Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
S_V_Zygmantovich_ORGANIZATsIYa_I_TEKhNOLOGII_BI...doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.65 Mб
Скачать

5.3. Даведачныя выданні і фактаграфічныя бд у дбф бібліятэкі

У складзе ДБФ бібліятэкі адметная роля належыць даведачным выданням. Як і афіцыйныя дакументы, яны прадстаўлены на розных носьбітах інфармацыі, у розных формах – друкаванай і электроннай, могуць быць даступныя праз тэлекамунікацыйныя сродкі сувязі.

Даведачнае выданне – гэта выданне, якое змяшчае звесткі навуковага або прыкладнога характару, размешчаныя ў зручным для хуткага адшукання парадку, не прызначаныя, як правіла, для суцэльнага чытання. Асноўны змест даведачных выданняў ствараюць дакладныя новыя навуковыя ці практычныя даныя. Прадстаўленне гэтых даных у даведачным выданні павінна адпавядаць патрабаванням навуковасці і наратыўнасці, сістэмнасці арганізацыі матэрыялу, хуткага і шматаспектнага пошуку інфармацыі, аўтарская інтэрпрэ­тацыя якой зведзена да мінімуму. Даведачныя выданні выконваюць функцыю ўшчыльнення ведаў, навуковага згортвання інфармацыі для дасягнення навуковай ёмістасці і магчымасці хуткага знаходжання неабходных фактаў, апісанняў разнастайных прадметаў і з'яў і інш. Узровень паўнаты даведачнай інфармацыі залежыць ад непасрэднага чытацкага і мэтавага прызначэння. Асноўным структурным элементам даведачных выданняў з'яўляецца даведачны артыкул, які змяшчае кароткі і дакладны адказ на канкрэтнае пытанне. Галоўнымі ў даведачным артыкуле з'яўляюцца фактычныя даныя. У энцыклапедыях, слоўніках артыкулы размяшчаюцца пераважна ў алфавітным парадку, у даведніках звычайна выкарыстоўваецца пэўная лагічная структура. Пошукавыя магчымасці даведачных выданняў пашыраюць элементы даведачнага апарату: змест, прадмова, пералік умоўных скарачэнняў, спісы літаратуры, дапаможныя паказальнікі.

Сярод відаў даведачных выданняў выдзяляюць энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі. Да даведачных выданняў адносяць таксама календары знамянальных і памятных дат, хронікі падзей, статыстычныя, юрыдычныя, краіназнаўчыя атласы, музейныя, наменклатурныя каталогі, каталогі выставы і інш.

Энцыклапедыі – даведачныя выданні, якія змяшчаюць у абагульненым выглядзе асноўныя звесткі па адной ці ўсіх галінах ведаў і практычнай дзейнасці, выкладзеныя ў выгля- дзе кароткіх артыкулаў, размешчаных у алфавітным ці іншым парадку. У залежнасці ад зместу ўключаемых звестак вылучаюцца універсальныя (агульныя), спецыялізаваныя (шматгаліновыя, галіновыя, тэматычныя, персанальныя), рэгіяналь­ныя (універсальныя ці спецыялізаваныя) энцыклапедыі.

Энцыклапедыі адрозніваюцца таксама па мэтавым прызначэнні, яны бываюць навуковага ці навукова-папулярнага характару. Паводле чытацкага прызначэння энцыклапедыі часцей за ўсё арыентаваны на спецыялістаў і шырокія колы карыстальнікаў. Галіновыя энцыклапедыі пераважна разлічаны на спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Існуюць энцыклапедыі, разлічаныя на чытацкія катэгорыі пэўнага ўзросту; улічваюцца таксама прыметы полу, інтарэсы і захапленні (напрыклад, энцыклапедыі для жанчын, паляўнічых, сабакаводаў і інш.).

Вылучаюцца таксама энцыклапедычныя слоўнікі – даведачныя выданні, матэрыял у якіх сабраны ў адпаведнасці з патрабаваннямі да энцыклапедычных выданняў, але пададзены больш сцісла і размешчаны ў алфавітным парадку.

У энцыклапедыях шырока распаўсюджаны прыартыкульныя спісы літаратуры, з дапамогай якіх карыстальнік можа атрымаць інфармацыю, звярнуўшыся да найбольш аўтары­тэтных і даступных выданняў, а ў бібліяграфічнай дзейнасці яны шырока выкарыстоўваюцца не толькі з мэтай фактаграфічнага пошуку, але і тэматычнага.

