
- •Беларуская мова (прафесійная лексіка)
- •4 Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):
- •3.5 Пераклад на беларускую мову прафесійна арыентаваных
- •4.2 Падрыхтоўка да публічнага выступлення
- •4.3 Маўленчы этыкет і культура зносін
- •1 Публічная прамова, яе асаблівасці
- •1 Выбар тэмы прамовы.
- •3 Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.
- •4 Прадумванне кампазіцыі (пабудовы, суадносін паміж часткамі), складанне плана прамовы.
3.5 Пераклад на беларускую мову прафесійна арыентаваных
тэкстаў
Асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую тэрміналагічных словазлучэнняў, у склад якіх уваходзяць дзеепрыметнікі. Нелаўсцівыя суфіксы і словаўтваральныя фарманты беларускага тэрмінаўтварэння. Асаблівасці словаўтварэння і перакладу тэрмінаў. Практыкаванні, накіраваныя на пошук моўных сродкаў, якія ўжываюцца для замены неўласцівых беларускай мове дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай мовы. Пераклад з рускай мовы на беларускую.
Метадычныя рэкамендацыі
Класіфікацыя функцыянальных стыляў
У залежнасці ад гэтага звычайна выдзяляюць пяць стыляў маўлення:
- навуковы;
- афіцыйна справавы;
- публіцыстычны;
- мастацкі (стыль мастацкай літаратуры);
- размоўны (гутарковы, размоўна-бытавы).
Некаторыя даследчыкі выдзяляюць яшчэ шосты функцыянальны стыль – канфесійны, што звязана з павелічэннем колькасьці рэлігійнай літаратуры на беларускай мове.
Ва усіх стылях беларускай мовы вылучаюцца падстылі (табліца 1), размежаванне якіх заснавана на дадатковых, спецыфічных для кожнага стылю фактарах.
Публіцыстычны стыль маўлення
Публіцыстычны стыль - функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы грамадскіх зносін: грамадска-палітычных, культурных, спартыўных і інш. Гэта стыль перыядычнага друку, грамадска- палітычнай літаратуры, агітацыйна-прапагандысцкіх выступленняў на мітынгах, сходах, на радыё і тэлебачанні і г. д.
Публіцыстычны стыль сустракаецца як у пісьмовай, так і ў вуснай формах маўлення, яны ў межах гэтага стылю ўзаемадзейнічаюць і збліжаюцца. Прычым асновай найбольш часта з'яўляецца пісьмовая форма, таму што большасць вусных дакладаў, прамоў, выступленняў уяўляюць сабой узнаўленне загадзя падрыхтаваных (напісаных) тэкстаў.
Выдзяляюць 3 групы жанраў:
інфармацыйныя (нататка, рэпартаж, інтэрв'ю, справаздача);
аналітычныя (гутарка, артыкул, карэспандэнцыя, рэцэнзія, агляд);
публіцыстычныя (эсэ, нарыс, фельетон, памфлет).
Найбольш пашыраныя жанры публіцыстычнага стылю - артыкулы ў газетах і грамадска-палітычных часопісах, рэпартажы, інтэрв'ю, нарысы, аратарскія выступленні і інш.
Публіцыстычнаму стылю ўласцівыя дзве асноўныя ф у н к ц ы і: інфармацыйная (перадача грамадскай інфармацыі) і экспрэсіўная (уздзеянне на свядомасць людзей). Гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, неаддзельныя адна ад адной. Таму публіцыстычным стылем карыстаюцца тады, калі неабходна не толькі перадаць пэўную інфармацыю, але і адначасова аказаць уздзеянне на адрасата, пераканаць яго ў чым-небудзь, выклікаць цікавасць да канкрэтных ідэй, поглядаў, заахвоціць да пэўных дзеянняў і ўчынкаў.
Тыповымі рысамі публіцыстычнага стылю з'яўляюцца эмацыянальнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць.
Яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка публіцыстычных твораў тлумачыцца тым, што аўтар, перадаючы інфармацыю, выражае свае адносіны да яе. Прычым пазіцыя аўтара-публіцыста ў адрозненне, напрыклад, ад пазіцыі аўтара мастацкага твора выражаецца звычайна прама і адкрыта, што і абумоўлівае агітацыйны, пабуджальны характар публіцыстыкі.
Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, дэмакратыя, свабода, грамадства; парламенцкія выбары, прэзідэнцкая кампанія, ратыфікацыя дагавора, пакет прапаноў, міждзяржаўнае пагадненне і інш.); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выживания, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоў і інш.); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, ударнік; экстрэміст, paсіст, мешчанін, ваяка і інш.). У публіцыстычных творах могуць ужывацца дыялектызмы, жарганізмы, словы і выразы са зніжанай стылістычнай афарбоўкай. Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы.
Марфалагічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю праяўляюцца ў асноўным у частотнасці ўжывання часцін мовы і іх формаў. Напрыклад, у публіцыстычных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, прапановы прэзідэнта, скарачэнне ўзбраенняў, міністр абароны і інш.), назоўнікі з суфіксамі -осць (-асць), -ств- (-цтв-), -нн-, -ізм, -іст, дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу. Напрыклад: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускай адукацыі, распрацаваны ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны. Яна закранае ўсе ўзроўні навучання - ад дашкольнага да паслядыпломнага.
Публіцыстычны стыль мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю: сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы і інш.
Найбольш простым і дастаткова пашыраным інфармацыйным жанрам з'яўляецца нататка. Асноўная яе задача - перадаць чытачу, што, дзе, калі адбылося ці павінна адбыцца. Звычайна гэта кароткае паведамленне пра пэўны жыццёвы факт, якое павінна адпавядаць наступным патрабаванням: быць актуальным, лагічна паслядоўным, сціслым, аператыўным.
На старонках перыядычнага друку часта сустракаюцца матэрыялы, якія перадаюць змест гутаркі паміж журналістам і пэўнай асобай пра падзеі, з'явы, што маюць цікавасць для грамадства. Гэта інтэрв'ю (ад англ. interview - гутарка) - пашыраны газетны жанр.
Да інфармацыйных жанраў публіцыстычнага стылю адносіцца рэпартаж. Яго асноўная мэта - аператыўна, дакладна і выразна паведаміць пра што-небудзь значнае і цікавае. Рэпартаж дае чытачу магчымасць як бы самому, на свае вочы ўбачыць тое, аб чым расказвае журналіст. Звычайна ў рэпартажы паведамляецца пра тыя падзеі, сведкам якіх быў сам аўтар.
Артыкул - адзін з асноўных і найболып пашыраных жанраў публіцыстыкі. Яго роля ў газеце ці часопісе вельмі значная. У артыкулах раскрываюцца і аналізуюцца пэўныя тэарэтычныя праблемы, розныя з'явы і факты, тлумачыцца і папулярызуецца палітыка партый, рухаў, аб'яднанняў, расказваецца пра дасягненні і праблемы эканомікі, навукі, культуры, робяцца абагульненні і вывады, даюцца рэкамендацыі па дасягненні канкрэтных вынікаў.
Умоўна артыкулы падзяляюцца на перадавыя, прапагандысцкія, праблемныя і крытычныя.
Асаблівасці мастацкага стылю
Стыль мастацкай літаратуры - гэта стыль, які вызначаецца зместам і мэтамі мастацкіх твораў - перадаць свае адносіны да навакольнага, да таго, што паказваеца ў творы, намаляваць словамі карціну, апісаць падзеі і г.д.
Мастацкі стыль выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, абслугоўвае патрэбы духоўнага жыцця грамадства. Гэтым стылем пішуцца мастацкія творы розных жанраў:
- эпічныя (эпапея, эпічная паэма, аповесць, апавяданне, навэла, раман, некаторыя віды нарысу);
- лірычныя (ода, песня, элегія, пасланне, санет, эпіграма, сатыра);
- драматычныя (трагедыя, камедыя, драма).
У маўленчай тканіне твора элементы мовы, выступаючы сродкам фарміравання мастацкіх вобразаў, набываюць дадатковае эстэтычнае значэнне, эмацыянальна ўздзейнічаюць на чытача, далучаюць яго да супольнай з пісьменнікам творчасці. Пры гэтым эстэтычная функцыя нібы наслойваецца на камунікацыйную, зліваецца з ёю.
Асноўныя стылёвыя рысы: вобразнасць, эмацыянальнасць; адзінства камунікатыўнай і эстэтычнай функцыі.
Характэрныя асаблівасці стылю мастацкай літаратуры: шырокае выкарыстанне лексікі і фразеалогіі другіх стыляў; выкарыстанне выяўленча-выразных сродкаў (метафары, эпітэты, параўнанні, перыфразы, увасабленні, сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы і г.д.); праяўленне творчай індывідуальнасці аўтара (аўтарскі стыль).
Асаблівасці гутарковага (размоўнага) стылю
Гутарковы стыль маўлення абслугоўвае пераважна сферу бытавых зносін, а таксама неафіцыйныя зносіны ва ўсіх сферах жыцця: вытворчай, грамадска-палітычнай, навуковай і інш.
Асноўнай формай рэалізацыі гутарковага стылю з’яўляецца вуснае маўлення (дыялог, маналог, палілог, тэлефонная гутарка, гутарка на асабістыя тэмы і інш.), хаця ён можа праяўляцца і ў пісьмовай мове (у пісьмовай форме ў тэкстах мастацкага стылю, асобных жанрах публіцыстычнага, запіска, асабісты дзённік, сяброўскія лісты, запіскі на бытавыя тэмы, асабістыя лісты, афіцыйныя лісты і інш.).
Асноўныя стылёвыя рысы: экспрэсіўнасць, адсутнасць папярэднягя абдумвання выказванняў; суб'ектыўнасць; эмацыянальнасць, прастата, абагульненасць.
Характэрныя асаблівасці размоўнага стылю: шырокае выкарыстанне размоўна-бытавой лексікі і фразеалогіі; выкарыстанне пазалексічных сродкаў (інтанацыі, націску, паўзы, тэмпу маўлення); дыялогавая форма выказвання, радзей маналог; уключэнне ў маўленне часціц, выклічнікаў, пабочных слоў і канструкцый, зваротаў; перавага простых сказаў над складанымі; выкарыстанне ўстаўных і далучальных канструкцый; лексічныя паўторы, інверсіі (адваротны парадак слоў).
Літаратура: [4, с. 126 - 127], [2, с. 219 - 230]
Кантрольныя пытанні
1 Што такое функцыянальны стыль маўлення? Якія стылі маўлення існуюць?
2 Назавіце сферу ўжывання, формы рэалізацыі, функцыі і тыповыя рысы публіцыстычнага стылю.
3 Пералічыце жанры публіцыстычнага стылю, назавіце іх адметныя моўныя асаблівасці.
4 Якія асноўныя мэты такіх жанраў публіцыстычнага стылю, як: а) нататка; б) інтэрв'ю; в) праблемны артыкул?
5 Дзе выкарыстоўваецца мастацкі стыль, у чым яго асаблівасць?
6 Ахарактарызуйце разнавіднасці мовы мастацкай літаратуры.
7 Якія вобразна-выяўленчыя сродкі вы ведаеце? У якіх стылях маўлення яны могуць ужывацца?
8 Назавіце сферу ўжывання, формы рэалізацыі і тыповыя рысы гутарковага стылю.
9 У чым адметнасць мовы гутарковага стылю?
Практычныя заданні
№ 1 Прачытайце тэкст. Да якога стылю маўлення ён адносіццн? Абгрунтуйце свой адказ. Падбярыце сінонімы да выдзеленых слоў.
Падрыхтуйце паведамленне пра вядомых славянскіх асветнікаў Кірылу і Мяфодзія. Да якога стылю будзе адносіцца ваша выказванне?
Старажытная беларуская зямля ў чарговы раз сустракаю Свята славянскага пісьменства і культуры. Як і стагоддзі назад, любое славянскае сэрца поўніцца пачуццём глыбокай сыноўскай павагі, калі гучаць імёны Кірылы і Мяфодзія. Жыццё і справа іх маюць выключнае значэнне ў гісторыі еўрапейскай культуры і развіцці славянскіх народаў: рускага, балгарскага, беларускага, украінскага, сербскага, харвацкага і іншых. Іх справа надзвычай дэмакратычная і рэвалюцыйная, яна з'яўляецца яркім прыкладам барацьбы за прагрэс і за самасцвярджэнне розных народнасцей.
У трывожны і жорсткі час, калі агонь і меч былі адзіным законам, нашы продкі абвясцілі адзін з найвялікшых прынцыпаў сапраўднага гуманізму і аб'явілі зброяй слова. 3 дапамогай пісьменства яны стварылі і абгрунтавалі гістарычныя правы новай славянскай культуры, якая ўзнялася побач са старажытнымі візантыйскай і лацінскай культурам!. Справа Кірылы і Мяфодзія, стваральнікаў славянскай азбукі, — неўміручая ў славянскай гісторыі, значны ўклад у скарбніцу сусветнай культуры (С. Фёрдаў).
№ 2 Прачытайце назвы газетных артыкулаў. Ці можна сказаць, што гэтыя загалоўкі не толькі паведамляюць пра змест матэрыялу, але і выклікаюць цікавасць чытача, падахвочваюць яго пазнаёміцда з тэкстам і, у некаторай ступені, раскрываюць адносіны аўтара (рэдакцыі) да пэўных падзей. Дакажыце сваё меркаванне.
