэння: “Прабачце, калі ласка”, “Прабачце”, “Даруйце”, “Даруйце (прабачце) за турботу” (рус. «Извините», «Простите», «Простите (извините) за беспокойство»).
Як правіла, прыцягненне ўвагі звязана з просьбай. Гэта цягне за сабой утварэнне больш складаных моўных формаў, напрыклад: “Прабачце (даруйце), Вы не скажаце...”, “Не маглі б Вы мне сказаць...”, “Вы не ведаеце...” (рус. “Простите (извините), Вы не скажете...”, “Не могли бы Вы подсказать...”, “Будьте так добры...”). Пералічаныя формы могуць замяніць звароты ў тых выпадках, калі Вам складана назваць субяседніка словамі: “таварыш”, “спадар”, “малады чалавек” ці інш. (паводле І. Браіма)
№ 3 Прачытайце тэкст, перакажыце яго па-беларуску. Ці згодны Вы з такімі патрабаваннямі да крытыкі? Якой павінна быць мова таго, хто крытыкуе? Прыдумайце загаловак да свайго паведамлення.
Критика в служебном этикете
Критика является наиболее распространенной формой выражения неудовлетворенности деятельностью подчиненных или коллег по работе. Выделяют следующие важные этические требования к критике:
- критика должна быть объективной, т. е. вызываться негативным проступком, неумелой и недобросовестной работой; прежде чем критиковать, необходимо разобраться в причинах действия, вызвавшего критику. В результате предпринятого анализа может выясниться, что работник не мог поступить иначе в силу сложившихся обстоятельств, возможно, в этом есть вина критикуемого;
- следует критиковать не человека как личность, а его отношение к делу, его ошибки;
- критикуя работника, не следует внушать ему, что он безнадежен, не способен справиться со своими недостатками. Критика должна быть конструктивной, вселять уверенность работника в его способностях, мобилизовывать его на лучшую работу;
- эффект критики значительно повышается, если критикующий предлагает меры и помощь в преодолении недостатков и ошибок;
- критикующий не должен срываться на крик, допускать грубость, злорадство, язвительность, унижающие человеческое достоинство.
В свою очередь тому, кого критикуют, нельзя сразу же отвергать критические замечания. Относиться к ним необходимо исходя из принципа: «Все, что я делал, можно делать лучше».
№ 4 Прачытайце. Сфармулюйце і запішыце асноўную думку тэксту. Як вы разумееце паняцце культура маўленчых паводзін?
...Азірнёмся наўкола. Як часта сустракаюцца людзі хваравіта раздражнёныя, з неадэкватнай рэакцыяй на ўсё, нават на дробязі. Аднаго незнарок штурхнулі ў аўтобусе, і ён доўга будзе даймаць крыўдзіцеля, а заадно і ўсіх, хто едзе разам з ім. Другому зрабілі заўвагу, што ён занадта часта і падоўгу вядзе асабістыя размовы са службовага тэлефона - ён шпурнуў трубку. Трэцяй здалося, што ёй недалілі ў стакан соку, і яна накінулася на прадаўшчыцу з лаянкаю. Падобныя паводзіны, безумоўна, вынік адсутнасці культуры.
Давайце задумаемся над некаторымі пытаннямі. Ці ўмеем мы інтэлігентна звярнуцца да чалавека, спытаць пра што-небудзь так, каб яму было прыемна адказаць? Ці можам мы ўважліва выслухаць субяседніка і выклікаць у яго цікавасць, сімпатыю, давер? Ці станем мы на грубасць, адрасаваную нам, рэагаваць іншымі сродкамі, чым той жа грубасцю? Ці здольны мы ў час пажартаваць, калі бачым, што вось-вось можа ўспыхнуць канфлікт? Ці імкнёмся мы даказаць правільнасць сваёй пазіцыі, але так, каб не адштурхнуць людзей, а пераканаць іх? Ці ўмеем мы гаварыць «так» і «не»?