У складзе ДБФ усіх бібліятэк неабходна мець універ­сальныя энцыклапедычныя выданні, шматтомныя галіновыя энцыклапедычныя выданні. У бібліяграфічнай рабоце буйнейшых бібліятэк выкарыстоўваюцца таксама замежныя энцыклапедычныя выданні, энцыклапедыі і энцыклапедычныя слоўнікі ранейшых гадоў выданняў.

Галіновыя і тэматычныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя слоўнікі маюць канкрэтнае мэтавае і чытацкае прызначэнне і таму адносяцца да ліку тых спецыялізаваных даведачных выданняў, якія павінны быць прадстаўлены ў ДБФ галіновых аддзелаў УНБ, у філіялах ЦБС, якія маюць карыстальнікаў – спецыялістаў у дадзенай галіне, у ДБФ спецыяльных навуковых і навукова-тэхнічных бібліятэк. Галіновыя, тэматычныя энцыклапедыі, прызначаныя больш шырокаму колу чытачоў, уключаюцца ў ДБФ бібліяграфічнага аддзела.

Слоўнікі складаюць вялікую, разнастайную па характары і прызначэнні, важную для ДБФ групу даведачных выданняў. Слоўнікі – гэта даведачныя выданні, якія змяшчаюць упарадкаваны паводле пэўных прымет пералік моўных адзінак (слоў, словазлучэнняў, фраз, тэрмінаў, імён, знакаў). Існуюць моўныя і тэрміналагічныя віды слоўнікаў.

Моўныя слоўнікі змяшчаюць пералік моўных адзінак з іх характарыстыкамі або перакладамі на іншую мову. Яны апіс­ваюць лексіка-семантычную структуру мовы, падтрымлі­ваюць нормы літаратурнай мовы. Паводле мэтавага прызначэння моўныя слоўнікі падзяляюцца на навуковыя (адлю- строўваюць вынікі лінгвістычных даследаванняў, уключаюць не толькі словы літаратурнай мовы, але і дыялекты, лексіку ранейшых часоў); нарматыўныя (арфаграфічныя – прыво- дзяць нарматыўнае напісанне слоў); тлумачальныя і фразеалагічныя (уключаюць тлумачэнні слоў, словазлучэнняў, прыклады ўжывання і іншыя звесткі); вучэбныя; папулярныя.

Значную даведачную ролю ў дзейнасці бібліёграфаў адыгрываюць моўныя слоўнікі, дыферэнцыраваныя па зместу, характару інфармацыі: арфаэпічныя (створаныя з мэтай нар­малізацыі вуснай мовы, удакладнення вымаўлення і націску); этымалагічныя (накіраваныя на раскрыццё паходжання слова); мовы пісьменніка; замежных слоў (адлюстроўваюць працэсы моўнага ўзаемадзеяння і растлумачваюць значэнне замежных слоў); сінонімаў; антонімаў; амонімаў; неалагізмаў; архаізмаў; размоўнікі (папулярныя двух- ці шматмоўныя, якія змяшчаюць агульнаўжывальную ці спецыяльную лексіку і фразеалогію і служаць дапаможнікам для зносін).

Тэрміналагічныя слоўнікі – гэта слоўнікі, якія адлюстроўваюць тэрміны якой-небудзь галіны ведаў або тэмы і тлумачаць паняцці. Выдзяляюцца нарматыўныя, вучэбныя і папулярныя тэрміналагічныя слоўнікі; паводле зместу адлюстроўваемай інфармацыі – шматгаліновыя, галіновыя, па вузкіх спецыяльнасцях. Галоўная частка артыкулаў у гэтых выданнях – азначэнне паняццяў. Тэрміналагічныя слоўнікі выкарыстоўваюцца не толькі спецыялістамі. Так, да філасофскага слоўніка, слоўніка па этыцы і іншых могуць звяртацца розныя групы чытачоў, якія займаюцца самаадукацыяй, навучэнцы. Шмат выдаецца слоўнікаў, якія маюць канкрэтны чытацкі адрас.