«Цана хлеба» (пра стан сельскай гаспадаркі Беларусі); «Якім будзе Мінск заўтра?» (пра перспектывы развіцця г. Мінска); «Чалавек з легенды» (пра С. В. Прытыцкага); «Прагматычны аўтар рамантычных песень» (пра кампазітара і спевака Юрыя Антонава); «Праз жыццё - з народнай песняй” (пра беларускі музычны фальклор); «Свята, якое яднае людзей» (пра Свята славянскага пісьменства і друку); «Хто абароніць прыроду?», «Збор грыбоў - справа сур'ёзная і - небяспечная».
№ 3 Прачытайце тэкст. Якія стылёвыя рысы яму ўласцівыя? Назавіце моўныя сродкі, характэрныя для стылю гэтага тэксту. Нызначце тэму, асноўную думку тэксту, тып маўлення.
Па волі гістарычнага лёсу беларусы амаль заўсёды мелі патрэбу ў абароне сваёй старажытнай мовы і культуры. 3 тымі ж клопатамі ім даводзіцца мець справу і ў XXI стагоддзі. Хаця сёння беларуская мова заканадаўча аформлена як дзяржаўная і з поўным правам можа прэтэндаваць на выкананне дзяржаўна-адміністрацыйнай, палітычнай, культурна-асветніцкай і навуковай функцый, зноў, як ні дзіўна, востра стаіць пытанне пра яе выжыванне. На нашых вачах нацыянальная мова бязлітасна выцясняецца з усіх сфер грамадскага жыцця. Ці не надзвычай трывожны сімптом? Мала сказаць, што гэта вельмі дрэнна, гэта - бяда, гэта - трагедыя. Тут ёсць нешта ненармальнае, таму што, як зазначаў вядомы рускі пісьменнік Канстанцін Паустоўскі, «истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к своему языку, - дикарь. Он вредоносен по своей сути потому, что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа». Ёсць над чым задумацца.
Hi адзін свядомы чалавек не стане адмаўляцца ад сваёй мовы. Для яго яна - багаты дар, адзін з найвышэйшых духоўных здабыткаў, незаменны сродак нацыянальнага самавыражэння. Толькі яна ўвасабляе ў сабе ўсё тыповае, спецыфічнае для культуры таго ці іншага народа, і таму толькі яна ў стане данесці сапраўды нацыянальную сутнасць яго духоўных і культурных набыткаў (Паводле В. Лемцюговай).
Перакладзіце словы К. Паустоўскага на беларускую мову. Якія яшчэ выказванні вядомых людзей пра родную мову вы ведаеце?
№ 4 Прачытайце тэкст. Да якога інфармацыйнага жанру ён адносіцца? Назавіце характэрныя рысы гэтага жанру.
Электрычны вецер
На даху будынка Магілёўскага тэхнапарка з'явіўся вятрак. Гэта першы ў абласным цэнтры ветрагенератар. Праект рэалізаваў інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр па энергазберажэнні. Мяркуецца, што вятрак будзе поўнасцю забяспечваць электрычнасцю невялікі офіс цэнтра, дзе пяць-шэсць чалавек працуюць на камп'ютарах, а таксама карыстаюцца бытавой тэхнікай. У вечаровы час устаноўка будзе працаваць на падсветку будынка. Паводле папярэдніх разлікаў, вятрак коштам каля 4 тысяч долараў акупіцца праз 5 - 7 гадоў (I. Давыдава. «Звязда», 22 лістапада 2008 г.).
№ 5 Напішыце нататку пра падзею, якая адбылася нядаўна.
№ 6 Прачытайце фрагменты інтэрв'ю з кампазітарам Леанідам Захлеўным і паэтам Рыгорам Барадуліным. Ці згодныя вы з думкамі, якія выказалі гэтыя аўтарытэтныя прадстаўнікі беларускай культуры? Вызначце, з дапамогай якіх сродкаў рэалізуюцца ў тэкстах асноўныя функцыі і якасці публіцыстычнага стылю.
Магчыма, захапленне народнай музыкай было прадвызначана вашым паходжаннем?
Мама ў мяне літоўка, а бацька ўкраінец. Але я нарадзіўся ў горадзе Гродна. Я ўвабраў у сябе гэтыя мелодыі. I я вельмі палюбіў беларускую песню.
Але я сябе не лічу ні ўкраінцам, ні літоўцам. Па светаадчуванні і стане душы я ўсё-такі беларус. Бо я не ўяўляю, у якой яшчэ рэспубліцы мог бы жыць. Ёсць пачуцці, якімі ты сам не кіруеш, хутчэй наадварот — яны кіруюць табой. Ва ўсю сваю песенную творчасць я ўклаў інтанацыі любові да Беларусі, бо імі жыву. Няхай сёння гэта гучыць нямодна.
Са званняў, якімі вы валодаеце, якое цяжэй за ўсё дасталася?
Я асаблівую гонку за званнямі не наладжваў. Заслужанага артыста атрымаў у 37 гадоў, народнага - у 51. Ну што там: заслужыў - атрымаў. Асноўнае званне, на мой погляд, - гэта тваё імя.
Бацькі засталі часы вашага прызнання?
Так. Маці і цяпер цікавіцца. Яны славу ўспрымалі не як падставу для імгненнага гонару. Яны простыя людзі і да дасягненняў ставіліся нармальна - маўляў, той, хто працуе, заўсёды нечага дабіваецца. Прызнанне - толькі верхняя частка айсберга, пад якой схавана вялікая праца («Звязда», 11 снежня 1999 г.).
Калі ўпершыню адчулі сябе паэтам?
Нават да гэтага часу няма ўпэўненасці, што я паэт.
Пісаць вершы - гэта цяжкая справа або стан душы?
Зразумела, што пісаць вершы - не дровы секчы. Калі вершы пісаць цяжка, тады іх і пісаць не трэба - не атрымаецца. Стан душы? Хутчэй за ўсё так.
Ці не замінае папулярнасць у творчасці ці ў жыцці?
Папулярнасць - рэч адносная. На адной вуліцы цябе ведаюць, на другой - ужо не. I не трэба з ганаровым званнем насіцца па свеце, як дурань з пісанай торбай.
Ваш кумір?
Слова «кумір» нейкае халаднаватае. Для мяне прыкладам, узорам, нават ідэалам з'яўляецца Васіль Быкаў. Ва ўсім.
Якой вы бачыце Беларусь заўтра?
Беларусь я хацеў бы бачыць вольную і незалежную («Звязда», 3 снежня 1999 г.).
№ 7 У спартыўнай прэсе, у маўленні спартыўных каментатараў ёсць пэўныя асаблівасді: частае ўжыванне спартыўнай тэрміналогіі, слоў у пераносным значэнні і інш. Вызначце, у якім значэнні ўжываюцца выдзеленыя словы ў наступных словазлучэннях.
Гаспадар поля, гарачая публіка, дырыжор каманды, сухі лік, аўтар гола, здаровая канкурэнцыя, атака гасцей, дуэль з варатаром, вялікі футбол, баявы састаў, вастрыё атакі, рэалізаваў пенальці.
№ 8 Прачытайце тэксты. Да якіх разнавіднасцей мовы мастацкай літаратуры яны адносяцца? Назавіце асноўныя прыметы паэтычнага маўлення.
Якія функцыі і якасці ўласцівыя тэкстам? Абгрунтуйце свой адказ.
Праз некалькі дзён мароз адлёг, выглянула сонейка, і дружна закапала са стрэх.
- Ну, нарэшце заплакала зіма, - сказаў дзядзька Антось. - Вунь і жаваранак зацягнуў ужо сваю песню.
Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. Вось адзін жаваранак перастаў варушыць крыльцамі, каменем паляцеў уніз, потым узняўся ўвысь, і з новай сілай паліліся ў прасторы яго трэлі. Песню гэтую слухаюць і лес, і яшчэ пакрытыя снегам палеткі, і рэчка, закаваная лёдам, - уся прырода, здаецца, зараз рынецца насустрач вясне. Нават кроплі падаюць са стрэх ціхутка, каб не парушыць дзівосную мелодыю (С. Александровіч).
Мы болыш сваёй ахвярнасцю вядомы, Мы, беларусы,
Мы — народ такі. Ахвотна забываем, што мы, Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі. I госць, і падарожны ў нас Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць —
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты,
Пра гэта
Не забудуць чужакі!
Р. Барадулін
№ 9 Успомніце, што такое эпітэт, метафара. Запішыце сказы, рас- крываючы дужкі і ўстаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары. Падкрэсліце эпітэты і метафары і растлумачце, з якой мэтай яны ўжы- ваюцца ў творах мастацкай літаратуры.
1 Я чула пяшчотнае, шчырас()ці поўнае, маё беларускае, роднае, кроўнае, такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль яшчэ ў жыцці (не)пазнанае, гарачае слова ад шчырага сэрца (Д. Бічэль-Загнетава). 2 Вясна прыйшла з дзівоснымі ж..мчужнымі світанкамі, з радаснымі пералівамі птушак (Т. Хадкевіч). 3 Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі, поўныя смутк.. і жальбы, зм..няліся мужнымі і гнеўнымі словамі (С. Александровіч). 4 (Мароз)мастак рукой старэчай на шыбах піша свой узор (Я. Колас). 5 Сонца вісіць ужо над самым лесам. Яшчэ (пaў)гадзіны — і яно зусім схаваецца за далёкім надпрыпяцкім борам (I. Навуменка). 6 Вуліца яшчэ дыхала ранішнім халадком. Сонца выблытвала сва.. промні з(пад) кл..новых і ліпавых кронаў, з дрогкага лісця співала расу (Н. Маеўская). 7 Гарэлі на ўзлессі прыгарадных лясоў асінкі, як быццам хацелі сказаць людзям, што, пакуль яны гараць і грэюць неба, няма чаго баяцца халадоў (У. Караткевіч). 8 Ноччу секануў буйны цёплы дождж. Ён глуха лапатаў, сіпеў, растапляючы снег (А. Асіпенка). 9 А ноч (не)спала. Ноч жыла сваім жыццём (А. Жук).
№ 10 Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і тып маўлення. Якімі сродкамі мовы перадае аўтар стан прыроды перад навальніцай і саму навальніцу?
У сонечнай далечыні на шырокіх і роўных, як стол, слуцкіх палетках палавела жыта. Ад спякоты пабялелі, вылінялі пяшчотныя і халаднавата-мяккія пялёсткі валошак на ўзмежках і пры дарогах. Мроілася разагрэтае сонцам паветра і нібыта цякло да жытнёвага небакраю. Адтуль чорным крылом разгортвалася навальніца. I перад ёю ўсё заціхала неяк паспешна, быццам захопленае знянацку, нават паменшалі хвалі на тугаватай роўнядзі калосся. I нідзе ні душы. Толькі светлы палетак і пацямнелая далечыня, як з пясчанага берага глядзіш на цёмнае мора. Перад навальніцаю ўсё на зямлі быццам паменшала, і нават вёска здалася маленькай, нібы глядзіш на яе з вышыні, з гэтага магутнага чорнага навальнічнага крыла.
У цішыні пачулася, як мякка і глуха, усё роўна бы па жывым целе, ударылі па глыбокім цёплым дарожным пыле першыя кроплі. А потым раптоўна, неспадзявана моцна рвануў вецер - і абрынулася на зямлю ўсё разам: і цемната, і суцэльная сцяна вады, і святло сіняватых ад лютасці маланак, і ўдары грому, ад якіх хацелася сцяцца ў маленькі-маленькі камячок, бо здавалася, што ты толькі адна засталася на ўсім белым свеце. Жудасна адчуваць, што прапала і ты, і твая хаціна ў бясконцай лютасці і нястрыманасці стыхіі. I разам з тым была незразумелая, нявытлумачаная, шчымлівая, трывожная радасць у гэтай яраснай праяве, усё роўна як і ты - частачка гэтай непадуладнай нікому сілы... (А. Жук).
Як вы разумееце лексічнае значэнне выдзеленых слоў?
№ 11 Прачытайце тэкст. Якія стылёвыя рысы яму ўласцівыя? Знайдзіце ў тэксце моўныя сродкі, характэрныя для гутарковага стылю.
А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!
Я пастаю, панічок... У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай. Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца, ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала.
Перастала, бабка, перастала! Забыўся нават, што яна і балела!
Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала!
Ты і мне шаптала? Калі ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.
Вот вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала... Не гневайцеся: далібог, шаптала!
Напэўна, гэта ты мне памагла, бабка.
Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даяце веры. Не верыце ніяк мне, старой!
О, не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах — усюды! (Паводле Я. Коласа).
№ 12 Складзіце дыялогі, якія могуць адбыцца ў пэўных сітуацыях неафіцыйных зносін паміж сябрамі, бацькамі і дзецьмі і інш. Чым тлумачацца моўныя асаблівасці гутарковага стылю?
№ 13 Прачытайце. Да якога жанру гутарковага стылю адносіцца тэкст? Назавіце яго асноўныя стылёвыя рысы. Якія моўныя асаблівасці гутарковага маўлення зафіксаваны ў тэксце?
Паважаны дзядзька Андрэй!
