
2. Прынцыпы сучаснай пунктуацыі
Сучасная пунктуацыя, адлюстраваная ў друкаваных тэкстах, уяўляе сабой сукупнасць агульнапрынятых, рэкамендаваных адпаведнымі дакументамі правілаў выкарыстання знакаў прыпынку і асаблівасцей іх індывідуальна-аўтарскага ўжывання.
Спрэчнае пытанне: якое чляненне маўлення фіксуецца пунктуацыяй – дэкламацыйна-псіхалагічнае ці сінтаксічна-сэнсавае або адразу абодва?
Асновай пунктуацыі для А.М. Пяшкоўскага з’яўляецца выключна рытмамеладычны бок маўлення. Ён лічыць, што пунктуацыя адлюстроўвае якраз “дэкламацыйна-псіхалагічнае чляненне маўлення”. Л.У. Шчэрба таксама асновай для пастаноўкі знакаў прыпынку лічыць “фразавую інтанацыю”, хоць пры гэтым дапускае дзеянне і іншых фактараў.
Аднак сродкі рытмамелодыкі ў многа разоў багацейшыя, чым сродкі пунктуацыі. Даволі часта рытмамеладычнае чляненне не супадае з чляненнем тэксту з дапамогай знакаў прыпынку.
Рытмамеладычнае чляненне ― гэта чляненне вуснага маўлення. Яно характарызуецца абавязковай наяўнасцю паўз паміж словамі, аб’яднанымі ў пэўныя сэнсавыя групы. Гэта т.зв. сінтагмы, або маўленчыя такты. Аднак гэтыя паўзы не абавязкова афармляюцца знакамі прыпынку.
Людзі ж яе [рабіну] як бы не заўважалі: спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі. (І. Мележ)
Іншы від члянення ― у пісьмовым маўленні. Сам прынцып члянення тут іншы. У пісьмовым маўленні графічна аддзяляюцца ці выдзяляюцца не сінтагмы (інтанацыйныя групы), а сказы і члены сказаў. Гэта таксама сэнсавыя групы, аднак іх выдзяленне заснавана на граматычнай структуры сказаў.
Сучасная пунктуацыя грунтуецца на трох прынцыпах ― граматычным (структурным), сэнсавым і інтанацыйным.
Граматычны прынцып (Л. Зізаній, М. Грэч). Знакі прыпынку абумоўлены структурай сказа, бо выдзяляюць сказы і часткі сказа з тым, каб лепш арганізаваць і аформіць пісьмовы тэкст. Структурны прынцып садзейнічае выпрацоўцы агульнаўжывальных правілаў пастаноўкі знакаў прыпынку. Знакі, пастаўленыя на яго аснове, не могуць быць факультатыўнымі. На сённяшні дзень гэтыя правілы дастаткова рэгламентаваныя і іх ужыванне ўстойлівае. Такія знакі прысутнічаюць у тэкстах любой стылістычнай прыналежнасці. Да іх можна аднесці, напрыклад, кропку, якая фіксуе канец сказа; знакі, што выдзяляюць разнастайныя канструкцыі, уведзеныя ў састаў простага сказа, але граматычна з ім не звязаныя (пабочныя, устаўныя канструкцыі, выклічнікі); знакі пры аднародных членах і г.д.
Граматычнае чляненне маўлення ў выніку адлюстроўвае чляненне лагічнае, сэнсавае, бо граматычна значымыя часткі супадаюць з лагічна значымымі, яны служаць іх выражэнню, і знакі прыпынку фіксуюць межы гэтых частак.
Сэнсавы прынцып (М.В. Ламаносаў, Ф.І. Буслаеў). Пастаноўка знакаў прыпынку абапіраецца на сэнс выказвання, якое перадаецца ў сказе, паколькі знакі прыпынку ажыццяўляюць падзел тэксту на часткі, якія маюць значэнне для выражэння думкі на пісьме. Там, дзе граматычныя адрэзкі маўлення супадаюць з яго сэнсавым чляненнем, т.зв. граматычныя знакі супадаюць з сэнсавымі.
Мне трэба паехаць у Мінск: ва універсітэце адбудзецца сустрэча выпускнікоў.
Жураўлі ляцяць высока – зіма яшчэ далёка.
Але часта якраз сэнсавае чляненне маўлення падпарадкоўвае сабе структурнае, г.зн. сэнс дыктуе адзіна магчымую структуру.
Хата накрыта саломай, з комінам.
Маці гаварыла доўга – толькі пра сына. Маці гаварыла доўга толькі пра сына.
Старэйшы брат – мой настаўнік. Старэйшы брат мой – настаўнік.
Ён быў шчаслівы, таму што прынёс гэтую навіну. Ён быў шчаслівы таму, што прынёс гэтую навіну.
