
2. Правілы паводзінаў гаворачага
Добразычлівыя (прыязныя) адносіны да суразмоўцы – гэта асноўнае правіла ва ўзаемаадносінах. Негатыўныя ацэнкі асобы суразмоўніка (ты дурань, расцяпа, бесталач, не мялі глупства і да т. п.) катэгарычна недапушчальныя, яны не будуць садзейнічаць дасягненню мэты камунікацыі і паспяховаму суразмоўніцтву. Гэта важна ўлічваць і ў сямейных узаемаадносінах на ўсіх узроўнях. Фразы, якія дзеці чулі з дзяцінства, да якіх прывыклі (Адчапіся! Яшчэ чаго не хапала! Ды ты што! і да т. п.), яны прыносяць з сабой у новыя сем'і і працоўныя калектывы, памнажаючы тым самым сферу нядобразычлівасці і хамства.
Другое правіла патрабуе дэманстрацыі зацікаўленасці ў размове, захавання дарэчнай у канкрэтнай сітуацыі маўлення ветлівасці. Неабходна ўлічваць узрост, пол, службовае ці грамадскае становішча адрасата. Тое, што можна сказаць добра знаёмаму, сябру, малодшаму або роўнаму па ўзросту ў неафіцыйных абставінах, не заўсёды будзе дарэчным ва ўзаемаадносінах са старэйшымі, малазнаёмымі, у афіцыйных абставінах. Заўсёды неабходна імкнуцца пазбягаць празмернай катэгарычнасці. Сёння нават кіраўніку калектыву прынята выказваць сваё патрабаванне ў выглядзе просьбы. Каб пазбегнуць прамога адмаўлення ад даручэння, можна патлумачыць сваё адмаўленне занятасцю: На жаль, не магу выканаць ваша даручэнне, у мяне адказная тэрміновая праца, я яшчэ заняты. Не варта забывацца своечасова падзякаваць і папрасіць прабачэння, павіншаваць і падтрымаць у неабходны момант.
Трэцяе правіла – накіраванасць на ўзаемаразуменне. Таму, хто гаворыць, рэкамендуецца не ставіць у цэнтр увагі ўласнае "я", не навязваць упарта суразмоўцу ўласныя думкі і ацэнкі, умець прыняць і зразумець пункт гледжання партнёра, пранікнуцца да яго эмпатыяй. Эмпатыя заснавана на ўменні, якое вызначаецца імкненнем паставіць сябе на месца іншага, зірнуць на ўсё яго вачыма, адчуць яго стан і пазіцыю і ўлічыць гэта ў сваіх паводзінах. Эмпатыя – гэта спосаб разумення без асэнсавання, калі эмацыянальнае ўніканне ў пазіцыю іншага адразу ж прыводзіць да адпаведных уласных дзеянняў. Эмпатыяй усе валодаюць з дзяцінства. Аднак з узростам гэты механізм усё менш бывае задзейнічаны. Нам некалі, не хочацца разумець кожнага, у нас безліч сваіх праблем. Галоўным становіцца давесці сваю пазіцыю. Паступова губляецца ўнікальнае адчуванне да іншага, губляецца здольнасць разумець яго і замяняецца стэрэатыпамі. Таму варта памятаць, што эмпатыя – гэта ў першую чаргу адносіны да партнёра, зацікаўленыя, адкрытыя, даверлівыя. Напрыклад, па-рознаму можна адрэагаваць на фразу: Я ўчора хадзіла ў тэатр. Той, хто гэта сказаў, чакае ад суразмоўцы зацікаўленасці і пытанняў: Што Вы там глядзелі? Ці спадабалася пастаноўка? А можна часам пачуць: Я таксама нядаўна хадзіў... Я там сустрэў..., і ўсё далей пра сябе. Зразумела, што жаданне падзяліцца сваімі ўражаннямі і пачуццямі ў такім выпадку знікае. Трэцяе правіла нагадвае, што ў размове з іншым варта крыху прытрымаць сваё "я".
