
- •Беларуская мова (прафесійная лексіка)
- •4 Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):
- •3.5 Пераклад на беларускую мову прафесійна арыентаваных
- •4.2 Падрыхтоўка да публічнага выступлення
- •4.3 Маўленчы этыкет і культура зносін
- •1 Публічная прамова, яе асаблівасці
- •1 Выбар тэмы прамовы.
- •3 Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.
- •4 Прадумванне кампазіцыі (пабудовы, суадносін паміж часткамі), складанне плана прамовы.
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ
«МАГІЛЁЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ПОЛІТЭХНІЧНЫ КАЛЕДЖ»
Беларуская мова (прафесійная лексіка)
МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ
ПА ВЫВУЧЭННЮ ДЫСЦЫПЛІНЫ
ПА СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЯХ 2-36 01 01, 2-36 01 03, 2-36 01 06,
2-53 01 05, 2- 40 01 01, 2-26 02 03
2012
Складальнік: Мяжэвіч Н.В. - выкладчык УА “Магілеўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”
Распрацавана на падставе вучэбнай праграмы, зацверджанай дырэктарам каледжа 30.08.2011
Абмеркавана і адобрана
на пасяджэнні цыклавой камісіі
языкоў і літаратуры
Пратакол № ____ ад ________________
Узгоднена з цыклавой камісіяй
стандартызацыі
Пратакол № ____ ад ________________
Тлумачальная запіска
Падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў розных галін навукі, тэхнікі, вытворчасці прадугледжвае не толькі забеспячэнне навучэнцаў трывалымі прафесійнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, але і фарміраванне іх маўленчай кампетэнцыі. Паколькі мова і мысленне чалавека знаходзяцца ў непарыўнай сувязі, то ад узроўню моўнай адукацыі залежыць і якасць прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў розных сфер дзейнасці. Сучасная моўная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца дамінаваннем рускай мовы, яе пераважным выкарыстаннем у розных сферах грамадскага жыцця. Уплыў рускай мовы на беларускае маўленне дасягае значных маштабаў. У такой няпростай сітуацыі выключна важнае значэнне надаецца курсу «Беларуская мова: прафесійная лексіка», які прызначаны забяспечыць навучэнцаў якаснымі ведамі і ўменнямі выкарыстання моўных сродкаў у прафесійнай дзейнасці.
У метадычных рэкамендацыях змешчаны тэарэтычны матэрыял па ўсіх раздзелах курса «Беларуская мова: прафесійная лексіка». Для засваення і замацавання тэарэтычнага матэрыялу, павышэння культуры маўлення прапануюцца заданні і практыкаванні, якія маюць выразную прафесійную накіраванасць. Матэрыял метадычных рэкамендацый адаптаваны да новай рэдакцыі правілаў, уведзеных у дзеянне Законам Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008).
Метадычныя рэкамендацыі могуць выкарыстоўвацца як для самастойнай падрыхтоўкі навучэнцаў, так і для падрыхтоўкі да абавязковай кантрольнай работы.
Прапанаваны тэарэтычны і практычны матэрыял павінен дапамагчы не толькі паглыбіць веды навучэнцаў, але і выпрацаваць адпаведныя ўменні і навыкі самастойнага аналізу разнастайных моўных з'яў.
У выніку вывучэння дысцыпліны навучэнцы павінны ведаць на ўзроўні ўяўлення:
- ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыялізацыі асобы;
- месца і ролю беларускай мовы ў славянскім свеце;
- паходжанне і этапы развіцця беларускай мовы;
- сістэму лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы, іх камунікатыўныя крыніцы;
- персаналіі заснавальнікаў беларускай лінгвістыкі;
на ўзроўні разумення:
- лексічныя групы;
- асаблівасці тэрміналагічнай лексікі;
- асаблівасці функцыянальных стыляў;
- асаблівасці навуковага і афіцыйна-справавога стылю і сферы іх функцыянавання;
- тэксты розных жанраў, свядома карыстаючыся моўным матэрыялам адэкватна стылю, мэце, сітуацыі і тэме выказвання;
- стылістычныя нормы адэкватных сітуацыі прафесійных або справавых зносін;
умець аналізаваць і інтэрпрэціраваць:
- моўную палітыку дзяржавы ў гістарычным кантэксце;
- моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь на сучасным этапе;
- спецыяльныя, агульнанавуковыя і сацыяльна-палітычныя тэксты на беларускай мове;
набыць навыкі і ўменні:
- эфектыўных маўленчых паводзін у розных сітуацыях прафесійных і справавых зносін;
- карыстання моўнымі сродкамі беларускай мовы ў практычнай дзейнасці;
- адэкватнага пераклада навуковых, спецыяльных тэкстаў з рускай мовы на беларускую і наадварот, улічваючы стылістычную прыналежнасць і асаблівасці лексіка-граматычнай пабудовы тэкста;
- пісьмовага афармлення справавых дакументаў і лістоў;
- падрыхтоўкі і правядзення публічных выступленняў, дзелавых гутарак.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Беларуская мова. Эканамічная лексіка : вучэбны дапаможнік / В.А. Зразікава, А.В. Губкіна. – 2-е выданне, дапоўнена і перапрацавана. – Мінск : Издательство Гревцова, 2010. – 216 с.
2 Беларуская мова : падручнік для 10 – 11 кл. / В.І. Несцяровіч, Л.С. Васюковіч, Г.А. Арцямёнак. – Мінск : Народная асвета, 1999. – 271 с.
3 Беларуская мова (спецыяльная лексіка) : вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў усіх форм навучання ўсіх спецыяльнасцей БДУІР / Л.А. Бондар, Н.Г. Вайніла. – Мінск : БДУІР, 2006. – 69 с.
4 Лапкоўская, А. М. Беларуская мова (прафесійная лексіка) / А. М. Лапкоўская. – Гродна : ГрГу імя Я.Купалы, - 2009. – 272 с.
Праграмма дысцыпліны і метадычныя рэкамендацыі па яе вывучэнню
Уводзіны
Роля роднай мовы ў жыцці чалавека і грамадства
Раздзел 1 Мова – духоўны скарб народа
Тэма 1.1 Мова і соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве
Лексіка беларускай мовы паводле паходжання (спрадвечна беларуская і запазычаная). Змены ў лексічнай сістэме беларускай мовы: актыўная і пасіўная лексіка. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання.
Метадычныя рэкамендацыі
Мова - найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Дзеля таго каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабою пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, пра вызначэнне агульных планаў і г. д. Ажыццяўленне падобнага тыпу патрэб і дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з настойлівай патрэбы грамадства і ў грамадстве, гэта - сацыяльная з’ява.
Для таго каб служыць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства і яго развіццё, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца каласальная праца чалавецтва ў пазнанні свету.
Так, у слове “пяць” замацавана і здольнасць чалавека лічыць прадметы і падзеі, і здольнасць адцягваць паняцце лічбы ад канкрэтных прадметаў, якія падлічваюцца (пяць чалавек, пяць вагонаў), і здольнасць ажыццяўляць з гэтымі адцягненымі лічбамі пэўныя аперацыі, напрыклад, складанне ці ўзвядзенне ў ступень і г. д. Пазнанне свету працягвалася тысячагоддзі, і замацаванне ў мове вынікаў гэтай працы азначала ўкараненне адпаведных ведаў у свядомасць, быт. Таму мова не проста сродак зносін, але і помнік велізарнай духоўнай працы мінулых пакаленняў.
Грамадскае прызначэнне мовы рэалізуецца і раскрываецца праз яе сацыяльныя функцыі. Сучаснае грамадства дазваляе чалавеку і нават прымушае яго ўключацца ў вялікую колькасці відаў зносін. Яны патрабуюць адпаведнай колькасці моў. Не абмяжоўваюцца адной мовай і зносіны ўнутрынацыянальныя.
Унутраная складанасць зносін у сучасным грамадстве адлюстроўваецца, у прыватнасці, у шматзначным ужыванні слова мова: мова родная і чужая, літаратураная і дыялектная, нацыянальная і міжнацыянальная, паэтычная і машынная, мова пісьменніка і мова вуліцы, музыкі і жывапісу, навукі і канцылярыі і г. д.
Патрэбныя чалавеку мовы - не простая сукупнасць разнастайных сродкаў зносін, а пэўная сістэма моў розных тыпаў. На кожным грамадска-гістарычным этапе яна адлюстроўвае развітасць унутраных і знешніх сувязей сям’і, нацыі, народа, краіны і накіроўвае асобу, памагае ёй авалодаць духоўнымі багаццямі грамадства, яго культурай. Спроба аб’ектыўна акрэсліць грамадскі ідэал развітай у моўных адносінах асобы вядзе да вылучэння наступных відаў канкрэтных моўных патрэб, цесна звязаных з кантэкстам сучаснай культуры грамадства.
Па-першае, гэта патрэба ў чалавечай мове як сродку пераўтварэння біялагічнай істоты чалавека ў істоту сацыяльную. Мова маці, мова сям’і, мова першаснага асяроддзя, незалежна ад яе этнічнай або сацыяльнай адметнасці ўвасабляюць другую сігнальную сістэму і даюць магчымасць дзіцяці стаць асобай, далучыцца да роду чалавечага. Патрэба гэта самая жыццёвая з усіх відаў чалавечых патрэб. З ёю ў вялікай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы.
Па-другое, патрэба ў этнамове, мове роднай, нацыянальнай, у форме якой толькі і можа рэалізавацца і існаваць чалавечая мова.
Па-трэцяе, патрэба ў мове (або мовах) міжнацыянальных зносін у шматнацыянальным грамадстве ці арганізацыях.
Па-чацвёртае, патрэба ў сацыяльных дыялектах, што існуюць у межах нацыянальных моў. Гэта прафесійныя мовы, мовы навукі, спецыфічныя “падмовы” культуры (фальклор, узроставыя і прафесійныя жаргоны і г. д.).
Па-пятае, патрэба ў разнастайных замежных мовах. Веданне замежных моў пашырае кругагляд асобы, запяспечвае разнастайныя інтэрнацыяльныя зносіны, азнаямленне з вопытам іншых народаў і дасягненнямі іх культуры.
Па-шостае, патрэба ў фармалізаваных мовах, што забяспечваюць чалавеку доступ да ЭВМ, складанай сучаснай тэхнікі, а значыць, і да актыўнага, свядомага, прадуктыўнага выкарыстання самай разнастайнай інфармацыі ў сферах сучаснай вытворчасці, навуковых даследаванняў, навучання і адукацыі, кіраўніцкай дзейнасці, прагназавання сацыяльных падзей.
Па-сёмае, патрэба ў так званых другасных мадэлюючых сістэмах - мовах музыкі, кіно, жывапісу, архітэктуры і іншых мастацтваў, г. зн. разнастайных вынайдзеных людзьмі знакавых сістэмах, прызначэнне якіх - забяспечыць удзел асобы ў духоўна-культурным развіцці грамадства, яго маральнай і мастацкай эвалюцыі.
Нарэшце, існуе і грамадская патрэба ў агульналінгвістычнай адукаванасці. Веданне тэарэтычных асноў мовазнаўства (як і асноў фізікі, біялогіі і г. д.) - адзін з фактараў выпрацоўкі навуковага светапогляду.