Калі Вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца. Даволі Вам сядзець у шчыліне, трэба выходзіць у людзі. У гэтым мы Вам можам памагчы і з часам зрабіць з Вас адукаванага чалавека — паслаць Вас туды, дзе вучыцца Цётка-Пашкевічанка. Трымайцеся, дзядзька, і трымайце хвост трубою.
3 пашанаю да Вас, М. У.
Я. Колас
№ 14 Назавіце стылі, у якіх элементы гутарковага маўлення: а) зусім не павінны ўжывацца; б) могуць ужывацца, а могуць і не ўжывацца.
Функцыянальныя стылі маўлення
Навуковы стыль
Навуковы стыль – функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы навукі і тэхнікі, адукацыі, вытворчасці і пад. Гэта стыль навуковай літаратуры, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапаможнікаў, падручнікаў, дакладаў, манаграфій, рэфератаў, канферэнцый, лекцый, рэцэнзій і г.д.
Навуковы стыль характарызуецца абстрактнасцю, аб'ектыўнасцю, лагічнай паслядоўнасцю меркаванняў, інфармацыйнай накіраванасцю і дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў. Асноўная мэта стылю - данесці аргументаваную інфармацыю ясна, лагічна і паслядоўна.
У залежнасці ад сферы абслугоўвання (навука, тэхніка, вучэбны працэс), ад асаблівасцяў прадмета і аўтарскіх задач у межах навуковага стылю выдзяляюць некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-тэхнічны, навукова-вучэбны і навукова-папулярны.
Уласна навуковаму падстылю ўласцівы акадэмізм і так званая сухасць падачы інфармацыі.
Навукова-тэхнічны падстыль характарызуецца значнай інфармацыйнай насычанасцю. З трох відаў падачы інфармацыі: фактаграфічнай (звесткі пра факты, з'явы, працэсы); логіка-тэарэтычнай (паведамленне аб спосабах атрымання інфармацыі, вывады) і ацэначнай (адносіны аўтара да выказвання) у гэтым падстылі пераважаюць першыя два.
У навукова-вучэбным і навукова-папулярным падстылях, акрамя першых двух спосабаў падачы інфармацыі, выкарыстоўваецца і ацэначны. З мэтай прыцягнення ўвагі могуць ужывацца элементы эмацыянальнасці: выкарыстанне зваротаў, выражаных дзеясловамі (разгледзім, успомнім), эпітэтаў, параўнанняў і асаблівых уступаў (табліца 1).
Табліца 1 – Навуковы тэкст
Сферы выкарыстання |
Мэты зносін |
Стылёвыя рысы |
Моўныя сродкі |
Падстылі |
Асноўныя віды тэкстаў |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
Навука і тэхніка, вучэбны працэс
|
Паведаміць агульныя ці прыватныя істотныя прыкметы прадметаў, растлумачыць сутнасць з' я- вы, яе прычы- ны і пад. |
Абстракт- насць, да- клад- насць, аб'ектыў- насць і аргумен- таванасць |
Агульна- ўжывальныя словы з аб страктным значэннем, тэрміны; развітыя апавядаль- ныя сказы, злучнікавая падпарадка- вальная сувязь |
Уласна- навуковы |
Манагра- фіі, ды- сертацыі, навуко- выя арты- кулы, да- клады, тэзісы да- кладаў і інш. |
Навукова- вучэбны |
Падручні- кі, вучэб- ныя і ме- тадычныя дапаможнікі, рэфераты, курсавыя праекты і інш. |
||||
|
|||||
|
|||||
|
|
|
|||
|
|
|
|
Навукова-тэхнічны
|
Патэнтныя апісанні, тэхнічныя ін струкцыі, анатацыі і інш. |
Навукова-папулярны |
Навукова- па- пулярныя выданні, эн- цыклапедыі |
Асноўныя рысы навуковага стылю
Асноўныя функцыі навуковага стылю - перадача навуковай інфармацыі, доказнасць яе сапраўднасці, нярэдка – навізны і каштоўнасці, актывізацыя лагічнага мыслення. Доказнасць у тэкстах навуковага стылю праяўляецца па-рознаму: з дапамогай тэкставых ілюстрацый, формул, графікаў, схем, цытавання, спасылак на выказванні вядомых вучоных і інш.
Характэрныя рысы навуковага стылю: абагульненасць і абстрагаванасць, дакладнасць (адназначнасць), аб'ектыўнасць, лагічнасць і строгасць выкладу.
Моўныя сродкі навуковага стылю
Моўныя асаблівасці навуковых тэкстаў: шырокае выкарыстанне абстрактнай лексікі (працэс, дзейнасць, велічыня, рух), асабліва назоўнікаў ніякага роду з абстрактным значэннем (утварэнне, адлюстраванне, аб'яднанне), дзеясловаў у форме 3-й асобы цяперашняга часу і формаў дзеясловаў з няпэўна-асабовым значэннем (законы фармулююцца), устойлівых зваротаў з прыметнікамі (знешні гандаль, валютны рахунак, бюджэтнае фінансаванне) і аддзеяслоўнымі назоўнікамі (аказваць уздзеянне, падвяргацца аналізу); ужыванне адназначных слоў і тэрмінаў (вельмі рэдка ўжываюцца словы з пераносным значэннем); шырокае ўжыванне канструкцый са злучнікамі (злучальнымі словамі) і адыменнымі прыназоўнікамі (за выключэннем, з прычыны, у выніку, у выпадку, на працягу, у сувязі з тым, што...; калі..., то); словаспалучэнняў тыпу спачатку адзначым, далей дакажам, зараз спынімся і пад.; спецыфічных сродкаў сувязі паміж сказамі (лексічныя паўторы; прыслоўі і прыслоўныя словы - тут, спачатку, пасля, вышэй, тады; указальныя і асабовыя займеннікі 3-й асобы) і часткамі тэксту (розныя сінтаксічныя канструкцыі тыпу неабходна заўважыць, што...; зразумела, што...; як ужо адзначалася...); сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, апавядальных сказаў, простых сказаў, ускладненых аднароднымі членамі; пабочных слоў (паводле меркавання..., на наш погляд..., аўтар лічыць..., такім чынам, значыць, па-першае); злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў (таму, тады, адсюль і пад.); пераважнае выкарыстанне складаназалежных сказаў, сказаў з прамым парадкам слоў; колькасная перавага назоўнікаў над дзеясловамі; пашыранае выкарыстанне рознага тыпу скарачэнняў, абрэвіятур, сімвалічных і формульных абазначэнняў; выкарыстанне пры дзеясловах-выказніках займеннікаў з адцягнена-абагульненым значэннем - ён, яна, яно, яны, мы (займеннік я ў навуковых тэкстах не выкарыстоўваецца, ён апускаецца або замяняецца займеннікам мы); абмежаванае выкарыстанне кніжных фразеалагізмаў, што ў навуковых тэкстах выконваюць намінатыўную функцыю (краевуголъны камень, актуальная тэма, пад знакам, уяўляе навуковы інтарэс).
Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту.
Жанравая разнастайнасць навуковага стылю
Тэкст - гэта вынік маўленча-мысліцельнай дзейнасці чалавска, які фіксуецца ў вуснай ці пісьмовай форме. Звычайна пад тэкстам маюць на ўвазе менавіта пісьмовы прадукт гэтай дзейнасці, таму што ён даволі істотна адрозніваецца ад вуснага маўлення. Так, апошняе мае пераважна форму дыялога, а пісьмовы тэкст выступае у форме маналога. Пісьмовы тэкст максімальна стандартызаваны і нармаваны. У параўнанні з вусным маўленнем яму ўласцівы багацейшы лексічны склад, шматпланавая семантычная арганізацыя, а таксама больш частае выкарыстанне складаных сказаў.
Вусны тэкст існуе толькі ў працэсе маўлення, а пісьмовы застаецца на ўвесь час існавання матэрыялаў, на якіх ён напісаны.
Асноўныя прыкметы тэксту: тэматычнае і кампазіцыйнае адзінства (цэльнасць, закончанасць, звязанасць, разгорнутасць). Сказы і абзацы ў тэксце аб'яднаны агульнай тэмай і асноўнай думкай.
Кампазіцыя тэксту - гэта пабудова, суадносіны і ўзаемнае раз- меркаванне яго асобных частак, элементаў. Выбар кампазіцыі навуковага тэксту залежыць ад розных фактараў: пастаўленай навуковай задачы, метаду даследавання, навукі, жанру, традыцый, індывідуальнага стылю аўтара і г.д.
Кампазіцыйна любы навуковы тэкст утрымлівае тры часткі - уводную (аглядную), асноўную і заключную. У агляднай частцы адлюстроўваецца ход навуковага даследавання, фармулююцца прадмет і абраны даследчы метад, выкладаецца гісторыя пытання і прагназуецца вынік. Асноўная частка прысвечана падрабязнаму разгляду абранай тэмы даследавання, паслядоўнай характарыстыцы кожнага з яго этапаў. У заключнай частцы прыводзяцца канчатковыя фармулёўкі вынікаў работы, складаецца бібліяграфія, спіс аўтарскіх работ.
Паводле спосабаў выкладання інфармацыі вылучаюць наступныя тыпы (віды) навуковых тэкстаў: апісанне, апавяданне, разважанне, доказ.
Тэксты тыпу апавядання характэрны для мастацкай літаратуры, асабліва пры перадачы падзей, дзеянняў, якія адбываюцца паслядоўна, маюць пачатак, развіццё і заканчэнне. Зрэдку элементы апавядання можна сустрэць у навукова-папулярных і навукова-вучэбных тэкстах.
Апісанне перадае прыкметы прадметаў, дзеянняў, стану ў пэўнай паслядоўнасці і часта выкарыстоўваецца пры характарыстыцы працэсаў, доследаў, эксперыментаў. Апісанне можа быць аб'ектыўным (у тэкстах навуковага і афіцыйна-справавога стыляў) і суб' ектыўным (у тэкстах мастацкай літаратуры).
У разважанні разгляд пэўных пытанняў, праблем падаецца паслядоўна, аргуметавана, з канкрэтнымі вывадамі і заключэннямі.
Разважанне ў алгебры і геаметрыі часта будуецца па схеме: аксіёма - доказ -вывады. Такі тып тэксту называецца доказам і выкарыстоўваецца пры разглядзе тэарэм і ўраўненняў.
Часта ў тэкстах дакладных навук можна сустрэць або толькі разважанне (матэматыка), або толькі апісанне (фізіка, хімія), аднак больш пашыранымі формамі перадачы інфармацыі з'яўляюцца тэксты тыпу "апісанне-разважанне".
У навуковым стылі можна выдзеліць таксама наступныя жанравыя разнавіднасці:
1 Уласна навуковы падстыль - артыкулы ў часопісах ці навуковых працах, дысертацыі, манаграфіі, даклады;
2 Навукова-папулярны - нарысы, кнігі, лекцыі, артыкулы;
3 Вучэбна-навуковы - падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, праграмы, лекцыі, канспекты, зборнікі задач і практыкаванняў, вучэбна- метадычныя матэрыялы;
4 Навукова-справавы - тэхнічная дакументацыя (кантракты і інструкцыі для прадпрыемстваў, звесткі пра іспыты і аналізы, формулы вынаходстваў і рэфераты і г.д.);
5 Навукова-інфарматыўны - рэфераты, анатацыі, патэнтныя апісанні;
навукова-даведачны - слоўнікі, даведнікі, каталогі.
Да асноўных жанраў навуковага стылю можна аднесці анатацыю, рэзюмэ, рэферат, тэзіс, рэцэнзію, водгук, дыпломную работу, дысертацыю, аўтарэферат, навуковы артыкул і інш.
Разгледзім некаторыя з іх.
Анатацыя - кароткае, абагульненае напісанне (характарыстыка) тэксту кнігі, артыкула і пад.
Як правіла, анатацыя складаецца з дзвюх частак. У першай фармулюецца асноўная тэма выдання (кнігі, артыкула), у другой пералічваюцца асноўныя палажэнні. Суб'ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца; больш актыўна ўжываюцца пасіўныя канструкцыі (дзеяслоўныя і дзеепрыметнікавыя).
Перад тэкстам анатацыі ў намінатыўнай форме даюцца выхадныя звесткі (аўтар, назва, месца і час выдання). Гэтыя звесткі можна ўключыць і ў першую частку анатацыі.
Рэзюмэ - сціслы выклад зместу, сутнасці, асноўных палажэнняў, вывадаў артыкула, даклада, прамовы, паведамлення.
Рэферат - кампазіцыйна арганізаваны, абагульнены выклад зместу крыніцы інфармацыі (кнігі, артыкула, даследавання), а таксама даклад з такім выкладам.
Рэферат павінен з'яўляцца інфарматыўным і аб'ектыўным пераказам зместу першаснага тэксту. Ён можа быць рэпрадуктыўным (узнаўленне зместу першаснага тэксту) і прадуктыўным (крытычнае ці творчае асэнсаванне крыніцы рэферыравання).
Да рэпрадуктыўных рэфератаў належаць рэферат-канспект і рэферат-рэзюмэ. Першы ў абагульненым выглядзе ўтрымлівае фактычную інфармацыю, ілюстрацыйны матэрыял, звесткі пра метады даследавання, атрыманыя вынікі і магчымасці іх выкарыстання. Другі прыводзіць толькі асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай тэксту.
