
- •Кароткі канспект лекцый па спецкурсу «Гістарычная антрапалогія»
- •Месца гістарычнай антрапалогіі ў сістэме ведаў пра чалавека. Розныя трактоўкі гістарычнай антрапалогіі
- •Палеаантрапалогія як крыніца для гістарычных рэканструкцый
- •Гісторыя развіцця палеаантрапалогіі
- •Гісторыя вывучэння старажытнага насельніцтва Беларусі
- •Анатомія шкілету чалавека.
- •Рухаючыя сілы антропагенэзу. Існуюць розныя тэорыі, якія тлумачаць прычыны і механізм эвалюцыі чалавека. Найбольш вядомыя тэорыі прыведзены ў табліцы:
- •Прыстасавальны характар расавых прыкмет
- •Змешванне папуляцый
- •Найбольш характэрныя асаблівасці вялікіх рас:
- •Азіяцка-амерыканская вялікая раса (мангалоіды) уключае 9 рас іі парадку:
- •Экватарыяльная вялікая раса (негроіды) уключае 8 рас іі парадку:
- •Еўразійская раса (еўрапеоіды) уключае 5 рас іі парадку:
- •Антрапалагічны склад насельніцтва Ўсходняй Еўропы
Гісторыя вывучэння старажытнага насельніцтва Беларусі
Сістэматычныя археалагічныя раскопкі курганаў на тэрыторыі Беларусі пачынаюцца з сяр. ХІХ ст. Паколькі ў той час на Беларусі не існавала сваіх навукова-даследчых цэнтраў антрапалагічнага профіля, астэалагічныя матэрыялы, атрыманыя ў выніку раскопак, накіроўваліся на захаванне ў музеі за яе межамі.
Частка матэрыялаў трапіла ў Маскоўскі універсітэт і была даследавана рускімі антраполагамі (В.Н. Майноў), частка паступіла ў музеі Вільні і Кракава, дзе была даследавана польскімі антраполагамі (Ю. Талька-Грынцэвіч, А. Вжосек, Л. Седлячак).
У 20-я гады ХХ ст. ў БССР упершыню былі створаны свае навукова-даследчыя цэнтры, музеі, у якіх пачынаюць назапашвацца матэрыялы, атрыманыя ў выніку раскопак беларускіх археолагаў. У 1930 г. гэтыя матэрыялы былі даследаваны маскоўскім антраполагам Г.Ф. Дэбецам. Параўнальнае вывучэнне чэрапаў крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў дазволіла Дэбецу зрабіць выснову аб узаемным антрапалагічным падабенстве гэтых плямёнаў. Разглядаючы месца старажытных славян Беларусі ў сістэматыцы рас Усходняй Еўропы, Дэбец адзначыў іх выразны еўрапеоідны характар. Пазней, разглядаючы агульную сукупнасць крывіцкіх краніялагічных серый (пскоўскія, смаленскія, цвярскія, полацкія крывічы), Дэбец адзначыў яе неаднастайнасць: на ўсходзе, там, дзе курганы ўтрымліваюць фінскія ўпрыгожванні, часцей сустракаюцца сублапаноідныя прыкметы, ступень выражанасці еўраопеоіднасці памяншаецца. Пры гэтым заходняя галіна крывічаў (полацкія крывічы) прадстаўлена выражаным еўрапеоідным тыпам (Дэбец, 1948).
Краніялагічныя матэрыялы, якія захоўваліся ў Мінску, былі страчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пазней савецкія антраполагі, якія займаліся вывучэннем праблемы этнагенезу ўсходніх славян па дадзеных антрапалогіі (Т.А. Трафімава, В.П. Аляксееў, Т.І. Аляксеева), пры характарыстыцы сярэднявечных славянскіх серый з тэрыторыі Беларусі карысталіся пераважна дадзенымі вымярэнняў, апублікаванымі Г.Ф. Дэбецам.
У 1946 г. ў часопісе «Савецкая Этнаграфія» выйшаў артыкул Т.І. Трафімавай, прысвечаны праблеме этнагенезу ўсходніх славян. Даследчыца прапанавала сваю схему класіфікацыі антрапалагічных тыпаў усходніх славян, вылучыўшы ў іх складзе дзве групы – еўрапеоідную і ўрала-лапоноідную з наступным іх падзелам на асобныя тыпы. Трафімава ўнесла некаторыя ўдакладненні ў дачыненні да сярэднявечных славян Беларусі. У складзе курганных славян з тэрыторыі Беларусі Трафімова выявіла прысутнасць двух еўрапеоідных тыпаў: даўгагаловага шырокатварага і даўгагаловага вузкатварага. У складзе полацкіх крывічаў пераважае першы тып, у той час як у складзе дрыгавічаў і радзімічаў прасочваюцца дамешкі другога, вузкатварага тыпу.
Разглядаючы пытанне аб генезісе гэтых антрапалагічных тыпаў, Трафімава адзначыла, што шырокатвары еўрапеоідны тып, характэрны для курганных славян Беларусі, сустракаецца таксама ў драўлян, сярод некаторых фінскіх, балцкіх плямёнаў і на тэрыторыі Скандынавіі. Паколькі арэал пашырэння гэтага тыпу ахоплівае значную тэрыторыю, якая перасякае племянныя і этнічныя межы, Трафімава выказала меркаванне аб яго генетычнай сувязі з краманьёнскімі формамі верхняга палеаліту, якія маглі перажытачна захоўвацца ў пазнейшыя эпохі. Вузкатвары еўрапеоідны тып, на думку Трафімавай, з'яўляецца ў гэтым рэгіёне значна пазней, і фармаванне яго звязана з іншым арэалам. У эпоху сярэднявечча найбольшую антрапалагічную блізкасць з гэтым тыпам захавалі паляне, а на захадзе – славянскія плямёны Памор'я.