Аддаючы належнае ўсім відам моўнай адукацыі і моўнага выхавання чалавека, усёй мнагаграннасці моўных патрэб грамадства і асобы, трэба асабліва вылучыць як адну з найбольш значных патрэбу ў этнамове. З першых дзён свайго жыцця індывідуум пачынае авалодваць грамадска-гістарычным вопытам чалавецтва ў той канкрэтнай форме, якую забяспечвае яму першая - родная - мова. Паўнацэннае валоданне роднай мовай - гэта не што іншае, як валоданне сацыяльнымі, інтэлектуальнымі, маральнымі, эстэтычнымі і іншымі каштоўнасцямі.
Родная мова засвойваецца ва ўсіх асноўных формах яе бытавання (літаратурная мова і яе функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці) і звязаных з імі жанрах вуснага і пісьмовага маўлення на роднай, нацыянальнай мове. Авалоданне нацыянальнай мовай - неабходная перадумова сацыялізацыі асобы, фарміравання яе самасвядомасці, далейшага ўваходжання ў шматнацыянальны свет, у шматмоўную сістэму міжнароднай камунікацыі.
Пад функцыяй мовы разумеюць яе прызначэнне і ролю, якую яна выконвае ў жыцці чалавека і грамадства.
Галоўная функцыя мовы - камунікатыўная. Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзённай моўнай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго прыроду. Народ даўно заўважыў, што мова - найважнейшы сродак зносін, і выказаў гэтую думку вобразна і даступна ўсім: Язык да Кіева давядзе. Няведамая дарога на канцы языка.
Сувязь чалавека з навакольным светам ажыццяўляецца праз намінатыўную функцыю мовы, знешнія прадметы становяцца ўнутраным здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, пачуццяў, калі гэтыя прадметы атрымліваюць назвы сродкамі мовы, у першую чаргу словамі.
У свядомасці чалавека, у яго ўнутраным свеце адлюстроўваюцца знешняя рэчаіснасць, навакольны свет. Такім чынам, мова выконвае і функцыю адлюстравання.
Пазнавальная функцыя. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Засвойванне назапашаных чалавецтвам ведаў, практычна ўсе працэсы навучання людзей звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання, павелічэння, узбагачэння ведаў.
Мова з’яўляецца і галоўным спосабам выражэння думак і пачуццяў кожнага чалавека і тым самым выконвае экспрэсіўную функцыю. Праз мову перадаюцца не толькі веды, пэўныя звесткі, але і выяўляюцца адносіны да таго, хто гаворыць (яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, уменне валодаць мовай), разгортваецца ўвесь унутраны свет чалавека. Добрае, шчырае слова высока цэніцца ў народзе. Яно ўздымае настрой, надае сілы. Дапамагае жыць. Невыпадкова яго параўноўваюць з прадметамі і з’явамі, якія маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека: Добрае слова далёка чуваць. Ласкавае слова - што дзень ясны. Скажа - як мёд пакажа. Слова даражэй за золота.
Эстэтычныя функцыя. Увасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве.
Як бачым, родная мова - гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, і знак яго прысутнасці на зямлі; родная мова - гэта адвечны голас радзімы.
Літаратура [4 с. 4, 32 - 34]
Кантрольныя пытанні
Як вы разумееце паняцце “мова”?
Якую ролю адыгрывае мова ў выхаванні людзей?
Якая галоўная функцыя мовы? Чаму?
Якія існуюць віды моўных патрэб грамадства?
Якія функцыі выконвае мова ў навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях?
Практычныя заданні
№ 1 Прывядзіце выказванні беларускіх паэтаў, пісьменікаў аб мове. Растлумачце іх сэнс.
№ 2 Якія функцыі выконвае мова ў наступных тэкстах?
Тэхнічнае пераўзбраенне
Тэхнічнае пераўзбраенне існуючага прадпрыемства ў адпаведнасці з планам тэхнічнага развіцця аб’яднання ўключае: выкананне комплексу мерапрыемстваў (без расшырэння плошчаў) па павышэнню тэхнічнага ўзроўню асобных участкаў вытворчасці шляхам укаранення новай тэхнікі і тэхналогій; механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў; мадэрнізацыі і замены матэрыялу і фізічна зношанага абсталявання новым, больш вытворчым; паляпшэння арганізацыі і структуры вытворчасці і інш. Пры гэтым павялічваецца вытворчасць працы, паляпшаюцца ўмовы і арганізацыя працы, зніжаецца сабекошт і інш. Да тэхнічнага пераўзбраення існуючых прадпрыемстваў адносяць таксама ўстаноўку дадатковага абсталявання і машын, сістэм кіравання і кантролю. (В.В. Варнакоў, В.В. Стральцоў)
Роднае слова
З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуснаў. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. І табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць…
Поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ - гэта родная мова. Яна, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка “Шануйце роднае слова”).
Памяць зямлі беларускай
Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе алені горда нясуць свае кароны. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.
Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў з пачатку дзён грукалі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру.
Памяць маёй зямлі аб гэтым і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, і ў барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны, і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.
І, перш за ўсё, памяць маёй зямлі - гэта людзі і іх вечная і неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць, нібы на адным дыханні, песні, складаць вершы. (У. Караткевіч).
№ 3 Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Прааналізуйце моўныя асаблівасці тэксту.
Город Минск
Мы восхищаемся сегодняшним Минском. Он поднялся из руин и пожарищ и стал одним из красивейших городов нашей Родины, городом труда, науки, искусства.
Мы любим тебя, Минск, и в тихие сумерки лета, и в дождливые рассветы листопада, в сверкании весенних капелей, и в белом наряде зимы. Ты наш, непокоренный и юный, ты создан нашими руками на века.
Когда над тобой загораются звезды, мы приходим на площадь Победы и долго стоим у негасимого огня. Он, как горячее сердце твоих защитников, вечно горит и бьется, освещая легендарную дорогу бессмертной славы. Мы всматриваемся в творение наших рук и сердец и отчетливо видим свое будущее, видим неповторимые черты родного Минска. (По С.Граховскому)
№ 4 Выразна прачытайце тэкст. Чаму аўтар надае слову такое вялікае значэнне?
Страціў слова, страціў спадчыннае слова -
Штосьці страціў у душы абавязкова!
Можа – годнасці хоць кропельку малую?
Можа – мудрасці хоць дробачку якую?
Можа – памяці хоць зернетка-іскрынку?
Можа – праўды хоць пылінку-парушынку?
Я не ведаю дакладна, што ты страціў.
Запытайся – ці не скажа табе маці…
Н. Гілевіч
Тэма 1.2 Паходжанне беларускай мовы і асноўныя этапы яе
развіцця. Месца беларускай літаратурнай мовы ў
сістэме агульначалавечых і нацыянальных
каштоўнасцей
Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы. Канцэпцыі паходжання і гістарычныя карані беларускай мовы. Этапы развіцця беларускай мовы. Дзяржаўны статус беларускай мо мовы ў ВКЛ. Старажытныя рукапісныя і друкаваныя помнікі на беларускай мове. Прычыны заняпаду беларускай мовы. Набыццё беларускай літаратурнай мовай шырокіх грамадскіх функцый у 20-я гады ХХ ст. Праблемы нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча. Моўныя рэформы савецкага часу
( 1933 г., 1957 г.).
Беларуская мова на сучасным этапе.
Метадычныя рэкамендацыі
Мова як і любая іншая грамадская з’ява ў адпаведнасці з развіццём грамадства і чалавечага мыслення паступова змяняецца, што знаходзіць адллюстраванне ў гуках, граматычных формах і слоўнікавым складзе. У сучасным мовазнаўстве значная ўвага ўдзяляецца даследаванню гісторыі мовы, без ведаў якой нельга зразумець і растлумачыць многія з’явы сучаснай мовы.
Вывады аб мове мінулых эпох даследчыкі грунтуюць на розных крыніцах. Пэўнае значэнне маюць сучасныя гаворкі, дзе часам захоўваюцца некаторыя архаічныя рысы, неўласцівыя сучаснай літаратурнай мове. Выкарыстоўваюцца і даныя тапанімікі: у назвах вёсак, гарадоў, рэк, азёр зафіксаваны многія старажытныя словы, што затым выйшлі з агульнага ўжытку. Аднак асноўнай крыніцай нашых ведаў аб мове мінулых стагоддзяў з’яўляюцца пісьмовыя помнікі - рознага роду тэксты, якія ў большай ці меншай меры адлюстроўваюць стан мовы адпаведнай эпохі.
Паводле звестак вучоных, у нашы дні вядома каля 5000 розных (жывых і мёртвых) моў (па іншых звестках - 3000, ад 2500 да 5000), з якіх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мільярды жыхароў зямлі, а 4000 моў абслугоўваюць нязначную частку насельнікаў зямлі, іншы раз мовай карыстаюцца сотні і нават дзесяткі людзей. Напрыклад, англічане, аўстралійцы і насельніцтва ЗША гавораць на англійскай мове, большая частка народу Лацінскай Амерыкі - на іспанскай. У адной краіне часта гавораць на некалькіх мовах, напрыклад, у Інданэзіі налічваюць каля 200 моў, у Дагестане - недзе каля 30, у сучаснай Швейцарыі існуюць чатыры мовы - нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская, дзве мовы - французская і фламандская - выкарыстоўваюцца ў Бельгіі.
Усе мовы свету групуюцца паводле паходжання і гістарычнага развіцця, ці моўнай роднасці, паводле агульнага моўнага матэрыялу, ці генеалогіі. Так, паводле генеалагічнай класіфікацыі мовы аб’ядноўваюцца ў сем’і, а тыя ў залежнасці ад ступені блізкасці моў паміж сабой могуць падзяляцца на групы і падгрупы.
Навука пра мовы, якая называецца мовазнаўствам, або лінгвістыкай (ад лац. Lingua — мова), выдзяляе індаеўрапейскую, іберыйска-каўказскую, фіна-ўгорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-маньчжурскую, кітайска-тыбецкую, аўстраазіяцкую, дравідыйскую, семіта-хаміцкую, кайсанскую і іншыя сем’і моў.
Некаторыя мовы з’яўляюцца ізаляванымі, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп, напрыклад, японская мова, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская і інш.
Найбольшую цікавасць для нас мае індаеўрапейская сям’я моў, якая складаецца з наступных груп:
індыйская: мовы хіндустані, пенджабі, бенгалі, орыя, біхары, маратхі і інш., новаіндыйскія мовы, цыганская, а таксама мёртвыя мовы Індыі - санскрыт, пракрыты і інш.;
іранская: персідская, таджыкская, курдская, афганская або пушту, асецінская і мертвыя: старажытнаперсідская, скіфская, харэзмійская і некаторыя інш.;
балтыйская: літоўская, латышская, мёртвая пруская мова;
германская: паўночнагерманская падгрупа - дацкая, нарвежская, шведская, ісландская, фарэрская; заходнегерманская падгрупа - нямецкая, англійская, нідэрландская, або галандская, фламандская, фрызская, ідыш або новаяўрэйская усходнегерманская - мертвыя: гоцкая, бургундская, вандальская мовы;
раманская: іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, сардзінская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская, мертвая - лацінская;
кельцкая: гаэльская падгрупа - ірландская, шатландская, мова вострава Мэн; брыцкая падгрупа - брэтонская, уэльская або валійская; мёртвая корнская або карнуэльская; гальская падгрупа - гальская мова;
славянская распадаецца на тры падгрупы: усходнеславянскую: беларуская, руская, украінская; заходнеславянскую - польская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхне- і ніжне), а таксама мёртвая - палабская; паўдневаславянская - балгарская, славенская, македонская, сербскахарвацкая і мёртвая - стараславянская.