Трэба ўсвядоміць: культура маўленчых паводзін, ваша манера кантактаваць з людзьмі можа стаць радасцю, прыемнасцю, а можа ператварыцца ў непераадольны бар'ер.
№ 5 Прачытайце традыцыйныя формулы прывітання. Якія асаблівасці выкарыстання гэтых формул вы можаце назваць: вітанне са знаёмымі (незнаёмымі), нейгральнае, добразычлівае, афіцыйнае, жартаўлівае, фамільярнае ўжыванне і г. д.
Добры дзень! Дабрыдзень! Дзень добры! Добрай раніцы! Добры вечар! Здарова! Вітаю вас! Дазвольце вітаць вас! Прывітанне! Салют! Маё шанаванне! Як жыццё (жыццё-быццё)? Як жывецца? Як жывяцё? Што новага? Як маешся? Рад(а) вас(цябе) бачыць!
Якія з гэтых формул прывітання вы ўжываеце найчасцей? Якія формулы не выкарыстоўваеце? Чым гэта можна растлумачыць? Разыграйце маўленчыя сітуацыі з выкарыстаннем формул прывітання.
№ 6 Прачытайце, вызначце тып тэксту. Запішыце тэкст (частку тэксту) па- беларуску.
Формулы приветствия играют большую роль в нашем общении. Здороваясь со знакомыми, мы подтверждаем этим своё знакомство и выражаем желание продолжить его. Нас беспокоит, когда хороший знакомый, проходя мимо, только слегка кивает головой или вовсе не замечает нас. Ведь перестать здороваться - означает прервать добрые отношения, прекратить знакомство! И наоборот: здороваясь с человеком, с которым мы раньше не общались, мы выражаем доброжелательное к нему отношение и намерение вступить в контакт. Поэтому, входя в учреждение, сначала здороваются и только потом начинают излагать своё дело. Занимая место в купе поезда, здороваются с будущими попутчиками. Так или иначе вступить в общение с ними придётся. «Здравствуйте!» свидетельствует о готовности к общению и предлагает сделать его доброжелательным. В деревне существует старая добрая традиция здороваться со всеми, кто идёт навстречу, даже с незнакомыми. И это тоже знак уважения и расположения к людям. В. Гольдин.
№ 7 Ці згодны вы, што «па этыкетных выразах (формулах) няцяжка распазнаць і ўзрост таго, хто гаворыць, і ўзровень адукаванасці, і прыналежнасць да пэўнага асяроддзя, а часам нават прафесію» (М. Львоў)? Прадэманструйце сваю згоду (нязгоду) з аўтарам выказвання на аснове наступных формул развітання:
Бывай! Бывайце! Да пабачэння! Да сустрэчы! Да хуткай (скорай) сустрэчы! Будзь! Усяго добрага! Усяго найлепшага! Усяго! Шчасліва! Шчаслівай (гладкай) дарогі! Шчасліва заставацца! Бывай, (будзь, будзьце) здаровы! Да сустрэчы! Спакойнай ночы! Дабранач! Бывай!
№ 8 Складзіце, не заглядваючы ў табліцу, спіс вядомых вам этыкетных формул прабачэння. Пазначце, калі, у якіх сітуацыях гэтыя формулы ўжываюцца.
Параўнайце свае запісы з прыведзенымі формуламі ў табліцы № 4. Які спіс багацейшы?
Табліца 4
Формулы |
Ужыванне |
Даруйце! Даруйце, калі ласка! Прабачце! Прабачце, калі ласка! Прашу (мне) прабачыць! Выбачайце! |
Нейтральныя формы, агульнаўжывальныя. |
Прыношу (вам свае) прабачэнне! Перапрашаю. |
У пэўнай ступені цырымонна, падкрэслена ветліва. |
Я вінаваты. Не крыўдуйце на мяне. |
Прабачэнне за «невялікую» правіннасць. |
Я павінен павініцца. Я хачу павініцца (перад вамі). Я не магу не папрасіць прабачэння (у вас). Прабачце за клопат... |
3 адценнем афіцыйнасці. |
(Я) больш (так) не буду! |
Прабачэнне ў маўленні дзяцей. |
№ 9 Ветліва, інтэлігентна адкажыце на наступныя прабачэнні.