Чацвёртае правіла нагадвае, што ў гутарцы неабходна ў цэнтры ўвагі трымаць суразмоўцу, улічваючы яго асобу, дасведчанасць у тэме, ступень зацікаўленасці прадметам размовы. Неабходна пастаянна карыстацца моўнымі сродкамі адрасацыі, падтрымліваючы ўвагу, разуменне, цікавасць. Такія выразы, як вы, напэўна, ведаеце..., вам, відаць, будзе цікава пачуць..., паўторныя звароты, мімічныя і жэставыя знакі ўвагі, усмешка вельмі важныя для вядзення размовы.
Не менш важнае значэнне мае правільны выбар тэмы размовы, дарэчнай у канкрэтнай сітуацыі, цікавай і зразумелай для партнёра. Зразумела, што ў вучэбнай установе ці на працы і ў сям'і мы выбіраем розныя тэмы для суразмоўніцтва. Аднак ёсць і агульныя тэмы (надвор’е, здароўе, харчаванне, спорт), якія сігналізуюць пра наша жаданне ўстанавіць кантакт і праяўленне ўвагі да суразмоўцы. Можна нагадаць школьнікам, што існуе тыповая нацыянальна абумоўленая тэматыка суразмоўніцтва. У Англіі часцей, чым у іншых краінах, размаўляюць пра надвор’е, У краінах з устойлівым спрыяльным кліматам гэта тэма не абмяркоўваецца зусім. Пра сямейныя адносіны не прынята размаўляць з незнаёмымі людзьмі, а ў краінах Бліжняга Усходу пытанне да суразмоўцы пра яго жонку, яе здароўе лічыцца непрыстойным. У Японіі, наадварот, гутарка павінна пачынацца з абмеркавання надвор’я, здароўя суразмоўнікаў.
Увогуле ж, кожны павінен імкнуцца да цікавых, змястоўных паведамленняў, дарэчных і зразумелых для слухачоў. Выразы ж, якія не нясуць у сабе пэўнай інфармацыі для слухачоў (На дварэ восень. Сонца свеціць, але не грэе. Ідзе дождж. Куры схаваліся ў паветку і г. д.), выклікаюць раздражненне ў суразмоўцаў і характарызуюць прамоўцу як нецікавага, зануднага чалавека.
Варта таксама ўлічваць, што ступень сэнсавага ўспрыняцця і канцэнтрацыі ўвагі ў слухачоў абмежаваная. Даследаванні паказалі, што найбольш спрыяльная даўжыня вуснага выказвання роўная 5–9 словам, а час вуснага паведамлення без паўзы можа доўжыцца ад 45 секунд да паўтары мінуты, не больш. Гэта значыць, што гаварыць варта кароткімі фразамі, сачыць, каб слухачы не стамляліся, даваць ім адпачыць, робячы паўзы, зноў актывізаваць увагу паўторнымі зваротамі, апеляцыяй да слухачоў, аўтарызацыяй і адрасацыяй тэксту.
Нагадаем некаторыя метакамунікатыўныя моўныя сродкі, якія інфармуюць слухача аб намеры аўтара ўвесці новы аспект тэмы, аб пабудове тэксту, паслядоўнасці думак, накіраванасці думак адрасату і інш.: Мы ўжо закраналі з вамі гэту тэму; Неабходна яшчэ раз спыніцца на ...; Вы,напэўна, ведаеце, што...; Вернемся да сказанага раней...; Цяпер мы з вамі разгледзім...; Вы пераканаліся, што...; Вам, відаць, будзе цікава даведацца... Такія выказванні канцэнтруюць, пабуджаюць, арганізуюць увагу слухачоў, стымулююць іх разумовую дзейнасць.