У індаеўрапейскую сям’ю моў уваходзяць і асобныя мовы: грэчаская, албанская, армянская і мёртвыя - старажытнагрэчаская і сярэднегрэчаская або візантыйская.
Найбольш цесную роднасць беларуская мова мае з суседнімі ўсходнеславянскімі мовамі - рускай і ўкраінскай. Тры роднасныя мовы развіваліся з агульнай усходнеславянскай мовы, якой карысталіся нашы далёкія продкі ў адзінай дзяржаве ўсходніх славян - Кіеўскай Русі. Беларуская мова, як і руская, і ўкраінская, пачала складвацца ва ўмовах феадальнай раздробленасці Кіеўскай Русі ХІ - ХІІ стст. на аснове тых дыялектных асаблівасцей, якімі адрозніваліся гаворкі былых усходнеславянскіх плямёнаў - дрыгавічоў, радзімічаў, заходніх крывічоў. У гэты час вызначаюцца найважнейшыя фанетычныя рысы беларускай мовы: прыдыхальны г [h] замест выбухнога г [g], зычны ў з былога в (кривда - крыўда), спецыфічныя чаргаванні ў словах глотка - глытаць, кроў - крывавы, блеск (бляск) - бліскавіца. Пазней, з ХІІ - ХІV стст., пачынаецца ўтварэнне мяккіх дз’, ц’ (дзіця, людзі), зацвярдзенне р (Дрыса, сентебра), узнікненне падоўжаных зычных (зелле, каменне, жыццё).
Перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якія паўплывалі на яе стан і развіццё. Да ліку такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X стагоддзі да хрысціянскай цывілізацыі. Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай мове і паступова выціснула язычніцкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, што існавалі ва ўсіх славян у IX стагоддзі. Са стараславянскай кніжнай мовай сутыкаюцца традыцыі вуснай мовы народа. У выніку сінтэзу гэтых дзвюх моў выпрацоўваецца варыянт пісьмовай мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі дыялектамі ўсходніх славян. Яе называюць старажытнай усходнеславянскай або старажытнарускай мовай. Гэта мова становіцца дзяржаўнай мовай Кіеўскай Русі. На ёй былі створаны такія сусветна вядомыя помнікі, як "Слова аб палку Ігаравым", творы Уладзіміра Манамаха, летапіс "Аповесць мінулых гадоў" і інш.
Надзвычай плённымі ў гісторыі беларускай кніжнасці і пісьменства былі XI-XII стагоддзі. Побач з традыцыйнымі богаслужэбнымі творамі на царкоўнаславянскай (стараславянскай) мове да нас дайшлі арыгінальныя творы старажытнай эпохі: словы, казанні, павучанні, малітвы Кірылы Тураўскага, пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У XII стагоддзі асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Яе жыццё і дзейнасць апісаны ў "Жыціі", складзеным пасля смерці адным з вучняў.
На тэрыторыі Беларусі існавалі такія буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці, як Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр, дзе перапісваліся царкоўныя, ствараліся і знаходзілі выйсце арыгінальныя творы. Значна больш помнікаў пісьменнасці не толькі рэлігійнага, але і свецкага характару дайшло да нас ад XIII стагоддзя. Гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы знойдзены ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе. I гэтыя помнікі шырока адлюстроўваюць асаблівасці народнай гаворкі таго часу, якія сталі спецыфічнымі рысамі сучаснай беларускай мовы. Такім чынам, у помніках, створаных на Беларусі ў X-XIII стагоддзях, выразна акрэсліліся рысы беларускай моўнай сістэмы.
У XIII стагоддзі Кіеўская Русь распадаецца. Узнікае Вялікае княства Літоўскае як саюз усходнеславянскіх княстваў (Навагрэдскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і іншыя) і на працягу XIV стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная, рознаканфесіяльная і шматмоўная. Этнічную большасць у Вялікім княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямёнаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычаі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую з даўніх часоў.
На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стагоддзяў склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова - старабеларуская. У той час яе называлі "просто мова", але можна сустрэць і тэрміны "просто молва" і "літоўская". Гэтая мова мела статус афіцыйнай дзяржаўнай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, таму ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На ёй існавала багатая літаратура, навуковая і мастацкая, летапісы, а з сярэдзіны XVI стагоддзя - тэксты Святога Пісання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый (Літоўская метрыка, Статут Вялікага княства Літоўскага). У апошнім даволі паслядоўна адлюстраваны найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкі і граматыкі, праведзена пэўная уніфікацыя графікі і арфаграфіі. Надзвычай шырока прадстаўлены тут усе тэматычныя пласты тагачаснай беларускай лексікі - ад назваў дзяржаўных рэалій, службовых асоб да найменняў прадметаў і з яў бытавога характару.
Высокі ўзровень мела ў XV-XVII стагоддзях беларускае свецка-мастацкае пісьменства, якое існавала ў такіх жанравых формах, як летапісы, мемуары, гістарычна-прыгодніцкія, рыцарскія аповесці і раманы, вершы, творы палітычнай сатыры і іншыя.
Пераклад і выданне на Беларусі рэлігійнай літаратуры звязаны з дзейнасцю такіх выдатных пісьменнікаў-асветнікаў, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Мсціславец, Мялецій Сматрыцкі, кнігі якіх увасобілі дэмакратызацыю царкоўнаславяншчыны ў напрамку больш зразумелага для чытача пісьма. Літаратурная мова часоў Вялікага княства Літоўскага, можна сказаць, была "нацыянальнай" літаратурнай мовай у тым сэнсе, што ў яе аснове ляжала беларуская мова, а не царкоўнаславянская ці якая іншая.
Аднак далейшае развіццё беларускай народнасці і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне Федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай у выніку аб'яднання Вялікага княства Літоўскага з Польшчай (Люблінская унія 1569 г.) мела вынікам значнае ўзмацненне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да Вялікага княства Літоўскага. Яна выяўлялася найперш у імкненні падпарадкаваць гэты край Кароне, у пашырэнні каталіцызму, польскай культуры, мовы.
З канца XVI стагоддзя на Беларусі распаўсюджваецца лацінская мова - афіцыйная мова Польскай дзяржавы. Яна пачынае выкарыстоўвацца ў судовай практыцы, навуковым ужытку, становіцца прадметам школьнага вывучэння. Экспансія польскай мовы асабліва пашыраецца ў XVII стагоддзі. Польская мова становіцца мовай канфесійнай палемікі свецкай літаратуры, выцясняе беларускую з прыватнага пісьмовага ўжытку. Творы, якія выходзяць на беларускай мове ў канцы XVI-XVII стагоддзяў, беспадстаўна напаўняюцца паланізмамі.
Засмечаная і сацыяльна непрыстыжная, беларуская літаратурная мова ўступае пазіцыі польскай. У 1696 годзе Варшаўскі Сейм канстатуе, што ў справаводстве Княства ўсе рашэнні павінны складацца на польскай мове. З гэтага часу афіцыйная пісьменнасць на беларускай мове спыняецца. Ад XVII- XVIII стагоддзяў дайшло да нас зусім мала помнікаў на беларускай мове. Гэта асобныя ананімныя, бурлескна-сатырычныя вершы, нешматлікія драматычныя творы. Але беларуская мова працягвае выкарыстоўвацца ў штодзённым ужытку сялян і іншых ніжэйшых колаў грамадства, якіх польская асіміляцыя амаль не закранула, гэта значыць, працягвае функцыянаваць і развіваецца як народна- дыялектная мова.
У канцы XVIII стагоддзя беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах. Некалі Вялікая Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у 1795 годзе перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Царскі ўрад ігнараваў не толькі дзяржаўную самастойнасць, але і этнічную, моўную, культурна-рэлігійную адметнасць беларускага народа. Загадам Мікалая I у 1840 годзе на Беларусі ў якасці афіцыйнай уводзіцца руская мова.
У гэты час (перыяд нацыянальна-культурнага заняпаду) у асяроддзі навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа, прызнанне гістарычнай ісціны, што толькі на аснове нацыянальных традыцый можна стварыць каштоўнасці агульначалавечага значэння, што пытанні "быць ці не быць беларускай культуры? Быць ці не быць самім беларусам?" вырашаюцца праз лёс роднай мовы. Такім чынам, у ХІХ стагоддзі пачынаецца фарміраванне новай мовы на аснове жывой народнай мовы беларусаў. Характэрныя рысы народных гаворак бачны ў ананімных творах "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе", а таксама ў працах па беларускай мове і літаратуры, створаных Я. Баршчэўскім, В. Дуніным-Марцінкевічам, Ф. Багушэвічам і інш.. Значны ўклад у развіццё беларускай мовы ўнёс Я. Чачот. Ён стаў першым аўтарам слоўніка беларусаў, які быў надрукаваны ў Вільні (1846 г.) у зборніку народных песень.
Сучасная літаратурная беларуская мова пачынае складвацца амаль праз два стагоддзі пасля спынення старабеларускай пісьмовай традыцыі. Складваецца на аснове жывой мовы народа. Працэс фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы супаў з перыядам славянскага Адраджэння, калі адбывалася фарміраванне славянскіх нацый і новых нацыянальных моў.
Першыя спробы кадыфікаваць правапісныя і граматычныя нормы былі зроблены Я. Лёсікам, які ў 1917 годзе апублікаваў лацінскім шрыфтам дапаможнік «Як правільна пісаць па-беларуску", а ў 1918 годзе на яго аснове быў выдадзены "Беларускі правапіс". У гэты час выходзяць і іншыя дапаможнікі: "Беларускі правапіс" А. Луцкевіча і Я. Станкевіча, граматыка П. Пачобкі і іншыя. Але найбольш значнай і ўдала распрацаванай сярод іх стала "Беларуская граматыка для школ" Б. Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918 годзе. Аўтар апісаў усе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання іх нарматыўнасці, правіл перадачы на пісьме. Ён здолеў акрэсліць асноўныя заканамернасці беларускай літаратурнай мовы, выявіць гістарычна- абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных асаблівасцей з цэнтральнымі гаворкамі, якія аб'ядноўваюць у сабе найбольш агульныя і пашыраныя рысы абодвух дыялектаў.
Выключных поспехаў у вывучэнні беларускай мовы, яе гісторыі, помнікаў беларускай пісьменнасці дасягнуў заснавальнік беларускай філалогіі Я.Ф. Карскі - аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, манаграфіі "Беларусы". У 1920 годзе быў створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва. У выніку збору і сістэматызацыі беларускай лексікі былі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны "Беларуска-расійскі слоўнік" (1925 год) і "Расійска-беларускі слоўнік" (1928 год) М.Я. Байкова і С.М. Некрашэвіча.
Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі "Спроба лігвістычнай геаграфіі Беларусі" ў 1928 годзе апублікаваў П.А. Бузук. Дыялектычны матэрыял, назапашаны Інстытутам мовы, літаратуры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Гісторыю беларускай мовы вывучалі П.А. Бузук, Я.Ф. Карскі і іншыя, фанетыку - Я. Лёсік, Воўк-Левановіч і іншыя.
З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча заканчваецца перыяд стыхійнага арфаграфічнага развіцця і пачынаецца этап арганізаванага рэгулявання беларускага правапісу. Гэты этап падзяляецца на два перыяды: дарэформенны і паслярэформенны.
Дарэформенны перыяд пачынаецца ў 1918 годзе выхадам "Беларускай граматыкі для школ" Б.Тарашкевіча і заканчваецца ў 1933 годзе.
Паслярэформенны перыяд пачынаецца ў 1933 годзе ў выніку прыняцця пастановы СНК БССР "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу". Гэтым дакументам былі ўнесены значныя змены ў правапіс ( замацаванне акання ва ўсіх ненаціскных складах пасля цвёрдых зычных, адмена перадачы на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, змяненні ў напісанні некаторых запазычаных слоў). Рэформа атрымала як станоўчую, так і негатыўную ацэнку. Яна не была прынята за межамі БССР (Заходняя Беларусь), і амаль усе замежныя выданні на беларускай мове карысталіся тарашкевічаўскім правапісам (крыху ўдасканаленым). У межах Беларусі правапіс развіваўся і часткова змяняўся. Асобныя папраўкі і ўдакладненні былі ўнесены ў 1957 годзе спецыяльнай пастановай Савета Міністраў БССР "Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу". Поўны звод афіцыйнага беларускага правапісу "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" быў апублікаваны ў 1959 годзе. Дадзеным варыянтам правапісу мы карыстаемся па сённяшні дзень.
Уздым у 20-ыя гады беларускай культуры, якая выкарыстала часовую магчымасць развіцця, прывёў да ўзнікнення вялікай колькасці беларускіх тэкстаў і далучэння да беларускага пісьмовага слова мільёнаў людзей.
У выніку ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. На ёй працавалі ўрад, дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, вялося навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ, ствараліся падручнікі, слоўнікі. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі.
Аднак ў 30-ыя гады працэс беларусізацыі спыняецца. У выніку "выкрыцця" і барацьбы з "нацыянал-дэмакратамі" гінуць грамадскія дзеячы, пісьменнікі, вучоныя, работнікі культуры і асветы. Беларуская мова паступова замяняецца рускай мовай у дзяржаўных установах, інстытутах. У 1938 годзе выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) "Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей".
У другой палове XX стагоддзя беларуская мова функцыянавала ва ўмовах канкурэнцыі з рускай. На працягу 50-80 гадоў не абароненая дзяржавай беларуская мова ўступала адну пазіцыю за другой рускай мове, якая, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову рэспублікі. Беларускія школы сталі рускамоўнымі, беларуская мова была выключана са сферы афіцыйнага ўжытку. Астраўкамі яе прымянення засталіся мастацкая літаратура, публіцыстыка, гуманітарная навука. Сітуацыя змянілася ў канцы 80-ых гадоў. Працэсы дэмакратызацыі грамадства, набыццё нашай рэспублікай суверэнітэту абвастрылі моўную праблему і абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы. У 1990 годзе беларускай мове, у адпаведнасці з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі Законам аб мовах (Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР), быў нададзены статус дзяржаўнай, які прадугледжваў найперш аднаўленне яе ў сферы афіцыйна-прававога ўжытку і адукацыі. Дзякуючы намаганням інтэлігенцыі, дзейнасці ўстаноў асветы, культуры, творчых саюзаў роля беларускай мовы ў жыцці грамадства значна ўзрасла. Пашырыліся яе функцыі ў сістэме адукацыі - спынена практыка пераводу школ на рускую мову навучання. Дзяржаўная падтрымка беларускамоўных выданняў, сродкаў масавай інфармацыі значна павялічыла аб'ём камунікацыі на беларускай мове.
Рэферэндум 1995 года замацаваў дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе ў рэспубліцы.
Нягледзячы на неспрыяльныя сацыяльна-палітычныя ўмовы, у якіх часта аказвалася беларуская літаратурная мова, развіццё на ёй розных жанраў мастацкай, публіцыстычнай, навуковай літаратуры не спынялася на працягу XX стагоддзя. Дзякуючы рознабаковай творчасці майстроў слова, вучоных беларуская мова стала здатнай да таго, каб ствараць на ёй самыя разнастайныя па характары і змесце творы. На беларускай мове выдадзены шматтомныя галіновыя энцыклапедыі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі, на ёй існуе багатая і самабытная мастацкая і публіцыстычная літаратура.
Кантрольныя пытанні
1 У якую сям’ю, групу і падгрупу ўваходзіць беларуская мова?
2 Якія моўныя групы ўваходзяць у індаеўрапейскую сям’ю моў?
3 Чым тлумачыцца блізкасць паміж славянскімі мовамі?
4 Як растлумачыць падабенства ўсходнеславянскіх моў? Чаму паміж імі існуе адрозненне?
5 Якія гістарычныя перыяды характарызуюцца значным развіццём беларускай мовы?
6 Калі адбылося зараджэнне новай беларускай літаратурнай мовы? Хто лічыцца пачынальнікам гэтай справы?
7 Якія асаблівасці развіцця нацыянальнай мовы ў пачатку ХХ ст.?
8 Што характэрна для мовы 30 — 80-х гадоў ХХ ст.?
9 Як вы ацэньваеце сучасны стан нацыянальнай мовы на Беларусі?
Практычныя заданні
№ 1 Прачытайце тэкст. Якія помнікі старажытнай пісьменнасці дайшлі да нас? Чаму Статут Вялікага княства Літоўскага называюць “першай еўрапейскай канстытуцыяй”?
Пісьмовыя помнікі старажытнасці
У XIV ст., пры Альгердзе (1296 - 1377), мова продкаў сучасных беларусаў стала афіцыйнай мовай канцылярыі і справаводства ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта, зразумела, спрыяла пашырэнню і развіццю беларускай пісьменнасці.
Да нас дайшло каля 600 кніг так званай Літоўскай метрыкі - архіва дзелавой пісьменнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага: разнастайныя дакументы, перапіска ўстаноў, справы судоў Менска, Гародні, Бярэсця, Слоніма, Магілёва, Полацка, Коўна, Вільні і іншых гарадоў, напісаныя на старажытнай беларускай мове.
Створанае на беларускай мове ў Вялікім княстве Літоўскім заканадаўства - багатая крыніца вывучэння гісторыі беларускай мовы, гісторыі Беларусі, Літвы, суседніх рускіх, украінскіх, польскіх зямель. Як прыклады заканадаўчых дакументаў, напісаных на беларускай мове, можна назваць Судзебнік караля Ягелонавіча (1468), Статут Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588).
Да нас дайшлі таксама хронікі - прыватныя запісы гістарычных падзей, напрыклад дзённік Фёдара Еўлашэўскага (1563 - 1604), Баркулабаўскі летапіс, напісаны ў Баркулабаве, каля Быхава, у канцы XVI - першыя гады XVII ст. У беларускіх летапісах і хроніках часта не толькі пералічваюцца падзеі, а ствараюцца жывыя карціны і малюнкі мінулых часоў.
У той перыяд былі створаны і лінгвістычныя працы: у 1596 г. з'явілася “Грамматіка словенска” Л. Зізанія, у 1619 г. - “Грамматики словенския правилное синтагма» М. Сматрыцкага. (Ф. Янкоўскі).
№ 2 Дапішыце наступныя сказы
1 Мова - з'ява грамадская, таму што ... . 2 Мова забяспечвае ... . 3 У вырашэнні пытання паходжання мовы можна выдзеліць два асноўныя накірункі ... 4 Самай старажытнай філасофскай канцэпцыяй паходжання мовы з'яўляецца ... 5 Асноўнымі функцыямі мовы ў грамадстве з'яўляюцца ... . 6 Нацыянальная мова - гэта ... . 7 Родная мова - гэта ... . 8 На аснове падабенства роднасныя мовы аб'ядноўваюцца ў ... . 9 Беларуская мова належыць да ... . 14. Славянская група распадаецца на ... . 10 У IX ст. усходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву... і першую літаратурна-пісьмовую мову... . 11На старажытнаўсходнеславянскай мове напісаны такія помнікі, як. . 12 Дзяржаўнай мовай у складзе Вялікага Княства Літоўскага была. . 13 Асноўнымі жанрамі літаратуры перыяду ВКЛ былі... . 14 У 1696 годзе Варшаўскі сейм прыняў пастанову... . 15 Пасля пераходу беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі беларуская мова ... . 16 Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы звязана з імёнамі ... . 17 У 1918-м годзе беларуская мова набыла статус ... . 18. Сфера выкарыстання беларускай мовы ў 30-80-я гады была ... . 19 У адпаведнасці з Законам "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у ... годзе беларуская мова стала ... .
№ 3 Прачытайце ўрывак. Якую ролю ў жыцці чалавека выконвае слова? У чым аўтар бачыць вытокі роднага слова?
Роднае слова. Яно ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ ў маленстве. У ціхім журчанні матчыных песень-калыханак, у яе пяшчотных ласках мы пачынаем улоўліваць яго своеасаблівыя формы і гучанне.
Потым у бесклапотным дзяцінстве яно ўводзіць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрывае нам роднае слова разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, уносіць нас у прывабную і захапляючую далячынь падзей у бабульчыных казках і легендах.
Затым у школе мы сустракаемся з ім на старонках кніг. Клапатлівыя настаўнікі расчыняюць перад намі дзверы ў гэтае бяскрайняе мора родных слоў. Па яго прасторах мы накіроўваемся ў далёкія вандраванні. Перад намі паўстае наша вялікая краіна. Мы чуем шум яе гарадоў, магутны гул нашык фабрык, заводаў і электрастанцый. Мы ўглядаемся ў прасторы калгасных палёў, у далёкія абшары лясоў. За бясконцымі шарэнгамі родных слоў у кнігах перад нашым зрокам праходзіць уся зямля, яе разнастайная прырода, яе шматвяковая гісторыя, розныя народы, іх звычаі і лёс.
Пасля мы забіраемся ў бяздонныя глыбіні гэтага мора слоў, адкрываючы там багацейшыя скарбніцы думак нашага народа, яго культуры. Мы ўваходзім у велічныя палацы навукі, дзе за разнастайнымі спалучэннямі слоў паступова ўлоўліваем усю складанасць і бясконцасць сусвету, захапляемся магутнасцю і вынаходлівасцю розуму людзей.
Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары (А.Крывіцкі) .
№ 4 Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку
Ці думалі вы пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, сяброў або аднавяскоўцаў, а як увогуле пра людзей з асобым характарам? Ці задумваліся, які ён, беларус? Што гэта за народ? Давайце паразважаем разам.
Адказаць на гэта пытанне цяжка. Як і паўсюль, ёсць сярод беларусаў розныя людзі. Аднак усё ж можна назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару.