Моўныя і тэрміналагічныя слоўнікі знаходзяцца ў ДБФ бібліяграфічнага аддзела або галіновых аддзелаў. Пры наяўнасці спецыялізаваных чытальных залаў яны ўваходзяць у іх ДБФ і выстаўляюцца на полках для адкрытага доступу. Для чытачоў, якія працуюць з замежнай літаратурай і вывучаюць замежныя мовы, створана вялікая колькасць двухмоўных і шматмоўных слоўнікаў. Яны павінны быць сканцэнтраваны ў аддзелах абслугоўвання, а таксама ў аддзелах літаратуры на замежных мовах.

Даведнік – гэта выданне, у якім адлюстроўваецца комплекс звестак па пэўнай галіне ведаў, дзейнасці, тэме. Даведнікі вызначаюцца практычным характарам. Яны даволі разнастайныя па тэматыцы, аб’ёме, структуры і прызначэнні. Паводле мэтавага прызначэння вылучаюцца навуковыя, вытворча-практычныя, вучэбныя, навукова-папулярныя, даведнікі па арганізацыі вольнага часу, даведнікі-хронікі і інш.

Навуковыя даведнікі арыентаваны галоўным чынам на навукоўцаў, спецыялістаў і тых, хто навучаецца па спецыяльнасці. Асобным тыпам навуковых даведнікаў з’яўляюцца біяграфічныя даведнікі (слоўнікі), якія змяшчаюць звесткі аб жыцці і дзейнасці асоб; біябібліяграфічныя даведнікі (слоўнікі), што змяшчаюць біяграфічныя звесткі аб асобах, спісы іх прац і літаратуры, якая асвятляе іх жыццё і дзейнасць; даведнікі-вызначальнікі змяшчаюць даныя аб якіх-небудзь аб’ектах і спрыяюць іх ідэнтыфікацыі.

Вытворча-практычныя даведнікі змяшчаюць даныя, неабходныя ў рабоце спецыялістаў пэўнай прафесіі.

Навукова-папулярныя даведнікі садзейнічаюць папулярызацыі ведаў, маюць спрошчаную пабудову, даступны, лаканічны характар выкладання матэрыялу.

Вучэбныя даведнікі змяшчаюць звесткі ў дапамогу вучэбнай дзейнасці школьнікаў, студэнтаў па пэўным прадмеце, вучэбнай дысцыпліне.

Статыстычныя даведнікі змяшчаюць лічбавую інфарма­цыю, якая характарызуе стан, развіццё розных сфер грамадства, галін, кірункаў дзейнасці.

Адрасныя, арганізацыйна-фірменныя даведнікі змяшчаюць алфавітныя або сістэматычныя пералікі адміністрацыйных органаў, грамадскіх арганізацый, фірмаў, прадпрыемстваў з указаннем іх адрасоў, тэлефонаў, выпускаемай прадукцыі, аказваемых паслуг і іншай інфармацыі.

Даведнікі-хронікі – выданні, якія змяшчаюць паслядоўны (па гадах, месяцах, датах) запіс фактаў і падзей па той ці іншай тэме, праблеме.

Праспекты–даведнікі або рэкламныя выданні, якія змя- шчаюць сістэматызаваны пералік паслуг, прадметаў, прызначаных да выпуску, на продаж ці да экспанавання.

Каталогі – нарматыўныя, вытворча-практычныя, даведачныя або рэкламныя выданні, якія змяшчаюць сістэматы­заваны пералік прадметаў ці паслуг, што маюцца ў наяўнасці. Каталогі бываюць музейныя, выстаў, прамысловыя, наменклатурныя і інш.

Існуюць даведнікі, дзе ўтрымліваюцца звесткі аб якім-небудзь геаграфічным аб'екце ці культурна-асветнай установе, выставе, экспазіцыі, размешчаныя ў парадку, зручным для наведвальнікаў і агляду.