Важнае значэнне мае і ўменне суразмоўцы правільна весці адбор моўных сродкаў у адпаведнасці з выбранай стылістычнай танальнасцю тэксту. Улічваецца не толькі адрасат, але і сітуацыя ўзаемаадносін, афіцыйнасць / неафіцыйнасць абставін. Розныя тэксты будуць атрымлівацца ў нас, калі будзем размаўляць у побытавым асяроддзі з блізкімі людзьмі (дома, з сябрамі) і ў нейтральных абставінах, з незнаёмымі людзьмі (у транспарце, у магазіне, паліклініцы). I зусім іншае маўленне будзе гучаць у навуковым, вучэбным, прафесійным асяроддзі. Нельга сабе ўявіць, напрыклад, што бацькі скажуць сыну: Неабходна знайсці кансэнсус: хто будзе глядзець тэлевізар вечарам; Відаць, трэба будзе прыняць крайнія меры, звярнуцца да рэферэндуму. Праўда, часам дапускаюцца іншастылёвыя ўвядзенні, апраўданыя мэтай ужывання: адрасат іранізуе або парадыруе спецыяльна.
Яшчэ адна ўмова паспяховага суразмоўніцтва. Той, хто гаворыць, павінен заўсёды памятаць, што суразмоўца яго не толькі чуе, але і бачыць, успрымае невербальныя сігналы камунікацыі: жэсты, міміку, паставу, агульную манеру трымацца. Таму трэба перш за ўсё захоўваць прынятую ў канкрэтнай нацыянальнай і сацыяльнай культуры дыстанцыю паміж сабой і партнёрам.
Існуе пэўная мяжа ў выбары дыстанцыі паміж суразмоўцамі. Звычайна, чым больш людзі зацікаўлены адзін у адным, тым бліжэй яны сядзяць або стаяць у адносінах адзін да другога. Ад узроўню ўзаемаадносін людзей залежыць адлегласць паміж імі. Псіхолагі выявілі найбольш прыдатныя межы дыстанцыі паміж суразмоўцамі:
інтымная адлегласць (да 0,5 м) адпавядае вельмі блізкім адносінам; можа сустракацца таксама ў спорце, танцах, дзе неабходна судакрананне партнёраў;
міжасобасная адлегласць (0,5–1,2 м) – для размоў сяброў з дакрананнем або без дакранання адзін да аднаго;
сацыяльная адлегласць (1,2–3,7 м) – для нефармальных, сацыяльных і дзелавых адносін, пры гэтым верхняя мяжа больш адпавядае фармальным адносінам;
публічная адлегласць (3,7 м і больш) – на гэтай адлегласці не лічыцца грубым абмяняцца некалькімі словамі або ўстрымацца ад адказу на пытанні [9, с. 262–263].
Правілы захавання дыстанцыі значна змяняюцца ў залежнасці ад полу, узросту, узроўню культуры і нацыянальных традыцый. Вызначана, што адлегласць уплывае на самаадчуванне людзей: чым бліжэй знаходзяцца суразмоўцы, тым менш яны глядзяць адзін на аднаго, як быццам у знак узаемнай павагі. Наадварот, калі адлегласць вялікая, то ўдзельнікі размовы больш пазіраюць адзін на другога, карыстаюцца жэстамі для захавання ўвагі. Збліжэнне і аддаленне суразмоўцаў мае і псіхалагічнае значэнне. Існуе паняцце "сваёй тэрыторыі". Замах на "чужую тэрыторыю", як правіла, выклікае пратэст. Празмерная актыўнасць суразмоўцы, фізічнае прыбліжэнне можа быць успрынята як спроба навязаць сваю думку, як імкненне прыгнесці яго волю. У маўленчых узаемінах не зусім блізкіх людзей фізічны кантакт (дотыкі) часцей за ўсё непажаданы, ён адмоўна ўплывае на поспех суразмоўніцтва, сведчыць пра няўпэўненасць суразмоўцы або, наадварот, пра яго самаўпэўненасць, ганарыстасць. Неабходна таксама кантраляваць сваю жэстыкуляцыю, не размахваць залішне рукамі. Слухачу неабходна адчуваць, што яго паважаюць, пасылаюць яму дадатковыя добразычлівыя жэставыя і мімічныя сігналы, дадаткова стымулюючы ў ім кантакт увагі, рытмізуюць жэстамі сваё маўленне і выдзяляюць у ім галоўнае.