Прабачце, я вас, здаецца, штурхнуў.
Прабачце, я так доўга не вяртала вам кнігі, я хварэла.
Выбачайце, можна ўвайсці?
Прабачце за спазненне, мяне затрымалі па дарозе.
Мне шкада, што мы з табой пасварыліся. Ведаю, што я вінаваты, прабач.
Гэта зноў я. Прабачце, што надакучваю. Я забылася перадаць вам, што заўтра сходу не будзе.
Прабачце, я пайду. Па-мойму, я злоўжываю вашай гасціннасцю (вашым часам).
Баюся, што я стаміла вас сваімі размовамі. Я пайду.
Не злуйся (не сярдуй), што я адмаўляюся ад запрашэння, але я, праўда, не змагу прыйсці.
Калі можаш, не крыўдуй за гэты неразумны (недарэчны) жарт. Я не падумала.
Мамачка, мілая мая, прабач, вось пабачыш, я ніколі так не буду рабіць.
№ 10 Папрасіце прабачэння за тое, што:
1) спазніліся на дзелавую сустрэчу; 2) спазніліся на спатканне; 3) прыйшлі на дзень нараджэння пазней, чым запрашаў імяніннік; 4) не пазванілі, як абяцалі, маці (бацьку); 5) спазніліся на урок; 6) праходзіце на сваё месца ў кінатэатры, калі фільм ужо ідзе; 7) не выканалі свайго абяцання пазваніць старэйшаму за вас чалавеку.
№ 11 Прачытайце моўныя формулы падзякі. Якімі зваротамі вы карыстаецеся часцей за ўсё? Якіх моўных формул вы не ўжываеце? Чаму? Акрэсліце сітуацыю ўжывання формул.
Дзякуй, вялікі дзякуй (вам, табе за...), дзякую (вам, табе), шчыра дзякую, шчыра ўдзячны (вам, табе), (я) вельмі вам удзячны, выказваю сваю падзяку, прыміце маю ўдзячнасць (падзяку), я многім вам абавязаны, калі б вы ведалі, як я ўдзячны вам, хачу падзякаваць вам, хачу сказаць (шчыры) дзякуй, дазвольце выказаць сваю ўдзячнасць, загадзя дзякую (вам), загадзя ўдзячны.
№ 12 Прачытайце. Запішыце выкарыстаныя ў тэксце моўныя формулы падзякі (удзячнасці) па-беларуску.
...Интересно ведут себя стереотипы с глаголом хочу: Я хочу поблагодарить вас! Я хочу извиниться перед вами! Хочу посоветовать вам... и т. п. Такие высказывания содержат мысль не о желании совершить действие, а выполняют роль самого действия «здесь» и «сейчас». В самом деле, ведь нельзя же ответить на диалогическую реплику Я хочу поблагодарить вас! следующим образом: Ну благодарите, если хотите. Нельзя потому, что перед нами не просто желание благодарить, а сама осуществлённая благодарность, т. е. речь, равная действию в момент говорения.
Мы уже говорили о том, как интересны стереотипы речевого этикета, образованные с помощью глагола в сослагательном наклонении: Я хотел (а) бы поблагодарить вас! Я хотел (а) бы извиниться перед вами! Я просил (а) бы вас (не мешать). Здесь тоже само действие, вполне реальное, речевое, направленное от «я» к «ты»...
№ 13 Прачытайце. Размяжуйце наступныя звароты паводле ўжывання да незнаёмых і знаёмых людзей. Запішыце тыя звароты, з дапамогай якіх вы звяртаецеся з просьбай да незнаёмых людзей.