Сэнсавы прынцы асабліва наглядны пры адасабленні, а таксама пры далучальных членах сказа, пры пастаноўцы знакаў прыпынку паміж аднароднымі азначэннямі.
Маці прыехала – у госці. Маці прыехала ў госці.
Бедная, рэдкая лістота дрэў была пафарбавана восенню.
Пах смачнага белага хлеба разносіўся па ўсім пакоі.
Канкрэтныя сэнсавыя адценні ў сказе могуць вар’іравацца, і таму ў пунктуацыі, заснаванай на гэтым прынцыпе, ёсць нешта суб’ектыўнае, індывідуальнае.
Ступаю на зямлю
І чую: звоняць рэкі
Світальнае – “люблю”,
Вянчальнае – “навекі”. (Я. Янішчыц)
Мы табой ганарымся – і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім! (У. Караткевіч)
Інтанацыйны прынцып (М. Сматрыцкі, Л.У. Шчэрба, А.М. Пяшкоўскі). Знакі прыпынку абумоўлены інтанацыйным афармленнем сказа, бо служаць для абазначэння рытмікі і мелодыкі мовы, яе тэмпу і паўз паміж сказамі і часткамі сказаў. Да інтанацыйных знакаў адносяцца клічнік пры зваротку, шматкроп’е ў канцы сказа, працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.
Ты – боль, паэзія. Ты – бой.
Ты – праўды непрыступнай вежа.
Я – праведнік і грэшнік твой,
Пусці – мяне ў сваё бязмежжа. (Л. Галубовіч)
Сама назва знаки препинания гаворыць пра тое, што пунктуацыю некалі цесна звязвалі з інтанацыяй вуснага маўлення, з яе адлюстраваннем у пісьмовым маўленні. Слова препинания (назоўны склон множны лік) ужывалася асобна і азначала прыпынкі (ад дзеяслова препинать ‘остановить какой-нибудь препоной, препятствием’). Самі знакі прыпынку таксама называліся препинания.
Пройдзе дождж, пойдзем у лес. Пройдзе дождж – пойдзем у лес.
Інтанацыйны прынцып другасны. Інтанацыя абумоўліваецца зададзеным сэнсам і перадае менавіта яго.
Ён пераступіў праз парог і, зняўшы шапку, спыніўся ля дзвярэй. – інтанацыя і структура сказа не супадаюць.
Такім чынам, існуючая пунктуацыя сістэмна арганізавана. Яе асновай з'яўляецца сінтаксічны лад мовы, яе структурныя і семантычныя заканамернасці. Структурны і сэнсавы прынцыпы цесна ўзаемазвязаны. Супадзенне структурных і сэнсавых паказчыкаў дае стабільныя знакі; разыходжане паміж імі нараджае варыянты ў афармленні. Сэнс дыктуе і інтанацыю, якая звычайна выступае як сродак выражэння сэнсу і, адпаведна, структуры. Аднак у некаторых выпадках структурна-сэнсавы паказчык можа быць настолькі ярка выражаны, што не патрабуе падмацавання інтанацыяй. Несупадзенне інтанацыі і пунктуацыі заключаецца заўсёды ў тым, што знак прысутнічае там, дзе патрабуе гэтага будова сказа, а не інтанацыйная паўза.
Прынцыпы дзейнічаюць у адзінстве, а выдзяляюцца намі толькі для зручнасці вывучэння. На самай справе, яны дзейнічаюць непадзельна, толькі з захаваннем пэўнай іерархіі.
Мяне заўсёды здзіўляе адна акалічнасць: мы ходзім па жыцці і зусім не ведаем і не можам сабе ўявіць, колькі найвялікшых трагедый, цудоўных учынкаў, колькі гора, гераізму, подласці і адчаю адбывалася і адбываецца ў любым кутку зямлі, дзе мы жывём. Мы проста не падазраём пра гэта.
А між тым знаёмства з кожным такім кутком зямлі можа ўвесці нас у свет людзей і падзей, дастойных заняць сваё месца ў гісторыі чалавецтва.
Усе знакі прыпынку ў тэксце структурна значныя. Яны падзяляюць сказы на адрэзкі незалежна ад канкрэтнага лексічнага напаўнення апошніх: размяжоўваюць часткі бяззлучнікавых складаных сказаў, выдзяляюць даданыя часткі ў складаназалежных сказах, фіксуюць сінтаксічную аднароднасць, выдзяляюць адасобленыя члены сказа, абазначаюць канец сказа і г.д. Двукроп’е сведчыць не толькі пра чляненне складанага сказа, а і пра сінтаксічныя адносіны паміж часткамі складанага сказа (сэнсавы прынцып).