Прадуктыўныя рэфераты прадстаўлены рэфератам-аглядам і рэфератам-дакладам. Рэферат-агляд складаецца з некалькіх першасных тэкстаў і дае параўнанне розных пунктаў гледжання па пэўным пытанні. Рэферат-даклад мае разгорнуты характар, паколькі разам з аналізам прыведзенай у першакрыніцы інфармацыі дае аб'ектыўную ацэнку стану праблемы.
Як і любы навуковы тэкст, рэферат мае сваю кампазіцыю:
уступ (агульная характарыстыка тэксту: выхадныя звесткі тэксту; звесткі пра аўтара - прозвішча, імя, імя па бацьку, спецыяльнасць, навуковая ступень; назва работы, фармулёўка тэмы, праблемы даследавання);
- апісанне асноўнага зместу (пералік даследаваных пытанняў і праблем, пра якія гаворыцца ў першакрыніцы);
- аналіз акрэсленых пытанняў (абгрунтаванне іх актуальнасці, кароткі агляд разважанняў аўтара, выказванне свайго погляду адносна аўтарскай пазіцыі);
- вывады (падагульненне значнасці ўсёй тэмы ці праблемы тэксту).
Тэзіс - коратка сфармуляванае асноўнае палажэнне даклада, навуковага артыкула. У залежнасці ад матэрыялу, зместу і стылю выдзяляюць наступныя віды тэзісаў:
- першасныя, арыгінальныя (сціслае адлюстраванне ўласнага даклада, артыкула аўтара);
- другасныя (ствараюцца на аснове першасных тэкстаў, якія належаць іншаму аўтару (аўтарам); падобныя да анатацыі, рэфератл, канспекта);
- дзеяслоўнага складу (у такіх тэзісах выкарыстоўваюцца дзеяслоўныя выказнікі). Яны маюць шырокае распаўсюджанне і ўяўляюць сабой больш сціслае, чым канспект, навуковае апісанне;
- намінатыўнага складу (без дзеяслоўных выказнікаў). Сустракаюцца надзвычай рэдка, хаця гэта выключна лаканічны спосаб фік- сацыі навуковай інфармацыі.
Тэзісы могуць пачынацца такімі моўнымі выразамі, як вядома, што...; неабходна адзначыць, што...; аднак...; пры гэтым істотна, што...; думаецца, што...; спецыялісты ставяць сваёй задачай... .
Асноўная інфармацыя ў тэзісах можа аб'ядноўвацца з дапамогай наступных злучальных лексічных сродкаў: ставіць пытанне...; лічыць...; параўноўвае...; прыводзіць прыклад...; пералічвае...; характарызуе...; падкрэслівае... .
Тэзісы з'яўляюцца адным з найболын устойлівых з пункту гледжання нарматыўнасці жанраў навуковага стылю. Прыклады тэзісаў:
1 Мова - сродак зносін (камунікацыі) паміж людзьмі.
2 Вядома, што дэдукцыя - гэта спосаб вывядзення высноў ад агульнага да канкрэтнага.
3 Алгарытм чытання вызначае паслядоўнасць разумовай дзейна- сці пры ўспрыманні асноўных фрагментаў тэксту.
Цытаты і спасылкі, іх афармленне
Неабходнай умовай любой навуковай працы з'яўляецца цытаванне. Вельмі часта цытата дапамагае пацвердзіць правільнасць уласнага пункту гледжання, робіць рэферат, даклад, курсавое даследаванне і пад. больш значным і важкім.
Правілы афармлення цытат.
Невершаваная цытата заўсёды бярэцца ў двукоссе; калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Напрыклад: Піфагору прыпісваюць выказванне: "Усё ёсць лік". Да лікаў (а ён меў на ўвазе толькі натуральныя лікі) ён хацеў звесці ўвесь свет, і матэматыку ў прыватнасці.
Цытата, уключаная ў тэкст як частка сказа, пачынаецца з малой літары (у адным сказе можа быць некалькі цытат). Напрыклад: Згодна з Ф.Энгельсам, "чыстая матэматыка мае сваім аб'ектам прасторавыя формы і колькасныя адносіны рэчаіснага свету". Гэтае вызначэнне не толькі апісвае аб'ект вывучэння матэматыкі, але і указвае яго паходжанне - рэчаісны свет.
Пропуск слоў у цытатах ці абрыў цытавання абазначаецца шматкроп'ем. Напрыклад: У гэтых лекцыях, выказваючыся словамі Р.Фейнмана, "... буду расказваць, як упарадкавана Прырода, але калі вам не падабаецца, як яна упарадкавана, гэта будзе перашкаджаць вашаму разуменню. Фізікі навучыліся вырашаць гэтую праблему: яны зразумелі, што падабаецца ім тэорыя ці не - няважна. Важна іншае - ці дае тэорыя прадказанні, якія ўзгадняюцца з эксперыментам..."
Цытата абавязкова суправаджаецца спасылкай на аўтара, якога цытуюць.
Спасылкі афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТа.
Літаратура: [1, с. 125 - 126], [3, с. 59]
Кантрольныя пытанні
1 У чым, на ваш погляд, праяўляецца ўзаемасувязь паміж стылямі? Назавіце функцыянальныя стылі, сферу іх выкарыстання і моўныя сродкі выразнасці.
2 Якія асноўныя функцыі і спецыфічныя асаблівасці ўласцівы навуковаму стылю?
3 Якія моўныя сродкі выкарыстоўваюцца ў навуковых тэкстах? Адзначце асноўныя з іх.
4 Чым адрозніваюцца паміж сабой навуковыя жанры?
5 Якія кампазіцыйныя асаблівасці характэрныя для навуковага тэксту?
Практычныя заданні
№ 1 Прачытайце тэкст. Вызначце асноўныя лексічныя асаблівасці навуковага стылю.
Монатанія - функцыянальны стан арганізма, які развіваецца пры аднастайнай рабочай нагрузцы, звязанай з доўгачасовым выкарыстаннем аднолькавх элементарных дзеянняў або з непарыўнай устойлівай канцэнтрацыяй увагі ва ўмовах дэфіцыту сэнсорнай інфармацыі. У маўленні монатанія праяўляецца ў адсутнасці меладычнай карэляцыі ў фаналагічнай сістэме, г.зн. невыкарыстанні танічнага націску для дыферэнцыяцыі гукавых абалонак слоў і марфем.
№ 2 Напішыце анатацыю на кнігу ці артыкул (на выбар).
№ 3 Напішыце рэферат на тэму «Навуковы стыль беларускай літаратурнай мовы», карыстаючыся энцыклапедыяй «Беларуская мова» (Мн., 1994, с.370-371), вучэбным дапаможнікам У.В.Анічэнкі «Асновы культуры маўлення і стылістыкі» (Мн.,1992, с.40-47).
№ 4 Прачытайце значэнні прыведзеных мнагазначных слоў. Вызначце тыя значэнні, у якіх словы могуць быць ужытыя ў навуковых тэкстах.
Адціснуць 1 Прыціснуўшы, пашкодзіць, аддзяліць, адрэзаць. 2 Сцісканнем аддзяліць вадкасць. 3 Адцясняючы, прымусіць адысці, адступіць. 4 Націснуўшы, зрабіць адбітак на чым-небудзь. 5 Зрабіць адбітак тэксту, малюнка; аддрукаваць (спец.).
Банкруцтва 1 Неплацежаздольнасць у выніку разарэння даўжніка. 2 перан. Крушэнне, поўная няўдача ў ажыццяўленні чаго-небудзь.
Гандляр 1 Чалавек, які займаецца прыватным гандлем, купец. 2 Чалавек, які займаецца дробным рыначным або вулічным гандлем. 3 Чалавек, які вышэй за ўсё ставіць уласную выгаду, карысць, асабісты інтарэс (пагард.).
Гаспадарыць 1 Весці гаспадарку. 2 Наводзіць дзе-небудзь парадкі па- свойму (неадабр.).
Знешні 1 Які знаходзіцца звонку, за межамі чаго-небудзь. 2 Які праяўляецца толькі з вонкавага боку і не адпавядае ўнутранаму стану. 3 перан. Павярхоўны, пазбаўлены глыбіні, унутранага зместу. 4 Які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі.
Крызіс 1 Рэзкі, круты пералом у чым-небудзь, абвастрэнне становішча 2 Абумоўлены супярэчнасцямі ў развіцці грамадства разлад эканамічнага жыцця. 3 Востры недахоп чаго-небудзь, цяжкае становішча.
Мацаваць 1 Трывала прымацоўваць. 2 У горнай справе - устанаўліваць крапеж. 3 У марской і авіяцыйнай справах - моцна прывязваць, замацоўваць. 4 перан. Рабіць моцным, узмацняць. 5 разм. Правяраць моц чаго-небудзь.
Фіксаваць 1 Адзначаць на паперы, замацоўваць што-небудзь у свядомасці (запісваць, запамінаць). 2 Канчаткова ўстанаўліваць. 3 Сканцэнтроўваць, накіроўваць. 4 Замацоўваць у пэўным становішчы. 5 Апрацоўваць (матэрыял) хімічным рэчывам для замацавання саставу, формы (спец.).
Эканомны 1 Які ашчадна расходуе што-небудзь. 2 Сціплы ў расходах, які садзейнічае эканоміі. 3 Які патрабуе невялікіх затрат, дазваляе абысціся меншай колькасцю чаго-небудзь; эканамічны. (Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы)
№ 5 Прачытайце анатацыі і зрабіце іх структурна-семантычны аналіз. Перакладзіце першую анатацыю на беларускую мову.
Давыденко, Л.Н. Белорусский вектор экономического развития : учеб. пособие / Л.Н. Давыденко, Е.Л. Давыденко. - Минск : БГПУ, 2006. - 159 с.
В пособии рассматриваются проблемы белорусской модели рыночного развития. Раскрываются требования ВТО к институциональным преобразованиям и инвестиционной привлекательности национальной экономики.
Адресуется студентам, преподавателям и аспирантам. Предназначается для работы в проблемных кружках по актуальным вопросам экономического развития.
Пілецкі, В.А. Гісторыя эканомікі Беларусі (ад старажытных часоў да пачатку XXI ст.) : вучэб.-метад. дапам. / В.А. Пілецкі. - Мінск : БДІІУ, 2007. - 192 с.
У дапаможніку прапанавана рэфератыўнае выкладанне курса ў выглядзе вучэбнай праграмы і факталагічных звестак. Даецца лаканічнае тлумачэнне сфармуляваных тэарэтычных палажэнняў. Змешчаны матэрыялы для сістэматызацыі засвоеных ведаў.
Адрасуецца студэнтам неэканамічных факультэтаў ВНУ, выкладчыкам, аспірантам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый : вучэб. дапам. 2 ч. Ч. 1. / пад рэд. А.А. Кавалені, В.Ф. Касовіча. - 2-е выд. - Мінск : 5ДПУ, 2004. - 150 с.
У дапаможніку разглядаюцца пытанні станаўлення сусветнага традыцыйнага грамадства, усходнеславянскай цывілізацыі і беларускай народнасці. Асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.
Адрасуецца студэнтам БДПУ, аспірантам, выкладчыкам, усім, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны.
№ 6 Падрыхтуйце анатацыю да навукова-папулярнай кнігі. Пры гэтым можаце выкарыстоўваць наступныя звароты:
Кніга змяшчае...; У кнігу ўключаны (увайшлі)...; У кнізе змешчаны...; У кнізе аналізуюцца (вырашаюцца, выкладзены)...; Чытач знойдзе звесткі (інфармацыю) пра...; Кніга дае ўяўленне пра...; Твор (праца) прысвечаны(а)...; Аўтар робіць спробу вырашыць...; Аўтар расказвае (разважае, раскрывае, прапануе ўвазе чытачоў, прасочвае, разглядае) і г.д.
№ 7 Напішыце рэцэнзію ці водгук на тэкст па вашай спецыяльнасці. Пры неабходнасці звяртайцеся да клішыраваных выразаў:
У рабоце даследуецца (што?)...; Паказана (што?)...; Вялікае месца ў даследаванні займае разгляд (чаго?)...; У рабоце даецца характарыстыка (чаго?)...; Даследаванне праводзіцца праз разгляд такіх праблем, як...; У рабоце аналізуецца (што?)...; Асноўная ўвага звяртаецца (на што?)...; Адзначаецца, што...; Падкрэсліваецца, што...; Асаблівая ўвага надаецца пытанням (чаго?)...; У рабоце знайшла адлюстраванне распрацоўка праблем (чаго?)...; Устанаўліваюцца крытэрыі (чаго?)...; У рабоце падрабязна асвятляюцца (што?)...; Разглядаецца (што?)...; Характарызуецца (што?)... .
№ 8 Напішыце рэферат на адну з прапанаваных тэм:
Мова. Асоба. Радзіма.
Мова - духоўны скарб народа.
Мова - адзенне душы чалавека.
Моўная сітуацыя ў сучаснай Беларусі.
«Залаты век» у гісторыі беларускай дзяржавы.
Якасць - катэгорыя універсальная.
Рэклама - рухавік прагрэсу.
Як прывабіць спажыўца?