Аналіз дакументальнага патоку выдання даведачнай літаратуры ў краіне дазваляе вылучыць пэўныя асаблівасці, якія трэба ўлічваць пры камплектаванні даведачна-біблія­графічных фондаў бібліятэк: назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту выпуску даведачных выданняў (для параўнання: у 1990 г. былі выпушчаны 72 назвы даведачных выданняў, у 2000 г. – 276, у 2004 – 482 назвы); значную ролю ў гэтай рабоце адыгрываюць недзяржаўныя выдавецтвы, якія выпускаюць каля 50% даведачнай літаратуры (на долю дзяржаўных выдавецтваў прыпадае каля 25%). Актыўнасць беларускіх дзяржаўных і камерцыйных выдавецтваў сведчыць аб тым, што яны самі пачынаюць забяспечваць краіну даведачнымі выданнямі. Гэта важна для бібліятэк, калі ўлічваць, што з-за фінансавых умоў яны не маюць магчымасці набываць выданні замежных краін. Адбываецца значнае пашырэнне тэматыкі, актывізаваўся выпуск фундаментальных энцыклапедычных выданняў, выданняў беларусазнаўчай тэматыкі. Значнай падзеяй у беларускім кнігавыданні з'явіліся выхад у 18 тамах «Беларускай энцыклапедыі», энцыклапедычнага даведніка «Беларусь», шасцітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», энцыклапедычных выданняў «Археалогія і нуміз­матыка Беларусі», «Беларускія пісьменнікі», «Мысліцелі і асветнікі Беларусі», «Блакітная кніга Беларусі», даведніка «Чырвоная кніга Беларусі» і інш. У апошнія гады ў Беларусі з'явіліся новыя віды выданняў: энцыклапедыя «Беларуская мова: А–Я», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (перавыданне), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», слоўнікі беларускай навуковай тэрміналогіі ў розных галінах ведаў, размоўнікі. Даволі вялікая колькасць даведачных выданняў розных відаў выпускаецца па папулярнай праблематыцы, такой як дамаводства, сям'я, адпачынак, здаровы лад жыцця; выданняў, адрасаваных розным чытацкім катэгорыям. Назіраецца тэндэнцыя перавыдання нашымі выдавецтвамі замежных даведачных выданняў.

У сучасных умовах усё больш увагі бібліятэкі надаюць камплектаванню сваіх ДБФ даведачнымі выданнямі на машыначытальных носьбітах, у выглядзе кампакт-дыскаў. Класіфікацыя гэтых выданняў аналагічная класіфікацыі даведачных выданняў на папяровых носьбітах. Сёння беларускія бібліятэкі працуюць з універсальнымі выданнямі на CD-ROM-дысках, такімі як універсальныя Брытанская мультымедыйная энцыклапедыя, Большая энциклопедия Кирилла и Мефодия, галіновымі энцыклапедыямі па медыцыне, музыцы, выяўленчым мастацтве, кіно, спорце і інш., моўнымі электроннымі слоўнікамі, бізнес-даведнікамі, біяграфічнымі даведнікамі, даведнікамі па гарадах і музеях. Перавагі гэтых выданняў перад традыцыйнымі заключаюцца ў выкарыстанні максімальнага спектра мультымедыйных магчымасцей (як правіла, тэксты артыкулаў суправаджаюцца відэапаказам, гукавымі каментарыямі, анімацыйнымі схемамі), што дазваляе іх выкарыстоўваць у масавых, групавых мерапрыемствах, якія праводзяцца бібліятэкай. Наяўнасць гіпертэкставых спасылак дазваляе хутка пераходзіць ад аднаго артыкула да другога з улікам асноўнай тэматыкі запыту; вырашаецца праблема экзэмплярнасці камплектавання даведачнымі выданнямі – да аднаго CD-ROM-дыска можна арганізаваць доступ адразу некалькіх карыстальнікаў.

Пры рабоце з электроннымі даведачнымі выданнямі важнай з’яўляецца праблема іх камплектавання. Хуткае развіццё камп’ютэрных тэхналогій прыводзіць да з’яўлення больш якасных электронных выданняў, а папярэднія становяцца менш цікавымі (што не адбываецца з кнігамі). Акрамя таго, назвы дыскаў мала аб чым сведчаць, таму што вартасці і недахопы канкрэтнага CD-ROM-дыска праяўляюцца толькі ў рабоце і ў параўнанні з аналагічнымі выданнямі. Па гэтай прычыне спецыялісты раяць пры адборы даведачных выданняў у ДБФ карыстацца наступнымі крытэрыямі: звяртаць увагу на актуальнасць прадстаўленага матэрыялу, паўнату слоўніка, зручны і зразумелы карыстальніцкі інтэрфейс, наяўнасць максімальнага набору пошукавых магчымасцей.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]