Рысы аблічча беларуса мяккія, склад здаецца крыху далікатным, хоць для беларуса характэрна працавітасць, вынослівасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот. I гарт той застаўся ў яго характары на вякі.
Манера паводзін вызначаецца павольнасцю, стрыманасцю. Праўда, стрыманасць беларуса да пары. Пяройдзеш мяжу - і беларус пакажа, як паказаў у мінулай вайне, на што ён варты, калі вораг падніме руку на яго жыццё.
Уласціва нашым людзям знаходлівасць. Беларус - вялікі аматар пажартаваць, ён не можа абысціся без гумару. Беларусы адрозніваюцца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Яны звычайна мяккія, даверлівыя, пазбаўлены помслівасці. Галоўнае ў нашым характары - гасціннасць да добрых людзей. Па агульным назіранні, беларусам уласціва павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай (У. Караткевіч).
№ 5 Прачытайце выказванні пра мову на рускай мове, перакладзіце іх на беларускую. Якая роля надаецца мове ў жыцці кожнага чалавека?
По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, ноио его гражданской ценности. Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, - дикарь. Он вредоносен по самой своей сути, потому что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа (К. Паустовский).
Неряшливость в одежде - это неуважение к окружающим вас людям и к самому себе. Дело не в том, чтобы быть одетым щегольски. В щегольской одежде есть, может быть, преувеличенное представление о собственной элегантности, и по большей части щеголь стоит на грани смешного. Надо быть одетым чисто и опрятно, в том стиле, который больше всего вам идёт, и в зависимости от возраста. Язык в ещё большей мере, чем одежда, свидетельствует о вкусе человека, о его отношении к окружающему миру, к себе (Д. Лихачев).
№ 6 Прачытайце выказванні пісьменнікаў і паэтаў, прысвечаныя беларускай мове. Якая думка іх аб'ядноўвае?
Сама гісторыя ўладна і неабходна штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю беларускай мовы. I нават тыя, што адышлі ад яе, - я разумею, найлепшыя з іх - рана ці позна вяртаюцца да звонкага "дзе" і густога "чаго" (У. Караткевіч).
Кожнае адметнае слова, кожны асабісты выраз нашых беларускіх гаворак мы павінны з пашанаю сустракаць і з вялікай любасцю, як надзвычайную вартасць, далучаць у агульную скарбніцу нашае літаратурнае мовы, а не цурацца і не казаць неабачліва, што ў нас гэтак не кажуць... (Я. Лёсік).
Родная мова - галоўная з усіх навучальных прадметаў у школе, яна, родная мова, - акно ў свет, у пазнанне яго, у авалодванне выпрацаванай чалавецтвам культурай, здабыткамі навукі, у пазнанне людскога шчасця, святаў, барацьбы і перамог чалавецтва, усталявання хараства і гуманізму на зямлі. Без роднай мовы няма школы, няма народнай адукацыі для народа (Ф. Янкоўскі).
Спакон вякоў пяе народ,
I песні б'юць жывой крыніцай.
Мы плыні тых крыштальных вод
Спяшым з прыемнасцю напіцца.
3 грамадскіх сходзячых дарог,
Мы часта йдзём у цень дубровы
Грудзьмі прылегчы на мурог
I чэрпаць з гукаў роднай мовы
Нектар жывога пачуцця:
Па з'явах ў люстры гэтых водаў
Знаходзіць шлях свайго народу
У віры спрадвечнага жыцця... (С. Крывец).
Мова матчына! Гучная, звонкая,
Ты ўвайшла ў мае сэрца даўно,
То шапочаш бярозкаю тонкаю,
То шуміш залатой збажыной.
То звініш жаўруковаю песняю
Над абсягам прыціхлых палёў,
Ручаінамі звоніш прадвеснімі,
То курлычаш жальбой жураўлёў.
Набіралася моцы стагоддзямі,
Прыгажэла, мужнела, расла.
Не гублялі цябе, не знаходзілі -
Ты заўжды ў нашых сэрцах была (У. Ляпёшкін).
№ 7 Прачытайце ўрывак са старажытнага помніка ХII стагоддзя "Слова пра паход Ігаравы". Знайдзіце словы, якія і зараз выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.
Трубы трубятъ въ Новеграде - стоять стязи въ Путивле; Игорь ждетъ мила брата Всеволода. И рече ему Буй-Тур Всеволодъ: "Одинъ брат, одинъ свет светлый ты, Игорю, оба есве Святъславличя! Седлай, брате, свой бръзыи комони, а мои ти готови, оседлани у Курьска напереди. А мои ти куряни - сведоми къмети: подъ трубами повити, подъ шеломы възлелеяны, конец копия въскръмлени; пути имъ ведоми, яругы имъ знаеми, луци у нихъ напряжени, тули отворени, сабли изъострени, сами скачють, акы серый вълци въ поле, ищучи себе чти, а князю славы.
Тогда въступи Игорь князь въ златъ стремень и поеха по чистому полю. Солнце ему тьмою путь заступаше; нощь стонущи ему грозою птичь убуди, свисть зверинъ въ стада зби.
А половци неготовами дорогами побегоша къ Дону великому; крычать телегы полунощы, рци, лебеди роспужени. Игорь къ Дону вой ведеть. Уже бо беды его пасетъ птиць по дубию; влъци грозу въсрожать по яругамь; орли клекотомъ на кости звери зовутъ; лисици брешуть на чръленыя щиты! О Руская земле! Уже за Шеломянемъ еси!
№ 8 Выпішыце са сказаў выдзеленыя словы, вызначце сферу іх выкарыстання.
Не крычыце, чайкі, не завіце ў мора, я ж не салажонак, ведаю ваш нораў. (Х.Ж.) 2. А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. (Ермал.) 3. Сам чысты, тоўсты, і жонка - загладуха такая, што ў дзверы не пройдзе. (Кудр.) 4. А часу так не хапала: з раніцы да вечара ў чыталцы. Затым глытаў паэзію, прозу, крытыку. (Стр.) 5. Ён дакурыў самакрутку, кінуў маленькі бычок у цяпельца. (Мас.) 6. Індывідуальнасць - своеасаблівы і непаўторны жыццёвы шлях кожнага чалавека, умовы яго жыцця і дзейнасці, навучання і выхавання. (Нем.) 7. Васіль, паправіўшы дворнікі, хуценька сеў у машыну і паехаў у вёску па дзяцей. (І.Н.) 8. Мічман загадваў аднаму матросу задраіць з левага борта ілюмінатары, а другому аднесці прадукты ў камбуз. (Кудр.) 9. «Мой артыкул на першай паласе, а твой - размешчаны ў падвале!» - са злюсцю сказаў Міхась Пятровіч. (Мысл.) 10. Амбідэкстрыя можа быць з самага нарэджэння або ўзнікнуць у выніку трэніроўкі. (П. С.) 11. «Ведаеш, Андрэй, ці не ўліплі мы з гэтым дзядзькам: нешта ён дужа прыязна пазіраў на нас,» - заўважыў Янка. (К-с) 12. Цяпер зноў графік падціскае. Філоніць тут не будзеш. (Мысл.) 13. Бузу я раней цёр вялікую... Але ж, бачыш, кінуў я ўсю гэтую муру. (Лыньк.) 14. З дапамогай арала плытагоны стрымліваюць плыт. (Хадк.) 15. Фабіі бываюць пры неўрозах і псіхапатыях у псіхастэнікаў, а так- сама пры розных псіхозах з эмацыянальнымі расстройствамі. (П. С.)
Раздзел 2 Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы
Тэма 2.1 Лексіка беларускай мовы паводле паходжання і
сферы ўжывання
Лексіка беларускай мовы паводле паходжання (спрадвечна беларуская і запазычаная). Змены ў лексічнай сістэме беларускай мовы: актыўная і пасіўная лексіка. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання.
Метадычныя рэкамендацыі
Лексіка беларускай мовы паводле паходжанння
Лексіка беларускай мовы развівалася і ўзбагачалася на працягу многіх стагоддзяў. Паводле паходжання яна падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і лексіка іншамоўнага паходжання (малюнак 1).
Малюнак 1 - Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Агульнаславянскія словы сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах (напрыклад: усходнеславянскіх (беларускай, рускай, украінскай), паўднёваславянскіх (балгарскай, славенскай), заходнеславянскіх (польскай, чэшскай).
Гэта назвы асоб: маці, сын, сястра, брат, дзед; частак цела: глотка, калена, валасы; свойскіх жывёл: авечка, бык, карова, кабан, кабыла, конь, каза; дзікіх звяроў: воўк, ліса, заяц; птушак: бусел, галка, варона; прадметаў: калода, валун, жэрдка, вулей; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з'яў прыроды: заўтра, імгла, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць.
Агульнаўсходнеславянскія словы - з'яўляюцца здабыткам трох блізкароднасных моў: беларускай, рускай, украінскай: валачобнік, вяроўка, блёкат, бугор, засень, бязь, вулка, загана і інш.
Уласнабеларускія словы - складаюць самабытнасць і непаўторнасць беларускай мовы: вадзянік, ільнішча, каліва, чарніцы, векапомны, красамоўства, спаконвечны і інш.
Усе словы, якія беларуская мова захавала з перыяду агульнаславянскага, агульнаўсходнеславянскага адзінства, а таксама ўласнабеларускія, называюцца спрадвечна беларускімі, бо карысталіся імі носьбіты беларускай мовы здаўна - спрадвеку.
Акрэсліць час узнікнення спрадвечна беларускіх слоў, выявіць іх сувязі з блізкародаснымі мовамі дапамагаюць слоўнікі ("Этымалагічны слоўнік беларускай мовы", "Гістарычны слоўнік беларускай мовы".
Запазычаная лексіка - гэта вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей з іншымі народамі, а таксама цесных моўных кантактаў:
са славянскіх моў: - русізмы: аплот, аказаць, бальшавік, дзекабрыст, саратнік і інш.;
- украінізмы: боршч, журыцца, чупрына і інш.
З неславянскіх моў: - грэцызмы: акіян, этап, эпоха;
лацінізмы: акварыум, агітатар;
германізмы: штык, шпіль;
галіцызмы: суфлёр, пляж, сурвэтка і інш.
Экзатызмы - словы і выразы, якія запазычаны з малавядомых моў, звычайна неіндаеўрапейскіх, і ўжываюцца для надання мове асобага каларыту (цюркізмы, арык, кішлак, джыгіт).
Украпванні - гэта словы ці цэлыя выразы з якой-небудзь мовы, што захоўваюць сваю іншамоўную форму без усялякага змянення або транслітарыравана (warum? - з нямецкай - чаму?; white witch - з англійскай - белая ведзьма).
Варварызмы - іншамоўныя словы ці выразы, якія ў выніку афектацыі атрымоўваюць больш ці менш рэгулярнае ўжыванне ў мове - рэцэптары, але не засвойваюцца ў ёй да канца, часцей за ўсё ў сувязі з цяжкасцямі граматычнага засваення (сэ ля ві - з французскай - такое жыццё; о'кэй - з англійскай - усё добра, Dum spiro, spero - з лацінскай - пакуль дыхаю, спадзяюся).
Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя:
наяўнасць у слове ф: фарба, шафа, фасоля, Фёдар, Соф'я;
пачатковыя э, о і непрыставачнае а: эра, Эма, ода, опера, атака, Аляксей;
спалучэнні ге,ке, хе ў корані: агент, кельма, схема, Яўген;
спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;
спалучэнні двух галосных у корані: аул, ідэал, дуэт, гуаш;
цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дывідэнт, дыфтэрыя, дыван, дысцыпліна, медыцына, Атэла, Адэса, тыгр;
прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;
8) суфіксы -ізм, (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.
Лінгвістычнае запазычанне заўсёды было нармальнай функцыяй лінгвістычнага жыцця любой мовы. Гэта даволі працяглы моўны працэс, вынікам якога з'яўляецца паступовае засваенне слоў і структурных элементаў адной мовы іншай. Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.
Лексіка беларускай мовы паводле і сферы ўжывання
Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную лексіку (пашыраную ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага жыцця) і лексіку абмежаванага ўжывання (ужывальную пераважна ў межах пэўнай прафесіі, галіны навукі, асобнай групы людзей). Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца спецыяльная лексіка (наменклатура, прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная лексіка і аргатычная, малюнак 2.
Малюнак 2 - Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання
Да агульнаўжывальнай лексікі адносяцца словы, выкарыстанне якіх не залежыць ад месца жыхарства, прафесіі, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), прыналежнасцю да той ці іншай часціны мовы. Агульнаўжывальнымі могуць быць словы ўсіх лексіка-граматычных класаў: назоўнікі (школа, шчасце, каханне), прыметнікі (белы, дарагі, малады), дзеясловы (радавацца, хваліць, вучыцца), лічэбнікі (пяць, тысяча, адна другая),прыслоўі (важна, добра, моцна), займеннікі (я, нейкі, што), прыназоўнікі (аб, каля, у), злучнікі (а, ці, або), часціцы (аж, не, нават), выклічнікі (ах, гэй, о). Такія словы маюць устойлівую семантыку, з'яўляюцца агульназразумелымі і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы.
Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей, а таксама выкарыстанне якіх абумоўлена спецыфікай іх лексічнага значэння. У залежнасці ад таго, як яны выкарыстоўваюцца, у складзе лексікі абмежаванага ўжывання можна вылучыць наступныя спецыфічныя пласты:
лексіка, якая абмежавана тэрыторыяй ужывання:
дыялектная лексіка;
лексіка, якая характэрна сацыяльна абмежаванай групе людзей:
спецыяльная лексіка;
жаргонная і аргатыўная лексіка.
Падзел лексікі на агульнаўжывальную і абмежаваную ў выкарыстанні з'яўляецца ў пэўнай меры ўмоўным і патрабуе некаторых заўваг. Лічыцца, напрыклад, што прадметам лексікалогіі з'яўляецца толькі агульнаўжывальная лексіка, паколькі дыялектныя, жаргонныя, аргатыўныя словы і прафесіяналізмы знаходзяцца па-за межамі ўнармаванай літаратурнай мовы. І ўсё ж азнаямленне з лексікай абмежаванага выкарыстання неабходна па той прычыне, што яна пастаянна ўступае ва ўзаемадзеянне з агульнаўжывальнай лексікай, становячыся адной з найважнейшых крыніц узбагачэння апошняй новымі намінацыйнымі і выяўленча-стылістычнымі сродкамі.
Наменклатура - гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб'ектам навукі і тэхнікі (лазар "Дыполь", Стрымер- 499, супер-камп'ютар "Скіф" ).
Прафесіяналізмы - гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжываюцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў і
інш., напрыклад: бучы, таптухі, кашалі, крыгі - назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра - у будаўнікоў і г.д.). Значэнні гэтых слоў не ўключаюцца ў слоўнік.
Тэрміны (лац. terminus - мяжа) - словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус у матэматыцы, марфема, прыслоўе - у мовазнаўстве і г.д.).
Дыялектызмы - гэта словы, якія бытуюць у пэўных гаворках на пэўнай тэрыторыі і не ўваходзяць у склад літаратурнай мовы (картопля - бульба, тавар карова на Палессі і г.д.).
Жарганізмы (фр. jargon - умоўная гаворка) - гэта сукупнасць слоў, зразумелых вузкаму колу людзей, аб яднаных пэўнымі інтарэсамі ( дзед - салдат апошняга году службы, "хвост" па лабах, атрымаць "пару" у студэнтаў і г.д.).
Аргатызмы (франц. argot. - замкнуты, нядзейны) - спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей, адна з разнавіднасцей жаргоннай лексікі, умоўная, тайная мова, характарызуецца вузкаспецыяльнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэчанасцю (чуха - хачу, шывар - тавар, бан - вакзал).
У Расіі і ў Беларусі аргатычная лексіка пачала складвацца ў другой палавіне ХІХ ст.
Актыўная і пасіўная лексіка.
Паводле ступені ўжывальнасці лексіка беларускай мовы падзяляецца на актыўную і пасіўную, малюнак 3.
Большасць слоў беларускай мовы адносіцца да актыўнай лексікі. Гэта словы агульнавядомыя і шырокаўжывальныя. Пасіўную лексіку складаюць словы, якія носьбіты мовы ўжываюць рэдка. Гэтыя лексемы маюць адценне ўстарэласці або навізны.
Малюнак 3 - Актыўная і пасіўная лексіка беларускай мовы
Літаратура: [3, с. 4 – 10, 22- 25 ]
Кантрольныя пытанні
1 Што такое лексіка?
2 На якія групы падзяляецца лексіка паводле сфер яе выкарыстання?
3 Якія этапы ў развіцці беларускай арфаграфіі вы ведаеце?
4 Што вы можаце сказаць аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, што выйшлі ў 2008 годзе.
Практычныя заданні
№ 1 Выпішыце асобна словы агульнаўжывальныя і абмежаванага выкарыстання. Знайдзіце словы, якія ў залежнасці ад кантэксту можна аднесці і да адной, і да другой групы.
Аблуда, абстракцыянізм, аграрнік, адбухаць, адчуванне, адэкватны, акопнік, аксаміт, баланс, бацян, біхевіярызм, брамнік, бычок, вакцына, вуркаган, дворнікі, дзежка, каханне, керагаз, кок, лібіда, немка, пазёмка, псіхааналіз, радасць, раздражняльнік, рэакцыя, рэгулятар, рэчаіснасць, саманазіранне, свядомасць, страх, суфікс, сшытак, трансфармацыя, універ, успрыманне, халасцяк, чыталка, элемент, энергія.
№ 2 Прачытайце выказванні пісьменнікаў і мовазнаўцаў пра ўжыванне дыялектызмаў у мове мастацкай літаратуры. Ці можна выкарыстоўваць дыялектныя словы ў іншых стылях беларускай літаратурнай мовы?
1 Зусім няма патрэбы ўводзіць дыялектызм, калі ёсць адпа- ведныя агульнанародныя словы. Няма патрэбы пісаць, напрыклад, «махнытка», калі ёсць «галавешка». У некаторых мясцовасцях на Палессі пеўняў называюць кабанамі, дык не будзем жа мы пісаць «кабаны пяюць», хоць там іменна так і гавораць. (К.Крапіва)
«Густое ўжыванне дыялектызмаў, ды яшчэ ў мясцовым вымаўленні» М. Лужанін называе «крайнасцю»: «Тут патыхае небяспека - аўтар будуе сцяну незразумеласці паміж сабою і чытачом. Адно-два толькі ёмкія слоўцы (булы і выпілы) даў Колас свайму дзядзьку Есыпу, і перад намі жывы паляшук з яго гаворкай. І не трэба бясконца паўтараць якое-небудзь «ета», «быдта» ці што-не- будзь падобнае. Дарма думаюць, нібы такім спосабам можна перасягнуць Коласа, які, бачыце, апісваў Палессе з пазіцый «заезджага настаўніка Лабановіча». Класікі, уводзячы малазнаёмыя шырокаму чытачу словы, выходзілі пераможцамі ў абнаўленні і ўзбагачэнні лексікі, бо ведалі меру, мелі густ распазнаваць, што дае мове свежасці і сакавітасці, што губіць яе». (М.Лужанін)
Калі аўтар у пагоні за новымі словамі без патрэбы ўводзіць іх [правінцыялізмы], г.зн. калі літаратурная мова мае свае ўжо стабільныя словы, усім зразумелыя і вядомыя, то ён паступае няправільна. Але калі ён знойдзе добрае, трапнае слова, то чаму не ўвесці яго ў літаратуру? (Я.Колас)
Дапушчэнне ў літаратурную мову слоў з мясцовых дыялектаў, на наш погляд, магчыма, але пры той толькі ўмове, калі гэтыя словы дапаўняюць мову з семантычнага боку, уносяць новыя, невядомыя яшчэ адценні. Але побач з гэтым непажадана ўводзіць у літаратурную мову словы, якія бытуюць на абмежаванай тэрыторыі і не ўносяць у мову нічога новага, калі яны з'яўляюцца незразумелымі сінонімамі да агульнавядомых слоў, а яшчэ горш - іх варыянтамі. На жаль, слоў гэтай катэгорыі ў нашай беларускай літаратуры з лёгкай рукі некаторых пісьменнікаў развялося занадта многа. Што, напрыклад, даюць літаратурнай мове і каму зразумелыя словы: выразніў, лісцілі, смяцінка, нагруджваць, вірадавала, уваротка? (М.Лобан)
Само сабой разумеецца, што прынцыпы ўзнаўлення сацыяльна-тыпічнай характарыстыкі маўлення не могуць быць натуралістычнымі. Мастацкі твор не з'яўляецца помнікам або дакументам ні абласной дыялекталогіі, ні сацыяльнай жарганалогіі. (В. У.Вінаградаў)
Першае (што засмучае пры чытанні сучаснай мастацкай літа- ратуры) - гэта празмернае засмечванне нашай літаратурнай мовы дыялектызмамі, неапраўданае і мастацка немэтазгоднае ўвядзенне ў мову аўтара (падкрэсліваю: аўтара, а не яго героя!) слоў ці грама- тычных асаблівасцей вузкамясцовай гаворкі, - слоў і асаблівасцей, якія толькі робяць больш цяжкім разуменне і ўспрыняцце тэксту, і само сабой - толькі раздражняюць. У чытача яны выклікаюць зусім слушнае пытанне: навошта? Навошта - калі ёсць лепшае, прыгожае, ёмкае і агульнавядомае для ўсяго народа слова? Калі ёсць агульнапрынятая літаратурная норма? (Н.Гілевіч)
Многія сучасныя маладыя беларускія пісьменнікі шырока ўводзяць у літаратурны ўжытак вузкадыялектныя словы, практычна зразумелыя толькі невялікаму колу чытачоў... Падобная дыялекталізацыя слоўнікавага саставу толькі павялічвае розніцу паміж пісьмовай і разумовай формамі беларускай літаратурнай мовы ў галіне лексікі. (А.І.Жураўскі)
У мастацкім творы... кожны дыялектызм павінен быць матываваны пэўнымі мастацка-выяўленчымі, эстэтычнымі мэтамі. (М.М.Шанскі)
№ 3 Прачытайце сказы, выпішыце дыялектызмы, растлумачце іх значэнне. Вусна замяніце дыялектызмы агульнаўжывальнымі словамі.