Гандляр - не махляр.
Этыкет гандлёва-эканамічных зносін.
Гісторыя ўзнікнення грошай.
Тэхнічны прагрэс і экалогія.
Гісторыя транспарту.
Сапраўдныя каштоўнасці.
Афіцыйна-справавы стыль
Афіцыйна-справавы стыль – гэта такая функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы афіцыйных, дзелавых адносін. Ад іншых функцыянальных стыляў афіцыйна-справавы стыль адрозніваецца адноснай устойлівасцю і замкнёнасцю. Ён абслугоўвае сферу адміністрацыйна-прававой (юрыдычнай) і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці, судовую вытворчасць. Афіцыйна-справавое маўленне мае пераважна пісьмовы характар. Да вусных формаў належаць даклады на нарадах, выступленні, службовы дыялог і пад.
Функцыі афіцыйна-справавога стылю: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (волевыяўленне).
Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю
Асноўныя рысы тэкстаў гэтага стылю:
1 Дакладнасць (канкрэтнасць) і доказнасць выкладу - дасягаюцца выкарыстаннем тэрміналагічнай лексікі, устойлівых выразаў, адсутнасцю вобразнасці, абмежаванай спалучальнасцю слоў, увядзеннем удакладненняў, дапаўненняў у выглядзе пабочных слоў і выразаў, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў і інш.
2 Лаканічнасць - гэта эканомнае выкарыстанне моўных сродкаў, выключэнне маўленчай збыткоўнасці. Разам з тым лаканічнасць не павінна абмяжоўваць поўнае раскрыццё пытання ці праблемы. Лаканічнасць павінна быць звязана з канкрэтнасцю, а канкрэтнасць - своеасаблівая канцэнтраванасць інфармацыі.
3 Даступнасць (яснасць) - вызначаецца найперш правільнасцю кампазіцыйнай структуры, адсутнасцю лагічных памылак, прадуманасцю і трапнасцю фармулёвак.
4 Стандартызаванасць - адна з самых прыкметных рыс афіцыйна-справавога стылю, якая адлюстроўваецца ў шырокім выкарыстанні гатовых, ужо замацаваных моўных стандартаў, ці клішэ (прызначыць на пасаду, дагаворныя бакі, накласці спагнанне і інш.), трафарэтаў (напрыклад, стандартных сінтаксічных мадэлей з адыменнымі прыназоўнікамі ў мэтах, у сувязі, у адпаведнасці); частым паўтарэнні адных і тых жа слоў, формаў, выразаў. Пашырана і так званая этыкетная лексіка - кампліментарныя і ветлівыя звароты: напр., засведчыць пашану, з павагай, Паважаныя калегі! Займеннік вы заўсёды ўжываецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Спадзяюся, што Вы будзеце актыўна садзеййічаць вырашэнню гэтага пытання; мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі.
5 Аб'ектыўнасць і нейтральнасцъ выкладу фактаў - суб'ектывізм у тэкстах дакументаў зведзены да мінімуму. Таму з мовы дакументаў выключаюцца словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, з суфіксамі перабольшвання і змяншэння, выклічнікі.
Моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю
Службовы (афіцыйны) дакумент - гэта дакумент, які створаны арганізацыяй, прадпрыемствам, установай ці службовай асобай і аформлены ва ўстаноўленым парадку. Пад службовай асобай трэба разумець асобу, якая ажыццяўляе функцыю прадстаўніка ўлады ці займае пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адміністрацыйных абавязкаў.
У афіцыйных дакументах выклад ідзе ў стылі прадпісання, канстатацыі, сцверджання. Гэта выяўляецца ў адметнасці выкарыстання моўных сродкаў і характарызуецца ўжываннем:
прававой, юрыдычнай, грамадска-палітычнай тэрміналогіі (апеляцыя, вымова, тарыф, сабекошт);
лексем з семантычным адценнем прымусовасці (забараняць, мера, рашэнне, не церпіць адкладу);
нейтральных агульнаўжывальных сродкаў (назвы з‘яў прыроды, прадуктаў чалавечай дзейнасці і г.д.);
агульнавядомых лексем у якасці тэрмінаў (пакупнік, заказчык);
невялікай колькасці вузкаспецыяльных тэрмінаў (камісіянер, омбудсмен, каніфікацыя);
вялікай колькасці аддзеяслоўных назоўнікаў (бяздзеянне, ліквідатар);
інфінітыва (аказаць, аб'явіць);
дзеепрыметнікаў незалежнага стану на -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) і залежнага на -ем-, -ім- (бягучы, апякаемы);
складаных адыменных прыназоўнікаў (у адносінах, у мэтах);
канцылярскіх штампаў - устойлівых зваротаў, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў (прыцягнуць да адказнасці, узяць пад кантроль).
Марфалагічны ўзровень: пераважаюць нейтральный моўныя сродкі, таму амаль не выкарыстоўваюцца мадальныя словы, выклічнікі, імёны з суфі'ксамі суб'ектыўнай ацэнкі. Асноўнымі марфалагічнымі асаблівасцямі з'яўляюцца: іменны характар; часцей выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі (захоўванне, невыкананне, парушэнне, размеркаванне, утрыманне, узгадненне) і іменныя словазлучэнні (прыняцце рашэнняў, размеркаванне абавязкаў, уручэнне ўзнагароду, перавага роднага склону назоўнікаў (значэнне ўмацавання рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі); назоўнікі - назвы асоб па прафесіі, пасадзе выкарыстоўваюцца ў форме мужчынскага роду (бухгалтар, выкладчык, дырэктар, кіраўнік); пераважнае выкарыстанне адносных прыметнікаў; мінімальная колькасць прыслоўяў; выкарыстанне безасабовых і інфінітыўных канструкцый са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (палепшыць падрыхтоўку кадраў, рэкамендаваць службовым асобам, змяніць сістэму аплаты, неабходна дазволіць студэнтам), а таксама складаных слоў, утвораных з дзвюх і больш асноў (кватэранаймальнік, работадаўца, матэрыяльна-тэхнічны, рамонтна-эксплуатацыйны, вышэйназваны).
Сінтаксічны ўзровень: выкарыстанне мадэлей з адыменнымі прыназоўнікамі (у сувязі, у мэтах, на падставе, на прадмет);перавага складаназлучаных і складаназалежных сказаў; выкарыстанне інфінітыўных, безасабовых і няпоўных сказаў; выкарыстанне пасіўных канструкцый (адпраўлены за мяжу, абраны дэпутатам, пазбаўлены права займаць пасаду, камісіяй было выяўлена)-, прамы парадак слоў, г.зн. тэма (тое, што вядома) папярэднічае рэме (новаму ў паведамленні); пашыранасць ускладненых сказаў (аднароднымі і адасобленымі членамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі і інш.).
Віды афіцыйна-справавых тэкстаў
Дакумент (ад лац. documentum 'сведчанне, доказ') - справавая папера, якая заканадаўча пацвярджае розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян.
Па сваіх функцыянальных прызначэннях афіцыйна-справавыя дакументы можна падзяліць на наступныя групы:
асабістыя (заява, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска і інш.);
распарадчыя (пастанова, загад, указ, дэкрэт, распараджэнне і інш.);
адміністрацыйна-арганізацыйныя (план, справаздача, кантракт, дамова і інш.);
інфармацыйна-даведачныя (даведка, аб'ява, дакладная, службовая і тлумачальная запіскі, акты, тэлеграмы, факсы і інш.);
справавыя лісты – гэта лісты, накіраваныя адной арганізацыяй (асобай) у другую з мэтай высветліць пэўнае пытанне: лісты, якія патрабуюць адказу (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст - прапанова і інш.), і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст і інш.);
юрыдычныя документы (скаргі, хадатайніцтвы, пратаколы, вызначэнні, пярэчанні супраць іску і інш.).
Справавыя лісты пішуцца на спецыяльных бланках, якія адпавядаюць стандарту і маюць пэўны парадак размяшчэння. Бланкі бываюць двух відаў: агульныя бланкі і бланкі для лістоў, якія маюць рэквізіт «Індэкс прадпрыемства сувязі, паштовы і тэлеграфны адрас, нумар рахунку ў банку», а таксама трафарэтную частку рэквізіту «Спасылка на індэкс і дату ўваходнага дакумента». На агульных бланках замест іх застаецца пустое месца, куды потым друкуюцца рэквізіты «Назва віду дакумента», «Месца складання ці выдання».
Рэквізіт - абавязковы інфармацыйны элемент дакумента, строга замацаваны за пэўным месцам на бланку, лісце. Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр. Розныя віды дакументаў (у залежнасці ад свайго прызначэння) маюць розны набор рэквізітаў. Рэквізіт «тэкст дакумента» можа быць аформлены ў выглядзе лінейнага запісу звязнай мовы (аўтабіяграфія, заява), трафарэта (лінейны запіс з прабеламі: даведкі, кантракты, справавыя лісты), анкеты (асабісты лісток па ўліку кадраў, загады), табліцы (штатны расклад, структура кадраў, графік адпачынкаў) ці камбінавання гэтых формаў (пастановы, рашэнні).
Патрабаванні да афармлення дзелавых папер
1 У сферы вытворчасці, адукацыі, навукі нярэдка выкарыстоўваецца характарыстыка - афіцыйны дакумент, у якім даецца ацэнка працоўнай ці грамадскай дзейнасці, якасцей пэўнай асобы.
Характарыстыка падпісваецца кіраўніком установы (арганізацыі, прадпрыемства), завяраецца пячаткай, указваецца дата.
2 У штодзённым жыцці нярэдка прыходзіцца пісаць заяву, аўтабіяграфію, даверанасць (даручэнне) і іншыя дзелавыя паперы. Пры іх састаўленні неабходна ўлічваць тыя патрабаванні, якія прад'яўляюцца да дзелавога пісьма: дакладнасць, лагічнасць, зразумеласць зместу, юрыдычная абгрунтаванасць, адзіная знешняя форма, агульнапрынятае (стандартнае) размяшчэнне частак тэксту, ці рэквізітаў (аўтар, адрасат, подпіс, дата і г. д.).
Заява - гэта пісьмовая просьба асобы (групы асоб) ва ўстанову, арганізацыю ці да службовай асобы.
У залежнасці ад таго, куды падаецца заява, аўтар яе можа выступаць як грамадзянін, вучанъ, навуковы супрацоўнік і г. д.
Дамашні адрас у заяве не пішацца, калі аўтар адрасуе яе кіраўніку сваёй установы. Неабавязкова пісаць і прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, да якой звернута заява, дастаткова толькі ўказаць пасаду.
Прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара дакумента ставяцца ў форме роднага склону без прыназоўніка: Мальца Сяргея Іванавіча. Слова заява звычайна пішацца з вялікай літары (ці вялікімі літарамі) і без кропкі пасля яго.
У заяве можа давацца пералік тых дакументаў (даведка, аўтабіяграфія, дакумент аб адукацыі і інш.), якія да яе прыкладаюцца.
Пасля тэксту заявы з левага боку ставіцца дата яе напісання, з правага - подпіс таго, хто напісаў.
3 Аўтабіяграфія (ад грэч. autos - сам, biographia - жыццеапісанне) - апісанне свайго жыцця.
Аўтабіяграфія пішацца ад першай асобы. У ёй звычайна паведамляюцца наступныя звесткі:
- прозвішча, імя, імя па бацьку, год і месца нараджэння, сацыяльнае становішча;
- бацькі (поўнасцю імёны і імёны па бацьку, чым займаюцца);
- адукацыя (калі і дзе вучыўся);
- працоўная дзейнасць (месца працы, пасада);
- дзяржаўныя ўзнагароды (калі ёсць).
Ставяцца дата і подпіс.
У аўтабіяграфіі як дакуменце не трэба раскрываць рысы характару, звычкі, схільнасці, розныя бакі асабістага жыцця.
4 Аб'ява - гэта паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама. У аб'яве звычайна ўказваецца, дзе, калі і што адбудзецца.
5 Распіска - дакумент, які пацвярджае атрыманне пэўнай асобай чаго-небудзь (грошай, рэчаў, дакументаў і г. д.) на часовае ці пастаяннае карыстанне.
Распіска звычайна мае наступныя рэквізіты: 1) назва дакумента; 2) хто атрымаў (Я, Дрозд Мікалай Іванавіч); 3) ад каго атрымаў; 4) што атрымаў (пералік каштоўнасцей, іх колькасць пішацца словамі і лічбамі); 5) для якой мэты; 6) дата, подпіс.
6 Даверанасць (даручэнне) - дакумент, у якім асоба (установа, прадпрыемства) дае права іншай асобе выступаць ад яе імя, ажыццяўляць пэўныя юрыдычныя дзеянні ці атрымліваць матэрыяльныя каштоўнасці.
Асабісты подпіс павінен быць засведчаны подпісам адказнай асобы і пячаткай.
Літаратура: [1, с. 128 - 133]
Кантрольныя пытанні
1 Што вызначае спецыфіку афіцыйна-справавога стылю?
2 Якія моўныя асаблівасці ўласцівы афіцыйна-справававому стылю?
3 Што такое “дакумент”?
4 Якія тыпы дакументаў вылучаюцца?
5 Назавіце асноўныя патрабаванні да афармлення афіцыйна- дзелавых дакументаў.