Прабачце (калі ласка), ці не можаце вы сказаць (падказаць), будзьце ласкавы, малады чалавек, паслухайце, (да)памажыце, калі ласка, таварыш(ы), спадар(ы), шаноўны(я)...
Мама (мамачка, матулечка, матулька), тата (татачка, татулька, татулечка), бабуля (бабулька, бабулечка), дзядуля (дзядулька, дзядулечка), цётка (цёця), дзядзька (дзядзя), сын (сынок, сыночак, сынулечка), дачка (дачушка, дачушачка), дзеці, хлопчыкі (хлопцы), дзяўчаткі (дзяўчынкі, дзяўчаты), спадар, спадарыня(...)
№ 14 Пракаменціруйце ў плане адпаведнасці (неадпаведнасці) моўнаму этикету наступныя звароты ў тэлефоннай размове:
- Алё! Гэта дзіцячая паліклініка? Скажыце, калі ласка, як працуе сёння ўчастковы Багамолаў?
Прабачце, гэта чыгуначны вакзал? Ці ёсць на сёння білеты на цягнік «Мінск - Санкт-Пецярбург»?
- Алё! Гэта ты, Валюша? Ты не зможаш дапамагчы мне?
- Мамачка! Гэта - я. Не хвалюйся, у мяне ўсё добра.
- Таццяна Іванаўна! Добры дзень! 3 вамі гаворыць адна ваша знаёмая. Не пазналі хто?
№ 15 Прачытайце звароты, якія дарэчы ўжыць на пачатку лістоў. Да кож най моўнай формулы вызначце адрасата (знаёмы, малазнаёмы, незнаёмы, блізкі, родны, любімы чалавек), а таксама сітуацыю ўжывання (афіцыйны, неафіцыйны, асабліва ветлівы зварот і г. д.).
Паважаны (найпаважаны), шаноўны, глыбокапаважаны, найшаноўнейшы, дарагі, мілы, любімы, родны, любы, мой дарагі.
№ 16 Пачніце ліст з адпаведнага звароту да:
1) бацькоў; 2) сябра (сяброўкі); 3) да настаўніка; 4) да дырэктара школы; 5) да рэктара універсітэта (інстытута), у які вы хочаце паступіць; 6) да незнаёмага рэдактара газеты, у якую вы дасылаеце свой допіс.
№ 17 Прааналізуйце змест тэксту, вызначце яго асноўную думку. Да якога жанру мастацкай літаратуры вы аднеслі б гэты тэкст? Назавіце звароткі. Напішыце пісьмо-разважанне свайму сябру (сяброўцы) пра тое, што вас хвалюе ва ўзаемаадносінах з бацькамі, сябрамі, настаўнікамі; што цікавіць. Выкарыстайце звароткі.
Дарагі дружа!
Не крыўдуй, што рэдка пішу. Гэта не так ад ляноты, як ад боязі сказаць не тое і не так, як хацеў бы. Каб напісаць сапраўднае пісьмо, трэба мець многа часу, трэба хоць крыху душэўнай настроенасці мець. Пісаць пісьмы ў наш час можна хіба што па натхненню...
Ах, браце! Былі тут у мяне незабыўныя, поўныя глыбокага сэнсу хвіліны: як бы збоку паглядзеў я на сябе, на сваё жыццё і злятаў душою і думкаю ў маленства. Гэта было няйначай як напружанне духоўнага зроку, і адкрыўся мне дзед Міхалка - праз дваццаць год пасля ягонай смерці. Я і не ведаў, што так даўно І так кроўна люблю яго. I зразумеў я, што няма інакшай мудрасці для нас, чалавекаў, акрамя той, што трэба быць па- чалавечы добрым І мужным,- у часы бурнаплыннай маладосці І на марудлівым сконе дзён. Павіншуй мяне з гэтым, браце. Твой Іван. Паводле М. Стральцова.
Культура прафесійнага маўлення