1 Над пацямнелымі стагамі крычалі вароны і садзіліся на стромкія сцежары. (Грах.) 2. Маладыя жаўтаватыя апенькі і варушкі абляпілі пні. Іх несамнога: не іхняя яшчэ пара. (Пташ.) 3. Стаяла восень - чорствая, сухаватая - ужо капалі картоплі. (Ад.) 4. Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. (І.М.) 5. Дамовіліся так. Начавацьме хлопец тут, на ферме, разам з усімі намі. (Сач.) 6. Я ў сваёй хаце, а яна на кладзішчы. А там жа труну не адчыніш і не спытаеш: «Як жа ты тут, жонка? Ці мулка табе? Ці душна?» (Сіп.) 7. Стары сярмягу з вешака сарваў, накінуў хутка... (М.Т.) 8. Стокрылы вецер дол аблахаваў і вобзем кінуўся наўзбоч. (Гіл.) 9. Нечага гаварыць аб тым, чаго і ў жыцці нямашака. (Лыньк.) 10. Зашамрэлі мацней каласы. (Багд.)
№ 4 Прачытайце сказы, выпішыце дыялектызмы. Вызначце, як яны ўводзяцца ў тэкст (з тлумачэннем - без тлумачэння, у мове герояў - у мове аўтара). Вызначце значэнне дыялектных слоў, праверце свае меркаванні па дыялектных слоўніках.
1 Снег асеў, пацвярдзеў і пакрыўся гладкаю бліскучаю ска- рынкаю - шарпаком, як гаварылі ў Янкавічах. (Дал.) 2. «Садзіцеся, галубэ,» - ні то сярдзіта, ні то лагодна прамовіла Чапроўская. (Дал.) 3. Госця паставіла збанок, села насупраць, на столаку. (Дал.) 4. Мост быў чысты і нейкі белы; на пярэчках сядзелі вароны, нагінаючыся ўніз, гатовы былі адразу ўзляцець. (Пташ.) 5. Змагіцель кінуў у рот трускалку. (Каратк.) 6. Добра во, што дроў яны прывезлі яшчэ ў жніўні, адразу ж іх парэзалі, склалі ў вярсту. (В.Г.) 7. Бегала і на ферму, і з фермы праз дзядзінец ля плота ці праз свой гарод баразной між гранак. (Пташ.) 8. «Я ў калгасі лён брала», - сказала бабуля (І.К.). 9. Адале мароз ударыў, укаваў усё. (Міс.)
№ 5 Прачытайце. Назавіце жарганізмы. Адзначце, для мовы якой сацыяльнай групы людзей яны характэрны.
1 Дрэнна толькі, што пачалі давіць шпану ды ў прытулак за- біраць. (М.Л.). 2. У іх студэнцкім атрадзе былі дзяўчаты, хімічкі, як называлі іх, бо яны з хімфака. (І.К.) 3. Зойка праваліла літаратуру і цяпер бегала, наводзіла даведкі, куды можна паспрабаваць яшчэ здаць дакументы. (І.Ж.) 4. «Ты - добры чувак, я ведаў», - расчуліўся Квакула. (Міс.) 5. «Не палохай, начальнік! - здзекліва абарваў Максіма Аброць. Ты яшчэ смэргі падціраў, а Пятро Аброць у свет вялікі падаўся...Аброць сваю жыццёвую пайку ўдосталь рассмакаваў! Усё адно дзе падыхаць!.. мяне спаймаў, але я - пічкурык, плотка!». (В.Д.) 6. «Хо-хо...Думаў - застукае продак на месцы...» - радасна аддыхваецца Другі. (Міс.)
№ 6 Спішыце. Падкрэсліце жарганізмы, вызначце функцыю гэтых слоў у тэксце (характарыстыка героя, розных прадметаў і з'яў, сацыяльнага асяроддзя, выражэнне пазіцый аўтара).
1 «Алесь Раманавіч! - пачуўся голас шафёра. - Рэдактар кліча». Апрануўся па-ваеннаму, за пару мінут, думаў, што прапусціў недзе памылку... Нервы напяліся: няўжо прапусціў ляп? (Нов.). 2. Ты - малайчына. Ты - проста - малаток! (Міс.). 3. Да прыпынку якраз падышоў вялізны «Ікарус» з Кладна, і з яго павалілі «нашчадкі», што прыехалі ў госці і па каўбасы да «продкаў» (Каратк.). 4. Як вучоба мая, кажаш? Чорт яе ведае, часу не стала хапаць, «хвастоў» многа (Міс.). 5. Былы мой друг зрабіўся жмотам, прыварак чэрпае густы (Панч.). 6. «А мяне гэта не калыша...» - Валерка адвярнуўся, не глядзеў ні на яго, ні на зайца (Пташ.). 7. Гэтыя яшчэ не рашылі, куды пайсці, хоць выбар быў і не вельмі багаты: прашвырон, рака- вша і ракета. Прашвыронам на мясцовым жаргоне звалі магчымасць свабодна гуляць... ракавінай называлі танцпляцоўку, бо сховішча для музыкаў нагадвала марскую ракавіну, ракетай - кінатэатр (Стр.).
№ 7 Дайце характарыстыку лексікі дадзенага тэксту. Вызначце значэнне выдзеленых слоў шляхам падбору сінонімаў з агульналітаратурнай мовы.
Апоўначы ў шаламане мелася адбыцца талковішча. Сабраліся кукальнікі, фармазоны, шчыпачы, фортачнікі, шніферы, дамушнікі, макрушнікі. Выпадкова прыбіліся два фраеры і тры сяўкі.
Дзелавыя былі ў законе. Вырашана было вынаць патрах шырмача Ванечкі-малпы, які звёў шмару ў пахана... падлы. Ванечка лаяўся, плакаў, гнюсіў, гундзеў: не вінаваты я, шёб мяне ажанілі! У вочы я не бачыў тую Софачку.
Віцька-падла, не стары яшчэ вуркаган пяцідзесяці пяці гадоў, ужо вынаў «пёрышка», як раптам над ніжняй нарай нешта затрашчала і ўся кодла ўбачыла расхрыстаную Софачку.
- Дзяшоўка! - зароў Віцька. - Дрыхнеш, замест таго, каб хазу надыбаць. З-за цябе ледзь фартовага на пяро не пасадзіў! (Я.Таўшчэзны)
Тэма 2.2 Спецыяльная лексіка беларускай мовы.
Тэрміналогія ў сферы прафесійнай дзейнасці
спецыяліста. Тэрміналагічныя слоўнікі
Спецыяльная лексіка як частка лексічнай сістэмы сучасный беларускай літаратурнай мовы. Адрозненне тэрміналагічнай і прафесійнай лексікі.
Паняцце тэрміна і тэрміналогіі. Тэрміны вузкаспецыяльныя, агульнанавуковыя, міжнавуковыя.
З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі 14-17 ст. Тэрміналагічныя працы 20-х гадоў ХХ ст.
Беларускія тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі. Праблемы парадкавання і ўдасканалення сучаснай беларускай тэрміналогіі. Асаблівасці тэрміналогіі розных галін навукі і вытворчасці. Сучасны стан развіцця беларускай тэрміналогіі.
Спецыяльная лексіка беларускай мовы
Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, што ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці ці галіны навукі. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з'яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы.
Усе гэтыя разнавіднасці спецыяльнай лексікі аб'яднаны не толькі адной сферай зносін, але і абавязковай суаднесенасцю са спецыяльным (навуковым або тэхнічным), а не агульнаўжывальным паняццем. І тэрміны, і наменклатурныя назвы, і прафесіяналізмы з'яўляюцца назвамі спецыфічных рэалій або паняццяў са сферы навукі, тэхнікі, вытворчасці і г.д. У той жа час класы тэрмінаў і прафесіяналізмаў супрацьпастаўлены па прымеце «афіцыйнае, узаконенае, нарматыўнае найменне спецыяльнага паняцця» - «неафіцыйнае, неўзаконенае, ненарматыўнае найменне паняцця», а таксама сферай функцыянавання: для тэрмінаў - гэта пісьмовае маўленне, для прафесіяналізмаў - вуснае маўленне прадстаўнікоў розных прафесій.
Наменклатура, у сваю чаргу, супрацьпастаўляецца тэрміналогіі як сукупнасць найменняў прадметаў сукупнасці найменняў паняццяў. Наменклатурны знак называе канкрэтныя прадметы, дакладней клас аднародных прадметаў, а тэрмін - тэарэтычнае паняцце або агульнае паняцце пра клас прадметаў.
Наменклатура - гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб'ектам навукі і тэхнікі (лазер "Дыполь", Стрымер- 499, супер-камп'ютэр "Скіф" ).
Прафесіяналізмы - гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжываюцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў і інш., напрыклад: бучы, таптухі, кашалі, крыгі - назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра - у будаўнікоў і г.д.). Значэнні гэтых слоў не ўключаюцца ў слоўнік.
Тэрміны (лац. terminus - мяжа) - словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус - у матэматыцы, марфема, прыслоўе - у мовазнаўстве і г.д.).
Тэрміналогія ў сферы прафесійнай дзейнасці спецыяліста
Хуткасны прагрэс навукі і тэхнікі прыводзіць да ўзнікнення новых аб'ектаў, паняццяў, з'яў, што непасрэдным чынам знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўзбагачэнні спецыяльнай лексікі новымі лексічнымі адзінкамі.
Да спецыяльнай лексікі адносяць наменклатуру, прафесіяналізмы і тэрміны.
Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй, або тэрмінасістэмай. Кожная галіна навукі, тэхнікі, культуры мае сваю тэрмінасістэму. Напрыклад, існуе тэрміналогія лінгвістычная, эканамічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая, фізіка-матэматычная і інш. Такім чынам, для кожнай навукі існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай галіной. Акрамя таго, тэрміналогіяй яшчэ называюць сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы.
Спецыфічныя рысы тэрмінаў
1 Наяўнасць дэфініцыі (азначэння), г. зн., што сутнасць тэрміна павінна быць вызначана, а не растлумачана, як значэнне звычайнага слова.
2 Стылістычная нейтральнасць.
3 Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: рукаў (ракі), падол (гары), нос (мыс), калена, гняздо (металург.) і пад.
4 Адназначнасць, г. зн. кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце. Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, і мнагазначнасць знаходзіць пашырэнне ў тэрміналогіі (напрыклад, словаўтварэнне – «працэс утварэння новых слоў” і “раздзел мовазнаўства, які вывучае марфемную структуру і спосабы ўтварэння слоў”, абзац – «адступленне ўправа ў пачатку радка” і “частка тэксту паміж такімі адступленнямі”).
5 Сістэмнасць, г. зн., што кожны тэрмін з'яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрмінастрата тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад. Напрыклад, адназначнасць тэрмінаў падкрэсліваецца менавіта праз іх прыналежнасць адпаведнай тэрміналагічнай сістэме. Параўнайце: слова эліпс у мовазнаўстве - 'пропуск у маўленні слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту', а эліпс у матэматыцы - 'разамкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак застаецца пастаяннай'.