Практычныя заданні
№1 Дапоўніце наступныя сказы
1 Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае сферу ... . 2 У складзе афіцыйна-справавога стылю вылучаюцца такія падстылі, як ... . 3 Асноўнымі функцыямі афіцыйна-справавога стылю з'яўляюцца ... . 4 Тэкстам афіцыйна-справавога стылю ўласцівы такія якасці, як ... . 5 Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю на лексічным узроўні -гэта ..., на марфалагічным узроўні - гэта..., на сінтаксічным узроўні - гэта ... .
№ 2 Прачытайце ўрыўкі з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Якія прыметы афіцыйна-справавога стылю яны маюць? Прааналізуйце мову тэкстаў.
Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў.
Непасрэдны ўдзел грамадзян ў кіраўніцтве справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.
Артыкул 107. Урад Рэспублікі Беларусь:
- кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіраўніцтва і іншых органаў выканаўчай улады;
- распрацоўвае асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;
- распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;
- забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў сферы навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы;
- прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю.
№ 3 Да асабістых дакументаў адносяцца заява, распіска. Складзіце і запішыце: а) заяву з просьбай здаць датэрмінова экзамен; в) распіску на атрыманне дакументаў.
№ 4 Да слоў і словазлучэнняў падбярыце блізкія па сэнсе словы ці словазлучэнні, якія выкарыстоўваюдца ў афіцыйным стылі. Запішыце.
Удзельнічаць, падзякаваць, даць службовую кватэру, адсутнічаць з-за хваробы, дапамагчы, вырашылі на сходзе, паведаміць.
№ 5 Растлумачце значэнне наступных слоў і словазлучэнняў (пры неабходнасці карыстайцеся слоўнікам). 3 двума-трыма словамі складзіце і запішыце сказы.
Нота, мемарандум, камюніке, канвенцыя, аташэ, даверчая грамата, віза, вотум, дэмарш, консул, кааліцыя, пагадненне, петыцыя, ратыфікацыя.
№ 6 Перакладзіце тэксты на беларускую мову. Што вы можаце сказаць адносна іх функцыянальна-стылёвай прыналежнасці? Зрабіце пераказ у размоўным стылі.
Тэкст 1. Приказ - правовой акт, издаваемый руководителем организации, предприятия, действующий на основе единоначалия в целях разрешения основных и оперативных задач. Право издания приказа может быть предоставлено руководителем своим заместителям и руководителям структурных подразделений в пределах их компетенции.
Текст приказа по основной деятельности состоит из констатирующей и распорядительной частей. В первой называются причины, цели издания документа и проводятся соответствующие основания, во второй содержатся предписания с указанием исполнителей и сроков исполнения.
Распорядительная часть начинается словом «ПРИКАЗЫВАЮ» и излагается в повелительной форме. Пункты распорядительной части должны носить конкретный характер, позволяющий организовать практическую проверку их выполнения. (Справочник менеджера)
Тэкст 2. Распоряжение - правовой документ, издаваемый единолично руководителем, главным образом коллегиального государственного органа, для решения оперативных вопросов.
Распоряжение имеет ограниченный срок действия и касается узкого круга организаций, должностных лиц и граждан. В соответствии с Конституцией Республики Беларусь распоряжения издаются Кабинетом министров. Председатели исполкомов местных Советов народных депутатов также имеют право издавать распоряжения. Распоряжения, издаваемые от имени исполкомов, подписываются только председателем, а не заместителем или секретарём. Распоряжения могут издавать руководители предприятий, структурных подразделений и др.
Реквизиты распоряжений, в основном, повторяют реквизиты решений. В правовом отношении распоряжение равноценно приказу. Поэтому иногда распоряжение издают вместо приказа. В этом случае слово «приказываю» заменяют словами «обязываю», «предлагаю», «требую» и т.п. Между этими двумя правовыми актами разница состоит в том, что приказы пишутся по общим, всеобъемлющим вопросам, а распоряжения - по частным. Распоряжение не согласовывается и не визируется.
№ 7 Спішыце тэксты, устаўляючы прапушчаныя літары. Падкрэсліце стылістычна афарбаваныя словы. Да якога стылю яны адносяцца? 3 якой мэтай ужывае іх аўтар? Назавіце словы іншамоўнага паходжання. Карыстаючыся «Слоўнікам іншамоўных слоў» A.M. Булыкі, растлумачце іх значэнне.
Тэкст 1. Пас...род брукаванага рынку ў гэтым п...цьдзясятвулічным заштатным гара...ку стаяў змрочны будынак - два паверхі і вежа. Першы паверх быў схаваны за п...ўкругам дробных крам, з якіх гандляры, небаракі, прыкаваныя да рысы аседласці, напрамілуй бог заклікалі да сябе людзей. Над ж...лезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа, не лішне высокая, але гэткая, якая яна і павінна быць паводле таго, на што яе каліс...ці будавалі: малюсен...кія акенцы, як у астрозе, адно над адным, з якіх і страляць льга і наглядаць, ці далёка ад горада стаў варожы аблог, і верх - готыка. 3 сярэдн... ве...а захавалася за гэтай будынінай назва - ратуша. Аблупл...ная змурава- ная цэгла прастаяць можа яшчэ не мала часу. (К. Чорны)
Тэкст 2. Нібы на старадаўняй гравюры, бачу Шклоў канца вас...мна...атага стаго...я.
Бачу вялізны - не ва ўсякім нават губернскім горадзе ёсць такі - квадратны пляц з двухвежавай камяніцай гасцін...ага двара. У адной вежы - гарадская ратуша, у другой - купецкі склад. Цяжка гружаныя фуры - рып, рып - пад...язджаюць ад прыпынку да вежы-склада, і тады па ўсім пляцы і вуліцах паблізу - дзівосныя пахі заморскага дабра: він...ых ягад, фінікаў, лімонаў, вінаграднага віна, воцату, апельсінаў. Крыклівая кучаравая дзятва высыпае на гэтыя пахі з яўрэйскай школы насупраць і круціцца каля ног дзецюкоў- гру...чыкаў - ну, жменьку фінікаў, дзядзечка гой, адну толькі жменьку! - аж пакуль не па...скочыць апрануты ў чорнае настаўнік і не пачне заганяць вучняў назад у школу палкаю. (У. Мехаў «Старадаўняя гравюра»)
Тэкст 3. 3 вокнаў заезнага дома і з ганка пошты цікуюць на пацешнае відовішча чужаземныя госці. Тут і прапахлыя табакай маўчуны-баварцы ў скураных капелюхах з пёркамі. I французы, гжэчныя нават з хлапчукамі - пасыльнымі ў крамах. I рухавыя італьянцы, усмешлівы позірк якіх апякае дзяўчат. I самавітыя грэкі. I фарсістыя гарачыя сербы.
Бачу вежу над гара...кою брамай. Бачу акуратныя пірамі...кі, студні абоч гэтай брамы. Дро...кія пралёткі і тарантасы суседзяў-паме...каў, зіхатлівыя шарабаны радавітай афіцэрскай моладзі з блізкіх палкоў, чыноўныя фаэтоны і ландо з губернскага Магілёва каля тых студняў спыняюцца. Апошнія два...аць гадоў каго толькі не прымае ў свае сцены Шклоў! Саноўных пецярбур...кіх в...льмож, ад імёнаў якіх абывацель пераходзіць на шэпт. Фанабэрыстых варшаўскіх магнатаў. Негацыянтаў, грашовай улады якіх пабойваюцца каралі і вялікія герцагі. Зорак італьянскай і францу...кай оперт Бе...пасажных нявест з маламаёмасных дваранскіх сем...яў. Каго хочаш спаткаеш у гара...ку. (У. Мехаў «Старадаўняя гравюра»)
№ 8 Замяніце словы і словазлучэнні справавога стылю міжстылёвымі.
Мець месца, праявіць цікавасць, недавыкананне плана, ажыццяўляць кіраўніцтва, працаўладкаванне, распачаць вытворчасць, мабілізаваць сілы, мець на мэце, прыцягнуць да адказнасці, прыняць пад увагу.
№ 9 Складзіце прыкладны тэкст даручэння на імя вашага сябра. Не забудзьце ўказаць поўнае найменне таго, хто даручае (Я, Стома Пётр Міхайлавіч, загадчык адзела...); прозвішча, імя, імя па бацьку таго, каму даручаецца; што даручаецца выканаць, а таксама тэрмін сапраўднасці паперы. Помніце, што колькасць грошай (рэчаў) пішацца лічбамі і словамі.
№ 10 Выкарыстоўваючы матэрыялы падручніка і дадатковую літаратуру, падрыхтуйце план навуковага паведамлення на тэму «Афіцыйны стыль».
Карыстаючыся планам, раскажыце пра гэты функцыянальны стыль маўлення.
№ 11 Складзіце рэзюмэ, улічыўшы, што тыпавое рэзюмэ ўключае:
- персанальныя даныя (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата і месца на- раджэння, сямейнае становішча);
- адрасы i тэлефоны з пазначэннем часу для кантактаў;
- найменне вакансіі, на якую прэтэндуе аўтар рэзюмэ;
- асноўны тэкст, дзе змяшчаецца пералік месцаў працы і (ці) вучобы ў адваротным храналагічным парадку з пазначэннем поўнай афіцыйнай назвы арагнізацыі, тэрміну працы ў ёй і назвы пасады (ді вучэбнай спецыяльнасці);
- дадатковыя звесткі (вопыт пазаштатнай працы, грамадская дзейнасць, прафесійная перападрыхтоўка);
- іншыя звесткі (дадатковыя веды і навыкі: замежныя мовы, замежныя паездкі, уменне карыстацца камп'ютарам, кіраваць аўтамабілем);
- адзнакі і ўзнагароды, вучоныя ступені (неабавязковы раздзел);
- цікавасці і схільнасці, якія маюць дачыненне да прафесійнай пазіцыі (факультатыўны раздзел);
- іншая інфармацыя (па жаданні аўтара);
- рэкамендацыі (звесткі пра рэкамендацыі);
- дата складання рэзюмэ і подпіс.
Пераклад як від работы з тэкстам. Асноўныя адзінкі
перакладу
Мова - гэта своеасаблівы код, праз які ажыццяўляецца абазначэнне прадметаў і з'яў рэчаіснасці пры дапамозе ўмоўных знакаў. У навуковай літаратуры пераклад вызначаецца як перавыражэнне, перакадзіраванне тэксту, створанага на адной мове, у тэкст на іншай мове. Гэта здзяйсняе перакладчык, які творча падбірае варыянт у залежнасці ад рэсурсаў мовы, тыпу і задач перакладу, асаблівасцей тэксту і свайго досведу. Пры гэтым адзінка перакладу адной мовы можа не супадаць з адзінкай перакладу іншай мовы.
Адзінкай перакладу лічыцца мінімальны моўны адрэзак першакрыніцы (тэксту-арыгінала), які семантычна ўспрымаецца як цэлае. У якасці адзінкі перакладу можа выступаць любы элемент моўнага ўзроўню - ад фанем (графем) да тэкстаў. У залежнасці ад гэтага можна вылучыць наступныя віды перакладу.
Гукавы пераклад - выкарыстоўваецца звычайна ў тых выпадках, калі пераклад іншамоўнага слова немагчымы або непажаданы, найчасцей пры запазычванні слоў для абазначэння паняццяў, якіх няма ў мове, на якую робіцца пераклад, у спецыфічнай літаратуры, на геаграфічных картах, у турыстычных даведніках, пры перакладзе прэйскурантаў, тэхнічнай дакументацыі і т.д. Пры гэтым гукі замяняюцца найбольш блізкімі да іх па гучанні (рус. Денис Дергачёв, Игорь Грещевский - бел. Дзяніс Дзергачоў, Ігар Грашчэўскі). Як бачым, для дакладнай і правільнай перадачы на пісьме іншамоўных уласных імёнаў неабходна ведаць фанетычныя законы беларускай мовы і іх замацаванне ў якасці арфаграфічных нормаў.
Памарфемны пераклад. Марфема выступае як адзінка перакладу вытворных слоў (до-сроч-н-ый - да-тэрмін-ов-ы, дел-о-производ- ств-о - справ-а-вод-ств-а, благ-о-творит-ель-н-ость - дабр-а-чын- н-асць). Від перакладу, які займае прамежкавае становішча паміж словаўтварэннем і запазычваннем, называецца калькаваннем. Калькаванне - стварэнне новых слоў са свайго моўнага матэрыялу, але на ўзор адпаведнай іншамоўнай лексемы. Калькі (словы, што ўтва- раюцца ў працэсе калькавання) адначасова з'яўляюцца вынікам і словаўтварэння, і запазычвання: агульнакарысны (з рус. общеполезный), грамадазнаўства (обществоведение), спажывецкі (потребительский) і інш. Аднак не трэба імкнуцца да механічнага перакладу суадносных марфем, бо ў выніку можа атрымацца ненатуральнае, штучна створанае слова (правіцель, натхніцель, пенсіённы і інш.).
Памарфемна нельга перакладаць тапонімы (уласныя імёны геаграфічных аб'ектаў): напр., Красноводск, Североморск не могуць гучаць як Чырванаводск, Паўночнаморск, а толькі Краснаводск, Севераморск. Увогуле, перадача на іншую мову ўласных імёнаў - надзвычай складаная праблема лінгвістыкі. Для вырашэння спрэчных момантаў неабходна звяртацца да слоўнікаў.