Да нашага часу дыскусійным застаецца пытанне аб ролі мясцовага і прышлага кампанентаў у фармаванні ўсходнеславянскага насельніцтва, а таксама пытанне аб зыходным антрапалагічным тыпе славянскіх мігрантаў, якія ўдзельнічалі ў засяленні Ўсходняй Еўропы. У свой час расійскі археолаг В.В. Сядоў зрабіў спробу дыферэнцаваць славян і балтаў на падставе аналізу пахавальнага інвентара і антрапалагічнага тыпу чэрапаў з курганоў Верхняга Падняпроўя. У выніку Сядоў прапанаваў тэзіс аб мясцовым, балцкім генезісе шырокатварасці; па меркаванні даследчыка, славяне адрозніваліся ад балтаў вузейшым тварам.
Новы этап у вывучэнні праблемы этнагенезу ўсходніх славян звязаны з даследаваннямі Т.І. Аляксеевай. Адзначыўшы агульнасць фізічнага тыпу заходніх крывічаў, радзімічаў і дрыговічаў, а таксама іх падабенства з сярэднявечным балцкім насельніцтвам, Аляксеева патлумачыла гэты факт адзінствам субстрата, звярнуўшы ўвагу на магчымы ўдзел плямёнаў культуры шнуравай керамікі і баявых сякер у генезісе як славян, так і балтаў. Па меркаванні Аляксеевай, рассяленне славян у рэгіёне адбывалася ў больш-менш аднастайным расава-генетычным асяроддзі.
У 1965 году пры сектары этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР упершыню была створаная група антрапалогіі, пазней рэарганізаваная ў аддзел антрапалогіі і экалогіі. З гэтага моманту ўзнаўляецца сістэматычны збор і планамернае даследаванне матэрыялаў па выкапнёваму і сучаснаму насельніцтву Беларусі.
У 1966-1971 гадах пад кіраўніцтвам І.І. Салівон былі праведзены раскопкі шэрагу закінутых сельскіх могілак XVIII–XIX ст. з розных рэгіёнаў Беларусі. Сабраны матэрыял мае вялікую каштоўнасць, паколькі з'яўляецца пераходным звяном паміж сучасным і старажытным насельніцтвам Беларусі. Параўнанне краніялагічных серый з вясковых могілак XVIII–XIX стст. і курганаў XI–XIII стст. дазволіла выявіць высокую ступень іх падабенства па асноўных расава-дыягнастычных прыкметах. На гэтай падставе Салівон зрабіла выснову аб генетычнай пераемнасці насельніцтва Беларусі, пачынаючы з эпохі сярэднявечча і да сучаснасці. Даследчыца таксама прасачыла кірунак эпахальнай структурнай зменлівасці шкілета і будовы галавы карэннага насельніцтва Беларусі на працягу апошняга тысячагоддзя, які праявіўся ў скарачэнні і пашырэнні мазгавога аддзела чэрапа (брахікефалізацыя), і менш выразна – у скарачэнні памераў тваравага і посткраніальнага шкілета (грацылізацыя).
Пазней, інтэрпрэтуючы спецыфіку краніялагічных асаблівасцяў сярэднявечнага і набліжанага да сучаснасці насельніцтва Беларусі, адзначыўшы іх протаморфны характар, Салівон зрабіла выснову, што нягледзячы на моцныя міграцыйныя хвалі носьбітаў культуры шнуравай керамікі, а пазней славян, генафонд старажытнейшага насельніцтва меў значную ўдзельную вагу ў фармаванні фізічнага тыпу больш стабільнага сельскага насельніцтва Беларусі.
У 80 – 90-я гг. вывучэннем краніялогіі сярэднявечнага насельніцтва Беларусі займаліся А.І. Кушнір і І.У. Чаквін. Чаквін ажыццявіў шэраг пластычных рэканструкцый знешняга аблічча старажытнага насельніцтва Беларусі. У 1987 г. Кушнір і Чаквін каротка апублікавалі вынікі даследаванняў сярэднявечнага насельніцтва Полацкай зямлі Х–ХIII стст. Аналіз новых матэрыялаў дазволіў даследчыкам выявіць у складзе масіўных, "класічных" форм полацкіх крывічаў шэраг адносна вузкатварых элементаў.
У гэты ж перыяд І.І. Салівон і А.І. Кушнір даследавалі серыю чэрапаў канца Х–ХVII стагоддзяў з тэрыторыі Беларускага Панёмання. Выснова: ў Х–ХIII стст. у Панёманні быў сканцэнтраваны арэал грацыльных мезакранных форм.
Пачынаючы з 2001 г. вывучэннем старажытнага насельніцтва Беларусі займаецца В.А. Емяльянчык. Акрамя традыцыйных краніяметрычных метадаў у праграму даследаванняў упершыню ўключаны палеадэмаграфічны аналіз і аналіз шкілетных індыкатараў стрэсу. Даследаваны новыя матэрыялы з курганных і грунтовых пахаванняў з тэрыторыі Полацкай зямлі ХІ–ХІІІ стст.; даследавана гарадское насельніцтва Беларусі XVII–XVIII стст. па матэрыялах пахаванняў у Полацку, Менску, Гарах Вялікіх, а таксама вясковае насельніцтва Полацкай зямлі XIV–XVII стст. (па матэрыялах пахаванняў з каменнымі абкладкамі).