У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя адносіны, а таксама мець лексічныя дублеты або варыянты. Узнікненне тэрмінаў-варыянтаў і тэрмінаў-сінонімаў у беларускай мове тлумачыцца нераспрацаванасцю многіх тэрмінасістэм, абмежаванасцю ўжыванння беларускамоўных тэрмінаў і стыхійнасцю моўных кантактаў.
У выніку можна выдзеліць некалькі груп такіх тэрмінаў-сінонімаў:
два іншамоўныя тэрміны: гавань - порт, відэатэрмінал - дысплей, кадзіраванне - шыфраванне, камкордэр - відэакамера і інш.;
іншамоўны і ўласны тэрмін: квазістатычны працэс - раўнавагавы працэс, імпульс - колькасць руху, полісемія - мнагазначнасць і інш.;
поўны тэрмін і скарочаны, аднаслоўны: намінальная цана - намінал, крыптаграфічны дакумент - крыптаграма, заработная плата – зарплата і інш.
У тэрміналагічных сістэмах тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. Сустракаюцца тэрміны- антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці і паводле спосабу ўтварэння падзяляюцца на лексічныя (розныя лексемы з супрацьлеглым значэннем) - актыў - пасіў, бедная руда - багатая руда, дэ-юрэ - дэ-факта, лізіс - крызіс і інш.; словаўтваральныя (з антанімічнымі часткамі слоў - запазычанымі ці ўласнабеларускімі асновамі і прэфіксамі) - інтэрпаляцыя - экстрапаляцыя, баланс - дэбаланс, гіпертанія - гіпатанія, увод - вывад , гашаная вапна - нягашаная вапна і інш.
Тэрміны-амонімы часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве - гэта 'раздзел граматыкі, які вывучае формы слова', у анатоміі - 'навука аб форме і будове чалавека і жывёл', у батаніцы - 'навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін і пад.'.
Паводле ўжывання тэрміналагічная лексіка падзяляецца на агульнаўжывальную, якая ўваходзіць у лексіку агульналітаратурнай мовы, і вузкаспецыяльную, вядомую толькі спецыялістам пэўнай галіны ведаў. Агульназразумелыя, шырокаўжывальныя тэрміны дамінуюць у мове спецыялістаў "шырокага профілю", занятых у сферы спорту, музыкі, выяўленчага мастацтва і пад., таму сэнс іх вядомы і неспецыялісту: электрон, атам, кісларод, жанр, арыя, аэробіка. У асяроддзі т. зв. спецыялістаў "вузкага профілю" (дакладныя навукі, асобныя галіны мовазнаўства, эканоміка, права і інш.) пераважаюць вузкаспецыяльныя тэрміны (элятыў, семіётыка, інтэрфейс, інварыянт, субморф, валіза і інш.).
Распаўсюджванне навуковых і тэхнічных ведаў сярод людзей вядзе да таго, што некаторыя вузкаспецыяльныя тэрміны паступова становяцца агульназразумелымі і пераходзяць у агульнаўжывальную лексіку.
Узаемадзеянне тэрмінаў і агульнаўжывальнай лексікі адбываецца ў выглядзе двух працэсаў: тэрміналагізацыі (напрыклад, жытнёвае поле - магнітнае поле, ільняны пояс - экватарыяльны пояс) і дэтэрміналагізацыі, калі тэрмін пачынае ўжывацца па-за межамі вузкай спецыяльнасці і набывае агульналітаратурны статус. Напрыклад, слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмін, зараз шырока выкарыстоўваецца ў агульнанароднай мове.
Ад агульнаўжывальных тэрмінаў трэба адрозніваць словы агульнанавуковага выкарыстання з адцягненым, абстрактным значэннем, напрыклад, назоўнікі тыпу аперацыя, гіпотэза, мадэль, працэс, праблема, дослед, праграма, функцыя і інш., а таксама дзеясловы тыпу існаваць, характарызаваць, прадугледжваць, абгрунтоўваць, даказваць, вызначаць, функцыянаваць і інш., якія выкарыстоўваюцца для азначэння паняццяў, сцвярджэння думкі, актывізацыі мыслення, пабуджэння да дзеяння і шырока распаўсюджаны ў розных галінах навукі, тэхнікі і культуры.
Значны пласт тэрміналагічнай лексікі складаюць тэрміны- інтэрнацыяналізмы - словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні (Internet (Інтэрнэт), Word, ноўтбук, паскаль, камп 'ютар, ват і інш.). Шматлікія навуковыя тэрміны не з яўляюцца чыстымі інтэрнацыяналізмамі, а маюць у складзе інтэрнацыянальныя словаўтваральныя элементы тыпу: а-, астра-, мікра-, бія-,дэ-, лог-, ультра-, супер- і інш., напрыклад, апазіцыя, астраномія, мікраструктура, біясфера, дэмантаж, марфалогія, ультрагук, суперфасфат і інш.
Тэрміналагічная лексіка неаднародная паводле паходжання. У яе склад уваходзяць уласнабеларускія і запазычаныя з іншых моў словы. Сярод запазычанняў - лексемы лацінскай (аўдыт, актава, адсарбент, абсцыса, арксінус, аргумент, постфікс, канцэпцыя, дэпазіт), грэчаскай (гіпербалоід, гіпатэнуза, апафема, гематыт, графіт, амонімы, антытэза, стыль, аналогія), англійскай (медыкамент, маркетынг, прынтар, фальклор, бестселер, тэкст, вестэрн, мюзікл, дылер, блок), нямецкай (біржа, андэзіт, кварцавы, дызель, дросель, вінт), французскай (бюджэт, дэмантаж, рэле, жанр, верлібр, мадэрнізм, каларыт), італьянскай (адажыа, валюта, піяна, гальванометр, фірма, сола - вэксаль, банк) і іншых моў.
Асноўнымі прыкметамі запазычаных слоў з'яўляюцца:
нязменнасць назоўнікаў: табло, рэферы, ралі;
наяўнасць у слове гука [ф]: фізіка, фтор, нафталін, фактар;
наяўнасць не характэрных для беларускай мовы спалучэнняў галосных: ідэал, дуэт, кансіліум, бібліятэка;
спалучэнне ге, ке, хе: агент, схема;
спалучэнне бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, капюшон, фюзеляж, рэвю;
прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі-: амаральны, архіважны, антыцыклон, амфітэатр;
спалучэнне дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыван, дывідэнт, тыгр, тэрмін;
суфікс -ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-): арганізм, сацыяліст, капіраваць і пад.
Пры запазычванні слоў-тэрмінаў з іншых моў адбываецца адаптацыя, частковае падпарадкаванне іх законам беларускай мовы:
- гукі [ж], [дж], [р], [ў], [ч], [ш] вымаўляюцца цвёрда (брызент, джоўль, журы, чартар і інш.);
- фрыкатыўны гук [г] (гігіена, гіпотэза);
- аканне (геаметрыя, фальклор);
- дзеканне-цеканне (гандзізм, дзюбель, траверцін).
Словы іншамоўнага паходжання падпарадкоўваюцца графіцы і правілам арфаграфіі беларускай мовы (рус. фьючерс - бел. ф'ючарс, рус. география - бел. геаграфія, рус. автограф - бел. аўтограф, рус. биограф - бел. біёграф). Але не ўсе іншамоўныя тэрміны асвойваюцца ў беларускай мове, многія з іх складаюць выключэнні з правілаў напісання, напрыклад: дактыль, верлібр, камп'ютар, рэфрэн і многія іншыя.
Пры перакладзе іншамоўных слоў на беларускую мову:
не адбываецца пераход е ў я: перыметр, аперацыя;
э пішацца незалежна ад націску: дэтэрмінант, эксперымент;
пішуцца спалучэнні: -іо - у пачатку і ў канцы слоў (іон, Токіо); -іё-, -ія- - ыя- - у сярэдзіне слоў (аксіёма, дыяганаль);
гукі [д], [т] перад суффіксамі -ір-, -ін-, -ёр-, -еец-, -ейск-, -ік- перадаюцца літарамі дз, ц: камандзіроўка, валанцёр, арыенцір.
Паводле будовы тэрміны могуць быць аднаслоўныя (джоўль, прамая, прынтар) і шматслоўныя, тэрміны-словазлучэнні (дысперсія хвалі, інфрачырвонае выпраменьванне, апрацоўка ў акісляльным асяроддзі). Адметнасцю сучаснай тэрміналогіі з' яўляюцца трох- і большкампанентныя тэрміны, якія абазначаюць цэласнае паняцце.
Усе тэрміны паводле свайго ўтварэння падзяляюцца на некалькі груп у залежнасці ад спосабаў утварэння, да якіх адносяць лексіка-семантычны, сінтаксічны, суфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, аснова- і словаскладанне, складанасуфіксальны і абрэвіятурны.
Спосабы ўтварэння тэрмінаў
1 Лексіка-семантычны спосаб звязаны з т. зв. тэрміналагізацыяй агульналітаратурных слоў, якія шляхам пераасэнсавання набываюць новае тэрміналагічнае значэнне. Гэты спосаб даволі прадуктыўны пры станаўленні беларускай тэрміналагічнай лексікі: ячмень (бат.) і ячмень (медыц.), калена (с.- г.) і калена (металург.), барабан, валік, вочка (металург.), парасонік просты (бат.).
2 Сінтаксічны спосаб - спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў - самы прадуктыўны амаль ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Найбольшая колькасць тэрмінаў утворана па мадэлях: прыметнік+назоўнік, назоўнік+назоўнік і назоўнік+прыметнік+назоўнік, хоць у беларускай мове пашыраны і большкампанентныя словазлучэнні: патэнцыяльная энергія, дысперсія хвалі, рэгрэсіўная асіміляцыя, вільготнасць паветра, генератар пераменнага току, накапляльнік паласы на выхадзе з агрэгата і пад.
3 Суфіксальны (у тым ліку нульсуфіксальны) з'яўляецца вельмі пашыраным спосабам утварэння тэрмінаў:
ад уласных імёнаў і назваў з дапамогай суфіксаў -ізм-(-ызм-), -эізм-, - янств-(-іянств-), -ій (-ый), -іт-, -еўск- (-ск-), -ўств-, -ав-(Гандзі - гандзізм, Канфуцый - канфуцыянства, Хрыстос - хрысціянства, Эйнштэйн - эйнштэйній, Калумбія - калумбіт, Брайль - брайлеўскі шрыфт, Талстой - талстоўства, Дыяфант - дыяфантавы ўраўненні);
пры дапамозе прадуктыўных для беларускай тэрміналогіі суфіксаў -нн, - енн-, -энн-, -онн- для абазначэння працэсаў (даследаванне, акругленне, вылічэнне і інш.), суфікса -к- для абазначэння прадметнасці (насадка, наметка, наладка), суфікса -нік- (апыляльнік, карыстальнік);
пры дапамозе нулявога суфікса для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў (накіп, абмер, зрэз, напуск);
пры дапамозе інтэрнацыянальных суфіксаў -ізм-, -ізафікацы-(я), -фікацы-(я), -іст-, -аж-, -ацы-(я) і інш. (гістарызм, газіфікацыя, праграміст, мантаж, хімізацыя ).