Пераклад асобных слоў - адзін з самых распаўсюджаных відаў перакладу, пры якім да кожнага слова адной мовы адшукваецца адпаведнік у другой мове. Такім спосабам перакладаюцца простая па структуры сказы, напр.: Многие предприятия страны ищут партнеров в далеком зарубежье - Многія прадпрыемствы краіны шукаюцъ партнёраў у далёкім замежжы. Аднак і пры такім, здавалася б, лёгкім спосабе перакладу могуць быць свае цяжкасці. Адной з іх з'яўляецца наяўнасць у любой мове сінонімаў, амонімаў, мнагазначных слоў, напр.: Мы достигли первых успехов в области регионального сотрудничества - Мы дасягнулі першых поспехаў у галіне (не вобласці) рэгіянальнага супрацоўніцтва; Не приближайтесь к транспортному средству, которое движется, до полной его остановки - Не набліжайцеся да транспартнага сродку, які рухаецца, да поўнага яго спынення (не прыпынку).
Пераклад слоў можа выклікаць цяжкасці пры перадачы на іншую мову безэквівалентнай лексікі (слоў, якія не маюць аднаслоўных эквівалентаў у іншай мове). Не маюць аднаслоўных беларускіх адпаведнікаў такія рускія словы, як, напрыклад, общаться - мець зносіны, отчество (імя па бацьку), скотник (даглядчык жывёлы).
Пераклад словазлучэнняў. Пры перакладзе словазлучэнняў (сэнсавых і граматычных аб'яднанняў некалькіх паўназначных слоў) неабходна памятаць пра тое, што ў кожнай мовы свае асаблівасці выражэння граматычнай і сэнсавай сувязі слоў. Таму нават пераклад свабодных словазлучэнняў не варта разумець як пераклад асобных іх кампанентаў. Напр.: видеть своими глазами - бачыць на свае вочы (а не бачыць сваімі вачамі), поблагодарить его перед всеми - падзякавацъ яму пры ўсіх (а не падзякаваць яго перад усімі), управляющий делами - кіраўнік спраў (а не кіраўнік справамі).
Калі ў склад словазлучэння ўваходзіць некалькі кампанентаў, якія выражаюць цэласнае паняцце і па сваёй функцыі набліжаюцца да слова, то перакласці яго шляхам падбору эквівалентаў да кожнага кампанента паасобку немагчыма, не парушыўшы семантычнай цэласнасці словазлучэння. Такія фразеалагічныя спалучэнні перакладаюцца як адзінства і нярэдка зусім не супадаюць наборам кампанентаў з мовай арыгінала (напр., видеть насквозь - бачыць навылет, в конце концов - нарэшце, по крайней мере - прынамсі, был прав - меў рацыю, с бухты-барахты - проста з моста, зарубить на носу - заламаць асінку).
Пераклад сказаў. Калі сувязь паміж словамі ў сказе свабодная, то такі сказ можна перакласці па асобных словах ці словазлучэннях. Адзінкай перакладу сказ з'яўляецца пры перакладзе прыказак, прымавак, устойлівых клішэ і формул (надпісы, формулы ветлівасці). У гэтых выпадках сказ уяўляе сабой адзінства, якое, таксама як і фразеалагічнае словазлучэнне, нельга перакласці праз падбор эквівалентаў да яго частак. Галоўнае пры такім перакладзе - дакладна захаваць сэнс, пазбегнуць двухсэнсоўнасці. Параўн.: Пройти огонь, воду и медные трубы - 3 сямі печаў хлеб есці; Один в поле не воин - Адной рукою і вузла не завяжаш; Удачи Вам! - Хай Вам шчасціць!', Дабранач! - Доброй ночи!
Пераклад тэкстаў. Адзінкамі перакладу з'яўляюцца такія тэксты, як, напрыклад, паэтычныя творы, тэксты рэкламы, назвы мастацкіх твораў, бо яны ўяўляюць сабой семантычныя адзінствы.
Зрабіць якасны пераклад з адной мовы на другую дапамогуць перакладныя слоўнікі, а таксама моўны густ і дасведчанасць перакладчыка.
Асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую
Дзяржаўнасць беларускай і рускай моў у Рэспубліцы Беларусь выклікае патрэбу дасканалага валодання абедзвюма мовамі. Пераклад з блізкіх, роднасных моў можа памылкова здавацца нескладанай працай. Але кожная мова валодае шэрагам лексічных і граматычных асаблівасцей, без добрага ведання якіх якасны пераклад наўрад ці магчымы. Пры перакладзе з рускай мовы на беларускую неабходна памятаць пра наступныя разыходжанні паміж імі:
1 Разыходжанні ў націску. Шэраг суадносных беларускіх і рускіх лексем адрозніваюцца месцам націску: арест - арышт, арендованный - арэндаваны, момент - момант, степень - ступень, укомплектованный - укамплектаваны і інш.
2 Разыходжанні ў граматычных катэгорыях: родзе, ліку, склоне (рус. медаль, надпись, перепись, запись, подпись, продажа (ж. р.), зал (м. р.) - бел. медаль, надпіс, перапіс, запіс, подпіс, продаж (м. р.), зала (ж. р.); рус. крупа, поведение (толькі адз. л.) - бел. крупы, паводзіны (толькі мн. л), рус. дверь (адз. і мн. л.) - бел. дзверы (толькі мн. л.)).
Нярэдка пры перакладзе з рускай мовы на беларускую (і наадварот) змяняецца склон залежных кампанентаў словазлучэння: ходить по коридорам - хадзіць па калідорах, комиссия по жилищному строительству - камісія па жыллёвым будаўніцтве, диплом с отличием - диплом выдатніка, задержка за деньгами - затрымка ў грашах і інш.
Неабходна добра ведаць асаблівасці скланення назоўнікаў у беларускай мове. Так, у адрозненне ад рускай мовы назоўнікі другога скланення ў форме роднага склону адзіночнага ліку ў беларускай мове могуць мець як канчаткі -а (-я), так і -у (-ю): маркетынгу, рынку, універсітэта і інш.
Нагадаем! У такіх выпадках выбар канчаткаў залежыць ад лексічнага значэння слова. 3 канчаткам -у (-ю) ужываюцца назоўнікі, што абазначаюць:
- абстрактныя паняцці, пачуцці, стан і т.д.: клопату, крыку, жалю;
- зборныя прадметы: калектыву, гаю, лесу, алешніку;
- рэчыўныя прадметы: мёду, маку, атласу. Але: хлеба, аўса;
- з'явы прыроды: грому, ветру;
- грамадскія фармацыі, вучэнні, тэорыі (як правіла, такія словы заканчваюцца на -ізм/-ызм): рэалізму, кансерватызму, парламентарызму;
- назвы захворванняў: грыпу, радыкуліту;
- месца, прастору, напрамак: краю, небасхілу, захаду. Але: поўдня.
3 такім канчаткам назоўнікі ўжываюцца ў фразеалагізмах: звесці з розуму, з веку ў век, не да густу.
Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць:
- асоб, жывых істот: сябра, каня, школьніка, дырэктара;
- канкрэтныя прадметы: алоўка, сшытка;
- арганізацыі, прадпрыемствы, установы: завода, саюза, інстытута;
- неселеныя пункты, геаграфічныя назвы: горада, Мінска;
- адзінкі вымярэння: кілаграма, градуса, ампера;
- навуковыя тэрміны: кораня, сінуса;
- назвы розных відаў спорту, танцаў, гульняў: тэніса, вальса.
Увага! Выбар канчаткаў мнагазначных слоў абумоўлены кантэкстам (тэрмін, народ, дуб і інш.). Напр.: На плошчы было шмат народу і Развіццё беларускай мовы цесна звязана з гісторыяй беларускага народа.
Трэба памятаць! Назоўнікі другога скланення ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку і назоўнікі першага скланення ў месным склоне адзіночнага ліку пасля мяккіх асноў маюць канчатак -і: зямлі, у полі (параўн. рус.: земле, в поле). У адзначаных склонах назоўнікі з асновай на заднеязычныя [г], [к], [х] чаргуюцца са свісцячымі [з], [ц], [с] і маюць канчаткі -е/-ы (не пад націскам) і -э (пад націскам): кніга - кнізе, эканоміка - эканоміцы, эпоха - эпосе, рака - на рацэ (параўн. рус.: книге, экономике, эпохе, на реке).
Назоўнік двор у месным склоне можа мець канчаткі -ы ці -э: на школьным двары (участак каля будынка) - на дварэ было сонечна (на вуліцы).
3 Разыходжанні ва ўтварэнні дзеепрыслоўяў незакончанага трывання: у беларускай мове выкарыстоўваюцца суфіксы -учы (-ючы), -ачы (-ячы) - гандлюючы, робячы і інш. Параўн. з рускай мовай: торгуя, делая.
Увага! У беларускай мове ўтвараюцца дзеепрыслоўі незакончанага трывання ад дзеясловаў біць, піць, віць, ліць, шыць, жаць (б'ючы, п'ючы, льючы), ад дзеясловаў тыпу мазаць, пісаць, рэзаць (мажучы, пішучы). У рускай мове такіх дзеепрыслоўяў няма.
4 Разыходжанні ў адмаўленнях. У беларускай і рускай мовах ёсць шэраг слоў з адмаўленнем «не», «без» («бяз»), якія перакладаюцца з іншым адмаўленнем або ўвогуле без яго, напр.: рус. негодование - бел. абурэнне, недостойно - ганебна, невесомость - бязважкасць, нескончаемый - бясконцы, непроизвольно - міжволі, небезынтересный - даволі цікавы, небезызвестный - даволі вядомы, опасность - небяспека, безграмотность - непісьменнасць, бесчисленный - незлічоны і інш.
5 Несупадзенне ў аб'ёме лексічнага значэння. Шэраг мнагазначных слоў і слоў-амонімаў рускай мовы не з'яўляюцца такімі ж у беларускай і перакладаюцца рознымі словамі ў залежнасці ад значэння (табліца 2). Напрыклад:
Табліца 2
Руская мова |
Беларуская мова |
среда |
серада 'дзень тыдня'; асяроддзе 'сукупнасць прыродных або сацыяльных умоў' (сацыяльнае асяроддзе) |
почки |
ныркі 'ўнутраныя органы'; пупышкі (на галінках дрэў) |
остановка |
спыненне (працэс спынення руху) прыпынак 'месца спынення' (прыпынак грамадскага транспарту) |
область |
вобласць 'частка якой-небудзь тэрыторыі' (Мінская вобласцъ); галіна (сфера, галіна народнай гаспадаркі) |
лицо |
твар 'пярэдняя частка галавы чалавека'; асоба 'асобны чалавек, індывідуум' (давераная асоба, юрыдычная асоба) |
час |
час 'прамежак, пэўны момант; перыяд, эпоха' (вольны час; час абеду; даваенны час) гадзіна '60 мінут' |
Таксама ж і беларускія мнагазначныя словы могуць перакладацца на рускую мову некалькімі адпаведнікамі ў залежнасці ад значэння |
|
Руская мова |
Беларуская мова |
свет |
свет 'Зямля, сусвет; галіна жыцця, дзейнасці, з'яў' (пада рожнічаць па свеце, свет навукі); святло 'прамяністая энергія; крыніца асвятлення (сонечнае святло; электрычнае святло) |
судить |
судзіць 'разглядаць справу ў судовым парадку; ацэньваць' (судзіць махляра; судзіць футболъны матч)', меркаваць 'разважаць' (меркаваць аб рабоце па вышках) |
Спосабы перадачы дзеепрыметнікаў у беларускай мове
Для сучаснай беларускай літаратурнай мовы характэрны не ўсе магчымыя формы дзеепрыметнікаў. Пашыранымі з'яўляюцца дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу з суфіксам -л- (пацямнелы, пачырванелы) і залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-, -ен-, -ян-,-т- (напісаны, засеяны, зжаты). Неўжывальнымі лічацца формы незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч- (пішучая, узрастаючая) і прошлага часу з суфіксамі -ўш-, -ш- (пабялеўшая, вырасшая), а таксама формы залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ом-, -ем-, -ім- (будуемы, узводзімы). Зваротныя дзеепрыметнікі (тыпу палепшыўшыйся) у беларускай мове ўвогуле не ўжываюцца. У рускай мове актыўна выкарыстоўваюцца ўсе названыя формы дзеепрыметнікаў. У сувязі з гэтым пры перакладзе ўзнікае праблема адэкватнай перадачы дзеепрыметнікаў і дзеепрыметнікавых зваротаў па-беларуску.
Існуюць розныя спосабы пазбегнуць неўжывальных формаў дзее- прыметнікаў.
1 Дзеепрыметнікавы зварот перабудаваць у даданы сказ (находящиеся в обращении деньги - грошы, штo знаходзяцца ў абарачэнні; женщины, работающие на предприятии - жанчыны, якія працуюцъ на прадпрыемстве).
2 Перарабіць выраз, замяніўшы дзеепрыметнік аднакаранёвым:
- назоўнікам (лицо, составившее документ - складальнік дакумента; будущее фирмы - будучыня фірмы; посещающие бассейн - наведвальнікі басейна; студенты, окончившие 3 курс, могут быть трудоустроены по специальности - пасля заканчэння 3 курса студэнты могуць быць працаўладкаваны па спецыяльнасці);
- прыметнікам (соответствующий налог - адпаведны падатак, договаривающиеся стороны - дагаворныя бакі, количество заболевших гриппом - колькасць хворых на грып; плата, превышающая расход - плата, большая за выдаткі);
- дзеясловам (развивающееся сотрудничество приносит результаты - супрацоўніцтва развіваецца і прыносіць вынікі; поднявшийся самолёт скрылся за облаками - самалёт узняўся і знік за аблокамі);
- дзеепрыметнікам ва ўжывальнай форме (уцелевшее здание - уцалелы будынак, устаревшие сведения - састарэлыя звесткі);
- дзеепрыслоўем (работающий с молодыми специалистами бригадир передаёт им свой опыт - працуючы з маладымі спецыялістамі, брагадзір перадае ім свой вопыт; клиенты, сделавшие заказ на этой неделе, получат подарок - зрабіўшы заказ на гэтым тыдні, кліенты атрымаюцъ падарунак; заметивший машину человек остановился - заўважыўшы машыну, чалавек спыніўся).
3 Замяніць развітым прыдаткам (цифры, показывающие динамику - лічбы-паказальнікі дынамікі).
4 Змяніць парадак слоў (інверсія): хозяйствующий субъект - суб'ект гаспадарання, комплектующий отдел - аддзел камплектавання.
5 Калі дзеепрыметнік не мае істотнай сэнсавай нагрузкі, пры перакладзе яго можна апусціць (время, отведённое для рекламы - час для рэкламы, меры, оказывающие воздействие - меры ўздзеяння; выплаты, устанавливаемые законом - выплаты згодна з законам).
Літаратура: [1, с. 166 - 172]
Кантрольныя пытанні
1 Што называюць адзінкай перакладу? На якіх моўных узроўнях яна вылучаецца?
2 Як можна ахарактарызаваць кожны з відаў перакладу?
3 У чым, на ваш погляд, заключаецца складанасць перакладу з блізка-роднасных моў?
4 Якія асаблівасці беларускай мовы неабходна ведаць, перакладаючы рускамоўныя тэксты?
5 Што ўплывае на выбар канчаткаў назоўнікаў другога скланення ў форме роднага склону адзіночнага ліку?
6 Якія формы дзеепрыметнікаў не ўласцівыя нашай мове?
7 Як пазбегнуць неўжывальных формаў дзеепрыметнікаў у беларускай мове?
Практычныя заданні
№ 1 Утварыце словазлучэнні з прыведзенымі назоўнікамі, падабраўшы да іх азначэнні, і перакладзіце словазлучэнні на рускую мову. Якія адметнасці назоўнікаў у беларускай і рускай мовах можна адзначыць?
Запіс, летапіс, гусь, подпіс, медаль, стэп, брыво, дзверы, шынель, рукапіс, боль, день, перапіс, моц, жаль, мазоль, сажань, дроб, пыл, палын, фальш.
№ 2 Перакладзіце на беларускую мову наступныя словазлучэнні. Звярніце ўвагу на род і лік назоўнікаў у кожнай мове.
Заготовка свеклы, экспорт овощей, рост цен на фрукты, выпить чашку кофе, обеспечить крупой и макаронами, дверь рабочего кабинета, обсудить поведение персонала, наградить медалью, неразборчивая запись, государственный займ, недвижимое имущество.
№ 3 Складзіце словазлучэнні «прыметнік + назоўнік» і «назоўнік + назоўнік», выкарыстаўшы наступныя словы:
а) вытворчасць, гандаль, гусь, дабрабыт, какава, нарада, посуд, раўнавага, сабака, салата, сыравіна, якасць;
б) беспрацоўе, буракі, гаспадарка, зала, кава, камода, маёмасць, прыбытак, пыл, рызыка, праца, яблык.
№ 4 Вызначце род назоўнікаў, утварыце з імі словазлучэнні «прыметнік + назоўнік».
Рэзюмэ, авеню, клішэ, жалюзі, турнэ, дасье, кенгуру, поні, танга, бра, івасі, алібі, мадэмуазэль, амплуа, маэстра, інтэрв'ю, кашнэ, журы.
№ 5 Падабраўшы да беларускіх назоўнікаў рускія адпаведнікі, а да рускіх - беларускія, параўнайце іх род.
а) сведка, абаронца, хвалько, мурашка, сяўба, мясціна, прадмова, назва, помета, упартасць, гваздзік, рамонак, півоня, вяргіня, хлапчанё, асяроддзе, шчупак, двайняты, ярына, лекі;
б) лакомка, плакса, ябеда, тополь, рожь, дробь, собака, тень, орлёнок, утёнок, творчество, туфля, крупа, валерьяна, хлопоты, равнодушие, озимые.
№ 6 Выпішыце ў першы слупок назоўнікі, што маюць у беларускай мове абедзве формы ліку, у другі - толькі форму адзіночнага ліку, у трэці - толькі форму множнага ліку.
Алешнік, крупы, прыцемкі, маліны, чарніла, клопат, двайняты, дзверы, спакуса, краявід, рэшткі, дажынкі, насельніцтва, арэлі, вячоркі, вокны, акуляры, садавіна, збожжа, алей, лекі, хлеб, спаборніцтва, абставіны, зносіны, стаўленне, павага, дабрабыт.
№ 7 Пастаўце назоўнікі ў форме роднага склону адзіночнага ліку. Ад чаго будзе залежаць выбар канчаткаў?
Аналіз, рынак, трэст, аўтарытэт, маркетынг, кіраўнік, тэніс, характар, рубель, кілаграм, год, каэфіцыент, камітэт, дакумент, інстытут, кантынент, вальс, інтэлект, апетыт, разлік, інтэрвал, фармат, сусвет, момант, рэалізм, апендыцыт, змрок, холад, штаб, дыялог, тварог, хлеб, твар, горад, вопыт, кантраст, імідж, поспех, тавар, фонд, менталітэт, арыгінал, актыў, сродак.
№ 8 Складзіце словазлучэнні, паставіўшы назоўнікі ў форме роднага склону.
а) брыгадзір, чарот, нос, твіст, чэрвень, мароз, ідэал, лес, тэрмін, франк;
б) футбол, конь, саюз, бераг, кракавяк, канал, плот, пень, авёс, шылінг;
в) вальс, воцат, тэніс, характар, прыліў, стол, сацыялізм, долар;
г) век, кот, садок, вецер, вопыт, язык, паланэз, хакей, рубель.
№ 9 Выпішыце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку маюць канчатак а.
Беражок, кіраўнік, тыдзень, сумёт, мінімум, вобраз, цукар, замак, асяродак, інтэрнэт, быт, музей, грып, прафсаюз.
№ 10 Выпішыце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку маюць канчатак у.
Архіпелаг, кірмаш, край, конкурс, дакор, рынак, запавет, поплаў, альпінізм, зубр, ізалятар, кантракт, канцэрн, лакаўт.
№ 11 Складзіце словазлучэнні, ужыўшы прыведзеныя назоўнікі ў форме меснага склону.
а) народ, Іван, мох, чэрвень, нож, пясок, снег, іней, лес, луг;
б) цела, твар, лоб, білет, саюз, горад, Кірыл, сын, малако, праспект;
в) порах, гарох, касманаўт, Купала, ручнік, алень, ліст, подзвіг, блакіт, нож;
г) кажух, спецыяліст, айсберг, двор, сшытак, стыль, асфальт, Шамякін, верх, дождж.
№ 12 Утварыце форму меснага склону; складзіце сказы.
Прэмія, будучыня, чарга, парада, праца, вяршыня, работа, мяжа, даведка, шчака, гутарка, эканомія, эканоміка, гаспадарка, персона, структура, канферэнцыя, верасень, мітынг, край, верх, абшар, гандаль, гандляр, народ, каэфіцыент, бартар, банк, фонд, тэкст, дыялог, стаж.
№ 13 Утварыце форму творнага склону; складзіце сказы.
Беларусь, памяць, ростань, ветлівасць, веліч, запаведзь, шыр, любоў, глыб, творчасць, моладзь, адказнасць.
№ 14 Знайдзіце і выпраўце памылкі пры ўтварэнні формаў ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў.
Здароўе мілей за грошы. 2 Брат старэйшы сястры. 3 Будуецца буйнейшая бібліятэка ў краіне. 4 Вянок з пралесак мне даражэй золата. 5 Вярхоўны Суд - вышэйшая інстанцыя. 6 «Слова пра паход Ігаравы» - самы найяскравы ўзор славянскага верлібра. 7 Гэта быў мудрэйшы чалавек. 8 Гэтая лекцыя цікавей за мінулую. 9 Новы дом вышэй суседніх. 10 Па тэрыторыі Беларусь болыд Балгарыі. 11 Дажджы сталі халадней. 12 Суніцы больш саладзейшыя, чым мёд. 13 Ціхі акіян найглыбейшы за Атлантычны. 14 Мікола ў два разы старэй сястры. 15 Гімалайскія горы - вышэйшыя на Зямлі.
№ 15 Перакладзіце сказы на беларускую мову. Зрабіце вывад аб ужыванні формаў прыметнікаў і прыслоўяў у параўнальных канструкцыях.
Этот товар лучше прошлогоднего. 2 Серебро дешевле платины. 3 Текущие налоги выше прежних. 4 Евровалюта дороже американской. 5 Его сегодняшнее завещание выгоднее, чем предыдущее. 6 Японская техника новее испанской. 7 Английские предприятия продуктивнее итальянских. 8 Этот метод работы эффективнее предложенного.
№ 16 Перакладзіце на беларускую мову наступныя словы і выразы. Растлумачце, чым выкліканы лексічныя і структурна-граматычныя разыходжанні паміж імі і іх беларускімі адпаведнікамі?
Общаться, отчество, пожалуйста, редчайший, извиниться, пораньше, преважный, ещё бы!, видеть насквозь, ничего себе!, не в духе, на каждом шагу, два сапога пара, но не тут-то было!, в конце концов, ни в коем случае, видеть своими глазами, как говорится.
№ 17 Перакладзіце фразы з рускай мовы на беларускую, улічваючы, што рускія словы относиться і отношение(я) маюць некалькі беларускіх адпа- веднікаў.
Замечания относятся к взглядам автора; ученик относится к числу самых старательных; событие относится к началу века; наше предприятие относится к числу лучших; все хорошо отнеслись к новому сотруднику; девять относится к трём, как три к одному; отношение Максима к Маше, отношение к труду; торгово-экономические отношения; отношение сознания и материи; я имею к этому непосредственное отношение, поддерживать отношения.
№ 18 У наступных сказах выпраўце памылкі пры ўжыванні дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных зваротаў.
1 Гледзячы перадачу, узніклі цікавыя думкі. 2 Задача рашалася вельмі проста, карыстаючыся новым метадам. 3 Прыходзячы з канцэрта, ён падзяліўся ўражаннямі з маці. 4 Вучыўшыся ў звычайнай школе сем гадоў, я паступіў у гімназію. 5 Уваходзячы ў клас, настаўнік пачаў урок. 6 Мы заўсёды адпачываем, слухаўшы музыку. 7 Рыхтуючы вялікую колькасць дакументаў, хутка скончылася папера.
№ 19 Перакладзіце прыведзеныя словазлучэнні рускай мовы на беларускую мову. Звярніце ўвагу на разнастайныя способы перакладу дзеепрыметнікаў рускай мовы на беларускую.
1 Угрожающее положение; воспроизводящий фактор; сведения, помещаемые в объявлениях; соответствующий налог; своевременно предотвращённое банкротство; получаемые доходы; предшествующее время; хозяйствующий субъект; высокооплачиваемая работа; стимулирующий аппарат; находящиеся в обращении деньги; компания, занимающаяся аферами; исполняющий обязанности менеджера; регулирующиеся выплаты.
2 Продукция, произведённая предприятием; сложившиеся обстоятельства; располагающий сведениями; регулирующая функция; реализуемое через торговую сеть; обслуживающий персонал; разрешимая задача; установившиеся цены; органы, осуществляющие государственную политику; заслуживающий доверия; управление, занимающееся частными компаниями; документ, освобождающий от финансовой ответственности, проверяющее лицо; развивающийся маркетинг.
Раздзел 4 Культура прафесійнага маўлення
Тэма 4.1 Мова і маўленне. Правільнасць маўлення і моўныя
нормы. Прафесійна арыентаванае маўленне
Мова і маўленне. Маўленне – маўленчая дзейнасць – агульная культура чалавека.
Паняцце культуры маўлення. Асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня і багацце (разнастайнасць) маўлення, дарэчнасць, вобразнасць.
Правільнасць маўлення і моўныя нормы
(лексічныя, арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя).
Тыповыя маўленчыя памылкі, іх прычыны, спосабы выпраўлення.
Тэхніка і выразнасць маўлення (голас і маўленчае дыханне, дыкцыя, інтанацыя і інш.).
Узаемадзеянне вербальных і невербальных (жэсты, міміка, рухі) сродкаў маўленчай дзейнасці.
Прафесійна арыентаванае маўленне.